Электронная версия белорусского научного исторического журнала “Российские и славянские исследования”

Главная

О журнале

Правила публикации статей

Новый номер!


Канферэнцыі Інстытута гісторыі НАН Беларусі (2004–2005 гг.) па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны

Літвін А. М., Варанкова І. Ю., Здановіч У. В.

А. М. Літвін, загадчык аддзела ваеннай гісторыі і міждзяржаўных адносін Інстытута гісторыі НАН Беларусі, доктар гістарычных навук, прафесар
І. Ю. Варанкова, навуковы супрацоўнік аддзела ваеннай гісторыі і міждзяржаўных адносін Інстытута гісторыі НАН Беларусі
У.В. Здановіч, загадчык кафедры гісторыі Беларусі Брэсцкага дзяржаўнага універсітэта імя А.С. Пушкіна, кандыдат гістарычных навук

Міжнародная навуковая канферэнцыя «Беларусь у гады Вялікай Айчыннай вайны: урокі гісторыі і сучаснасць», прысвечаная 60-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў (Мінск, 29—30 чэрвеня 2004 г.).

Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі прафесар М. Мясніковіч у прывітальным слове адзначыў, што грамадства як ніколі зацікаўлена ў атрыманні аб’ектыўных ведаў пра падзеі вайны, а найноўшыя даследчыцкія працы ў гэтай галіне павінны актыўна выкарыстоўвацца ў адукацыйным працэсе і працы па ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі. На пленарным пасяджэнні былі заслуханы даклады Г. Куманёва (Масква) «Аб рашаючым укладзе СССР у выратаванне сусветнай цывілізацыі ў 1941—1945 гг.», І. Басіка (Масква) «Вялікі подзвіг народаў СССР у гады Вялікай Айчыннай вайны», У. Нявежына (Масква) «Сучасная расійская гістарыяграфія аб стратэгічных намерах І. В. Сталіна напярэдадні вайны з Германіяй (май — 21 чэрвеня 1941 г.)», А. Малышавай (Майкоп) «Адкрытая для злачынстваў прастора: ацэнка германскага нацызму нямецкімі гісторыкамі», А. Лысенкі (Кіеў) «Тэрор і тэрарызм як новае вымярэнне Другой сусветнай вайны», Ю. Партнова «Акружэнне і ліквідацыя груповак праціўніка ў межах стратэгічнай наступальнай аперацыі «Баграціён», С. Міхнюка «Удзел унутраных войскаў у абароне і вызваленні Беларусі і барацьбе з палітычным бандытызмам (1941—1945 гг.)», А. Літвіна «Планаванне, каардынацыя і забеспячэнне баявых дзеянняў партызанскіх сіл Беларусі (восень 1943 — лета 1944 г.)».

