Электронная версия белорусского научного исторического журнала “Российские и славянские исследования”

Главная

О журнале

Правила публикации статей

Новый номер!


Навуковыя канферэнцыі ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце «Беларусь і Германія: гісторыя і сучаснасць» (2002—2007 гг.)

І Міжнародная навуковая канферэнцыя «Беларусь і Германія: гісторыя і сучаснасць», 23 мая 2002 г.

Канферэнцыя была прысвечана 10-й гадавіне аднаўлення адносін паміж Беларуссю і ФРГ. На першым пленарным пасяджэнні «Другая сусветная вайна, Вялікая Айчынная вайна: вынікі навуковых даследаванняў» былі заслуханы даклады У. Ф. Ладысева аб савецка-германскіх адносінах у пачатковы перыяд Другой сусветнай вайны, У. І. Лемяшонка на тэму адлюстравання падзей вайны на старонках гісторыка-дакументальных хронік «Памяць», А. М. Літвіна пра асаблівасці вывучэння гісторыі Беларусі перыяду Другой сусветнай вайны ў сучаснай айчыннай гістарыяграфіі, А. А. Кавалені аб выкарыстанні архіўных дакументаў для раскрыцця германскай маладзёжнай палітыкі на акупіраванай тэрыторыі Беларусі, У. К. Коршука пра генеральнага камісара Беларусі В. Кубэ, У. В. Тугая аб беларускіх латышах у выпрабаваннях вайны. Паведамленні М. Г. Жылінскага, Ю. У. Зверава Г. Д. Кнацько, К. І. Козака, С. П. Кубека, У. І. Кузьменка, С. Я. Новікава закраналі пытанні адукацыйнай палітыкі акупацыйных улад у вобласці падрыхтоўкі настаўніцкіх кадраў, «рускіх» фарміраванняў у структуры ўзброеных сіл нацысцкай Германіі, прымусовай працы ў генеральнай акрузе «Беларусь», палітычнай калабарацыі, нацысцкай палітыкі генацыду, сацыяльнага манеўравання германскіх акупацыйных улад у Беларусі, германскай эканамічнай палітыкі на акупіраванай тэрыторыі Беларусі. М. А. Бандарэнка, К. А. Карчэўскі, А. І. Котаў і С. А. Котава, Э. А. Ліпецкі, Г. С. Хадасевіч спыніліся на пытаннях удзелу немцаў у партызанскім руху, зборы сродкаў у Фонд абароны краіны сярод партызан і насельніцтва Беларусі ў гады вайны, рэпатрыяцыя нашых суайчыннікаў з Германіі, адносіны палітычнай эміграцыі да вайны, ролі праваслаўнай царквы ў Беларусі ў гады нямецка-фашысцкай акупацыі 1941—1944 гг.

На другім пленарным пасяджэнні «10 гадоў супрацоўніцтва: вынікі, урокі, перспектывы» былі заслуханы даклады У. М. Рудзянкова «Гандлёвыя адносіны Беларусі і ФРГ (стан і перспектывы)», У. Е. Снапкоўскага «Этапы развіцця беларуска-германскіх адносін у ХХ ст.», В. Г. Шадурскага «Беларуска-германскія культурныя сувязі ў 1990-я гады», А. У. Шарапы «Некаторыя аспекты знешняй палітыкі ФРГ на сучасным этапе» і прадстаўлены паведамленні А. У. Русаковіча, А. В. Селязнёва і Т. М. Алейнік, У. Л. Сакалоўскага аб дзяржаўна-палітычных адносінах паміж Рэспублікай Беларусь і ФРГ у 1990-я гг., Беларусі ў публікацыях нямецкіх навукоўцаў і палітыкаў канца ХІХ — першай чвэрці ХХ ст., інвестыцыях з Германіі ў эканоміцы Беларусі. Выдадзены матэрыялы канферэнцыі [1].

ІІ Міжнародная навуковая канферэнцыя «Беларусь і Германія: гісторыя і сучаснасць», 16 мая 2003 г.

З прывітальным словам звярнуўся прарэктар па навуковай працы прафесар А. В. Зубаў. На першым пленарным пасяджэнні «Беларуска-германскае супрацоўніцтва: вынікі, праблемы, перспектывы» выступілі: А. У. Русаковіч «Праграма Федэральнага ўрада Германіі па падтрымцы Беларусі», З. Г. Клечко «Таварыства “Беларусь — Германія”»: вынікі і перспектывы супрацоўніцтва, У. Л. Сакалоўскі «Сучасны аспект беларуска-нямецкага супрацоўніцтва: да выдання чарговага тома «Biblia-Slavica», К. І. Козак «Гістарычная майстэрня ў Мінску — вынік супрацоўніцтва дзвюх краін». Асноўная тэматыка была дапоўнена кароткімі паведамленнямі аб навуковых сувязях Беларускай ССР з Веймарскай Рэспублікай (А. М. Рэзнік), акадэмічным супрацоўніцтве паміж БССР і ГДР (М. І. Лебедзь), гандлёвых справах немцаў на Беларусі ў канцы ХІХ—пачатку ХХ ст. (Н. І. Палятаева), германскіх рэпарацыях і іх ролі ў аднаўленні эканомікі Беларусі пасля Другой сусветнай вайны (Г. П. Бушчык).

