Электронная версия белорусского научного исторического журнала “Российские и славянские исследования”

Главная

О журнале

Правила публикации статей

Новый номер!


Administracja i życie codzienne w dobrach Radziwiłłów XVI—XVIII wieku / pod red. U. Augustyniak. Warszawa : Wydawnictwo DiG, 2009. 288 s. (seria: Fasciculi Historici Novi, t. IX).

Кніга «Адміністрацыя і паўсядзённае жыццё ва ўладаннях Радзівілаў XVI—XVIII стагоддзяў» складаецца з трох, напісаных пераважна на падставе дакументаў з фонда Архіва Радзівілаў у Галоўным архіве даўніх актаў у Варшаве, прац маладых польскіх гісторыкаў, якія з’яўляюцца слухачамі навукова-метадычнага семінара пад кіраўніцтвам прафесара У. Аўгустыняк у Інстытуце гісторыі Варшаўскага універсітэта. Пры правядзенні даследаванняў аўтары выкарысталі найбольш шырока прадстаўленыя ў зборы крыніцы: інвентары маёнткаў, завяшчанні і карэспандэнцыю эканамічнага характару. Першыя два артыкулы зборніка адносяцца да папулярнай апошнім часам у Польшчы гісторыі жанчын.

Пачынаецца выданне працай «Жанчыны Ішкальдзі, ці Гісторыя кіравання маёнткам» (с. 7—110) пяра Габрыэлы Пярчыньскай, якая рэканструявала гісторыю аднаго, выпадкова абранага, маёнтка Радзівілаў. Той факт, што доўгі час Ішкальдзю кіравала пяць жанчын, падштурхнуў аўтара да аналізу іх гаспадынь. У працы згадваюцца Катажына Радзівіл з дому Тэнчыньскіх (1538—1592), Лавінія Радзівіл з дому Карэцкіх (каля 1590—1641), Ізабэла Катажына Радзівіл з дому Сапегаў (памерла каля 1685 г.), Катажына Караліна Жэвуцкая (1740—1778) і Тэафілія Мараўская (1740—1778) з дому Радзівілаў. Гэтыя пяць біяграфій змяшчаюць інфармацыю пра радавод, атрыманую адукацыю, выхаванне, сямейнае жыццё, інтарэсы і спосабы кіравання ўласнасцю. Не засталася па-за ўвагай аўтара і гісторыя двара і касцёла ў Ішкальдзі, архітэктурныя аздабленні і рэаліі паўсядзённага жыцця ў XVI—XVIII ст. Усё гэта суправаджаецца характарыстыкай дасягненняў сучаснай гістарыяграфіі па пытаннях эталонаў і ўяўленняў жанчын у Новы час, іх ролі ў сям’і, прававога палажэння ўдавы.

Працягам першай главы выступае артыкул Анны Лесяк «Жанчыны роду Радзівілаў у святле інвентароў і завяшчанняў (XVI—XVIII ст.)» (с. 113—194), напісаны на падставе інфармацыі пра 53 жанчыны з роду Радзівілаў. Адной з нешматлікіх крыніц Новага часу, створаных жанчынай, з’яўляюцца завяшчанні, якія вельмі часта маюць асабісты характар. У іх раскрываюцца ўмовы паўся­дзённага жыцця, фінансавыя клопаты, сямейныя цяжкасці і г. д. Завяшчанні сталі падставай для характарыстыкі аўтарам стасункаў жанчын з членамі сям’і Радзівілаў (мужам, дзе­цьмі, братамі, бацькамі) і прыслугай, а ў асобных выпадках — для асвятлення іх рэлігійнасці. З дапамогай гэтага віду дакументаў А. Лесяк змагла апісаць прадметы культу, вызначыць памеры адлічэнняў на карысць касцёла і дабрачынныя мэты, пра­аналізаваць пажаданні жанчын наконт пахавання пасля смерці.

Не менш змястоўнай крыніцай з’яўляюцца інвентары. У іх часта апісваюцца прадметы, якія знаходзіліся ва ўласнасці жанчыны, што дазваляе зрабіць выснову аб гусце і схільнасцях гаспадыні. На падставе інвентароў А. Лесяк змагла прааналізаваць прававы статус жанчын, якія выходзілі замуж, і іх фінансавае становішча (пасаг і прыбытак), апісаць прадметы, якімі яны карысталіся на кухні і ў жылых пакоях, упрыгожванні.

Завяршаецца зборнік артыкулам Марэка Мілуньскага «Кіраванне ўладаннямі Багуслава Радзівіла ў 1636—1669 гг.» (с. 195—283). Перш за ўсё варта падкрэсліць, што такая значная ў гісторыі Вялікага княства Літоўскага постаць, як Багуслаў Радзівіл, на сённяшні дзень так і не знайшла свайго даследчыка. Публікацыя Бярнарда Каліцкага «Багуслаў Радзівіл, літоўскі канюшы», выдадзеная ў Кракаве ў 1878 г., ужо даўно не адпавядае сучаснаму развіццю гістарычнай навукі [1]. Працы іншага даследчыка — Тадэвуша Васі­леўскага, які прысвяціў шмат увагі Багуславу Радзівілу ва ўводзінах да крытычнага выдання яго «Аўтабіяграфіі»  [2], а таксама напісаў артыкул аб ім у Польскім біяграфічным слоўніку [3], таксама не дазваляюць у поў­най меры зразумець жыццё і ўчын­кі разглядаемай асобы. Такім чынам, даступныя гіс­торыкам даследаванні толькі па­вяр­­хоў­на прад­стаўляюць эканамічную дзейнасць князя. У гэтай сувязі публікацыя артыкула М. Мі­­луньскага аб кіраванні ўладаннямі князя Багуслава мае вялікае значэнне. У ім аўтар характарызуе дасягненні сучасных польскіх гіс­торыкаў па пытанні экана­міч­най дзейнасці магнатаў, непасрэдна самога князя і яго ўраднікаў, частка з каторых (Казімеж Кшыштаф Клакоцкі, Станіслаў Незабітоўскі, Ян Мяжэньскі і Ян Сасноўскі) ужо знайшла адлюстраванне ў навуковай літаратуры.

