Этнаграфічнае вывучэнне карытатыўных традыцый у беларускім грамадстве ХІХ — пачатку ХХ ст.: крыніцазнаўчы аспект
Русецкі С. В.
Русецкий Сергей Васильевич — аспирант Института искусствоведения, этнографии и фольклора имени Кондрата Крапивы НАН Беларуси.
Фарміраванне спрыяльнай грамадскай і навуковай кан’юнктуры ў сферы вывучэння розных сацыяльных і культурных груп беларускага грамадства розных эпох закранула і беларускую этнаграфічную (этналагічную) навуку, якая ў дасавецкую і савецкую эпохі канцэнтравалася выключна на вывучэнні сялянскай культуры. У наш час актуалізуецца этнаграфія горада, з’яўляюцца комлексныя этнаграфічныя даследаванні культуры прывілеяванага саслоўя. Выглядае заканамернай і неабходнасць звароту да вывучэння культуры сацыяльных нізоў. Адной з самых яркіх з’яў традыцыйнай культуры народаў Еўропы з’яўляюцца жабракі — людзі, якія існуюць дзякуючы збіранню міласціны. Праз адсутнасць сучасных этнаграфічных даследаванняў па гэтай праблеме існуе некаторая метадалагічная і тэрміналагічная няпэўнасць у асэнсаванні жабракоў як сацыякультурнай з’явы. З пазіцый сацыялагічных тэорый, у тым ліку класавага падыходу і тэорыі стратыфікацыі, жабракі адносяцца многімі даследчыкамі да дэкласаваных, люмпенізаваных элементаў або вытлумачваюцца праз з’явы паўперызацыі ці дэпрывацыі. У этналагічных даследаваннях жабракі могуць стаць аб’ектам навукі як найперш культурна адметная група, якая мае свой культурны комплекс. Можа быць таксама вывучана праблема рэцэпцыі жабракоў грамадствам, асабліва ў кантэксце карытатыўных традыцый беларусаў — ўзаемадапамогі і дабрачыннасці, якія паступова выходзяць з перыферыі навуковага вывучэння. Аналіз структурных элементаў дабрачыннасці як сацыякультурнай з’явы можа даць магчымасць яе разгляду як фактару нацыянальнага станаўлення беларускага грамадства ў будучым. Інтарэс беларускіх даследчыкаў на сённяшні момант сфакусіраваны на агульных пытаннях гісторыі дзяржаўнай і грамадскай дабрачыннасці, сацыяльнай работы [1]. Вылучаюцца даследаванні В. Кульпановіч, С. Шымуковіча, Ю. Функ, Н. Скеп’ян [2; 3; 4; 5]. Разам з тым амаль адсутнічаюць этналагічныя даследаванні аб месцы дабрачыннасці ў традыцыйным беларускім грамадстве, традыцыйнай сістэме каштоўнасцей, традыцыйных формах дабрачыннай практыкі. Выключэннем з’яўляецца хіба праца Т. Валодзінай «Талака ў сістэме духоўнай культуры беларусаў» [6].
Існуе даволі вялікі спектр як апублікаваных, так і неапублікаваных крыніц для этналагічнага вывучэння традыцый дабрачыннасці ў Беларусі і ў першую чаргу стаўлення да абяздоленых. У межах апублікаваных і архіўных крыніц можна вылучыць некалькі іх груп.