На другім пасяджэнні «Другая сусветная вайна, Вялікая Айчынная вайна: крыніцы і гістарыяграфія» з дакладамі выступілі У. І. Лемяшонак «Гісторыя германскай акупацыі Беларусі ў адлюстраванні крыніц гісторыка-дакументальнай хронікі «Памяць», Э. Р. Іофе «Халакост у Беларусі: новыя крыніцы і гістарыяграфія». Аб выніках распрацоўкі архіўных фондаў Беларусі і матэрыялаў замежных фондаў выступілі Г. Д. Кнацько, С. Я. Новікаў. Навуковы дыскурс аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі вёўся пры актыўным удзеле Я. І. Бараноўскага, І. Ю. Варанковай, С. У. Задарожнай, У. В. Здановіча, В. Г. Маскалёва, С. П. Кубека, Э. А. Ліпецкага, Я. С. Розенблата, У. Л. Сакалоўскага, А. В. Селязнёва, Л. С. Скрабінай, С. А. Сіткевіча, І. Э. Яленскай. Заслугоўваюць увагі артыкулы супрацоўнікаў Інстытута найноўшай гісторыі ў Мюнхене — Д. Поля і П. Ліба, якія даслалі свае артыкулы на тэму нацысцкай палітыкі генацыду ўвогуле і халакосту на акупіраванай тэрыторыі Беларусі ў прыватнасці. Апрача таго, гісторыя германскай акупацыі Беларусі знайшла адлюстраванне ў шэрагу новых матэрыялаў беларускіх даследчыкаў: М. А. Бандарэнкі, І. А. Валахановіча, Ю. В. Грыбоўскага, Я. А. Грэбеня, М. Г. Жылінскага, Ю. У. Зверава, А. А. Кавалені, У. Я. Калаткова, У. К. Коршука, У. І. Кузьменкі, А. Я. Паўлавай, Р. К. Паўловіча.

Заключнае трэцяе пасяджэнне прысвечанае прэзентацыі кніг «Паўсядзённасць па-за лініяй фронту» і «Польская Айчынная армія» было прадстаўлена двума дакладамі: «Подходы к истории Второй мировой войны в Белоруссии в двух исследованиях из Германии», адпаведна: Alltag hinter der Front. Besatzung, Kollaboration und Widerstand in Weissrussland 1941—1944». Duesseldorf, 1998. 380 s.; Die polnische Haimatarmee. Geschichte und Mythos der Armia Krajowa seit dem Zweiten Weltkrieg. Mьnchen, 2003. 948 s. i аднаго з сааўтараў апошняй нямецкамоўнай кнігі аб польскай Арміі Краёвай С. П. Барадзіна на тэму «Беларуская гістарыяграфія і публіцыстыка і польская Айчынная армія ў паўночна-ўсходніх абласцях Польскай Рэспублкі 1939—1945 гг.». Прапанаваныя матэрыялы выклікалі значны інтарэс сярод удзельнікаў канферэнцыі і надалі ёй дыскусійны характар. Выдадзены матэрыялы канферэнцыі [2].

ІІІ Міжнародная навуковая канферэнцыя «Беларусь і Германія: гісторыя і сучаснасць» (22 красавіка 2004 г.)

У канферэнцыі прымалі ўдзел 45 прадстаўнікоў навуковых, архіўных і вучэбных устаноў Беларусі і Германіі, у тым ліку — Брэста, Гродна, Мінска, Майнца і Фрайбурга (ФРГ). З прывітальным словам да ўдзельнікаў канферэнцыі, прысвечанай 60-й гадавіне вызвалення Беларусі, звярнулася рэктар універсітэта Н. П. Баранава.

На першым пленарным пасяджэнні «60 гадоў з дня вызвалення Беларусі: гісторыя і гістарыяграфія» былі заслуханы і абмеркаваны навуковыя даклады У. І. Лемяшонка, А. І. Котава, Э. Р. Іофэ, А. В. Шаркова і У. К. Коршука.

