Эвалюцыя канцэптаў «нацыя» і «нацыянальны суверэнітэт»
Декабрь 25, 2010 | Комментарии отключены
М. А. Сакалова
Соколова Марианна Анатольевна — старший научный сотрудник Института истории НАН Беларуси, кандидат исторических наук
У айчыннай гістарыяграфіі доўгі час бесканкурэнтна існаваў фармацыйны падыход, тэарэтыка-ідэалагічную аснову якога складаў марксізм, камбінаваны з эвалюцыянісцкімі ідэямі Ч. Моргана і Ф. Энгельса. Стадыяльныя тыпы «гістарычных супольнасцей» — плямёны, народнасці, нацыі — разглядаліся ў адпаведнасці з грамадска-эканамічнымі фармацыямі. Класічным для савецкай гістарыяграфіі стала сталінскае вызначэнне нацыі: «нацыя — гэта гістарычна склаўшаяся ўстойлівая супольнасць людзей, якая ўзнікла на базе агульнасці мовы, тэрыторыі, эканамічнага жыцця і псіхічнага складу, які праяўляецца ў агульнасці культуры» [1, 393—394]. У выніку ўвядзення ў 1960-я гг. у савецкія грамадскія навукі тэрміна «этнас» 1 гісторыкі пачалі адвольна вызначаць любыя супольнасці і групы ў гісторыі як этнічныя. Адпраўным пунктам для іх даследаванняў станавілася наменклатурная класіфікацыя сучасных народаў. Адначасова ў фармацыйную парадыгму ўводзіліся элементы, уласцівыя цывілізацыйнаму падыходу. Паколькі «этнас», па Ю. Брамлею, з’яўляўся эквівалентам тэрмінаў «нацыя», «нацыянальнасць», «народнасць», «племя» [2, 15] і вызначаў нешта агульнае для ўсіх пералічаных паняццяў, заканамернай была выснова, што «ў тым ці іншым абліччы этнічнасць існуе заўсёды» [2, 31]. Такім чынам, традыцыйная для фармацыйнага падыходу трыяда «племя — народнасць — нацыя» замянялася неакрэсленым «этнасам». Пры гэтым жорсткая прывязка трыяды да эканамічных умоў і палітычнай структуры кожнай стадыі не аспрэчвалася і не пераасэнсоўвалася [2, 19]. Тэрміналагічная блытаніна правакавалася яшчэ і тым, што тэрміны «этнас» і «нацыя» часткова атаясамліваліся. Хоць Ю. Брамлей і трактаваў этнас як пераважна культурную супольнасць, ён адзначаў «сутнасную ролю ў фарміраванні і функцыянаванні калі не ўсіх, то, ва ўсякім выпадку, большасці этнасаў эканамічнага, а таксама палітычнага (дзяржаўнага) фактару» [2, 19].
Увядзенне паняцця этнас у савецкія грамадскія навукі замацавала пазіцыі сацыябіялагічнай тэорыі нацыі/этнасу, што стала асновай шэрагу супярэчнасцей. Так, прыхільнікі гэтага падыходу прызнаюць этнас «першасным» аб’ектам, які фактычна існуе незалежна ад сацыяльных і палітычных уздзеянняў. Адной з важнейшых прычын фармавання і развіцця этнасу яны лічаць натуральны адбор, звязаны з арыентацыяй на родзічаў. Пры гэтым этнічныя характарыстыкі вызначаюцца такімі аб’ектыўнымі фактарамі, як спадчыннасць, спецыфіка ландшафту і клімату, культурнае ўздзеянне і сілавы ціск суседніх народаў, гістарычная пераемнасць. Такія погляды, у прыватнасці, адлюстраваны ў шасцітомнай «Гісторыі Беларусі». У якасці пачатковай эвалюцыйнай адзінкі гісторыі этнасу (чаму не племені, не народнасці?) тут бярэцца папуляцыя. Яна вызначаецца як «сукупнасць асоб аднаго віду, якія насяляюць пэўную тэрыторыю і ў пэўнай ступені ізаляваныя ад іншых такіх жа сукупнасцей. Папуляцыя як элементарная адзінка эвалюцыйнага працэсу здольна доўга існаваць у часе і прасторы, самаўзнаўляцца і трансфармавацца ў выніку пераважнага памнажэння тых ці іншых груп, якія адрозніваюцца ў генетычных адносінах» [3, 323].
Нягледзячы на тое што шэраг даследчыкаў усведамляе эпістэмалагічныя і эўрыстычныя абмежаванні такога падыходу, для пэўнай часткі беларускіх гісторыкаў не толькі этнас, але і нацыя, і нацыянальная дзяржава з’яўляюцца трансцэндэнтальнымі паняццямі, апрыёрнымі сутнасцямі, якія «накіроўваюць» працэс эмпірычнага пазнання. Так, З. Шыбека трактуе «нацыянальны дух» як ідэю, якая існуе самастойна, а нацыянальную свядомасць — як усведамленне гэтай самастойна існуючай ідэі. Пытанне заключаецца толькі ў тым, наколькі адэкватна ўспрымаюцца праяўленні «нацыянальнага духу». У прыватнасці, гісторык адзначае, што ў першай палове ХІХ ст. беларускі дух цалкам праявіў сябе, але «не ўспрымаўся ў якасці духу самастойнай нацыі, а толькі як польскі ці рускі», што затрымлівала развіццё нацыянальнай самасвядомасці беларусаў. «Але, на шчасце, — піша даследчык, — у іх захавалася моцная этнічная аснова» [4, 132].
