Grzegorz Gąsior. Stalinowska Słowacja. Proces «burżuazyjanych nacjonalistów» w 1954 roku. Warszawa, 2006
Козік Л.А.
Л. А. Козік, дацэнт кафедры гісторыі паўднёвых і заходніх славян БДУ, кандыдат гістарычных навук
Грамадска-палітычныя перамены, якія адбыліся ў СССР пасля смерці І. В. Сталіна, сталі знакавымі не толькі ў развіцці СССР, але і краін сацыялістычнага лагера. Адной з іх прыкмет стала спыненне палітычных рэпрэсій і паступовы перагляд судовых спраў канца 1940-х — пачатку 1950-х гг.. На гэтым фоне працэс «славацкіх буржуазных нацыяналістаў» у Чэхаславакіі ў 1954 г. выглядаў анахранізмам. Разабрацца ў сітуацыі, якая склалася ў той перыяд у ЧСР у цэлым, і Славакіі ў прыватнасці, і высветліць прычыны правядзення згаданага працэсу паспрабаваў польскі гісторык Гжэгаж Гансёр. Аснову яго даследавання пад назвай «Сталінаўская Славакія. Працэс “буржуазных нацыяналістаў” у 1954 годзе» склалі дакументы Дзяржаўнага цэнтральнага архіва ў Празе, чэхаславацкі і савецкі перыядычны друк, апублікаваныя крыніцы і шматлікія ўспаміны, чэшская гістарыяграфія па заяўленай праблеме. Кніга Г. Гансёра складаецца з уводзін, сямі глаў, бібліяграфіі, паказальніка імёнаў.
Ва ўводзінах аўтар адзначае, што справа «славацкіх буржуазных нацыяналістаў» ахоплівае больш шырокую праблему, чым толькі адзін з апошніх сталінскіх працэсаў супраць высокага ранга дзеячаў камуністычнай партыі. Ён лічыць, што яе карані трэба шукаць не толькі ў пасляваенных унутраных канфліктах у кампартыі, але і ў праблеме чэшска-славацкіх адносін, становішчы Славакіі ў рамках Чэхаславакіі ў міжваенны перыяд. І пры гэтым не забываць пра новую міжнародную сітуацыю, якая склалася пасля 1945 г. Мэтай сваёй працы Г. Гансёр называе выяўленне акалічнасцей працэсу «славацкіх буржуазных нацыяналістаў» і прадстаўленне падзей, якія прывялі да ўсёй справы. Аўтар шукае адказы на наступныя пытанні: хто прымаў рашэнне аб падрыхтоўцы працэсу, якую ролю адыгрывалі ўнутраныя (чэшскія і славацкія) і знешнія фактары, чаму да суда дайшло ўжо пасля смерці І. Сталіна і К. Готвальда, ці абвінавачаныя ў «буржуазным нацыяналізме» камуністы сапраўды з’яўляліся выкрышталізаванай фракцыяй, якая мела ўласную палітычную праграму і ці былі яны ўвогуле «нацыянальнымі». Ужываючы тэрміналогію таго часу, Г. Гансёр тлумачыць, што тэрмін «буржуазны нацыяналізм» выкарыстоўваўся пры характарыстыцы рэчаісных ці дамысленых «адхіленняў» некаторых дзеячаў ад афіцыйнай палітыкі партыі і яго аналагам былі паняцці «дробнамяшчанскі нацыяналізм», ці як у Польшы — «праванацыяналістычныя адхіленні» (с. 9).
Ва ўводзінах аўтар дае кароткі гістарыяграфічны агляд вывучаемай праблемы і адзначае, што не існуе спецыяльных даследаванняў, прысвечаных справе «групы Гусака і яго асяроддзя» (с. 10).
Першая глава манаграфіі Г. Гансёра называецца «Камуністычная партыя на фоне гісторыі Славакіі да 1948 г.». У ёй паказаны гістарычныя ўмовы разгортвання камуністычнага руху з пачатку ХХ ст., стварэнне Камуністычнай партыі Чэхаславакіі (1921) і яе дзейнасць, асноўныя імкненні палітычных партый у міжваенны перыяд (с. 15—18). Аўтар адзначае, што толькі пасля ліквідацыі Чэхаславакіі ў сакавіку 1939 г. была створана Камуністычная партыя Славакіі. Яна мела ўласную структуру і валодала пэўнай незалежнасцю ў сілу слабых сувязей з чэхаславацкімі камуністычнымі дзеячамі, якія ў той час знаходзіліся ў Маскве (с. 18). Зыходзячы з гэтага, Г. Гансёр спыняецца на характарыстыцы дзейнасці КПС у падполлі, умовах падпісання Калядных пагадненняў 1943 г. і стварэнні Славацкага нацыянальнага савета (СНС) (с. 19—20), падрыхтоўцы Славацкага паўстання (с. 21—22) і вызваленні з-пад нямецкай акупацыі (с. 23).
