Электронная версия белорусского научного исторического журнала “Российские и славянские исследования”

Главная

О журнале

Правила публикации статей

Новый номер!


Пагаспадарчая кніга, як крыніца па вывучэнні нацыянальнага складу насельніцтва заходнебеларускага рэгіёну ў 40—50-я гг. XX ст.

Вялікі А. Ф.

Великий Анатолий Федорович — доцент кафедры истории Беларуси БГПУ им. Максима Танка, кандидат исторических наук

Этнанацыянальныя і этнадэмаграфічныя працэсы, якія адбываліся ў заходнебеларускім рэгіёне ў 40-х — 50-х гг. XX ст. прыцягвалі і прыцягваюць пільную ўвагу даследчыкаў, што невыпадкова, бо гэта рэгіён сумеснага пражывання і ўзаемаадносін розных этнасаў: беларусаў, палякаў, літоўцаў, яўрэяў, рускіх ды іншых. Гэтыя ўзаемаадносіны, асабліва беларусаў і палякаў, маюць шматаспектны характар: этнічныя (беларусы — палякі), моўныя (беларуская мова — польская мова), канфесійныя (праваслаўны — католік), сямейна-шлюбныя і інш. Для іх вывучэння на лакальным узроўні — вёска, сельскі савет (с/с), важнае значэнне маюць матэрыялы бягучага ўліку насельніцтва: пагаспадарчыя кнігі (ПК) у сельскіх адміністрацыях — сельскіх саветах. Пагаспадарчыя кнігі, якія вяліся ў сярэдзіне 40-х — 50-х гг. утрымліваюць асноўныя дэмаграфічныя, нацыянальныя, сацыяльныя, эканамічныя характарыстыкі насельніцтва, што дазваляе атрымліваць інфармацыю як аб асобным чалавеку, сям’і, так і аб насельніцтву вёскі, сельсавета. У ПК фіксуюцца нацыянальнасць кожнага члена сям’і, пол, узрост, адукацыя, месца працы і прафесія, склад сям’і, яе міграцыі і г. д. ПК магчыма разглядаць як крыніцу з высокай ступенню даставернасці, бо яна запаўнялася работнікамі сельсаветаў, якія добра ведалі кожнага жыхара населенага пункта. ПК як крыніца дае магчымасці параўнаць змены нацыянальнасці жыхароў вёскі на працягу пэўнага часу. Таму, мэтай напісання артыкула з’яўляецца аналіз пагаспадарчай кнігі як крыніцы па вывучэнні змены нацыянальнай структуры заходнебеларускай вёскі на працягу сярэдзіны 40-х — 50-х гг., на прыкладзе в. Сіўцы Крывіцкага раёна Маладзечанскай вобласці.

Адразу ж пасля вызвалення Беларусі ў Сіўцаўскім сельсавеце пачаўся запіс першых пасляваенных пагаспадарчых кніг 1944—1945 гг. Дык вось, поводле ПК 1944—1945 гг. з 61 сям’і гэтай вёскі, у 59 сямей у графе «нацыянальнасць», было пазначана — «паляк». У двух сем’ях у графе «нацыянальнасць» нічога не было пазначана. Такім чынам, паводле гэтага своеасаблівага міні-перапісу насельніцтва ў 1944—1945 гг. уся вёска Сіўцы з’яўлялася выключна польскай [4, арк.1—63].

Аднак запіс ПК, што адбыўся ў 1946—1948 гг. у гэтай жа самой вёсцы паказаў, што толькі 6 сямей прызналі сябе польскімі, у 53-х у графе «нацыянальнасць» нічога не было запісана. Шэсць сямей запісалі сябе беларусамі, а ў пяці ў графе «нацыянальнасць» стаяла толькі літара «б» [5, арк.1—48; 6, арк.1—46]. Новая закладка пагаспадарчых кніг, што адбылася ў 1949—1951 гг. раставіла ўсе кропкі над «і». Уся в. Сіўцы стала паймённа беларускай. Палякамі прызналі сябе толькі дзве сям’і, восем сямей у графе «нацыянальнасць» нічога не пазначылі, а ўсе астатнія пазначылі — «беларус» [8, арк. 1—59]. Такім чынам, калі браць крайнія даты (1944—1949 гг.), то за пяць гадоў адбыліся карэнныя змены ў вызначэнні нацыянальнасці насельніцтва цэлай вёскі. Чым гэта патлумачыць ? Магчыма выказаць наступныя важнейшыя прычыны і храналагічныя перыяды, якія спрыялі гэтаму працэсу.

