Электронная версия белорусского научного исторического журнала “Российские и славянские исследования”

Главная

О журнале

Правила публикации статей

Новый номер!


Польская гістарыяграфія ўнутрыпалітычнага становішча ў ВКЛ (1717—1763 гг.)

Мацук А.У.

Мацук Андрей Владимирович — научный сотрудник отдела истории Беларуси средних веков и начала Нового времени Института истории НАН Беларуси, кандидат исторических наук

Гістарыяграфія гісторыі ВКЛ XVIII ст. не такая шырокая, як папярэдніх ці наступных перыядаў, а пытанне палітычнай арганізацыі жыцця ў ВКЛ у гэты перыяд амаль зусім аказалася па-за ўвагай даследчыкаў. Такое становішча, на наш погляд, ёсць наступствам не столькі навуковых, колькі палітычных прычын. XVIII ст. — час актыўнага ўмяшальніцтва ва ўнутрыпалітычнае жыццё Рэчы Паспалітай з боку Расіі, Аўстрыі і Прусіі, дзяржаў, якія ў 1720 і 1726 гг. дамовіліся не дапусціць да рэфармавання эканамічнага і палітычнага ладу Рэчы Паспалітай, а потым і падзялілі тэрыторыю гэтай дзяржавы ў 1772, 1793 і 1795 гг. паміж сабой.

Мэтай артыкула з’яўляецца аналіз прац польскіх гісторыкаў унутрыпалітычнага становішча ў ВКЛ (1717—1763) у кантэксце польскай гістарыяграфіі эпохі панавання дынастыі Вецінаў у Рэчы Паспалітай (1697—1763).

Стан польскай гістарыяграфіі праблемы ў перыяд з сярэдзіны XIX да сярэдзіны ХХ ст. Як заўважыў Ю. А. Героўскі, эпоха панавання Сасаў (назва каралёў з дынастыі Вецінаў) у Рэчы Паспалітай доўгі час у польскай гістарычнай навуцы разглядалася праз прызму поглядаў Г. Калантая, які ў сваёй працы «Stan oświecienia w Polsce» (Становішча асветніцтва ў Польшчы) раскрытыкаваў палітыку караля, шляхты і каталіцкага кліру, абвінаваціўшы іх у палітычным, гаспадарчым і культурным заняпадзе дзяржавы [1, s. VI—VII]. Узмацнілі намаляваную чорнымі фарбамі карціну Калантая Г. Шміт [2] і К. Ярахоўскі [3]. Апошні падвяргаў крытыцы дзейнасць Аўгуста ІІ, які аказаўся не ў стане супрацьдзейнічаць мясцовай магнацкай алігархіі і ўмяшальніцтву замежных дзяржаў.

Значнай перашкодай развіццю польскай гістарыяграфіі ў ХІХ ст. была адсутнасць уласнай дзяржавы. Тэрыторыя Польшчы была падзелена паміж Аўстрыяй, Прусіяй і Расіяй. Адным з наступстваў паўстання 1830—1831 гг. была ліквідацыя вышэйшых навучальных устаноў, вакол якіх і групаваліся навуковыя асяродкі польскіх гісторыкаў. Акрамя таго, польская гістарыяграфія знаходзілася ў фактычнай ізаляцыі ад еўрапейскай гістарычнай навукі. Пэўным выключэннем быў уплыў прускай гістарыяграфіі. Новае пакаленне польскіх гісторыкаў навучалася ў прускіх універсітэтах (радзей у расійскіх) і таму прускія гісторыкі, як Ранке, аказвалі пэўны ўплыў на развіццё польскай гістарыяграфіі [4, s. 120—121].

Перамены да лепшага наступілі на польскіх тэрыторыях, што знаходзіліся пад уладай Аўстрыі. Паразы Аўстрыі ў Італіі (1859 г.) і ў бітве пры Садовай (1866 г.) прывялі да змен дзяржаўнага ладу і стварэння дуалістычнай Аўстра-Венгрыі, а таксама прызнання аўтаноміі некаторым тэрыторыям. Пайшлі аўстрыйскія ўлады і на саступкі польскай эліце. Сярод іншага быў праведзены працэс паланізацыі Кракаўскага і Львоўскага універсітэтаў. Вялікае значэнне мела аднаўленне кафедры польскай гісторыі ў Кракаўскім універсітэце, якая стала асновай для стварэння своеасаблівай кракаўскай гістарычнай школы. Яе даволі вядомыя прадстаўнікі Ю. Шуйскі і М. Бабжыньскі амаль цалкам перанялі інтэрпрэтацыю палітычнага становішча Рэчы Паспалітай саскіх часоў у Г. Шміта і К. Ярахоўскага. Першы з іх увогуле сцвярджаў, што часы панавання ў Рэчы Паспалітай каралёў Аўгуста ІІ і Аўгуста ІІІ «гісторыя мусіць безаглядна патапіць як непрадуктыўныя» [5, s. 15]. Прычынай упадку Рэчы Паспалітай Ю. Шуйскі лічыў адсутнасць сацыяльных рэформ і існаванне liberum veto [4, s. 131—132].

Шуйскі даў падрабязную характарыстыку магнацкім групоўкам Патоцкіх і Чартарыйскіх, вызначыў іх склад, прычыны ўзвышэння ва ўнутрыпалітычным жыцці ВКЛ, кантакты з замежнымі дзяржавамі [6, s. 332—333]. Недахопам прац Шуйскага было тое, што ён у сваіх даследаваннях выкарыстоўваў толькі рукапісы з архіваў і бібліятэк Кракава і Львова і нязначную колькасць копій з французскіх архіваў. За дасягненне, як трапна заўважыў Ю. А. Героўскі, неабходна прызнаць, што Шуйскаму «удалося пабудаваць удалыя канцэпцыі на слабым матэрыяле, якія былі пацверджаны пазней» [7, s. 88]. Дасягненні Шуйскага асабліва значныя ў адносінах да даследавання XVIII ст., бо да цяперашняга часу існуе шмат праблем, вывучэнне якіх не вельмі рушылася наперад, а некаторыя яго сцвярджэнні аб палітычных падзеях праўлення Аўгуста ІІ і Аўгуста ІІІ засталіся адзінымі да сённяшняга дня [7, s. 88]. Праўда, неабходна заўважыць, што ў адносінах да ВКЛ, не ўсе канцэпцыі Шуйскага знайшлі сваё пацвярджэнне, а некаторыя яго сцвярджэнні наадварот выдаюцца памылковымі, як наконт падтрымкі Чартарыйскімі Прусіі падчас Сямігадовай вайны (1756—1763 гг.) ці іх імкнення сарваць Трыбунал ВКЛ 1763 г. [6, s. 343—345, 357].

М. Бабжыньскі ўдзяліў найбольшую ўвагу крытыцы самога Аўгуста ІІ, які не выкарыстаў магчымасці правесці неабходныя рэформы ў Рэчы Паспалітай і ўвогуле негатыўна ацэньваў яго панаванне, нават адну з частак сваёй працы назваў «стан заняпаду» Рэчы Паспалітай [8]. На яго думку, адзінай прычынай упадку Рэчы Паспалітай была адсутнасць улады [4, s. 132].

У апазіцыі да поглядаў кракаўскай гістарычнай школы фармулявала свае палажэнні варшаўская гістарычная школа. У 50—60-х гг. XIX ст. адным з найбольш папулярных гісторыкаў быў Ю. Барташэвіч. Былі і «такія, якія лічылі яго за першага нашага (польскага. — А. М.) гісторыка» [9, s. 70]. Сярод іншага ён упершыню ў гістарыяграфіі пачаў вывучаць праблему атрымання «нойбургскіх уладанняў» нясвіжскай галіной роду Радзівілаў і ўплыў пытання «нойбургскай спадчыны» на ўнутрыпалітычную сітуацыю ў ВКЛ і Рэчы Паспалітай [10]. У сваіх даследаваннях закранаў Ю. Барташэвіч і іншыя тэмы ўнутрыпалітычнай барацьбы ў ВКЛ, якія геаграфічна ў асноўным адносіліся да берасцейскага ваяводства [11]. Акрамя таго, Ю. Барташэвіч выдаў адзін з найбольш вядомых часоў дыярыушаў Завішы, які даволі падрабязна падае карціну панавання Аўгуста ІІ. Сам Ю. Барташэвіч увогуле «саскія часы судзіў досыць сурова, асабліва крытычна апавядаў аб арыстакратыі, крытыкуя яе абыякавасць на жыццёва неабходныя справы народу, адзінае аб Чартарыйскіх пісаў з удзячнасцю. Фамілія гэта адзіная групоўка Рэчы Паспалітай, якая мела палітычны розум» [9, s. 81].

