Электронная версия белорусского научного исторического журнала “Российские и славянские исследования”

Главная

О журнале

Правила публикации статей

Новый номер!


«II Рэч Паспалітая» ў лонданскай эміграцыі 1945—1991 гг. (Прэзідэнт — урад — квазіпарламенцкія інстытуты)

Туркоўскі Р.

Турковский Ромуальд — профессор кафедры истории XIX и XX веков Института истории Варшавского университета (Польша), доктор хабилитованый

Азіраючыся на пяцідзесяцігадовую гісторыю парламентарызму ў эміграцыі, неабходна сказаць, што нягледзячы на аддаленасць ад радзімы, малыя шанцы на дасягненне палітычных мэт, палякі, якія знаходзіліся ў Лондане, змаглі стварыць асноўныя дзяржаўныя інстытуты ў выгнанні, якія былі звязаныя з польскімі парламенцкімі традыцыямі.

Асноўныя палітычныя сілы ў эміграцыі. 21 сакавіка 1945 г. спыніў існаванне эмігранцкі квазі-парламент — II Нацыянальны савет РП, які быў распушчаны дэкрэтам прэзідэнта. Польскія палітыкі, якія засталіся ў Лондане, думалі аб стварэнні новага, прыстасаванага да ўмоў эміграцыі Савета [1, s. 200—202]. Адтэрміноўка ў яго фарміраванні прывяла да расколу эмігранцкага лагера прыкладна на 3 групы: 1) «нязломныя» — гатовыя да далейшай барацьбы. Іх лідэрамі былі прэзідэнт У. Рачкевіч, прем’ер-міністр Т. Арчышэўскі і галоўнакамандуючы генерал У. Андэрс; 2) згодныя на чале з былым прэм’ер-міністрам С. Мікалайчыкам і былым старшынёй II Нацыянальнага савета С. Грабскім, якія жадалі вярнуцца ў Польшу; 3) шматлікія «абыякавыя» палякі, якія засталіся на Захадзе ў пошуках лепшага жыцця. Згаданы падзел паглыбіўся пасля Ялцінскай канферэнцыі, некарысныя вынікі якой прывялі да канчатковага разыходжання палітыкаў у краіне і ў эміграцыі.

Сімвалічнай стала апошняя размова Мікалайчыка з генералам Андэрсам 24 лютага 1945 г., падчас якой абодва палітыкі дастаткова рэзка акрэслілі свае разыходжанні. Андэрс рыхтаваўся да далейшай барацьбы і дзеяння ў эміграцыі. Ён лічыў, што чарговая вайна была «непазбежнай, нават калі б амерынканцы і англічане яе не хацелі. Таму трэба не вяртацца ў Польшчу, а рыхтаваць прытулак для двух мільёнаў палякаў з Германіі і некалькіх мільёнаў палякаў з Польшчы, якія будуць збягаць за мяжу». Мікалайчык не пагадзіўся з такімі довадамі і акрэсліў іх як «фальшывыя і памылковыя». Ён лічыў, што польскую палітыку неабходна праводзіць пад лозунгам «усе вяртаемся ў краіну і барацьба павінна ісці ў тым накірунку, каб іх (меліся на ўвазе тыя, хто вяртаўся з эміграцыі. — Р. Т.) бяспека і магчымасць свабоднага пражывання ў Польшчы была забяспечана. Мая палітыка ідзе ў гэтым накірунку, а ці яна спраўдзіцца — час пакажа»[2, s. 217—219; 3, s. 316—318]. Палітыкі ў краіне таксама жадалі міру, а не трэцяй сусветнай вайны і падзялялі погляды Мікалайчыка. У сваю чаргу «нязломныя», якія выказваліся за працяг барацьбы за вольную Польшчу ў межах 1939 г. на ўсходзе і новых, вызначаных ў выніку магчымай сусветнай вайны, межах на захадзе і поўначы, заставаліся ў меншасці. Яны нават не змаглі дамовіцца з кіраўнікамі палітычных партый, што імкнуліся стварыць «дзяржаўныя» структуры ў выгнанні. Сілы польскай эміграцыі перш за ўсё падарвала вяртанне ў Польшчу лідэра Стронніцтва людовага Мікалайчыка і кіраўніка Стронніцтва працы (СП) К. Попеля, якія змаглі прыцягнуць на свой бок старшыню II Нацыянальнага савета РП С. Грабскага, а таксама некалькі членаў са складу I і II Нацыянальнага савета РП [4, s. 26—28]. У сваю чаргу, лагер «нязломных» у Лондане ліхарадзіла ад унутраных канфліктаў, выкліканых дыскусіямі аб далейшых накірунках развіцця і асцярогай за сваю будучыню. Дадатковым фактарам стала і змена рашэння аб абранні наступнага прэзідэнта. Справа ў тым, што У. Рачкевіч, які займаў гэту пасаду да 1947 г., перад смерцю прызначыў спадкаемцам замест узгодненага яшчэ ў 1944 г. сацыяліста Т. Арчышэўскага кіраўніка сваёй грамадзянскай канцэлярыі А. Залескага. Але яго кандыдатуру не падтрымала кіраўніцтва Польскай сацыялістычнай партыі (ППС) — А. Чолкаш і Т. Арчышэўскі — і дробныя эмігранцкія групы. У апазіцыю перайшло і Стронніцтва нарадова (СН) на чале з Т. Бялецкім [5, 5A — Zarządzenie prezydenta o wyznaczeniu następcy. Ruthin 26 IV 1947 r., brak paginacji (b. p.); 6].