Матэрыялы этнаграфічных даследаванняў ХІХ — пачатку ХХ ст. Уяўляюць найбольшую цікавасць для даследчыка як крыніцы па вывучэнні традыцый дабрачыннасці. Выкарыстанне даследаванняў у якасці крыніц у этналогіі цалкам заканамернае, аднак часта выклікае неразуменне з боку калег-гісторыкаў. Існуюць працы этнолагаў, дзе народная дабрачыннасць і сумежныя з’явы згадваюцца ўскосна, не з’яўляючыся прадметам даследавання [7]. Разам з тым ёсць работы, цалкам прысвечаныя дабрачыннасці, яе аб’ектам [8]. Сярод такіх — работы класікаў айчыннай этналогіі, створаныя ў традыцыі так званага «нищелюбия», аб’ектам вывучэння ў якіх сталі не толькі абяздоленыя, якія мелі патрэбу ў дапамозе, але і ўвесь беларускі этнас, паколькі ў даследаваннях паказаны традыцыі народнай міласэрнасці і дабрачыннасці. Гэта наступныя працы: «Нарыс побыту жабракоў Магілёўскай губерні і іх умоўная мова (“любецкій лемент”)» Е. Раманава, «Старцы» М. Нікіфароўскага, «З этнаграфічных назіранняў у Рэчыцкім павеце Мінскай губерні» А. Грузінскага, «Валацужная Русь дзеля Хрыста» С. Максімава, «Лабары» Ф. Стаўровіча. Праца Е. Раманава ўтрымлівае разнастайныя звесткі аб жабраках, дае іх саманазвы, праводзіць класіфікацыю, апісвае адзенне і ўласцівыя ім атрыбуты. Ёсць інфармацыя аб інстытуце і функцыях павадыроў, спосабах перамяшчэння. Апавядаецца пра багадзельні, іх функцыі. Пададзены падрабязныя апісанні міласціны, яе формы [9, с. 118, 121—126]. Артыкул А. Грузінскага «З этнаграфічных назіранняў у Рэчыцкім павеце Мінскай губерні» [10] дапаўняе працы Е. Раманава і М. Нікіфароўскага. Утрымлівае інфармацыю пра «тэхналагічны аспект» жабравання: спосабы і віды збірання міласціны, яе колькасна-якасную структуру [10, с. 142—156], апісаны рэдкія звычаі жабракоў, важныя для рэканструкцыі сацыяльнай культуры групы — звычай шанавання іконы, звычаі святкавання прафесійных святаў, карпаратыўная іерархія [10, с. 148—149], маюцца звесткі аб сямейным укладзе жабракоў. Даследаванне М. Нікіфароўскага «Старцы» па каштоўнасці пераўзыходзіць два вышэйзгаданыя [11]. У ім шмат звестак аб матэрыяльнай культуры жабракоў, тэксты старэцкіх песень [11, с. 70—105], звесткі пра кірмашовыя месцы, дзе рэгулярна з’яўляліся жабракі, вялікая ўвага надаецца багадзельным жабракам, іх побыту, традыцыям харчавання, спосабам збору міласціны, унутрыкарпаратыўным адносінам.
Існуюць самастойныя этнаграфічныя апісанні псеўдажабрацтва (узбагачэнне з міласціны, якая збіраецца падманам, нібыта на патрэбы царквы) рускага даследчыка С. Максімава [12] і мясцовага краязнаўцы (Гродзенская губерня) Ф. Стаўровіча [13]. Аўтарамі прааналізаваны феномен спекуляцый на дабрачынных паводзінах беларусаў.
Статыстычныя крыніцы і матэрыялы справаводства. Яны маюць адносную важнасць для вывучэння культурных з’яў, але шырока прадстаўлены ў выданнях XIX — пачатку XX ст., у архівах. Шмат інфармацыі ўтрымліваюць вынікі першага ўсеагульнага перапісу насельніцтва Расійскай імперыі 1897 г. У матэрыялах перапісу прыводзіцца размеркаванне асоб з фізічнымі недахопамі па ўзроставых групах, роднай мове, групах заняткаў [14, с.142—145, 150—157]. Гэта статыстыка сляпых, нямых, глухіх, глуханямых і вар’ятаў па гарадах, паветах, а таксама па губерні цалкам. Улічаны іх узрост, сямейны стан. Карысныя звесткі ўтрымліваюць некаторыя статыстычныя зборнікі, як, напрыклад, зборнік М. Тызенгаўзена [15].
Багатую інфармацыю маюць матэрыялы справаводства цэнтральных і мясцовых органаў кіравання, дакументы дабрачынных арганізацый — справаздачы царкоўных брацтваў [16], што выдаваліся штогод некаторымі брацтвамі і ўтрымлівалі пералік расходаў, сярод якіх міласціна і іншыя расходы на дабрачынныя мэты. Падобнымі статыстычнымі і разам з тым яшчэ і справаводчымі крыніцамі з’яўляюцца справаздачы багадзельняў [17], якія выдаваліся некаторымі багадзельнямі. Шмат крыніц такога кшталту сярод архіўных фондаў, напрыклад дзённік Мінскага гарадскога начлежнага прытулку за 1899—1901 гг. [18].