У гэтым кантэксце трэба адзначыць, што распрацоўка новых падыходаў у сацыяльнай тэорыі спрыяла адыходу ад трактоўкі сацыяльных груп як рэальных субстанцыянальных супольнасцей. У святле такіх тэорый нацыя, у прыватнасці, разглядаецца як семантыка — метафарычная катэгорыя, якая мае эмацыянальную і палітычную легітымнасць, але не можа быць вызначанай праз навуковыя дэфініцыі [5]. Разам з гэтым страчваюць папулярнасць падыходы, у рамках якіх сцвярджаецца, што этнічная і/ці нацыянальная ідэнтычнасць існавалі заўсёды, а народнасці, гісторыю якіх можна прасачыць на працягу стагоддзяў і тысячагоддзяў, складаюць аснову сучасных нацый [5—9]. Так, Дж. Бройі адзначае, што дасучасная этнічная ідэнтычнасць не мае дастатковай колькасці структур, якія выходзяць па-за лакальныя рамкі. Практычна ўсе асноўныя інстытуты, якія ствараюць, захоўваюць ці перадаюць нацыянальную ідэнтычнасць, адносяцца да сучаснай эпохі: «Нацыянальная ідэнтычнасць па сваёй сутнасці сучасная, і менавіта з такой пасылкі павінен пачынацца ўсялякі асэнсаваны падыход да дадзенай тэмы» [10, с. 211]. На думку даследчыка, асобнай увагі патрабуе аналіз зменаў сэнсу адпаведных канцэптаў: «Нямецкі «нацыяналіст» у 1800 годзе стаяў за нешта зусім іншае, чым яго двайнік у 1870-м» [10, с. 214]. Справа ў тым, што ў розныя часы і ў розных абставінах людзі (як на ўзроўні бытавой свядомасці, так і ў навуковым дыскурсе) вылучаюць розныя сацыяльныя канфігурацыі і па-рознаму іх называюць. Пры гэтым спосаб упарадкавання і бачання рэчаіснасці, які адклаўся ў мове, не толькі адлюстроўвае, але і праектуе жыццё, гэта значыць выяўляецца ў разнастайных (не толькі вербальных) практыках [11, с. 141]. Бо, як вядома, моўныя акты — гэта не толькі другасныя працэсы адлюстравання. Яны маюць мабілізуючае ўздзеянне і могуць ствараць сацыяльныя інстытуты. Паняцці «нацыя», «нацыянальнасць», «суверэнітэт», аформленыя як акадэмічныя тэрміны, палітыка-прававыя тэксты і літаратурныя метафары, маюць тэндэнцыю да гарызантальнага (міжмоўнага, міжкультурнага) саперніцтва, калі тыя ці іншыя тэндэнцыі і палітычная мова навязваюць свой дамінуючы статус іншым.
Другая частка сучасных даследчыкаў стаіць на пазіцыях тэорыі мадэрнізацыі, у адпаведнасці з якой лічыцца, што сучасныя нацыі пачалі фарміравацца ў Новы час, калі разам з замацаваннем сістэм бюракратычнага кіравання, рынку і масавай адукацыі распаўсюджваліся культурна-моўныя адзінствы, агульныя грамадскія і прававыя нормы [6; 7; 8, 9].
У такой сітуацыі наблізіцца да адэкватнага разумення нацыятворчых працэсаў, на нашу думку, можна праз паглыбленне ў корпус разнастайных літаратурных крыніц, якія б маглі паказаць, што «разумелі» пад гэтымі тэрмінамі ў пэўныя перыяды. Пры гэтым трэба ўлічваць: 1) змены ў спосабах асэнсавання сацыяльнай рэальнасці; 2) эвалюцыю «практык улады»; 3) пераход праблематыкі, звязанай з нацыяй, з поля філасофіі дзяржавы праз філасофію гісторыі і філалогію да эмпірычнай сацыялогіі; 4) перыяды актуалізацыі нацыянальнага дыскурсу ў залежнасці ад пэўных палітычных абставін як унутры краін, так і ў міжнародных адносінах. Дадзены артыкул прысвечаны аналізу двух апошніх аспектаў пазначанай вышэй шматмернай праблемы.
