Электронная версия белорусского научного исторического журнала “Российские и славянские исследования”

Главная

О журнале

Правила публикации статей

Новый номер!


Polityka wschodnia Polski: uwarunkowania, koncepcje, realizacja / red. Gil A., Kapuśniak T. Lublin; Warszawa : IES, 2009. 416 s.

Доўгі час польская палітыка, як унутраная, так і знешняя, была непарыўна звязана з краінамі Усходняй Еўропы, і ў першую чаргу з СССР. Пасля т. зв. «дамоўнай рэвалюцыі» 1989 г. і ўтварэння Трэцяй Рэспублікі Польшча вярнулася ў лона Заходняй Еўропы, стала паўнавартасным іграком на палітычнай арэне, сябрам НАТА, Еўрапейскага Саюза і іншых міжнародных арганізацый. Ва ўмовах гэтай пераарыентацыі ўсходні вектар знешняй палітыкі не згубіў сваю актуальнасць. Узаемаадносіны з Расіяй і краінамі СНД, безумоўна, змяніліся, аднак па-ранейшаму яны маюць вялікае значэнне для Польшчы і патрабуюць грунтоўнага даследавання. Менавіта праблемам усходняга напрамку знешняй палітыкі польскай дзяржавы канца ХХ — пачатку ХХІ ст. прысвечаны зборнік «Усходняя палітыка Польшчы: абумоўленасць, канцэпцыі, рэалізацыя».

Кніга падзяляецца на некалькі тэматычных блокаў. У першым («Абумоўленасць усходняй палітыкі Польшчы») прадстаўлены артыкулы, у якіх апісваюцца ўмовы і чыннікі, што ўплывалі і ўплываюць на ўсходнюю палі­тыку краіны. Так, праца М. Мруза не абмяжоўваецца перыядам Трэцяй Рэспублікі, а змяшчае экскурс у гісторыю ПНР і ўзаемаадносінаў з СССР. Важнае месца ў кнізе займае вызначэнне не толькі палітычных, але і эканамічных, сацыяльных, культурных і асабліва рэлігійных фактараў, якія разглядаюцца ў артыкулах Я. Альхоўскага і Т. Алеяжа. Багатым статыстычным матэрыялам па колькасці розных родаў арміі, выдаткаў на іх утрыманне, магутнасці вылучаецца праве­дзенае І. Тапольскім даследаванне вай­сковай пазіцыі краіны ад часоў ПНР да 2005 г. Цікавасць прадстаўляюць вызначэнне геапалітычнага становішча Польшчы пасля 1989 г. (артыкул К. Мажэнды) і стасункі з сацыялістычнымі рэспублікамі ў пераходны перыяд (1989—1991 гг.) (праца М. Ажэхоўскага).

Другая частка зборніка прысвечана эвалюцыі поглядаў на ўсходні вектар знешняй польскай палітыкі, пачынаючы з першых пасляваенных гадоў, праблеме ўсталявання межаў краіны, прыналежнасці да сацыялістычнага лагера і пераарыентацыі на Захад. Важная роля адводзіцца аўтарамі асобным дзеячам: Е. Гедройцу і яго ўплыву на стаўленне парыжскай «Культуры» да ўсходняй палітыкі Польшчы (Л. Унгер), О. Халецкаму, стваральніку геапалітычнай канцэпцыі Цэнтральна-Усходняй Еўропы (П. Вандыч), К. Скубішэўскаму і яго дзеянням у ролі міністра замежных спраў (С. Дэмбскі, Р. Кузняр). Не застаюцца па-за ўвагай ў і перыяд  «аптымістычнага дэтэрмінізму», пачатак збліжэння з Еўрапейскім саюзам і НАТА, поспехі і няўдачы на гэтым шляху і г. д. Асаблівую каштоўнасць мае праца З. Найдэра па галоўных праблемах усходняй палітыкі краіны, карані якіх знаходзяцца глыбока ў гісторыі, а праявы назіраюцца ў нашы дні.

Непасрэдная рэалізацыя знешняй палітыкі Польшчы, яе стасункі з усходнееўрапейскімі і азіяцкімі дзяржавамі знайшлі адлюстраванне ў раздзеле «Рэалізацыя ўсходняй палітыкі Польшчы». Галоўная ўвага надаецца, безумоўна, адносінам з Расіяй, іх дынаміцы, змене акцэнтаў, некаторым гістарычным аспектам часоў сацыялістычнага блоку. Не меншае значэнне маюць кантакты з бліжэйшымі суседзямі — Беларуссю і Украінай. У працах Т. Капусняка і К. Федарові­ча разглядаюцца міждзяржаўныя стасункі з пачатку 1990-х гг., асноўныя канфлікты, праблемы «еўрапеізацыі» гэтых краін, змены ў адносінах пасля 2004 г., які называецца пераломным, і г. д. Асобныя артыкулы прысвечаны рэгіянальнай інтэграцыі Польшчы з прыбалтыйскімі рэспублікамі, асноўным праблемам і дасягненням у супрацоўніцтве з краінамі Каўказа, Сярэдняй Азіі і інш. Асаблівую цікавасць прадстаўляе артыкул М. Хабоўскага з аналізам праблем польскага насельніцтва на тэрыторыі постсавецкіх краін. Аўтар даследуе пытанні мовы, рэпатрыяцыі, сувязяў з Польшчай і стаўлення да гэтага насельніцтва карэнных палякаў.

Апошні, чацвёрты, блок («Усходняя палітыка Польшчы і ўсходняя палітыка Еўрапейскага Саюза») ілюструе, якім чынам усходняя палітыка краіны стасуецца з уяўленнямі і каштоўнасцямі ЕС, а таксама дзейнасцю ў ім нашай заходняй суседкі. Артыкул А. Думалы прысвечаны галоўным прынцыпам ЕС на ўсходнім вектары і гісторыі далучэння Польшчы да гэтай арганізацыі. Працы К. Гелес, І. Гораль, В. Гізіцкага і інш. дэманструюць пазіцыю па гэтым пытанні Германіі, Францыі, міжземнаморскіх і скандынаўскіх дзяржаў, а таксама Вышаградскай групы. Яны апісваюць гісторыю ўзаемаадносін гэтых краін з Польскай Рэспублікай, цяжкасці на шляху іх супрацоўніцтва і крокі па збліжэнню. У цэлым раздзел паказвае, як сяброўства ў ЕС і накладанне на краіну пэўных абавязкаў змяніла стаўленне кіраўніцтва Польшчы да яе ўсходняй палітыкі.

Разглядаемы зборнік паказвае ўнікальнае становішча Польшчы паміж усходам і захадам Еўропы. Працу можна ахарактарызаваць як еўрааптымістычную. Аўтары ўпэўнены ў правільнасці выбару заходняй арыентацыі краіны, вераць у яе вялікія магчымасці ў межах ЕС, таму ўсходні вектар палітыкі разглядаюць з праеўрапейскіх пазіцый. Многія артыкулы з’яўляюцца выдатнымі даследаваннямі, добра абгрунтаванымі, з важкімі доказамі, аднак некаторыя працы адрозніваюцца відавочнай тэндэнцыйнасцю.

Кніга падыходзіць для шырокай чытальніцкай аўдыторыі. Аднак для складання поўнай карціны неабходна звярнуцца да іншых выданняў, бо дадзены зборнік адлюстроўвае толькі польскае бачанне праблемы.

К. Я. Колб

Tags: , , ,

Comments are closed.

-->