Ад пачатку існавання лонданскага цэнтра Польскае стронніцтва людова (ПСЛ) ў эміграцыі не прызнавала яго ў якасці «дзяржавы ў выгнанні». Стаўленне партыі не змянілася і пасля пабегу з краіны ў 1947 г. С. Мікалайчыка, які зноў узначаліў сялянскі рух. Падобную пазіцыю займала і частка СП на чале з К. Попелем [7, s. 194—196]. Канфлікт паміж лідарамі палітычных сіл прывёў да доўгага «застою» у функцыяніраванні прадстаўніцтва ў эміграцыі.

Спробы стварэння прадстаўнічых органаў у выгнанні. У 1947—1949 гг. у канцылярыях прэзідэнта А. Залескага і прэм’ер-міністра Т. Бур-Камароўскага ішла праца над дэкрэтамі, якія б рэгулявалі дзейнасць Нацыянальнага савета РП. Былі нават падрыхтаваны адпаведныя праекты, але не хапіла палітычнага жадання па ўдасканаленні іх зместу і ўвядзення ў якасці закона на падставе «дэкрэта» прэзідэнта. Адначасова са згаданай працай назіраліся спробы партый дамовіцца паміж сабой па пытанні стварэння квазі-парламента. Найбольш значнымі сталі перамовы ППС і ПСЛ, у выніку якіх у лістападзе 1948 г. было створана Паразуменне дэмакратычных партый (ПДП). Але спробы пашырыць палітычнае прадстаўніцтва гэтага аб’яднання за кошт СП, СН, групы палітыкаў з СД і Польскага руху за свабоду «Незалежнасць і дэмакратыя» не далі станоўчых вынікаў. Сфарміраваўшыя ПДП палітыкі змаглі толькі выступіць з сумеснай праграмнай дэкларацыяй, падпісанай у лістападзе 1948 г. ППС, ПСЛ і СП. У ёй змяшчаўся заклік да барацьбы «за вяртанне Польшчы незалежнасці і ўсталяванне сапраўднага дэмакратычнага ладу». Аднак спробы перайсці да актыўнай палітычнай дзейнасці і стварыць Пагаджальную камісію засталіся безвыніковымі [8; 9, s. 78—79].

У 1949 г. гэтая кааліцыя распалася. Кіраўніцтва ППС вырашыла пайсці на супрацоўніцтва з СН, якое зацягнулася на дваццаць год. Новы прэзідэнт у эміграцыі А. Залескі зрабіў контрход. У чэрвені 1949 г. ён склікаў III Нацыянальны савет, які складаўся з некалькіх палітычных груп: пілсудчыкаў, Лігі незалежнай Польшчы (кіраўнік М. Гражыньскі), людаўцаў са Стронніцтва людовага «Вольнасць» (лідар — Е. Кунцэвіч), Саюза польскіх сацыялістаў на чале з А. Прагерам — і меў традыцыйныя дарадчыя функцыі. Старшынёй III Нацыянальнага савета быў абраны дыпламат В. Гжыбоўскі, а пасля яго — былы член I Нацыянальнага савета, які дзейнічаў у гады Другой сусветнай вайны, амбасадар Т. Філіповіч [10, A/97. Nominacje członków Rady Narodowej z 3 V 1949 r.; 10, A5/100. Diariusz posiedzenia Rady Narodowej RP z 13 VI 1949 r., nr 3]. Палітычныя партыі ў эміграцыі, галоўным чынам ППС і СН, абураныя такой ініцыятывай, стварылі ў канцы 1949 г. канкурэнтнае аб’яднанне квазі-парламенцкага тыпу — Палітычны савет на чале з Т. Арчышэўскім. Яно мела размытыя мэты, галоўнай з якіх лічылася барацьба з «прэзідэнцкім асяроддзем» у эміграцыі. Уваходзіўшыя ў Нацыянальны савет палітыкі стварылі квазі-ўрад, якім фактычна з’яўляўся Выканаўчы аддзел з падраздзяленнямі, што адпавядалі міністэрствам «урада ў выгнанні». Але ні Палітычны савет Арчышэўскага, ні Выканаўчы аддзел Здзяхоўскага так і не змаглі заваяваць даверу эмігрантаў [11, s. 29; 5, 6A. — Skład Rady Politycznej z XII 1949 r.; 12]. На рубяжы 1940—1950-х гг. у барацьбе за лідарства А. Залескі змог заручыцца падтрымкай У. Андэрса, што дадала першаму папулярнасці сярод былых жаўнераў Польскіх узброеных сіл на Захадзе. Пра гэта сведчыла іх значнае прадстаўніцтва на ўрачыстасцях з удзелам прэзідэнта з нагоды нацыянальных святаў.

