I Кангрэс замежных даследчыкаў гісторыі Польшчы
28—30 чэрвеня 2007 г. у Кракаве адбыўся I Кангрэс замежных даследчыкаў гісторыі Польшчы, арганізаваны кракаўскім аддзяленнем Польскага навуковага таварыства. Ідэя склікання такога рода сустрэчы ўзнікла падчас апошняга (17-га) агульнага з’езда польскіх гісторыкаў, які працаваў у верасні 2004 г. і ў рэшце рэшт была рэалізавана ў гэтым годзе. На Кангрэс у Кракаў прыехала больш за 700 гісторыкаў, палітолагаў, мастацтвазнаўцаў, літаратуразнаўцаў і сацыёлагаў з розных краін блізкага і далёкага замежжа, у тым ліку з Аўстраліі, Новай Зеландыі, Мексікі, Японіі, Паўднёвай Карэі. Арганізатары сустрэчы ставілі сваёй мэтай больш блізкае знаёмства з замежнымі паланістамі і ўздымаемымі імі праблемамі, прадстаўленне даследчыкам іншых краін магчымасцей па атрыманні грантаў і выданні кніг па гісторыі і культуры Польшчы, завязванні супрацоўніцтва з польскімі калегамі. Сярод вынесеных пытанняў, галоўнымі былі наступныя: Якімі тэмамі з гісторыі Польшчы цікавіліся і цікавяцца зараз? Як выглядаў і выглядае ўзровень даследаванняў? З якімі перашкодамі сутыкаліся і сутыкаюцца даследчыкі-паланісты?
Адным з важных пунктаў праграмы Кангрэса было правядзенне конкурса «Pro historia Polonorum» на лепшую замежную кнігу, якая выйшла ў 2002—2006 гг. па гісторыі Польшчы. З 45 заяўленых даследаванняў было намініравана 8 кніг — 3 амерыканскія, 3 нямецкія, венгерская і ўкраінская. Сярод намінантаў былі ўкраінец І. Ілюшын, які вывучаў падзеі на Валыні ў 1943—1944 гг., амерыканец Дж. Хэнер з кнігай пра роль лагера Асвенцым у польскай свядомасці і палітыцы ў 1945—1979 гг., Г. Хундэрт, які прааналізаваў працэс фарміравання сучаснага яўрэйскага грамадства ў XVIII ст. на тэрыторыі Польшчы, Літвы і інш. Першую ўзнагароду — фігурку Гала Ананіма — атрымаў амерыканскі гісторык Цімаці Снайдэр (Timothy Snyder) за біяграфію аднаго са стваральнікаў палітыкі міжваеннай польскай дзяржавы ў дачыннні Украіны і актыўнага падпольнага дзеяча Другой сусветнай вайны Генрыка Юзэфскага.
Кожны дзень працы Кангрэса быў насычаны падзеямі. Адразу пасля ўрачыстага адкрыцця і ўручэння ўзнагарод конкурса «Pro historia Polonorum», вядомы польскі гісторык і палітычны дзеяч Уладзіслаў Барташэўскі выступіў з прамовай, якая дала пачатак шырокай дыскусіі на тэму «Гістарычная палітыка — значэнне і перспектывы». Прысутныя абмяркоўвалі наступныя пытанні: якім чынам палітычныя падзеі ўплываюць на гістарычную свядомасць грамадства і адпаведна ўздзейнічаюць на замежную, гаспадарчую і г. д. палітыку; які досвед, актуальныя мэты і метады гістарычнай палітыкі існуюць у асобна ўзятых краінах; ці павінны ўзнікнуць міжнародныя стандарты гістарычнай палітыкі; наколькі паспяхова Польшча стварае вобраз сваіх гістарычных падзей у тых краінах, з якімі яна мае сумеснае мінулае.
Падчас Кангрэса працавалі два напрамкі — «Гісторыя Польшчы ў гістарыяграфіі Еўропы і свету» і «Аспекты гісторыі — майстэрства гісторыка», у рамках якіх дзейнічалі 20 секцый. У межах першага напрамку выступаючыя з Чэхіі, Германіі, Літвы, Венгрыі, Аўстрыі, Францыі, Славакіі, Беларусі, Украіны, Японіі, Італіі, Турцыі і Расійскай Федэрацыі характарызавалі стан нацыянальнай гістарыяграфіі як па гісторыі пэўных перыядаў, так і такіх праблем з гісторыі Польшчы, як эміграцыя, польска-рускія, польска-ўкраінскія, польска-венгерскія і польска-літоўскія адносіны. Асаблівую ўвагу прысутных прыцягнула выступленне Макота Хаясака, які пазнаёміў удзельнікаў Кангрэса з даследаваннямі японскіх вучоных па гісторыі Цэнтральна-Усходняй Еўропы ў XIX ст. У рамках другога накірунка былі арганізаваны сустрэчы, прысвечаныя вывучэнню гісторыі і месца ў гісторыі гарадоў, асобных палітычных устаноў, ролі кіно ў гісторыі і гісторыі ў кіно.
Акрамя гістарычных дыскусій падчас кангрэса былі арганізаваны спецыяльныя сустрэчы з прадстаўнікамі разнастайных грамадскіх і навуковых арганізацый, адбывалася прэзентацыя даследчых грантаў, гістарычных парталаў у Інтэрнэце, магчымасцей польскіх дзяржаўных і касцёльных архіваў і бібліятэк, кінафондаў.
У ходзе работы кангрэса дзейнічаў дыскусійны клуб «Гісторыя ў дыялогу, дыялог у гісторыі». У яго межах было праведзена тры сустрэчы: «Гісторыя Еўропы — гісторыя Польшчы», прысвечаная суаднясенню гісторыі Польшчы і іншых краін з канцэпцыяй гісторыі Еўропы, «Гісторыя памежжа і нацыянальная гісторыя» аб гісторыі польска-нямецкага памежжа ў XIX ст. і «Гісторыкі пра цяжкія тэмы — даследчыцкія і этычныя дылемы», звязаная з даследаваннямі свядомасці і нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці і адпаведна этычнай адказнасцю навукоўцаў, якія вывучаюць гэтыя праблемы. У рабоце Кангрэса прымалі ўдзел не толькі сталыя даследчыкі, але і студэнты. Асобна была арганізавана сустрэча прадстаўнікоў польскіх, галандскіх, нямецкіх, французскіх студэнцкіх арганізацый, якія дзяліліся сваімі ўражаннямі і бачаннем гісторыі і культуры Польшчы.
Падсумоўваючы вынікі работы Кангрэса, арганізатары адзначылі высокую зацікаўленасць замежных даследчыкаў у вывучэнні гісторыі Польшчы, неабходнасць больш цеснага супрацоўніцтва польскіх і іншаземных навукоўцаў і дамовіліся аб арганізацыі чарговай сустрэчы ў 2012 г.
Л. А. Козік, дацэнт кафедры гісторыі паўднёвых і заходніх славян БДУ, кандыдат гістарычных навук