На секцыі «Савецкае ваеннае майстэрства ў гады вайны. Баявыя дзеянні на тэрыторыі Беларусі» былі абмеркаваны 15 паведамленняў аб абарончых і вызваленчых аперацыях на тэрыторыі Беларусі ў 1941, 1943 і 1944 гг. Асаблівая ўвага была нададзена падзеям першых дзён вайны. І. Кузняцоў ахарактарызаваў стан Заходняй асобнай ваеннай акругі напярэдадні і ў першыя дні вайны. В. Шацько на прыкладзе вопыту 4-й арміі Заходняга фронту прааналізаваў асаблівасці падрыхтоўкі і вядзення першых абарончых аперацый вайны. Падпалкоўнік С. Трыпалеў зрабіў даклад аб уплыве ўстойлівасці і бесперапыннасці кіравання войскамі на вынікі пачатковага перыяду вайны. Падзеям 1941 г. былі прысвечаны шэраг выступленняў: М. Бузіна аб дыверсійна-разведвальных сілах праціўніка і барацьбе з імі напярэдадні і ў пачатку вайны на тэрыторыі Беларусі; Ф. Свінціцкага аб абарончых аперацыях Заходняга фронту на тэрыторыі Беларусі летам 1941 г.; А. Косцерава аб абароне Магілёва ў кантэксце баявых дзеянняў Заходняга фронту ў ліпені 1941 г.; К. Маля аб контрударах войскаў Заходняга фронту ў час абарончых баёў летам 1941 г.; А. Курмашава аб войсках НКУС і партызанскім руху на тэрыторыі Беларусі ў пачатковы перыяд вайны. Удзельнікамі секцыі дэталёва разглядалася гісторыя вызваленчых баёў за Беларусь у 1943—1944 гг. Р. Мазуркевіч (Масква) прадставіў даклад «Стратэгічнае кіраўніцтва ўзброенымі сіламі ў Беларускай наступальнай аперацыі». А. Самовіч паведаміў аб прарыве абароны праціўніка 42-м стралковым корпусам 1-га Беларускага фронту, Р. Паўловіч — пра дзейнасць Дняпроўскай рачной ваеннай флатыліі ў Бабруйскай аперацыі. Пра баявыя дзеянні 2-га гвардзейскага кавалерыйскага корпуса расказаў яго ветэран, генерал-маёр артылерыі ў адстаўцы В. Шомадзі. Ролі і значэнню войскаў проціпаветранай абароны ў Беларускай наступальнай аперацыі прысвяціў сваё паведамленне падпалкоўнік У. Івашка.

Удзельнікі секцыі «Сучасныя падыходы ў асвятленні праблем Вялікай Айчыннай вайны: пытанні гістарыяграфіі і крыніцазнаўства» адзначылі, што нельга дапускаць ні поўнай апалогіі савецкай гістарыяграфіі, ні поўнага адмаўлення яе значэння. Шмат рознагалоссяў вызываюць ацэнкі працэсаў, якія адбываюцца ў сучаснай расійскай, украінскай і беларускай гістарыяграфіі. У. Здановіч прааналізаваў стан распрацоўкі праблемы калабарацыянізму ў 26 дысертацыйных даследаваннях па гісторыі Беларусі ў апошнія 15 гадоў. С. Новікаў на падставе вывучэння нямецкіх крыніц прааналізаваў характар ваенна-эканамічных планаў нацысцкай Германіі ў дачыненні да Беларусі ў 1941—1944 гг. В. Жук паведаміў аб пісьмах насельніцтва, як каштоўнай гістарычнай крыніцы па пачатковым перыядзе вайны. Вялікую цікавасць выклікала паведамленне І. Яленскай «Палессе ў гады Вялікай Айчыннай вайны (па матэрыялах вуснай гісторыі)», у якім быў прааналізаваны вопыт збору ўспамінаў, які з 1998 г. праводзяць студэнты гістарычнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага універсітэта. Т. Уронская (Украіна) зрабіла паведамленне «Права і бяспраў’е ў гады Вялікай Айчыннай вайны». Цікавымі былі выступленні А. Вялікага аб «беларускім пытанні» ў палітыцы польскага эміграцыйнага ўрада падчас вайны, В. Скалабана аб праблеме вяртання страчаных у ваенны час гістарычных і культурных каштоўнасцей, В. Шайкова, В. Галубовіча і інш. Былі заслуханы таксама паведамленні П. Вайніцкага «Эвалюцыя мемарыялаў Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Беларусі (сучасны этап)» і В. Калясінскага «Медальернае мастацтва Беларусі, прысвечанае Вялікай Айчыннай вайне».

На секцыі «Праблемы антыфашысцкай барацьбы ў акупіраванай Беларусі. Удзел беларусаў у Еўрапейскім Супраціўленні» былі абмеркаваны паведамленні А. Шаркова пра ўдзел супрацоўнікаў МУС БССР у арганізацыі партызанскай барацьбы, В. Шацько — пра вопыт арганізацыі ўзаемадзеяння партызан з Чырвонай Арміяй, І. Нікалаевай аб удзеле беларускіх жанчын у партызанскім руху, Я. Бараноўскага «Партызанскія сувязныя Мінскага падполля», Дз. Хромчанкі «Узаемадзеянне партызан Барысаўска-Бягомльскай і Аршанска-Сенненскай партызанскіх зон з Чырвонай Арміяй у пачатковы перыяд аперацыі «Баграціён», І. Валахановіча — пра ўдзел органаў дзяржбяспекі ў выяўленні і нейтралізацыі варожых груповак, якія трапілі ў акружэнне на тэрыторыі Беларусі.