Нацыянальны савет дастаткова ўдала выконваў абавязкі так званага «парламента ў выгнанні». Ён змог захаваць апрабіраваныя для эміграцыі формы дзейнасці — пленарныя паседжанні і працу ў камісіях. Акрамя гэтага, члены Савета займаліся важнымі для эмігрантаў справамі, як, напрыклад, фінансаванне палітычных, адукацыйных і культурных устаноў. Яго прадстаўнікі шмат ездзілі па краінах са значнай колькасцю польскіх эмігрантаў у пошуках іх падтрымкі для рэалізацыі ідэі стварэння «малай Польшчы» ў выгнанні [10, A5/116 «Diariusz Rady Narodowej RP» z 16 II 1952, nr 6. Lista członków IV Rady Narodowej; 10, I posiedzenie IV Rady Narodowej RP w dniu 1 XII 1951 r.]. У сваёй дзейнасці «прэзідэнцкае асяроддзе» атрымала падтрымку Папы Рымскага Пія XII, які ў 1949 г. сустрэўся з прадстаўнікамі Савета, што мела вялікае значэнне для эміграцыі у большасці сваёй каталіцкага веравызнання [10, «Diariusz Rady Narodowej» z 14 XI 1949, nr 15, s. 234]. Члены Нацыянальнага савета РП стварылі фонд Нацыянальнага скарбу, за ўзор якога быў узяты адпаведны фонд, створаны ў XIX ст. З. Мілкоўскім. Па-ранейшаму прэзідэнцкае асяроддзе падтрымлівалася, у тым ліку і фінансава, салдатамі Польскіх узброеных сіл на Захадзе [13, s. 22; 14, s. 365—371]. Такім чынам, у барацьбе за падтрымку эміграцыі Палітычны савет прайграў Нацыянальнаму савету.

У 1952—1953 гг. пачало назірацца збліжэнне паміж прыхільнікамі А. Залескага і апазіцыйнымі ім партыямі, што стварылі Палітычны савет. Важную ролю ў збліжэнні розных палітычных сіл адыграў лідэр групы «старых пілсудчыкаў» генерал К. Саснкоўскі, які на працягу двух гадоў праводзіў размовы з супрацьлеглымі сіламі. Іх вынікам стала падпісанне 14 сакавіка 1954 г. «Акта аб аб’яднанні» эміграцыі. Гэты дакумент усталяваў новую формулу «парламента ў выгнанні» — Савет нацыянальнага адзінства (СНА) (палітычны орган з такой назвай быў створаны падпольнымі партыямі на акупіраваных польскіх землях у гады Другой сусветнай вайны), склад якога планавалася пашырыць за кошт прамых выбараў сярод эмігрантаў. Меркавалася, што статут СНА будзе дапоўнены за кошт прынятых у час вайны і ў пасляваенныя гады заканадаўчых пастаноў Нацыянальнага савета з улікам досведу функцыянавання існуючых нарматыўных дакументаў і дзейнасці спецыялізаваных камісій і прэзідыума Савета. Унесеныя змены павінны былі ліквідаваць магчымыя канфлікты паміж «выканаўчай уладай» і «нацыянальным прадстаўніцтвам у эміграцыі» [15, s. 3—14; 16, s. 93; 17, s. 211—217]. Правядзенне ж выбараў (нават моцна абмежаваных) давала польскім эмігрантам права галасаваць за лепшых, па іх меркаванню, прадстаўнікоў у складзе «парламента ў выгнанні».