У кнізе адзначаецца, што існаванне і вынікі дзейнасці самастойнай КПС вымусілі прадстаўнікоў чэхаславацкага ўрада ў эміграцыі і маскоўскага камуністычнага цэнтра лічыцца са славацкім рухам, што знайшло адлюстраванне ў факце запрашэння прадстаўнікоў СНС на маскоўскія перамовы, якія праходзілі з 22 па 29 сакавіка 1945 г. і скончыліся стварэннем урада Нацыянальнага фронту чэхаў і славакаў. Аднак, піша аўтар, з улікам унутрыпалітычнай сітуацыі ў краіне і таго, што асноўныя задачы чэшскіх і славацкіх камуністаў супадалі, а разыходжанні назіраліся пераважна ў нацыянальным пытанні, кіраўніцтва КПЧ настойвала на аб’яднанні камуністычнага руху Чэхаславакіі. Вынікам стала прыняцце 1 чэрвеня 1945 г. рашэння аб тым, што КПС з’яўляецца часткай адзінай КПЧ з сумесным кіраўніцтвам, але пры гэтым захоўвалася бачнасць незалежнасці партый (с. 24).
Апісваючы першыя пасляваенныя гады, Г. Гансёр справядліва адзначае, што ўнутрыпалітычная барацьба за шляхі далейшага развіцця ішла не толькі паміж камуністычнай і некамуністычнымі партыямі. Яна характарызавалася ў тым ліку і рознымі падыходамі сярод камуністаў да вырашэння пытання аб статусе Славакіі ў складзе Чэхаславакіі, што праявілася падчас неаднаразовых перамоў паміж прадстаўнікамі КПЧ і КПС і прывяло да персанальных змен у кіраўніцтве апошняй (с. 25). Апісваючы парламенцкія выбары 1946 г., спробы кампраметацыі славацкай Дэмакратычнай партыі (с. 28—29), лютаўскі палітычны крызіс (с. 30—31), пераварот і чысткі ў партыйных і дзяржаўных органах (с. 32—33), аўтар паказвае, як адбывалася фактычнае падпарадкаванне славацкіх камуністаў КПЧ (с. 34).
Другую главу, прысвечаную разгляду ўнутраных канфліктаў у КПС і пачатку следства ў справе «славацкіх буржуазных нацыяналістаў», аўтар пачынае з 1948 г., калі ў Чэхаславакіі адбываецца станаўленне сталінскай мадэлі сацыялізму і складваецца культ К. Готвальда. Гансёр адзначае, што ў КПС аналагам Готвальда быў В. Шырокі, які ў час славацкага паўстання знаходзіўся ў турме, а таму пасля вайны падазраваў членаў паўстанцкага камітэта ў тым, што яны спецыяльна пакінулі яго там, каб вывесці з барацьбы за ўладу (с. 38—39). Менавіта гэтым аўтар даследавання тлумачыць негатыўнае стаўленне В. Шырокага да Г. Гусака — аднаго з лідэраў славацкіх камуністаў і прыхільніка шырокай аўтаноміі Славакіі ў межах Чэхаславакіі, і нарастанне канфліктаў унутры КПС. Найбольш выразнай праявай складанай сітуацыі Гансёр лічыць той факт, што падчас абвяшчэння 27 верасня 1948 г. аб аб’яднанні КПС і КПЧ Шырокі адзначыў наяўнасць у партыі «дробнамяшчанскага нацыяналізму», які супярэчыць «праўдзіваму славацкаму патрыятызму», і ў якасці прыклада прывёў сітуацыю ў Югаславіі (с. 43).
Працэс «славацкіх буржуазных нацыяналістаў» з’яўляўся састаўной часткай палітычных працэсаў у краінах савецкага блока, пра што сведчаць факты актыўнага супрацоўніцтва кіраўніцтва і спецслужбаў Чэхаславакіі і Венгрыі (с. 45). Аўтар даследавання паказвае, што падчас працэсу «групы Райка» (пачаўся 16 верасня 1949 г.) дэталёва вывучаліся і абмяркоўваліся яе «сувязі» з чэхамі і славакамі (с. 47—49), дзе славацкі сюжэт актыўна раскручваўся менавіта В. Шырокім (с. 48—66).