А. Я. Паўлава, М. А. Бандарэнка, А. І. Котаў, Я. І. Бараноўскі і У. К. Коршук паказалі гераічныя старонкі ўдзелу беларускага партызанскага руху ў вызваленні Беларусі і Вялікай перамозе, спыніліся на гісторыі антыфашысцкага супраціўлення ў акупіраваным Мінску ў 1941—1944 гг. «, расказалі аб разбурэннях у Мінску ў 1941 г. і 1944 г. «. Э. Р. Іофе паказваў трагічныя наступствы германскай акупацыі для Беларусі, на тэрыторыі якой пакінулі «свой крывавы след гітлераўскія военачальнікі». Аб гісторыі «ліквідацыі месцаў пазбаўлення свабоды» на тэрыторыі Беларусі ў сувязі з пачаткам ваеннай агрэсіі з боку Германіі выступіў прафесар акадэміі МУС РБ А. В. Шаркоў. Аб выніках адлюстравання падзей ваеннай гісторыі Беларусі ў айчыннай і замежнай гістарыяграфіі, у тым ліку і аб галоўных кірунках развіцця «гістарычнай германістыкі ў Беларусі» паведамлялі вопытныя гістарыёграфы і пачынаючыя даследчыкі — В. А. Астрога, У. М. Жук, У. В. Здановіч, У. Я. Калаткоў, Э. А. Ліпецкі, С. Г. Люцко, С. А. Сіткевіч. В. І. Курганаў выступіў на тэму «Помнік вызваленню Беларусі — Манумент Перамогі ў Мінску».

На другім пленарным пасяджэнні «Другая сусветная і Вялікая Айчынная вайна: праўда і вымыслы» прагучалі даклады даследчыкаў У. І. Кузьменкі, І. Ю. Варанковай, Г. Д. Кнацько, С. Я. Новікава і нямецкіх гісторыкаў А. Бракеля (Майнц) і К. Бонцэт (Фрайбург). Аб абароне Пінска Пінскай рачной флатыліяй летам 1941 г. паведаміў Р. К. Паўловіч, абставінах існавання нямецкай абшчыны ў акупіраваным Мінску — І. Ю. Варанкова. А. А. Каваленя звярнуўся да праблемы нямецкай нацыянальнай меншасці, асаблівасцях іх жыцця ў краінах перадваеннай Еўропы і ў СССР напярэдадні Другой сусветнай вайны. С. М. Тугай і У. В. Тугай апісалі этнакультурныя традыцыі нямецкіх нацыянальных саветаў, якія дзейнічалі на тэрыторыі Беларусі ў 1920—1930-я гг. Вядучы навуковы супрацоўнік Цэнтра ваенна-гістарычных даследаванняў у Патсдаме Б. К’яры прапанаваў беларускім калегам свае разважанні аб нямецкім панаванні ў эпоху сусветных войнаў, «дзіцем якіх» з’яўлялася Беларусь. Матэрыялы аб беларускай эміграцыі напярэдадні Айчыннай вайны, ролі мясцовай калабарацыі, асаблівасцях аграрнай рэформы 1942 г., спецыфіцы выканання працоўнай павіннасці, а таксама аб сутнасці і змесце акупацыйнай сістэмы адукацыі на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны 1941—1944 гг. былі прадстаўлены ў паведамленнях А. У. Бяляева, Я. А. Грэбеня, М. Г. Жылінскага, С. Л. Казловай, У. Л. Сакалоўскага. В. Г. Маскалёў прапанаваў матэрыял аб уроках і выніках Вялікай Айчыннай вайны і цане Перамогі.

На трэцім пленарным пасяджэнні былі заслуханы даклады В. І. Бабровіча, Г. П. Бушчык, К. І. Козака, М. І. Лебедзя, А. У. Русаковіча і В. Г. Шадурскага аб выніках і перспектывах беларуска-германскага супрацоўніцтва ў розных сферах жыцця. Аб гістарычным вопыце развіцця палітычных і культурных сувязей паміж Беларуссю і Германіяй у ХХ ст. паведамілі П. В. Барбоцька, М. І. Лебедзь і А. М. Рэзнік. Выдадзены матэрыялы канферэнцыі [3].

ІV Міжнародная навуковая канферэнцыя «Беларусь і Германія: гісторыя і сучаснасць», 13 мая 2005 г.

У канферэнцыі ўзялі ўдзел 48 айчынных і замежных навукоўцаў. Яе адкрыў прарэктар універсітэта па навуковай працы прафесар А. В. Зубаў. У сваім прывітальным слове да ўдзельнікаў канферэнцыі, прысвечанай 60-годдзю Вялікай перамогі, ён адзначыў асаблівую актуальнасць навуковай праблематыкі, вынесенай на абмеркаванне гісторыкаў, палітолагаў, эканамістаў, культуролагаў і лінгвістаў. На першым пленарным пасяджэнні «60 гадоў Вялікай перамогі: веліч подзвігу і летапіс памяці» прагучаў даклад прафесара У. І. Лемяшонка аб адной з буйнейшых аперацый перыяду Вялікай Айчыннай вайны — Берлінскай аперацыі. Акадэмік Расійскай акадэміі прыродазнаўчых навук прафесар Санкт-Пецярбургскага універсітэта У. Г. Буркоў спыніўся на аналізе гістарычных сімвалаў і дзяржаўнай сімволіцы Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.