Першы перыяд прыпадае на 1944—1945 гг. У гэты час значная частка заходнебеларускага грамадства была няўпэўнена ў якой дзяржаве яна будзе жыць: ці ў Савецкім Саюзе (Беларусі), ці ў Польшчы. Таму частка насельніцтва, у большасці палякі, спадзяючыся, што тэрыторыя Заходняй Беларусі зноў адыйдзе да Польшчы, голасна і свядома заявілі, што па нацыянальнасці яны палякі. Красамоўна гэта выявілася ў час збору подпісаў ліста Сталіну, які праходзіў з нагоды першай гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у ліпені — жніўні 1945 г. У «Даведцы аб палітычных настроях насельніцтва ў сувязі з падпісаннем ліста працоўных І. Сталіну» адзначалася : «У Сапоцкінскім раёне Гродзенскай вобласці ў вёсцы Асочнікі і Навасёлкі селянне-палякі заявілі: «Мы не радыя нашаму вызваленню, а таму падпісваць ліст не будзем. Дэпутат сельскага савета вёскі Селіванцы Трамбавец заявіў: «Да якога д’ябла мне здалося вашае вызваленне. Вы не вызвалілі, а абрабавалі. Ніякага подпісу даваць не буду. Вызвалілі ад хлеба, сала, ботаў і адзёжы. …16 польскіх вёсак Жалудоцкага раёна зусім адмовіліся падпісваць ліст Сталіну. …У Воранаўскім раёне з 20 тыс. насельніцтва падпісалі ліст толькі 3000 чалавек. …У Бераставіцкім раёне ў 13 вёсках, дзе пераважна пражывае польскае насельніцтва, не падпісалі ліст Сталіну. Такое ж становішча ў Свіслацкім раёне, дзе з 25 тыс. насельніцтва падпісалі ліст т. Сталіну толькі 7800 чалавек. У вёсцы Бортнікі Свіслацкага раёна з 50 гаспадарак ліст падпісалі толькі 2 чалавекі, у вёсцы Вядзейкі з 65 гаспадарак падпісалі ліст толькі 5 чалавек. …У Пагарэльскім сельсавеце Нясвіжскага раёна Баранавіцкай вобласці, большасць насельніцтва якого складаюць палякі ліст падпісалі толькі 20 чалавек. …Значная частка палякаў у Заходніх абласцях БССР пад рознымі прычынамі ўхіляецца падпісваць ліст. У шэрагу месцаў палякі адмаўляліся падпісваць ліст Сталіну пад тым выглядам, што гэта ліст беларускага, а не польскага народа. У Шчучынскім раёне з 38 тыс. насельніцтва раёна падпісалі ліст толькі 7700 чалавек» [1, с. 133]. Гэта толькі фрагментарныя звесткі аб такога кшталту выказваннях і настроях заходнебеларускага насельніцтва і асабліва палякаў. Аднак яны красамоўна сведчаць, што адразу ж пасля вайны значная частка насельніцтва лічыла сябе палякамі па нацыянальнасці і спадзявалася, што будзе жыць у Польшчы.

Ды што там звычайны селянін-аднаасобнік з заходнебеларускай вёскі ! Вярхі беларускай інтэлігенцыі, якія былі ўвахожыя ў самыя высокія кабінеты ў 1945 г. не былі ўпэўнены ў стабільнасці дзяржаўных граніц Беларусі. Красамоўны абмен рэплікамі адбыўся на закрытым партыйным сходзе партарганізацыі Саюза пісьменнікаў Беларусі, якая адбылася 7 красавіка 1945 г. На сходзе выступіў сакратар ЦК КП(б)Б па ідэалогіі Ц. Гарбуноў, які паведаміў пісьменнікам аб выніках VI пленума ЦК КП(б)Б. Пасля даклада Ц. Гарбунова Кандрат Крапіва запытаў яго: «Ці ўваходзіць Брэст у зону, якую паводле пастановы Крымскай канферэнцыі патрэбна ўступіць Польшчы ?». Ц. Гарбуноў на пытанне К. Крапівы адказаў вельмі коратка — «Не» [2, арк. 18]. (Дакументальны матэрыял з Дзяржаўнага архіва Мінскай вобласці прадастаўлены аўтару В. Скалабанам — в подстрочник.) Як вынікае з абмена рэплікамі, у красавіку 1945 г. нават сярод пісьменнікаў не было ўпэўненасці, што Брэст застанецца ў складзе БССР.

