«Дзённік» Ганны Кавальскай як крыніца па гісторыі грамадскапалітычнага жыцця Польшчы сярэдзіны 1950х — канца 1960х гг.
Козік Л.А.
Л. А. Козік, дацэнт кафедры гісторыі паўднёвых і заходніх славян БДУ, кандыдат гістарычных навук
У 2008 г. пабачыла свет першае кніжнае выданне дзённікаў польскай пісьменніцы Ганны Кавальскай (1903—1969) [1], якая занатоўвала падзеі і свае думкі на працягу 42 год. Яе запісы склалі сорак чатыры сшыткі рознага аб’ёму, што, на жаль, не дазволіла выдаць іх цалкам. Павэл Кондзеля, які апрацаваў і падрыхтаваў рукапіс да публікацыі, адзначае, што ў якасці крытэрыя адбору ім былі выбраны сюжэты, якія ахопліваюць пытанні грамадска-сяброўскіх адносін, інфармацыю гістарычнага, інтымнага, пазнавальнага характару, ацэнку ўласнай творчасці [1, s. 557].
Ганна Кавальская нарадзілася ў Львове, скончыла універсітэт імя Яна Казіміра і разам з мужам, прафесарам Ежы Кавальскім, выехала ў Швейцарыю, дзе праводзіла даследаванні «Лазанскіх лекцый» Адама Міцкевіча. Яе пісьменніцкі дэбют адбыўся у 1931 г. сумесным з мужам апавяданнем «Каталіна», а літаратурная дзейнасць у 1930-я гг. даволі часта адлюстроўвалася на старонках левых польскіх перыядычных выданняў. Другая сусветная вайна застала Кавальскую ў Львове, адкуль у 1943 г. яна пераехала на тэрыторыю Польшчы. Пасля вызвалення краіны пісьменніца прыняла ўдзел у літаратурным жыцці Вроцлава, а з 1954 г. — Варшавы. Для шматлікіх польскіх даследчыкаў імя Кавальскай суадносіцца, аднак, з грамадскай, а не літаратурнай дзейнасцю, а таксама з імем знакамітай пісьменніцы Марыі Дамброўскай. Апошняя лічылася маральным аўтарытэтам у польскіх творчых колах, што было звязана не толькі з яе шырока вядомай творчасцю, але і грамадзянскай пазіцыяй. Яшчэ ў гады Другой сусветнай вайны абодвух пісьменніц зблізілі рамантычныя адносіны, а з 1954 г. яны сталі жыць разам.
Характарыстыка запісаў «Дзённіка». Кавальская пачала рабіць нататкі ва ўзросце 24 год і вяла іх да канца жыцця. Яна неаднаразова звярталася да напісанага раней, характарызавала і крытычна ацэньвала свае запісы [1, s. 366], згадвала наяўнасць аўтацэнзуры ў дзённіку. У верасні 1961 г., даведаўшыся аб арышце знаёмага пісьменніка Е. Карнацкага і канфіскацыі службай бяспекі яго дзённікаў, Кавальская запісала: «Спадзяюся, што мае Дзённікі не патрапяць у рукі паліцыі» [1, s. 360]. А праз чатыры гады, перачытваючы раней напісанае, яна адзначыла «хатні» характар запісаў, што патлумачыла глыбока закаранёнай з перыяду акупацыі і сталінскіх часоў бояззю нашкодзіць каму-небудзь са знаёмых [1, s. 429].
Галоўны сюжэт нататак Кавальскай — разважанні і заўвагі пра паўсядзённае жыццё з яго радасцямі і клопатамі, сітуацыю ў краіне ў цэлым і літаратарскім творчым асяроддзі ў прыватнасці. Асновай для вядзення дзённікавых запісаў паслужыла актыўная грамадская дзейнасць пісьменніцы, якая з’яўлялася членам Польскага ПЕН-клуба, Саюза польскіх пісьменнікаў (СПП) і ўваходзіла ў яго кіруючыя органы, неаднаразова выязджала за мяжу і мела шматлікія ўзнагароды. Сумеснае пражыванне з Дамброўскай значна пашырыла кола знаёмых Кавальскай і дазволіла ёй больш трапна ацаніць настроі ў польскім літаратарскім, дзяржаўным і партыйным асяроддзі.
