Электронная версия белорусского научного исторического журнала “Российские и славянские исследования”

Главная

О журнале

Правила публикации статей

Новый номер!


Шупляк П. А., Яноўскі А. А. Гістарычны факультэт БДУ ў працэсах нацыянальнага адраджэння 1990х гг. (першы вопыт успамінаў і асэнсавання пераломнага часу)

К 75-летию исторического факультета БГУ

У канцы 1980-х і асабліва ў пачатку 1990-х гг. на фоне відавочнага краху савецкай сістэмы і распаду СССР абудзіліся да актыўнага палітычнага жыцця сотні тысяч беларусаў, якія імкнуліся выкарыстаць сітуацыю для ажыццяўлення карэнных перамен у сваёй краіне. Спрабуючы абагуліць накірункі гэтых памкненняў, дастаткова акрэсліць два асноўныя: нацыянальнае адраджэнне і дэмакратызацыю ўсіх бакоў асабістага і грамадскага жыцця. Гэтых перамен перш за ўсё патрабавала сфера палітычная, само дзяржаўнае будаўніцтва. Адначасова павінны былі быць ажыццёўлены карэнныя змены ў вобласці эканомікі. Пры гэтым аб’ектыўна стварэнне спрыяльных умоў для ўсебаковых перамен было выклікана не столькі мінулым працяглым і настойлівым імкненнем і барацьбой беларусаў за дасягненне нацыянальна-дэмакратычных мэт і ідэалаў, сколькі рознага кшталту абставінамі развіцця СССР у цэлым і БССР у прыватнасці. Гэта значыць, што карэнныя змены не рыхтаваліся мэтанакіравана і свядома, ці то ў «кабінетах», ці то «на барыкадах». Само жыццё запатрабавала ажыццяўлення сур’ёзных мадэрнізацыйных зрухаў амаль ва ўсіх сферах. Адно толькі пытанне: хто, якімі сродкамі і дзеля чаго іх праводзіў? Літаратурна-вобразна на гэты конт даў адказ знакаміты расійскі пісьменнік-франтавік Віктар Астаф’еў: «…боролись за свободу, получили ее сверху, а она не наша, не нами добытая…» [1].

Напэўна, менавіта непрадсказальнасць і ліхаманкавасць знікнення з палітычнай карты свету некалі магутнага Савецкага Саюза (для некаторых жаданая, а для большасці — нечаканая і трагічная) і парадзілі стракатасць і шматварыянтнасць метадаў, сродкаў, мэт раптоўна разгарнуўшайся барацьбы за тое новае, што і спачатку даволі цьмяна ўсведамлялася тымі, хто стаў прабівацца ў грамадскія лідэры. Адным хацелася «ўсё і адразу» праз рэвалюцыйна-радыкальны націск «па ўсяму фронту» набалелых праблем. Другія ж (а іх, напэўна, было значна больш) сваю барацьбу спрабавалі скіраваць на замшэла-кансерватыўны шлях — «назад у СССР». У цэлым жа «градус» грамадска-палітычнай актыўнасці неверагодна падняўся. Гэтую актыўнасць (у думках і спадзяваннях на лепшае праз перамены і ў канкрэтным далучэнні да дзеянняў) павышала разгарнуўшаяся партыйная і міжпартыйная барацьба.

Усё знешняе так ці інакш прыйшло і ў Беларускі універсітэт, на гістфак, у студэнцкія аудыторыі і кафедральныя кабінеты. І не дзіўна, бо інтэлігенцыя, гуманітарыі тым больш, а таксама студэнцкая моладзь па сваёй прыродзе (хоць і па-рознаму) заўсёды накіраваны на пошукі аптымальных арганізацыйных грамадскіх пачаткаў. Ім уласцівы, як, з аднаго боку, канфармізм, імкненне «ціха» займацца сваёй інтэлектуальнай справай, так і, з другога — рашуча кідацца «у бойку» з тымі, хто сваімі дзеяннямі стрымлівае «прагрэс чалавечай цывілізацыі». Наконт гэтага — і аб інтэлігенцыі (у тым ліку беларускай нацыянальнай), і аб студэнцтве розных краін і розных часоў — напісана зашмат: ад літаратурных твораў да грунтоўных філасофскіх і гістарычных прац. Напрыклад, гэта і літаратурныя эсэ знакамітага бытаапісальніка Масквы У. Гіляроўскага, які пакінуў успаміны пра свае ўражанні аб студэнтах 1880—1905 гг. пад характэрнай назвай «Студенты бунтуют» [2], і ленінскія эківокі ў бок студэнцтва як «магутнай рэвалюцыйнай сілы», і шэраг сучасных даследаванняў наконт разумення ўзроставай і сацыяльнай прыроды студэнцкага бунтарства ва ўсе часы, якія праводзяцца па лініі новых накірункаў гістарыяграфіі — універсітэтазнаўства і інтэлігентазнаўства [гл. 3, 4].

Зразумела, савецкае выхаванне больш схіляла да канфармізму і ў новых грамадска-палітычных умовах. Але важкія гісторыка-тэарэтычныя веды гістфакаўцаў рознага ўзросту давалі падставы больш уцямліва і аператыўна ўсведамляць сутнасць тых працэсаў і падзей, якія так імкліва ахапілі ўсіх у пачатку 1990-х. Студэнты-гісторыкі, вывучаючы ў працэсе прафесійнай падрыхтоўкі сутнасць і этапы барацьбы беларусаў за нацыянальнае адраджэнне, з годнасцю і гонарам успрымаючы постаці Касцюшкі, Каліноўскага і іншых змагароў, сталі адчуваць сябе не толькі вывучаючымі гісторыю, але і яе творцамі.

Між тым далёка не ўсім было пажадана і магчыма ўключыцца ў непасрэдную палітычную дзейнасць. А хто ёй і заняўся (перш-наперш некаторыя выкладчыкі-«капээсэснікі» і зверхзапалітазаваныя студэнты) — часцей за ўсё стаў проста «выкарыстоўвацца» не заўсёды добрасумленнымі і маральнымі новаяўленымі «партыйнымі правадырамі». Асабісты лёс іншых іх мала цікавіў, бо ў каторы раз на кон ставілася дасягненне агульных «лёсавызначальных» мэт. У «гонку» за ўладныя пасады некаторыя гістфакаўцы спрабавалі ўключыцца, прыняўшы ўдзел ва Устаноўчым з’ездзе партыі народнай згоды [гл.: 5, 6]. Студэнты ж у гістарычна-рамантычных настроях, але не без грамадска-палітычных мэт цугам пайшлі ў аб’яднанні тыпу «Згуртаванне беларускае шляхты». Для асабліва апантаных на гэтым шляху мроіліся палітычныя ўзлёты, якіх дасягнулі былыя навукоўцы ў некаторых цяпер ужо суверэнных краінах былога СССР: хто б не хацеў стаць беларускім Тэр-Петрасянам, Гамсахурдыя, Эльчыбеем ці Акаевым? А тым больш што прыклад універсітэцкага прарэктара па навуковай рабоце Шушкевіча зусім быў перад вачыма.

