Joanna Siedlecka. Kryptonim «Liryka». Bezpieka wobec literatów. Warszawa : Prószyński i S-ka, 2008. 445 s.
Кніга Й. Седлецка «Мянушка “Лірыка”. Бяспека і пісьменнікі» прысвечана вывучэнню вельмі складанай і ў значнай ступені палітызаванай праблеме — аператыўнай распрацоўцы польскай Службай бяспекі (СБ) літаратарскага асяроддзя. Ва ўступным слове аўтар адзначае, што назва манаграфіі была выбрана невыпадкова, бо менавіта мянушку «Лірыка» спецслужбы далі знакамітай паэтэсе В. Шымборскай пасля падпісання ёю ў 1976 г. пратэсту супраць змен у канстытуцыі Польскай Народнай Рэспублікі (ПНР).
Тыя, хто займаецца гісторыяй ПНР, ведаюць пра папулярнасць сярод сучасных польскіх даследчыкаў тэмы супрацоўніцтва са спецслужбамі ці супрацьстаяння ім. Не стала выключэннем у гэтым і Й. Седлецка, якая не ўпершыню спрабуе разабрацца ў хітраспляценні гэтых адносін і, як сама адзначае ва ўводзінах, жадае «высветліць механізм здрады» (с. 7).
Разглядаемая кніга складаецца з трох частак, у якіх прасочваецца аперацыйная дзейнасць спецслужбаў у дачыненні пісьменнікаў, аналізуюцца крытэрыі выбару кандыдатаў на тайных супрацоўнікаў і характарызуецца іх пазіцыя і дзеянні. У першай частцы аўтар засяродзіла ўвагу на чатырох пісьменніках — А. Слонімскім, С. Дыгаце, Л. Тырмандзе і А. Асецкай, лёс якіх быў вельмі розны, але аб’ядноўвала іх адно — знаходжанне пад калпаком спецслужбаў. Распрацоўка А. Слонімскага пачалася з 1964 г. пасля знакамітай гісторыі з «Лістом 34» да прэм’ер-міністра Ю. Цыранкевіча і працягвалася да смерці празаіка. У выніку справа склала 12 тамоў, якія характарызуюць яго палітычную дзейнасць у Саюзе польскіх літаратараў і ПЭН-клубе, ініцыіраваныя ім акцыі пратэсту («Ліст 15», «Ліст 34», «Мемарыял 59»), пазіцыю падчас сакавіцкіх падзей 1968 г., кантакты з заходнімі дыпламатамі.
Не менш захапляльнай уяўляюцца гісторыі распрацоўкі С. Дыгата. Пасля выхаду ў 1956 г. з ПАРП ён імкнуўся не бываць у кампаніях, не атрымліваць узнагарод і пасад з боку ўлады і ўвогуле не хацеў быць прадстаўніком афіцыйнай польскай літаратуры, чым усё больш прыцягваў увагу спецслужбаў, якія не толькі сачылі, але і распаўсюджвалі ганебныя чуткі пра пісьменніка (с. 58). У сувязі з гэтым Седлецка прыводзіць шмат вытрымак з аператыўных дакументаў, якія адлюстроўваюць стаўленне Дыгата да літаратурных, палітычных і грамадскіх дзеячаў, да цякучых падзей у краіне і характарызуюць яго як чалавека.
Іншы пісьменнік, Л. Тырманд — вядомы польскім чытачам творамі «Дзённік 1954» і «Злы». Спецслужбы займаліся ім з 1946 да 1980 г. (хаця толькі ў 1958 г. завялі на яго справу), аднак так і не змаглі падсадзіць на кручок. Такім чынам, характарызуючы напрамкі дзейнасці СБ, крыніцы інфармавання ( укаранне агентаў у блізкае асяроддзе, шантаж, перлюстрацыя перапіскі, праслухоўванне тэлефонных размоў) і ціск, які аказваўся на пісьменнікаў, Й. Седлецка паказвае розныя паводзіны «фігурантаў». Калі трое вышэйадзначаных адмаўляліся ад супрацоўніцтва, то А. Асецкая пад ціскам абставін (доўгі час ёй не давалі замежнага пашпарта) напісала не адно «пакаянне» аб адносінах з эмігранцкім цэнтрам Е. Гедройца ў Францыі.
Другі раздзел кнігі прысвечаны людзям, якія супрацоўнічалі, альбо былі кандыдатамі на супрацоўніцтва з СБ. Аналізуючы розныя пазіцыі пісьменнікаў, аўтар неаднаразова падкрэслівае, што тых, хто рашуча адмаўляўся ад кантактаў (напрыклад, Х. Берэза, Т. Дрэўноўскі), спецслужбы не краналі, бо хапала жадаючых служыць (с. 137). Але былі і тыя, на каго СБ проста не змагла знайсці кампрамату (напрыклад, Л. Бартэльскі), а таму была вымушана пакінуць чалавека ў спакоі. Увогуле ж распрацоўцы падлягалі пісьменнікі рознага ўзросту — галоўнае каб чалавек валодаў інфармацыяй і мог быць карысным супрацоўнікам.
