Электронная версия белорусского научного исторического журнала “Российские и славянские исследования”

Главная

О журнале

Правила публикации статей

Новый номер!


Spojrzenie w przeszłość. Konferencja Muzeum Historii Polski: materiały pokonferencyjne: w 2 t. Jadwisin, 25—26 października 2007. Warszawa : Muzeum Historii Polski, 2009. T. 1: Średniowiecze, Nowożytność. 426 s.; T. 2: Wiek XIX, XX. 366 s.

Козік Л.

У 2007 г. у Ядвісіне пад эгідай Музея гісторыі Польшчы адбылася канферэнцыя, мэтай якой было абмеркаванне прадстаўнікамі польскіх і замежных навуковых і вучэбных пляцовак найбольш актуальных праблем польскай гістарыяграфіі. Праца праходзіла па чатырох накірунках — гістарыяграфія Сярэднявечча, ранняга Новага часу, гісторыі XIX і XX ст., у межах якіх абмяркоўваліся тры аспекты: сучасная польская гістарыяграфія; будучыя задачы даследаванняў і метадалогія; «Маё бачанне эпохі — як яе інтэрпрэтаваць. Спроба абагульнення». Вынікам работы стала двухтомная публікацыя выступленняў і шырокіх дыскусій над дакладамі пад назвай «Позірк у мінулае. Канферэнцыя Музея гісторыі Польшчы: матэрыялы канферэнцыі, Ядвісін, 25—26 кастрычніка 2007 г.».

Разглядаючы стан сучаснай польскай гістарычнай навукі аб перыядзе Сярэднявечча, удзельнікі канферэнцыі згадвалі дасягненні палітычнай, сацыяльнай і эканамічнай гісторыі, вылучалі асаблівасці ў вывучэнні рэлігійнага жыцця, уздымалі пытанне аб якасці сучасных навуковых прац і пэўных рубяжах у развіцці польскай гістарыяграфіі. Падчас дыскусіі гісторыкі сышліся на неабходнасці стварэння новых абагульняючых прац, удакладнення выкарыстоўваемых паняццяў (напрыклад, «палітычная гісторыя») у дачыненні да гісторыі Сярэдніх вякоў, напісання параўнаўчых даследаванняў з выкарыстаннем дасягненняў замежных навуковых школ, адзначылі важнасць архіўных крыніц з Расіі, Беларусі, Украіны, Літвы і аналізу гісторыі Цэнтральнай Еўропы ў кантэксце агульнаеўрапейскай гісторыі. Шмат увагі прысутныя прысвяцілі праблеме інтэрпрэтацыі гістарычных фактаў, вызначэння храналагічных рамак пэўных перыядаў у гісторыі і важнасці іх адлюстравання ў сучасных і будучых школьных падручніках.

Працягам работы медыевістаў сталі абмеркаванне метадалогіі даследаванняў і ацэнка існуючых прац па палітычным, сацыяльным, культурным, рэлігійным жыцці сярэднявечнай Польшчы з вызначэннем вялікага кола пытанняў, якія не знайшлі дастатковага адлюстравання ў навуковай літаратуры (т. 1, с. 107—108). У гэтай сувязі варта адзначыць паведамленне прафесара Шчэцінскага універсітэта доктара хабілітаванага С. Квяткоўскага на тэму «Медыевістыка ў Польшчы і яе стаўленне да праблемы самааналізу», дзе разглядаліся прадмет і аб’ект даследаванняў, навуковыя парадыгмы, згадваліся праблемы апісання мінулага і аналізу гістарыяграфічнага дыскурсу, характарызаваўся стан і акрэсліваліся перспектывы развіцця медыевістыкі.

Асобная секцыя была прысвечана абмеркаванню напрамкаў вывучэння гісторыі ранняга Новага часу. У якасці асноўных дакладчыкаў выступілі доктар хабілітаваны Й. Хоіньска-Міка («Палітычная сістэма XVI—XVIII ст. — стан даследавання пасля 1989 г.»), доктар хабілітаваны Ц. Кукло («Грамадства і гаспадарка XVI—XVIII ст. у польскай гістарыяграфіі 1990—2007 гг.») і доктар Р. Буттэрвік («Аб гістарыяграфіі духоўнай культуры ранняга Новага часу»).