М. А. Бандарэнка, пастаянны ўдзельнік трох папярэдніх навуковых канферэнцый, падчас якіх заўсёды выносіў на абмеркаванне шырокай аўдыторыі свае грунтоўныя матэрыялы, на гэты раз не быў пачуты на чарговым сходзе навуковай грамадскасці. Свой апошні пажыццёвы даклад, своечасова дасланы ў аргкамітэт канферэнцыі, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела публікацый Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь прысвяціў герою Мінскага падполля Яўгену Клумаву.

У. І. Кузьменка, В. І. Курганаў, С. Р. Лютко, А. В. Селязнёў прысвяцілі матэрыялы гераічным старонкам ваеннай гісторыі Беларусі. А. М. Літвін прапанаваў аўдыторыі матэрыял на тэму «Ураджэнцы Сібіры ў партызанскім руху і падполлі Беларусі (1941—1944 гг.)». Аб укладзе беларускіх яўрэяў ці яўрэяў — ураджэнцаў беларускіх зямель у развіццё эканомікі, навукі і культуры асобных еўрапейскіх краін, перш за ўсё Германіі, паведаміў прафесар БДПУ імя Максіма Танка Э. Р. Іофе. У. В. Тугай спыніўся на ўдзеле замежных грамадзян у руху супраціўлення на тэрыторыі Беларусі. С. Я. Новікаў выступіў на тэму «Вялікая Айчынная вайна ў гістарычнай памяці беларускага народа».

З тэмай «Беларусь у нацысцкіх праектах расчлянення СССР» выступіў прафесар кафедры міжнародных адносін БДУ У. Е. Снапкоўкі. Пачатковы перыяд Вялікай Айчыннай вайны знайшоў адлюстраванне ў паведамленнях С. П. Кубека і В. Г. Маскалёва. Аб асобных падзеях з гісторыі партызанскага руху і канкрэтных фактах аб удзеле беларусаў у патрыятычным супраціўленні з германскімі захопнікамі распавядалі М. А. Алейнікава і Т. В. Букіна. Аб баявых дзеяннях савецкіх партызан, іх мужнасці і гераізме, праяўленых пры разгроме нямецкай рачной флатыліі на Прыпяці вясной 1943 г., распавядаў Р. К. Паўловіч. Удзел беларусаў у вайсковай службе 2-га польскага корпуса і ў інфармацыйна-прапагандысцкай рабоце Арміі Краёвай у гады Другой сусветнай вайны стаялі ў цэнтры паведамленняў Ю. В. Грыбоўскага і С. А. Сіткевіча. Заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь прафесар БДУ У. К. Коршук спыніўся на пытанні стварэння Беларускай Цэнтральнай Рады.

На раскрыццё новых аспектаў выкарыстання мясцовага насельніцтва на прымусовых работах як на акупаванай тэрыторыі Беларусі, так і па-за яе межамі былі скіраваны паведамленні А. М. Белановіч, І. Ю. Варанковай, Я. А. Грэбеня. Аналізу сацыяльных праблем, якія характарызавалі сітуацыю ў беларускім акупаваным грамадстве ў гады Вялікай Айчыннай вайны, прысвяцілі свае матэрыялы М. Г. Жылінскі, С. Л. Казлова, Г. С. Хадасевіч. Дактарант універсітэта з Майнца (ФРГ) А. Бракеля выступіў на тэму «Адносіны неяўрэйскага насельніцтва да яўрэяў у акрузе Баранавічы ў перыяд Халакоста».

Дацэнт кафедры еўрапейскіх даследаванняў Санкт-Пецябругскага універсітэта І. М. Новікава выступіла на тэму «Да пытання аб германа-фінскім «братэрстве па зброі» у гады Вялікай Айчыннай вайны». Дактарант Берлінскага тэхнічнага універсітэта П. Рэнтрап прадставіла даклад на тэму «Да становішча еўрапейскіх яўрэяў у акупіраваным Мінску (1941—1944 гг.)». Дацэнт Гомельскага універсітэта Л. С. Скрабіна спынілася на аглядзе арыгінальных дакументаў — пісем нямецкіх салдат з фронту.

