ПРАДМОВА
Беларуская гісторыя абрана цэнтральнай тэмай навуковага абмеркавання ў трэцім выпуску штогодніка, які падрыхтаваны выкладчыкамі кафедры гісторыі Расіі і кафедры гісторыі паўднёвых і заходніх славян Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Па заказу рэдкалегіі спецыяльна быў напісаны шэраг артыкулаў вядучымі гісторыкамі НАН Беларусі, універсітэтаў рэспублікі і, зразумела, БДУ. Падставай для такога выбару сталі некалькі юбілейных дат, якімі былі адзначаны 2007 і 2008 гг. Гэта гадавіна падзей лютага — кастрычніка 1917 г., якія аказалі фундаментальны ўплыў на ўвесь свет і распачалі шлях да афармлення беларускай дзяржаўнасці ў розных гістарычных формах яе існавання ў перыяд найноўшай гісторыі. Гэта і «круглая» дата ў гісторыі ўсходнеславянскай пісьменнасці — у 1517 г. пабачыла свет першае выданне Францыска Скарыны. Рэдкалегія і рэдакцыйны савет звярнулі ўвагу ўсіх калег на яшчэ не ў поўнай меры ацэненую ролю Уладзіміра Іванавіча Пічэты ў фарміраванні адукацыйнай і навуковай сфер Беларусі (пад знакам дат яго біяграфіі: 1878—1947 гг.).
Таксама было імкненне звярнуцца да пэўных лакун, якімі па-ранейшаму характарызуецца беларуская гістарыяграфія, у вывучэнні як праблем гісторыі славянскіх народаў, так і цывілізацыйнага феномена гістарычнай дадзенасці і шляху Расіі. Таму наўмысна вызначаны максімальна шырокі (і тэматычна, і храналагічна) дыяпазон праблематыкі. І гэта не спроба толькі дапоўніць некаторы спектр навуковых перыядычных выданняў. Рэдкалегія асэнсавана паставіла мэту зрабіць «Российские и славянские исследования» сапраўдным цэнтрам «прыцягнення» навукова выверанага і канцэптуальна каштоўнага гістарычнага матэрыяла па асноўных аспектах такога адзінага і такога своеасаблівага славянскага свету ў яго неразрыўным адзінстве з гісторыяй еўрапейскіх і іншых народаў і краін.
Звернем увагу чытача на шырокі дыяпазон навуковых матэрыялаў, на відавочную рознасць падыходаў і поглядаў. Разам з тым галоўнай умовай для ўсіх аўтараў было тое, каб іх высновы адпавядалі даказальнай базе крыніц, метадалагічным прынцыпам, якімі на сённяшні дзень карыстаецца гістарычная навука. Традыцыйны для падобнага роду часопісаў падыход — падзел на рубрыкі, у гэтым выпуску набыў завершаны выгляд у сілу наяўнасці прац, у папярэдніх выпусках толькі запланаваных. Стала магчымым прадставіць тры новыя рубрыкі — «гістарычныя партрэты», «гістарычная падзея — асоба ў гісторыі», «партрэт гісторыка» і дзве новыя падрубрыкі — «спецыяльны госць», «пісьмо ў рэдакцыю». Гэта персаніфікавала ўвесь матэрыял выпуску, дапамагло «ажывіць» гісторыю.
Лічым, што і ў вялікіх па аб’ёму артыкулах, і ў кароткіх паведамленнях аўтары выпуску даследуюць важныя праблемы гісторыі славянскіх народаў і народаў Расіі, прадстаўляюць сбалансаваныя і даказальныя навуковыя высновы. Некаторыя публікацыі адлюстроўваюць спробу даследаваць праблемы, якія не зусім звычайныя для беларускай гістарыяграфіі. Менавіта запрашэнне зарубежных гісторыкаў дазволіла арыентаваць выпуск на міжнародны ўзровень вывучэння русістыкі і славістыкі. Неабходна звярнуць увагу і на тое, што ў дадзеным выпуску ўлічаны ўсе рэкамендацыі ВАК Беларусі па афармленні навуковых выданняў і друкуемых у іх матэрыялаў. Гэтую высокую «планку» патрабаванняў рэдкалегія будзе ўтрымліваць і ў наступных выпусках.
Рэдкалегія