Электронная версия белорусского научного исторического журнала “Российские и славянские исследования”

Главная

О журнале

Правила публикации статей

Новый номер!


Этналогія Беларусі: традыцыйная культура насельніцтва ў гістарычнай перспектыве: вучэб.-метад. дапаможнік / Т. А. Навагродскі [і інш.]. Мінск : БДУ, 2009. 335 с.

Беларуская этналагічная навука адыгрывае вядучую ролю ў вывучэнні этнічнай гісторыі і традыцыйнай культуры беларускага этнасу. За больш чым два стагоддзі свайго развіцця яна назапасіла багацейшы фактычны матэрыял і прайшла доўгі шлях метадалагічнага станаўлення. Аднак да нядаўняга часу практычна не існавала грунтоўнага падруч­ніка для студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў, які б найбольш поўна і ўсебакова адлюстроўваў увесь комплекс назапашаных ведаў па традыцыйнай культуры беларусаў. Важным крокам у гэтым кірунку стаў доўгачаканы выхад з друку вучэбна-метадычнага дапаможніка «Этналогія Беларусі: традыцыйная культура насельніцтва ў гістарычнай перспектыве», прызначанага для студэнтаў гістарычных факультэтаў вышэйшых навучальных устаноў Беларусі. Выданне падрыхтавана пераважна намаганнямі супрацоўнікаў кафедры этналогіі, музеялогіі і гісторыі мастацтваў гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта, якія маюць значны вопыт у выкладанні этналагічных і антрапалагічных дысцыплін. Апрача ўласна выкладчыкаў гэтай кафедры (Т. А. Навагродскі, І. С. Махоўская, С. А. Захаркевіч, А. І. Махнач, П. У. Церашковіч, А. А. Кілбас, І. У. Алюніна і У. І. Медзянік), асобныя главы былі напісаны таксама супрацоўнікамі іншых вучэбных і навуковых устаноў рэспублікі (І. У. Чаквін, Т. І. Кухаронак, Т. В. Валодзіна, А. У. Верашчагіна, К. А. Шумскі і А. Дз. Якубінская), якія ў той ці іншай ступені звязаны з работай кафедры. Даволі шырокі і прадстаўнічы склад аўтарскага калектыву адбіўся на глыбіні і разнастайнасці закранутых у выданні навуковых праблем.

У вучэбна-метадычным дапаможніку ў поўнай меры раскрыты ўсе галоўныя пытанні, якія разглядае сучасная беларуская этналогія — гэта гісторыя развіцця этналагічнай навукі Беларусі, важнейшыя часткі матэрыяльнай (сельскагаспадарчыя, прамысловыя і рамесныя заняткі, народнае жыллё, традыцыі харчавання, традыцыйны касцюм, транспартныя сродкі), сацыяльнай (грамадскія традыцыі, сям’я і выхаванне, сямейная і каляндарная абраднасць) і духоўнай (народныя веды, фальклор, міфалагічныя вераванні) культуры беларусаў.

Такая структура выдання адлюстроўвае прынятае ў беларускай этналагічнай навуцы разуменне культуры як сукупнасці ўстойлівых форм, спосабаў і вынікаў чалавечай дзейнасці. У адпаведнасці з такім падыходам у культуры выдзяляюць тры ўзаемазвязаныя часткі: матэрыяльную, духоўную і сацыяльную. Шаснаццаці тэматычным главам папярэднічае ўводная частка, у якой у даступнай і змястоўнай форме распавядаецца пра асноўныя катэгорыі этналогіі, яе аб’ект і прадмет даследавання.

Не абыдзены ў дапаможніку і пытанні фарміравання, развіцця і культуры буйнейшых этнічных груп Беларусі (рускіх, палякаў, украінцаў, яўрэяў, татараў, цыганоў, літоўцаў і латышоў), без чаго было б немагчыма ўявіць этнакультурную разнастайнасць Беларусі. Асобная глава прысвечана таксама этнаканфесійнай сітуацыі на беларускіх землях.

Усе главы выдання маюць неабходны спіс літаратуры і пытанні, на якія ў першую чаргу варта звярнуць увагу студэнтам пры вывучэнні той або іншай тэмы. Больш лёгкаму засваенню вучэбных тэм спрыяе ба­гаты ілюстрацыйны матэрыял, які супра­ва­джае тэкст дапаможніка. Гэта ілюстрацыі, узятыя з архіва Інстытута мастацтвазнаў­ства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, этна­гра­­фічных выданняў («Белорусы» (М., 1998), «Жаночы касцюм Беларусі» (Мінск, 2007), «Мужчынскі касцюм Беларусі» (Мінск, 2007), «Народная культура Беларусі» (Мінск, 2004), «Палессе. Фотаздымкі з 1920-х і 1930-х гг. «(Варшава, 1999) і інш.), а таксама фотаздымкі, зробленыя аўтарамі падчас уласных этнаграфічных экспедыцый у розныя рэгіёны Беларусі. Апошнія не толькі дапаўняюць ілюстрацыйную частку выдання, але і ў некаторай ступені заахвочваюць студэнтаў да ўдзелу ў летняй этнаграфічнай практыцы, якую згодна з адукацыйным планам праходзяць студэнты першага курса гістарычнага факультэта БДУ.

Дапаможнік напісаны цікава і пазнавальна, з’яўляецца актуальным і своечасовым, карысным для шырокага кола чытачоў і заслугоўвае самай высокай адзнакі. Выкладзены ў ім матэрыял не проста спрыяе больш глыбокаму і дэталёваму пазнанню традыцыйнай культуры беларусаў, але і выхоўвае ў студэнтаў пачуцці патрыятызму, працавітасці, талерантнасці, добрасумленнасці, беражлівых адносін да традыцый роднай зямлі.

Такім чынам, вучэбна-метадычны дапаможнік «Этналогія Беларусі: традыцыйная культура насельніцтва ў гістарычнай перспектыве» мае не толькі педагагічную вартасць, звязаную з удасканаленнем працэсу выкладання агульных і спецыяльных курсаў па этналогіі Беларусі, але агульнапазнавальную і навуковую, скіраваную на вывучэнне традыцыйнай культуры беларусаў з боку як айчынных, так і замежных даследчыкаў.

Ю. І. Унуковіч, навуковы супрацоўнік аддзела народазнаўства Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук

Tags: , ,

Comments are closed.

-->