Тэма палону нямецкіх ваеннапалонных і іх выкарыстанне на прымусовых працах на тэрыторыі Беларусі знайшла новае прачытанне ў матэрыялах А. Л. Самовіча і А. В. Шаркова. Месца «фольксойдойчаў» вызначалі сумесна У. В. Тугай і К. М. Цыбулька. Тапанімія і тапаграфія нацысцкіх канцэнтрацыйных лагераў Мінска ў гады Вялікай Айчыннай вайны былі прадстаўлены І. І. Сацукевічам.

Гістарычныя аспекты адносін паміж Беларуссю і Германіяй знайшлі працяг у паведамленнях Я. І. Бараноўскага і Э. А. Ліпецкага. Пытанні гісторыі, гістарыяграфіі і крыніцазнаўства стаялі ў цэнтры ўвагі паведамленняў А. М. Рэзніка, У. В. Здановіча, А. І. Котава, У. Л. Сакалоўскага, І. А. Сынковай, В. А. Астрогі, У. Я. Калаткова, У. В. Тугая і К. М. Цыбулька, С. П. Паўлавіцкага. В. І. Бабровіч і Ю. Л. Супрыновіч зрабілі паведамленне на тэму «Германскі вопыт сацыяльнай палітыкі: сацыяльная дапамога як “дапамога ў самадапамозе”», І. С. Благуш — «Беларусь і Германія: дзве парадзігмы сацыяльнай арыентацыі ў эканоміцы?», А. У. Русаковічам — «Германія ў Еўрапейскім саюзе».

У час падвядзення вынікаў і пры закрыцці канферэнцыі ўдзельнікі адзначылі важнае значэнне прамога ўзаемадзеяння беларускіх германістаў і нямецкіх беларусістаў, неабходнасці іх навуковага супрацоўніцтва на ніве даследавання супярэчлівай гістарычнай праблематыкі, асабліва ваеннай гісторыі Беларусі. Вопыт, назапашаны ў гэтай вобласці, паказвае патрэбу ў пашырэнні і паглыбленні творчага ўзаемадзеяння прадстаўнікоў беларускага і германскага навуковага цэха. Між тым вынікі супрацоўніцтва сведчаць, што пакуль не пачаўся ўстойлівы дыялог паміж беларускімі і нямецкімі ваеннымі гісторыкамі. Адсутнасць сталай дыскусіі з’яўляецца тормазам для вырашэння відавочных задач, якія стаяць у парадку дня сучаснай гістарычнай навукі ў Рэспубліцы Беларусь. Выдадзены матэрыялы канферэнцыі [4].

V Міжнародная навуковая канферэнцыя «Беларусь і Германія: гісторыя і сучаснасць», 12 мая 2006 г.

Адкрыў канферэнцыю прарэктар па навуковай працы прафесар А. В. Зубаў, які зазначыў, што з моманту правядзення першай сустрэчы ў МДЛУ выдадзены 4 зборнікі, куды ўвайшлі 156 матэрыялаў, прадстаўленых навукоўцамі з Беларусі, Расіі, Украіны, а таксама Аўстрыі і Германіі. На першым пленарным пасяджэнні «Беларусь і Германія ў перыяд Першай і Другой сусветных войнаў: погляд у святле новых крыніц» выступілі Э. Р. Іофе, В. Г. Мазец, В. Г. Маскалёў, А. М. Рэзнік, А. Л. Самовіч, дактарант універсітэта Майнца (ФРГ) А. Бракель, прафесар Варонежскага універсітэта С. У. Крэцінін.

У праграме канферэнцыі на першае пленарнае пасяджэнне было заяўлена выступленне на тэму «Палітычная эміграцыя і яе адносіны да антыгітлераўскай кааліцыі ў час Другой сусветнай вайны 1939—1945 гг.» аўтарам якога з’яўляўся вядомы беларускі гісторык, дацэнт МДЛУ Э. А. Ліпецкі. На вялікі жаль, на канферэнцыі не прагучала апошняе пажыццёвае слова знаўцы айчыннай гісторыі, удзельніка чатырох папярэдніх сустрэч, аднаго з самых актыўных удзельнікаў дыскусій па ваеннай гісторыі Беларусі.

Другое пленарнае пасяджэнне «Беларусь у гады Вялікай Айчыннай вайны: гераічныя і трагічныя старонкі гісторыі» прайшло з удзелам А. В. Бяляева, Я. П. Бязлепкіна, І. А. Валахановіча, С. А. Сіткевіча, І. Ю. Варанковай, Я. А. Грэбеня, В. І. Курганава, Л. С. Скрабінай, С. Л. Казловай, С. Я. Новікава, Р. К. Паўловіча, С. М. Тукалы, І. І. Сацукевіча.