Апісваючы палітычныя працэсы канца 1940-х гг., Гансёр спыняецца на высвятленні ролі савецкіх спецыялістаў у іх падрыхтоўцы (с. 56—66). Ён адзначае, што савецкае кіраўніцтва добра ведала не толькі агульную сітуацыю ў Венгрыі ці Чэхаславакіі, але і сітуацыю ў кіраўніцтве КПС. У апошнім выпадку асноўнай крыніцай інфармацыі з’яўляўся саветнік амбасады СССР у Празе І. А. Чычаеў.
Трэцяя глава, прысвечаная разгляду і вывучэнню фактаў крытыкі і самакрытыкі ў Камуністычнай партыі Славакіі, пачынаецца з кароткай біяграфіі і характарыстыкі В. Кляменціса як палітыка (с. 69—71). У рэцэнзуемай рабоце адзначаецца, што яго дзейнасць у якасці міністра замежных спраў Чэхаславакіі выклікала вострую незадаволенасць з боку першага намесніка міністра замежных спраў СССР А. Я. Вышынскага, якую выкарыстаў В. Шырокі для арганізацыі нападак (с. 72—79). Вынікам крытыкі дзеянняў славацкіх камуністычных лідэраў на сумесным сходзе членаў Прэзідыума ЦК КПС і ЦК КПЧ у сакавіку 1950 г. стала адстаўка В. Кляменціса з пасады міністра замежных спраў (с. 73—80).
Падрабязна аналізуючы сітуацыю ў Чэхаславакіі на пачатку 1950-х гг., аўтар паказвае, як шло следства ў справе К. Шмідке, якога абвінавацілі ў прыналежнасці да групы, звязанай з югаславамі (с. 81), адбываўся пошук кампрамата на Г. Гусака і Л. Навамескага (па загадзе Шырокага гэта рабіў гісторык М. Гасяроўскі) і яго публічнае прадстаўленне на пасяджэнні пленума ЦК КПС 3 красавіка1950 г. (с. 81—82), раскручванне справы «славацкіх буржуазных нацыяналістаў» (с. 83—88) і «прызнанне пэўных памылак» з боку абвінавачаных (с. 90—93).
Асобную главу Г. Гансёр прысвяціў разгляду падзей, якія папярэднічалі і адбываліся на IX з’ездзе Камуністычнай партыі Славакіі. Абапіраючыся на стэнаграму, аўтар падрабязна разгледзеў ход пасяджэнняў, на якіх адбываўся разлік з «буржуазнымі нацыяналістамі», гучала самакрытыка Гусака, Навамескага, Шмідке, Кляменціса, прайшла бурная дыскусія. Паказаны ў кнізе і няўдалыя спробы абвінавачаных рэабілітавацца пасля заканчэння работы з’езда (с. 95—96). Такім чынам, асноўным вынікам IX з’езда КПС, як справядліва адзначае аўтар, стала правядзенне чыстак у партыйных і дзяржаўных установах (с. 118).
Наступную главу манаграфіі польскі даследчык назваў «Арышты, допыты і працэсс так званага спіса змоўшчыкаў». У ёй Гансёр адзначае, што нягледзячы на крытыку і самакрытыку славацкіх камуністычных дзеячаў, абвінавачаных у «славацкім буржуазным нацыяналізме», следства працягвалася. У маі 1950 г. было створана Міністэрства нацыянальнай бяспекі, якое занялося «справай Шмідке» (с. 119—121).
Пры гэтым значную дапамогу ў арганізацыі і раскручванні палітычных працэсаў у Славакіі аказвалі савецкія саветнікі, а таксама прадстаўнікі чэхаславацкіх органаў бяспекі, якія кантралявалі дзейнасць славацкіх калег. Падчас вядзення дазнання па «справе Шмідке» адбываліся масавыя арышты славацкіх і чэшскіх камуністаў (с. 126). Ад арыштаваных следчыя органы вымагалі з дапамогай катаванняў і здзекаў «прызнанняў» і інфармацыі на іншых дзеячаў. Пры гэтым усе мерапрыемствы суправаджаліся моцнай прапагандысцкай кампаніяй (с. 142—147). Падчас правядзення следства пацярпела і само міністэрства нацыянальнай бяспекі, дзе, як было заяўлена, знаходзіліся «людзі Сланскага» (с. 152). У сувязі з гэтым аўтар спыняецца на характарыстыцы справы Р. Сланскага і апісвае судовае пасяджэнне, якое праходзіла з 20 па 27 лістапада 1952 г. (с. 154—163).