У выступленнях маладых даследчыкаў А. Крыварота, А. Касовіча, Э. Гардзіенкі, Ю. Грыбоўскага разглядаліся ўзаемадзеянне беларускіх і расійскіх партызан, асаблівасці супраціўлення на тэрыторыі Беластоцкай вобласці, умовы жыцця вясковага насельніцтва Генеральнай акругі Беларусь, удзел беларусаў у баявых дзеяннях Войска Польскага ў верасні 1939 г.

У рамках секцыіі «Акупацыйны рэжым (генацыд, сістэма нацысцкай прапаганды, эканамічная і сацыяльна-культурная палітыка)» Э. Іофе, Я. Розенблат, доктар Л. Смілавіцкі з Тэль-Авіва (даслаў сваё паведамленне) засяродзілі ўвагу на вывучэнні гісторыі Халакоста на тэрыторыі Беларусі. Ю. Грузіцкі паведаміў пра фінансава-крэдытную палітыку нямецкіх акупантаў. Маладыя даследчыкі С. Лютко, С. Казлова, В. Коваль, Т. Дубоўская прааналізавалі эканамічную і сацыяльна-культурную палітыку акупантаў, ахарактарызавалі работу тэатраў, зрабілі агляд беларускамоўных выданняў, якія выходзілі пад кантролем акупантаў.

На секцыі «Эвакуіраванае насельніцтва ў савецкім тыле. Беларусь у пасляакупацыйны перыяд (восень 1943 — вясна 1945 г.). Праблема Вялікай Айчыннай вайны ў вучэбна-выхаваўчым працэсе — школах, сярэдніх спецыяльных навучальных установах, ВНУ» выступілі У. Кузьменка, М. Токараў, В. Саковіч, С. Чарнушэвіч, Н. Рыбак, Н. Юргевіч. Яны засяродзілі ўвагу на праблемах жыцця і дзейнасці эвакуіраванага насельніцтва Беларусі, рабоце вучоных АН БССР у савецкім тыле, дапамозе воінаў Чырвонай Арміі насельніцтву Беларусі ў аднаўленні гаспадарчага і культурнага жыцця. Вялікую цікавасць выклікалі выступленні А. Кавалені «Адлюстраванне падзей на акупіраванай тэрыторыі Беларусі ў спецкурсе ВНУ «Вялікая Айчынная вайна савецкага народа»; М. Бяспалай, В. Кузьміч, а таксама Малашкі і У. Вернігорава па праблеме Вялікай Айчыннай вайны ў вучэбна-выхаваўчым працэсе ў ВНУ; В. Мароз «Мастацкая ваенная проза Фёдара Янкоўскага»; М. Казлоўскай «Радаводы, летапісанне родных мясцін як адзін з аспектаў патрыятычнага выхавання».

Міжнародная навукова-тэарэтычная канферэнцыя «Вялікая Перамога: гераізм і подзвіг народаў», прысвечаная 60-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне (Мінск, 28—29 красавіка 2005 г.).