У такіх умовах у кастрычніку 1991 г. на гістарычным факультэце БДУ адзінагалосна быў абраны яго вучоным саветам (а потым сваім загадам рэктар Ф. Капуцкі гэта пацвердзіў) новы дэкан — П. А. Шупляк. Адначасова рэктар зацвердзіў і новага намесніка дэкана — А. А. Яноўскага. Гэта была звычайная чарговая і запланавая змена аднаго дэкана другім. У якасці першаснай задачы неабходна было вырашыць галоўнае: куды павінен рухацца факультэт? Гэтае простае пытанне цягнула за сабой увесь вялізны пералік дакладных накірункаў, абставін, асаблівасцей вучэбнай, навуковай, выхаваўчай дзейнасці. З каэфіцыентам папраўкі, зразумела, на спецыфіку гісторыі як навукі і гістарычнай адукацыі.

Неяк само сабой вакол новага кіраўніцтва сфарміравалася кола выкладчыкаў, якія падзялялі іх погляды на навучальны працэс у новых умовах развіцця Беларусі. Як і на неабходнасць правядзення значных перамен у ім. Так, перамен, а не рэвалюцыйнага ператрусу тых здабыткаў, якімі факультэт мог ганарыцца, нягледзячы на ўжо пайшоўшыя «хвалі» у яго адрас крытыкі і абвінавачванняў з боку некаторых «гарачых» галоў. Тыя, хто шчыра ўзяўся за пераасэнсаванне і сваёй асабістай дзейнасці як беларускага гісторыка, і сутнасці і сэнсу працы роднага факультэта, не былі нейкімі там «рэвалюцыянерамі», але для іх у краіне перамены былі доўгачаканымі, хаця і здзіўлялі сваёй стракатасцю думак і дзеянняў.

Гістарычны факультэт, створаны рашэннем «партыі і ўрада» і па волі правадыра Сталіна ва ўжо жорсткі 1934 год, увесь савецкі час на ўсіх узроўнях разглядаўся партыйна-дзяржаўным кіраўніцтвам як асяродак і сродак ідэалагічнага кшталту, як частка механізму ідэалагічнай работы КПСС. Гэтым тлумачылася дамінуючае месца ў вучэбным працэсе так званых грамадскіх дысцыплін: гісторыі КПСС, навуковага камунізму, марксісцка-ленінскай філасофіі, палітычнай эканоміі і г. д. Больш за тое: на гістфаку дзейнічала асобнае аддзяленне гісторыі КПСС, вучыцца на якое моладзь накіроўвалася мясцовымі партыйнымі арганізацыямі, у тым ліку з іншых рэспублік СССР. Так рыхтаваліся кадры непасрэдна для патрэб партыі. У якасці ж «айчыннай гісторыі» студэнты вывучалі шматгадзінныя курсы «гісторыі СССР». А беларуская гісторыя вывучалася так, каб будучыя спецыялісты-гісторыкі маглі яе ўсвядоміць у якасці непарыўнай часткі гісторыі Расіі — СССР, а беларусаў (саміх сябе) — як арганічную частку «трыадзінага рускага народа». Не дзіўна, што асобная кафедра гісторыі БССР нарэшце ўсталявалася на гістфаку толькі напрыканцы 1950-х гг. (не ўлічваючы яе кароткатэрміновае існаванне ва ўмовах першых пасляваенных гадоў) і не асабліва выдзялялася актыўнасцю ў навуковых доследах. Аднак такая ідэалагічна гіпертрафіраваная сістэма навучання не магла выкараніць імкнення і зацікаўленасці да вывучэння як роднай гісторыі, так і гісторыі іншых краін свету. Хаця і існавала прыкрая прымусовая сістэма падвоеных стандартаў, калі адно, што адпавядала афіцыйным патрабаванням, можна і неабходна было вывучаць і даследаваць, даносіць да студэнцкай аўдыторыі, а іншае, што супярэчыла ўстаноўкам «зверху», толькі магло дыскутавацца «на кухнях», моладзевых вечарынах пры зачыненых дзвярах, сярод таварышаў і аднадумцаў (часцей за ўсё інфармацыя аб такіх «нефармальных» абмеркаваннях хутка станавілася вядомай адпаведным органам.

Гісторыя сама па сабе вялікая выхавацелька, больш за тое — magistra vitae. А тым больш у дачыненні да яе носьбітаў і захавальнікаў — да гісторыкаў. І тая двоеснасць (канфармізм і апазіцыйнасць), аб якой ішла гаворка вышэй, падчас радыкальнага грамадска-палітычнага злому ў дзейнасці і настроі большасці гістфакаўцаў знайшла зусім пазітыўны і творчы выхад. Імкліва ўзрастала жаданне заняцца якраз сваёй — беларускай гісторыяй. Зведаць яе таямніцы, аб якіх раней нават сталыя гісторыкі ведалі на ўзроўні легенд і паданняў, а не крыніц і завершаных навуковых даследаванняў. Да гэтага падштурхоўвала і студэнцкая моладзь, якая больш аператыўна рэагавала на ўсё тое, што адбывалася навокал.

Сярод галоўных ідэй новага кіраўніцтва гістфака, рэалізацыя якіх павінна была ў значнай ступені змяніць характар і змест сістэмы гістарычнай адукацыі, было, без перабольшвання, укараненне ў навучальны працэс, ва ўсё яго дакументальнае суправаджэнне, беларускай мовы. Між тым не адвяргаючы відавочных магчымасцей і значнасці рускай мовы. Але той стан, калі ўсё і ўся, што рабілася на факультэце, было ў рускамоўнай абалонцы, ужо не мог адпавядаць руху беларусаў да свайго нацыянальнага адраджэння, а Беларусі — да сапраўднага суверэнітэту. Было зразумелым, што ажыццявіць гэты відавочны і неабходны крок будзе вельмі складана. Значную частку выкладчыкаў факультэта складалі і рускія людзі па свайму паходжанню, і зусім зрусіфікаваныя беларусы, якія ці не ведалі беларускай мовы, ці не мелі практыкі пісьменна размаўляць на ёй (а для выкладчыка валоданне мовай, можа, больш важна за дасканаласць у прафесійных ведах, бо студэнцкая аўдыторыя хутчэй і больш рэзка рэагуе менавіта на слова, а толькі потым ужо на сэнс сказанага). Гэтыя выкладчыкі, нашы калегі і сябры, былі вопытнымі педагогамі і вучонымі, але размаўляць па-беларуску і не маглі, і не жадалі, спасылаючыся якраз на тое, што іх курсы будуць скажонымі, калі загучаць у аўдыторыі на беларускай мове. Тым не менш выявілася нямала выкладчыкаў, якія выказалі рашучую падтрымку беларускамоўнаму выкладанню. Праўда, сярод іх было не так шмат тых, хто мог па-сапраўднаму пісьменна весці гаворку са студэнтамі. На факультэце так імкнуліся паскорыць беларусізацыю, у тым ліку і па лініі бюракратычнай (справаводства і г. д.), што часта пісьменнасць нават важных папер «жадала быць намнога больш дасканалай». Тое ж тычылася і навуковых выданняў, якія і так былі дастаткова сціплымі з-за недафінансавання паліграфічнай базы універсітэта, а ад непадрыхтаванасці выдаўцоў у веданні беларускай мовы часцей за ўсё выходзілі ў так званай «аўтарскай рэдакцыі». Сёння такая «рэдакцыя» выклікае толькі жаль, а тады спяшаліся быць беларусамі….

