Festung Breslau — 1945 — Historia i pamięć / red. T. Głowiňski. Wrocław : Wydawnictwo GAJT 1991, 2009. 341 s.
Гістарычныя даследаванні апошняга дзесяцігоддзя ўзбагаціліся шматлікімі працамі, у якіх раскрываюцца новыя старонкі ў палітычным, эканамічным і культурным вобліку гарадоў. Прадстаўленая на суд чытачоў кніга «Крэпасць Брэслаў —1945 — Гісторыя і памяць» складаецца з матэрыялаў канферэнцыі, якая адбылася ў Вроцлаўскім універсітэце ў маі 2008 г., і адлюстроўвае няпросты лёс сучаснага польскага Вроцлава на завяршаючым этапе Другой сусветнай вайны.
Сабраная ў зборніку інфармацыя носіць пераважна папулярна-навуковы характар і раскрывае самыя разнастайныя сюжэты з жыцця Вроцлава (Брэслаў). У кнізе можна знайсці звесткі пра лётнае ўзбраенне крэпасці, яе месца ў нямецкіх і савецкіх аперацыйных планах зімой 1945 г., жыццё і дзейнасць звычайных людзей і некаторых грамадзянскіх устаноў (навуковых бібліятэк, Вроцлаўскага універсітэта, Вышэйшай тэхнічнай школы) і пазнаёміцца з асаблівасцямі яе пасляваеннага аднаўлення. Значным плюсам выдання з’яўляецца і багаты ілюстратыўны матэрыял, які дазваляе наглядна ацаніць разбурэнне горада (вядома, што ён быў разбураны на 75 %) і працу па яго адбудове, ілюструе нямецкую і савецкую зброю, якая выкарыстоўвалася ў баях за крэпасць, а таксама паказвае змены ў мясцовай геральдыцы і сімвалах ў гады Другой сусветнай вайны.
Як вядома, у 1945 г. крэпасць Брэслаў абаранялася вельмі доўга — 80 дзён, а калі стала зразумела, што вайна заканчваецца — яе гарнізон капітуляваў. У тым жа годзе горад увайшоў у склад Польскай дзяржавы і стаў называцца Вроцлавам, нямецкае насельніцтва якога альбо збегла перад наступленнем Савецкай арміі, альбо было вымушана выехаць у Германію ў адпаведнасці з патсдамскімі рашэннямі аб высяленні немцаў. У гэтай сувязі цікавымі падаюцца заўвагі і разважанні К. Рухневіча, прыведзеныя ў артыкуле «Крэпасць Брэслаў у нямецкай гістарыяграфіі. Шэсць заўваг да дыскусіі». Польскі гісторык задаецца пытаннем, чаму абарона Брэслава (Вроцлава) фактычна не знайшла адлюстравання ў нямецкіх гістарычных даследаваннях, і шукае на яго адказ. У выніку ён адзначае наяўнасць вялікай колькасці публікацый па гісторыі высялення немцаў з далучаных да Польшчы тэрыторый і адсутнасць комплекснага даследавання па гісторыі Брэслва (Вроцлава) у гады Другой сусветнай вайны, а таму выступае з прапановай арганізацыі сумеснага польска-нямецкага праекта па вывучэнні не толькі ваеннай гісторыі крэпасці, але і іншых аспектаў яе існавання: жыццё немцаў, вайскоўцаў і цывільных, выкарыстанне прымусовай працы і інш.
Як падкрэслівалася вышэй, зборнік «Крэпасць Брэслаў — 1945 — Гісторыя і памяць» разлічаны на шырокую чытацкую аўдыторыю папулярна-навуковае выданне. Прадстаўленыя ў ім матэрыялы дазваляюць праводзіць паралелі з іншымі гарадамі і крэпасцямі і могуць падштурхнуць як навукоўцаў, так і аматараў гісторыі да пошуку новых напрамкаў у вывучэнні гісторыі роднага краю.
Л. А. Козік