Marek Masnyk. Granica polsko-niemiecka na Górnym Śląsku w polityce Polski i mocarstw zachodnioeuropejskich w 1921 roku
Opole, Wydawnictwo Uniwersytetu Opolskiego, 2005. 273 s.
Кніга польскага даследчыка Марэка Масныка «Польска-нямецкая мяжа ў Верхняй Сілезіі ў палітыцы Польшчы і заходнееўрапейскіх дзяржаў у 1921 годзе» уяўляе сабой зборнік дакументаў (агульнай колькасцю 144), якія характарызуюць пазіцыі польскага боку і заходнееўрапейскіх краін па пытанні фарміравання польска-нямецкай мяжы ў Горнай Сілезіі ў 1921 г. У ім прадстаўлены палітычныя данясенні, запіскі, інструкцыі, якія ішлі праз польскія дыпламатычныя службы.
Ва ўводзінах аўтар-складальнік характарызуе раней выдадзеныя крыніцы па заяўленай праблеме і адзначае, што прыводзіць новыя дакументы, якія паходзяць з Архіва новых актаў у Варшаве, і дагэтуль, за выключэннем аднаго, ніколі не былі апублікаваныя. Большасць з іх (115) адносіцца да перыяду май — жнівень 1921 г., а менавіта ад пачатку Трэцяга сілезскага паўстання да перадачы справы аб падзеле Горнай Сілезіі на арбітраж Лігі Нацый і толькі невялікая частка датычыцца прычын падняцця паўстання і адносін польскага і заходнееўрапейскіх урадаў да яго пачатку. Шмат прадстаўленых крыніц раскрываюць кулісы прыняцця рашэнняў, паказваюць адносіны асобных палітыкаў і грамадскіх колаў да так званай «сілезскай справы», адлюстроўваюць пазіцыю еўрапейскіх краін, ЗША і Японіі па пытанні прыналежнасці Горнай Сілезіі.
Восем дакументаў ахопліваюць перыяд да 1921 г. і характарызуюць польскія планы адносна Горнай Сілезіі, праекты і перспектывывынікаў галасавання падчас рэферэндуму. Яны раскрываюць эвалюцыю пункта палажэння аб галасаванні, які дазваляў эмігрантам удзельнічаць у плебісцыце.
Прадстаўленыя ў зборніку дакументы прыведзены ў храналагічным парадку з захаваннем канцылярскіх паметак, ёсць спасылкі з тлумачэннямі і біяграфічнымі дадзенымі згаданых асоб. Прыводзіцца спіс важнейшых арганізацый і інстытутаў, якія існавалі на тэрыторыі Горнай Сілезіі ў 1921 г.
Л. А. Козік