Як вядома, слова «нацыя» паходзіць ад лацінскага natio (род, племя). У старажытным Рыме «нацыямі» называлі групы чужынцаў з пэўнага рэгіёна, якія былі аб’яднаны кроўнымі сувязямі і не мелі тых правоў, якія мелі грамадзяне імперыі. Грамадзяне ж Рыма называліся «populus». У класічным рымскім словаўжыванні «nation», як і «gens», было супрацьлегласцю «civitas». У гэтым сэнсе нацыі першапачаткова з’яўляліся супольнасцю людзей аднаго паходжання, якія звязаны супольным пасяленнем, агульнай мовай, звычаямі і традыцыямі. Такое значэнне праходзіла скрозь усё сярэднявечча да пачатку Новага часу. Слова «нацыя» выкарыстоўвалася купцамі, якія такім чынам вызначалі краіну, адкуль прыехалі. Студэнцкія ўніверсітэцкія нацыі — зямляцтвы (nationem) — таксама складаліся згодна прынцыпу агульнага паходжання, якое разумелася вельмі шырока: «французская нацыя» Парыжскага ўніверсітэта ўключала не толькі «французаў», але і «іспанцаў», «італьянцаў», а «нямецкая» — «англічан» і г. д. Як адзначаюць даследчыкі, ва ўніверсітэцкіх колах, дзе студэнты дапамагалі адзін аднаму, тэрмін «нацыя» набыў значэнне «супольнасць на аснове агульных інтарэсаў» [12, с. 365; 13, р. 165—171]. З канца XIII ст. тэрмін «нацыя» стаў выкарыстоўвацца рымскай царквой для азначэння рэлігійнай тэрытарыяльнай супольнасці [14, р. 31].
З XV ст. слова «нацыя» трапляецца ў юрыдычных дакументах, дзе яно выкарыстоўвалася ў дачыненні да прадстаўнікоў так званага свабоднага дваранства, якое жыло на пэўнай тэрыторыі (падпарадкоўвалася пэўнаму суверэну) і ўдзельнічала ў палітычным жыцці [15, с. 28—29; 12, с. 366; 16, р. 7].
Новая кардынальная змена зместу канцэпту «нацыя» адбылася ў XVI ст., калі слова пачалі ўжываць у дачыненні да ўсяго насельніцтва краіны і яно стала сінонімам слова «народ» [13, р. 4]. У час развіцця нацыянальных літаратурных моў слова «нацыя» амаль зышло з агульнага ўжывання. У шырокае карыстанне ўваходзіць «народ» (ням. — «Volk», фр. — «peuple», ісп. — «pueblo»/«gente», іт. — «popolo»/«gente» і г. д.). Тэрмін «нацыя» захоўваўся пераважна ў працах па філасофіі дзяржавы і ў большасці выпадкаў атаясамліваўся з дзяржавай, з яе насельніцтвам ці з грамадствам наогул і азначаў прыналежнасць да пэўнай тэрытарыяльна-палітычнай ці сацыяльнай супольнасці [17, р. 105—109; 18, р. 38].
Істотная трансфармацыя значэння слова «нацыя» адбылася ў ХVІІ ст., што было звязана з распаўсюджаннем ідэі нацыянальнага суверэнітэту. Слова «суверэнітэт» (стар. англ.-фр. — «souverainetй», лац. — «superanus», «superus») у блізкім да сучаснага сэнсе — «вярхоўная ўлада ў межах пэўнай тэрыторыі» — фіксуецца ў англійскай і французскай мовах з ХІV ст. Этымалагічна роднасным слову «суверэнітэт» з’яўляецца слова «сюзерэн» (ад ст. фр. «suserain», «sus» — над, вышэй + лат. «vertere» — накіроўваць). Эвалюцыя тэрміна «суверэнітэт» адбывалася ў рамках працэсаў глыбокай трансфармацыі разумення прыроды палітычнай улады ў сярэднія вякі, фарміравання сістэмы самастойных дзяржаў, што знайшло сваё адлюстраванне ў Вестфальскай сістэме (1648), а таксама філасофскага асэнсавання гэтага паняцця ў працах Ж. Бадэна, Т. Гоббса і інш [19; 14; 20]. Ж. Бадэн вызначаў суверэна як асобу, якая стаіць над чалавечымі законамі і падпарадкоўваецца толькі боскім законам ці законам прыроды [21]. Дж. Локк бачыў аснову дзяржавы ў «згодзе народа», у «грамадскім дагаворы». Аднак суверэнітэт, з яго пункту гледжання, паходзіць ад уласніка. Для Дж. Локка ўласнік з’яўляўся суб’ектам, які стварае закон, а чалавек без уласнасці — суб’ектам, які падпарадкоўваецца закону [20, с. 42—43].