Аднак бакі так і не змаглі канчаткова дамовіцца. Лагер Залескага не хацеў аддаваць уладу членам Палітычнага савета, якія супрацоўнічалі з амерыканскай і англійскай разведслужбамі з мэтай дэстабілізацыі камуністычнай сістэмы ў Польшчы. Прэзідэнцкае асяроддзе лічыла іх дзеянні «няправільнымі» і абвінавачвала членаў Палітычнага савета ў звядзенні сваёй ролі да ролі амерыканскіх «агентаў». Такая пазіцыя Залескага і яго паплечнікаў прывяла да зрыву перамоў па аб’яднанні і складвання двух лагераў — «легалістаў» і «прыхільнікаў аб’яднання», якія праіснавалі амаль васемнаццаць год [18, 32 — Oświadczenie prezydenta Rzeczypospolitej z 3 VI 1954 r., b. p.; 19, s. 37—39]. Непасрэднай жа падставай расколу стала адмова Залескага ад папярэдне ўзгодненай адстаўкі з пасады прэзідэнта. Прыхільнікі Палітычнага савета палічылі гэты факт парушэннем дэкларацыі аб тэрміне паўнамоцтваў прэзідэнта. Справа ў тым, што сямігадовы тэрмін праўлення А. Залескага скончыўся 9 чэрвеня 1954 г., а прэзідэнт адмовіўся сыйсці ў адстаўку і такім чынам займаў гэтую пасаду да сваёй смерці ў 1972 г.

Згаданая сітуацыя істотна паўплывала на далейшыя лёсы польскай эміграцыі. Было бачна, што з 1947 г. раскол сярод эміграцыі паглыбляўся, што прывяло да паралельнага існавання да пачатку 1970-х гг. двух палітычных сіл, прэтэндаваўшых на ўладу [20, s. 187—189]. Так, з 1954 г. у Лондане дзейнічалі два прэзідэнты — А. Залескі і Савет трох (у складзе У. Андэрса, Т. Арчышэўскага (пасля смерці ў 1955 г. яго месца заняў Т. Бур-Камароўскі) і Э. Рачынскага) [21, 77 — Uchwały Zasadnicze TRJN z lat 1954—1961, b. p.; 22, s. 37—39], два эмігранцкія «урады» — адзін прызначаны прэзідэнтам А. Залескім, а другі — Выканаўчы камітэт Нацыянальнага аб’яднання [23, s. 140—142, 151—153]. Адпаведна існавалі і два «парламенты ў выгнанні» — Савет РП (у 1971—1972 гг. — Дзяржаўны савет РП) і Часовы савет нацыянальнага адзінства (з 1962 г. Савет нацыянальнага адзінства), два нацыянальныя скарбы і прадстаўніцтвы ў Велікабрытаніі і іншых краінах, дзе масава пражывалі палякі. Існуючае палажэнне прыводзіла да вострых палітычных спрэчак, якія спалучаліся з узаемнымі абвінавачаннямі і ўзвядзеннем паклёпаў на праціўнікаў, што, у сваю чаргу, значна спрошчвала камуністычным уладам барацьбу з эмігранцкім асяроддзем. Яны актыўна выкарыстоўвалі рознага рода публікацыі, пісалі агітацыйныя пасквілі і кампраметавалі дзейнасць «уладных эмігранцкіх структур» сярод эмігрантаў і ў краіне. Гэта было істотным момантам, бо за патэнцыяльны «электарат» змагаліся два інстытуты з падобнымі кампетэнцыямі. Кожны з іх хацеў прадстаўляць польскую эміграцыю і лічыцца адзіным барацьбітом за незалежнасць. Часовы савет нацыянальнага адзінства і Савет РП выкарыстоўвалі аднолькавыя юрыдычныя нормы, звярталіся да Канстытуцыі 1935 г., якую, праўда, па-рознаму інтэрпрэтавалі. Лагер «прыхільнікаў аб’яднання» карыстаўся канстытуцыяй, дзе былі ўнесены змены ў адпаведнасці з парыжскім пагадненнем 1939 г. і далейшымі пастановамі, на падставе якіх прэзідэнт А. Рачкевіч перадаў значную частку сваіх паўнамоцтваў прэм’ер-міністру, ураду і Нацыянальнаму савету РП.

У сваю чаргу, «легалісты» з асяроддзя А. Залескага даслоўна трактавалі канстытуцыю 1935 г. Яны выступалі за моцную ўладу «адказнага» толькі «перад Богам і гісторыяй» прэзідэнта. У жніўні 1954 г. пазіцыі гэтага лагера былі аслаблены ў сувязі з пераходам на бок іх праціўнікаў генерала У. Андэрса. Ён перацягнуў за сабой вышэйшы афіцэрскі састаў і некалькі дзесяткаў тысяч салдат Польскіх узброеных сіл на Захадзе, якія ўваходзілі ў Аб’яднанне польскіх былых франтавікоў, а таксама лідараў палітычных партый (між іншых пілсудчыкаў на чале з доктарам М. Гражыньскім, Р. Пілсудскім), што прывяло да дамінацыі «прыхільнікаў аб’яднання» у эміграцыі [24, s. 7—8, 11—14]. Маючы ў сваім распараджэнні перыядычныя выданні, у тым ліку найбольш папулярны «Dziennik Polski i Dziennik Żołnierza», падтрымку большасці каталіцкага клеру, яны змаглі адкласці прапрэзідэнцкія структуры і Савет РП на ўзбочча палітычнага жыцця. Дагматызм, чаплянне за «прэзідэнцкае крэсла» на лонданскім «Замку» на вуліцы Eaton Place 43 дрэнна ўспрымалася маладым пакаленнем польскіх эмігрантаў. Пабачыўшы ўпор і запальчывасць «старых» палітыкаў, якія пастаянна сварыліся паміж сабой, яно адварочвалася ад іх і ўлівалася ў англійскае асяроддзе [25].