Вядома, што ў дзённіку аўтар звычайна згадвае падзеі, якія, з яго пункту гледжання, мэтазгодна занатаваць. Не сталі выключэннем і нататкі Г. Кавальскай, дзе мы маем пэўны падбор фактаў. Запісы пісьменніцы маюць шматлікія пропускі ў часе, іншы раз носяць выпадковы характар, калі-нікалі перарываюцца, а потым аднаўляюцца. Тым не менш яны дазваляюць стварыць дастаткова поўны вобраз грамадска-палітычнага жыцця Польшчы ў сярэдзіне 1950-х — канцы 1960-х гг. Не апошнюю ролю ў гэтым адыгрывае археаграфічная апрацоўка дзённіка. Прыведзеныя ў ім звесткі пацвярджаюцца, абвяргаюцца інфармацыяй з іншых крыніц ці параўноўваюцца з ёй, што, з аднаго боку, дапаўняе і развівае думкі аўтара, а з другога — дазваляе больш аб’ектыўна ацаніць апісваемыя Кавальскай падзеі.
Пакідаючы разважанні і заўвагі Кавальскай наконт яе творчасці і асабістага жыцця на разгляд літаратураведаў і біёграфаў, засяродзім увагу на апісваемых падзеях з гісторыі палітычнага, літаратурнага і ў цэлым культурнага жыцця польскай краіны ў сярэдзіне 1950-х — канцы 1960-х гг. Варта адзначыць, што разглядаемы перыяд быў багаты на падзеі: так званая «малая адліга» 1954 г., ХХ з’езд КПСС і яго бурлівае ўспрыняцце ў Польшчы, вяртанне да ўлады У. Гамулкі і звязаныя з ім надзеі на лібералізацыю сістэмы, «Ліст 34», грамадска-палітычны крызіс вясной 1968 г. і інш. У большай ці меншай ступені згаданыя з’явы знайшлі адлюстраванне ў дзённіку Ганны Кавальскай.
Адносіны паміж уладай і інтэлігенцыяй. Важным фактарам грамадска-палітычнай стабільнасці Польшчы з’яўляліся адносіны паміж уладай і творчай інтэлігенцыяй, у першую чаргу літаратарскім асяроддзем, якому адводзілася роля «інжынераў душ». Пачынаючы з канца 1953 г. гэтыя адносіны сталі пагаршацца па прычыне, з аднаго боку, узмацнення ідэалагічнага ціску, а з другога — выкрыцця фактаў злачынстваў улады і злоўжывання паўнамоцтвамі супрацоўнікамі спецслужб, што выклікала абурэнне грамадства. Кавальская ўважліва сачыла за пераменамі, якія адбываліся ў краіне, і іх адлюстраваннем у паводзінах і свядомасці людзей, а свае назіранні дастаткова падрабязна занатоўвала ў дзённіку. Так, у 1953 г., спасылаючыся на словы пісьменніка Я. Котта, яна запісала, што ў літаратарскім асяроддзі «ніхто не ставіцца паважна да Народнай Польшчы» [1, s. 207], а ўжо ў 1955 г. усе спадзяюцца на добрыя перамены [1, s. 241].