Гісторыкі ведаюць, што дакументаў Ра­дзівілаў пасля 1657 г. шмат, але іх раскіданасць па розных архівах, бібліятэках і музеях на тэрыторыі Польшчы, Беларусі, Літвы і Германіі значна ўскладняе даследаванне. Мілуньскі засяродзіў увагу на тых крыніцах, якія знаходзяцца ў Варшаве, а менавіта на т. зв. рускіх уладаннях на чале са слуцкім княствам, пакінуўшы на ўзбоччы праблему кіравання ўласнасцю Радзівілаў у Жмудзі.

У сваім артыкуле аўтар коратка згадвае гісторыю фарміравання латыфундыі, яе геа­графічнае палажэнне і галоўныя галіны гаспадаркі (вытворчасць збожжа, лясная гаспадарка, жывёлагадоўля, гандаль). Ён адзначае, што сістэма кіравання ўласнасцю біржанскіх Радзівілаў была заснавана Кшыштафам II Радзівілам, у той час як Багуслаў Радзівіл, акрамя персанальных змен, ніякіх пераменаў не ажыццяўляў. Пачатак рэформ аўтар звязвае з выкрыццём фінансавых злоўжыванняў, якія здзейсніў слуцкі намеснік Ян Сасноўскі. У 1658 г. ён быў заменены двума камісарамі, якія кантралявалі адзін аднаго. Галоўнае назіранне за слуцкімі ўладаннямі ажыццяўляў мясцовы губернатар Казімеж Клакоцкі — давераная асоба Багуслава. У 1668 г. князь падрыхтаваў праект змены мадэлі кіравання маёмасцю ўсяго дома Радзівілаў. Ён прадугледж­ваў стварэнне чатырох кіруючых цэнтраў у Біржах, Слуцку, Алыцы і Нясвіжы, якія адначасова павінны былі стаць вайсковымі цэнтрамі. У гэтай сувязі галоўная роля сярод чыноўнікаў адводзілася вайсковым камендантам і губернатарам уладанняў. Аналізуючы сістэму кіравання маёмасцю Радзівіла, аўтар разглядае іерархію чыноўнікаў, спосабы іх набору, магчымасці кар’ернага росту, адно­сіны з гаспадаром. Ён падкрэслівае недавер Багуслава Радзівіла да сваіх падначаленых, раскрывае канфлікты паміж ураднікамі і адзначае, што ў выніку рэалізацыі рэформы адбываўся ўзаемны кантроль служачых на кожным адміністрацыйным узроўні. Не застаецца па-за ўвагай Мілуньскага і сварэнне ўпраўлення скарбам, якое фактычна стала асновай фінансавай адміністрацыі. Нягле­дзячы на разуменне досведу Багуслава Радзі­віла ў якасці прускага губернатара ў Крулеўцы, прысутнасці сярод слуг і чыноўнікаў князя выхадцаў з Прусіі ці выкарыстанне ім терміналогіі прускага паходжання (напрыклад, слова «губернатар»), аўтар не прызнае прускіх каранёў рэформы. Мілуньскі лічыць, што пра­ведзеныя рэформы мелі выключна рацыя­нальны характар, а за новымі назвамі хава­ліся рашэнні, якія яшчэ раней выкарыстоўваліся ў іншых частках Рэчы Паспалітай.

Высока ацэньваючы згаданае выданне маладых польскіх гісторыкаў, варта адзначыць, што, акрамя змястоўнага і цікавага асноўнага матэрыялу, дадатным бокам публікацыі з’яўляецца спіс служак і ўраднікаў Багуслава Радзівіла і яго дачкі Людвікі Караліны Радзівіл.

Літаратура

1. Kalicki, B. Bogusław Radziwiłł, koniuszy litewski : szkic historyczny / B. Kalicki. Kraków : Drukarnia «Czasu», 1878. 194 s.

2. Wasilewski, T. Zarys dziejów Bogusława Radziwiłła / T. Wasilewski // Radziwiłł, B. Autobiografia / wstępem poprzedził i oprac. T. Wasilewski. Warszawa : Państwowy Instytut Wydawniczy, 1979. 379 s.

3. Wasilewski, T. Radziwiłł II Bogusław / T. Wasilewski // Polski Sіownik Biograficzny. T. 30. Wrocław, 1987. S. 161—172.

Р. Дэгіэль, супрацоўнік Аддзела адукацыйных праектаў Фонда «Польска-нямецкае прымірэнне» (Варшава), магістр гісторыі

Л. А. Козік, дацэнт кафедры гісторыі паўднёвых і заходніх славян БДУ, кандыдат гістарычных навук

Tags: , ,

Comments are closed.

-->