Дзесяць год мінскай «Паланістыкі» (1998—2008)
На філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага універсітэта 27 сакавіка 2009 г. адбылася прэзентацыя чарговага выпуска навуковага часопіса «Паланістыка», якая была прымеркавана да 10-годдзя існавання названага вышэй галіновага выдання. Прэзентацыю адкрыў дэкан філалагічнага факультэта БДУ прафесар Іван Роўда. Ён гасцінна і шчыра павітаў удзельнікаў юбілейнай урачыстасці ў сценах вядучага універсітэта краіны і ў сваім слове падкрэсліў, што выданне «Паланістыкі» з’яўляецца яскравым пацверджаннем трываласці беларуска-польскіх навуковых, грамадскіх і культурных сувязей, а таксама звярнуўся са словамі падзякі ў адрас Пасольства Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь і Польскага інстытута ў Мінску за плённае супрацоўніцтва і падтрымку самых разнастайных вучэбных і навуковых праектаў, у тым ліку і «Паланістыкі».
Затым слова ўзяў дырэктар Польскага Інстытута ў Мінску, Радца Пасла Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Пётр Казакевіч. Ён, у прыватнасці, адзначыў важкасць унёску філалагічнага факультэта БДУ і рэдакцыйнай калегіі часопіса «Паланістыка» ў справу папулярызацыі польскай мовы і польскай культуры ў свеце, высока ацаніў узровень айчыннай паланістычнай школы, створанай на філалалагічным факультэце, а таксама факт выдання часопіса паланістычнай праблематыкі ў Мінску — па-за межамі Польшчы. Прамоўцай было адзначана, што ні ў Еўропе, ні ў Амерыцы няма аналагаў унікальнай мінскай «Паланістыкі».
Дэкан гуманітарнага факультэта Варміньска-Мазурскага універсітэта ў Ольштыне прафесар Норбэрт Каспарэк адзначыў факт трывалага навуковага «доўгажыхарства» серыі, а таксама выказаў надзею на далейшае супрацоўніцтва з паланістамі і славістамі БДУ.
Галоўны рэдактар «Паланістыкі» прафесар Аляксандр Кіклевіч спыніўся на шматгадовай гісторыі станаўлення і развіцця паланістыкі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Былі згаданыя імёны славутых беларускіх вучоных-лінгвістаў, што стаялі ля вытокаў мінскай паланістычнай школы: прафесары А. Супруна, Б. Плотнікава,В. Вярэніча, дацэнты К. Гюлумянц, Г. Пальцава.
Ганаровым госцем прафесарам Кшыштафам Наройчыкам была прачытана лекцыя «Візуалізацыя баз даных у гуманітарных навуках» для студэнтаў-філолагаў, спецыяльна запрошаных на імпрэзу кіраўнікоў гістарычнага факультэта і студэнтаў-гісторыкаў.
Навуковы часопіс выдаецца ў Мінску з 1998 г. і за 10 год існавання з’явілася дзевяць выпускаў навуковай серыі:
Паланістыка — Полонистика — Polonistyka, 1998: зб. навук. арт. па актуальных пытаннях польскай мовы / пад рэд. А. К. Кіклевіча. Мінск : РІВШ, 1998. 109 с.
Паланістыка — Полонистика — Polonistyka, 1999 / рэд. А. К. Кіклевіч. Мінск : РІВШ, 1999. 142 с.
Паланістыка — Полонистика — Polonistyka, 2000: У гонар К. М. Гюлумянц / рэд. А. К. Кіклевіч. Мінск: РІВШ, 2001. 214 с.
Паланістыка — Полонистика — Polonistyka, 2001: Маладая паланістыка / рэд. А. К. Кіклевіч, С. А. Важнік. Мінск : Выд. цэнтр БДУ, 2002. 212 с.
Паланістыка — Полонистика — Polonistyka, 2002/2003 / рэд. А. Кіклевіч, С. Важнік. Мінск : ВТАА «Права і эканоміка», 2004. 276 с.
Паланістыка — Полонистика — Polonistyka, 2004/2005 / рэд. А. Кіклевіч, С. Важнік. Мінск : ВТАА «Права і эканоміка», 2005. 407 с.
Паланістыка — Полонистика — Polonistyka, 2006 / рэд. А. Кіклевіч, С. Важнік. Мінск : Права і эканоміка, 2006. 412 с.
Паланістыка — Полонистика — Polonistyka, 2007 / рэд. А. Кіклевіч, С. Важнік. Мінск : Права і эканоміка, 2008. 294 с.
Паланістыка — Полонистика — Polonistyka, 2008 / рэд. А. Кіклевіч, С. Важнік. Мінск : Права і эканоміка, 2009. 354 с.
Штогоднік «Паланістыка» змяшчае навуковыя артыкулы, рэцэнзіі ў галіне паланістычнага мовазнаўства і літаратуразнаўства, напісаныя на розных славянскіх мовах, а таксамa публікацыі па-англійску і па-нямецку. Асобная ўвага надаецца пытанням польска-ўсходнеславянскіх моўных і культурных сувязей, праблемам структуры і функцыянавання польскай мовы ў дыяхраніі і сінхраніі, гісторыі польскай гуманітарнай думкі і літаратуры.