У 1944—1945 гг. не было ўпэўненасці ў нязменнасці граніц рэспублікі і ў партыйна-савецкага кіраўніцтва Беларусі. Вось што распавёў першы сакратар ЦК КП(б)Б Панцеляймон Панамарэнка на пасяджэнні Прэзідыума ВС БССР па пытанні аб ратыфікацыі Статута Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, якое адбылося 30 жніўня 1945 г.: «Мы выходзім на міжнародную арэну, што мае вялікае палітычнае і міжнароднае значэнне для нашай дзяржавы. У Сан-Францыску ў час работы на канферэнцыі наша дэлегацыя сярод усіх міжнародных актаў правяла ўстанаўленне заходніх граніц, і такім чынам з пункту гледжання міжнароднага права мы маем юрыдычнае замацаванне ўз’яднання Беларусі. Гэта немалаважны факт. У гісторыі ўжо не можа быць зварота да папярэдняга ці перагляду гэтага пытання. Гэта надзвычай важна, таму што фактычна мы ўз’ядналіся ў 1939 г., але сваю пазіцыю трымалі адкрытай, таму гэта ўяўляла вядомыя нязручнасці. Зараз гэта прызнана ў міжнародным маштабе, гэта лічыцца непарушным фактам. Для Беларусі гэта справа гістарычнага значэння (выдзелена аўтарам. — А. В.)» [12, с. 315—316]. Гэта вельмі красамоўнае прызнанне П. Панамарэнкі, бо толькі ў жніўні 1945 г. ён, як кіраўнік рэспублікі, упэўніўся ў нязменнасці тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі. Што ж тады казаць аб простых сялянах, рабочых, сярод якіх «гулялі» розныя чуткі аб тэрытарыяльнай прыналежнасці заходнебеларускага рэгіёна — ці то ён адыйдзе да Польшчы, ці то застанецца ў складзе Беларусі.

Запіс пагаспадарчых кніг у 1946—1948 гг. паказала разгубленасць гэтай часткі насельніцтва. Учарашнія «палякі» палічылі пакуль за лепшае ўстрымацца ад вызначэння нацыянальнай прыналежнасці. Інакш нічым не патлумачыць, чаму 53 сям’і вёскі Сіўцы так і не рашыліся нічога не пазначаць у графе «нацыянальнасць». У гэты ж час «нявызначыўшыяся палякі» спакваля пачынаюць разумець, што яны будуць жыць у Савецкай Беларусі. Да таго ж колішняя ўлада штодня яскрава паказвала ім, у якой дзяржаве яны будуць жыць і ва ўзаемаадносінах «дзяржава — грамадзянін», дзяржава патрабавала поўнай лаяльнасці і падпарадкавання, гэта па-першае. Па-другое, улада з такой жа відавочнасцю паказала, што для паляка і «польскасці» ў гэтай дзяржаве няма асаблівых перспектыў і будучыні. Дастаткова нагадаць, што да 1949 г. былі ліквідаваны ўсе польскамоўныя школы [13, s.121] і польская мова з шырокага ўжытку «заганялася» углыб, у сям’ю, ды ў касцёл. Але і касцёл заганяўся ўладай у лакальныя «рэзервацыі» і ледзьве трываў. Гэта ўсяго толькі адзін аспект шматбаковай польскай праблемы пасляваеннага часу. Тады, для абсалютнай большасці жыхароў в. Сіўцы стала відавочным і зразумелым, што пазначыўшы ў графе «нацыянальнасць» у пагаспадарчых кнігах «паляк», ты сам і твае дзеці з пункту гледжання ўлады, выказалі да яе нелаяльнасць. Гэта, у сваю чаргу, непазбежна вяло да таго, што ўлада насцярожана і падазрона ставілася да «польскага элемента». Усведамленне гэтага, вымушала «ўчорашніх палякаў», па крайняй меры, у пагаспадарчых кнігах фармальна «пераўтварацца» ў «беларусаў». Гэта было больш бяспечным, надзейным і «самазахаваўчым».