Матэрыялы перыядычнага друку. Лічацца сінтэтычнай крыніцай, патэнцыял якой вызначае наяўнасць заканадаўчых, публіцыстычных, мемуарных, эпісталярных крыніц. У ХІХ — пачатку ХХ ст. існаваў шэраг часопісаў, прысвечаных дабрачыннасці ў Расіі — «Вестник благотворительности», «Трудовая помощь», «Dzieje dobroczynności». Найбольшую цікавасць да спраў дабрачыннасці мелі «Епархиальные ведомости» з кожнай епархіі. Гэта насычаныя крыніцы па пытаннях прыходскай дабрачыннасці, сацыяльным служэнні царквы ўвогуле [19]. Акрамя таго, перыёдыка, асабліва спецыялізаваная, змяшчае і статыстычныя крыніцы. Напрыклад, справаздачы царкоўных брацтваў [19, с. 43—44]. Сярод матэрыялаў публіцыстычнага плана асаблівае значэнне маюць публікацыі дыскусійнага характару ў цэнтральным і рэгіянальным друку. Адным з першых артыкулаў, які заклаў пачатак доўгіх разважанняў аб ролі і месцы дабрачыннай дзейнасці ў грамадстве стаў артыкул М. Курбаноўскага «Жабрацтва і дабрачыннасць» (1860) у часопісе «Современник» [20, с. 249—304].
Сінтэтычныя крыніцы. Утрымліваюць розную з пункту гледжання крыніцазнаўчай тэорыі інфармацыю. У іх сустракаюцца этнаграфічныя апісанні і назіранні, фальклорныя матэрыялы, заканадаўчыя крыніцы, санітарныя апісанні. Найбольш масавымі з’яўляюцца «Памятные книжки» ды «Обзоры губерний». У 60-я гг. XIX ст. адбываецца станаўленне расійскай статыстыкі, ствараюцца губернскія статыстычныя камітэты ў кожнай губерні, якія выдавалі штогод справаздачы аб губернях. Інфармацыя аб дабрачыннасці разнапланавая — ад кірмашоў да дзейнасці губернскіх камітэтаў па прышчэпках ад воспы [21], рэгулярна друкаваліся статыстычныя звесткі аб багадзельнях і дабрачынных таварыствах. Прыводзілася колькасць багадзельняў у губерні, сумы сродкаў, на якія яны ўтрымліваюцца, колькасць дагледжаных у год, колькасць выбыўшых і памерлых (асобна па полах) [22]. Перыядычна змяшчаліся санітарныя апісанні, у якіх асвятляліся пытанні грамадскай гігіены сацыяльнага «дна». Так у «Памятнай кніжцы Мінскай губерні за 1894 год» апублікаваны нарыс «Санітарныя ўмовы Мінска за апошнія пяць год», аўтары якога называюць прычыны кепскага санітарнага стану горада (адсутнасць санітарнага нагляду, індыферэнтнае стаўленне ўлады) [23, с. 41].
Вылучаюцца сваёй адметнасцю «кніжкі» Віцебскай губерні, якія выдаваліся губернскім статыстычным камітэтам, якім кіраваў краязнаўца А. Семянтоўскі. Гэтыя выданні насычаныя гістарычнымі нарысамі і этнаграфічнымі апісаннямі. Так, у «Памятнай кніжцы Віцебскай губерні за 1865 год» ёсць нарыс «Маральнасць і дабрачыннасць», дзе разгледжаны віды дабрачыннасці, дзейнасць дабрачынных таварыстваў, багадзельні [24, с. 233—235]. Падрабязна апісаны гарадскія багадзельні пры цэрквах і касцёлах, яўрэйскія брацтвы па садзейнічанні жабракам. Добра вядомы беларускім даследчыкам артыкул рэдактара «Віцебскіх губернскіх ведамасцей» Ф. Сярэбраннікава «Аб народных святах Себежскага павета» (1867 г.) [25], дзе апублікаваны духоўныя песні жабракоў [25, с. 257]. Да крыніц, падобных на «Памятныя кніжкі», можна аднесці і выданні кшталту «Увесь Мінск» (1911), якія часткова дубліруюць «кніжкі». Выданні мелі на мэце служыць даведнікамі, у тым ліку і адрасна-тэлефоннымі. Так, па іх можна высветліць, па якіх адрасах знаходзіліся багадзельні, прытулкі [26].