Дактарант Цэнтра даследаванняў праблем антысемітызму пры Берлінскім тэхнічным універсітэце П. Рэнтрап падрабязна спынілася на «стратэгіі выжывання» вязняў мінскага гета, упершыню выкарыстоўваючы для гэтага багатую базу крыніц з фондаў Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь (Мінск), Федэральнага архіва Германіі (Людвігсбург) і Мемарыяльнага музея халакосту ў ЗША (Вашынгтон).

Дацэнты БДЭУ У. М. Якубоўскі і БНТУ В. К. Кісялёў прапанавалі матэрыял «Роля авіяцыі як сродку дастаўкі савецкаму камандаванню звестак, атрыманых разведкай беларускіх партызанскіх фарміраванняў у гады Вялікай Айчыннай вайны». Аб назапашаным вопыце ўзаемадзеяння рэгулярных войск з партызанскімі фарміраваннямі і мясцовым насельніцтвам у час правядзення аперацыі «Баграціён» і стане вышэйшай школай Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны паведамляў дацэнт БДУ А. І. Котаў.

Дацэнт МДЛУ М. Р. Жаркоў прысвяціў свой даклад тэме «Перамога каласальнага гістарычнага значэння», у якой пераканаўча раскрыў сусветна-гістарычнае значэнне вялікай перамогі Савецкага Саюза над фашысцкай Германіяй у гады Другой сусветнай вайны. Паказваючы ролю савецкага народа ў велічнай справе вызвалення, аўтар прыйшоў да высновы, што «беларусы сваёй мужнасцю ў барацьбе з нямецкімі захопнікамі па праву здабылі славу легендарнага народа».

На трэцім пленарным пасяджэнні «Беларусь і Германія: мінулае і сучаснасць» выступілі І. А. Сынкова, У. Л. Сакалоўскі, П. Г. Космач, В. М. Астрога і В. А. Астрога. Далей У. Е. Снапкоўскі паказаў «Беларусь у планах і палітыцы Германіі ў час Першай сусветнай вайны». Прававая палітыка правячых партый Веймарскай Германіі ў 1919—1923 гг. знайшла сваё адлюстраванне ў выступленні П. В. Барбоцькі. Аб арганізацыі навуковых даследаванняў па гісторыі Беларусі перыяду Вялікай Айчыннай вайны ў другой палове 1940-х — першай палове 1960-х гг. паведаміў У. В. Здановіч. А. В. Шаркоў і С. С. Дзянісава спыніліся на малавядомай тэме — «Вестарбайтары» на будоўлях Беларусі ў 1945—1951 гг. Загадчык кафедры крыніцазнаўства і спецыяльных гістарычных дысцыплін Інстытута гістарычнай адукацыі Нацыянальнага педагагічнага універсітэта імя М. П. Драгоманава прафесар А. В. Патыльчак паказаў асаблівасці ўтрымання ваеннапалонных у сістэме ваеннага палону на тэрыторыі Украіны ў 1939—1954 гг. Аб беларуска-германскіх адносінах, выніках і перспектывах сацыяльна-эканамічнага і палітычнага развіцця ва «усходнеславянскім трохкутніку» вялі размову І. С. Благуш, А. В. Селязнёў, А. У. Русаковіч, В. Г. Шадурскі.

Дыпламатычны характар дачыненняў еўрапейскіх краін у ХХ ст., у тым ліку царскай Расіі, Германіі і СССР стаў вядомы ўдзельнікам канферэнцыі дзякуючы паведамленням расійскіх гісторыкаў І. М. Новікавай і В. Л. Чарнапёрава. Даследчык Р. Мархль прадставіў навуковы «Мінскі праект», распачаты ў Аўстрыі з мэтай знаёмства грамадскасці з нямецкай палітыкай вынішчэння на ўсходзе, раскрыцця нацысцкіх злачынстваў на прыкладзе аднаго з буйнейшых ва Усходняй Еўропе лагераў смерці ў Малым Трасцянцы і захаванне памяці аўстрыйскіх ахвяр дэпартацыі ў Мінск. Выдадзены матэрыялы канферэнцыі [5].

VІ Міжнародная навуковая канферэнцыя «Беларусь і Германія: гісторыя і сучаснасць», 26 красавіка 2007 г.

Праведзена сумесна з Інстытутам гісторыі НАН Беларусі і сабрала ў МДЛУ 53 даследчыкі з Беларусі, Германіі, Латвіі, Польшчы і Расіі.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуўся сустаршыня аргкамітэта прарэктар па навуковай працы прафесар А. М. Гарлатаў, які зазначыў, што вясновы форум у бягучым годзе ладзіцца ў рамках «Дзён навукі ў МДЛУ».