У 1960-я гг. стала відавочным, што лагер «прыхільнікаў аб’яднання» стаў сапраўднай палітычнай сілай у польскім Лондане. Савет нацыянальнага адзінства (яго старшынёй на працягу ўсяго існавання быў Т. Бялецкі) стаў паспяховай структурай. Тут прымаліся рашэнні аб персанальным складзе «аб’яднанага ўрада» — Выканаўчага камітэта Нацыянальнага аб’яднання, зацвярджаўся бюджэт, вызначаліся напрамкі знешняй і ўнутранай палітыкі [21, 313 — Powołanie nowej Egzekutywy Zjednoczenia Narodowego 1 III 1956, b. p.; 26, s. 76—99]. У сваю чаргу на чале прапрэзідэнцкага Савета РП у 1960-я гг. стаяў вядомы сацыялістычны дзеяч прафесар А. Прагер, роля якога пастаянна змяншалася ў выніку ўнутранай барацьбы. Частка членаў Савета РП імкнулася дасягнуць паразумення з «аб’яднаным лагерам», а таму неаднаразова звярталася да прэзідэнта А. Залескага з заклікамі аб згуртаванні эміграцыі. Савет РП нават спрабаваў абнавіць свой склад шляхам правядзення «ўсеагульных выбараў» (1954 г.), але ў іх прынялі ўдзел толькі 4 % эмігранцкіх колаў. Больш падобныя спробы не прадпрымаліся [18, 32 — Zarządzenie wyborów w strefie wielkobrytyjskiej. Londyn 1954 (komunikat Polskiej Agencji Telegraficznej). b. p.; 10, A5/135 — Komunikat Głównej Komisji Wyborczej. b. p.].

Існавалі праблемы і ў Савеце нацыянальнага адзінства (СНА). Выбары яго складу былі праведзены толькі на пачатку 1960-х гг., у якіх прынялі ўдзел 10 % эмігрантаў. Намер правесці галасаванне ў будучым не здзейсніўся ў выніку крызісу 1967—1969 гг. Ён быў выкліканы канфліктам паміж лідарамі нацыянальнага лагера і сацыялістамі, якія змагаліся за ўплыў у Савеце трох. У выніку супрацьдзеянняў эндэкаў і іх палітычных саюзнікаў у СНА сацыялісты не змаглі ўвесці ў склад Савета трох ні А. Чолкаша, ні В. Пелчыньскай. Гэты канфлікт заблакіраваў выбары да СНА (1968—1969 гг.), таму ў яго склад былі ўведзены толькі дэлегіраваныя члены партый і грамадскіх арганізацый. ППС устрымалася ад падобнага рашэння. У выніку ў канцы 1960-х гг. асабісты склад СНА быў звужаны, што прывяло да змяншэння яго ролі. Выйграў ад гэтага Савет трох, які стаў арбітрам паміж пасварыўшыміся палітыкамі.

На шляху да кансалідацыі сіл. Існуючыя ў канцы 1960-х гг. канфлікты ў Савеце РП і СНА не спрыялі перамовам аб аб’яднанні. Прадстаўнікі нацыянальнага лагера, якія канфліктавалі з групай А. Чолкаша ў ППС, заявілі аб выхадзе з СНА, а эндэкі ўсталявалі неафіцыйныя кантакты з краінай, бо лічылі, што формула «дзяржава ў выгнанні» вычарпала сябе. Вынікам гэтага стала стварэнне Польскага нацыянальнага аб’яднання, якое, як было запісана ў дэкларацыі, лічыцца «з рэаліямі свету», а таму выступае з вострай крытыкай ідэі польскай дзяржавы ў выгнанні як закасцянелага стварэння [27, s. 1]. Стала відавочным, што пакуль існуюць «старыя» палітыкі, адзінства эміграцыі ў Лондане не будзе, бо антыпатыі не дазволяць дасягнуць паразумення. Сітуацыя змянілася ў канцы 1960-х — пачатку 1970-х гг., калі з палітычнай арэны сышлі К. Саснкоўскі, С. Мікалайчык, Т. Бур-Камароўскі, У. Андэрс, А. Залескі. Малодшае пакаленне палітыкаў, якое падчас вайны дзейнічала ў СНА ці ў Нацыянальным савеце ў эміграцыі, змагло ў 1973 г. аб’яднаць эміграцыю. Прэзідэнт С. Астроўскі, а таксама З. Мухнеўскі, З. Шадкоўскі, А. Прагер, А. Чолкаш, Ф. Вілк і былыя лідэры Польскіх узброеных сіл на Захадзе і АК падпісалі і рэалізавалі пагадненне. Гэта яны змаглі аднавіць дзейнасць Нацыянальнага савета РП, захаваць нацыянальны скарб, стварыць адзіны «урад» і, галоўнае, прызналі толькі аднаго прэзідэнта — С. Астроўскага [28, s. 3—28].