У ходзе дыскусіі над дакладамі гучалі розныя меркаванні наконт азначэння выкарыстоўваемых паняццяў, вартасці існуючых навуковых прац, адзначалася небяспека «разрыву» паміж вывучэннем гісторыі Сярэднявечча і ранняга Новага часу, а таксама неабходнасць уліку рэгіянальнага кантэксту і асаблівасцей пры правядзенні даследаванняў па гісторыі Польскай Кароны і ВКЛ, падкрэслівалася, што за перыяд з 1989 г. былі ўзняты новыя тэмы і выкарыстаны новыя метадалагічныя падыходы. Праўда, не ўсе прысутныя пагадзіліся з апошнім меркаваннем, як і з тым, што 1989 г. можна лічыць рубяжом у польскай гістарыяграфіі.

Далейшае абмеркаванне датычылася праблем метадалогіі існуючых даследаванняў па гісторыі палітычнага, сацыяльна-эканамічнага, духоўнага жыцця Рэчы Паспалітай двух народаў. Сваім бачаннем гэтага падзяліліся Я. Дзеглеўскі, У. Аўгустыняк, З. Зяліньска і інш. Падчас дыскусіі ўдзельнікі канферэнцыі актыўна абмяркоўвалі як узнятыя дакладчыкамі пытанні, так і праблемы даступнасці шырокаму колу навукоўцаў крыніц і работ замежных гісторыкаў. Шмат меркаванняў было выказана ў сувязі з разуменнем працэсу мадэрнізацыі на тэрыторыі Польшчы, асаблівасцямі функцыяніравання палітычнай сістэмы, а таксама выкарыстання пэўных тэрмінаў пры вызначэнні праблем дзяржаўнага ладу і ідэалогіі.

Найбольш вострая, на наш погляд, дыскусія разгарнулася пры абмеркаванні дакладаў па гістарыяграфіі гісторыі польскіх земляў у XIX ст. Так, прафесар М. Яноўскі адзначыў, што пэўным рубяжом у польскай гістарыяграфіі трэба лічыць не 1989, а 1980 г., калі быў зменшаны ўплыў цэнзуры. Ацэньваючы станоўчыя і адмоўныя бакі існуючых даследаванняў, да першага ён аднёс з’яўленне прац па гістарычнай архітэктуры, праблемах імперыі і неакаланіялізма, гісторыі рэлігійнасці і інш., а да другога — невялікую колькасць міждысцыплінарных даследаванняў. Сярод галоўных задач, якія стаяць перад польскай гістарыяграфіяй гісторыі XIX ст., М. Яноўскі вылучыў тры: позірк на гісторыю Польшчы вачыма дзяржаў, якія раздзялілі краіну; вачыма іншых народаў, якія жылі на тэрыторыі былой РП і з параўнаўчай перспектывы ў межах Цэнтральнай Еўропы, ці нават у больш шырокім кантэксце. Акрамя гэтага, ён выказаў меркаванне, што рост інтарэсу да польскай гісторыі з боку замежных даследчыкаў дазволіць нацыянальным гісторыкам на-новаму паглядзець на некаторыя праблемы мінулага (т. 2, с. 16).

Сярод іншых пытанняў, якія абмяркоўваліся на канферэнцыі, былі асаблівасці духоўнай культуры, а таксама справы эканамічнага і грамадскага развіцця. Удзельнікі дыскусіі звярнулі ўвагу на такія маладаследаваныя на сённяшні дзень тэмы, як роля палякаў і польскага пытання ў «вялікай гульні» дзяржаў за Каўказ, адносіны духавенства і касцёла да барацьбы за незалежнасць, гісторыя польскага парламентарызму, унутраная палітыка трох дзяржаў, у складзе якіх знаходзіліся польскія землі, культурнае ўзаемадзеянне і ўзаемаўплыў, расійская палітыка ў рэлігійнай сферы, адносіны Расіі і Ватыкана, фарміраванне нацыянальнай свядомасці народаў Расійскай імперыі і інш. Пры гэтым гаварылася пра неабходнасць пераходу ад апісальнай гісторыі да гісторыі «разумеючай», напісання параўнальных прац і пазбаўлення ад чорна-белага бачання мінулых падзей. Паказальным у гэтай сувязі было выступленне прафесара А. Хвальбы, які адзначыў, што, разглядаючы гісторыю першай Рэчы Паспалітай, ён успрымае яе ліквідацыю як ардынарны, нічым не адметны факт. Даследчык падкрэсліў, што існуе шмат стэрэатыпаў ва ўспрыманні падзей XIX ст., ацэнцы становішча польскіх земляў у складзе трох дзяржаў, часта гаворыцца пра негатыўныя з’явы і замоўчваюцца пазітыўныя перамены. У заключэнне А. Хвальба канстатаваў неабходнасць вывучэння гісторыі польскіх земляў у XIX ст. у кантэксце гісторыі і развіцця дзяржаў, у складзе якіх яны знаходзіліся.