Удзел у канферэнцыі прынялі больш за 140 чалавек. З прывітальнымі словамі да навукоўцаў звярнуліся прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса: пасол Расійскай Федэрацыі А. Блахін, пасол Украіны П. Шапавал, пасол ЗША Д. Крол, першы сакратар пасольства Польшчы М. Семаковіч, пасол Францыі С. Шмялеўскі. Актыўна ўдзельнічалі ў канферэнцыі ветэраны вайны. Асабліва цікавым было выступленне ганаровага прэзідэнта НАН Беларусі, акадэміка, Героя Сацыялістычнай Працы Мікалая Аляксандравіча Барысевіча, якога з поўным правам можна назваць «чалавек-легенда». Ён быў падпольшчыкам, партызанам, ваяваў у складзе дзеючай арміі на Дняпры і Бугу, Вісле і Одэры, штурмаваў Берлін. М. Барысевіч гаварыў ад імя 300 жывых ветэранаў вайны НАН, 20 з якіх яшчэ працуюць. З увагай было заслухана паведамленне старшыні Ваенна-навуковага таварыства пры Цэнтральным Доме афіцэраў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь генерал-маёра ў адстаўцы У. Вараб’ёва.

Вялікую цікавасць выклікалі сучасныя падыходы да вывучэння ваеннай гісторыі. Ю. Нікіфараў (Інстытут усеагульнай гісторыі РАН) канстатаваў, што расійскія гісторыкі, як і ў пачатку 1990-х гг., падзяляюцца на «наватараў» і «кансерватараў». У аснове іх спрэчак — змяненне філасофскай асновы даследаванняў, рознасць метадалагічных і ідэалагічных арыентацый і каштоўнасцей. У гэтым, на яго думку — прычына таго, што з’яўленне новых дакументаў часцей за ўсё не змяняе пазіцый прыхільнікаў розных канцэпцый, якія інтэрпрэтуюць іх у адпаведнасці са сваімі поглядамі. М. Сташкевіч падкрэсліў, што адной з галоўных задач з’яўляецца ўвядзенне ў навуковы абарот новых архіўных дакументаў, неабходнасць асвятлення дыскусійных праблем, у тым ліку пра ролю ваенных і палітычных дзеячаў, вынікі баявых аперацый. У. Адамушка адзначыў, што з 11 млн адзінак захавання ў нацыянальным архіўным фондзе больш за 404 тыс. тычацца гісторыі вайны. Ён удакладніў колькасць месцаў прымусовага ўтрымання савецкіх грамадзян і ваеннапалонных на тэрыторыі Беларусі ў 1941—1944 гг.: больш за 400 (раней называлася лічба 260). Т. Вронская (НАН Украіны) прапанавала падрыхтаваць сумеснае навукова-энцыклапедычнае выданне «Беларусь, Расія, Украіна ў Другой сусветнай вайне: чалавек, грамадства, дзяржава» з перакладам яго на англійскую мову, што дасць магчымасць адказаць «на шэраг пытанняў і фальсіфікацый, якія баражыруюць у свеце». У. Кузьменка прысвяціў выступленне праблеме навуковага пошуку крыніц па гісторыі Беларусі ў перыяд 1943—1945 гг. С. Новікаў даў грунтоўны аналіз даследаванняў англа-амерыканскіх ваенных гісторыкаў.

Некаторыя даследчыкі (у асноўным прадстаўнікі Узброеных Сіл) засяродзілі ўвагу на праблемах ваеннай стратэгіі і тактыкі баявых аперацый Вялікай Айчыннай вайны. Так, Ю. Партноў (Генштаб УС РФ) падрабязна прааналізаваў канцэптуальныя змены ваеннай стратэгіі Чырвонай Арміі ў кожны з перыядаў вайны. А. Барташэвіч абагуліў вопыт тактыкі перыяду Вялікай Айчыннай вайны, а таксама пазнейшых лакальных войнаў. Цікавае паведамленне аб укараненні ваенна-тэхнічнага і ваенна-стратэгічнага вопыту грамадзянскай вайны ў Іспаніі (1936—1939 гг.) у савецкім ваенным майстэрстве зрабіла В. Малай (Белгародскі універсітэт). С. Піваварчык разам з К. Рэмезавым (Масква) зрабілі гістарычную рэканструкцыю падзей на аб’ектах Гродзенскага ўмацаванага раёна ў першыя дні вайны. Пра ролю пагранічных войск і органаў унутраных спраў Беларусі ў Вялікай Айчыннай вайне паведамілі І. Птуха і В. Філістовіч. Стан і дзейнасць савецкай баявой авіяцыі ў гады вайны даследаваў П. Гарбуль. Пытанню эшэланіраванай супрацьпаветранай аховы аб’ектаў было прысвечана выступленне П. Чарвякова. А. Літвін прадставіў арыгінальнае даследаванне аб дзейнасці конна-механізаваных груп Чырвонай Арміі ў баях за вызваленне Беларусі. Пра ролю рачных ваенных флатылій паведаміў Р. Паўловіч. Былі таксама паведамленні аб беларускіх пажарных у гады вайны (В. Карпіевіч), аб дзейнасці снайпераў (У. Кірэеў) і інш. А. Шаркоў паведаміў пра абставіны знаходжання ў савецкім палоне 22 германскіх генералаў, захопленых летам 1944 г. падчас баёў на тэрыторыі Беларусі.