Пры абмеркаванні форм і метадаў пераходу да беларускамоўнага выкладання, а яго планавалася пачаць з першага курса, улічвалі і тыя настроі, якімі былі ахоплены студэнты. Асабліва новы іх набор 1992 г. Зыходзячы са стану тагачаснай сярэдняй адукацыі, можна было чакаць, што далёка не ўсе першакурснікі будуць мець жаданне і падрыхтаванасць да беларускамоўнай прафесійнай адукацыі. Забяспечанасць жа навучальнага працэсу беларускамоўнымі падручнікамі і дапаможнікамі знаходзілася каля нулявой адзнакі. Улічваючы аб’ектыўныя і суб’ектыўныя акалічнасці, было прынята рашэнне прасіць рэктарат і вучоны савет універсітэта дазволіць стварыць на гістфаку дзьве плыні навучання па спецыяльнасці «гісторыя» — беларускамоўную і рускамоўную. Кіраўніцтва універсітэта з паразуменнем аднеслася да прапаноў гістфакаўцаў. Але патрэбна было атрымаць дазвол Міністэрства адукацыі. Сістэма савецкай «вертыкалі» працягвала дзейнічаць і кантраляваць. Подых акадэмічнай універсітэцкай самастойнасці толькі-толькі адчуваўся, але не болей. У Міністэрстве з ідэяй, не без сумненняў, пагадзіліся, але ў яе рэалізацыі нічым не пасадзейнічалі: усе матэрыяльна-фінансавыя выдаткі, якія «цягнулі» за сабой новыя плыні, ляглі на кішэню самаго універсітэта. Новае ўладнай адміністрацыяй як бы і не стрымлівалася, але і не падтрымлівалася напрамую і рэальна. У той жа час рэальная дапамога ў дадзенай справе, асабліва ў пераадольванні бюракратычных бар’ераў, зыходзіла ад пастаяннай камісіі Вярхоўнага Савета РБ, якую ўзначальваў вядомы паэт і былы выкладчык БДУ Н. Гілевіч, а яго намеснікам тады быў выпускнік гістфака 1976 г. А. Трусаў.

Пасля пошуку ўнутраных резерваў на самім факультэце (а вядома, што «справа спасення тапельнікаў — справа саміх тапельнікаў») было калектыўна, але дастаткова вузкім колам прыхільнікаў дэкана, вырашана прапанаваць рэктарату цікавы ход, здзяйсненне якога магло мець зусім якасныя для гістарычнай адукацыі наступствы: ліквідаваць ужо стаўшае анахранізмам аддзяленне гісторыі КПСС і пераарыентаваць вучэбныя гадзіны і ўсё астатняе, чым жыве універсітэцкая вучэбная структура, на станаўленне беларускамоўнай плыні. І гэта быў рашучы наступ на старое ў жыцці факультэта. Рэалізаваць жа задуманае аказалася не вельмі проста. Адкуль толькі не ўзнікала адмоўная рэакцыя, хто толькі не спрабаваў «ставіць палкі ў колы» гэтай справе. І ўсё ж пытанне было вырашана станоўча. З 1992 г. у БДУ, на гістфаку пачала набіраць моц беларускамоўная плынь навучання па спецыяльнасці «Гісторыя». Яна была зафіксавана асобна ў рэестры ўступных экзаменаў на факультэт. Адбор абітурыентаў адразу стаў праходзіць у асобнай пазітыўна-эмацыянальнай атмасферы. Юнакі і дзяўчаты з энтузіязмам рабілі свой выбар, а больш за тое — праяўлялі відавочную рашучасць вучыцца менавіта па гэтаму накірунку засваення гістарычных ведаў, перш за ўсё маючы на ўвазе магчымасць шчыльна дакрануцца да айчыннай гісторыі — цяпер ужо сваёй, беларускай.

Пасля рэалізацыі галоўнага патрэбна было адразу ж наладзіць эфектыўнае і прафесійнае выкладанне па-беларуску. Па дамоўленасці з калегамі-філолагамі былі створаны для выкладчыкаў гістфака курсы па ўдасканаленню ведаў беларускай мовы. Як не дзіўна, але без прымусу і запалохвання нейкімі «аргвысновамі» маладыя і сталыя выкладчыкі праяўлялі актыўнасць у вучобе пісьменна гаварыць на роднай мове. Аўдыторыі сталі не толькі месцамі пасціжэння гістарычных ведаў студэнтамі, але і палігонам абкаткі здабыткаў у засваенні і студэнтамі, і прафесарамі беларускай мовы. Праз некаторы час прыспешыла і фінансавае стымуляванне на гэты конт: рэктарат знайшоў сродкі для павышэння на 10 % акладаў тым выкладчыкам, якія актыўна карысталіся ў сваёй вучэбнай рабоце беларускай мовай. Працэс ішоў, і ні ў нікога не было стрэсаў, не было канфліктаў, а быў доўгатэрміновы план рэалізацыі пераходу на родную мову навучання. Гэты план працягваецца і сёння, і ніхто не здзіўляецца, што гістфак працуе інакш за іншыя факультэты, на якіх калі і былі ў пачатку 1990-х гг. імкненні да рэалізацыі падобнай сістэмы прафесійнай адукацыі, то вельмі хутка іх звярнулі пад ціскам суб’ектыўных і аб’ектыўных абставін.

А гэтыя абставіны ўзнікалі раз-пораз, як бы суправаджаючы «хвалі» дзяржаўнага і грамадскага ўспрымання беларускага адраджэння. Так, праз некалькі гадоў, 29 сакавіка 1994 г., вучоны савет спецыяльна разгледзеў пытанне аб выкананні Закона аб мовах (дакладваў дацэнт У. Сосна). І было акцэнтавана падкрэслена, што факультэт з’яўляецца лідэрам ва універсітэце ў рэалізацыі палажэнняў Закона і мае за гэта пашану з боку Таварыства беларускай мовы. Між тым па-беларуску выкладанне вучэбных курсаў нават на беларускамоўнай плыні ажыццяўлялася толькі ў памерах 50—75 % (найбольш прымальная сітуацыя мела месца на 1-м курсе, дзе заняткі вялі галоўным чынам выкладчыкі кафедр беларускай і расійска-славянскай гісторыі) [7, л. 49]. З другога боку, далёка не ўсе студэнты імкнуліся засвойваць беларускую мову праз вучобу па спецыяльнасці. Таму не дзіўна, што ў хуткім часе рэктарат, кіруючыся «благими намерениями», прыняў рашэнне аб прыёме на спецыяльнасць «Гісторыя» без падзелу на моўныя плыні. Але быў дадзены дазвол на размеркаванне паступаўшых на першы курс на ранейшыя дзве плыні на падставе асабістых заяў і толькі пры ўмове, што такіх заяў будзе шмат [8, л. 53]. Так гэта робіцца і цяпер. Цікава, што з гадамі «напаўненне» плыняў студэнтамі можна ацэньваць у якасці «лакмусавай паперкі» у дачыненні да грамадскага і юнацкага (у прыватнасці) ўспрыняцця так і не вырашанага да гэтага часу пытання: хто мы такія — беларусы?