Трэцяя частка манаграфіі прысвечана дзейнасці літаратараў-агентаў — К. Кажнеўскага, А. Кусьневіча, В. Садкоўскага, Я. М. Гісгера, А. Мінкоўскага, Л. Жуліньскага, В. Хузіка, Л. Ісакевіча і іншых. Сярод прычын, па якіх яны пайшлі на супрацоўніцтва, аўтар называе адсутнасць магчымасці рэалізаваць сябе і свой талент у мастацкіх творах (напрыклад, К. Кажнеўскі), прафесійныя амбіцыі, жаданне знішчыць канкурэнтаў і дасягнуць поспеху любымі сродкамі, імкненне зарабіць грошы ці атрымаць жыллё. Найбольш яскравым прыкладам тут можа служыць Анджэй Кусьневіч — вядомы не толькі ў краіне, але і за яе межамі таленавіты пісьменнік, лаўрэат шматлікіх літаратурных прэмій, які 20 год працаваў на СБ пад псеўданімам «Анджэй». Ён не атрымліваў грошай, бо платай за яго працу была дапамога ў кар’еры, узнагароды, прызнанне і галоўнае — шматлікія публікацыі (с. 202, 208).
Некаторыя са згаданых у гэтым раздзеле людзей дажылі да існавання дэмакратычнай Польшчы і значная большасць з іх аспрэчвае факт свайго супрацоўніцтва з СБ, нават калі архіўныя дакументы Інстытута нацыянальнай памяці (ІПН) сведчаць пра іншае.
Польская даследчыца Й. Седлецка пабудавала сваю манаграфію пераважна на дакументах спецслужбаў, якія, на яе думку, больш інфарматыўныя, чым існуючыя афіцыйныя запісы. Яна адзначае, што апошнія былі рэдагаваны і цэнзураваны тымі, хто іх вёў, канцэнтруюць увагу на «добрым», а не «дрэнным» і не адлюстроўваць сапраўднага палажэння спраў. Дакументы ж ІПН паказваюць адваротны, менш прываблівы бок існаваўшай сітуацыі. Але ў гэтай сувязі ўзнікае пытанне, наколькі можна давяраць дакументам спецслужбаў. Захаваныя паперы таксама носяць суб’ектыўны характар і маглі прайсці аўтацэнзуру альбо непасрэдна тайнага супрацоўніка, альбо яго куратара, які імкнуўся падаць інфармацыю ў карысным для сябе выглядзе.
Ва ўводзінах Й. Седлецка адзначыла, што хацела з дапамогай архіўных дакументаў высветліць механізм здрады той ці іншай асобы (с. 7), а таму прывяла ў рабоце шмат дакументальнага матэрыялу, фотакопій дакументаў. І ўсё ж, як нам падаецца, яна так і не змагла зазірнуць у душу тых, хто пачаў данасіць. Пасля прачытання кнігі застаецца вельмі горкі смак і само сабой узнікае пытанне: «Што аўтар хацела сказаць?». Прыведзеныя Седлецка размовы, інтэрв’ю сведчаць пра тое, што ўжо першапачаткова яе суразмоўцам быў вынесены прысуд — яе ўнутраны прысуд, хаця ва ўводзінах адзначалася, што кніга не з’яўляецца люстрацыйнай, што гэта хутчэй спрэчка аб адпавядальнасці за камунізм (с. 8). Аўтар упэўненая, што тыя, на каго данасілі, павінны ведаць пра тых, хто гэта рабіў, а апошнія змогуць ачысціцца толькі праз прызнанне ў супрацоўніцтве, і такім чынам вярнуць сабе свабоду і незалежнасць (с. 8). Але наколькі гэтым людзям неабходна свабода і незалежнасць, застаецца іх унутраным пытаннем, адказ на якое яны, магчыма, не могуць даць нават самі сабе.
Характарызуючы даследаванне Й. Седлецка, варта ў першую чаргу адзначыць багаты фактычны матэрыял, які, з аднаго боку, дазваляе зразумець механізм функцыянавання сацыялістычнага грамадства ў Польшчы, а з другога – пакідае непрыемнае пачуццё грэблівасці. Але тыя, хто хоча ведаць не толькі афіцыйную гісторыю ПНР, але і гісторыю на паўсядзённым узроўні, павінны ведаць і падобнага роду працы.
Л. А. Козік