Калі даследчыкі Новага часу прыйшлі да высновы, што рубежнай датай у польскай гістарыяграфіі гісторыі XIX ст. з’яўляецца 1980 г., то тыя, хто займаецца навейшай гісторыяй, такой датай назвалі ўсё ж такі 1989 г. Яны адзначылі знікненне цэнзуры, пашырэнне замежных кантактаў, хуткі доступ навуковай літаратуры да чытача, а таксама падкрэслілі ролю такіх устаноў, як Усходні архіў (створаны ў 1987 г.) і асяродак «Карта» (узнік у 1989 г.). Удзельнікі дыскусіі канстатавалі змену ў ацэнцы падзей Другой сусветнай вайны, закрананне новых тэм як, напрыклад, забойства яўрэеў у Едвабнэ і польска-яўрэйскія адносіны, і заўважылі, што вывучэнне гісторыі ПНР носіць у значнай ступені тэндэнцыйны характар. Як адзначалі прысутныя, складанасць у вывучэнні гісторыі ХХ ст. выклікае і той факт, што гісторыкі апісваюць падзеі і людзей, якія яшчэ жывуць і дзейнічаюць на палітычнай сцэне.

Нямала слоў на канферэнцыі было сказана і пра Інстытут нацыянальнай памяці. З аднаго боку, падкрэслівалася яго роля ў публікацыі дакументаў, у тым ліку з архіваў спецслужбаў, а з другога — тэндэнцыйнасць і палітызаванасць выдаваемых прац.

Характарызуючы гістарычныя даследаванні апошніх 18 год, удзельнікі канферэнцыі заўважылі існаванне пэўнай моды на шэраг звязаных пераважна з палітычнымі падзеямі навуковых тэм, назвалі недахопы ў сістэме падрыхтоўкі спецыялістаў і слабае выкарыстанне сучаснай метадалогіі. Ацэньваючы актуальны стан даследаванняў па сацыяльнай гісторыі, прысутныя адзначылі вывучэнне ўплыву войнаў на грамадства, узаемаадносін улады і грамадства (асабліва ў першыя гады пасля заканчэння Другой сусветнай вайны), вялікую колькасць мартыралагічных прац і прыйшлі да высновы, што слабасць сацыяльных даследаванняў заключаецца пераважна ў невялікай колькасці кампаратыўных прац.

У палітычнай гісторыі сярод найбольш папулярных тэм удзельнікі канферэнцыі назвалі праблемы прыстасавання грамадства да новай сістэмы і грамадскага супраціўлення. Пры гэтым шмат хто з прысутных заклікаў маладых даследчыкаў не адмаўляцца ад папярэдніх дасягненняў польскай гістарычнай навукі і адрозніваць «гістарыяграфію ў ПНР» і «чыноўніцкую гістарыяграфію». Падкрэсліваючы вялікі інтарэс да гісторыі Польшчы за мяжой, удзельнікі канферэнцыі адзначалі высокі навуковы ўзровень шматлікіх прац, з якімі варта было б пазнаёміцца айчынным даследчыкам.

Па-за ўвагай прысутных не засталася гэтак званая «гістарычная палітыка» ў краіне і ў пэўнай ступені звязанае з ёй выкарыстанне архіваў польскіх спецслужбаў. Удзельнікі канферэнцыі сышліся на тым, што нельга гаварыць пра гісторыю ПНР толькі ў чорна-белых танах, толькі як пра гісторыю супрацьстаяння сістэме. Варта памятаць і аб працэсе мадэрнізацыі, аб сацыяльнай і тэрытарыяльнай мабільнасці, аб прыстасаванні насельніцтва да рэчаіснасці.

Характарызуючы зборнік канферэнцыйных матэрыялаў па гісторыі польскай гістарыяграфіі, варта адзначыць цікавыя меркаванні ўдзельнікаў дыскусій, вылучэнне «балявых кропак» і выхад на глабальныя праблемы навуковых пошукаў, імкненне выпрацаваць цэласнае бачанне даследчыцкіх і метадалагічных праблем. Уяўляецца, што кніга можа прадстаўляць вялікі інтарэс для гісторыкаў, палітолагаў, і тых, хто займаецца вывучэннем праблем сусветнай гістарыяграфіі.

Tags: , , ,

Comments are closed.

-->