Сацыяльная трансфармацыя беларускага грамадства ў другой палове ХІХ — пачатку ХХ ст.: метадалогія і методыка аналізу
Каханоўскі А. Г.
Кохановский Александр Геннадьевич — заведующий кафедрой истории Беларуси нового и новейшего времени Белорусского государственного университета, кандидат исторических наук, доцент
* Статья выполнена в рамках Государственной программы научных исследований на 2006—2010 гг. «История белорусской нации, государственности и культуры» (ГКПНИ «История и культура»).
Вырашэнне кожнай даследчыцкай задачы патрабуе выбару адпаведных метадалагічных і метадычных прыёмаў. Ад гэтага залежыць поспех праведзенай работы, тым больш калі яна патрабуе вывучэння такой складанай і шматпланавай праблемы, якой з’яўляецца даследаванне сацыяльнай трансфармацыі беларускага грамадства ў другой палове ХІХ — пачатку ХХ ст. Абазначаны перыяд пакінуў значны след у айчыннай гісторыі і толькі для аматараў здаецца чымсьці адназначным і акрэсленым. Адна з цэнтральных ліній яго развіцця — станаўленне буржуазнага грамадства. На гэтым этапе разгарнуліся многія лёсавызначальныя для будучыні Беларусі працэсы, у тым ліку станаўлення беларускай нацыі ў сучасным яе разуменні, вызначыліся абрысы будучага яе дзяржаўна-палітычнага ўладкавання. Фактычна можна сцвярджаць, што ў той час выразна сфарміраваліся перадумовы станаўлення беларускай мадэлі сацыяльна-эканамічнага і этнапалітычнага развіцця.
Аднак нярэдка здзіўляе недастатковая ўвага даследчыкаў да вывучэння азначанага перыяду. У тым ліку гісторыкі часам павярхоўна разглядалі многія пытанні трансфармацыйных працэсаў у беларускім грамадстве, вызначэння іх межаў і спецыфічных рыс.
У дадзеным артыкуле праблема сацыяльнай трансфармацыі беларускага грамадства ў другой палове ХІХ — пачатку ХХ ст. акрэслена пытаннямі эвалюцыі саслоўна-карпаратыўнай арганізацыі насельніцтва, яго сацыяльна-прафесійнай стратыфікацыі, станаўлення сацыяльнай структуры, характэрнай для буржуазнай, класавай арганізацыі грамадства, пашырэння працэсаў сацыяльнай і тэрытарыяльнай мабільнасці розных сацыяльных груп насельніцтва. З-за абмежаванасці памераў у артыкуле адсутнічае поўны аналіз метадалогіі і методыкі вывучэння абазначанай праблемы. Тут дадзена толькі характарыстыка магчымасцей і вынікаў вывучэння трансфармацыйных працэсаў у беларускім грамадстве з дапамогай мадэрнізацыйнай парадыгмы, а таксама метадаў шматмернага статыстычнага аналізу.
Першыя спробы распрацоўкі блiзкiх да вызначанай праблемы пытанняў звязаны з іх аналізам даследчыкамі канца XIX — пачатку ХХ ст. Для сучасных вучоных гэтыя працы маюць часам значэнне крынiц, паколькі ўключаюць пераважна эмпiрычны матэрыял, значныя статыстычныя дадаткі па разглядаемай тэме і менш аналіз трансфармацыйных працэсаў. На працягу 20—80-х гг. ХХ ст. гісторыкамі акрэслены асноўныя абрысы сацыяльных працэсаў у Беларусі другой паловы ХІХ — пачатку ХХ ст., вызначаны накірунак іх развіцця, уведзены ў навуковы ўжытак розныя віды масавых крыніц, ахарактарызаваны і выкарыстаны інфармацыйныя магчымасці статыстычных дадзеных. Але ў гэты перыяд іх разгляд датычыўся пераважна ўплыву капіталістычных адносін на вёску і горад Беларусі, станаўленне пралетарыяту і сацыяльнае разлажэнне сялянства. Фактычна па-за межамі цікавасці даследчыкаў засталіся пытанні паўнавартаснай характарыстыкі іншых сацыяльна-саслоўных груп насельніцтва. Найбольш цытуемымі з даследчыкаў абазначанага перыяду з’яўляюцца працы М. В. Біча, М. Ф. Болбаса, В. П. Панюціча, С. М. Самбук, М. М. Улашчыка і інш. [1; 2; 3; 9; 16; 18] У апошняе дзесяцігоддзе-паўтара ўвага айчынных даследчыкаў пераважна звернута на вывучэнне гісторыі дваранства, буржуазіі, чыноўніцтва, святарства, інтэлігенцыі Беларусі. Тут асаблівай увагі заслугоўваюць працы А. П. Жытко, З. В. Шыбекі і інш. [5; 20]