На першым пленарным пасяджэнні «Беларусь і Германія: погляд скрозь стагоддзі» прагучалі паведамленні В. В. Брыгадзінай, А. М. Кушнярэвіча, У. У. Смяховіча, А. Л. Самовіча І. М. Новікавай, В. М. Астрога, А. М. Рэзніка, У. В. Ляхоўскага, В. Н. Мазца, Я. М. Цішчанкі, С. А. Сіткевіча, У. Е. Снапкоўскага, В. Л. Чарнапёрава, У. В. Тугая, В. В. Даніловіча, І. У. Жылінскай, М. Г. Жаркова, Н. А. Царук.

На другім пленарным пасяджэнні — «Беларусь у гады Вялікай Айчыннай вайны: актуальныя пытанні гісторыі, гістарыяграфіі і крыніцазнаўства» — была агучана праблематыка, раскрытая Я. І. Бараноўскім (Асноўныя рысы жыцця і паводзін грамадзян Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны), І. Ю. Варанковай (Асабістыя дакументы нямецкіх ваеннаслужачых 1939—1945 гг. у фондах Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны), І. Я. Есілевіча (Ад канцлагера да прымірэння: погляд малалетніх вязняў нацысцкіх лагераў), У. І. Кузьменкі (Беларускае навуковае таварыства (1942—1944): сучаснае бачанне праблемы), А. М. Літвіна (Сведчанні нямецкага ваеннапалоннага Рэйнгольда Хорста Генрыха пра «баявы саюз барацьбы з бальшавізмам), З. Аляхновіча (Перыядычны друк Латвіі ў перыяд нацысцкай акупацыі: кампаратыўны аналіз), С. П. Паўлавіцкага (Аб праблемах перакладу гістарычных дакументаў па ваеннай гісторыі Беларусі (на матэрыялах «Стэнаграмы нарады вышэйшага кіраўніцтва генеральнай акругі “Беларусь” у Мінску 8—10 красавіка 1943 г.»).

Я. З. Басін звярнуўся да тэмы «Халакосту і саюзнікаў Гітлера», В. Я. Бездзель разгледзела гісторыю дзіцячых дамоў на Віцебшчыне ў час германскай акупацыі (1941—1944), Ю. В. Грыбоўскі паказваў беларусаў у польскім антыфашысцкім руху Супраціўлення (1939—1945), Я. А. Грэбень спыніўся на разглядзе судовай сістэмы на акупаванай тэрыторыі Беларусі ў 1941—1944 гг., М. Г. Жылінскі прааналізаваў дзейнасць моладзі Беларусі ў пачатковы перыяд Вялікай Айчыннай вайны, А. Г. Зельскі паведаміў аб зніклых без вестак спецгруп НКУС БССР (1942—1943), Э. Р. Іофе аб нямецкіх спецслужбах на тэрыторыі Беларусі ў 1941—1944 гг., С. Л. Казлова асвятліла пытанні «інтэнсіфікацыі» сельскагаспадарчай вытворчасці на тэрыторыі акупіраваных заходніх абласцей Беларусі ў канцы 1941—1942 гг., У. К. Коршук арыгінальна акрэсліў праблему аб трагічным лёсе савецкіх ваеннапалонных на акупіраванай тэрыторыі ўвогуле, і на тэрыторыі Беларусі ў прыватнасці, С. П. Кубека спыніўся на асаблівасцях германскага «новага парадку» на акупіраванай тэрыторыі Беларусі ў 1941—1944 гг.

В. І. Курганаў звярнуўся да патрыятычнай дзейнасці царквы ў гады Вялікай Айчыннай вайны, С. Р. Лютко разгледзеў праблемы эвакуацыі людскіх і матэрыяльных рэсурсаў з тэрыторыі Мінскай вобласці (чэрвень — ліпень 1941 г.), Р. К. Паўловіч акцэнтаваў увагу на пытаннях зараджэння і развіцця партызанскага руху ў Гомельскай вобласці ў гады Вялікай Айчыннай вайны (лета 1941—восень 1943 гг.), І. І. Сацукевіч паказаў геаграфію гарадскіх назваў, звязаных з дзейнасцю Мінскага падполля ў гады вайны, Г. М. Якаўлева пазнаёміла з некаторымі аспектамі сацыяльна-эканамічнага жыцця і палітыка-ідэалагічнай абстаноўкі ў Полацкай вобласці ў канцы 1944—1945 гг., Г. С. Хадасевіч асвятліла працэс фарміравання патрыятызму скрозь прызму вывучэння гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў вышэйшых навучальных установах.

Праблемы гістарыяграфіі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны знайшлі сваё адлюстраванне ў выступленнях А. Бракеля, Я. П. Бязлепкіна, У. В. Здановіча, У. Я. Калаткова, С. Я. Новікава, С. М. Тукалы.