Акрамя праблем моўных, патрэбна было ў русле новага часу, прыйшоўшага на беларускую зямлю, вырашаць шэраг не менш важных пытанняў. І ўсе яны так ці інакш павінны былі разглядацца ў русле той высновы, якая прагучала на вучоным савеце гістфака ў лістападзе 1992 г.: «у апошні час адбываецца пераход факультэта з ідэалагічных рэек на гістарычныя» [9, л. 14]. Пэўную сімвалічнасць гэтым дзеянням прыдало тое, што гісторыкі, не без сумненняў, але пагадзіліся з лёсавызначальным для сябе рашэннем рэктарата: ім быў перададзены асобны будынак па вуліцы Чырвонаармейскай, які без перабольшвання ўжо з 1921 г. лічыцца не толькі «Домам №1 БДУ», але і з тых жа 1920-х гадоў з’яўляецца «родным кутам» для універсітэцкіх гісторыкаў. І на гэтым гістарычным ва ўсіх адносінах месцы разгарнулася плённая праца па стварэнні абноўленага па многіх параметрах гістарычнага факультэта.

Грунтоўнага перагляду патрабавалі вучэбныя планы. Перш-наперш іх пераклалі на беларускую мову, для чаго была створана спецыяльная група на чале з намеснікам дэкана М. Часноўскім. Адначасова па асноўных дысцыплінах ў праграмы ўвялі раздзелы, каб, як было дамоўлена, «падкрэсліць ролю гісторыі Беларусі». Важным крокам наперад стала распрацоўка зусім новых курсаў: крыніцазнаўства гісторыі Беларусі, археалогіі Беларусі, этнаграфіі Беларусі і інш. Для некаторых кансерватыўна настроеных гісторыкаў было дзіўным, што на гістфак прыйшлі выкладаць прадстаўнікі духавенства (і праваслаўныя свяшчэннікі, і каталіцкія святары). Нават сам мітрапаліт Філарэт стаў жаданым выкладчыкам універсітэцкіх студэнтаў-гісторыкаў. А факультэцкія даследчыкі шчыльней узяліся за распрацоўку праблем царкоўнай гісторыі, што і засведчыла юбілейная навуковая канферэнцыя, прысвечаная «1000-годдзю Полацкай епархіі і Праваслаўнай Царквы на Беларусі». Да таго ж кіраўніцтва факультэта было запрошана да ўдзелу ва ўсіх мерапрыемствах, якія ў вераснёўскія дні 1992 г. праводзіліся юбілейнай камісіяй Беларускага экзархата. Было прынята рашэнне аб адкрыцці міжкафедральнай спецыялізацыі «Рэлігія ў гісторыі чалавецтва». Накірунак другой падобнай спецыялізацыі быў іншы: «Славянскі свет і еўрапейская цывілізацыя». Зрабіць гэта стала магчымым за кошт грунтоўнага скарачэння курсаў палітычнай гісторыі, а таксама пераарыентацыі кафедр гісторыі СССР у кафедры расійскай і славянскай гісторыі.

Працягваючы гаворку аб кроках, якія прадпрымаліся па дэідэалагізацыі факультэта ў імя ўмацавання грунту менавіта гістарычнай навукі і гістарычных ведаў, некалькі слоў патрэбна сказаць аб лёсе самой «гісторыі КПСС» і выкладчыкаў, якія яе ўвасаблялі. Адразу старое ліквідаваць і расчысціць месца для таго новага, што патрэбна было паэтапна ствараць, значыць не толькі сілавымі метадамі прайсціся па людзях высокакваліфікаваных, па іх звычках і настроях, а але і проста загубіць і тое, і другое. Таму на аддзяленне гісторыі КПСС спачатку ў 1989 г. спынілі прыём студэнтаў, а ў 1991 г. яго «перапрафілявалі» ў аддзяленне палітычнай гісторыі, дастаткова радыкальна змяніўшы там вучэбныя планы. Не ўсе выкладчыкі змаглі прыстасавацца да іх выканання, не ўсе яго ўспрынялі і зразумелі. Абноўленае аддзяленне стала «курыраваць» новая кафедра пад знакавай, але штучнай назвай — «айчыннай і сусветнай гісторыі», якая склалася ад аб’яднання дзвюх былых кафедр гісторыі КПСС. У сакавіку 1993 г. яе загадчык прафесар У. Коршук , робячы справаздачу аб рабоце кафедры і аддзялення, з жалем канстатаваў, што працэс скарачэння выкладчыкаў імкліва працягваецца (засталося толькі 22, а патрэбна яшчэ зволіць не менш за 5), што яны не запатрабаваны студэнтамі і «не бачаць перспектывы ў сваёй дзейнасці». І настальгіруючы, Уладзімір Канстанцінавіч згадаў нядаўні час, калі былыя кафедры гісторыі КПСС «працавалі вынікова», калі «штогод абараняліся шматлікія дысертацыі» і г. д. [10, л. 38, 39]. Але рэаліі жыцця вызначылі рашэнне савета факультэта — аддзяленне палітычнай гісторыі «павінна пайсці ў нябыт» пры захаванні накірунка навучання і разумных па памерах курсаў гісторыі палітычных партый і рухаў.

Сама кафедра айчыннай і сусветнай гісторыі ў хуткім часе стала працаваць як агульнауніверсітэцкая кафедра, забяспечваючы выкладанне на прыродазнаўчых і гуманітарных яго факультэтах (па выбару саміх факультэтаў) курсы «Гісторыі Беларусі», «Гісторыі грамадскіх рухаў і палітычных партый», «Гісторыі сусветнай цывілізацыі», «Актуальныя праблемы сусветнай і айчыннай гісторыі». Вясной 1994 г. загадам рэктара гэтай кафедры было рэкамендавана «асаблівую ўвагу ўдзяляць прапагандзе нацыянальных каштоўнасцей, паказу ролі Беларусі ў сусветнай гісторыі» і праводзіць «заняткі ва ўмовах плюралізму меркаванняў» [11]. Некаторыя былыя выкладчыкі гісторыі КПСС адыйшлі ад акадэмічнай дзейнасці, заняліся бізнэсам, паспрабавалі свае сілы ў рэальнай палітыцы. А другія (П. Зялінскі, Ю. Казакоў, У. Медзянік, Л. Хухлындзіна і некаторыя іншыя) з поспехам уключыліся ў працу профільных кафедр гістфака. І ўжо на рубяжы новага тысячагоддзя адбылося лагічнае завяршэнне дадзенага працэсу: рашэннем вучонага савета універсітэта кафедра айчыннай і сусветнай гісторыі была ліквідавана, а яе выкладчыкі (усе без выключэння) пераведзены на кафедру гісторыі Беларусі новага і навейшага часу.