Шматграннасць і комплекснасць сацыяльных перамен патрабуе выкарыстання даследчыцкага патэнцыялу адной з сацыялагічных макратэорый: фармацыйнай, цывілізацыйнай ці мадэрнізацыйнай. Апошняя з пералічаных эфектыўна можа быць прыменена для аналізу пераўтварэнняў у эканоміцы і грамадстве Беларусі ў 60-х гг. ХІХ — пачатку ХХ ст. Сутнасць мадэрнізацыі — змена традыцыйнага (аграрнага) грамадства індустрыяльным (сучасным). Мадэрнізацыя ўяўляе сабой комплексны працэс, які закранае розныя сферы жыцця. Безумоўна, не бывае ідэальнага тыпу мадэрнізацыйных працэсаў, для кожнай краіны і рэгіёну характэрны свой шлях. Аднак агульны змест мадэрнізацыйных працэсаў укладваецца ў некалькі накірункаў: дыферэнцыялізацыя сацыяльнай структуры грамадства, дэмаграфічная рэвалюцыя, замацаванне адкрытай сістэмы стратыфікацыі з высокім узроўнем сацыяльнай мабільнасці; рацыяналізацыя і секулярызацыя грамадскай свядомасці, індывідуалізацыя жыцця; значныя тэмпы урбанізацыі; пераход да выкарыстання машынных тэхналогій, тэхналагічны рост і шырокае выкарыстанне навуковых ведаў; прафесіяналізацыя розных відаў дзейнасці, распаўсюджванне пісьменнасці і свецкай культуры пры адначасовай дыферэнцыяцыі яе галоўных элементаў, аддзяленне функцыі адукацыі ад сям’і і грамады, павелічэнне працягласці і ўзбагачэнне змястоўна адукацыйнага працэсу; распаўсюджванне сродкаў камунікацыі. Для асобы істотным становіцца індувідуалізм, вера ў навуку і прагрэс, пазітыўнае ўспрыманне каштоўнасці асабістай кар’еры і мабільнасці. У палітычнай сферы працэсы мадэрнізацыі суправаджаліся пашырэннем ліберальных ідэй, станаўленнем грамадзянскай супольнасці [15, с. 78].
Мадэрнізацыя — працяглы гістарычны працэс, які часта меў хвалепадобны, цыклічны характар. Тут прысутнічалі змены рознага ўзроўню, хуткасці, маштабу, складанасці і накіраванасці. Вялікую ролю ў працэсе сацыяльных змен, развіцці цывілізацыі адыгрывае дыфузія — пашырэнне, запазычванне новых тэхналогій, практык, інстытутаў, культурных мадэлей і інш., але яе нельга разумець літаральна, як просты перанос з’яў на новую глебу. У працэсе адаптацыі да новых умоў адбываецца складанае ўзаемадзеянне паміж запазычанымі інстытутамі, каштоўнасцямі і г. д. і асяродкам, дзе яны павінны прыжыцца. Наступствы гэтых узаемаўплываў могуць быць варыятыўнымі для розных рэгіёнаў [15, с. 20]. Працэс дыфузіі атрымлівае дадатковыя стымулы развіцця праз пашырэнне гандлю, удасканаленне транспарту, сродкаў камунікацыі.
Цікавасць да тэорыі мадэрнізацыі ў Беларусі з’явілася толькі ў канцы 1990-х гг., калі ў сваёй эвалюцыі школа мадэрнізацыі выйшла на этап станаўлення постмадэрнізацыйнага аналізу, перажыўшы да гэтага часу крытычны перыяд і час посткрытычнага адраджэння [6; 8; 17]. Прааналізаваць макрагістарычныя змены, звязаныя са станаўленнем буржуазнага грамадства ў Беларусі ў другой палове ХІХ — пачатку ХХ ст., дазваляе эфектыўна класічная мадэль мадэрнізацыі (інакш вестэрнізацыя). Менавіта прадстаўнікі класічнай мадэлі мадэрнізацыйных працэсаў разглядалі іх як лінейны працэс пераўтварэння аграрнага, традыцыйнага грамадства ў сучаснае, індустрыяльнае.
