Электронная версия белорусского научного исторического журнала “Российские и славянские исследования”

Главная

О журнале

Правила публикации статей

Новый номер!


Рэцэпцыя жабрака ў традыцыйнай беларускай культуры

С. В. Русецкі

Русецкий Сергей Васильевич — преподаватель кафедры гуманитарных дисциплин Белорусской государственной академии искусств

Жабракі (старцы, дзяды) — людзі, якія існуюць дзякуючы збіранню міласціны, што з пазіцый культурнай антрапалогіі і этналогіі можна разглядаць як своеасаблівы тып жыццезабеспячэння. З’ява жабрацтва, як і наяўнасць так званага сацыяльнага дна, характэрна для грамадстваў і культур, у якіх прысутнічае сацыяльная няроўнасць.

У традыцыйнай беларускай культуры жабракі займалі значнае месца. У дадзеным артыкуле на падставе аналізу перш за ўсё фальклорных крыніц даецца характарыстыка ўспрыняцця жабракоў у народнай традыцыі, акрэсліваюцца змены ў рэцэпцыі сацыякультурнага феномена жабрацтва. У канцы ХІХ ст. да гэтай праблемы звярталіся Е. Раманаў, М. Нікіфароўскі, А. Грузінскі, якія прысвяцілі ёй асобныя даследаванні, у наш час у розных аспектах праблему закраналі Т. Валодзіна, А. Верашчагіна, В. Кныш, І. Марзалюк, І. Чаквін.

Інтарэс да дадзенай тэмы актуалізуецца не толькі гістарыяграфічнымі лакунамі. Феномен жабракоў цікавы з пазіцый дабрачыннасці. Старцы — спецыфічная і шматлікая сацыяльная група, якая з’яўлялася ў традыцыйнай культуры галоўным аб’ектам народнай дабрачыннасці, у стаўленні да старцаў найбольш паслядоўна раскрываецца народная мараль і спецыфіка карытатыўных практык. Традыцыі дабрачынных паводзін у дачыненні да жабракоў, іх каштоўнаснае напаўненне звязаны не толькі з неабходнасцю дабрачыннасці, але і адметным статусам гэтай сацыяльнай групы ў традыцыйнай культуры. Даследчыкі адзначаюць сакралізацыю жабрака, высокую сацыяльную ролю дадзенай групы ў традыцыйным грамадстве. Камунікацыі са старцамі з’яўляліся часткай паўсядзённай практыкі людзей.

Канцэпцыя жабрака ў хрысціянстве і ўплыў на народную культуру. Асэнсаванне жабрацтва ў маральна-этычным і каштоўнасным планах найперш выражаецца ў рэлігіі. У розных рэлігійных сістэмах, якія ў той ці іншай ступені ў розныя эпохі існавалі на Беларусі, жабрацтва часта канатуецца з ідэямі дабрачыннасці, міласэрнасці. Канцэпцыя жабрацтва ў хрысціянстве грунтуецца на ідэях хрысціянскай дабрачыннасці, аднак ва ўспрыняцці іх соцыумам, культурай стала прысутнічае і момант негатывізацыі, а часта і стыгматызацыі.

Негатывізацыю стэрэатыпу жабрака пераканаўча абгрунтаваў у сваіх шматлікіх працах польскі даследчык сярэдневяковых сацыяльных маргіналаў Еўропы Б. Герэмэк. На яго думку, хрысціянства адносіцца да рэлігійных сістэмаў, у якіх жабрацтва мае неадназначную ацэнку. З аднаго боку, хрысціянства ўтрымлівае патрабаванні дэманстрацыі міласэрнасці, у сацыяльных дактрынах розных хрысціянскіх канфесіяў прадугледжана змяншэнне адлегласці паміж багатымі і беднымі шляхам дапамогі бедным — так рэалізоўваюцца міласэрныя памкненні людзей. З другога боку, у сацыяльным разрэзе жабрак часта трактуецца як асоба, якая парушае грамадскі парадак ужо хаця б адметнасцю сваіх заняткаў і знешнасці [1, с. 18].

Такое супярэчлівае стаўленне да жабракоў з’яўляецца галоўным і прынцыповым адрозненнем паміж хрысціянскай і мусульманскай традыцыямі. У ісламе ёсць безагаворачнае прызнанне жабрацтва, неўспрыняцце яго як сацыяльнай праблемы [2, с. 104]. Дапамога ўбогім паводле мусульманскай маралі з’яўляецца як рэлігійным, так і сацыяльным абавязкам верніка. Вялікую ўвагу тлумачэнню міласціны надаваў прарок Махамед. Нароўні з інстытутам закяту (zakât) — абавязковай міласціны, якая «ачышчае» верніка, існуе інстытут шадакі — добраахвотнай міласціны (şadaqa), памеры і формы якой строга не вызначаныў звычаёвым праве і маралі [2, с. 104]. Разуменне выратавальнага значэння міласціны, для таго, хто яе робіць, у хрысціянстве і ісламе падобнае.