Значная частка паведамленняў была прысвечана праблемам барацьбы на акупіраванай тэрыторыі Беларусі. Адметным з’яўляецца тое, што даследчыкі вызначылі як агульныя рысы антыфашысцкага супраціўлення на тэрыторыі сваіх рэгіёнаў, так і ўласцівую толькі для іх спецыфіку. Гэта паведамленні Г. Ваўчка (Магілёўшчына), Г. Кудзінай (Брэстчына), Ю. Марцынкевіч (Палессе), Г. Грабёнкінай (Брэсцкае падполле), А. Башчук (патрыятычнае выхаванне моладзі). Не засталіся па-за ўвагай навукоўцаў эканамічная палітыка захопнікаў (В. Саковіч), палітыка акупацыйных улад у галіне адукацыі і культуры (П. Рамановіч), планы беларускіх калабарацыяністаў адносна рэлігіі (Э. Ярмусік) і інш. Жыццё і дзейнасць асобных этнічных і сацыяльных груп ва ўмовах акупацыі былі прадстаўлены на канферэнцыі шэрагам даследаванняў. Э. Іофе і М. Стралец разгледзелі ўдзел яўрэяў у антыгерманскім супраціўленні на тэрыторыі Беларусі, а Дз. Крывашэй даследаваў абставіны існавання ўкраінскага этнасу ва ўмовах акупацыі. Цікавае паведамленне «Удзел праваслаўнага кліра Беларусі ў антынацыяналісцкім супраціўленні ў 1941—1944 гг.» падрыхтавала С. Сілава. Л. і Т. Калядзінскія даследавалі лёс і дзейнасць беларускіх археолагаў — удзельнікаў вайны, Н. Юргевіч — становішча і праблемы вясковага настаўніцтва ў першыя пасляваенныя гады.

Адметнай рысай сучаснай нацыянальнай гістарычнай навукі з’яўляецца значнае павышэнне інтарэсу да вывучэння чалавечай асобы ва ўмовах вайны, так званай ваенна-гістарычнай антрапалогіі, якая спалучае рысы гісторыі, псіхалогіі, сацыялогіі, культуралогіі. Цікавым было паведамленне Дз. Пратасевіча «Ваенна-псіхалагічныя асаблівасці каманднага саставу Чырвонай Арміі ў гады Вялікай Айчыннай вайны». Дастаткова шырока была прадстаўлена праблема вобразнага адлюстравання тэматыкі Вялікай Айчыннай вайны ў літаратуры (Л. Гаранін), жывапісе і мастацкім плакаце (Г. Горава і В. Палескова), песенным жанры (В. Чарнова з Пензенскага універсітэта), сродках масавай інфармацыі (В. Мітракова), у літаратурна-мастацкай дзейнасці партызанскіх фарміраванняў Беларусі (Т. Дубоўская) і інш. Безумоўна, не маглі не закранацца праблемы захавання гістарычнай памяці і сучаснага асэнсавання падзей вайны ў навучальным і выхаваўчым працэсе ўстаноў адукацыі. Гэтыя пытанні знаходзіліся ў цэнтры ўвагі М. Бяспалай, Г. Карзенкі, М. Жураўкова, Р. Міксюк, С. Нагорнай і інш. Беларусь з’яўляецца адзінай краінай на постсавецкай прасторы, у якой выдадзены вучэбны дапаможнік для студэнтаў па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны1. На думку У. Нявежына (Інстытут расійскай гісторыі РАН), беларускія навукоўцы паспяхова вырашылі унікальную задачу: на падставе навейшых дасягненняў навукі данеслі да моладзі асноўныя падзеі і факты аднаго з самых складаных перыядаў айчыннай гісторыі.