Мадэрнізацыя і індустрыялізацыя вельмі цесна паміж сабой звязаны, але гэтыя працэсы не падмяняюць адзін аднаго. У краінах Заходняй Еўропы на пачатковых этапах мадэрнізацыі індустрыялізацыя выступала яе галоўным стрыжнем. Аднак ў розных краінах і рэгіёнах уплыў індустрыялізацыі быў неаднолькавым. У беларускіх губернях ён запозніўся і не набыў той сілы. Мадэрнізацыя прамысловасці Беларусі ў другой палове ХІХ — пачатку ХХ ст. не прывяла да кардынальных змен у яе структуры. Нягледзячы на значныя тэмпы росту фабрычна-заводскай індустрыі, пераважную долю па аб’ему вытворчасці і колькасці занятых рабочых складалі дробныя і адносна невялікія прадпрыемствы з колькасцю наёмных работнікаў да 50 чалавек. Захавалася таксама спецыялізацыя прамысловасці на перапрацоўку мясцовай сельскагаспадарчай, лясной і мінеральнай сыравіны. Дарэчы, гэта рыса была актуальнай для беларускай індустрыі да сярэдзіны ХХ ст. У выніку толькі пасляваеннай індустрыялізацыі Беларусь набыла прамысловы патэнцыял, які па сваёй структуры, узроўню канцэнтрацыі, выкарыстанню новых тэхналогій наблізіўся да стандартаў індустрыяльнага грамадства. Аб узроўні разгортвання працэсаў індустрыялізацыі можна меркаваць паводле змены ўдзельнай вагі рабочай сілы, занятай у сельскай гаспадарцы. У прамысловасці Беларусі працавала ў пачатку ХХ ст. 237 тыс. рабочых, што складала толькі каля 3 % ад агульнай колькасці насельніцтва [6, с. 33].
Пад уплывам мадэрнізацыі адбываўся працэс трансфармацыі сацыяльнай структуры і стратыфікацыі беларускага грамадства, фарміраванне класаў буржуазнага грамадства, павялічваўся ўзровень тэрытарыяльнай і сацыяльнай мабільнасці насельніцтва. Працэсы тэрытарыяльнай мабільнасці ў Беларусі апераджалі сацыяльную. Традыцыйнае грамадства станаў і саслоўяў паступова змянялася на класавае. У пачатку ХХ ст. саслоўная арганізацыя ўсё менш перадвызначала сацыяльную ролю і становішча асобы ў грамадстве, значна больш уплывалі асабістыя дасягненні, у тым ліку праз набыццё прафесійнай адукацыі. Саслоўна-карапаратыўная арганізацыя стала ў меншай ступені абмяжоўваць тэрытарыяльную мабільнасць насельніцтва. Нівеліроўка саслоўных абмежаванняў адбывалася перш за ўсё ў гандлёва-прамысловай сферы. Пацвярджэннем дадзенай тэндэнцыі стала выданне Палажэнняў ад 1 студзеня 1863 г. і 9 лютага 1865 г. «Аб пошлінах за права гандлю і іншых промыслаў», «Палажэнне аб дзяржаўным прамысловым падатку» ад 8 чэрвеня 1898 г. Статут гандлёвы 1893 г., Статут аб прамысловасці 1893 г. дазвалялі займацца гандлем і засноўваць прамысловыя прадпрыемствы расійскім грамадзянам незалежна ад саслоўнай прыналежнасці. Аднак сямейныя традыцыі і нормы па-ранейшаму адыгрывалі значную ролю ў арганізацыі грамадскага жыцця многіх сацыяльных груп насельніцтва.