У Еўропе стаўленне да жабракоў змяняецца пад уплывам Рэфармацыі, узнікнення і развіцця элементаў капіталістычнай, рынкавай эканамічнай сістэмы і буржуазнага грамадства. У пратэстанцкай этыцы не асуджаецца праца як такая, праца дзеля грошай, назапашванне грошай. На тэрыторыі Беларусі гэтак жа адзначаюцца пэўныя змены ў дабрачынных паво­дзінах людзей пад уплывам Рэфармацыі, найперш мяшчанскага саслоўя. Жабрацтва апраўдвалася толькі пры страце працаздольнасці ці яе першапачатковай адсутнасці [3, с. 237].

У народных традыцыях хрысціянскага свету існавала тэндэнцыя да сакралізацыі жабрака. Гэта праяўлялася ў разуменні жабрака як вельмі блізкага да Хрыста па ладзе жыцця. Хрысціянская дыдактыка, на думку І. Марзалюка, тлумачыла неабходнасць працаваць як наступства першароднага граху, таму формула ўзаемнага выратавання бедных і багатых усіх задавальняла. Жабрак уяўляўся хрысціянскім ідэалам па многіх паказчыках, і ў першую чаргу як ідэал мірскога жыцця [3, с. 235—236]. Цяжка адказаць, у якой з хрысціянскіх канфесій — каталіцкай або праваслаўнай — мацнейшая традыцыя сакралізацыі жабракоў, аднак мена­віта ў праваслаўі фарміруецца феномен юродзівага/юродства як абсалютнай формы жабрацтва і адначасова як мадэлі унікальнага абсалютнага досведу пазнання. Юродства лічыцца подзвігам хрысціянскага «благочестия». Юродзівыя вераць у выратавальную сілу пакутаў, пры гэтым кідаюць выклік людзям і адначасова выклікаюць павагу. Юродзівыя імкнуцца паўтарыць лёс Хрыста, яго хрэсны ход, імітуючы яго лад жыцця, пры гэтым не просячы міласціны [4, с. 10]. І. Марзалюк, даследаваўшы крыніцы па гісторыі жабракоў у Вялікім княстве Літоўскім XVI—XVII ст., прыйшоў да высновы, што традыцыі юродства на беларускіх землях у той час не было. Дададзім, што ў вышэйапісаным сэнсе не прасочваецца яна і ў ХІХ — пачатку ХХ ст. Традыцыі юродства лакалізуюцца тэрыторыямі на ўсход ад Беларусі.

Сакралізацыя вобразу жабрака ў раннетрадыцыйных пластах беларускага фальклору. У раннетрадыцыйных пластах фальклору зафіксаваны сакралізаваныя адносіны да старцаў, уяўленні пра іх як пра носьбітаў таемных ведаў. На прыкладах сюжэтаў хрысціянскіх легенд вельмі выразна відаць традыцыйнае народнае асэнсаванне старцаў у кантэксце народнай сістэмы каштоўнасцей. Самым выразным сведчаннем сакралізацыі жабракоў з’яўляюцца павер’і, паводле якіх жабракам прыпісваецца здольнасць хадзіць на той свет і кантактаваць з памерлымі. Асэнсаванне жабрака як медыятара паміж светам жывых і памерлых шырока вядома ва ўсходніх славян. Аб гэтым сведчыць звычай адорвання жабракоў рэчамі, якія ён можа перадаць памерлым («Дзед з таго свету») [5, с. 131—132], або павер’е пра тое, што ў выпадку калі ў труну нябожчыку забываюцца нешта пакласці, то перадаць рэч на той свет  можа жабрак. Такім чынам, акт адорвання жабрака рабіўся сімвалічным актам памінання / ушанавання спачылых. Уяўленне пра сувязь жабракоў са светам памерлых выяўляецца ў абавязковым надзяленні іх рэшткамі памінальнай вячэры на Дзяды і Радаўніцу [6, с. 487—488]. У творы, зафіксаваным У. Дабравольскім «Аб убогіх старцах, як іх мазурык надуў» [7, с. 676—677], сустракаецца сюжэтная лінія, паводле якой старцаў прыводзяць у царскі палац на памінкі: на пытанне героя, чаго старцы прыйшлі без дазволу ў царскі палац, яны ўпэўнена адказваюць, што запрошаны на памінкі. Гэта паказвае, што памінальная абраднасць, як і ўвогуле сферы, звязаныя з памежнымі станамі, з’яўляецца вотчынай жабракоў.