У той жа час погляды іншых прадстаўнікоў варшаўскай гістарычнай школы на гісторыю Рэчы Паспалітай XVIII ст. нязначна адрозніваліся ад поглядаў кракаўскіх гісторыкаў. А. Павіньскі, Т. Корзан, У. Смаленскі і С. Аскеназі змянілі толькі акцэнты на ацэнку Рэчы Паспалітай у «саскія часы». На іх думку, галоўнымі прычынамі ўпадку Рэчы Паспалітай былі знешнія: палітыка суседніх краін па зрыву рэформаў у Рэчы Паспалітай і іх імкненне любымі сродкамі захаваць яе слабасць [12; 13]. Яны разглядалі гісторыю Рэчы Паспалітай 1717—1763 гг. праз прызму прац усё таго ж Г. Калантая і заснаваных на яго поглядзе інтэрпрэтацый сваіх папярэднікаў. Асноўную ўвагу ў сваіх працах гэтыя аўтары звярталі на падзелы Рэчы Паспалітай, шукаючы ў папярэдніх часах толькі іх прычыны. Адзіная розніца была ў тым, на што яны ставілі акцэнты ў сваіх даследаванях: на ўнутрыпалітычныя («кракаўская школа») ці знешнепалітычныя («варшаўская школа») прычыны падзелу Рэчы Паспалітай.

Былі і працы ў якіх непасрэдна разглядалася палітычная гісторыя ВКЛ у XVIII ст. Перыяду гісторыі ВКЛ 1717—1763 гг. была прысвечана работа К. Барташэвіча [14]. Тут ён даследаваў, між іншым, і дзейнасць рода Радзівілаў у палітычным жыцці ВКЛ. Не заставіла па-за ўвагай «саскія часы» і львоўская гістарычная школа. У Львове плённа працаваў над вывучэннем «часоў Сасаў». К. Кантэцкі. Прыналежнасць Львова да Аўстра-Венгрыі дала яму магчымасць вывучыць падзеі бескаралеўя 1733 г. на падставе матэрыялаў венскіх архіваў [15; 16]. Ён жа з’яўляецца аўтарам манаграфіі аб С. Панятоўскім, якая напісана з архіўных крыніц [17].

Вывучалася «саская эпоха» і ў эмігранцкім асяродку польскіх гісторыкаў. Найбольш значным даследаваннем была выдадзеная ў Кракаве манаграфія К. Валішэўскага «Potoccy i Czartoryscy. Walka storonictw i programow politycznych przed upadkiem Rzeczypospolitej 1734—1754» (Патоцкія і Чартарыйскія. Барацьба груповак і палітычных праграм перад упадкам Рэчы Паспалітай 1734—1754) [18]. У ёй аўтар зрабіў спробу вызначыць склад магнацкіх груповак, іх палітычную праграму, а таксама прасачыць іх кантакты з Францыяй і Расіяй. Валішэўскі выкарыстаў значную колькасць крыніц у французскіх архіваў, але не заўсёды супастаўляў і параўноўваў іх з іншымі крыніцамі, што паніжае вартасць яго працы.

Больш грунтоўна ў параўнанні з папярэднікамі гісторыю Рэчы Паспалітай «саскіх часоў» даследаваў у сваіх шматлікіх манаграфіях і артыкулах У. Канапчыньскі [19; 20; 21; 22; 23; 24; 25; 26]. Прычым у некаторых са сваіх прац ён удзяляў увагу толькі падзеям перыяду паміж Паўночнай вайной і падзеламі Рэчы Паспалітай. Прычынай упадку Рэчы Паспалітай, як і іншыя прадстаўнікі кракаўскай гістарычнай школы, Канапчыньскі бачыў ва ўсеўладдзе шляхты і liberum veto [7, s. 220].

У. Канапчыньскі, які з’яўляецца адным з класікаў польскай гістарычнай навукі, як гісторык палітычнай гісторыі Рэчы Паспалітай, быў першым, хто звярнуў увагу і пераканаўча даказаў, што ўжо ў час панавання Вецінаў у грамадскім жыцці Рэчы Паспалітай зарадзіліся ідэі перабудовы дзяржавы, якія сваю рэалізацыю знайшлі ўжо ў часы панавання Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Пры гэтым У. Канапчыньскі акцэнтаваў сваю ўвагу на рэфарматарскіх поглядах Чартарыйскіх, на доўгі час прадвызначыў і погляд наступных пакаленняў польскіх гісторыкаў на «саскую эпоху». Ён заключаўся ў далейшым негатыўным стаўленні да супернікаў Чартарыйскіх у палітычным жыцці Рэчы Паспалітай («рэспубліканцаў» Патоцкіх ці «камарыльі Мнішака») і ВКЛ (Радзівілы). Асабліва не пажалеў ён «камарылью Мнішака», якая, на яго погляд была групоўкай кар’ерыстаў. Перыяд 1752—1763 гг., калі «камарылья Мнішака» была прыдворнай партыяй, а Чартарыйскія знаходзіліся ў апазіцыі, Канапчыньскі фактычна ўбачыў як малаперспектыўныя «саскія хаосы» і «канфедэрацкія лабірынты» [7, s. 223].

Вялікім плюсам даследаванняў Канапчыньскага было ўвядзенне вялікай колькасці раней невядомых крыніц з польскіх і замежных архіваў. Значная частка гэтых крыніц змешчана ў прыпісках да манаграфій Канапчыньскага. Іх ён знайшоў падчас сваіх пошукаў з 1904 па 1912 г. у архівах Польшчы, Расіі, Прусіі, Саксоніі, Аўстрыі, Англіі, Францыі, Швецыі і Даніі. Вядома, што ў архівах У. Канапчыньскі працаваў ад ранка да вечара. Менавіта за выкарыстанне ў сваіх працах вялікай колькасці крыніц Канапчыньскі атрымаў у сваіх сучаснікаў назву «архіважэрцы» [7, s. 211—212].

Вялікае значэнне мела манаграфія М. Скібіньскага «Europa a Polska w dobie wojny o suksecje austriacką w latach 1740—1745» (Еўропа і Польшча падчас вайны за «аўстрыйскую спадчыну ў 1740—1745 гг. » [27]. Нягледзячы на выказаныя У. Канапчыньскім заўвагі [28], кніга М. Скібіньскага мае вялікую навуковую вартасць. У ёй упершыню падрабязна было даследавана ўнутрыпалітычнае становішча Рэчы Паспалітай 1740—1745 гг., уплыў на яго вайны за «аўстрыйскую спадчыну» і звязаных з ёй планаў Аўгуста ІІІ стаць імператарам. У другім томе манаграфіі аўтар змягчае вялікую колькасць крыніц з польскіх, нямецкіх, аўстрыйскіх, французскіх і англійскіх архіваў.

Польская гістарыяграфія праблемы ў 1950 гг. — пачатку ХХІ ст. Пасля Другой сусветнай вайны працягвалі свае даследванні «саскіх часоў» вядомыя даваенныя гісторыкі У. Канапчыньскі і Ю. Фельдман [29, s. 113]. Рост новай хвалі зацікаўленасці польскіх гісторыкаў «саскімі часамі» былі звязаны з двума падзеямі пачатку 50-х гг. ХХ ст.: навуковай сесіяй, прысвечанай Г. Калантаю (1951 г.) і Першай метадалагічнай канферэнцыяй польскіх гісторыкаў (1951—1952 гг.). Апошняя, праўда, была скіравана ў асноўным на пытанні сацыяльна-эканамічнай гісторыі Рэчы Паспалітай XVIII ст. У гэты час адбываецца сталінізацыя польскай гістарычнай навукі. У выніку месца навуковых даследаванняў займаюць працы, вытрыманыя ў духу сталінскай ідэалогіі [4, s. 206—207, 210—211]. Смерць Сталіна пацягнула палітычныя перамены не толькі ў СССР, але і ў Польшчы. Новая палітычная сітуацыя знайшла сваё адлюстраванне ў гістарычнай навуцы. У 1956 г. на пасяджэнні Польскага гістарычнага таварыства даследчыкі раскрытыкавалі сталінізацыю гісторыі і адмовіліся ад выкарыстання ідэалогіі сталінізму ў гістарычным даследаванні [4, s. 213]. Пачынаючы з гэтага часу ў польскую гістарычную навуку вяртаюцца даследаванні па ўнутрыпалітычнай гісторыі. Спрэчкі аб ацэнцы часоў панавання дынастыі Вецінаў у асноўным разгарнуліся на з’ездах польскіх гісторыкаў у Кракаве (1958) і Любліне (1969).