Важнае месца ў палітычных працэсах пачатку 1950-х гг. займаў працэс «славацкіх буржуазных нацыяналістаў» на чале з Г. Гусакам, які кіраўніцтва ЦК КПЧ вырашыла правесці асобна. Як адзначае аўтар у шостай главе, на змену такога рашэння не паўплывала ні смерць Сталіна, ні фарміраванне новай «каманды» ў кіраўніцтве КПС (с. 165—166). Г. Гансёр падрабязна характарызуе ход падрыхтоўчай работы да суда, у якой па-ранейшаму актыўны ўдзел у выпрацоўцы фармулёўкі абвінавачання прымаў В. Шырокі (с. 169), паказвае спробы сутыкнуць падследных, апісвае акт абвінавачання (с. 180—185) і паказвае спрэчнасці ў ім (с. 185—186). Аўтар адзначае, што стэнаграма судовага пасяджэння па справе Г. Гусака і яго супольнікаў не захавалася, а таму даследчыкам даступны толькі яго фрагменты, якія друкавала газета «Праўда» за 27 красавіка 1954 г., і ўспаміны ўдзельнікаў палітычнага працэсу.
Апошняя глава даследавання Г. Гансёра, якая фактычна выступае ў якасці заключэння, паказвае, якім чынам адбываўся перагляд працэсу і рэабілітацыя асуджаных па абвінавачанні ў «славацкім буржуазным нацыяналізме». Аўтар заўважае, што сам тэрмін «буржуазны нацыяналізм» працягваў існаваць у палітычным жыцці краіны і нёс запалохваючую эмацыянальную нагрузку. У 1955 г. была распачата спроба пераацаніць перагібы, і ў тым жа годзе былі адзначаны недахопы і памылкі ў адбыўшыхся справах. Як вынік гэтага — з 1956 г. пачалі выходзіць з турмаў людзі, якія, аднак, былі абмежаваныя ў грамадзянскіх правах (с. 217—218).
У 1962 г. А. Новатны прапанаваў перагледзець найважнейшыя палітычныя працэсы канца 1940-х — пачатку 1950-х гг., што прывяло да стварэння 4 верасня 1962 г. спецыяльнай камісіі Кольдэра. Аднак яна, як і наступныя камісіі, не зняла большасці абвінавачанняў. Сітуацыя змянілася толькі з пачаткам падзей Пражскай вясны. У сакавіку 1969 г. барнабіцкая камісія (была створана ў чэрвені 1963 г.) зрабіла справаздачу, у якой адказнасць за палітычныя працэсы была ўскладзена на К. Готвальда, Р. Сланскага, В. Шырокага, А.Запатоцкага (с. 235).
Характарызуючы перыяд праўлення Г. Гусака, аўтар адзначае адсутнасць праследаванняў яго былых абвінаваўцаў (Новатнага і інш.) і паказвае лёс былых ахвяр рэпрэсій — Д. Окалі, Л. Навамескага, Холдаша.
У выснове Г. Гансёр падкрэслівае, што працэс «буржуазных нацыяналістаў» быў падрыхтаваны як вялікі паказны працэс, мэта якога заключалася ў тым, каб запалохаць грамадства і знайсці «казла адпусты» для тлумачэння цяжкасцей і паражэнняў. Повадам для яго адкладвання стала падрыхтоўка спіса змоўшчыкаў, які меў больш актуальны водгук і да якога далучылі аднаго з прадстаўнікоў «буржуазных нацыяналістаў» — В. Кляменціса (с. 242). Адказ на пытанне, чаму працэсс адбыўся ўжо пасля смерці Сталіна, аўтар бачыць у далейшым існаванні сістэмы, якая склалася, і адзначае, што ў другой палове 1953 і ў 1954 г. было праведзена больш, чым раней, «зробленых» працэсаў, падчас якіх выносіліся суровыя пакаранні.
Падводзячы высновы, можна канстатаваць, што даследаванне Г. Гансёра з’яўляецца важным крокам у разуменні сацыялістычных пераўтварэнняў сярэдзіны 1950-х гг. у Чэхаславакіі і раскрывае складаны сюжэт у гісторыі не толькі чэшска-славацкіх, але чэхаславацка-савецкіх і чэхаславацка-венгерскіх адносін.