У зборніку М. Федароўскага «Люд беларускі» зафіксавана легенда, сюжэт якой з’яўляецца кантамінацыяй некалькіх сюжэтаў: чаму старыя людзі паміраюць; чаму старцы крывыя і збіраюць міласціну [8, с. 4—5]. У названым тэксце старац з’яўляецца сведкам таго, як Бог, Божая Маці і святы Юрай вырашаюць лёс роду людскога (няхай старыя і серадавечныя дзе-нідзе але часта ўміраюць, то і так зменшае народа). Акрамя таго, старац гаворыць з Богам, спрабуе яго падмануць, за што выракаецца Богам на крывізну. З тэксту вынікае прамая сувязь старца з Богам. Стварэнню міфа аб сакральнасці жабракоў садзейнічалі народныя ўяўленні пра іх. Пра знакамітага Сумона М. Нікіфароўскага, якому сам аўтар «Нарысаў Віцебскай Беларусі» прыпісваў рысы Вечнага жыда: «<…> ніхто ў нашым сяле не ведаў, колькі Сумону гадоў, адкуль ён, дзе і ад каго нарадзіўся. Ці ведаў пра гэта сам Сумон — я не магу адказаць. Пяцідзесяцігадовыя старыя запэўнівалі мяне ў дзяцінстве, што ведаюць Сумона ўсё такім жа з даўніх часоў, якім і я бачыў Сумона ў дзяцінстве, такім жа я памятаю яго ў сталым узросце з нязменным голасам, з той жа хадой і сівізной» [9, с. 7]. Адгалосак міфа пра Вечнага жыда ў комплексе якасцей, прыпісваемых жабракам: не старэе, нязменны, вечны. Стварэнню міфалогіі аб жабраках садзейнічалі самі жабракі. Напрыклад, паводле іх пераканання, умоўная мова жабракоў паходзіць ад самога цара Саламона [10, с. 126].

На рэцэпцыю складанага вобразу жабрака ў славян наклалася «дуалістычная міфалагема вандруючага Бога, Бога-падарожніка, успрынятая хрысціянскім вучэннем» [11, с. 77]. Гэтым тлумачыцца павер’е, што чым больш дасць чалавек хлеба ў выглядзе міласціны — тым больш прадуцыруе ён сабе дабрабыт у будучым жыцці. Адмова ў кавалку хлеба жабраку стварае пагрозу «шукаць кавалак хлеба на тым свеце». Як адзначаў Е. Раманаў, хлебная міласціна ў беларусаў можа быць спецыяльна гіпертрафіраванай, правакуючай вялікі ўраджай. Хлеб, які знаходзіўся пэўны час у жабрака, набываў асаблівую сакральнасць і нават мог рабіцца прадметам куплі ці абмену. Пра гэта сведчаць дадзеныя многіх этнографаў. У Польшчы і Беларусі кавалкамі хлеба, узятымі ў жабрака, падкормлівалі скаціну, якая хварэла [12, s. 146]. На Віцебшчыне «хрыстарадныя крошкі выграбалі з жабрацкай торбы і адразу з’ядалі іх жанчыны, у якіх знікла малако» [9, с. 12]. Даследчык ушанавання хлеба ў славян А. Страхаў адзначаў: «Апошняе жабрацкае ўвасабляе ў сабе цэласнасць і паўнату, робіцца пачаткам прыбытку, урадлівасці, плоднасці, дабрабыту; стымулюе апетыт, лактацыю» [11, с. 78].

Семантычную напоўненасць міфалагемы вандруючага Бога стварае павер’е пра тое, што напярэдадні Ушэсця трэба выпякаць рытуальныя бліны — «богавы анучы» і абедаць імі на само свята [11, c. 153]. Анучы з’яўляюцца атрыбутам вандруючага Бога, галоўны рэфлекс якога ў вусна-паэтычнай творчасці ўвасабляе жабрак.