У 1973—1990/1991 гг. адбылося далейшае аб’яднанне эміграцыі. Было створана чатыры Нацыянальныя саветы РП (V—VIII склікання) і тры ўрады ў эміграцыі (А. Урбаньскага, К. Саббата, Э. Шчэпаніка), абраны чатыры прэзідэнты (С. Астроўскі, Э. Рачыньскі, К. Саббат, Р. Качароўскі). Пасля аб’яднання Нацыянальны савет налічваў 200 членаў і згуртаваў, акрамя эндэкаў і дробных палітычных груп, усе эмігранцкія асяродкі па ўсім свеце.

У другой палове 1970-х гг. склад Нацыянальнага савета быў зменшаны да 100 чалавек, пасля чаго пачаў плённа працаваць, стаў месцам падпісання «кааліцыйных пагадненняў», што прыводзіла да стварэння чарговага ўрада. Па-ранейшаму вялікую ролю адыгрываў прэзідэнт РП. Асаблівай увагі заслугоўвае дзейнасць С. Астроўскага, якога лічылі «аб’яднальнікам эміграцыі». Ён стварыў новы стыль кіравання, які прадугледжваў правядзенне кансультацый з палітычнымі партыямі і ўлік іх меркаванняў. Такую ж пазіцыю занялі і наступныя прэзідэнты. Дзякуючы гэтаму Нацыянальны савет РП меў уплыў на палітыку эмігранцкага ўрада, яго склад і адносіны са знешнім светам. Напрыклад, у 1970-я гг. спробы ўрада дасягнуць паразумення з правымі палітыкамі ФРГ выклікалі крытыку Нацыянальнага савета, што прывяло да спынення перамоў і ў цэлым дзеянняў у гэтым накірунку [29]. Аднак ніводны Нацыянальны савет РП не меў уплыву на працэдуру выбару прэзідэнта ў эміграцыі. Тут па-ранейшаму рашэнне прымаў прэзідэнт, які сыходзіў са сваёй пасады: пасля правядзення кансультацый ён прызначаў свайго пераемніка. Прэзідэнты ў эміграцыі строга прытрымліваліся сваіх праў, гарантаваных Канстытуцыяй 1935 г. Тое ж можна сказаць і пра чарговых «маршалкаў» — старшынь Нацыянальнага савета Ф. Вілька, А. Сцібор-Рыльскага ці З. Шадкоўскага, якія дастаткова ўдала кіравалі дзеяннямі эмігранцкіх прадстаўнічых органаў, абапіраючыся на традыцыі парламентарызму [30, s. 5—7, 10—13, 15—18].

У 1970-80-я гг. тройчы праводзіліся выбары ў склад Нацыянальнага савета. У іх прымалі ўдзел каля 10 % «электарату ў выгнанні» у Лондане і некалькі асяроддзяў па-за Вялікабрытаніяй (як на ўмовы эміграцыі гэта быў добры паказчык. — Р. Т.). Падчас перадвыбарнай кампаніі шмат хто з палякаў даведваўся аб існаванні дзяржавы ў выгнанні і ўключаўся ў яе дзейнасць. На сесіях Нацыянальнага савета зацвярджаліся чарговыя бюджэты ўрадаў у эміграцыі, вёўся разлік сродкаў, атрыманых праз філіялы Нацыянальнага скарбу, прадстаўляліся праграмы польскіх палітычных партый у эміграцыі, адбываліся дыскусіі аб накірунках «замежнай» палітыкі кабінетаў, абмяркоўвалася сітуацыя ў краіне і напрамкі палітыкі камуністычнага ладу. Падчас шматлікіх пасяджэнняў ішлі спрэчкі аб будучым дэмакратычным ладзе Польшчы, надавалася значная ўвага такім «летуценным» тэмам, як уваходжанне краіны ў НАТА і Еўрапейскую супольнасць, дэпутаты выказвалі свае меркаванні наконт палітыкі Захаду ў дачыненні да міжваеннай Польшчы і СССР, неаднаразова выступалі супраць пастаноў Ялцінскай канферэнцыі і з патрабаваннем скасаваць іх [31].