Адначасова з гэтым Кавальская адзначыла, што ў тым жа 1955 г. прыхільнікі сацрэалізму (што аўтаматычна азначала і сталінскай мадэлі сацыялізму. — Л. К.) мелі дастаткова моцныя пазіцыі. Яны вельмі чулліва рэагавалі на любыя, нават мінімальныя, спробы адыходу ад афіцыйнай лініі партыі і пры падтрымцы ЦК Польскай аб’яднанай рабочай партыі (ПАРП) сцвярджалі, што погляды значнай часткі літаратараў значна «паправелі» [1, s. 238]. Кавальская не пагаджалася з такой ацэнкай і лічыла, што ў сітуацыі, калі партыя перастала дыктаваць тэматыку твораў, пісьменнікі проста разгубіліся і не маглі ствараць нешта новае, паколькі ў большасці сваёй адчувалі сорам за напісаныя ў канцы 1940-х — пачатку 1950-х гг. творы, а таму былі «злыя, абражаныя, выкрытыя — голыя і брыдкія» [1, s. 245].
Распаўсюджанне ў Польшчы тэксту тайнага даклада М. С. Хрушчова і шырокае знаёмства з яго зместам ускалыхнула не толькі польскае літаратарскае асяроддзе. Аднак непасрэдную рэакцыю людзей Кавальская магла бачыць у першую чаргу сярод пісьменнікаў. Яна была непрыемна ўражана паводзінамі часткі сваіх калег і зняважлівай, непрыемнай барацьбой паміж імі, якая праявілася ў гонцы за тое, каб быць «найбольш шчырым» і «адзіным справядлівым» у папярэдняй ацэнцы «дрэннай культурнай палітыкі» [1, s. 256].
Сітуацыя ў партыйна-дзяржаўным асяроддзі ў 1956 г. Значнае месца ў дзённіку адводзіцца характарыстыцы сітуацыі ў ПАРП у сувязі з адбыўшымся ХХ з’ездам КПСС. Кавальская піша, што даклад М. С. Хрушчова пра культ асобы Сталіна выклікаў шок сярод часткі партыйных дзеячаў, а тыя, хто быў «панегірыкамі» сталінскай мадэлі, пачалі саромецца сваіх учынкаў, што, аднак, не падштурхнула вышэйшае кіраўніцтва партыі да ліберальных рэформ, правядзення якіх дамагаліся розныя слаі насельніцтва. У гэтай сувязі варта адзначыць, што Кавальская, нягледзячы на свае сімпатыі да камуністычнай ідэалогіі, вельмі крытычна ацэньвала дзейнасць партыйных лідэраў, якіх у сакавіку 1956 г. назвала «страшнай, драпежнай, чырвонай буржуазіяй» [1, s. 258]. З сярэдзіны 1950-х гг. яна ўсё часцей адзначала існаванне вялікага разрыву паміж простым насельніцтвам і кіраўніцтвам краіны: «Тыя, хто ездзіць лімузінамі, і іх жонкі, якія робяць пакупкі ў закрытых крамах, не ведаюць, як выглядае жыццё ў Польшчы» [1, s. 258]. Яшчэ адным прыкладам можна назваць чэрвеньскія 1956 г. падзеі ў Познані, ахарактарызаваныя афіцыйнымі коламі як контррэвалюцыйныя. Такая ацэнка выклікала абурэнне пісьменніцы, якая з горыччу заўважыла, «а ці не былі ўрад і партыя [самі] на працягу мінулых год контррэвалюцыяй» [1, s. 273].
Неаднаразова падкрэсліваючы адарванасць партыйных лідэраў (якія, на думку Кавальскай, у большасці сваёй антыпольскі настроеныя людзі і сталіністы) ад інтарэсаў народа [1, s. 259, 262, 284], яна адзначала, што вяртанне ў 1956 г. у вялікую палітыку У. Гамулкі, які быў рэпрэсіраваны, успрымалася ў польскім грамадстве як надзея на лібералізацыю не толькі грамадска-палітычнага, але нават і эканамічнага жыцця [1, s. 299]. Кавальская запісала, што пасля абрання Гамулкі першым сакратаром ПАРП «працоўныя і моладзь — ажылі», а «ўрад можа разлічваць на народ», «бо яшчэ ніколі ўрад не быў так папулярны ў краіне і ў свеце» [1, s. 281, 281—282].