Надзвычай пашыраны ў апакрыфічных легендах матыў ‘Бог пад выглядам жабрака ходзіць сярод людзей і ўзнагароджвае або карае іх адпаведна іх учынкам’. Падобныя легенды зафіксаваныя шматлікімі збіральнікамі ХІХ—ХХ ст. «Калісьці Бог, перабраўшыся жабраком, па зямлі хадзіў, бо хацеў палядзець, чы людзі літасць маюць, чы даюць убогім» [5, с. 273]. Пашыранасць гэтага матыву гаворыць пра ўстойлівае ўяўленне аб жабраку як Божым чалавеку, абраза або непавага да якога караецца [8, с. 11; 5, с. 273]. Ярка выражаны маральна-этычны імператыў шанаваць убогага, падаваць міласціну жабраку прадстаўлены ў многіх фальклорных тэкстах, напрыклад, у духоўна-этычнай легендзе «Як Бог пусціў сонца ў хату» [8, с. 11—12]. У ёй адлюстраваны так званы «першы час», калі людзі толькі навучыліся будаваць жытло. Бог, ідучы пад выглядам жабрака, спыніўся каля людзей і выпрабаваў іх на міласэрнасць, абяцаўшы пусціць ім сонечнае святло ў хату: «Я нічога не хачу ад вас, адно дайце слова, што кажан тыдзень прымеце жабруючага чалавека якога-кольвек, пакорміце і пазволіце пераначаваць». Бачна, што міласэрнасць да старца, падарожнага чалавека ўвогуле, ацэньваецца ў народнай сістэме каштоўнасцей вельмі высока, яна вартая такога дарагога падарунка, які вобразна акрэслены як сонечнае святло ў чалавечым жытле. Гэта думка ўвасоблена ў шматлікіх узорах прыказак кшталту прымі падарожнага — сам будзеш у дарозе [13, с. 404]. А. Леўкіеў­ская заўважае: «Жабрак мог успрымацца як зямны намеснік Бога <…> У сувязі з гэтым пазбяганне жабраком чыёйсьці хаты магло ўспрымацца як нядобры знак» [14, с. 408].

Дабрачыннасць у дачыненні да жабракоў выступае адной з найважнейшых праяў народнай маралі. Як апавядаюць беларускія духоўна-этычныя легенды, на Божым судзе цана, якую мае пададзеная міласціна, шматкроць пераўзыходзіць значэнне нядобрых учынкаў чалавека. Матыў узважвання чалавечых грахоў і заслугаў шырока пашыраны ў легендах. У адной з іх, зафіксаванай М. Федароўскім [8, с. 229], хлеб, пададзены жабраку, ратуе падавальніка на Божым судзе і больш за тое робіць яго святым: «<…> умірае той багатыр. Так чорт прынёс такі стос папераў розных з грахамі, палажыў на вагу, а анёл не мае чаго класці, так пасмутнеў і стаіць сабе ў куточку. Нарэшце прыпомніў і кажа: тады і тады ён кінуў за жабраком булку хлеба. Зара гэта ўзяў анёл тую булку, палажыў на вагу, так яна ўсе паперы чорта пераважыла, і той (чалавек. — С. Р.) застаўся святым» [8, с. 229]. У іншым узоры Федароўскага выратавальным пытаннем для чалавека ў чыстцы, якое задае яму Бог, з’яўляецца пытанне, ці падаў ён хоць раз міласціну жабраку. Міласціна, увасобленая нават у шчыперыне цыбулі, патэнцыйна дае магчымасць выратаваць грэшную душу [5, с. 274]; кавалачак хлеба, пада­дзены ўбогаму, можа даць збаўленне (легенда «Як душа рыбкаю пакутавала») [5, с. 129].

Існавала павер’е аб тым, што на месцы старэцкай стаянкі, дзе доўга стаяў/сядзеў старац, просячы міласціну, нават трава не расце [9, с. 18]. Пра сакралізацыю старца сведчаць і павер’і пра «старэцкія спадкі» — назапашаныя старцам матэрыяльныя каштоўнасці, якія ён захоўваў у давераных асоб у розных населеных пунктах «на чорны дзень, на пахаванне і памін сва­ёй душанькі» [9, с. 32]. Гэтыя старэцкія спадкі «даволі шануемыя, бо адхіляюць пасягальніцтвы на “старэцкае дабро і сховы”, пакуль жывы іх уладар» [9, с. 32]. Пасля смерці жабрака, якому яны належалі, селянін-захавальнік спадкаў мае права і павінен карыстацца імі. Блаславёнасць старэцкай спадчыны выражаецца, паводле ўстойлівых павер’яў беларускіх сялян, у тым, што яны могуць не толькі вывесці з галечы, але і значна палепшыць дабрабыт. Нікіфароўскі прыводзіць цікавае параўнанне таго, як у традыцыйнай культуры беларусаў асэнсоўваюцца выпадковыя, дармавыя грошы: карыстанне знойдзеным у зямлі скарбам растрачвае хатні набытак і разбурае сямейны лад, а карыстанне старэцкімі спадкамі — наадварот.