У гэты час польская гістарыяграфія «саскіх часоў» папоўнілася працамі Ю. А. Героўскага. Ён стаў заснавальнікам «новай кракаўскай гістарычнай школы», галоўнай асаблівасцю якой стала тое, што асноўная ўвага ў даследаваннях была звернута менавіта на «саскія часы» [1; 30—38].

Упершыню пытанні развіцця Рэчы Паспалітай у апошнія гады панавання Аўгуста ІІ і праблемы фармавання ім сістэмы знешнепалітычных саюзаў, якія павінны былі ўзмацніць геапалітычнае становішча Рэчы Паспалітай, Саксоніі і тым самым умацаваць пазіцыі дынастыі Вецінаў, былі разгледжаны ў даследаванні іншага прадстаўніка кракаўскай школы Э. Раствароўскага [39]. Апрача таго, што ім быў уведзены ў навуковае абарачэнне значны масіў новых дадзеных, якія характарызавалі ўвесь спектр міжнародных адносін 20-х — пачатку 30-х гг. і месца ў ім Саксоніі і Рэчы Паспалітай, французскую палітыку ў адносінах да іх, была прааналізавана таксама структура апазіцыі каралеўскай уладзе ў Рэчы Паспалітай і развіццё яе міжнародных кантактаў. У выніку аўтар, на падставе ў асноўным рэляцый французскага пасла А. Ф. Манці, прыйшоў да высновы, што галоўная апазіцыя каралеўскай уладзе зыходзіла ад магнатэрыі ВКЛ. Ён паказаў, што гэтая апазіцыя не складалася з якогась аднаго роду, а ўключала ў свае шэрагі большасць магнатаў і шляхты ВКЛ. Ён першы заўважыў, што прымірэнне Радзівілаў і Сапегаў у пытанні «нойбургскіх уладанняў», прывяло да аб’яднання іх пазіцый у змаганні супраць палітыкі, якая праводзілася ў Рэчы Паспалітай Аўгустам ІІ.

Значную ўвагу вывучэння «сістэмнай логікі» міждзяржаўных адносін Усходняй Еўропы ўдзяліў Э. Раствароўскі ў сваім артыкуле [40]. Каштоўнасць гэтай працы ў шэрагу новых ідэй і падыходаў, якія былі прапанаваны ім для асмыслення ўзаемасувязі паміж зменамі міжнароднай сітуацыі і геапалітычным становішчам Рэчы Паспалітай.

Даследаванні «саскіх часоў» Героўскага і Раствароўскага працягнула новае пакаленне кракаўскіх гісторыкаў. М. Маркевіч у сваіх даследаваннях пераканаўча паказаў, як функцыяніравала Рэч Паспалітая без сойму, за кошт узрастання значэння пасяджэнняў Сената ў панаванне Аўгуста ІІ. Пры такой пастаноўцы праблемы аўтар толькі ў нязначнай меры закранаў сітуацыю ў ВКЛ [41—45].

Адной з першых прац, якая ахоплівала асобны аспект унутранай палітыкі 1736—1738 гг., стала манаграфія Х. Палькія [46]. У ёй аўтар на падставе вялікай колькасці крыніц разгледзеў падзеі соймаў 1736 і 1738 гг. і ўнутрыпалітычную барацьбу ў дзяржаве. Пашырыў іх даследаванне аўтар у сваіх іншых артыкулах [47; 48]. Не пакідае па-за ўвагай ён у сваёй манаграфіі і артыкулах і ўнутрыпалітычную сітуацыю ў ВКЛ. На падставе матэрыялаў з польскіх і нямецкіх архіваў Х. Палькі складае карціну расстаноўкі асноўных палітычных сіл у ВКЛ у 1736—1738 гг.

М. Чэппе змагла разглядзець праблему дзейнасці прыдворнай магнацкай групоўкі «Камарыльі Мнішака» на аснове аналізу перапіскі кароннага надворнага маршалка Ю. Мнішка [49—52]. Насуперак поглядаў Канапчыньскага, яна паказвае рацыяналізм дзейнасці «камарыльі Мнішака». Аднак услед за Канапчыньскім заўважае, што значная частка лідэраў «камарыльі Мнішака» былі асобамі, якія ўвайшлі ў яе склад толькі дзеля сваёй кар’еры. Значнае месца ў працы было прысвечана і дзейнасці саюзнікаў прыдворнай партыі Ю. Мнішака — магнацкай групоўкі Радзівілаў. Вызначала слабую заангажаванасць каралеўскага двара ў 50-х — пачатку 60-х гг. XVIII ст. ва ўнутрыпалітычную сітуацыю ў ВКЛ. На сённяшні дзень у Кракаве працягваюць вывучацца і толькі асобныя аспекты ўнутранай палітыкі Рэчы Паспалітай, якія амаль не датычацца ўнутрыпалітычнай сітуацыі ў ВКЛ. Да такіх даследаванняў можна аднесці манаграфіі А. Совы, А. Ронікера [53; 54].

Некаторыя асобныя пытанні палітычнага развіцця ВКЛ з 1717 па 1763 г. атрымалі асвятлення ў працах польскіх даследчыкаў у эміграцыі. Так, С. Касцялкоўскі ў сваёй манаграфіі аб Антоніі Тызенгаўзе закрануў некаторыя фрагменты палітычнай гісторыі Наваградскага і Гарадзенскага паветаў ВКЛ [55].

На палітыку Аўгуста ІІ у сваіх даследаваннях звяртаў увагу гісторык з Торуня Я. Сташэўскі. Ён стаў аўтарам біяграфій каралёў Рэчы Паспалітай Аўгуста ІІ і Аўгуста ІІІ Вецінаў [56; 57]. Біяграфія Аўгуста ІІ выклікала даволі значны рэзананс, бо Я. Сташэўскі зноў падняў у ім свае меркаванні наконт яго элекцыі і планаў у апошнія гады панавання, якія супярэчылі ўсталяваўшамуся ў гістарычнай навуцы погляду. Я. Сташэўскі адзначыў вельмі слабую ступень даследаванасці гісторыі Рэчы Паспалітай часоў панавання Аўгуста ІІІ. Вельмі карысным у біяграфіях Аўгуста ІІ і Аўгуста ІІІ было тое, што Я. Сташэўскі супа¬ставіў, параўнаў дзеянні абодвух Аўгустаў у Саксоніі і Рэчы Паспалітай. На падставе гэтага ён і рабіў пэўныя высновы аб іх магчымых дзеяннях у Рэчы Паспалітай.

Заслугоўваюць увагі і іншыя працы Я. Сташэўскага [58; 59; 60]. У адной з іх ён прапанаваў дыяметральна супрацьлеглы ад усталяваўшагася ў гістарычнай навуцы погляду на прычыны зрыву сойму 1744 г. [61]. Сваю канцэпцыю ён грунтаваў у асноўным як на пэўных зменах у структуры ўлады ў Рэчы Паспалітай, так і палітыцы Саксоніі. Я. Сташэўскі разам з Ю. А. Героўскім узнялі вельмі вострае пытанне аб значэнні персанальнай уніі з Саксоніяй для гісторыі Рэчы Паспалітай. У выніку вывучэнне ролі каралеўскага двара ў Рэчы Паспалітай «саскіх часоў» становіцца адной з галоўных тэм кракаўскага і торуньскага асяродку гісторыкаў.