Пытанне ж аб сэнсе і структуры выкладання беларускай гісторыі было ўзнята на факультэце адразу пасля пераезду на Чырвонаармейскую, 6. Вучоны савет 24 лістапада 1992 г. выказаў меркаванне аб неабходнасці стварэння дзвюх кафедр гісторыі Беларусі, а таксама кафедры этнаграфіі Беларусі. Нават было прапанавана назваць першую кафедру «кафедрай гісторыі Вялікага княства Літоўскага». У сакавіку 1993 г. вучоны савет факультэта звярнуўся да вучонага савета БДУ, каб зацвердзіць стварэнне замест «адзінай кафедры гісторыі Беларусі» дзве для «забеспячэння належнага ўзроўню навуковых даследаванняў і выкладання гісторыі Беларусі» [12, л. 2]. У хуткім часе спыніліся на храналагічным прынцыпе пры вызначэнні назваў гэтых кафедр, якія і былі створаны ў юбілейны для факультэта 1994 г. на падставе рашэння вучонага савета універсітэта і загада рэктара [13, л. 20; 14].

Адначасова з вышэйпазначанымі пытаннямі было пастаўлена пытанне аб стварэнні на гістфаку новых аддзяленняў, раней зусім нязвыклых для сістэмы вышэйшай адукацыі былой БССР. Суверэнітэт Рэспублікі Беларусь запатрабаваў падрыхтоўку ў межах самастойнай краіны тых спецыялістаў, якія раней літаральна «паштучна» накіроўваліся ў Мінск з ВНУ Масквы. Таму не было асаблівай цяжкасці, каб пераканаць міністэрска-універсітэцкае кіраўніцтва ў неабходнасці стварэння на гістфаку аддзялення для падрыхтоўкі студэнтаў па спецыяльнасці «архівазнаўства» і спецыяльнасці «музеязнаўства». Вось толькі наладзіць саму справу такой падрыхтоўкі аказалася празмерна цяжка. Усё патрэбна было пачынаць «з нуля». У верасні 1992 г. пасля правядзення адпаведных уступных іспытаў новае аддзяленне распачало сваю дзейнасць. А ўжо ў снежні гэтага года вучоны савет падводзіў першыя вынікі яго работы. Было канстатавана, што дабіцца эфектыўнасці ў гэтай справе магчыма праз рэалізацыю каля 10 першасных накірункаў, рэальных дзеянняў. Пры тым, што ўсе кафедры факультэта акажуць аддзяленню ўсялякую дапамогу вучэбна-метадычнага і кадравага кшталту. Для непасрэднага ж кіраўніцтва аддзяленнем была створана асобная кафедра крыніцазнаўства і музеязнаўства (загадчык прафесар У. Сідарцоў) [15, л. 19, 20].

Значныя арганізацыйныя намаганні з боку дэканата гістфака спатрэбіліся для рэалізацыі ідэі стварэння на факультэце аддзялення міжнародных адносін. Спачатку нямногія з чыноўнікаў маглі ўсвядоміць, што яно якраз і павінна быць на гістфаку. А якраз універсітэцкія гісторыкі па сутнасці першымі сталі ініцыіраваць саму ідэю стварэння ў Беларусі такога аддзялення. Справа даходзіла да таго, што намеснік дэкана быў «інкогніта» пасланы ў Маскву, каб там тайным чынам атрымаць на прыватнай кватэры аднаго з супрацоўнікаў «МГИМО» — знакамітай кузні савецкіх дыпламатаў, а цяпер ужо дыпламатаў таксама суверэннай Расіі — узоры некаторых тамашніх вучэбных планаў. Яны былі патрэбныя для распрацоўкі планаў «сваіх», беларускіх. Але як было прыемна ўсведамляць, што такая важная, дзяржаўна-палітычнай важкасці справа зрушылася з нулявой адзнакі. У кабінеце дэкана гістфака засядалі спецкамісіі па замежнай мове, па сусветнай гісторыі, якія ацэньвалі веды і здольнасці стаць першымі па-сапраўднаму беларускімі дыпламатамі тых, хто адгукнуўся на аб’яву аб першым наборы на новае аддзяленне. А гэта ў большасці сваёй былі студэнты-гуманітарыі розных курсаў навучання БДУ. Адбор быў прынцыповы і жорсткі. Праз некалькі гадоў, як і было задумана гістфакаўцамі, аддзяленне трансфарміравалася ў асобны факультэт. Цяпер можна толькі лагодна ўсміхацца, калі амаль што самы магутны і заангажыраваны факультэт БДУ, яго ФМА, усё больш і больш забываецца аб сваёй «калысцы», якая яго і парадзіла, і адправіла ў «вялікае плаванне». Хаця і сёння кадравым стрыжнем гэтага факультэта застаюцца тыя, хто выйшаў з гістфака.

Вучэбна-арганізацыйныя навацыі, абнаўленне метадычнага і метадалагічнага забеспячэння вучэбнага працэсу (чаго толькі каштавалі намаганні, распачатыя з 1993 г., успрыняць неабходнасць пераходу на 2-узроўневую сістэму адукацыі) не маглі пакінуць убаку пытанні самой гістарычнай навукі. Яна патрабавала да сябе самай шчыльнай увагі. І «рабіць навуку» неабходна было ў час, калі фінансаванне на яе амаль што спынілася. Не было сродкаў на правядзенне больш-менш прыстойных канферэнцый, паехаць у навуковую камандзіроўку — толькі за кошт прымаючага боку ці «сорасаўскага» гранта, надрукаваць артыкул, а тым больш манаграфію — ружовыя мары, знайсці навейшую літаратуру ў мінскіх акадэмічных бібліятэках з-за іх фінансавай галечы — проста немагчыма, а тым больш купіць самому за свой нават прафесарскі заробак. Маладая дзяржава пад фактычнай уладай старой партыйнай наменклатуры не вельмі з-за гэтага хвалявалася. Нават ужо ў 1994 г., калі універсітэт прымаў у сваіх сценах аднаго з самых рэальных прэтэндэнтаў на пост першага прэзідэнта Беларусі (В. Кебіча), прафесарска-выкладчыцкая аўдыторыя за рыторыкай і абяцаннямі вырашыць набалелыя пытанні ўбачыла пустэчу… У той час калі нават у першыя гады дзейнасці БДУ, а гэта ж гады 1920-я (!), маладое і свядомае кіраўніцтва савецкай Беларусі добра разумела, што без дзяржаўнай падтрымкі навукі не будзе нічога: не будзе адукаванага і цывілізаванага грамадства — не будзе і дзяржавы. Таму грошы знаходзілі, а навукоўцы ўнеслі свой важкі ўклад ва ўсе сферы жыццядзейнасці. Цяпер жа нават праяўленне актыўнасці творчай, не гаворачы ўжо пра актыўнасць у пошуках магчымых фінансавых крыніц для падтрымкі творчасці, часценька некаторымі недобразычліўцамі і «кантралёрамі» ад псеўдаідэалогіі расцэньвалася як скалачванне «оплота оппозиции», як работа «на вхождение Белоруссии в Европу», што разумелася імі як «искожение истории в пользу т. н. «незалежности» і «шельмование и вытеснение из БГУ честных ученых историков, выступающих за триединство русского народа и белорусско-российское единство» [16, с. 289—290; 17]. Акрамя таго, сталі ўзгадваць гістфакаўцам іх пашыраныя ў пачатку 1990-гг. кантакты з замежнымі калегамі. А яны на самой справе сталі шматлікімі і плённымі. Нават чыноўнікі з Міністэрства адукацыі не аднойчы абапіраліся на універсітэцкіх гісторыкаў, каб не апынуцца па-за тагачасным імкненнем беларускай інтэлігенцыі да наладжвання натуральных творчых сувязей з гуманітарыямі Еўропы. Гістфак неаднойчы прымаў у сваіх сценах высокапастаўленых чыноўнікаў Савета Еўропы, курыруючых пытанні адукацыі, а па асабістым запрашэнні прэзідэнта EUROKLIO дэкан стаў правадзейным членам гэтай еўрапейскай арганізацыі выкладчыкаў гісторыі і не аднойчы ўдзельнічаў у яе мерапрыемствах.