Фальклорныя тэксты адлюстроўваюць і ўстойлівыя павер’і аб сакральным значэнні акта міласціны. Асуджаецца як выманьванне міласціны падманам, так і збіранне міласціны з хцівасці, прагі да багацця, што можа быць сфармулявана ў наступным імператыве: калі ты не жабрак, то не жабруй. М. Федароўскі прыводзіць высокамастацкі твор «Крыўда чужому — то камень на шыі». Стары бацька ксяндза праз уласную сквапнасць хадзіў жабраваць. Сыну-ксяндзу гэта было вельмі прыкра, бо хрысціянская і народная мараль аднолькава асуджаюць недагляд старых іх дзецьмі. У Божым храме Госпад рукамі сына-ксяндза робіць цуд у навуку хціваму старому і людзям: крошка нажабраванага хлеба такім цяжарам кладзецца на плечы старога, што ён не можа ўстаць. Такім чынам, сакральнае значэнне прыпісвалася не толькі самому акту падаяння, але і яго матэрыяльнаму ўвасабленню — рэчам, грашам, прадуктам харчавання. Паводле А. Леўкіеўскай, павер’і ўсходніх славян сведчаць, што людзям з маргінальным статусам прыпісвалася здольнасць быць відушчымі, напрыклад, бачыць русалак, якія бегаюць па жыце, у той час як для іншых людзей яны нябачныя [14, с. 389]. Акрамя таго, у дэманалагічных легендах, замовах у выглядзе жабракоў маглі паўставаць персанажы, якія ўвасабляюць нешчаслівы лёс, долю, беднасць, хваробу [15, с. 118].

Фальклорныя ўзоры з нейтральным стаўленнем да жабрака. У многіх фальклорных узорах выражана нейтральнае стаўленне да жабракоў, мае месца канстатацыя іх сацыяльна-культурных атрыбутаў. У фальклорных зборах У. Дабравольскага, А. Сержпутоўскага зафіксаваны ўзоры парэмій, у якіх галоўным атрыбутам старца з’яўляецца торба: Той Бог жыў, што торбы шыў — і на вас павесіць [16, с. 117]; порыцца, як старац у торбя [17, с. 76]; не весел каліка, што торба невяліка [18, с. 95]. У прыведзеных узорах торба — знак, прыкмета жабрака. Практычна нароўні з торбай сімвалічную ролю адыгрываюць кій, пуга: старца кій корміць [18, с. 96], астатні кій у старца адымуць [18, с. 146]; распусціўся як старэцкая пуга [18, с. 297]. Торба і кій выступаюць увасабленнем жабрацкай долі, нешчаслівага чалавечага лёсу, які можа напаткаць кожнага, што адлюстравана таксама ў прыказках кшталту рыба і зайцы завядуць у старцы [13, с. 154]. У прыказках старцу дзярэўня не круг [16, с. 117]; старцу сяло ні наклад [17, с. 82], старцу міля не наклад [18, с. 139]; пяшочкам з мяшочкам [18, с. 96] замацаваны ўстой­лівы ў дачыненні да старца матыў дарогі/шляху. На нашу думку, з асяроддзя паходзіць выслоўе спасіба гэтаму дому, пайдзём к другому [13, с. 403]; сёння тут, а заўтра ў другі кут [13, с. 405]. Мала выразная ў сэнсавых адносінах прыказка і ў старца душа не пень, хоча хлеба і канапель мае фармальную, сэнсава неапраўданую рыфму пень-канапель [16, с. 117]. Хлеб у кантэксце дадзенай прыказкі мае значэнне: ежа, уласна хлеб, дапамога, міласціна.

Старац зубоў не мае, а сушкі збірае [18, с. 166], старац зубоў не мае, а сухары носіць [18, с. 166], выкалеш вочы, то будзеш павадыром [18, с. 221], сляпому ўсё гожа [18, с. 221], з торбай у горба — у названых парэміях з лапідарнасцю характарызуюцца фізічныя асаблівасці, часта ўласцівыя жабракам (калецтва, крывізна, невідушчасць, бяззубасць). «У большасці жабракамі былі людзі скалечаныя, з фізічнымі недахопамі і звыродствам сапраўднымі ці імітаванымі. Жэсты жабракоў — працягнутая рука, яго схіленая, згорбленая поза, яго распалажэнне ўнізе (часта жабрак сядзіць на зямлі, ля ўзбочыны дарогі, на паперці), указваюць на нізкі сацыяльны статус» [14, с. 409]. Знайшлі сваё адлюстраванне ў духоўнай культуры і такія рысы статусу жабракоў, як самотнасць, бясшлюбнасць, бяздзетнасць. У парэміях адлюстроўваюцца асаблівасці сацыяльнай арганізацыі субкультуры жабракоў — канкурэнцыя, закрытасць: старац старца нінавідзя, а гаспадар ніводнага [17, с. 77], старац старца не любіць, а сусед абодвух [18, с. 241]. Цікавы гісторыка-этнаграфічны аспект фіксуе прыказка старац мядзведніку не таварыш [18, с. 143]. Аб’екты народнай ацэнкі — жабрак і мядзведнік — знаходзяцца на адным прафесійным полі, маюць адну аўдыторыю і мэтавую групу,  паміж імі існуе канкурэнцыя.