У шматлікіх рэзалюцыях асуджалася савецкае дамінаванне ў Польшчы. Падчас выступленняў у Нацыянальным савеце падвяргаліся крытыцы чарговыя камуністычныя дзеячы, якія парушалі правы чалавека ў Польшчы. Гады барацьбы паўплывалі на аслабленне камуністычнага ціску ў краіне. У 1970-я гг. лонданская эміграцыя пачала фінансава падмацоўваць польскае палітычнае супраціўленне: быў арганізаваны выдавецкі рух, падтрымліваліся радыёперадачы. Дзякуючы пратэстам на вуліцах Лондана, Парыжа і Вашынгтона супраць ціску на незалежны прафсаюз «Салідарнасць» і Касцёл, польскае грамадства даведалася аб існаванні ўрада ў выгнанні, а шматлікія палітыкі ў краіне пачалі лічыць яго сапраўдным прадстаўніцтвам польскага народу, сведчаннем чаму было прыняцце з рук прэзідэнта ўзнагарод [32]. У канцы 1980-х гг. дзякуючы пераменам у СССР стала магчымым мірнае ажыццяўленне палітычных перамен у Еўропе. Такі спосаб аднаўлення незалежнасці быў пазітыўна ўспрыняты эмігранцкімі коламі, якія пасля прэзідэнцкіх (1990 г.) выбараў у Польшчы прынялі рашэнне аб спыненні сваёй палітычнай дзейнасці. Яны вельмі ўзважана і асцярожна пайшлі на гэты крок [33, s. 73]. Перакананасць прэзідэнта Р. Качароўскага пры падтрымцы большасці эмігранцкіх дзеячаў паставілі кропку ў гэтай справе [34; 35, Cz. 2. VII/51 — Posiedzenie Rady Gabinetowej w dniu 10 XII 1990 r.; 35, VII/68 — Dekret prezydenta RP o zakończeniu działalności i rozwiązaniu rządu na uchodźstwie 20 XII 1990]. Палітычнае прадстаўніцтва ў выгнанні спыніла сваё існаванне ў 1991 г. пасля правядзення ў Польшчы выбараў у сейм і сенат. Мэта эмігранцкіх колаў была дасягнута — Польшчы была вернута вольнасць, а тэстамент 1945 г. урада ў эміграцыі і Савета нацыянальнага адзінства быў выкананы [36].

Польскія квазі-парламенцкія інстытуты ў эміграцыі сталі састаўной часткай гісторыі польскай дэмакратычнай традыцыі. Існаванне значнай колькасці прадстаўнічых органаў сведчыла аб вялікай прывязцы палякаў да падобнага роду дэмакратычных органаў, якія больш за пяцьдзесят год існавалі ў польскім палітычным жыцці.

Пераклад з польскай мовы дацэнта кафедры гісторыі паўднёвых і заходніх славян БДУ Л. А. Козік