Наступныя гады яшчэ больш замацавалі гэтую тэндэнцыю. У пагаспадарчых кнігах 1952—1954 гг. ні адна сям’я гэтай вёскі не запісала ў графе «нацыянальнасць» — «паляк», 2-е — не пазначылі ў гэтай графе нічога [3, арк. 1—76]. У ПК 1955—1957 гг. у в. Сіўцы ўжо не засталося ні аднаго «паляка». Польскі «след» выявіўся толькі ў адносінах Станіславы Адамовіч, якая, як пазначалася ў кнізе, у 1956 г. выехала ў Польшчу. Аднак, што цікава, у графе «нацыянальнасць», яна была пазначана як «беларуска» [9, арк.35]. Гэтае ж самае датычыла Яніны Паўлоўскай, таксама выехаўшай у Польшчу, аднак паводле пагаспадарчай кнігі 1955—1957 гг., яна лічылася «беларускай» [9, арк.45], хаця ў 1944—1945 гг. была «полькай» [4, арк. 48]. І апошні штрых. У пагаспадарчых кнігах за 1961—1963 гг. уся в. Сіўцы лічылася паймённа беларускай. Ні адзін з яе жыхароў у графе «нацыянальнасць» не пазначыў, што ён «паляк» [10, арк. 1—78]. Такім чынам, за адносна кароткі адрэзак часу (1944—1949 гг.), жыхары в. Сіўцы карэнным чынам «змянілі» сваю нацыянальнасць паводле пагаспадарчых кніг. Ці змянілі яны яе ў свядомасці ? Вось дзе самае складанае пытанне.

У пэўнай ступені адказ на гэтае пытанне ўтрымліваецца ў пагаспадарчых кнігах другой вёскі — Валодзькі Свірскага раёна, якая ў 1944—1955 гг. налічвала 22 гаспадаркі. Аналіз ПК гэтай вёскі паказаў адну надта цікавую акалічнасць. Амаль траціна яе жыхароў у гэтых кнігах распісвалася па-польску [11, арк. 3, 4, 6, 9, 11, 15, 19, 21, 33]. Так, жыхар гэтай невялікай вёскі Іван Лапата ў пагаспадарчай кнізе за 1951—1952 гг. у графе нацыянальнасць быў пазначаны «беларус» (як і ўся яго сям’я), хаця ў пагаспадарчай кнізе за 1944 г. ён лічыўся палякам. Аднак на той жа старонцы, дзе была графа «нацыянальнасць», ён распісваўся «Jan Lopata» [11, арк. 8]. Дык кім жа лічыў сябе па нацыянальнасці Іван — Ян Лапата? Беларусам? Палякам?

Аднак было б памылкай цалкам пераносіць «прыклад» в. Сіўцы на ўвесь заходнебеларускі рэгіён. У той жа Маладзечанскай вобласці, у якую ўваходзіў Крывіцкі раён, у заходніх і паўночных раёнах вобласці значная частка насельніцтва, нягледзячы ні на якія акалічнасці свядома заявіла, што яны па нацыянальнасці палякі. Так, у Ільянскім раёне пражывала 72,6 % палякаў, Свірскім — 72 %, Астравецкім — 62,4 %, Відзаўскім — 51,2 % [13, s.133].

За чыста статыстычнымі дадзенымі, адлюстраванымі ў пагаспадарчых кнігах гэтай ды іншых вёсак заходніх абласцей Беларусі, неабходна бачыць істотныя глыбінныя зрухі, якія пачалі адбывацца сярод польскага насельніцтва, пачынаючы з 1944 г. Саветызацыя, дэпаланізацыя, прымусовая калектывізацыя, раскулачванне, вынішчэнне рэшткаў польскага і беларускага антысавецкага падполля, дзве перасяленчыя хвалі 1944—1946 і 1955—1959 гг. на фоне сацыяльна-эканамічнай і грамадска-палітычнай стабілізацыі, павышэння культурна-адукацыйнага ўзроўню, урбаністычных працэсаў непазбежна вялі да таго, што адна частка польскага насельніцтва губляла ці зракалася сваёй нацыянальнай ідэнтычнасці. «Пераўтварэнне» вёскі Сіўцы за пяць гадоў (1944—1949 гг.) з пайменна «польскай» у пайменна «беларускую», красамоўны прыклад гэтых глыбінных працэсаў разбурэння нацыянальнай ідэнтычнасці палякаў. Пачаўшы страчваць «польскасць», яе жыхары не набылі (ды і не жадалі набываць) беларускасць і рускасць, але паступова пачалі пераўтварацца ў штучна ствараемую ўладай супольнасць — «савецкі чалавек».