Дэсакралізацыя вобразу жабрака ў познетрадыцыйным фальклоры. Ва ўсіх жанрах, найперш у парэміях, народнае асэнсаванне паступова страчвае сакралізацыю жабракоў, развіваецца крытычнае стаўленне да іх. Выразна негатыўнае ўспрыняцце жабрачага статусу, канстатацыя вартага шкадавання лёсу чалавека, які жыве з міласціны, не працуе, не мае хаты: з торбы не разжывешся [18, с. 94], працягваючы руку не разбагацееш [18, с. 96], не хачу жабраваць, буду пры табе гараваць [18, с. 73], брадзяга — усяму свету знявага [18, с. 48], чалавек убогі, што конь бязногі [18, с. 97], з валачашчага карысці не будзе [18, с. 97], не ўмеў шанаваць, ідзі жабраваць [18, с. 102 ], бяда не мець свайго вугла [18, с. 141], старац хваробу шукае [18, с. 175].

Прыказка хоць за старца абы ў дзеўках не застацца [18, с. 137] адлюстроўвае норму традыцыйнай сацыяльнай культуры, паводле якой дзяўчына павінна была абавязкова ўступіць у шлюб (хоць за вала абы дома не была). У прыказцы выяўляецца ацэнка статусу старца як нізкага, найгоршага. Беднасць, няздольнасць да прадуктыўнай працы паступова пачынае асуджацца, перастае сведчыць пра абранасць чалавека, яго далучанасць да сферы сакральнага: ёсць у каліце — сядай на куце, на плячах хатуль — пытаюць: адкуль [18, с. 94].

Пра гэта сведчаць зафіксаваныя даследчыкамі традыцыйнай культуры выпадкі кпінаў, насмешак з жабракоў. Павадыры, паводле Е. Раманава, помсцячы кпілі са старцаў: «<…> «Кургец на кіец!» [пагроза ўвесці ў яму, лагчыну, балота. — С. Р.], ад чаго старцы ярасна гневаюцца» [10, с. 121]. У фальклорных зборніках У. Дабравольскага зафіксаваны ўзоры парэмій, па сваёй семантыцы набліжаныя да дражнілак, што выражаецца ў факусіраванні ўвагі на з’явах малаэстэтычных: Крупы драныя, / Сальца кроеныя, / Кускі ломаныя [16, с. 117]. Пры інтэрпрэтацыі названага ўзору сыходзім з таго, што ён уяўляе сабой апісанне рэшткаў ежы або малапрыдатных, маласмачных яе відаў — таго, чым надзяляюцца старцы. Гэтым маркіруецца маргінальны статус жабракоў. Дражнілкі старцы пугі на пугі мянялі, тры дні гулялі, сумачкі з сухарамі расціралі, адзін другому галовы адарвалі; старцы пугі на пугі мянялі, барышы півалі, хатомачкі расціралі [16, с. 117] ствараюць стылістычна зніжаныя вобразы старцаў. Гэта выражаецца ў канстатацыі бессэнсоўных дзеянняў (пугі на пугі мянялі), неахайнага стаўлення да маёмасці (сумачкі з сухарамі расціралі; хатомачкі расціралі), у прымяненні такога мастацкага прыёму, як гратэск (адзін другому галовы адарвалі). Наступны ўзор парэміі пра старцаў, прыведзены У. Дабравольскім, з’яўляецца фальклорнай формай нявыражанай жанравай прыналежнасці: Усе старцы / Пайшлі ў танцы / Усе людзюшкі смяюцца, / Як іх сумушкі трасуцца. Шляхам выкарыстання вобразу старцаў канстатуецца стан весялосці ў абставінах, якія не спрыяюць гэтай весялосці. Выслоўе старац, старац, сяло гарыць! — Ніхай гарыць! — я ў другоя пірайду, як і папярэдняе, з’яўляецца фальклорнай формай нявыражанай жанравай прыналежнасці, хутчэй за ўсё дражнілкай. Семантыка старца ў ім увасабляе беспрытульнасць, безадказнасць, абыякавасць да праблем сельскай грамады [17, с. 76.].