Литература

1. Duraczyński, E. O Polsce na uchodźstwie. Rada Narodowa Rzeczpospolitej Polski 1939—1945 / E. Duraczyński, R. Turkowski. Warszawa : Wydawnictwo Sejmowe, 1997. 388 s.
2. Rozmowa prezesa Stanisława Mikołajczyka z generałem Wł. Andersen w dniu 24 lutego 1945 r. // Zeszyty Historyczne. № 83/19.
3. Anders, W. Bez ostatniego rozdziału: wspomnienia z lat 1939—1946 / W. Anders. Londyn, 1979.
4. Turkowski, R. Polskie Stronnictwo Ludowe w obronie demokracji 1945—1949 / R.Turkowski. Warszawa : Wydawnictwo Sejmowe, 1992. 348 s.
5. Instytut Polski i Muzeum im. Gen. W. Sikorskiego (dalej: IPiM). Kolekcja T. Arciszewskiego. Sygn. 97.
6. Oświadczenie Stronnictwa Narodowego w sprawie utworzenia Rady Narodowej // Placówka. 14 lutego 1949 r. Nr 20—21.
7. Buczek, R. Stanisław Mikołajczyk: w 2 t. / R. Buczek. Toronto : Century Publishing Company, 1996. T. II. 613 s.
8. Deklaracja Porozumienia Stronnictw Demokratycznych. Londyn, 1948.
9. Siwik, A. Próba utworzenia reprezentacji ugrupowań politycznych na emigracji w latach 1946—1949/ A. Siwik // Dzieje Najnowsze. 1996. Nr 2.
10. IPiM. Rada Narodowa RP.
11. Radzik, T. Z dziejów społeczności polskiej w Wielkiej Brytanii po II wojnie światowej / T. Radzik. Lublin, 1991.
12. X sesja Rady Politycznej // Biuletyn polityczny. 16 II 1951 r. Nr 25.
13. Wohnout, W. Rząd, Rada Narodowa, Skarb Narodowy. Uwagi i wyjaśnienia / W. Wohnout. Londyn, 1952.
14. Trzeciak, K. Zarys historii Skarbu Narodowego / K. Trzeciak. T. III: Kierownictwo obozu niepodległościowego na obczyźnie 1945—1990: praca zbiorowa / red. A. Szkita. Londyn : Polskie Towarzystwo Naukowe na Obczyźnie, 1996.
15. Akt Zjednoczeniowy podpisany w dniu 14 marca 1954 r. w Londynie przez polskie niepodległościowe stronnictwa i ugrupowania polityczne. Londyn, 1954.
16. Habielski, R. Polski Londyn / R. Habielski. Wrocław : Wydawnictwo Dąlnośląskie, 2000. 264 s.
17. Urban, A. Emigracyjny dramat / A. Urban. Warszawa : Bellona, 1998. 407s.
18. IPiM. Kolekcja R. Odzierżyńskiego. Sygn. 89.
19. W obronie konstytucji i niezależności polityki polskiej (Zbiór dokumentów od września 1952 do czerwca 1954). Londyn : Biuro Prezydium Rady Ministrów, 1955. 47 s.
20. Friszke, A. Życie polityczne emigracji / A. Friszke. Warszawa : Biblioteka «Więzi», 1999. 512 s.
21. IPiM. Tymczasowa Rada Jedności Narodowej. Sygn. 408.
22. Wybór dokumentów do dziejów polskiego uchodźstwa niepodległościowego 1939—1991 / Oprac. i red. A. Suchcitz [i in.]. Londyn : Polskie Towarzystwo Naukowe na Obczyźnie, 1997. 809 s.
23. Turkowski, R. Parlamentaryzm polski na uchodźstwie 1945—1972 / R. Turkowski. Warszawa : Wydawnictwo Sejmowe, 2001. 339 s.
24. Przemówienie Generalnego Inspektora Polskich Sił Zbrojnych gen. broni Władysława Andersa na zjeździe przedstawicieli Zarządów Kół Oddziałach w dniu 14 sierpnia 1954 r. w Londynie. Londyn, 1954.
25. Przed nową Radą RP. Wywiad z premierem rady ministrów Antonim Pająkiem // Rzeczpospolita Polska. 1958. 1 lutego.
26. Hrabyk, K. Polska emigracja polityczna. Historia Rady Jedności Narodowej: w 2 cz. / K. Hrabyk. Warszawa, 1973. Cz. II.
27. Na nowej drodze. Ogólny zjazd delegatów Polskiego Stronnictwa Zjednoczenia Narodowego w Londynie, 2 grudnia 1972 r. Londyn, 1973.
28. Scalenie obozu niepodległościowego. Fakty i dokumenty. Londyn, The Polish Government in Exile, 1973. 36 s.
29. Dekret prezydenta RP z 29 V 1973 r. o powołaniu Rady Narodowej RP // Dziennik Ustaw RP. Londyn. 20 VI 1973. Nr 3.
30. Władze Rzeczpospolitej Polskiej na uchodźstwie. Londyn : Rząd Rzeczypospolitej Polskiej na uchodźstwie, 1988. 40 s.
31. Studium Polski Podziemnej w Londynie. Egzekutywa Zjednoczenia narodowego. Kol. 37/2, Polski ośrodek polityczny w Londynie z początkiem roku 1965. b. p.
32. Turkowski, R. Rada Narodowa RP po zjednoczeniu emigracji 1972—1989 / R. Turkowski T. 3: Kierownictwo obozu niepodległościowego na obczyźnie 1945—1990: praca zbiorowa / red. A. Szkita. Londyn : Polskie Towarzystwo Naukowe na Obczyźnie, 1996. S. 182—316.
33. Turkowski, R. Ostatnia Rada Narodowa na uchodźstwie 1981—1991. T. VI: Zakończenie działalności władz RP na uchodźstwie w 1990 r.: praca zbiorowa / red. Z. Błażyński [i in.]. Londyn : Polskie Towarzystwo Naukowe na Obczyźnie, 1995. S. 73—144.
34. Dziennik Polski i Dziennik Żołnierza. 16 grudnia 1991.
35. IPiM. Prezydent R. Kaczorowski. Sygn. A48.
36. Deklaracja Rady Narodowej RP z 8 XII 1991 r. // Dziennik Polski i Dziennik Żołnierza. 16 grudnia 1991 r. Nr 299.

Наверх

Tags: ,

Comments are closed.

-->