Але адначасова з гэтым пісьменніца згадвала значную дэзарганізацыю працы ў Польшчы, звязаную з паўсюдным правядзеннем з’ездаў, мітынгаў, сходаў у падтрымку У. Гамулкі і яго нацыянальнага шляху да сацыялізму [1, s. 292]. Адсутнасць кардынальных перамен у грамадска-палітычным і эканамічным жыцці краіны і згортванне з 1957 г. рэформ выклікалі ў большасці насельніцтва расчараванне. У гэтых умовах Кавальская прароцкі занатавала, што «адсутнасць свабоды слова прывядзе да ўсё большага аддалення кіруючых колаў ад рэшты грамадства, а Гамулка страціць аўтарытэт і сімпатыі» [1, s. 310]. Яе словы пацвердзіліся ўжо ў 1959 г., калі Гамулка з народнага ўлюбёнца пераўтварыўся ў асобу, якую многія бадай нена-відзелі [1, s. 342].
Культурная палітыка. Апісваючы грамадска-палітычнае жыццё ў Польшчы, Кавальская неаднойчы крытычна выказвалася ў дачыненні да культурнай палітыкі партыі. Яна адзначала, што большасць партыйных лідэраў з’яўляецца «невукамі, задаволенымі сабой пустышкамі, якія няздольныя да працы па самаразвіццю», у сувязі з чым «барацьба з інтэлігенцыяй з’яўляецца [іх] адзінай абаронай» [1, s. 275]. Прыкладамі неразумення грамадскіх у цэлым, і пісьменніцкіх у прыватнасці патрэб, на думку аўтара, з’яўляліся закрыццё ў 1957 г. папулярнага моладзевага штотыднёвіка «Папросту», забарона заснавання часопіса «Еўропа» і звязаныя з гэтымі падзеямі дыскусіі ў партыі і грамадстве. Менавіта з 1957 г. Кавальская пачала адзначаць узмацненне ціску на літаратараў, якое праяўлялася падчас пасяджэнняў Галоўнага праўлення СПП і пярвічнай партыйнай арганізацыі, сустрэч з прадстаўнікамі ўлады. Адным з наступных крокаў па прысмірэнні «непакорных пісьменнікаў» яна назвала звальненне ў 1959 г. з пасады старшыні СПП А. Слонімскага і «абранне» Я. Івашкевіча, які паводзіў сябе быццам бы незалежна ад партыйна-дзяржаўнага кіраўніцтва, а насамрэч паслухмяна выконваў усе яго загады [1, s. 333, 343, 374, 377].
Не засталося па-за ўвагай Кавальскай і такое праяўленне культурнай палітыкі, як цэнзура. Вясной-летам 1956 г. пісьменніца адзначыла ўзмацненне яе ўмяшальніцтва і выкліканае гэтым абурэнне грамадскіх і культурных дзеячаў, якое неаднаразова выказвалася ў прыватных размовах, на паседжаннях СПП і падчас сустрэч з партыйным і дзяржаўным кіраўніцтвам краіны. Варта адзначыць, што Кавальская згадвае пра цэнзуру дастаткова стрымана, без абурэння, што можна патлумачыць яе нязначнымі кантактамі з гэтым інстытутам кантролю. Так падчас сустрэчы з прэм’ер-міністрам Ю. Цыранкевічам у красавіку 1964 г. яна адзначыла, што не мае клопатаў «з цэнзурай, а таму ні на што не скардзіцца», а потым дадала: «хоць ужо восьмы год хаджу ў сваім зялёным паліто, але магу і яшчэ два гады ў ім пахадзіць», што можна ўсё ж такі расцаніць як завуаляванае выказванне незадаволенасці [1, s. 384]. Аднак найбольшае абурэнне дзейнасцю цэнзуры яна занатавала ў пачатку студзеня 1968 г.: «ад сталінскіх часоў не было такога шаленьства» [1, s. 514].