Парэміі фіксуюць махлярства жабракоў пры зборы міласціны: Грош у яшчык, пятак за сапог [19, с. 91]. Яшчэ больш устойліва адлюстроўваюцца ва ўзорах жартоўнай няказкавай прозы сюжэты пра жабракоў-ашуканцаў, жабракоў-зладзеяў. Напрыклад, у М. Федароўскага зафіксаваны наступныя ўзоры: «Як жабрак жыдоў ашукаў» [5, c. 241]; «Дай дзеду многа, то яшчэ больш хоча», «Хвіглі дзядоўскія», «Дзядоўская хітрасць», «Шальмоўства дзядоўскае», «Дзядоўскае спяванне», «Як пан дзядоў абдарыў», «Дзядоўскае ашуканства», «Хітрашчы дзядоўскія», «Як дзед бабу гладзенька ашукаў», «Дзед з таго свету» [5, с. 238—238]. Народная іронія ў адносінах да жабракоў праяўляецца ў выкрыцці і высмейванні іх несапраўдных псальмоў, што ўвасабляецца ў анекдатычных сюжэтах, напрыклад: «Адзін дзед сеў сабе пад касцёлам, зайграў на ліры ды й спявае: «Ой я граю на леру, / Ой я ў Бога не веру!». Так адзін кажа: «Дзеду, дзеду, пані ідзе!». А дзед: «О Езу!» [5, c. 129]. Жыццёвы вопыт народа, увасоблены ва ўзорах жартоўнай няказкавай прозы, падвяргае сумненню фізічную нямогласць і калецтва жабракоў. Яны імітуюць калецтва: «Ішоў адзін дзед кульгаючы праз сяло, а сабакі на яго калі нападуць! <…> А каб вас звер заеў! Як я з вамі ўжо забыўся, на каторую нагу кульгаў» [5, с. 130]; імітуюць смерць аднаго з удзельнікаў старэцкай працэсіі [5, с. 130].

Багаты матэрыял для даследавання рэцэпцыі даюць узоры няказкавай прозы, прыведзеныя У. Дабравольскім. У творы нявыражанай жанравай прыналежнасці пад назвай «Старцы» сюжэт будуецца на канфлікце паміж жабракамі пры дзяльбе міласціны [20, с. 2]. Сюжэт уключае апісанне падрыхтоўкі старцаў да збірання міласціны, апісанне збірання міласціны, гратэскную развязку — бойка, уяўная смерць, раптоўнае «ажыўленне». Стылістыку твора характарызуюць элементы падкрэсленага зніжэння стылю (назбіралі сабе кожны па поўнай сумцы конскіх мерзлых каўцюхоў ды іншыя). Выразна прасочваецца зняважлівае стаўленне да жабракоў як да падманшчыкаў і ўяўленне пра справядлівасць іх пакарання: народ уцяшаўся, што старцы падралісь. У творы пад назвай «Аб убогіх старцах, як іх мазурык надуў» [7, с. 676—677] сюжэт пабудаваны на кантамінацыі познефальклорных сюжэтаў. Па-першае, гэта сюжэт этыялагічнай легенды «Адкуль старцы, або Чаму старцам можна на памінках спяваць». Па-другое, сюжэт сацыяльна-бытавой казкі пра шуканне праўды простым чалавекам у цара. Па-трэцяе, анекдатычна-прыгодніцкі сюжэт пра хітрага злодзея. Выкананне заклінання на ўраджай пры пасеве «радзі, Божа, і на старцаву долю!», як і звычай захоўваць «старэцкае збожжа» і «старэцкае чарпло», у канцы ХІХ ст. паступова знікаюць. Падобную інфармацыю знаходзім у М. Нікіфароўскага: « <…> адмысловае “старэцкае чарпло” і коўш усё радзей і радзей апускаюцца ад засека да торбы» [9, с. 20]. Да гэтага прыводзіць змяненне сацыяльнага партрэта жабракоў у выніку мадэрнізацыйных з’яў, разбурэння традыцыйнага грамадства.

Такім чынам, асоба жабрака ў народным успрыняцці характарызуецца неадназначнасцю і адначасова глыбінёй філасофска-этычнага сэнсу. Прычына неадназначнасці статусу жабрака ў іх маргінальнасці ў дачыненні да соцыуму, выкліканай іх роллю пасрэднікаў. Арыстакратычны, жрэчаскі статус жабрака фарміруецца на падставе таго, што веды жабрака неагульнадаступныя. Статус жабрака найчасцей сакралізаваны, але мае тэндэнцыю да дэсакралізацыі пад уплывам мадэрнізацыйных з’яў.

ЛІТАРАТУРА

1. Geremek, B. Litość i szubienica: dzieje nędzy i miłosierdzia / B. Geremek. Warszawa : Czytelnik, 1989. 307 s.

2. Prochwicz-Studnicka, B. Żebracy, włoczędzy I oszuści na arabsko-muzułmaсskim wschodzie X—XIV wieku / B. Prochwicz-Studnicka. Kraków : Universitas, 2006. 274 s.

3. Марзалюк, І. А. Людзі даўняй Беларусі: Этнаканфесійныя і сацыякультурныя стэрэатыпы (Х—XVII ст.) / І. А. Марзалюк. Мінск, 2002. 324 с.