Такое разуменне суверэнітэту набывала папулярнасць у Францыі ў ХVІІІ ст., калі сярод французскай інтэлектуальнай эліты распаўсюджваліся англафільскія настроі. Разам з тым ужо Ж. Ж. Русо зыходзіў з таго, што індывіды, якія складаюць палітычны арганізм, павінны мець падобныя звычаі і манеры, агульныя сацыяльныя ідэалы. Цэласнасць дзяржавы і палітычная свабода могуць існаваць толькі тады, калі грамадзяне адчуваюць моцнае пачуццё лаяльнасці, што немагчыма, калі звычаі і каштоўнасці значна адрозніваюцца [22, с. 18—20]. Слова «нацыя» для Ж. Ж. Русо было сінонімам паняцця «суверэнны народ» і адносілася да грамадзян [23, с. 118]. Д. Дзідро таксама вызначыў нацыю як значную колькасць людзей, якія жывуць на пэўнай тэрыторыі і кіруюцца адным урадам [19, р. 28].
З’яўленне новага тыпу светапогляду стала адным з важных ідэалагічных наступстваў эпохі Французскай рэвалюцыі [24, с. 188—195]. Сутнасць змены зместу паняццяў «суверэнітэт» і «нацыя», якая адбылася ў гэты час, вельмі трапна абагульніў лорд Д. Актан: «Гістарычная Францыя пала разам з традыцыйнай французскай дзяржавай. Старая вярхоўная ўлада была знішчана. <…> Новую цэнтральную ўладу трэба было будаваць на падставе новага прынцыпу аб’яднання. І вось у якасці аснавання нацыі быў узяты натуральны стан, які лічыўся ідэалам грамадства, месца традыцыі заступіла паходжанне, і французскі народ пачаў разглядацца як нейкі матэрыяльны прадукт <…> Зыходзілі з таго, што чалавечая супольнасць існуе сама па сабе, незалежная ад урада <…> поўнасцю вызваленая ад мінулага і ў любую хвіліну гатовая выказаць ці змяніць сваё меркаванне <…> Так ідэя вярхоўнай улады народа <…> выклікала да жыцця ідэю нацыі. Яна зыходзіла з адмаўлення двух аўтарытэтаў: дзяржавы і мінулага» [25, с. 32].
У такім кантэксце насельніцтва як «аснова дзяржавы» не проста ўяўляла сабой асацыяцыю, якую павінен згуртаваць уладар (Maitre), але народ (people), які ўзначальвае носьбіт агульнай волі — chef. Толькі такім чынам дзяржава становіцца тым, чым яна павінна быць — палітычным целам (corps politique). Апошняе складаецца з духоўнага і калектыўнага. Чалавек павінен зрабіць пэўныя намаганні, каб стаць сапраўдным грамадзянінам і пераадолець своекарыснасць. Пакуль жа ён захоўвае «партыкулярызм», то разглядаецца як падданы, які падпарадкоўваецца законам. Аднак у такіх абставінах дзяржава не можа доўга існаваць [23, с. 104]. «Дэкларацыя праў чалавека» 1789 г. (арт.3) абвяшчала: «Аснова ўсялякага суверэнітэту па сваёй сутнасці заключаецца ў нацыі. Ніякае аб’яднанне, ніякі індывід не могуць быць крыніцамі ўлады, якая зыходзіць выключна з нацыі» [23, с. 110].
У гэты ж час новы змест замацаваўся і за словам «нацыянальнасць». Так, Напалеон сцвярджаў, што французы «не маюць нацыянальнасці», каб падкрэсліць, што прыналежнасць да «нацыі» не залежыць ад месца паходжання [26]. Менавіта ў гэтым кантэксце К. Клаўзевіц пераасэнсаваў сутнасць сучасных яму войнаў, у якіх сутыкаліся не падданыя манархаў, а суверэнныя народы. Праца К. Клаўзевіца пазначала пэўны рубеж у разуменні суверэнітэту, які ў дадатак да ўнутранага вымярэння («воля суверэну») набываў знешняе — барацьба за тэрыторыю. Іншымі словамі, Французская рэвалюцыя не толькі скасавала суверэнітэт манарха, але «стварыла» разам з «воляй народа» новы прынцып адзінства — «нацыянальнасць» [25, с. 30—31], «усплёск» якой стаў зваротным бокам асветніцкай ідэі суверэнітэту народа [23, с. 118].
Разам з фармулёўкай ідэі суверэнітэту народа і палітызацыяй паняцця «нацыя» паўставала пытанне аб тым, што ж такое гэты народ, які з’яўляецца суверэнам у якасці нацыі [23, с. 119]. Адказы на гэтае пытанне ў першай палове ХІХ ст. фармуляваліся ў рамках філасофіі дзяржавы і філасофіі гісторыі пад моцным уплывам як рэвалюцыйных падзей і напалеонаўскіх войнаў, так і рамантычнага «адкрыцця народа» — шырокага інтэлектуальнага руху, які пачаўся яшчэ ў канцы ХVІІІ ст. [27, с. 29—50]. Не дзіўна, што ў такіх умовах народ трактаваўся як культурная еднасць.