Паўстанне 1863 г. стала важным этапам адліку эвалюцыі ўрадавай палітыкі на тэрыторыі Беларусі, фарміравання грамадска-палітычнага руху і думкі. Пасля яго задушэння становіцца менш адчувальным уплыў польскага дэмакратычнага асяродку, які шмат у чым успрыняў ідэі тэорыі арганічнай працы. Расійскія ўрадавыя колы і грамадская думка схіліліся да канцэпцыі агульнарускай нацыі, у склад якой уключылі велікаросаў, маларусаў і беларусаў. У сувязі з гэтым актуальным стаў мэтанакіраваны адрыў насельніцтва беларускіх губерняў ад гістарычнай традыцыі Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, настойлівая рэалізацыя ўніфікацыйных мерапрыемстваў і часам добраахвотная русіфікацыя ў межах мадэрнізацыйнай перспектывы. Невыпадковым стаў паступовы заняпад сярод адукаванага грамадства ідэй «ліцвінскага» патрыятызму і пашырэнне самаўсведамлення беларускай нацыі ў сучасным яе разуменні. Думаецца, што ў гэтым працэсе, акрамя аб’ектыўных асноў традыцыйнай культуры і светапогляду, немалаважным фактарам стала сацыяльна-этнічная інжэнерыя ўрадавых колаў, накіраваная на «распалячванне» жыхароў заходніх губерняў, а таксама актыўная грамадска-культурная дзейнасць беларускай сацыялістычнай і рэвалюцыйна-дэмакратычнай моладзі, якая імкнулася адысці ад шляхецкіх традыцый палітычнай нацыі ранейшай эпохі.
Даследчыцкі патэнцыял мадэрнізацыйнай парадыгмы дазваляе разглядаць сацыяльныя змены ва ўзаемасувязі. Трансфармацыйныя працэсы ў беларускім грамадстве аказалі ўплыў на розныя сферы жыццця, у тым ліку на фарміраванне густаў у развіцці культуры. Рацыяналізм і прагматызм запатрабаванняў часу і жыцця перыяду разгортвання мадэрнізацыйных працэсаў, станаўлення і актыўнага развіцця буржуазных адносін выявіўся ў з’яўленні на мяжы ХІХ—ХХ ст. прынцыпова новага стылявога накірунку ў архітэктуры — мадэрну [7, с. 238]. Новы стыль стаў адыходам ад пераймальніцтва і кампілятывізму папярэдняга перыяду развіцця дойлідства, звязанага з панаваннем эклектызму і гістарызму. Сацыяльнае сталенне прадпрымальніцкіх колаў выявілася таксама ў спробах самавызначэння і ў культуры, з’яўленні ў ёй пластоў, адпаведных іх ладу жыцця. На ўсталяванне мадэрна значны ўплыў аказала фарміраванне капіталістычнага рынку, запатрабаванасць эстэтыкі, адпаведнай індывідульным густам і звычкам заказчыка. Як накірунак у значнай ступені наднацыянальны, касмапалітычны, мадэрн стаў увасабленнем мадэрнізацыі ў кантэксце яе вестэрнізатарскага зместу, пераймання ў Еўропы выпрацаваных там форм духоўнага і матэрыяльнага жыцця [7, с. 241]. Пашырэнне мадэрну адбывалася праз усталяванне ў мастацтве і архітэктуры міжнародных сувязей, запазычванне эстэтычных вобразаў і форм.
Выкарыстанне тэорыі мадэрнізацыі дазволіла стварыць даследчыцкую мадэль трансфармацыйных працэсаў у Беларусі ў другой палове ХІХ — пачатку ХХ ст., вызначыць іх межы, накірункі эвалюцыі, спецыфічныя рысы. Асноўнымі асаблівасцямі разгортвання працэсаў мадэрнізацыі ў Беларусі ў абазначаны перыяд сталі наступныя: па-першае, авангардам мадэрнізацыі ў краінах Еўропы былі гарады, дзе канцэнтравалася прамысловасць, а ў Беларусі значная частка прадпрыемстваў знаходзілася ў сельскай мясцовасці. Па-другое, рухавіком мадэрнізацыі ў краінах Еўропы была буржуазія, а ў Беларусі — пераважна дваранства, якому належала вялікая частка прамысловых прадпрыемстваў, права сацыяльна-эканамічнай ініцыятывы. Гандлёвая і прамысловая буржуазія недваранскага паходжання была пераважна іншаэтнічнага і іншаканфесійнага паходжання ў параўнанні з большасцю насельніцтва. Акрамя таго, адмоўна адбіліся на разгортванні мадэрнізацыйных працэсаў у Беларусі, асабліва на ранніх этапах, адсутнасць уласнай дзяржаўнасці і звязанай з гэтым пратэкцыянісцкай палітыкі. Напрыклад, чыгуначнае будаўніцтва не ўлічвала прыярытэтаў развіцця Беларусі, змяніла структуру гарадскіх паселішчаў Беларусі. Адным з наступстваў і працэсаў, якія спадарожнічалі мадэрнізацыі, было развіццё нацыі і з’яўленне нацыяналізму. У Беларусі нацыянальная ідэалогія і рух былі аслабленымі.