Міжнародная навуковая канферэнцыя «1941 год: трагедыя, гераізм, памяць», прысвечаная 65-й гадавіне пачатку Вялікай Айчыннай вайны (Брэст, 22—23 чэрвеня 2006 г.).

У канферэнцыі, арганізаванай Брэсцкім дзяржаўным універсітэтам і Інстытутам гісторыі НАН Беларусі, прынялі ўдзел больш за 90 чалавек. На пленарным пасяджэнні былі заслуханы даклады рэктара Брэсцкага універсітэта М. Часноўскага «Дэфармацыя, крызіс і крушенне Версальска-Вашынгтонскай сістэмы міжнародных адносін», А. Здановіча (Масква) «Органы дзяржаўнай бяспекі напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны», А. Літвіна «Баявыя дзеянні на тэрыторыі Беларусі ў пачатковы перыяд вайны: праблемы гістарыяграфіі», І. Басіка (Масква) «Канун і пачатак Вялікай Айчыннай вайны: гістарычныя ўрокі і высновы», М. Нікіфарава (Масква) «Праблемныя пытанні гістарыяграфіі Вялікай Айчыннай вайны».

На секцыі «Праблемы гістарыяграфіі і крыніцазнаўства» крыніцазнаўчы накірунак мелі выступленні Б. Ляпешкі, Ю. Нікіфарава, І. Яленскай. Вынікі айчыннай і замежнай гістарыяграфіі падвялі І. Кім, С. Новікаў, С. Піваварчык. Сістэму навуковых устаноў па даследаванні гісторыі Беларусі перыяду Вялікай Айчыннай вайны паказаў У. Здановіч. Дзейнасць вучоных Беларусі на франтах вайны асвятліў Г. Карзенка.

На секцыі «Напярэдадні вайны. Акупацыйны рэжым» выступілі В. Влодаркевіч аб абароне Брэста ў верасні 1939 г., У. Ладысеў аб значэнні далучэння Заходняй Беларусі да БССР як аднаго з фактараў перамогі над Германіяй. Навуковую палеміку выклікаў даклад Я. Разенблата «Улада і насельніцтва: першыя тыдні Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі». Шэраг дакладаў адлюстроўваў тэму генацыду і гісторыю Халакоста на захопленых тэрыторыях (А. Сучкова, Д. Дану, Ш. Ройф). Асобнае месца занялі выступленні, прысвечаныя разгляду нацысцкай ідэалогіі і прапаганды (С. Вострыкаў, Я. Сікорскі, У. Нікіценкаў, Л. Нікіценкава, У. Спірын). Характарыстыка адносін акупантаў да хрысціянскіх канфесій у Беларусі была дадзена ў дакладзе І. Акінчыца, ацэнка нямецкай палітыкі ў дачыненні да культурнай спадчыны — А. Сушы, разгляд аграрнай палітыкі — С. Казловай.