У якасці пачынальніка традыцыі разумення народа як культурнай супольнасці можна назваць Ш. Мантэскьё, які лічыў, што нацыю трэба разумець як пэўную форму сутнасці — агульны дух (esprit generale) [28, с. 350]. Погляды Ш. Мантэскьё сталі асновай філасофіі дзяржавы, сфармуляванай у працах Й. Г. Гердэра, якога звычайна называюць адным з першых «тэарэтыкаў» нацыяналізму, пачынальнікам нямецкай, калектывісцкай, культурнай ідэі нацыі [22, с. 17]. Між тым трэба адзначыць, што «нацыя» як такая не была прадметам цікавасці нямецкага філосафа. Пафас працы заключаўся ў звароце да народнай, гэта значыць сялянскай, простанароднай культуры, якая, па Й. Г. Гердэру, з’яўляецца арганічнай асновай «агульнага духу» [29, с. 228, 242 і інш.]. Сутнасць уплыву гэтага філосафа на эвалюцыю канцэптаў «нацыя» і «народ» палягае ў сцвярджэнні верхавенства культуры над палітычным ладам краін, у стратэгіі «сакралізацыі мовы». Менавіта на іх падставе Й. Г. Фіхтэ ператварыў крытэрый мовы, які да гэтага часу ўспрымаўся як дадатковы ці другасны крытэрый «нацыі» і «нацыянальнасці», у асноўны [30, с. 78, 79]. У «Прамовах да нямецкай нацыі» ён вызначаў народ як сукупнасць людзей, якія «жывуць агульным жыццём, пастаянна ўзнаўляюць сябе фізічна і духоўна і якія падвяргаюцца ўсе разам дзеянню асобага закона ўнутранага развіцця Боскага. Агульнасць гэтага асобага закона і звязвае людзей у вечным, а таксама і часовым свеце ў адно натуральнае, прасякнутае самім сабой цэлае» [35, с. 119; 10, с. 78—79]. Набыццё «нямецкай вучонасцю» дамінуючага статусу ў Еўропе з 1830-х гг. [31] спрыяла пашырэнню «стратэгій сакралізацыі мовы» і ператварэнню мовы ў вядучы крытэрый вызначэння як нацыі, так і народа.
Перыяд рэвалюцый 1846—1848 гг. стаў вельмі важным з пункту гледжання фарміравання дактрыны «нацыянальнага самавызначэння», ці «прынцыпу нацыянальнасці» — ідэі аб неабходнасці правядзення дзяржаўных граніц у адпаведнасці з лінгвістычнымі [24; 25]. У гэты час адбываўся пераход ад канцэпцыі індывідуальнага самавызначэння як натуральнага наступства дэмакратыі да канцэпцыі «нацыянальнасці» — як аб’ектыўнага права «нацый» на незалежную дзяржаўнасць: індывідуальныя правы, узгалошаныя Французскай рэвалюцыяй, былі перанесены на калектыўныя супольнасці — народы.
У другой палове ХІХ ст. разуменне і вызначэнне паняццяў «нацыя» і «нацыянальны суверэнітэт» асэнсоўваліся ў кантэксце спробаў растлумачыць «прынцып нацыянальнасці» ў рамках панаваўшай у той час канцэпцыі Realpolitik. Так, у працы «Разважанні аб прадстаўнічым кіраванні» (1861) Дж. Сц. Міль адзначаў, што адной з важных перадумоў моцнага палітычнага саюза з’яўляецца прынцып моцнай і дзейснай згуртаванасці паміж членамі абшчыны ці дзяржавы, які выражаецца ў «феномене нацыі» [34, с. 222—223].
Лорд Дж. Экатан у эсе «Нацыянальнасць» (1862) пісаў: «У старой еўрапейскай сістэме правы нацыянальнасцей ніколі не прызнаваліся ўрадамі і не зацвярджаліся народам. Межы рэгуляваліся інтарэсамі пануючых дынастый, а не нацый, і кіраванне ажыццяўлялася звычайна без якіх-небудзь спасылак на жаданні народа». Падзелы Рэчы Паспалітай, якая не мела спадчыннай манархіі і таму не была пад абаронай звычайнага права, якое рэгулявала адносіны паміж дынастыямі, па меркаванні лорда, быў вельмі паказальным фактам «старога абсалютызму». Менавіта гэты акт ператварыў права «нацыянальнасці» ў рэальную прэтэнзію, а пачуццё — у палітычнае права [22, с. 169, 170]. Асноўнай прыкметай нацыі брытанскі гісторык і палітычны дзеяч лічыў дзяржаву, якая з часам магла спарадзіць нацыю. Тэорыя нацыянальнай незалежнасці («прынцып нацыянальнасці», «нацыянальны суверэнітэт») уваходзіць у дэмакратычную тэорыю вярхоўнай улады народа, яго суверэннай волі [25, с. 40—41].