Даследаванне трансфармацыйных працэсаў патрабуе выкарыстання вялікага комплексу гістарычных крыніц. Практычна ўсе наяўныя віды крыніц па гісторыі Беларусі другой паловы ХІХ — пачатку ХХ ст. могуць быць прыменены для вырашэння абазначанай навуковай праблемы. Вялікае месца сярод іх займаюць статыстычныя матэрыялы. Яны вельмі разнастайныя па сваім паходжанні, праграме і тэхніцы збору звестак, што стала прычынай часам несупастаўляльнасці іх даных. Па прычыне існуючых адрозненняў у задачах, якія стаялі перад складальнікамі крыніц у мінулым і навуковымі мэтамі сённяшніх даследчыкаў, інфармацыя статыстыкі мае нярэдка ўскоснае дачыненне да прадмета вывучэння, у прыватнасці, сацыяльнай структуры і стратыфікацыі насельніцтва. Паўстае праблема выяўлення скрытай інфармацыі, яе комплекснага выкарыстання. Пры працы са статыстычнымі крыніцамі трэба ўлічваць таксама, што на іх надзейнасць паўплывала тое, што іх даныя закраналі непасрэдна інтарэсы людзей, сацыяльна-эканамічную сферу іх дзейнасці. Гэтым выклікана нярэдка наўмысная фальсіфікацыя крыніц. Часам яна адбывалася ад простага няведання, неразумення сутнасці запрошаных паказчыкаў. Другая складанасць заключаецца ў аб’ёмнасці інфармацыі статыстычных даных і неабходнасці вялікай папярэдняй работы па прывядзенні іх у таблічную форму, стварэнні базы дадзеных, выкарыстанні спецыяльнай методыкі апрацоўкі (метады шматмернага статыстычнага аналізу). Але ў той жа час у гэтых крыніцах фактычна адсутнічаюць зводныя рэпрэзентатыўныя даныя, якія неабходны для характарыстыкі дынамікі колькасці, складу буржуазіі, чыноўніцтва, інтэлігенцыі, духавенства, сацыяльнай мабільнасці насельніцтва Беларусі. Недастаткова лічбавых паказчыкаў для усебаковага разгляду мясцовага дваранства, сялянства, пралетарыяту, тэрытарыяльнай мабільнасці жыхароў і інш. Пэўнае выйсце з гэтай сітуацыі дазваляе знайсці поўнавартаснае выкарыстанне звестак іншых відаў крыніц, у тым ліку на мікрагістарычным узроўні.
Для стварэння маштабнага ўяўлення аб сацыяльнай трансфармацыі беларускага грамадства важна даць не толькі агульную характарыстыку гэтага працэсу, вызначыць яго элементы, іх межы, тэндэнцыі развіцця, але і вызначыць тую ролю, якую выконвае кожны з іх як частка цэлага, праналізаваць узаемасувязі элементаў, вылучыць асноўныя фактары, якія ўплываюць на іх змены. Акрамя таго, актуальным з’яўляецца вызначэнне рэгіянальных асаблівасцей у разгортванні сацыяльных працэсаў на тэрыторыі Беларусі.
Аснову праведзенага даследавання ўзаемасувязей элементаў сацыяльнай структуры беларускага грамадства, вызначэння рэгіянальных асаблівасцей у яе эвалюцыі склалі даныя статыстычных крыніц, найперш перапісу насельніцтва 1897 г., статыстыкі прамысловасці і інш. [4; 10; 11; 12; 13; 14; 19]. Інфармацыйныя магчымасці крыніц дазволілі сфарміраваць набор колькасных паказчыкаў на ўзроўні паветаў беларускіх губерняў, якія рэпрезентатыўна адлюстроўваюць змены ў сацыяльнай структуры насельніцтва, найперш у структуры занятасці, удзельную вагу розных сацыяльных груп насельніцтва Беларусі на мяжы ХІХ—ХХ ст. у сувязі з працэсамі станаўлення буржуазнага грамадства.