І ў такіх абставінах патрэбна было не тое што ўтрымацца, а зрабіць рашучы крок наперад. Сістэматызацыя праблем і пошукі іх вырашэння, як заўсёды, ажыццяўляліся на пасяджэннях вучоных саветаў. Намеснік дэкана (на грамадскіх пачатках) па навуцы прафесар В. Фядосік, два гады запар (за 1992 і 1993) робячы справаздачы аб выніках НДР, змрочна канстатаваў зніжэнне паказчыкаў, хаця інтэнсіўнасць навуковых распрацовак павялічвалася, але яны з-за адсутнасці фінансавання накіроўваліся «ў стол», а не друкаваліся. Між тым прагучаў па-савецку бадзёры аптымізм: «калі скарачаецца фінансаванне навуковых праектаў, найбольшы плён будзе прыносіць менавіта праца над дысертацыямі» [18, л. 57]. Праўда, якраз тады пакрыху стала ва універсітэце пераадольвацца савецкая цнатлівасць у дачыненні да крыніц фінансавання. Калі многія зразумелі, што кішэня дзяржавы не можа забяспечыць шматлікія навацыі сістэмы адукацыі, то быў дадзены дазвол «зарабляць самім». Платнае навучанне для гістфака распачалося з першых 26 студэнтаў-«платнікаў», якія прыйшлі на факультэт у верасні 1993 г. Не такія ж гэта былі грошы вялікія, каб вырашыць шматлікія праблемы. Ды і факультэту у рэшце рэшт ад іх заставаліся толькі «рэшткі». Нават дэкан быў перакананы, што ад «платнікаў» — адзін галаўны боль, і такі падыход сам па сабе адамрэ. Але час распарадзіўся зусім інакш.

Патрэбна згадаць, што з савецкіх часоў у БДУ яго вучоны савет кожны год зацвярджае «Планы научно-исследовательских работ, выполняемых по госбюджету» (цяпер гэта яшчэ і «…опытно-конструкторских и опытно-технологических работ»). Так, у «Плане… на 1991 год» беларусісты факультэта (кафедра гісторыі БССР, якую ўзначальваў А. Ігнаценка) планавалі тэмы, звязаныя з вывучэннем абставін развіцця беларускіх зямель у складзе Расійскай імперыі пасля раздзелаў, вывучэнне эканамічнага і культурнага развіцця ў 20—30-я гг. XX ст., а таксама падрыхтоўку да выдання 2-томнай «Хрэстаматыі па гісторыі БССР». Асобная НДЛ па той жа гісторыі БССР (заг. А. Каханоўскі) мела намер разгледзець пытанні падрыхтоўкі кадраў беларускай інтэлігенцыі і яе ўдзелу ў нацыянальна-вызваленчым руху канца XVIII — першай паловы XIX ст. А з дапамогай ЭВМ — зрабіць падлікі і сістэматызацыю колькасных паказчыкаў, каб стварыць базу даных па гісторыі інтэлігенцыі. Па гэтай жа НДЛ У. Сідарцоў меў намер разгледзець канцэптуальныя пытанні гістарычнага працэсу ўвогуле, а таксама сістэматызаваць тэарэтычныя асновы кап’ютэрызацыі гістарычных даследаванняў і выкладання [19, с. 268]. Гэта значыць, што універсітэцкія гісторыкі імкнуліся «трымаць руку на пульсе» сучасных кірункаў. Тады многія з іх падаваліся дзіўнымі, а хутка сталі звычайнымі і відавочнымі. Нават кафедры ўсеагульнай гісторыі зрабілі яўны крэн у бок «беларусізацыі» сваіх НДР. Так, кафедра гісторыі СССР дасавецкага перыяду (заг. І. Аржахоўскі) працавала над біяграфічным слоўнікам па гісторыі не толькі СССР, але і БССР, а кафедра старажытнага свету і сярэдніх вякоў (заг. В. Фядосік) займалася праблемай беларускай гістарыяграфіі антычнасці, кафедра палітычнай гісторыі (заг. У. Коршук) даследавала сучасныя грамадска-палітычныя рухі ў Беларусі на фоне вывучэння гісторыі палітычных партый з пачатку XX ст. [19, с. 268—270]. У параўнанні нават з 1990 г. быў зроблены якасны крок наперад: тады прыярытэтнымі накірункамі даследаванняў заставаліся праблемы «Истории Великой Октябрьской социалистической революции и построения социализма в СССР», палітыкі КПСС «в развитии сельского хозяйства», «в деле коммунистического воспитания рабочего класса» [20, с. 23, 254].

Між тым гістарычную навуку патрэбна было рухаць наперад. Узнікла зусім натуральная думка склікаць пад эгідай гістфака ўсіх гісторыкаў, якія пагаджаліся з тым, што праблемы і ў навуцы можна вырашаць калектыўнымі намаганнямі. Асабліва тады, калі ёсць неабходнасць пераасэнсавання мэт і задач даследаванняў, як і асэнсавання адбываючыхся перамен. Удзел у праведзенай з надзвычайным размахам першай беларуска-польскай канферэнцыі па вызначэнні «белых плям» айчыннай гісторыі прадэманстраваў, што толькі самі беларускія гісторыкі павінны і могуць пры кансалідаваным падыходзе па-сапраўднаму навукова напісаць гісторыю свайго народа [Гл.: 21]. Дзеля гэтага ў тыя насычаныя ідэямі месяцы 1992 г. натуральна ўзнікла думка стварыць асобны навукова-гістарычны часопіс, праз які беларускія гісторыкі маглі б аператыўна абменьвацца сваімі творчымі напрацоўкамі. І дэканат гістфака засеў за напісанне рознага кшталту абгрунтаванняў перад вышэйшымі інстанцыямі. А ўжо са студзеня 1993 г. пад эгідай БДУ разам з Міністэрствам адукацыі, Інстытутам гісторыі АН і Беларускім таварыствам «Веды» стаў рэгулярна выходзіць «Беларускі гістарычны часопіс».