Тэматыка трэцяга пленарнага пасяджэння — «Беларусь і Германія: у пошуках новых даследчыцкіх напрамкаў» — датычылася асобных аспектаў гісторыі і цяперашняга часу. В. А. Астрога раскрыў вынікі супрацоўніцтва гісторыкаў Беларускага дзяржаўнага і Йенскага універсітэтаў на працягу 1967—1991 гг., К. А. Крывічаніна спынілася на беларуска-нямецкіх навуковых кантактах у 1990-я гг. А. В. Селязнёў разгледзеў міграцыйныя працэсы ў святле некаторых юрыдычна-прававых аспектаў (на матэрыяле друку Рэспублікі Беларусі і Германіі).

Значная частка паведамленняў датычылася пытанняў палітычных, эканамічных і культурных узаемадачыненняў Беларусі і Германіі. У рамках гэтай праблематыкі выступіла І. С. Благуш (Эканоміка Германіі 2001—2006 гг.: прычыны і дасягненні «ціхай рэвалюцыі»); А. У. Русаковіч (Аднаўленне дыпламатычных адносін Рэспублікі Беларусь і ФРГ (канец 1991—пачатак 1992 гг.); В. М. Галай (Гісторыка-культурныя фактары распаўсюджання германізмаў у беларускай мове); супрацоўнік Нацыянальнага інстытута адукацыі М. І. Лебедзь (Да пытання аб культурных сувязях паміж БССР і ФРГ (1965—1990 гг.); Т. Л. Ойстрах-Дзямідава (Праблемы эстэтыкі нямецкага рамантычнага жывапісу); А. А. Павільч (Зварот да рэалій нямецкай гісторыі і культуры ў літаратурнай спадчыне В. Ластоўскага); У. Л. Сакалоўскі (Янка Купала і Якуб Колас у заходнееўрапейскіх культурах першай паловы ХХ ст.); Г. В. Сініла (Міфалагемы Сарматыі ў лірыцы І. Баброўскага); Т. С. Супранкова (Трэці Фауст І. В. Гётэ як вынік узаемакантактаў культур і эпох); І. А. Сынкова (Звесткі пра Беларусь у «Сусветнай хроніцы» Х. Шэдэля).

Пры падвядзенні вынікаў канферэнцыі была падтрымана прапанова беларускіх і замежных навукоўцаў аб перавыданні неабходнай для даследчыкаў «Стэнаграмы нарады вышэйшага кіраўніцтва Генеральнай акругі «Беларусь» у Мінску 8—10 красавіка 1943 г.), што ў хуткім часе і адбылося [6], а таксама аб выданні чарговага зборніка матэрыялаў VI Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Беларусь і Германія: гісторыя і сучаснасць», які выйшаў з друку ў 2007 г. [7].

Литература

1. Беларусь і Германія: гісторыя і сучаснасць: матэрыялы навуковай канферэнцыі, Мінск, 23 мая 2002 г. / У. Ф. Ладысеў (гал. рэд.). Мінск : МДЛУ, 2002. 194 с.
2. Беларусь і Германія: гісторыя і сучаснасць: матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі, Мінск, 16 мая 2003 г. / А. А. Каваленя (гал. рэд.). Мінск : МДЛУ, 2003. 199 с.
3. Беларусь і Германія: гісторыя і сучаснасць: матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі, Мінск, 22 красавіка 2004 г. / А. А. Каваленя (гал. рэд.), С. Я. Новікаў. Мінск : МДЛУ, 2004. 236 с.
4. Беларусь і Германія: гісторыя і сучаснасць: матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі, Мінск, 13 мая 2005 г. / рэдкал.: А. А. Каваленя (гал. рэд.), С. Я. Новікаў (нам. гал. рэд.) [і інш.]. Мінск : МДЛУ, 2005. 221 с.
5. Беларусь і Германія: гісторыя і сучаснасць: матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі, Мінск, 12 мая 2006 г. / рэдкал. А. А. Каваленя (гал. рэд.), С. Я. Новікаў (нам. гал. рэд.) [і інш.]. Мінск : МДЛУ, 2007. 272 с.
6. Стенограмма совещания высшего руководства Генерального округа «Белоруссия» (Минск, 8—10 апреля 1943 г.) / С. В. Жумарь, С. Е. Новиков, Р. А. Черноглазова (авт.-сост.). Минск: МГЛУ, 2006. 220 с.
7. Беларусь і Германія: гісторыя і сучаснасць: матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі, Мінск, 26 красавіка 2007 г. / рэдкал. А. А. Каваленя (гал. рэд.), С. Я. Новікаў (нам. гал. рэд.) [і інш.]. Мінск : МДЛУ, 2007. 300 с.

С. Е. Новиков — заведующий кафедрой истории и белорусоведения Минского государственного лингвистического университета, кандидат исторических наук, доцент

Tags: ,

Comments are closed.

-->