Гісторыя «Ліста 34». Асобнае месца ў дзённіку адводзіцца гісторыі вакол «Ліста 34» (1964 г.), які сярод іншых падпісала і Г. Кавальская. Гэты факт дазваляе ёй у значнай ступені аб’ектыўна раскрыць гісторыю ўзнікнення ліста да прэм’ер-міністра Ю. Цыранкевіча, у якім быў наступны змест: «Абмежаванне паперы на выданне кніг і часопісаў, узмацненне ўмяшальніцтва цэнзуры ў перыядычны друк стварае сітуацыю, якая пагражае развіццю нацыянальнай культуры. Ніжэйпадпісаныя, прызнаючы права на існаванне грамадскага меркавання, права на крытыку, свабодную дыскусію і праўдзівую інфармацыю ў якасці асноўных элементаў прагрэсу, дамагаюцца змены культурнай палітыкі ў адпаведнасці з правамі, гарантаванымі канстытуцыяй Польскай дзяржавы, і інтарэсамі народа» [2, s. 213]. Кавальская адзначае, што пад тэкстам ліста стаялі подпісы трыццаці чатырох вядомых навукоўцаў і пісьменнікаў, якія ў маральным і ідэйным супрацьстаянні сістэме фактычна прайгралі і сталі непатрэбнымі не толькі ўладзе, але і большасці сваіх калег па літаратурнаму цэху, якіх болей цікавіла зніжэнне ганарараў [1, s. 390, 394, 433, 436]. Характарызуючы ў цэлым унутраныя матывы ўчынкаў як прыхільнікаў існуючай сістэмы, так і яе праціўнікаў у сярэдзіне 1960-х гг., яна са смуткам запісала, што «адны і тыя ж карыстаюцца (прывілеямі. — Л. К.) і ў [часы] Сталіна, і ў антысталінскай эпосе — лякарні, заграніца, узнагароды» [1, s. 456]. Гэты і іншыя запісы аўтара дзённіка падводзяць да высновы, што ў сваёй грамадска-палітычнай дзейнасці большасць пісьменнікаў кіравалася перш за ўсё меркантыльнымі інтарэсамі, і толькі потым барацьбой за дэмакратызацыю, ці змаганнем супраць сістэмы.
Палітычныя працэсы другой паловы 1960-х гг. Рост незадаволенасці і апазіцыйных настрояў у сярэдзіне 1960-х гг. вымусілі ўладу вярнуцца да выпрабаванага метаду палітычных рэпрэсій. Гэта было звязана як з напісаннем і распаўсюджваннем палітычных адозваў, адкрытых лістоў да кіраўніцтва краіны, так і актывізацыяй узаемаадносін грамадства з замежжам (у першую чаргу з парыжскім часопісам Е. Гедройца «Культура» і польскай секцыяй радыё «Вольная Еўропа»). У гэтай сувязі шмат увагі пісьменніца надае падзеям вакол студэнтаў Варшаўскага універсітэта — А. Міхніка і К. Мадзелеўскага (справа ў тым, што яе дачка вучылася ў гэтым універсітэце, а таму добра ведала сітуацыю на месцы. — Л. К.). Кавальская адзначае, што за свабоду думкі навучэнцаў цярпелі і выкладчыкі, частка якіх, нягледзячы на ідэалагічны ціск і пагрозы, выступіла на баку сваіх вучняў [1, s. 434, 484, 529].