«Ваенна-статыстычныя апісанні» [27], зробленыя ў 40-я гг. XIX ст., не такія багатыя, як «Матэрыялы, сабраныя афіцэрамі Генеральнага штаба» 60-х гг. XIX ст. Апошнія выданні заслужылі прызнанне як найкаштоўнейшая крыніца. Так, у томе «Матэрыялаў», прысвечаным Віленскай губерні, падрыхтаваным капітанам А. Карэвам, знаходзім інфармацыю аб кірмашах і багамоллях [28, с. 254—255], агляд урадавых устаноў грамадскай апекі [28, с. 374—385], у якім падрабязна апісаны фундушы, багадзельні, прытулкі, зроблены агляд стану бальніц і багадзельняў [28, с. 685—690], складзены статыстычныя табліцы за пяць гадоў [28, с. 690—692]. У працы П. Баброўскага ўтрымліваюцца апісанні жабракоў [29, с. 544—545]. Апісанні прыватных і казённых багадзельняў зроблены М. Дамантовічам (Чарнігаўская губерня) [30, с. 570—574]. Багатыя звесткі дае трохтомная манументальная «Спроба апісання Магілёўскай губерні»: асабліва багаты збор духоўнай лірыкі жабракоў [31, с. 593—599]; апісанні багадзельняў г. Магілёва з гісторыяй кожнай багадзельні [31, с. 49]; нарыс аб псеўдажабрацтве; указанні на пануючыя хваробы [31, с. 27—29, 984—989]. Да вышэйапісаных прац, прысвечаных асобна ўзятым губерням, прымыкаюць падобныя да іх па структуры і змесце, прысвечаныя асобным паветам ці гарадам. У кнізе, прысвечанай Беластоку, змяшчаюцца падрабязныя апісанні багадзельных жабракоў [32, с. 38—40]. Цікавы ў гэтым сэнсе і «Праваднік па г. Вільні» А. Вінаградава, які ўтрымлівае рэдкія звесткі аб багадзельні стараабрадцаў [33, с. 119].
Моўныя крыніцы. Спецыфічная мова беларускіх жабракоў была заўважана яшчэ ў канцы XVIII ст. падарожнікам А. Меерам («Апісанне Крычаўскага староства»). На мову жабракоў звярталі ўвагу С. Максімаў, Ф. Стаўровіч. Асобныя даследаванні былі зроблены святаром са Случчыны Ф. Сцяпурам [34]. Гэтую працу як крыніцу пазней выкарыстоўваў Е. Раманаў, аўтар «Спробы слоўніка ўмоўных моваў Беларусі з паралелямі велікарускімі, маларускімі і польскімі» [8]. Працы аб мове жабракоў карысны не толькі лінгвістам, але і этнолагам.
Фальклор. Вялікую цікавасць уяўляе фальклор жабракоў (духоўныя вершы, замовы), фальклор аб жабраках — адлюстраванне іх культуры у вуснай народнай творчасці. Праявілася навуковая цікавасць да спеваў жабракоў. У 1861 г. выйшаў зборнік П. Бяссонава «Калекі перахожыя» [35], які ўтрымлівае вялікую колькасць пашпартызаваных узораў духоўнай лірыкі жабракоў. Духоўныя вершы публікаваліся і ў неспецыялізаваных выданнях («Спроба апісання Магілёўскай губерні» [31, с. 593—599], артыкул «Аб народных святах у Себежскім павеце» [25, с. 231—241], артыкул С. Малевіча «Беларускі жабрацкі «Лазар»» [36, с.109—114]). Фальклор аб жабраках дае ўяўленне пра карытатыўныя паводзіны беларусаў у дачыненні жабракоў. У «Смаленскім этнаграфічным зборніку» У. Дабравольскага знаходзім прыказкі і прымаўкі аб жабраках [37, с. 117], песні жабракоў [38, с. 639—641]. Невялікую падборку духоўных вершаў жабракоў апублікаваў М. Нікіфароўскі [39]. Апублікаваныя зборы старэцкіх песень былі прааналізаваны ў 1930-я гг. рускім фалькларыстам Г. Фядотавым [40].