Палітычныя працэсы, якія адбываліся на землях Вялікага княства Літоўскага з 1717 па 1763 г., прыцягвалі ўвагу і іншых польскіх даследчыкаў. Аднак найчасцей рабілася гэта ў кантэксце да¬следавання імі прававога ўстройства Рэчы Паспалітай. Да такіх прац можна аднесці манаграфіі Г. Альшэўскага і Ю. Міхальскага [62; 63]. Апошні зрабіў слушную выснову аб тым, што менавіта ў часы панавання Вецінаў з’явіліся шэраг шляхціцаў новага пакалення, якія надалей прынялі актыўны ўдзел у праграмме рэформаў у час панавання Станіслава Аўгуста. Агляд маёмаснага і палітычнага становішча магнацкага роду Радзівілаў у XVIII ст. зрабілі ў сваім артыкуле З. Ану¬сік і А. Страйноўскі [64]. Яны пераканаўча паказалі залежнасць росту палітычнай вагі нясвіж¬скай галіны роду Радзівілаў ад павелічэння колькасці іх зямельных уладанняў.

Працягваліся даследаванні гісторыі Рэчы Паспалітай 1717—1763 гг. і ў Варшаве. Вялікую працу па вывучэнні палітыкі Чартарыйскіх з 1743 па 1752 г. правяла варшаўская даследчыца З. Зяліньская ў сваёй манаграфіі «Walka Familii o reforme Rzeczypospolitej w latach 1743—1752» (Барацьба Фаміліі аб рэформе Рэчы Паспалітай у 1743—1752 гг.) [65]. Нягледзячы на крытычныя заўвагі ў рэцэнзіі кракаўскіх гісторыкаў [66], нельга не заўважыць вялікае значэнне мана¬графіі З. Зяліньскай для далейшых даследаванняў гісторыі Рэчы Паспалітай 1743—1752 гг. Аўтарка стала першай даследчыцай, якая даследавала перыяд гісторыі ад 1746 да 1750 г. Пры напісанні гэтага даследавання было выкарыстана шмат крыніц з польскіх, аўстрыйскіх, нямецкіх і французскіх архіваў. Даследчыца змагла прасачыць прычыны разрыву Фаміліі з дваром і паказаць размеркаванне прыхільнікаў Чартарыйскіх па рэгіёнах Рэчы Паспалітай. Манаграфія ў асноўным тычыцца палітыкі каралеўскага двара і падзеяў у Кароне, сітуацыя ў ВКЛ абмяжоўваецца апісаннем падзей на Трыбуналах ВКЛ і спробай вылучэння тут шляхецкай кліентэлы Чартарыйскіх. Аднак неабходна заўважыць, што да¬следчыца засігналізавала шмат праблемаў, вывучэнне якіх павінна дапамагчы ў даследаванні ўнутрыпалітычнага становішча ў ВКЛ: размеркаванне павятовых урадаў, значэнне выбараў маршалкаў і пісараў Трыбунала ВКЛ, рэгіянальныя ўплывы магнацкіх груповак.

З. Зяліньская даследавала на падставе дыярыуша Марціна Матушэвіча і механізмы дзейнасці розных магнацкіх груповак у Брэсцкім ваяводстве ў часах панавання Вецінаў [67]. Яшчэ адна манаграфія С. Зяліньскай тычыцца адносін Расіі і Рэчы Паспалітай у XVIII ст. Асаблівасцю гэтай працы з’яўляецца тое, што даследаванне было праведзена ў асноўным на невядомых матэрыялах, што захоўваюцца ў архіве знешняй палітыкі Расійскай імперыі [68]. Такім чынам, гэтая праца З. Зяліньскай фактычна дапаўняе ранейшыя даследаванні гісторыкаў на тэму ўзаемаадносін Расіі і Рэчы Паспалітай на падставе новых фактаў. У сваіх працах З. Зялінская працягнула сваю завочную дыскусію з іншымі польскімі даследчыкамі аб падзеях сойма 1744 г. і міжнароднай сітуацыі ў гэты момант [27; 28].

На падставе матэрыялаў Галоўнага архіва старажытных актаў пэўныя аспекты ўнутрыпалітычнага жыцця ВКЛ паказала вядомая даследчыца і адначасова супрацоўніца гэтага архіва Т. Зяліньская [69; 70; 71]. Праблему «нойбургскай спадчыны» разгледзеў іншы архівіст Галоўнага архіва старажытных актаў Ю. Лесіньскі [72]. На падставе вялікай колькасці крыніц ім быў устаноўлены склад гэтых уладанняў. Не пакінуў ён па-за сваёй увагай і гісторыю стварэння «нойбургскіх ўладанняў», а таксама прычыну з’яўлення і пашырэння праблемы «нойбургскіх уладанняў» ва ўнутрыпалітычным жыцці ВКЛ.

Соймікі ВКЛ на падставе аналізу троцкага сойміка даследаваў у сваёй манаграфіі А. Закшэўскі [73]. Асноўную ўвагу аўтар зрабіў на аналізе заканамернасцей і супярэчнасцей устройства і функцыяніравання троцкага сойміка. Яго манаграфія дазваляе вылучыць асаблівасці палітычнай барацьбы на павятовых і ваяводскіх сойміках ВКЛ на прыкладзе троцкага сойміка, у тым ліку і з 1717 па 1763 г. Дапаўняюць выкладзеную ў манаграфіі інфармацыю шматлікія артыкулы гэтага ж аўтара па гісторыі парламентарызму ВКЛ XVI—XVIII ст. [74; 75; 76; 77].

А. Рахуба даволі глыбока разгледзеў парламентарную сістэму ВКЛ XVI—XVIII ст. [78; 79]. Аўтар на падставе вялікай колькасці крыніц паказаў асаблівасці функцыяніравання павятовых соймікаў у ВКЛ і іх ролю ў парламентарнай сістэме Княства. А. Рахубе ўдалося выявіць і пэўныя заканамернасці ўплываў магнацкіх груповак у розных рэгіёнах Княства. Бія¬графіі прадстаўнікоў роду Цеханавецкіх таксама даюць магчымасць прасачыць барацьбу магнацкіх груповак у Браслаўскім павеце і Мсціслаўскім ваяводстве [80]. А. Рахуба разам з Х. Люлевічам і П. Раманюком і пры дапамозе сваіх беларускіх калег збірае і выдае спісы павятовых ураднікаў ВКЛ, дэпутатаў Трыбунала ВКЛ [81; 82; 83; 84]. Гэтыя спісы ўраднікаў і дэпутатаў значна дапамагаюць і аблягчаюць працу іншым даследчыкам у вывучэнні розных праблем гісторыі ВКЛ XVI—XVIII ст.

Іншы варшаўскі гісторык В. Крыегсайсэн у сваім даследаванні становішча пратэстантаў у Рэчы Паспалітай у эпоху панавання каралёў з дынастыі Вецінаў шмат увагі ўдзяліў і сітуацыі ў ВКЛ [85]. Ён справядліва заўважае, што становішча пратэстантаў у Княстве было няшмат лепшым, чым у Малапольшчы ці Вялікапольшчы. Робіць спробу адсачыць кантакты пратэстантаў з замежнымі дзяржавамі і аналізуе дзейнасць пратэстантаў ва ўнутрыпа¬літычным жыцці Рэчы Паспалітай. У іншым сваім даследаванні В. Крыегсайсэн звяртаецца да маладаследаванага падарожжа Яна Казіміра і Пятра Сапегаў у Пецярбург у 1726 г. для заключэння брака апошняга з дачкой Аляксея Меньшыкава, Марыяй. На падставе шматлікіх фактаў аўтар паказвае імкненне Сапегаў з дапамогай вяселля ўзмацніць супрацоўніцтва з расійскай правячай элітай супраць караля Аўгуста ІІ [86].

В. Каркуціньска ў сваёй манаграфіі, прысвечанай Ганне з Сангушкаў Радзівіл, фактычна зрабіла агляд унутрыпалітычнага становішча ў ВКЛ у 20-х — 30-х гг. XVIII ст. Асаблівую ўвагу яна надала аналізу ролі і месца Радзівілаў у ВКЛ [87].

Вучаніца З. Зяліньскай У. Касіньска звярнулася да даследавання гісторыі Рэчы Паспалітай канца першага — пачатку другога дзесяцігоддзя XVIII ст. [88; 89; 90; 91]. Яна пераканаўча паказала, што перад Рэччу Паспалітай у выніку далучэння да Венскага трактату быў шанц паменшыць уплывы Расіі на ўнутрыпалітычнае становішча ў дзяржаве. Аднак менавіта расійская падтрымка антыкаралеўскай апазіцыі перашкодзіла рэалізацыі гэтых планаў. Даволі падрабязна У. Касіньская аналізуе кантакты расійскага ўрада з магнатэрыяй ВКЛ.

