Электронная версия белорусского научного исторического журнала “Российские и славянские исследования”

Главная

О журнале

Правила публикации статей

Новый номер!


ПРАДМОВА

Пасля выдання першага выпуску «Российских и славянских исследований» прайшло два гады. Як паказаў час, зборнік знайшоў свайго зацікаўленага чытача — ад навукоўца да студэнта ВНУ. Не без задавальнення можна канстатаваць, што агульная адзнака яго зместу і формы падачы матэрыялаў пазітыўная. Абраны накірунак апраўдаўся: была патрэба прагледзець магчымыя даследчыцкія інтарэсы гісторыкаў Беларусі розных пакаленняў, зрабіць пэўныя параўнанні са станам русістыкі і славістыкі, у першую чаргу ў Расіі і ў большасці славянскіх краін. Зразумела, што такое параўнанне вельмі адноснае. Для глыбокага разумення ўзроўню беларускай гістарыяграфіі ў дадзеных доследах патрэбна зрабіць гістарыяграфічнае асэнсаванне асноўных напрацовак замежных гісторыкаў. Толькі тады ўзнікне магчымасць скарэктаваць «свае» даследаванні.

Вось чаму ў другім выпуску зборніка зроблены пэўны акцэнт на артыкулах гістарыяграфічнага характару. Яны тычацца канкрэтных навуковых праблем, але садзейнічаюць успрыняццю агульнага шляху, па якім рухаецца сучасная гістарычная навука. Патрэбна прызнаць, што гістарыяграфічныя аспекты не асабліва папулярныя ў асяроддзі беларускіх гісторыкаў. Іх распрацоўка патрабуе спецыяльнай падрыхтоўкі, шырокага навуковага кругагляду. Да таго ж неабходна мець доступ да літаратуры, якая выдаецца за мяжой і часцей за ўсё вельмі малымі тыражамі, а шмат навуковых артыкулаў прынцыповага характару ўвогуле «раскіданы» па шматлікіх зборніках, матэрыялах канферэнцый, часопісах. Але многія з іх маюць важнае навукова-метадалагічнае значэнне і толькі азнаямленне з імі дае магчымасць гісторыку быць дасведчаным і кампетэнтным.

Дадзены часопіс не ставіў задачу аб’яднаць на сваіх старонках усе сілы беларускіх гісторыкаў. Гэта задача можа быць вырашана на зусім іншым арганізацыйным узроўні, у тым ліку і шляхам пашырэння кола навуковых гістарычных выданняў. Але намеціць арыенціры часопіс у стане. І ў ідэале перад беларускай гістарыяграфіяй стаіць задача напісання агульнай працы, у якой бы знайшлося адпаведнае месца аналізу дасягненняў айчынных навукоўцаў у галіне даследаванняў пытанняў сусветнай гісторыі ў цэлым і ў тым ліку ў частцы вывучэння расійскай і славянскай гісторыі. Прыклад ужо пададзены нашымі ўкраінскімі калегамі з Львоўскага нацыянальнага універсітэта імя Івана Франко праз выданне ўнушальнай калектыўнай манаграфіі пад рэдакцыяй Леаніда Зашкільняка «Українська історіографія на зломі XX і XXI століть: здобутки і проблеми» (Львів, 2004. 406 с.).

Рыхтуючы другі выпуск да друку, рэдкалегія намеціла дакладны план не толькі ў адносінах да навуковай вартасці дасланых матэрыялаў, але і да самой структуры выдання. Першая спроба аб’яднаць у адзіным зборніку навуковых артыкулаў русістыку і славістыку апраўдала сябе. Тым больш што гэтыя напрамкі гістарычных доследаў, так ці інакш, спалучаюцца ўжо таму, што ў іх відавочным стрыжнем праходзіць беларуская гісторыя. І гэта натуральна для выдання, якое выходзіць на тэрыторыі Беларусі. Але просты набор артыкулаў дзеля «дэманстрацыі» творчых сіл і магчымасцей беларускіх навукоўцаў мог быць зразумелым толькі на першым разе. Цяпер паўстала задача «зрабіць» па-сапраўднаму навуковае выданне — як па змесце, так і па форме, гэтаму ў найбольшай ступені адпавядае фармат навуковага штогодніка, які з невялікімі намаганнямі ў пэўны час было б магчыма пераўтварыць у перыядычны часопіс. Вось чаму гэтае выданне сфарміравана такім чынам, каб чытач мог адразу звярнуцца да тых публікацый, якія яму больш за ўсё патрэбны на дадзены час. Ці то гэта прынцыповы акадэмічны матэрыял, у якім ставяцца метадалагічна завостраныя пытанні, а абгрунтаванне думак і палажэнняў зыходзіць з выверанай і ўнушальнай базы крыніц. А можа, найбольшы інтарэс будзе да аўтарскіх гіпотэз, да пытанняў, якія ставяцца ў якасці дыскусійных. Як прынята ў такога роду часопісах, на старонках дадзенага выдання ўведзены адпаведныя рубрыкі пад наступнымі назвамі: артыкулы, паведамленні, крыніцазнаўства і гістарыяграфія, публікацыя дакументаў, крытыка і бібліяграфія, навуковае жыццё. Большасць рубрык будуць пастаяннымі (са сваімі ўласнымі шмуцтытуламі). У наступных выпусках плануецца ўвесці і новыя рубрыкі — гістарычныя партрэты, партрэты гісторыкаў. Шэраг з гэтых рубрык мае падрубрыкі, спіс якіх таксама можа быць пашыраны.

Мы імкнуліся зрабіць выданне прыемнага знешняга выгляду, з каларытам пэўнай славянскай культуры ці краіны. Развіваючы тэндэнцыю, якая намецілася ў афармленні выдання (у першым выпуску праглядваліся старажытнарускія матывы), у другім выпуску выкарыстаны сюжэты культурнай спадчыны Чарнагорыі — славянскай краіны, якая атрымала поўны суверэнітэт у чэрвені 2006 г.

Неабходна заўважыць, што ў другім выпуску наўмысна захаваны разнастайны падыход у афармленні навуковага апарату артыкулаў. Як бы дэманструецца той стан, які існуе на сённяшні дзень у навуковых колах не толькі розных краін, якія прадстаўляюць аўтары выдання, але і нават Беларусі. Зразумела, што гэтае становішча не толькі не бясспрэчнае, але і не прымальнае. Вось чаму палажэнне ВАК Рэспублікі Беларусь аб патрабаваннях да афармлення дысертацыйных даследаванняў і адпаведных навуковых публікацый, якое ўступае ў сілу напрыканцы 2006 г., з’яўляецца відавочным крокам наперад у знаходжанні аптымальнага тэхнічнага забеспячэння выдавецкай справы гісторыкаў усіх напрамкаў доследаў. Таму трэці выпуск ужо рыхтуецца менавіта з улікам гэтых патрабаванняў дзяржаўнай інстанцыі. Зборнік заяўляе аб сабе з улікам імкнення быць зацверджаным у якасці прызнанага навуковага выдання. Дзеля не толькі навуковага, але і такога прагматычнага сэнсу і было распачата яго выданне славістамі і русістамі гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Рэдакцыйная калегія выдання, маючы на ўвазе высокія навуковыя мэты, намагалася зрабіць яго аўтарытэтным і даступным, даследавальніцкім і цікавым, разнастайным і тэматычным на карысць усёй беларускай гістарычнай навуцы.

Рэдкалегія

Comments are closed.

-->