Такім чынам, у другой палове ХІХ ст. зацвердзілася разуменне нацыі як тэрытарыяльна-палітычнай супольнасці, паняцце ж народа трактавалася перш за ўсё як культурна-лінгвістычная супольнасць. Тое, што Э. Хобсбаўм назваў «разуменне нацыі» (гістарычная сувязь народа з сучаснай дзяржавай ці з дзяржавай, якая дастаткова доўга існавала ў мінулым; існаванне культурнай эліты і пісьменнай нацыянальнай мовы; здольнасць да заваяванняў; дастатковыя памеры тэрыторыі і насельніцтва) [15, с. 61—63.], пазначалася тэрмінам «нацыянальнасць». «Прынцып нацыянальнасці», пазбаўлены такіх складаючых, як права народа вызначаць сістэму кіравання ўнутры краіны, упершыню быў артыкуляваны на Берлінскім кангрэсе 1878 г. Адпаведна тэрміны «народны суверэнітэт» і «нацыянальны суверэнітэт» сталі выкарыстоўвацца толькі ў сферы знешняй палітыкі.
На рубяжы ХІХ—ХХ ст. робяцца спробы асэнсаваць паняцці «нацыя» і «нацыянальнасць» у рамках біялагічных і сацыяльных навук. Менавіта ў гэты час стала распаўсюджвацца паняцце «раса» [16]. Сацыяльны дарвінізм выступіў як парадыгма, пад уплывам якой у рознай ступені і ў розныя часы знаходзіліся К. Маркс, Г. Тард, А. Лорыа, Ж. Ляпуж, Э. Ферры, Г. Зімель, Т. Веблен і інш. [35; 36; 37]. Аўстрыйскі сацыёлаг Л. Гумпловіч увёў паняцце «этнацэнтрызм», якое вызначаў як матывы, зыходзячы з якіх кожны народ верыць, што займае высокае месца не толькі сярод сучасных народаў і нацый, але і ў параўнанні з народамі гістарычнага мінулага [35].
Дыскусіі па нацыянальнаму пытанню набывалі актуальнасць, паколькі палітычнае ўздзеянне нацыянальных лозунгаў на масы стала сутнасным пытаннем «рэальнай палітыкі» [15, с. 71]. Разам з тым на павестку дня выходзіла і пытанне «права нацыянальнага самавызначэння», якое на пачатку ХХ ст. таксама набыло асобую палітычную вастрыню. У такіх умовах узнікла патрэба падсумаваць і абагульніць уяўленні пра нацыю. Адным з першых такую спробу ажыццявіў лорд Актан, які вызначыў прынцыповую розніцу паміж падыходамі да разумення нацыі ў французскай і англійскай палітычнай думцы [25, с. 41—42]. У 1907 г. нямецкі гісторык Ф. Мейнеке ў працы «Нацыяналізм і касмапалітызм» вылучыў, адпаведна, два падыходы да разумення нацыі: культурны і дзяржаўны [38, с. 37—38].
Вызначэнне паняцця «нацыя» стала галоўнай праблемай Другога міжнароднага сацыялагічнага кангрэса (1912). Менавіта там М. Вебер падсумаваў разуменні нацыі, якія склаліся да пачатку ХХ ст., і зазначыў, што паняцце «нацыя» калі і можа быць вызначана, то не на падставе агульных характэрных рысаў, якія могуць быць эмпірычна вызначанымі. Гэтае паняцце адносіцца да сферы каштоўнасцей і сферы палітыкі. У такім кантэксце паняцце нацыі можа быць вызначана як «супольнасць пачуцця» (community of sentiment), якая знаходзіць адэкватную праяву ў дзяржаве. Такім чынам, нацыя — гэта супольнасць, якая звычайна схільная прадуцыраваць уласную дзяржаву [39, р. 21—25]. У 1915 г. П. Сарокін дадаў да гэтага вызначэння сцвярджэнне аб тым, што нацыянальнасці як адзінага сацыяльнага элемента няма, як няма і спецыяльна нацыянальнай сувязі. «Нацыянальныя пытанні», на яго думку, складаюць адну з глаў агульнага вучэння аб прававой няроўнасці членаў адной і той жа дзяржавы» [40, с. 248].
Трэба адзначыць, што першыя тэорыі нацыі былі сфармуляваны толькі ў другой палове ХХ ст. З гэтага часу пачынаецца новы перыяд эвалюцыі зместу пазначаных вышэй паняццяў, аналіз якога можа стаць тэмай іншага даследавання. Высновы ж дадзенага артыкула можна падсумаваць наступным чынам. Прыкладна да канца XVI ст. агульны змест тэрмінаў «нацыя» і «нацыянальны суверэнітэт» эвалюцыяніраваў праз наданне ім новых «лакальных» значэнняў. У XVI—XVIІ ст. характар ужывання тэрмінаў змяняўся пад уздзеяннем двух працэсаў: 1) выціскання лацінскіх слоў з нацыянальных моў; 2) тэарэтычнага асэнсавання паняццяў у рамках філасофіі дзяржавы. Суверэнітэт пачаў асэнсоўвацца як вярхоўная ўлада ў межах пэўнай тэрыторыі. Нацыя (ці народ) разглядалася як сукупнасць падданых суверэну. У шэрагу выпадкаў гэтае паняцце адносілася толькі да «грамадзян» — тых, хто меў палітычныя правы.