Прадстаўнік вроцлаўскай гістарычнай школы Т. Цесельскі даследаваў іншы аспект унутрыпалітычнай гісторыі гэтага перыяду — барацьбу каралеўскага двара супраць апазіцыі гетманаў. [92] Асноўная ўвага ў артыкуле звяртаецца на антыкаралеўскую дзейнасць каронных гетманаў А. Сеняўскага і М. Жавускага, але і апазіцыйныя крокі гетманаў ВКЛ Л. Пацея і С. Дэнгофа не застаюцца па-за ўвагай аўтара.

Важнай для разумення агульных тэндэнцый палітычнага развіцця Рэчы Паспалітай канца панавання Аўгуста ІІ стала манаграфія прадстаўніка катавіцкай гістарычнай школы Я. Курка [93], у якой была разгледжанна ўнутрыпалітычная сітуацыя Рэчы Паспалітай у апошнія гады панавання Аўгуста ІІ. У сваім артыкуле Я. Курак разгледзеў сітуацыю з даследаваннем парламентарызму часоў панавання Аўгуста ІІ і Аўгуста ІІІ [94]. Ён робіць слушную выснову, што, нягледзячы на павелічэнне колькасці даследаванняў гісторыі «саскіх часоў», некаторыя тэмы амаль не вывучаюцца ў польскай гістарыяграфіі.

Значным укладам у вывучэнне палітычнай гісторыі ВКЛ 1717—1763 гг. з’яўляюцца артыкулы ў Польскім слоўніку Біяграфічным [95]. Сярод іх артыкулы пра палітычных дзеячаў ВКЛ XVIII ст. аўтарства А. Рахубы, П. Раманюка, З. Зялінскай, А. Совы, Х. Палькія, А. Лінк-Ленчоўскага, Г. Дымніцкай-Валачынскай. Даволі часта яны з’яўляюцца адзінай інфармацыяй пра дзейнасць той ці іншай асобы і палітычных падзеях у ВКЛ. Сярод іншага спіс крыніц да гэтых артыкулаў дазваляе вызначыць кола крыніц, якія звязаны з дзейнасцю таго ці іншага дзеяча ва ўнутрыпалітычнай барацьбе ў ВКЛ.

У канцы 90-х гг. ХХ ст. — пачатку ХХІ ст. у польскай гістарыяграфіі значна павялічылася навуковае даследаванне бескаралеўя 1733—1736 гг. Паміж рознымі гісторыкамі разгарнулася дыскусія аб падзеях бескаралеўя, іх прычынах і аб тым, ці можна было пазбегнуць умяшальніцтва замежных дзяржаў. З’явілася шмат навуковых артыкулаў па розных аспектах праблемы [96; 97; 98; 99; 100; 101]. Даследаванню міжнароднай сітуацыі і дзейнасці замежных паслоў у Рэчы Паспалітай прысвяціў некалькі сваіх артыкулаў торуньскі даследчык Е. Дыгдала, які выкарыстоўваў пры іх напісанні раней невядомыя матэрыялы з архіваў Вены і Дрэздэна [102; 103; 104; 105; 106; 107; 108; 109]. Яшчэ адзін яго артыкул прысвечаны вывучэнню дысідэнцкага пытання падчас бескаралеўя. Даследаваў ён і пытанні палітычных кантактаў магнатэрыі Княства і Кароны падчас бескаралеўя.

Даследаваннем праблем бескаралеўя займаюцца таксама кракаўская даследчыца Е. Шклярска [110; 111; 112] і прадстаўнік катавіцкай гістарычнай школы А. Лісек [113; 114]. Калі Е. Шкляр¬ска звяртае ўвагу ў першую чаргу на агульную сітуацыю ў Рэчы Паспалітай, то А. Лісек асноўную ўвагу ў сваіх даследаваннях ўдзяляе ўкраінскім ваяводствам Кароны і ВКЛ. Праўда, у сваіх даследаваннях аўтару не ўдалося пазбегнуць значнай колькасці памылак, якая звязана з неразуменнем асаблівасцей ўнутрыпалітычнай сітуацыі ў ВКЛ. У той жа час асноўная карысць яго артыкулаў заключаецца ва ўвядзенні ў навуковы абарот раней невядомых крыніц.

Такім чынам, у апошнія гады адбылося пэўнае павелічэнне зацікаўленасці польскіх даследчыкаў гісторыяй Рэчы Паспалітай «саскіх часоў». Гісторыя Рэчы Паспалітай вывучаецца вроцлаўскай, варшаўскай, катавіцкай, кракаўскай, торуньскай гістарычнымі школамі. Вельмі карысна, што ў цэнтры іх увагі знаходзяцца як Карона, так і Вялікае княства. У той жа час неабходна звярнуць увагу, што даследаванні польскіх гісторыкаў носяць няроўны храналагічны характар. Некаторыя праблемы не вывучаюцца наогул, а па іншых ужо напісана даволі шмат мана¬графій і артыкулаў (напрыклад, падзеі бескаралеўя 1733 г., сойм 1744 г.). Найбольш маштабныя даследаванні эпохі панавання Вецінаў у Рэчы Паспалітай праводзяцца ў Кракаве. Аднак у адносінах да вывучэння гісторыі ВКЛ 1717—1763 гг. найбольш даследаванняў праводзіцца варшаўскай гістарычнай школай.