З дапамогай традыцыйных метадаў гiстарычнага аналiзу за мноствам лiчбаў складана акрэслiць узаемазалежнасць паказчыкаў, якія адлюстроўваюць узаемасувязі элементаў сацыяльнай структуры. Для вырашэння гэтай задачы адным з метадаў выкарыстаны рэгрэсiўны аналiз, якi дазваляе прааналiзаваць сувязь кожнай з характарыстык, абраных у якасцi вынiковых (залежных), адначасова з шэрагам iншых (фактарныя паказчыкi) i гэтыя сувязi ранжыраваць па ступенi праяўлення. Будуецца рэгрэсiўнае ўраўненне, кожны каэфiцыент якога дазваляе вызначыць ступень змянення на паветах значэнняў вынiковай характарыстыкi пры змяненнi на адзiнку фактарнай, а таксама ацаніць сукупную ступень спалучанасцi варыяцый значэнняў улiчаных фактарных паказчыкаў i вынiковага.
Узаемазалежнасцi памiж паказчыкамi ў рэгрэсiўных мадэлях адлюстроўваюць дынаміку рэальных сувязей сацыяльных груп насельнiцтва на ўзроўні паветаў Беларусі, якiя фiксуюцца вылучанымi характарыстыкамi, г. зн. сувязi, якiя былi ўласцiвыя сацыяльнай структуры насельнiцтва ў канцы XIX ст. Напрыклад, пры вывучэннi ў якасцi вынiковага паказчыка ўдзельнай вагі занятага ў прамысловасцi насельнiцтва ў якасцi найбольш iстотных фактарных характарыстык выяўлены: удзельная вага прадстаўнiкоў вольных прафесiй; асоб, якiя былi заняты на транспарце i ў сувязi; пiсьменных i насельнiцтва, якое мела самастойныя заняткі. Вывучэнне з дапамогай рэгрэсiўнага аналiзу дазволiла паказаць, што змяненне значэнняў пералiчаных фактарных паказчыкаў пры пераходзе ад павета да павета на адзiнку суправаджалася павелiчэннем цi памяншэннем (у залежнасцi ад знака каэфiцыента рэгрэсii) удзельнай вагi прамысловага насельнiцтва адпаведна на 3,12; 0,95; 0,002; — 0,31 адзiнак. Змяненнi па паветах значэнняў удзельнай вагi жанчын сярод самастойнага насельнiцтва (наступная рэгрэсiўная мадэль) былi абумоўлены ў найбольшай ступенi колькаснымi варыяцыямi: напрамую — працэнтнымі суадносiнамі самастойнага насельнiцтва, адваротнапрапарцыянальна — удзельнай вагой бяднейшай часткi сялянства, гарадскога насельнiцтва, пiсьменных i прамапрапарцыянальна — працэнтам асоб, занятых прыватнай службай, прыслугi, падзёншчыкаў. Змены кожнага з пералiчаных фактарных паказчыкаў на 1 суправаджалiся, як вынiкае з рэгрэсiўнага ўраўнення, варыяцыямi працэнта жанчын сярод самастойнага насельнiцтва Беларусi канца XIX ст. адпаведна на 1,98; — 0,19; — 0,34; — 0,005; 0,73.
У рэгрэсiўнай мадэлi, дзе працэнт пiсьменных з’яўляеца вынiковым паказчыкам, у ролi фактарных характарыстык выступаюць: удзельная вага самастойнага насельнiцтва; сельскiх жыхароў, занятых адыходнымi промысламi; насельнiцтва, занятага прыватнай службай, прыслугi, падзёншчыкаў; фабрычна-завадскiх рабочых; чыноўнiкаў i ваеннаслужачых. Сувязi ў апiсанай мадэлi прамапрапарцыянальныя. Павелiчэнне па паветах на адзінку працэнта насельнiцтва, якое мела самастойныя заняткі, суправаджалася ростам удзельнай вагi пiсьменных на 0,7 адзiнкi; узрастанне працэнта сельскага насельнiцтва, занятага адыходнымi промысламi, супадала з уздымам узроўню пiсьменнасцi на 0,14 адзiнкi; рост працэнта асоб, занятых прыватнай службай, прыслугi, падзёншчыкаў адпаведна — на 1,34, фабрычна-завадскiх рабочых — на 0,28; чыноўнiкаў i ваеннаслужачых — на 0,21 адзiнкi.
Для вызначэння рэгіянальных асаблівасцей у разгортванні сацыяльных працэсаў на тэрыторыі Беларусі, эвалюцыі сацыяльнай структуры беларускага грамадства быў выкарыстаны агламератыўна-іерархічны метад кластэрнага аналізу. У выніку апрацоўкі базы даных з колькаснымі паказчыкамі ўдалося выдзеліць чатыры тыпы паветаў, для якіх былі характэрны пэўныя спецыфічныя рысы эвалюцыі сацыяльнай структуры насельніцтва.