У рэчышчы рэалізацыі ідэі Усебеларускай канферэнцыі з восені 1992 г. на кафедрах сталі абмяркоўваць тыя навуковыя праблемы, з якімі неабходна выйсці на запланаваную I Усебеларускую канферэнцыю гісторыкаў. Тут, дарэчы, неабходна згадаць, што якраз пад такой назвай у далёкія студзеньскія дні 1935 г. ужо была спроба яднання беларускіх гісторыкаў, калі па ініцыятыве выкладчыкаў новага адпаведнага факультэта БДУ і з удзелам Інстытута гісторыі АН каля 100 навукоўцаў у прыродазнаўчым корпусе нядаўна збудаванага універсітэцкага гарадка пад кіраўніцтвам сакратара ЦК КП(б)Б М. Гікала абмяркоўвалі «вынікі перабудовы гістарычнай адукацыі паводле пастаноў ЦК ВКП(б) і СНК СССР», «азнаёміліся з апошнімі дасягненнямі марксісцкай гістарычнай навукі», калектыўна прагледзелі кінафільм «Чапаеў» [22]. Але ў віхуры ахапіўшага энтузіазму выйсці «на новыя рубяжы» сваёй творчай працы гісторыкі пачатку 1990-х гг. забыліся пра дадзены гістарычны факт.

Пасля напружанай падрыхтоўкі, калі літаральна кожны гістфакавец так ці інакш быў задзейнічаны ў «аргмерапрыемствах», калі нават упершыню быў намаляваны і растыражыраваны на рознага кшталту папяровых носьбітах сімвал-эмблема канферэнцыі (стылізаваны вобраз багіні Кліо), яна адбылася ў сценах будынка гістфака па Чырвонаармейскай, 6. Размова аб ёй — сюжэт асобны. У памяці ж засталася нейкая асаблівая, урачыста-бадзёрая, таварысцкая атмасфера, якая суправаджала вельмі напружаную працу соцень беларускіх гісторыкаў і запрошаных калег з розных краін. Па выніках былі надрукаваны (з-за тагачаснай фінансавай нястачы — на вельмі дрэннай паліграфічнай базе нават не пазначанага выдавецтва) тэзы паведамленняў і дакладаў: адна частка — матэрыялы па гісторыі Беларусі (тут змешчаны доследы 136 навукоўцаў), а другая — па ўсеагульнай гісторыі (у ёй апублікаваны матэрыялы 127 гісторыкаў) [23, 24]. Тут былі надрукаваныя і асноўныя палажэнні «Нацыянальнай канцэпцыі гісторыі Беларусі: асноўныя падыходы», якія кансалідавана прыняла канферэнцыя. Некалькі рытарычна, але сардэчна і шчыра была выказана ўпэўненась, што «…мы, беларускія гісторыкі, зможам выйсці на якасна новыя работы, стварыць нацыянальную гісторыю беларускага народа, якая будзе адпавядаць сучасным задачам развіцця незалежнай дзяржавы — Рэспублікі Беларусь» [23, с. 5]. Канферэнцыя з’яднала беларускіх гісторыкаў у шэрагах новай грамадскай арганізацыі, устаноўчы сход якой і адбыўся падчас правядзення навуковых дыспутаў. Яна атрымала назву «Беларуская асацыяцыя гісторыкаў (БАГ)». Натуральна, што яе сустаршынямі былі абраны дэкан гістфака і дырэктар Інстытута гісторыі АН Беларусі. Але пры рэгістрацыі ў Міністэрстве юстыцыі было прапанавана вызначыць толькі аднаго старшыню. І без спрэчак сярод гісторыкаў ім стаў дэкан гістфака.

Усебеларуская канферэнцыя абудзіла гісторыкаў да актыўнага навуковага жыцця. У хуткім часе на гістфаку адбылася ўнушальная па ўсіх сваіх арганізацыйных і творчых складніках канферэнцыя «Архівазнаўства, крыніцазнаўства, гістарыяграфія Беларусі: стан і перспектывы». Актыўна выкладчыкі факультэта ўдзельнічалі ў III Навагрудскіх чытаннях з нагоды 740-годдзя каранацыі Міндоўга, а самі сталі рыхтаваць да 60-гадовага юбілею гістфака канферэнцыю, прысвечаную аднаму з «бацькоў-заснавальнікаў» БДУ, выдатнаму гісторыку-беларусісту М. Доўнар-Запольскаму. І ўжо вучоны савет, падводзячы вынікі НДР за 1993 г., не толькі зноў канстатаваў далейшы крызісны стан эканомікі, які напрамую адбіваўся на навуковых даследаваннях, але і, насуперак гэтаму, рэзкае ўзрастанне ў выкладчыкаў факультэта творчага патэнцыялу і імкнення працаваць у аўдыторыях праз навуку [25, л. 16, 19]. Кафедра гісторыі старыжытнага свету і сярэдніх вякоў з восені 1995 г. распачала правядзенне сваіх стаўшых потым традыцыйнымі «Лістападаўскіх сустрэч» у гонар М. Нікольскага і У. Перцава. А ўсталяванне цесных кантактаў з Інстытутам гісторыі АН і ВНУ, удзел у навуковых канферэнцыях, што імі праводзіліся, дазволіў «пераманіць» на сталую працу на факультэт некалькі неардынарных іх супрацоўнікаў, дарэчы, выпускнікоў гістфака БДУ (П. Лойка, В. Менькоўскага, П. Церашковіча). Некаторымі вынікамі гэтага пад’ёму можна лічыць тое, што ў гэты год выкладчыкі факультэта сталі аўтарамі 5 першых айчынных школьных вучэбных дапаможнікаў, а прафесар У. Кошалеў — першым лаўрэатам новай прэміі БДУ за навуковыя дасягненні, якая была зацверджана ў імя У. Пічэты.

Тым не менш на юбілейным пасяджэнні пашыранага вучонага савета гістфака з нагоды 60-й гадавіны яго дзейнасці, калі ў залі знаходзіліся прадстаўнікі дзяржаўных органаў і грамадскіх арганізацый Беларусі, госці-калегі з многіх навучальных устаноў рэспублікі і некаторых замежных, дэкан не толькі распавядаў аб дасягненнях, але адзначыў, што Беларусь «цяпер знаходзіцца ў грамадска-палітычным крызісе, у руху, у пошуках новых падыходаў». Быў дадзены канцэптуальны агляд найважнейшых праблем, якія ў сувязі з агульным станам у дзяржаве спрабуе вырашаць факультэт у вобласці гістарычнай адукацыі, яе арганізацыі, у навуцы. Рэфрэнам праводзілася выснова, што яшчэ ўсе гісторыкі зусім недалёка адыйшлі ад ранейшага мыслення ў парадыгмах гісторыі КПСС, што толькі-толькі пачынаецца асэнсаванне менавіта сваёй беларускай гісторыі ў яе гарманічным дачыненні да сусветнай. І як на Усебеларускай канферэнцыі, прагучаў прызыў умацоўваць «беларускі погляд» на гісторыю, маючы на ўвазе, што гэта ёсць «маральная катэгорыя, якая патрэбна якраз зараз — на пачатковым этапе будаўніцтва незалежнай Беларусі» [26, л. 6—9]. Здаецца, што і напрыканцы першага дзесяцігоддзя XXI ст. гэты погляд як маральная катэгорыя толькі збіраецца набыць сталасць у даследчыцкай працы беларускіх гісторыкаў. Але ў тыя гады гістфаку разам з БАГ удалося толькі яшчэ раз сабраць для працягу абмеркаванняў набалеўшых навуковых праблем большасць гісторыкаў Беларусі: у красавіку 1997 г. факультэт у сваіх сценах зноў прыняў Усебеларускую канферэнцыю, другую [27]. Час трэцяй яшчэ не прыспеў?