Литература

1. Gierowski, J. Rzeczpospolita w dobie upadku 1700—1740. Wybór źródeł / J. Gierowski. Wrocław : Wydawnictwo Ossolińskich, 1955. 316 s.
2. Schmitt, H. Dzieje Polski XVIII i XIX wieku, T. I / H. Schmitt. Kraków, 1866. 407 s.
3. Jarochowski, K. Nowe opowiadania i studia historyczne / K. Jarochowski. Warszawa : Gebethner & Wolff, 1882. 445 s.
4. Grabski, A. Zarys historii historiografii polskiej / A. Grabski. Poznań : Wydawnictwo Poznańskie, 2000. 278 s.
5. Olszewski, H. Epoka saska w ocenie historiografii polskiej / H. Olszewski // Między wielką polityką a szlacheckim partykularzem: Studia z dziejów nowożytnej Polski i Europy ku czci Profesora Jacka Staszewskiego; red. K. Wajda. Toruń, 1993. S. 13—29.
6. Szujski, J. Dzieje Polski. T. 4 / J. Szujski. Lwów, 1866. T. 4, Cz. II. 1866. 574 s.
7. Spór o historyczna szkołę krakowską. Kraków : Wydawnictwo literackie, 1972. 374 s.
8. Bobrzyński, M. Dzieje Polski w zarysie, T. 2 / M. Bobrzyński. Warszawa; Kraków; Łódź; Paryż; Poznań; Wilno; Zakopane, 1890. 387 s.
9. Maternicki, J. Warszawskie środowisko historyczne 1832—1869 / J. Maternicki. Warszawa : PWN, 1970. 313 s.
10. Bartoszewicz, J. Zamek Bialski / J. Bartoszewicz. Lwów, 1881. 218 s.
11. Bartoszewicz, J. Szkice z czasów saskich / J. Bartoszewicz. Kraków, 1880. 395 s.
12. Askenazy, S. Dwa stulecia XVIII i XIX / S. Askenazy. Warszawa, 1901. 477 s.
13. Smoleński, W. Przewrót umysłowy w Polsce wieku XVIII. Studia historyczne / W. Smoleński. Warszawa, 1891. 424 s.
14. Bartoszewicz, K. Radziwiłłowie / K. Bartoszewicz. Warszawa; Kraków, 1928. 320 s.
15. Kantecki, K. Po zgonie Augusta II / K. Kantecki // Przewodnik naukowy i literacki. 1877. S. 673—688, 767—786, 865—887, 961—989, 1057—1083.
16. Kantecki, K. Stronnictwo saskie w Polsce roku 1733: kilka rysów do charakterystyki ludzi i czasu / K. Kantecki // Niwa. 1877. Rocznik 6. T. 11. S. 631— 646, 697— 709, 772— 784, 856— 866.
17. Kantecki, K. Stanisław Poniatowski kasztelan krakowski, ojciec Stanisława Augusta: 2 t. / K. Kantecki. Poznań, 1880. T. 1—2.
18. Waliszewski, K. Potoccy i Czartoryscy. Walka storonictw i programów politycznych przed upadkiem Rzeczypospolitej 1734—1754 / K. Waliszewski. Kraków : Drukarnia Uniwersyteta Jagiełłońskiego, 1880. 251 s.
19. Konopczyński, W. Polska przed wojną siedmioletnią / W. Konopczyński // Biblioteka Warszawska. 1907. T. 1. S. 457—495.
20. Konopczyński, W. Polska w dobie wojny siedmioletniej: 2 t. / W. Konopczyński. Warszawa; Kraków : Druk Wi. L. Anczyca i Spolki, 1909—1911. T. 1—2.
21. Konopczyński, W. Sejm grodzieński 1752 roku / W. Konopczyński. Lwów : Drukarnia Ludowa, 1912. 118 s.
22. Konopczyński, W. Od Sobieskiego do Kosciuszki. Szkice, drobiazgi fraszki historyczne / W. Konopczyński. Kraków : Druk Wi. L. Anczyca i Spolki, 1921. 353 s.
23. Konopczyński, W. Polska a Szwecja od pokoju oliwskiego do upadku Rzeczypospolitej: 1660—1795 / W. Konopczyński. Warszawa : Wydawnictwo kasy im. Mianowskiego Instytutu popierania polskiej twórczości naukowej, 1924. 390 s.
24. Konopczyński, W. Dzieje Polski nowożytnej: t. 1—2. T. 2. 1648—1795 / W. Konopczyński. Warszawa; Kraków : Gebethner i Wolff, 1936. 460 s.
25. Konopczyński, W. Polska a Turcja 1683—1792 / W. Konopczyński. Warszawa : Gebethner & Wolff, 1936. 316 s.
26. Konopczyński, W. Fryderyk Wielki a Polska / W. Konopczyński. Poznań : Instytut zachodni, 1981. 266 s.
27. Skibiński M. Europa a Polska w dobie wojny o suksecje austriacką: t. 1—2 / M. Skibiński. Kraków : Akademia Umiejętności, 1912—1913.№Т. 1. 1912. 844 s., T. 2. 1913. 719 s.
28. Konopczyński, W. [Recenzja] / W. Konopczyński // Kwartalnik Historyczny. 1914. T. XXVIII. S. 227—254. Рэц. на кн.: Skibiński M., Europa a Polska w dobie wojny o suksecje austriacką: t. 1—2. Kraków : Akademia Umiejętności, 1912—1913. Т. 1. 1912. 844 s., T. 2. 1913. 719 s.
29. Zahorski, A. Polska historiografia XVIII wieku po drugiej wojnie światowej / A. Zahorski // Kwartalnik Historyczny. 1987. Z. 1. S. 113—144.
30. Gierowski, J. «Opisanie» urzędów centralnych przez konfederatów tarnogrodzkich / J. Gierowski // O naprawę Rzeczypospolitej XVII—XVIII w. Prace ofiarowane Władysławowi Czaplińskiemu w 60 rocznicę urodzin, Warszawa, 1956. S. 195—204.
31. Gierowski, J. Wokół mediacji w traktacie warszawskim / J. Gierowski // Zeszyty Naukowe Uniwersytetu Jagiellońskiego. Prace Historyczne. 1969. Z. 26. S. 57—68.
32. Gierowski, J. Polska, Saksonia i plany absolutyczne Augusta II / J. Gierowski // Polska w epoce Oświecenia. Warszawa, 1971. S. 60—105.
33. Gierowski, J. U źródeł polskiego Oświecenia / J. Gierowski // Wiek XVIII. Polska i świat. Księga poświęcona B. Leśnodorskiemu. Warszawa : PIW, 1974. S. 41—50.
34. Gierowski, J. A. Dyplomacja polska doby saskiej (1696—1763) / J. Gierowski // Historia dyplomacji polskiej, T. II. Warszawa, 1982. S. 331—481.
35. Gierowski, J. A. Stosunki polsko-austriackie w czasach saskich / J. Gierowski // Sobótka. śląski Kwartalnik Historyczny. 1983. Z. 4. S. 517—526.
36. Gierowski, J. A. Rozkład państwowości szlacheckiej w czasach saskich / J. Gierowski // Między Wschodem a Zachodem. Rzeczpospolita XVI—XVIII w. Studia ofiarowana Z. Wójcikowi w siedemdziesiątą rocznicę urodzin / Pod. red. T. Chynczewskiej-Hennel, M. Kuleckiego. Warszawa, 1993. S. 187—195.
37. Gierowski, J. A. The Polish-Lithuanian Commonwealth in the XVIII-th century. From anarchy to welll-organized stale / J. Gierowski. Kraków : PAN, 1996. 282 s. 38. Gierowski, J. Rzeczypospolita jako zwornik Europy środkowowschodniej / J. Gierowski // Rzeczpospolita wielu narodów i jej tradycje. Materiały z konferencji «Trzysta lat od początku unii polsko-saskiej. Rzeczpospolita wielu narodów i jej tradycje», Kraków 15—17 IX 1997 r. / Pod redakcją Andrzeja K. Link-Lenczowskiego i M. Markiewicza. Kraków : Towarzystwo Wydawnicze «Historia Iagellonica», 1999. S. 217—225.
39. Rostworowski, E. O polską koronę. Polityka Francji w latach 1725—1733 / E. Rostworowski. Wrocław — Kraków: Ateneum, 1958. 364 s.
40. Rostworowski, E. Podbój śląska przez Prusy a pierwszy rozbiór Polski / E. Rostworowski // Przegląd Historyczny. 1972. Z. 3. S. 398—412.
41. Markiewicz, M. «Jedyna i nieporównalna?» — normalne państwo europejskie czy może państwo pogranicza? / M. Markiewicz // Między Zachodem a Wschodem. Studia z dziejów Rzeczypospolitej w epoce nowożytnej / Pod. red. J. Staszewskiego, K. Mikulskiego i J. Dumanowskiego. Toruń : Wydawnictwo «Adam Marszałek», 2002. S. 17—22.
42. Markiewicz M. Państwa wielonarodowe w Europie osiemnastego wieku / M. Markiewicz // Rzeczpospolita wielu narodów i jej tradycje. Materiały z konferencji «Trzysta lat od początku unii polsko-saskiej. Rzeczpospolita wielu narodów i jej tradycje», Kraków 15—17 IX 1997 r. / Pod redakcją Andrzeja K. Link-Lenczowskiego i M. Markiewicza. Kraków : Towarzystwo Wydawnicze «Historia Jagellonica», 1999. S. 23—31.