У рэдакцыйную калегію выдання ўваходзяць знакамітыя вучоныя-славісты з Польшчы, Расіі, Германіі і Беларусі: Н. Ананьева (Масква), Л. Бэднарчук (Кракаў), С. Важнік (Мінск, першы намеснік галоўнага рэдактара, адказны сакратар), С. Дубіш (Варшава), Т. Згулка (Познань), Г. Згулкова (Познань), А. Кіклевіч (Мінск — Ольштын, галоўны рэдактар), А. Кожынава (Мінск, намеснік галоўнага рэдактара), В. Кульпіна (Масква), Я. Мазур (Люблін), А. Мальдзіс (Мінск), М. Прыгодзіч (Мінск), У. Пянка (Варшава), М. Усеваладава (Масква), Г. Цыхун (Мінск), К. Штайнке (Эрланген).
За 10 год існавання мінскай «Паланістыкі» яе аўтарамі былі 98 (!) навукоўцаў і даследчыкаў з шэрагу краін. Геаграфія аўтараў «Паланістыкі» даволі шырокая і разнастайная: 43 — з Польшчы (Варшавы, Кракава, Ольштына, Слупска, Лодзі, Любліна, Пазнані, Вроцлава, Гданьска, Катовіц, Шчэціна, Бельска-Бялай), 40 — з Беларусі (Мінска, Магілёва), 8 — з Расіі (Масквы, Санкт-Пецярбурга, Пярмі, Варонежа), 3 — з Германіі (Фрайбурга, Эрлангена), па адным — з Украіны (Сімферопаля), ЗША (Лос-Анджэлеса), Балгарыі (Сафіі) і Сербіі (Белграда).
Асаблівае месца на старонках «Паланістыкі» займаюць публікацыі знакамітых вучоных: прафесараў Лешка Бэднарчука (Польшча), Сабіны Данінгхаус (Германія), Аляксандра Жалкоўскага (ЗША), Валерыя Мішланава (Расія), Валянціны Кульпіной (Расія), Барыса Нормана (Беларусь), Браніслава Плотнікава (Беларусь), Прэдгара Піпера (Сербія), Надзеі Міхайлавай-Сталянавай (Балгарыя) і многіх іншых.
У 2006 г. да штогодніка «Паланістыка» пачалі выдавацца навукова-даследчыя дадаткі — так званыя «Паланістычныя манаграфіі»:
Kiklewicz, A. Język — Komunikacja — Wiedza / А. Kiklewicz. Мінск : Права і эканоміка, 2006. 400 с.
Важнік, С. А. Кантрастыўны сінтаксіс польскай і беларускай моў: семантыка і дыстрыбуцыя дзеяслоўнага прэдыката / С. А. Важнік. Мінск : Права і эканоміка, 2008. 492 с.
У манаграфіі Аляксандра Кіклевіча змешчаны нарысы па філасофіі мовы, камунікатыўнай і кагнітыўнай лінгвістыцы. З улікам сучаснай, перадусім польскай, лінгвістычнай літаратуры аўтар разглядае праблемы гісторыі і метадалогіі мовазнаўства, дыманімікі і пераемнасці лінгвістычных парадыгмаў. Спецыяльныя раздзелы прысвечаны двум кірункам сучаснай паланістыкі: камунікатыўнай лінгвістыцы і кагнітыўнай семантыцы. Разглядаюцца новыя з’явы ў сферы моўнай камунікацыі, а таксама новыя тэндэнцыі ў галіне прагмалінгвістыкі. Папулярная ў Заходняй і Цэнтральнай Еўропе тэорыя канцэптуальных метафар праaналізавана аўтарам з крытычнага пункту гледжання, у якасці яе альтэрнатывы прапануецца канцэпцыя паняційнай катэгорыі на базе прапазіцыянальнай семантыкі і логікі прэдыкатаў.
У манаграфіі Сяргея Важніка прадстаўлены вынікі супастаўляльнага даследавання, прысвечанага адной з найбольш складаных і мала даследаваных праблем сучаснага супастаўляльнага мовазнаўства — праблеме кантрастыўнага апісання сінтаксічных сістэм сучасных польскай і беларускай моў, у прыватнасці, семантычных і дыстрыбуцыйных уласцівасцей беларускіх і польскіх дзеясловаў. На аснове распрацаванай у манаграфіі дзеяслоўнай дыстрыбуцыйнай мадэлі (ДДМ) вызначаны кантрастыўныя тыпы дзеяслоўных мадэлей, а таксама істотныя сінтактыка-тыпалагічныя рысы польскай і беларускай моў.
Падрыхтавана да друку манаграфія прафесара Алы Кожынавай, прысвечаная праблемам гісторыі перакладу на Беларусі Свяшчэннага Пісання на польскую мову.
Такім чынам, «Паланістыка» сцвердзіла сябе як аўтарытэтны славістычны штогоднік, які мае свае традыцыі і свае навуковыя прыярытэты.
С. А. Важнік, генеральны сакратар Міжнароднага камітэта славістаў, намеснік дэкана філалагічнага факультэта БДУ, кандыдат філалагічных навук, дацэнт