Секцыя «Ваеннае мастацтва. Баявыя дзеянні на франтах вайны» зрабіла акцэнт на ваенныя падзеі не толькі Вялікай Айчыннай, але і Другой сусветнай вайны. Розныя аспекты ваеннай гісторыі Польшчы раскрылі польскія навукоўцы Г. Корнец, Р. Дмоўскі. Прычыны няўдач Чырвонай Арміі ў пачатковы перыяд вайны і абарончыя баі былі прааналізаваны ў выступленнях Д. Валуева, В. Шулякова, П. Ждановіча, В. Маскалёва. Стан ваеннапаветраных сіл Германіі і СССР, ваеннае авіабудаўніцтва ў Савецкім Саюзе, баявыя дзеянні лётчыкаў Заходняга фронту ў 1941 г. асвятлілі Н. Бурэнь, Ю. Какошка, П. Гарбуль.

У рабоце секцыі «Праблемы супраціўлення на акупіраванай тэрыторыі. Вялікая Айчынная вайна ў гістарычнай памяці народа» былі закрануты пытанні аб ўзаемадзеяннях польскіх і савецкіх падпольшчыкаў у 1941—1943 гг. (П. Матусак), палітыцы германскага галоўнакамандавання ў дачыненні да савецкіх партызан і ваеннапалонных у пачатковы перыяд вайны (А. Малышава), дзейнасці падпольшчыкаў і партызан у розных рэгіёнах (П. Летуноўскі, Л. Скрабіна, А. Касовіч, Т. Ярмольчык, Д. Столяр). Вялікую цікавасць выклікаў даклад В. Чарновай «Песенная творчасць пачатковага перыяду Вялікай Айчыннай вайны».

23 чэрвеня 2006 г. канферэнцыя працягнула сваю працу ў мемарыяльным комплексе «Брэсцкая крэпаць-герой», дзе быў заслуханы даклад дырэктара Інстытута гісторыі НАН Беларусі А. Кавалені па праблеме патрыятычнага выхавання моладзі. Праблема захавання і развіцця мемарыяльнага комплекса «Брэсцкая крэпасць-герой» была прааналізавана яго дырэктарам В. Губарэнка. З новымі дакументамі і навуковымі напрацоўкамі пазнаёмілі супрацоўнікі комплекса В. Анціпава, А. Міцюкоў, І. Барысава, Л. Бібік.

Матэрыялы дзвюх мінскіх канферэнцый ужо выдадзены2, брэсцкай канферэнцыі — рыхтуюцца да выдання. Тры канферэнцыі, праведзеныя сектарам ваеннай гісторыі Інстытута гісторыі НАН Беларусі, глыбока асвяцілі праблемы вывучэння і асэнсавання падзей і фактаў гісторыі Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай вайны, у першую чаргу на тэрыторыі Беларусі, сталі выдатнымі падзеямі ў навуковым і грамадскім жыцці краіны.

А. М. Літвін, загадчык аддзела ваеннай гісторыі і міждзяржаўных адносін Інстытута гісторыі НАН Беларусі, доктар гістарычных навук, прафесар
І. Ю. Варанкова, навуковы супрацоўнік аддзела ваеннай гісторыі і міждзяржаўных адносін Інстытута гісторыі НАН Беларусі
У. В. Здановіч, загадчык кафедры гісторыі Беларусі Брэсцкага дзяржаўнага універсітэта імя А. С. Пушкіна, кандыдат гістарычных навук, дацэнт

Литература

1Вялікая Айчынная вайна савецкага народа (у кантэксце Другой сусветнай вайны)»: Вучэбны дапаможнік для студэнтаў / Пад рэд. А. А. Кавалені, М. С. Сташкевіча. Мінск: Выд. цэнтр БДУ. 2005. 280 с.
2Беларусь в годы Великой Отечественной войны: уроки истории и современность. Материалы междунар. науч. конф. (Минск, 29—30 июня 2004 г.) / Сост. А. М. Литвин и др. Минск: Институт истории НАН Беларуси, 2004. 262 с.; Великая победа: героизм и подвиг народов. Материалы междунар. науч. конф. (Минск, 28—29 апреля 2005 г.): В 2 т. / Отв. ред. А. М. Литвин. Минск: Институт истории НАН Беларуси, 2006. 226 с.

Наверх

Tags: ,

Comments are closed.

-->