Да першага тыпу аднесены паветы, цэнтрамі якіх былі найбольш буйныя гарады і адміністрацыйныя цэнтры Беларусі — Мінскі, Віцебскі, Гродзенскі, Магілёўскі, Брэсцкі. Для гэтай групы была характэрна адносна высокая ўдзельная вага ў складзе насельніцтва чыноўнікаў, ваеннаслужачых, прадстаўнікоў вольных прафесій (прыватная юрыдычная, урачэбная дзейнасць, навука, літаратура і інш.), ранцье, пенсіянераў, прыслугі і падзёншчыкаў. Самай нізкай у параўнанні з іншымі паветамі Беларусі у адміністрацыйных адзінках разглядаемай групы была ўдзельная вага асоб, занятых у сельскагаспадарчай вытворчасці, а таксама самая высокая — тых прадстаўнікоў сялянскага саслоўя, якія знаходзілі заробак па-за межамі сельскай гаспадаркі, і, акрамя таго, пісьменнага насельніцтва.
Да другой групы аднесены паветы, цэнтрамі якіх былі буйныя прамысловыя цэнтры Беларусі: Бабруйскі, Гомельскі, Мазырскі, Пінскі. Для сацыяльнага складу насельніцтва іх характэрны натуральна самы высокі працэнт жыхароў, занятых у сферы прамысловасці, а таксама фабрычна-заводскіх рабочых. Гэта група ўступае толькі першай па ўдзельнай вазе чыноўнікаў і ваеннаслужачых, прадстаўнікоў вольных прафесій, асоб, занятых у гандлёвай сферы дзейнасці, у прыватнай службе, падзёншчыкаў. Для дадзенага тыпу паветаў уласцівы самы высокі працэнт сельскагаспадарчых жыхароў, занятых промысламі.
У трэці тып уключаны паветы ўсходняй часткі Беларусі: Горацкі, Аршанскі, Рагачоўскі, Сенненскі, Чавускі, Быхаўскі, Клімавіцкі, Рэчыцкі, Барысаўскі, Ігуменскі. Асноўныя рысы іх: самая высокая доля занятага ў сельскай гаспадарцы насельніцтва і самая нізкая — задзейнічанага ў прамысловасці. Мінімальным, у параўнанні з другімі тыпамі, тут быў працэнт гараджан і тых пластоў насельніцтва, якія не былі звязаны з вытворчымі заняткамі.
Чацвертая група ўключае заходнія і паўночна-заходнія паветы Беларусі — Полацкі, Слуцкі, Вілейскі, Дзісненскі, Дрысенскі, Лепельскі, Кобрынскі, Пружанскі, Лідскі, Ашмянскі, Ваўкавыскі, Навагрудскі. Для іх характэрны: адзін з самых высокіх працэнтаў жыхароў, занятых у сельскагаспадарчай вытворчасці і ў той жа час найбольшая ступень пранікнення буржуазных адносін у вёску. Акрамя таго, тут адна з найбольш нізкіх удзельная вага гарадскіх жыхароў, чыноўнікаў, прыслугі, падзёншчыкаў і самая нізкая — жыхароў, занятых у прамысловасці, гандлі, прадстаўнікоў вольных прафесій.
На ўзроўні вызначэння тыпаў з агульнай характарыстыкі «выпалі» Гарадоцкі, Чэрыкаўскі, Мсціслаўскі і Слонімскі паветы, якія адрозніваліся па вызначаных прыкметах ад выдзеленых груп аб’ектаў. Працэс станаўлення буржуазнага грамадства у найбольшай ступені адбіўся на структуры насельніцтва паветаў першай групы і менш за астатнія закрануў трэцюю. Для другога тыпу паветаў уласціва спалучэнне значнага ўплыву гэтага працэсу на развіццё сацыяльнай структуры гарадскога насельніцтва і даволі слабага — на развіццё сельскага. У чацвёртым тыпе, наадварот, працэс буржуазнай трансфармацыі глыбей адбіўся на складзе сельскага насельніцтва і менш — на гарадскім. Трэба звярнуць увагу на тое, што другая, трэцяя і чацвёртая групы аб’ядноўваюць тэрытарыяльна сумежныя паветы і ўтвараюць практычна адзіныя рэгіёны. Высновы, атрыманыя з выкарыстаннем метадаў шматмернага статыстычнага аналізу, дазволілі дапоўніць і дэталізаваць на рэгіянальным узроўні разгляд працэсаў сацыяльнай трансфармацыі на мяжы ХІХ—ХХ ст. Аднак далейшае іх прымяненне абмежавана наяўнасцю супаставімых і рэпрезентатыўных статыстычных даных.