Вясной 1995 г. факультэт быў падвергнуты агульнай праверцы з боку рэктарата. Некалькі тыдняў працавала спецыяльная камісія, разглядаючы літаральна кожны накірунак дзейнасці гісторыкаў, структурных падраздзяленняў, справаводства і інш. А затым вучоны савет БДУ абмеркаваў і даклад-справаздачу дэкана, і высновы камісіі. Зразумела, прагучалі і папрокі ў адрас гістфакаўцаў, і былі выяўлены дробязныя хібы, але агульны сэнс адбыўшагася абмеркавання прагучаў у словах рэктара: «Па гістфаку можна вучыцца ўсім», нават у справе «самафінансавання некаторых бакоў дзейнасці « [28, л. 54]. У гэтай выснове-закліку ўтрымлівалася і канстатацыя той ролі, якую адыгрываў гістарычны факультэт БДУ ў справе беларускага адраджэння. Але ў хуткім часе стала змяняцца многае. Калі некалькімі гадамі раней на факультэце камісіі Вярхоўнага Савета спрабавалі шукаць праціўнікаў беларусізацыі і «хранічнае невуцтва» ў веданні роднай мовы, то цяпер раптоўна студэнты і некаторыя выкладчыкі зноў жа безпадстаўна былі залічаны ў шэрагі «апазіцыянераў» (асабліва іх пільна адшуквалі падчас правядзення сапраўднай апазіцыяй розных палітычных мерапрыемстваў). А тут яшчэ адбыўся яўна справакаваны інцыдэнт у корпусе факультэта. Даказаць, што універсітэцкія гісторыкі розных узростаў і падрыхтоўкі жадаюць толькі дасягнення аб’ектыўнасці ў навуцы, а не «будуюць барыкады», у такой палітычнай сітуацыі было бесперспектыўна. Таму было не толькі зменена кіраўніцтва факультэта і універсітэта, але і ўсё больш і больш настойліва факультэт зноў стаў скіроўвацца ў бок той дзейнасці, якой ён займаўся ў ранейшыя доўгія дзесяцігоддзі… Каб утрымаць атмасферу і набраны тэмп у справе беларускага адраджэння, новаму кіраўніцтву факультэта, якое ў складанай грамадска-палітычнай сітуацыі ў Беларусі было абрана калектывам факультэта, а затым зацверджана загадам новага рэктара БДУ [29, л. 21—24], патрэбна было на кожным кроку ў незлічоны раз праяўляць дыпламатычныя здольнасці, адшукваць тыя варыянты дзейнасці калектыву, якія б не зруйнавалі дасягнутае, не пашкодзілі асабістым лёсам выкладчыкаў і студэнтаў. Але гэта ўжо іншае…

Литература

1. Известия. 2009. 5 мая.
2. Огонек. 1928. № 4. 22 января.
3. Марков, А. Р. Что значит быть студентом: работы 1995—2002 годов / А. Р. Марков. М. : Новое литературное обозрение, 2005. 264 с.
4. Молодая интеллигенция и устойчивое развитие общества: материалы XIX Междунар. науч.-теор. конф. Иваново, 25—27 октября 2008 г. Иваново : Изд-во «Ивановский государственный университет», 2008. 290 с.
5. Документы съезда Партии народного согласия (11 апреля 1992). Минск : Победа, 1992. 22 с.
6. Концепция партии народного согласия… // Згода. 1992. № 6. Снежань.
7. Архіў БДУ (АБДУ). Пратаколы пасяджэнняў вучонага савета гістарычнага факультэта (далей А БДУ. Пратаколы…). Пратакол № 7 ад 29 сакавіка 1994 г.
8. АБДУ. Пратаколы… Пратакол № 9 ад 6 чэрвеня 1995 г.
9. АБДУ. Пратаколы… Пратакол № 3 ад 24 лістапада 1992 г.
10. АБДУ. Пратаколы… Пратакол № 7 ад 30 сакавіка 1993 г.
11. АБДУ. Загады рэктара БДУ. Загад ад 25.03.1994. № 142-Д «Аб выкладанні гісторыі на негістарычных факультэтах».
12. АБДУ. Пратаколы… Пратакол № 7 ад 29 сакавіка 1993 г.
13. АБДУ. Пратаколы… Пратакол № 4 ад 21 снежня 1994 г.
14. АБДУ. Загады рэктара БДУ. Загад ад 05. 05. 1994 г. № 91-К «Аб раздзеле кафедры гісторыі Беларусі на гістарычным факультэце».
15. АБДУ. Пратаколы… Пратакол № 4 ад 29 снежня 1992 г.
16. Война по законам подлости. Минск : ЗАО «Православная инициатива». 1999. 480 с.
17. Петров, А. О «пятой колонне» в Белоруссии / А. Петров // Русский вестник. 1998. № 7—8.
18. АБДУ. Пратаколы… Пратакол № 9 ад 25 мая 1993 г.
19. План научно-исследовательских работ, выполняемых по госбюджету в 1991 году. Минск : БГУ, 1991. 311 с.
20. План научно-исследовательских работ, выполняемых по госбюджету в 1990 году. Минск : БГУ, 1990. 283 с.
21. Беларусь у Вялікім княстве Літоўскім: стэнаграма пасяджэнняў Міжнар. круглага стала. Мінск, 6—7 красавіка 1992 г. Мінск : Ротапрынт ЦНБ АНБ, 1992. 124 с.
22. Звязда. 1935. 4, 6, 9, 11 студзеня.
23. Усебеларуская канферэнцыя гісторыкаў: Гістарычная навука і гістарычная адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь (новыя канцэпцыі і падыходы): тэзісы дакладаў і паведамленняў. Мінск, 3—5 лютага 1993 года. Мінск, 1993. Ч. I. Гісторыя Беларусі. 260 с.
24. Усебеларуская канферэнцыя гісторыкаў: Гістарычная навука і гістарычная адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь (новыя канцэпцыі і падыходы): тэзісы дакладаў і паведамленняў. Мінск, 3—5 лютага 1993 года. Ч. II. Усеагульная гісторыя. Мінск, 1993. 263 с.
25. АБДУ. Пратаколы… Пратакол № 1 ад 28 верасня 1993 г.
26. АБДУ. Пратаколы… Пратакол № 2 ад 23 кастрычніка 1994 г.
27. Гістарычная навука і гістарычная адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь: стан і перспектывы развіцця: Матэрыялы II Усебел. канф. гісторыкаў, Мінск, 10—11 крас. 1997 г. Мінск : БДУ, 1999. 357 с.
28. АБДУ. Пратаколы… Пратакол № 9 ад 6 чэрвеня 1995 г.
29. АБДУ. Пратаколы… Пратакол № 5 ад 26 снежня 1995 г.

Наверх

Tags:

Comments are closed.

-->