У XVIІІ — першай палове ХІХ ст. паняцці «народ» і «нацыя» ўвайшлі ў праблемнае поле філасофіі гісторыі, філалогіі, гісторыі літаратуры і г. д. У гэты перыяд былі вылучаны культурныя, моўныя, «духоўныя» асновы нацыянальнай/народнай супольнасці; фармулюецца разуменне «суверэнітэту народа» як вярхоўнай улады грамадзян, а не манархаў; адбываецца палітызацыя паняццяў «нацыя» і «суверэнітэт народа»; ва ўжытак уваходзіць слова «нацыянальнасць» для вызначэння культурна-моўнай складаючай нацыі; для вызначэння незалежнасці дзяржавы ва ўжытак уваходзіць словазлучэнне «нацыянальны суверэнітэт».
З сярэдзіны ХІХ ст. у палітычным дыскурсе фарміруецца канцэпт «прынцып нацыянальнасці», ці «прынцып нацыянальнага самавызначэння». Эвалюцыя паняццяў «нацыя», «нацыянальнасць» адбываецца пад уплывам ідэалагічнай барацьбы прыхільнікаў розных палітычных партый. Робяцца спробы тэарэтычнага асэнсавання паняцця «нацыя» ў напрамку палітызацыі і этатызацыі канцэпту. На пачатку ХХ ст. вызначаюцца асноўныя напрамкі трактоўкі паняцця «нацыя»: сацыябіялагічны, культурна-моўны, канструктывісцкі.
На нашу думку, улік акрэсленага вышэй складанага працэсу фарміравання «нацыянальнай праблематыкі» ў рамках філасофіі дзяржавы, гісторыясофіі і сацыялогіі, як і прапанаваны аналіз прычын актуалізацыі нацыянальнага дыскурсу ў канцы ХІХ — пачатку ХХ ст., дазваляе пэўным чынам уніфікаваць канцэптуальны апарат айчыннай гістарыяграфіі, зменшыць колькасць розначытанняў і стварыць умовы для дасягнення кансенсусу па прынцыповых пытаннях гісторыі беларускай нацыі і дзяржавы.
1 Трэба адзначыць, што тэрмін «этнас» існуе толькі ў грамадскім дыскурсе былых савецкіх рэспублік. Навукоўцы іншых краін карыстаюцца тэрмінамі «этнічная група» (менавіта супольнасць людзей) і «этнічнасць» (перш за ўсе, сукупнасць характарыстык, якія адрозніваюць дадзены тып супольнасці ад іншых, а таксама рысы, дзякуючы якім этнічныя супольнасці адрозніваюцца адна ад другой).
ЛІТАРАТУРА
1. Краткий философский словарь / М. Розенталь, П. Юдин [и др.]. М., 1954. С. 393—394.
2. Этнос и политика: хрестоматия / авт.-сост. А. Празаускас. М. : Ун-т Рос. акад. образования, 2000. 400 с.
3. Гісторыя Беларусі: у 6 т. Т. 1. Старажытная Беларусь: ад першапачатковага засялення да сярэдзіны ХІІІ ст. / М. Касцюк (гал. рэд.) [і інш]. Мінск : Экаперспектыва, 2000. 351 с.
4. История имперских отношений: беларусы и русские, 1772—1991 / А. Тарас (гл. ред.). Минск : А. Н. Вараксин, 2008. 608 с.
5. Тишков, В. А. Реквием по этносу. Исследования по социально-культурной антропологии / В. А. Тишков. М. : Наука, 2003. 533 с.
6. Соколова, М. Этнос и нация как «дискурсивные формации» / М. Соколова // Этнічныя супольнасці ў Беларусі: гісторыя і сучаснасць: навук. канф. Мінск : Дэполіс, 2001. С. 102—107.
7. Терешкович, П. В. Этническая история Беларуси XIX — начало XX в. в контексте Центрально-Восточной Европы / П. В. Терешкович. Минск : БГУ, 2004. 223 с.
8. Андерсон, Б. Воображаемые сообщества: размышления об истоках и распространении национализма / Б. Андерсон. М. : Московская шк. полит. исслед., 2003. 312 с.
9. Deutsch, K. Nationalism and Social Communication: An Inquiry into the Foundations of Nationality / K. Deutsch. New York : The MIT Press & John Wiley & Sons, 1953. 266 p.
10. Бройи, Дж. Подходы к исследованию национализма / Дж. Бройи // Нации и национализм. М. : Праксис, 2002. С. 201—235.
11. Миллер, А. О дискурсивной природе национализмов / А. Миллер // Pro et Contra. 1997. № 4. С. 141—151.
12. Хабермас, Ю. Европейское национальное государство / Ю. Хабермас // Нации и национализм. М. : Праксис, 2002. С. 364—380.
13. Greenfield, L. Types of European Nationalism / L. Greenfield // Hutchinson J. and Smith A. (eds.) Nationalism. Oxford : Oxford University Press, 1994. P. 165—171.