43. Markiewicz, M. Rzeczpospolita bez sejmu. Funkcjowanie państwa / M. Markiewicz // Między barokiem a oświeceniem. Nowe spójrzenie na czasy saskie / red. K. Stasiewicz, S. Archemczyk. Olsztyn, 1996. S. 175—179.
44. Markiewicz, M. Rady senatorskie Augusta II (1697—1733) / M. Markiewicz. Wrocław : Ossolineum, 1988. 128 s.
45. Markiewicz, M. Rady senatu za Augusta III / M. Markiewicz // Zeszyty Naukowe Uniwersytetu Jagiellońskiego, Prace Historyczne. 1985. Z. 77. S. 69—89.
46. Palkij, H. Sejmy 1736 i 1738 roku. U początków nowej sytuacji politycznej w Rzeczypospolitej / H. Palkij. Kraków : Polska Akademia Umiejętności, 2000. 257 s.
47. Palkij, H. Główne kierunki polityki Augusta III wobec Rzeczypospolitej po sejmie pacyfikacyjnym (1736—1740) / H. Palkij // Zeszyty naukowe Uniwersytetu Jagiellońskiego, Prace Historyczny. 1998. Z. 125. S. 51—58.
48. Palkij, H. Praca komisji aukcji wojska w latach 1736—1738 / H. Palkij // Kwartalnik Historyczny. 1999. Z. l. S. 19—44.
49. Czeppe, M. Współpraca biskupa Kajetana Sołtyka z kamarylą Mniszcha. Próba charakterystyki / M. Czeppe // Wiek Oświecenia. 1993. T. 9. S. 167—173.
50. Czeppe, M. Z dziejów rywalizacji między marszałkiem i kanclerzem / M. Czeppe // Trudne stulecie. Studia z dziejów XVII i XVIII wieku ofiarowane profesorowi Jerzemu Michalskiemu w siedemdziesiątą rocznicę urodzin / red. Ł. Kądzielą, W. Kriegseisen, Z. Zielińska, Warszawa, 1994. S. 55—59.
51. Czeppe, M. Działalność agenta hetmańskiego w Dreźnie w latach 1752—1756 w świetle raportów Andrzeja Protasowicza do Michała Kazimierza Radziwiłła / M. Czeppe // Studia Historyczne. 1995. Z. 4 (151). S. 495—504.
52. Czeppe, M. Kamaryla pana z Dukli. Kształtowanie się obozu politycznego Jerzego Augusta Mniszcha 1750—1763 / M. Czeppe. Warszawa : Neriton, 1998. 300 s.
53. Ronikier, J. Hetman Adam Sieniawski i jego regimentarze. Studium z historii mentalności szlachty polskiej 1706—1725 / J. Ronikier. Kraków : Universitas, 1992. 232 s.
54. Sowa, A. Polscy i litewscy ministrowie Augusta II. Próba porownania / A. Sowa // Sobotka. 1982. Cz. 3—4. S. 449—455.
55. Kościalkowski, S. Antoni Tyzenhauz: podskarbi nadworny litewski, T. 1 / S. Kościalkowski. Londyn : Akademia Uniwersyteta Stefana Batorego,1970. 681 s.
56. Staszewski, J. August II Mocny / J. Staszewski. Wrocław; Warszawa; Kraków : Ossolineum, 1998. 311 s.
57. Staszewski, J. August III Sas / J. Staszewski. Wrocław; Warszawa; Kraków : Ossolineum, 989. 307 s.
58. Staszewski, J. Ostatni «wielki plan» Augusta Mocnego / J. Staszewski // Rocznik Gdański. 1986. Z. 1. S. 45—67.
59. Staszewski, J. Jak Polskę przemienić w kraj kwitnący… Studia i szkice z czasów saskich / J. Staszewski. Olsztyn, 1997. 275 s.
60. Staszewski, J. Stanisław Leszczyński a tęsknota do króla-piasta / J. Staszewski // Stanisław Leszczyński król, polityk, pisarz, mecenas / red. Alojzy Konior. Leszno, 2001. S. 38—52.
61. Staszewski, J. Sejm 1744 roku / J. Staszewski // Parlament, prawo, ludzie. Studia ofiarowane profesorowi Juliuszowi Bardachowi w sześćdziesięciolecie pracy twórczej. Warszawa : Wydawnictwo Sejmowe, 1996. S. 273—278.
62. Olszewski, H. Doktryny prawno-ustrojowe czasów saskich (1697—1740) / H. Olszewski. Warszawa : PWN, 1961. 321 s.
63. Michalski, J. Studia nad reformą sądownictwa i prawa sądowego XVIII w. / J. Michalski. Warszawa : Zakład narodowy imienia Ossolińskich, 1958. 307 s.
64. Anusik, Z. Radziwiłłowie w epoce saskiej. Zarys dziejów politycznych i majątkowych / Z. Anusik, A. Stroynowski // Acta Universitatis Lodziensis. Folia Historica 33. 1989. S. 29—58.
65. Zielińska, Z. Walka «Familii» o reformie Rzeczypospolitej, 1743—1752 / Z. Zielińska. Warszawa : PWN, 1983. 385 s.
66. Markiewicz, M.[Próby naprawy Rzeczypospolitej. Recenzja] / M. Martkiewicz, H. Palkij // Studia Historyczne. 1986. Z. 1. S. 125—134. Рэц. на кн.: Zielińska, Z. Walka «Familii» o reformie Rzeczypospolitej, 1743—1752. Warszawa : PWN, 1983. 385 s.
67. Zielińska, Z. Mechanizm sejmikowy i klientela radziwiłłowska za Sasów / Z. Zielińska // Przegląd Historyczny. 1971. Z. 3. S. 397—410.
68. Zielińska, Z. Studia z dziejów stosunków polsko-rosyjskich w XVIII wieku / Z. Zielińska. Warszawa : Semper, 2001. 255 s.
69. Zielińska, T. Więź rodowa domu Radziwiłłowskiego w świetle diariusza Michała Kazimierza Radziwiłła «Rybieńki» / T. Zielińska // Miscellanea Historico-Archivistica. 1989. T. 3. S. 175—190.
70. Zielińska, T. Kariera i upadek żydowskiego potentata w dobrach radziwiłłowskich w XVIII wieku / T. Zielińska // Kwartalnik historyczny. 1991. Z. 3. S. 33—49.
71. Zielińska, T. Feldmarszałek Jakub Henryk Flemming w środowiskach magnatów polskich / T. Zielińska // Polska-Saksonia w czasach unii (1697—1763). Próba nowego spójrzenia / Pod red. K. Bartkiewicza. Zielona Góra : Lubuskie towarzystwo naukowe, 1998. S. 115—128.
72. Lesiński, J. Spory o dobra neuburskie / J. Lesiński // Miscellanea Historico-Archivistica. 996. T. 6. S. 95—132.
73. Zakrzewski, A. Sejmiki Wielkiego Księstwa Litewskiego XVI—XVIII w. Ustrój i funkcjonowanie: sejmik trocki / A. Zakrzewski. Warszawa : Liber, 2000. 257 s.
74. Zakrzewski, A. Marszałek powiatowy Wielkiego Księstwa Litewskiego marszałkiem sejmikowym (XVI—XVIII w.) / A. Zakrzewski // Parlament, prawo, ludzie. Studia ofiarowane profesorowi Juliuszowi Bardachowi w sześćdziesieciolecie pracy twórczej. Warszawa : Wydawnictwo Sejmowe, 1996. S. 356—361.
75. Zakrzewski, A. ógraniczenie przez sejmiki Wielkiego Księstwa Litewskiego monarszego prawa mianowania urzędników sądowych, XVII—XVIII w. / A. Zakrzewski // Lietuvos Valstybe XII—XVIII a. Vilnius : Lietuvos istorijos institutas, 1997. S. 173—185.
76. Zakrzewski, A. Kierowanie obradami sejmików Wielkiego Księstwa Litewskiego (XVI—XVIII w.) / A. Zakrzewski // Studia z dziejów państwa i prawa polskiego/ Łódź; Kraków : Wydawnictwo Uniwersytetu Łódzkiego, 2000. S. 139—149.
77. Zakrzewski, A. Recepcja ustroju i prawa w Wielkim Księstwie Litewskim, XIV—XVIII wiek / A. Zakrzewski // Studia Juridica. 2002. XL. S. 247—261.
78. Rachuba, A. Wielkie Księstwo Litewskie w systemie parlamentarnym Rzeczypospolitej w latach 1569—1763 / A. Rachuba. Warszawa : Wydawnictwo Sejmowe, 2002. 375 s.
79. Rachuba, A. Sejmiki generalne Wielkiego Księstwa Litewskiego w Wołkowysku i Słonimiu / A. Rachuba // Między Zachodem a Wschodem. Studia z dziejów Rzeczypospolitej w epoce nowożytnej; pod. red. J. Staszewskiego, K. Mikulskiego i J. Dumanowskiego. Toruń : Wydawnictwo Adam Marszałek, 2002. S. 43—53.
80. Dumin, S. Ciechanoweccy herbu Dąbrowa / S. Dumin, A. Rachuba, J. Sikorska-Kulesza. Warszawa : Wydawnictwo DiG, 1997. 224 s.