Такім чынам, пагаспадарчыя кнігі, якія вяліся ў сельскіх саветах у 40-я — 50-я гг. XX ст., з’яўляюцца важнай крыніцай па вывучэнні нацыянальнага складу насельніцтва заходнебеларускага рэгіёна на лакальным узроўні — сям’я, вёска, сельскі савет. Штогадовыя запісы даюць магчымасць прасачыць і прааналізіраваць дынаміку змен нацыянальнага складу насельніцтва, выявіць прычыны, якія выклікалі іх і г. д. Параўнанне дадзеных пагаспадарчых кніг з дадзенымі першага пасляваеннага рэспубліканскага перапісу насельніцтва (1959 г.) дасць магчымасць больш дакладна выявіць сутнасць этнадэмаграфічных і этнанацыянальных працэсаў, якія праходзілі ў гэтым рэгіёне ў вызначаны перыяд.

Литература

1. Вялікі, А. Ф. Беларусь — Польшча ў XX ст. Невядомая рэпатрыяцыя. 1955—1959 гг.; манаграфія / А. Ф. Вялікі. Мінск : БДПУ, 2007. 272 с.
2. Дзяржаўны архіў Мінскай вобласці (ДАМВ). Ф. 309. Воп. 1. Спр. 14.
3. Занальны дзяржаўны архіў г. Маладзечна (ЗДАМ). Ф. Р-1569. Воп. 3. Спр. 6. Пагаспадарчая кніга № 9 асноўных вытворчых паказчыкаў калгаснікаў на 1951—1953—1954 гг в. Сіўцы.
4. ЗДАМ. Ф. Р-1569. Воп. 3. Спр. 20. Пагаспадарчая кніга на 1944—1945 г. в. Сіўцы.
5. ЗДАМ. Ф. Р-1569. Воп. 3. Спр. 38. Пагаспадарчая кніга на 1944—1945 г. в. Сіўцы.
6. ЗДАМ. Ф. Р-1569. Воп. 3. Спр. 39. Пагаспадарчая кніга на 1946—1947—1948 гг. в. Сіўцы.
7. ЗДАМ. Ф. Р-1569. Воп. 3. Спр. 40. Пагаспадарчая кніга на 1946—1947—1948 гг. в. Сіўцы, в. Слабада.
8. ЗДАМ. Ф. Р-1569. Воп. 3. Спр. 59. Пагаспадарчая кніга асноўных вытворчых паказчыкаў гаспадарак у сельскім савеце в. Сіўцы. 1 студзеня 1949 г. — 31 снежня 1951 г.
9. ЗДАМ. Ф. Р-1569. Воп. 3. Спр. 64. Пагаспадарчая кніга № 5 Сіўцаўскага сельскага савета на 1955—1956—1957 гг.
10. ЗДАМ. Фонд. Р-1569. Воп. 3. Спр. 74. Пагаспадарчая кніга № 5 на 1961—1962—1963 гг. в. Сіўцы.
11. ЗДАМ. Ф. Р-1978. Воп. 2. Спр. 48. Пагаспадарчая кніга № 2 асноўных вытворчых паказчыкаў гаспадарак у сельскіх саветах. В. Валодзькі, Навасёлкі. 1948—1951 гг.
12. Освобожденная Беларусь: док. и материалы: в 2 кн. Кн. 2: Январь — декабрь 1945 г. / сост. В. И. Адамушко [и др.]. Мінск : НАРБ, 2005. 506 с.
13. Mironowicz, E. Zmiany struktury narodowościowej na pograniczu polsko-białoruskim w XX wieku / E. Mironowicz, S. Tokc, R. Radzik. Białystok: Wyd. Uniwersytetu w Białymstoku, 2005. 171 s.

Наверх

Tags: , ,

Comments are closed.

-->