4. Лиходей, О. А. Профессиональное нищенство и бродяжничество как социальный феномен российского общества / О. А. Лиходей. СПб. : Изд-во С.-Петерб. ун-та вод. коммуникаций, 2004. 255 с.

5. Federowski, M. Lud białoruski na Rusi litewskiej: materyały do etnografii słowiańskiej zgromadzone w latach 1877—1894. T. 3: Baśnie, przypowieści i podania ludu z okolic Wołkowyska, Słonima, Lidy, Nowogródka i Sokółki. Cz. 2: Tradycye historyczno-miejscowe, oraz powieści obyczajowo-moralne / M. Federowski. Kraków : Wyd. Komisyi Antropologicznej Akademii Umiętności w Krakowie, 1903. 312 s.

6. Беларуская міфалогія: Энцыклапедычны слоўнік / С. Санько, Т. Валодзіна, У. Васілевіч [і інш.]. 2-е выд. Мінск : Беларусь, 2006. 598 с.

7. Добровольский В. Н. Смоленский этнографический сборник / В. Н. Добровольский. Ч. 1. СПб. : Типография Е. Евдокимова, 1891. XVII, 716 c.

8. Federowski, M. Lud białoruski na Rusi Litewskiej. Materiaіy do etnografii słowiańskiej zgromadzone w latach 1877—1891 przez / M. Federowskiego. T. 1: Wiara, wierzenia I przesady ludu z okolic Wołkowyska, Sіonima, Lidy i Sokółki, 1897. Kraków : Wyd. Komisyi Antropologicznej Akademii Umiętności w Krakowie. 509 s.

9. Никифоровский, Н. Я. Очерки Витебской Белоруссии. Вып. 1: Старцы / Н. Я. Никифоровский. М. : Скоропечатня А. А. Левенсона, 1892. 36 с.

10. Романов, Е. Р. Очерк быта нищих Могилевской губернии и их условный язык («любецкий лемент») / Е. Р. Романов. М. : Скоропечатня А. А. Левенсона, 1891. С. 118—144.

11. Страхов, А. Б. Культ хлеба у восточных славян. Опыт этнолингвистического исследования / А. Б. Страхов. Mьnchen : Verlag Otto Zagner, 1991. 246 p.

12. Kubiak, I. Chleb w tradycji ludowej / I. Kubiak, K. Kubiak. Warszawa : Lud. spółdzielnia wydawnicza, 1981. 228 s.

13. Прыказкі і прымаўкі: у 2 кн. Кн. 1 / рэд. А. С. Фядосік. Мінск : Навука і тэхніка, 1976. 560 с.

14. Левкиевская, Е. Е. Нищий / Е. Е. Левкиевская // Славянские древности: Этнолингвистический словарь: в 5 т. / под общ. ред. Н. И. Толстого. Т. 3. М. : Междунар. отношения, 2004. С. 408—411.

15. Усачева, В. В. Лихорадка / В. В. Усачева // Славянские древности: Этнолингвист. слов.: в 5 т. / под общ. ред. Н. И. Толстого. Т. 3. М. : Междунар. отношения, 2004. С.117—123.

16. Добровольский, В. Н. Смоленский этнографический сборник / В. Н. Добровольский. Ч. 3: Пословицы. СПб. : Типография С. Н. Худекова, 1894. 137 с.

17. Прыказкі Лагойшчыны: Зборнік народных прыказак / Запісаў А. Варлыга. Нью Ёрк; Мюнхен : Выд. фундацыі імя П. Крычэўскага, 1966. 112 с.

18. Касько, У. К. Палескі дзівасіл: Беларускія прыказкі, прымаўкі, выслоўі: са скарбніцы А. К. Серж­путоўскага / У. К. Касько. Мінск : Вышэйш. шк., 2005. 383 с.

19. Опыт описания Могилевской губернии…: в 3 кн. / под ред. А. С. Дембовецкого. Кн. 2. Могилев на Днепре : Тип. Губ. правления, 1884. 1000 c.

20. Добровольский, В. Н. Смоленский этнографический сборник / В. Н. Добровольский. Ч. 4. СПб. : Тип. Е. Евдокимова, 1903. 720 с.

SUMMARY

Beggars — people whose life depends on alms. In the traditional belarusian culture beggars are widely presented. In the article, based on the analysis of folklore and ethnographical sources, author describes the perception of the beggars and beggary in the folk tradition, traces the evolution of perception of such social and cultural phenomenon as begging. The phenomenon of beggars is interesting from the standpoint of charity. In the traditional culture beggars are in the focus of people’s charity, in relation to beggars folk morality and specificity of charitable practices are consistently revealed. Communication with beggars was a part of everyday life. Beggars had a special, sacral status, which gradually changed towards desecration under the influence of historical factors, the destruction of traditional culture.

Tags:

Comments are closed.

-->