81. Lulewicz, H. Urzędnicy centralni i dostojnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego XIV—XVIII wieku / H. Lulewicz, A. Rachuba. Kórnik: Biblioteka Kórnicka, 1994. 255 s.
82. Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy. T. IV. Województwo smoleńskie XIV—XVIII wiek / Opracowali H. Lulewicz, A. Rachuba, P. Romaniuk. Warszawa : Wydawnictwo DiG, 2003. 412 s.
83. Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy. T. 1. Województwo wileńskie XIV—XVIII wiek / Opracowali H. Lulewicz, A. Rachuba, P. Romaniuk, przy współpracy U. Jemialianczyka i A. Macuka. Warszawa : Wydawnictwo DiG, 2004. 764 s.
84. Deputaci Trybunału Głównego Wielkiego Księstwa Litewskiego (1697—1794): Spis / pod red. Andrzeja Rachuby; oprac. Andrzej Rachuba i Przemysław P. Romaniuk przy współpr. Andreja Macuka i Jewgienija Aniszczenki; Instytut Historii Polskiej Akademii Nauk. Warszawa : DiG, 2004. 448 s.
85. Kriegseisen, W. Ewangelicy polscy i litewscy w epoce saskiej / W. Kriegseisen. Warszawa : Semper, 1996. 307 s.
86. Kriegseisen, W. Diariusz Petersburskiej podróży Jana i Piotra Sapiehow z 1726 roku / W. Kriegseisen // Wiek Oswiecenia. 1993. №№ 9. S. 55—63.
87. Karkucińska, W. Anna z Sanguszków Radziwiłłowa / W. Karkucińska. Warszawa: Semper, 2000. 391 s.
88. Kosińska, U. Rosyjskie plany wywołania antykrólewskiej konfederacji i detronizacji Augusta II w 1719 r. / U. Kosińska // Kwartalnik historyczny. 1999. Z. 3. S. 53—75.
89. Kosińska, U. Rosja wobec sejmu jesiennego 1720 r. / U. Kosińska // Kwartalnik historyczny. 2004. Z. 1. S. 39—67.
90. Kosińska, U. Sejm 1719—1720 a sprawa ratyfikacji traktatu wiedeńskiego / U. Kosińska. Warszawa : Semper, 2003. 288 s.
91. Kosińska, U. Rokowania Augusta II ze Szwecją w latach 1719—1720 / U. Kosińska // Kwartalnik historyczny. 2004. Z. 3. S. 23—44.
92. Ciesielski, T. Zabiegi hetmanów o rewizję uchwał sejmu niemego i odzyskanie komendy nad autoramentem cudzoziemskim a sejmy w latach 1717—1724 (prolegomena) / T. Ciesielski // Rzeczpospolita w dobie wielkiej wojny północnej / pod red. Jadwigi Muszyńskiej. Kielce, 2001. S. 61—85.
93. Kurek, J. U schyłku panowania Augusta II Sasa / J. Kurek. Katowice : Wydawnictwo Uniwersytetu śląskiego, 2003. 222 s.
94. Kurek, J. Parlamentarzyści za Augusta II i Augusta III Sasów. Parlamentarzyści polscy od XVI do XX wieku. Stan badań i postulaty / J. Kurek; red. J. Seredyka, D. Kurpiers-Schreiber. Opole, 1999. S. 35—50.
95. Polski Slownik Biograficzny, T. I—XL. Kraków; Wrocław; Warszawa; Kraków; Gdańsk; Łódź; Wrocław, 1935—2006. T. IV, XVIII, XXIII, XXIV, XXVII, XXIX, XXX, XXXV, XL.
96. Achremczyk, S. Obóz stanisławowski w Prusach Królewskich w latach 1733—1736 / S. Achremczyk // Rocznik Gdański. 1986. Z. 1. S. 115—138.
97. Jonasson, G. Szwecja i druga elekcja Stanisława Leszczyńskiego / G. Jonasson // Rocznik Gdański. 1986. Z. 1. S. 107—114.
98. Lisek, A. Obóz stanisławowski w województwie ruskim w okresie bezkrólewia w 1733 r. i w pierwszych miesiącach wojny o tron polski / A. Lisek // Rocznik Przemyski. 2000. Z. 4. S. 3—15.
99. Lisek, A. Postawa szlachty ruskiej wobec prób pacyfikacji kraju w 1735 roku / A. Lisek // Rocznik Przemyski. 2001. Z. 3. S. 33—43.
100. Lisek, A. Uwagi w sprawie orientacji politycznej szlachty chełmskiej w latach (1733—1736) / A. Lisek // Rocznik Przemyski. 2002. Z. 4. S. 65—75.
101. Panek, A. Stanowisko szlachty lubelskiej i jej przywódców wobec wojny o tron polski (1733—1735) / A. Panek // Polska-Saksonia w czasach unii (1697—1763). Próba nowego spojrzenia / Pod red. K. Bartkiewicza. Zielona Góra : Lubuskie towarzystwo naukowe, 1998. S. 129—146.
102. Dygdała, J. Obóz saski w Prusach Królewskich i jego działalność w latach 1733—1736 / J. Dygdała // Rocznik Gdański. 1986. Z. l. S. 139—166.
103. Dygdała, J. Dylematy austriackiej polityki wobec Rzeczypospolitej podczas bezkrólewia 1733 roku / J. Dygdała // Acta Universitatis Nicolai Copernici. 1993. Historia nr XXVIII. S. 103—124.
104. Dygdała, J. Polityka informacyjna prymasa Teodora Potockiego w bezkrólewiu 1733 roku / J. Dygdała // Rozprawy z dziejów XVIII wieku. Z dziejów komunikacji socjalnej epoki nowożytnej; pod red. J. Wojtowicza. Toruń, 1993. S. 63—78.
105. Dygdała, J. Postawa «familii» Czartoryskich w bezkrólewiu 1733 roku z perspektywy Wiednia / J. Dygdała // Między wielką polityką a szlacheckim partykularzem: Studia z dziejów nowożytnej Polski i Europy ku czci Profesora Jacka Staszewskiego; red. K. Wajda. Toruń, 1993. S. 275—283.
106. Dygdała, J. Konfederacja krakowska Teodora Lubomirskiego z początków bezkrólewia 1733 roku a polityka Austrii wobec Rzeczypospolitej / J. Dygdała // Trudne stulecie. Studia z dziejów XVII i XVIII wieku ofiarowane profesorowi Jerzemu Michalskiemu w siedemdziesiątą rocznicę urodzin; red. Ł. Kądziela, W. Kriegseisen, Z. Zielińska. Warszawa, 1994. S. 46—54.
107. Dygdała, J. Kwestia dysydencka w Rzeczypospolitej doby bezkrólewia 1733 roku / J. Dygdała // Zapiski Historyczne. 1997. T. LXII. S. 45—67.
108. Dygdała, J. Pakta konwenta Augusta III (z zabiegów o pozyskanie polskiej opinii szlacheckiej) / J. Dygdała // Między Zachodem a wschodem. Studia ku czi profesora Jacka Staszewskiego, T. II; pod red. J. Dumanowskiego, B. Dybasia, K. Mikulskiego, J. Porazinskiego i S. Roszaka. Toruń, 2003. S. 147—157.
109. Dygdała, J. Saskie próby infiltracji środowisk szlacheckich podczas bezkrólewia 1733 roku / J. Dygdała // Kwartalnik Historyczny. 2003. Z. 4. S. 47—70.
110. Szklarska, E. Próby pacyfikacji Rzeczypospolitej w latach 1734—1736. Zabiegi o pozyskanie stronników Leszczyńskiego dla obozu Wettyna / E. Szklarska // Rocznik Gdański. 1986. Z. l. S. 169—180.
111. Szklarska, E. Kwestia wykluczenia cudzoziemca od tronu na sejmie konwokacyjnym 1733 r. / E. Szklarska // Między Zachodem a wschodem. Studia ku czi profesora Jacka Staszewskiego, T. II; pod red. J. Dumanowskiego, B. Dybasia, K. Mikulskiego, J. Porazinskiego i S. Roszaka. Toruń, 2003. S. 561—573.
112. Szklarska, E. Od centrum ku peryferiom. Konfederacja warszawska jako narzędzie legitymizacji władzy Augusta III / E. Szklarska // Dwór a kraj. Między centrum a peryferiami władzy; red. R. Skowron. Kraków, 2003. S. 509—519.
113. Lisek, A. Litwini na sejmie elekcyjnym w 1733 roku / A. Lisek // Z dziejów XVII i XVIII wieku. Księga jubileuszowa ofiarowana Profesorowi Michałowi Komaszyńskiemu; red. Jan Kwak. Katowice, 1997. S. 138—154.
114. Lisek, A. Postawa Radziwiłłów w okresie przedostatniego bezkrólewia i w pierwszych miesiącach wojny domowej (1733—1734) / A. Lisek // Radziwiłłowie. Obrazy literackie. Biografie. świadectwa historyczne; pod red. K. Stępnika. Lublin, 2003. S. 358—370.

Наверх

Tags: , , , ,

Comments are closed.

-->