Багацце і разнастайнасць розных тыпаў і відаў крыніц, іх узаемадапаўняльнасць дазваляюць паглыбіць вывучэнне традыцый народнай дабрачыннасці, асабліва найбольш пашыраных яе форм — дапамогі абяздоленым. Карытатыўныя традыцыі складаюць грамадска важную частку культуры этнасу, таму іх вывучэнне дапамагае лепей спасцігнуць традыцыйную культуру ўвогуле і мае актуальнасць для сучаснай сацыякультурнай сферы. Патэнцыял гістарычных крыніц па названай праблеме дазваляе дыверсіфікаваць гісторыка-этналагічныя, развіць новыя падыходы ў тэарэтычным і практычным асэнсаванні традыцый дабрачыннасці.
Литература
1. Григорьев, А. Д. История отечественной социальной работы (Х — начало ХХ в.): пособие / А. Д. Григорьев. 2-е изд. Минск : БГПУ, 2005. 212 с.
2. Кульпанович, О. А. Благотворительность в медицине Беларуси (XVI—XXI вв.) / О. А. Кульпанович. Минск : Департамент исполнения наказаний МВД Республики Беларусь, 2006. 290 с.
3. Шимукович, С. Ф. Благотворительность в Беларуси в конце ХІХ — начале ХХ века / С. Ф. Шимукович. Минск : Акад. упр. при Президенте Респ. Беларусь, 2006. 188 с.
4. Функ, Ю. В. Еврейская благотворительность в Беларуси в ХІХ — начале ХХ в. и источники ее исследования: автореф. дис. … канд. ист. наук: 07.00.09 / Ю. В. Функ; Бел. НИИ документоведения и архивного дела. Минск, 1999. 25 с.
5. Скеп’ян, А. А. Шляхецкае мецэнацтва ў Вялікім княстве Літоўскім у XVI — першай пал. XVII ст.: аўтарэф. дыс. … канд. гіст. навук: 07.00.07 / А. А. Скеп’ян; Ін-т гісторыі НАНБ. Мінск, 2000. 20 с.
6. Валодзіна, Т. В. Талака ў сістэме духоўнай культуры беларусаў / Т. В. Валодзіна; Акад. навук Беларусі, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. Мінск : Беларуская навука, 1997. 135 с.
7. Крачковский, Ю. Ф. Быт западнорусского селянина / Ю. Ф. Крачковский. М. : Университетская типография, 1874. 212 c.
8. Романов, Е. Р. Белорусский сборник / Е. Р. Романов. Вильно : Типография А. Сыркина, 1912. Вып. 9: Опыт словаря условных языков Белоруссии с параллелями великорусскими, малорусскими и польскими. 124 с.
9. Романов, Е. Р. Очерк быта нищих Могилевской губернии и их условный язык («любецкий лемент») / Е. Р. Романов // Этнографическое обозрение. 1890. № 4. С. 117—145.
10. Грузинский, А. Е. Из этнографических наблюдений в Речицком уезде Минской губернии / А. Е. Грузинский // Этнографическое обозрение. 1891. № 4. С. 142—156.
11. Никифоровский, Н. Я. Очерки Витебской Белоруссии / Н. Я. Никифоровский. М. : Скоропечатня А. А. Левенсона, 1892. Вып. 1: Старцы. 36 с.
12. Максимов, С. В. Бродячая Русь Христа ради / С. В. Максимов. СПб. : Тип. т-ва «Обществ. польза», 1877. 467 с.
13. Ставрович, Ф. Опыт исторических и этнографических исследованнй в Северо-Западном крае / Ф. Ставрович. Вильно : Печатня А. Г. Сыркина, 1870. 36 с.
14. Первая всеобщая перепись населения Российской империи 1897 года. Минская губерния. СПб. : Типография Санкт-Петербургской тюрьмы, 1904. 243 с.