Литература
1. Бич, М. О. Рабочее движение в Белоруссии 1861—1904 гг. / М. О. Бич. Минск : Наука и техника, 1983. 280 с.
2 . Біч, М. В. Нацыянальны склад прамысловага пралетарыяту Беларусі ў канцы ХІХ — пачатку ХХ ст. / М. В. Біч // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1972. № 4. С. 32—40.
3. Болбас, М. Ф. Промышленность Белоруссии. 1860—1900 гг. / М. Ф. Болбас. Минск : Изд-во БГУ, 1978. 312 с.
4. Военно-конская перепись 1899—1901 гг. СПб., 1902. ХІV, 223 с.
5. Жытко, А. П. Дваранства Беларусі перыяду капіталізму. 1861—1914 гг. / А. П. Жытко. Мінск : БДПУ, 2003. 233 с.
6. Кохановский, А. Г. На пути становления индустриального общества: модернизационные процессы в Беларуси (60-е гг. ХІХ — начало ХХ в.) / А. Г. Кохановский // Працы гістарычнага факультэта БДУ : навук. зб. Мінск : БДУ, 2008. Вып. 3. С. 31—46.
7. Кулагін, А. М. Эклектыка. Архітэктура Беларусі другой паловы ХІХ — пачатку ХХ ст. / А. М. Кулагін. Мінск : Ураджай, 2000. 304 с.
8. Носевич, В. Л. Традиционная белорусская деревня в европейской перспективе / В. Л. Носевич. Минск : Тэхналогія, 2004. 350 с.
9. Панютич, В. П. Социально-экономическое развитие белорусской деревни 1861—1900 гг. / В. П. Панютич. Минск : Наука и техника, 1990. 375 с.
10. Первая всеобщая перепись населения Российской империи 1897 г. / под ред. Н. А. Тройницкого. СПб. : Изд. центр. стат. ком. МВД, 1903. Вып. IV. Виленская губерния. Тетр. 3.
11. Первая всеобщая перепись населения Российской империи 1897 г. / под ред. Н. А. Тройницкого. СПб. : Изд. центр. стат. ком. МВД, 1903. Вып. V. Витебская губерния. Тетр. 3.
12. Первая всеобщая перепись населения Российской империи 1897 г. / под ред. Н. А. Тройницкого. СПб. : Изд. центр. стат. ком. МВД, 1903. Вып. ХI. Гродненская губерния.
13. Первая всеобщая перепись населения Российской империи 1897 г. / под ред. Н. А. Тройницкого. СПб. : Изд. центр. стат. ком. МВД, 1904. Вып. ХХII. Минская губерния.
14. Первая всеобщая перепись населения Российской империи 1897 г. / под ред. Н. А. Тройницкого. СПб. : Изд. центр. стат. ком. МВД, 1903. Вып. ХХIII. Могилевская губерния.
15. Побережников, И. В. Переход от традиционного к индустриальному обществу: теоретико-методологические проблемы модернизации / И. В. Побережников. М. : РОССПЭН, 2006. 240 с.
16. Самбук, С. М. Политика царизма в Белоруссии во второй половине ХІХ в. / С. М. Самбук. Минск : Наука и техника, 1980. 224 с.
17. Токць, С. Беларуская вёска ў эпоху зьменаў: другая палова ХІХ — першая траціна ХХ ст. / С. Токць. Мінск : Тэхналогія, 2007. 308 с.
18. Улащик, Н. Н. Грамотность в дореволюционной Белоруссии / Н. Н. Улащик // История СССР. 1968. № 1. С. 106—116.
19. Фабрично-заводская промышленность России: перечень фабрик и заводов. СПб., 1897. 63, VI, 1049 с.
20. Шыбека, З. В. Гарады Беларусі (60-я гады ХІХ — пачатак ХХ стагоддзя) / З. В. Шыбека. Мінск : ЭўроФорум, 1997. 292 с.