Характарыстыка літаратарскага асяроддзя. Апісваючы падзеі ў Польшчы, Кавальская часта дае характарыстыку звязаных з імі вядомых асоб. Такім чынам з-пад яе пяра паўстаюць партрэты палітычных і культурных дзеячаў: У Гамулкі, А. Слонімскага, А. Сандаўэра, Е. Путрамента, Е. Карнацкага і многіх іншых. Аўтар паказвае ілжывасць і крывадушнасць часткі пісьменніцкага асяроддзя, спосабы і сродкі дасягнення меркантыльных інтарэсаў, адлюстроўвае пераменлівасць, па розных прычынах, іх ідэйных поглядаў і сімпатый. Акрамя таго, сярод літаратараў пісьменніца вылучае ў асобную групу тых, хто вярнуўся з эміграцыі ў краіну — Я. Парандоўскага, А. Слонімскага, М. Ваньковіча, якія лічылі і адпаведна паводзілі сябе як «збавіцелі» і змагары з сістэмай [1, s. 335]. У нататках відавочна адчуваецца, што Кавальская з некаторай доляй пагарды ставіцца да іх, бо лічыць, што тыя, хто быў у Польшчы з першых дзён вызвалення, таксама нямала зрабілі для дабрабыту дзяржавы (з такім меркаваннем аўтара цяжка згадзіцца, бо асоб, якія адкрыта выступілі супраць сістэмы і часам абсурдных новаўвядзенняў, было вельмі мала — лічаныя адзінкі. — Л. К.). Не прымае яна і нізкую ацэнку сучаснай польскай літаратуры з боку эмігранцкіх пісьменнікаў В. Гамбровіча і Ч. Мілаша [1, s. 346].
Маральная сітуацыя ў краіне. Пры знаёмстве з апісваемым дзённікам неаднаразова сутыкаешся з ацэнкай Кавальскай агульнага ўзроўню міжчалавечых адносін у Польшчы. Так, характарызуючы маральную сітуацыю у краіне, яна занатавала: «Сацыялізм не стварыў ніводнага ўзору маральнасці, не дае адказу на канкрэтныя пытанні. Якія існуюць ідэалы кахання, сям’і, адносін бацькоў да дзяцей, сяброўства? Рэшткі былой маральнасці падтрымліваюць ўсё тое здаровае, што існуе» [1, s. 264]. Але крыху пазней адзначыла, што ў роўнай меры адказнасць за падзенне маральнасці ў краіне нясе «гітлерызм, «сталінскія злачынствы», цынізм Захаду» [1, s. 287].
Падводзячы высновы, варта прыгадаць, што гістарычная каштоўнасць дзённіка як гістарычнай крыніцы заключаецца не ў факце працягласці яго вядзення, а ў важнасці з’яў, падзей, працэсаў, дзеячаў, якія знайшлі ў ім адлюстраванне, ступені дасведчанасці аўтара і яго блізкасці да апісваемага, і нават у праўдзівасці. З гэтага пункту гледжання нататкі Г. Кавальскай з’яўляюцца незамяняльнай крыніцай, на падставе якой можна меркаваць пра сітуацыю ў Саюзе польскіх пісьменнікаў, характарызаваць адносіны паміж партыйнымі і беспартыйнымі літаратарамі, вызначаць асноўныя напрамкі культурнай палітыкі ПАРП. І хаця ў іх адсутнічае глыбокі аналіз падзей, сведкам якіх была аўтар, яны падрабязна адлюстроўваюць гістарычныя з’явы і факты з гісторыі грамадска-палітычнага жыцця Польшчы сярэдзіны 1950-х — канца 1960-х гг.
Литература
1. Kowalska, A. Dziennik. 1927—1969 / A. Kowalska. Warszawa : Wydawnictwo Iskry, 2008. 582 s.
2. Źrуdła do dziejów Polski w XIX i XX wieku: w 6 t. / wybór tekstów źrуdłowóch A. Koseski [i in.]. Puіtusk : Wyższa Szkoła Humanistyczna im. A. Gieysztora, 1998—2004. T. 6. Cz. 1: Lata 1956—1989. — 2004. 566 s.
* Статья выполнена в рамках Фонда поддержки науки — Кассы им. Юзефа Мяновского (Польша).