14. Hall, R. National Collective Identity Social Constructs and International Systems / R. Hall. New York : Columbia University Press, 1999. 392 p.
15. Хобсбаум, Э. Нации и национализм после 1780 г. / Э. Хобсбаум. СПб. : Алетейя, 1998. 306 с.
16. Kohn, H. Nationalism: Its Meaning and History / H. Kohn. New York : Prinston Uneversity Press, 1965. 165 p.
17. Peplowski, F. Slownictwo i frazeologia polskiej publicistyki okresu oswiecieniea i romantyzmu / Pepolowski, F. Warszawa : Ksiega i wiedza, 1961. 256 s.
18. Connor, W. A Nation is a Nation, is a State, is an Ethnic Group, is a … / W. Connor // Hutchinson J. and Smith A. (eds.) Nationalism. Oxford : Oxford University Press, 1994. Р. 30—58.
19. Kemilainen, A. Nationalism. Problems Concerning the Word, the Concept and Classification / A. Kemilainen. Jyvдskylд : Kustantajat Publishers, 1964. 58 p.
20. Мере, Ж. Принцип суверенітету. Історія та основи новітньої влади / Ж. Мере. Львів : Кальварія, 2003. 216 с.
21. Bodin, J. On Sovereignty: Six Books Of The Commonwealth / J. Bodin. Oxford : Basil Blackwell, 1955. 212 p.
22. Малинова, О. Ю. Либеральный национализм (середина XIX — начало ХХ в.) / О. Ю. Малинова. М. : РИК Русанова, 2000. 254 с.
23. Хюбнер, К. Нация. От забвения к возрождению / К. Хюбнер. М. : Канон+, 2001. 400 с.
24. Фюре, Ф. Постижение Французской революции / Ф. Фюре. СПб. : ИНАПРЕСС, 1998. 224 с.
25. Актон, Дж. Принцип национального самоопределения / Дж. Актон // Нации и национализм. М. : Праксис, 2002. С. 26—51.
26. Schippers, T. Cultural Identity: search for a Definition / T. Shippers // The International Scope Review. 2001. № 6. Р. 10—25.
27. Бэрк, П. Народная культура Эўропы ранняга новага часу / П. Бэрк. Мінск : Тэхналогiя, 1999. 380 с.
28. Монтескьё, Ш. Избранные произведения / Ш. Монтескьё. М. : Гос. изд-во Политической Литературы, 1955. 799 с.
29. Гердер, Й. Г. Идеи к философии и истории человечества / Й. Г. Гердер. М. : Наука, 1977. 447 с.
30. Булгакаў, В. Гісторыя беларускага нацыяналізму / В. Булгакаў. Вільня : Інстытут беларусістыкі, 2007. 331 с.
31. Саид, Э. Ориентализм. Западные концепции Востока / Э. Саид. СПб. : Русский мир, 2006. 637 c.
32. Европейские революции 1848 года: «Принцип национальности» в политике и идеологии / Виноградов В. Н., Исламов Т. М., Кирилина Л. А. [и др.]. М. : Индрик, 2001. 455 с.
33. Право народов на самоопределение: идея и воплощение / А. Г. Осипов (сост.). Правозащитный центр «Мемориал». Просветительская группа по правам человека. М. : Звенья, 1997. 222 с.
34. Милль, Дж. Ст. Размышления о представительном правлении / Дж. Ст. Милль. Бенсон (Вермонт): Чалидзе паблишере, 1988. 263 с.
35. Гумплович, Л. Социология и политика / Л. Гумплович. М. : Изд. В. Бонч-Бруевича, 1895. 245 с.
36. Sumner, W. Folkways: A Study of the Sociological Importance of Usages, Manners, Customs, Mores, and Morals / W. Sumner. New York : Dover. Publications, 1958. 692 p.
37. Bagehot, W. Physics and Politics, or, Thoughts on the application of the principles of natural selection and inheritance to political society / W. Bagehot. Kitchener : Batoche Books, 2001. 125 p.
38. Альтерматт, У. Этнонационализм в Европе / У. Альтерматт. М. : РГГУ, 2000. 366 с.
39. Weber, M. The Nation /M. Weber // Hutchinson J. and Smith A. (eds.) Nationalism. Oxford : Oxford University Press, 1994. P. 21—25.
40. Сорокин, П. Национальный вопрос как проблема социального равенства / П. Сорокин // Человек. Цивилизация. Общество. М. : Политиздат, 1992. С. 245—252.
Summary
The author agues that reconstruction of conceptual transformation of the notions of «nation» and «national sovereignty» are the most important preconditions for the terminological consensus among scholars engaged in studies of history of Belarusian nation and nation-state. The article critically investigates into the possible rethinking of the nexus between various understandings of «nation» and national sovereignty, and shows the implications of possible correlations for reconstructions of Belarusian nation building process in the late XIXth- early XXth centuries.
