Электронная версия белорусского научного исторического журнала “Российские и славянские исследования”

Главная

О журнале

Правила публикации статей

Новый номер!


Dokumenty centralnych władz Polskiej Zjed­no­czonej Partii Robotniczej marzec — listo­pad’56 / oprac., wybór i przygot. M. Jabłonowski, W. Ja­nowski, A. Skrzypek, W. Władyka. Warsza­wa : Oficyna Wydawnicza ASPRA-JR, 2009. 353 s.

Зборнік «Дакументы цэнтральных улад Польскай аб’яднанай рабочай партыі. Сакавік — лістапад, 1956» з’яўляецца чарговым выданнем у навуковай серыі «Менш вядомая Польшча. 1944—1989». Дагэтуль даследчыкі маглі пазнаёміцца з наступнымі дакументамі: «Нарады і тэлеканферэнцыі кіраўніцтва ПАРП у 1980—1981» (Варшава, 2004. 1355 с.); «Пратаколы з паседжанняў, з’ездаў і нарад кіраўніцтва Турэмнага дэпартамента Міністэрства грамадскай бяспекі з начальні­камі турмаў і лагераў працы (1944—1954)» (Варшава, 2006. 817 с.); «Пратаколы VI і VII пленумаў Цэнтральнага камітэта Польскай аб’яднанай рабочай партыі 1956 г.» (Варшава, 2007. 901 с.); зборнікам артыкулаў «Польскі 1989 год: поспехі, бяздзеянне, параза», ч. 1 (Варшава, 2009. 544 с.).

Зборнік дакументаў, якія ў пераважнай большасці паходзяць з фондаў Архіва актаў новых у Варшаве і друкуюцца ўпершыню, адлюстроўвае складаны і адначасова адзін з найцікаўшых перыядаў у развіцці пасляваеннай Польшчы — ад першага шырокага абмеркавання пастаноў ХХ з’езда КПСС да прыходу да ўлады Ул. Гамулкі. Гэтыя сем месяцаў аднаго года выкрылі шмат балючых момантаў у развіцці Польшчы, паказалі сапраўдны ўзровень палітычнай барацьбы ў партыі і складаную грамадска-палітычную сітуацыю ў краіне, адлюстравалі рэальны ўзровень польска-савецкіх адносін.

Непасрэдная публікацыя крыніц адкрываецца стэнаграмай паседжання цэнтральнага партыйнага актыву 3—4 сакавіка 1956 г., прысвечанага абмеркаванню ходу і пастаноў ХХ з’езда КПСС (с. 11—153). З тэксту дыскусіі вынікаюць ацэнкі польскім кіраўніцтвам падзей у СССР і самой Польшчы, спробы зразумець прычыны перагібаў і магчымыя дзеянні па іх выпраўленню. Прыведзеныя далей дакументы адлюстроўваюць ужо канкрэтныя крокі лідараў ПНР у справе звальнення з турмаў незаконна асуджаных, аднаўлення ў правах выключаных з Польскай аб’яднанай рабочай партыі (ПАРП) дзеячаў, спробы вырашэння набалелых сацыяльна-эканамічных праблем.

Несумненную цікавасць для гісторыкаў прадстаўляе прыведзены ў зборніку тэкст выступлення 20 сакавіка 1956 г. першага сакратара ЦК КПСС М. С. Хрушчова на VI пленуме ЦК ПАРП, дзе адбываліся выбары новага партыйнага кіраўніцтва пасля смерці Б. Берута. Дадатным бокам гэтай публікацыі з’яўляецца тое, што яна прыводзіцца на мове арыгіналу, а потым — у тлумачэнні на польскую мову. Падчас прамовы савецкі лідар засяродзіў увагу на змесце свайго даклада на ХХ з’ездзе КПСС, ахарактарызаваў актуальную міжнародную сітуацыю, паспрабаваў адвесці крытыку ад Берута і адначасова адзначыў неабходнасць выпраўлення хібаў у кіраўніцтве краінай, закрануў праблемы сацыяльна-эканамічнага развіцця Польшчы.

Значную частку зборніка складаюць пратаколы паседжанняў палітбюро ЦК ПАРП і дадаткі да іх, якія істотным чынам дапаўняюць ранейшыя публікацыі (гл.: Dokumenty do dziejów PRL. Centrum władzy. Protokoły posiedzeń kierownictwa PZPR. Wybór z lat 1949—1970 / oprac. A. Dudek [i in.]; Instytut Studiów Politycznych PAN. Warszawa : Typografika, 2000. 437 s. Zeszyt 13). У пратаколах раскрываюцца механізмы прыняцця рашэнняў па пытаннях сацыяльна-эканамічнага і грамадска-палітычнага развіцця, даецца ацэнка партыйна-дзяржаўным кіраўніцтвам чэрвеньскіх 1956 г. падзей у Познані, адлюстроўваюцца супярэчнасці і ідэйныя падзелы сярод кіраўніцтва ПАРП.

Асобным сюжэтам праз зборнік праходзіць праблема вяртання да ўлады былога лідара Польскай рабочай партыі Ул. Гамулкі. Пры выбары дакументаў складальнікі звярнулі ўвагу на тыя, што найбольш яскрава адлюстроўваюць пазіцыю Гамулкі і яго былых паплечнікаў, партыйна-дзяржаўнага кіраў­ніцтва, а таксама працэс перамоў двух бакоў (дакументы 8 з дадаткамі 1—3, 11, 12, 13, 28 і 29 з дадаткамі 1—2).

Важныя падзеі разгарнуліся ў Польшчы 19 кастрычніка 1956 г., калі нечакана ў дзень адкрыцця VIII пленума ЦК ПАРП, дзе першым сакратаром партыі павінны былі абраць Ул. Гамулку, да Варшавы прыехала дэлегацыя савецкага кіраўніцтва на чале з Хрушчовым. Вострая размова савецкіх прадстаўні­коў з членамі прэзідыума ЦК ПАРП пачалася яшчэ ў аэрапорце і была працягнута ў Бельведэры. Зробленыя падчас яе нататкі прыведзены ў апісваемым выданні. Варта адзначыць, што ўпершыню гэты дакумент быў надрукаваны расійскім даследчыкам А. М. Арэ­хавым у зборніку «Славянский альманах 2007» (М., 2008), а праз паўгады А. Вэрблянам у польскім часопісе «Dziś. Przegląd społeczny», але, як падаецца, так і не стаў вядомым шырокаму колу даследчыкаў. У гэтай сувязі публікацыя важнай крыніцы, а тым больш яе актыўнае ўвядзенне ў навуковы зварот дазваляе па-новаму ацаніць сітуацыю ў кіраўніцтве ПАРП, грамадска-палітычнае становішча ў Польшчы і ўзровень польска-савецкіх палітычных, эканамічных і ваенных адносін у сярэдзіне 1950-х гг.

Характарызуючы зборнік дакументаў, варта адзначыць не колькасць крыніц (іх адносна няшмат — 49), а іх змест і археаграфічную апрацоўку, вялікі паказчык прозвішчаў, дзе прыведзены кароткія біяграфічныя да­дзеныя на ўсіх згаданых у асноўным тэксце асоб, і фотаздымкі, якія адлюстроўваюць дух эпохі. Уяўляецца, што гэтае выданне будзе цікавым не толькі тым, хто займаецца палітычнай гісторыяй Польшчы, але і тым, хто даследуе міжнародныя адносіны, грамадскую думку ў аўтарытарным грамадстве.

Л. А. Козік

Tags: , ,

Comments are closed.

-->