Электронная версия белорусского научного исторического журнала “Российские и славянские исследования”

Главная

О журнале

Правила публикации статей

Новый номер!


Giza A. Narodowe i polityczne dąženia Chorwatów w XIX i na początku XX wieku.

Szczecin: Uniwersytet Szczeciński. Rozprawy i studia. T. (CDLIX) 385, 2001. 219 s. Тираж не указан.

Прафесар Шчэцінскага універсітэта Антоній Гіза з’яўляецца вядомым польскім даследчыкам славянскай гісторыі XIX — пачатку ХХ ст., аўтарам больш за дзесятак гістарычных прац. Яго манаграфія «Нацыянальныя і палітычныя памкненні харватаў у XIX — пачатку ХХ ст.», выдадзеная ў 385-м томе навуковых твораў і даследаванняў Шчэцінскага універсітэта, заснавана на крыніцазнаўчай базе Харвацкага архіва ў Заграбе, Сербскага дзяржаўнага архіва ў Бялградзе, Архіва знешняй палітыкі Расійскай імперыі, а таксама на апублікаваных зборніках дакументаў, мемуарах, перыёдыцы таго часу.

Даследаванне пабудавана па храналагічным прынцыпе. У першым раздзеле «Харвацкія землі ў першай палове XIX ст.» аўтар аналізуе грамадскую арганізацыю насельніцтва, вылучае асаблівасці развіцця вёскі і гарадоў, умовы фарміравання нацыянальнай інтэлігенцыі і характарызуе ілірыйскі рух. Асобным пунктам вылучана апісанне Рыекі ў дзённіках польскіх падарожнікаў Аляксандра Сапегі і Генрыка Багданьскага.

У другім раздзеле «Харвацкія землі ў перыяд ад “Вясны народаў” да 60-х гг. XIX ст.» А. Гіза разглядае сітуацыю напярэдадні і падчас падзей 1848—1849 гг., вайну з Венгрыяй, удзел харватаў у Славянскім з’ездзе ў Празе ў 1848 г. і змены пасля рэвалюцыі. Значная частка матэрыялу адведзена аналізу становішча харвацкіх земляў у час падрыхтоўкі да стварэння дуалістычнай Аўстра-Венгерскай дзяржавы. Трэці радзел прысвечаны падпісанню венгерска-харвацкай дамовы 1868 г. Аўтар падрабязна апісвае ўмовы, выдвінутыя харвацкім саборам у 1861 г., узмацненне правенгерскіх настрояў сярод насельніцтва і іх уплыў на двухбаковыя перамовы 1866 г., аналізуе ролю міжнароднай сітуацыі. Асобная ўвага надаецца дзейнасці Ё. Ю. Штросмайера і яго палітычных апанентаў, іх палітычным канцэпцыям.

У апошнім раздзеле «Палітычнае жыццё Харватыі ў 1867—1914 гг.» даследчык апісвае канчатковыя прыгатаванні да падпісання венгерска-харвацкай дамовы, адзначае нявырашанасць пытання аб прыналежнасці Рыекі і паказвае змены ў адносінах паміж венграмі і харватамі пасля 1868 г. Аналізуючы дзейнасць розных палітычных сіл, А. Гіза высвятляе ўплыў югаславізма і неаславізма, мадзьярызацыі і баснійскага крызісу 1908 г.

У якасці адметных момантаў можна адзначыць наяўнасць багатай бібліяграфіі па заяўленай праблеме, ілюстрацыйнага матэрыялу, геаграфічнага ўказальніка і ўказальніка імёнаў, рэзюме на англійскай мове.

Л. А. Козік

Tags: , , ,

Comments are closed.

-->