15. Тизенгаузен, М. Некоторые статистические данные о народонаселении Западного края России / М. Тизенгаузен. СПб., 1910. Табл. 22.
16. Отчет Минского православного Николаевского братства за 1876/1877 год. Минск, 1877. 12 с.
17. Медицинский и хозяйственный отчет Витебской еврейской больницы и богадельни за 1913 год. Витебск, 1914. 10 с.
18. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Ф. 72 (Мінскі гарадскі начлежны прытулак). Воп. 1. Адз. зах. 1 — Дзённік прытулку за 1899—1903 гг.
19. Краткие сведения о богадельнях при церквах Литовской епархии в 1875 году // Литовские епархиальные ведомости за 1875 год. Вильно, 1875. С. 233—235.
20. Курбановский, М. Нищенство и благотворительность / М. Курбановский // Современник. 1860. № 39. С. 249—304.
21. Памятная книжка Минской губернии на 1866 год. Минск, 1866. 98 с.
22. Памятная книжка и календарь Минской губернии на 1898 год. Минск, 1897. 74 с.
23. Памятная книжка и календарь Минской губернии на 1894 год. Минск, 1893. 87 с.
24. Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. СПб., 1865. 126 с.
25. Серебренников, Ф. О народных праздниках Себежского уезда / Ф. Серебренников // Памятная книжка Витебской губернии за 1867 год. СПб., 1867. С. 204—254.
26. Весь Минск или Спутник по Минску / С. М. Яхимович. Минск, 1911. 160 с.
27. Черницкий, Д. И. Военно-статистическое обозрение Российской империи. Могилевская губерния / Д. И. Черницкий. СПб., 1848. 79 с.
28. Корево, А. К. Материалы для географии и статистики России, собранные офицерами Генерального штаба. Виленская губерния / А. К. Корево. СПб., 1861. 825 с.
29. Бобровский, П. О. Гродненская губерния / П. О. Бобровский. Ч. 1—2. СПб., 1863. Ч. 2. 1074 с.
30. Домонтович, М. А. Материалы для географии и статистики России, собранные офицерами Генерального штаба. Черниговская губерния / М. А. Домонтович. СПб., 1865. 737 с.
31. Опыт описания Могилевской губернии в историческом, физико-географическом, этнографическом, промышленном, сельскохозяйственном, лесном, учебном, медицинском и статистическом отношениях…: в 3 кн. / сост. по программе и под ред. А. С. Дембовецкого. Могилев на Днепре: Тип. Губ. правления, 1882—1884. Кн. 2.1883. 1000 с.
32. Милаковский, М. Г. Очерк Белостока в историческом, этнографическом и бытовом отношении / М. Г. Милаковский. Киев : Общественная польза, 1897. 42 с.
33. Путеводитель по городу Вильне и его окрестностям: в 2 ч. Вильно, 1907. Ч. 1. 67 с.
34. Сцепуро, Ф. Русско-нищенский словарь, составленный из разговора нищих Слуцкого уезда, Минской губернии, местечка Семежова / Ф. Сцепуро. СПб. : Тип. Имп. Акад. наук, 1881. 12 с.
35. Бессонов, П. А. Калеки перехожие: сб. стихов и исслед. / П. А. Бессонов. М., 1861. 852 с.
36. Малевич, С. Белорусский нищенский «Лазарь» / С. Малевич // Живая старина. 1906. № 2. С. 109—114.
37. Добровольский, В. Н. Смоленский этнографический сборник / сост. В. Н. Добровольский. Ч. 1—4. СПб. : Тип. Е. Евдокимова, 1891—1903. Ч. 3: Пословицы. 1894. 137 c.
38. Добровольский, В. Н. Смоленский этнографический сборник / сост. В. Н. Добровольский. Ч. 1—4. СПб. : Тип. Е. Евдокимова, 1891—1903. Ч. 4. 1903. 720 c.
39. Нікіфароўскі, М. Духоўныя песьні: Старцы / М. Нікіфароўскі // Гоман. 1917. № 70—71.
40. Федотов, Г. П. Стихи духовные (Русская народная вера по духовным стихам) / подг. текста и коммент. А. Л. Топоркова. М. : Прогресс: Гнозис, 1991. 192 с.