Рыхлік Я.
Рыхлик Ян — профессор Института чешской истории философского факультета Карлова университета (Прага, Чехия), доктор исторических наук
Пра славацка-балгарскія ўзаемадачыненні існуе цэлы шэраг даследаванняў і навуковых прац рознай значнасці [1—6]. Мэтай наступнага даследавання з’яўляецца спроба паглыбіць нашы веды пра гэтыя дачыненні і разгледзець іх у больш шырокім кантэксце міжнародных стасункаў і славацкага ды балгарскага развіцця падчас Другой сусветнай вайны.
У 1918—1939 гг. славацка-балгарскія ўзаемадачыненні развіваліся ў межах дачыненняў чэхаславацка-балгарскіх. Хоць знешняя палітыка Чэхаславакіі вызначалася ў Празе і славакі мелі на яе толькі абмежаваны ўплыў, у канкрэтным выпадку трэба сказаць, што менавіта праз Славакію Балгарыя і Чэхаславакія апынуліся ў супрацьлеглых групоўках. Чэхаславакія была плодам Версальскай сістэмы і таму паслядоўна адмаўляла ўсе спробы перагляду сусветных дамоў. Таму ажно да наступлення нацыянал-сацыялісцкай дыктатуры ў Германіі ў 1933 г. для Чэхаславакіі і адначасова для Славакіі галоўнай праблемай быў венгерскі рэвізіянізм і спробы Будапешта змяніць славацка-венгерскую мяжу, усталяваную Трыянонскай мірнай дамовай у 1920 г. Відавочна, натуральнымі саюзнікамі Чэхаславакіі сталі тыя краіны, якія, прымаючы пад увагу вынікі Першай сусветнай вайны, таксама мусілі асцерагацца венгерскага рэвізіянізму, гэта значыць Румынія і Югаславія. З гэтымі дзяржавамі Чэхаславакія мела падпісаныя саюзніцкія дамовы, сістэма якіх увайшла ў гісторыю пад назвай «Малая канвенцыя» (Petit Entance).
Становішча Балгарыі было іншым. Нязменнай мэтай балгарскай палітыкі ўжо з ХІХ ст. было паступовае здабыванне тых земляў, якія паводле першапачатковай руска-турэцкай мірнай дамовы, падпісанай 3 сакавіка 1878 г.1 ў Сан-Стэфана 2, мусілі ўтварыць самастойную Балгарыю, але якія пастановай дзяржаў-гегемонаў на кангрэсе ў Берліне ўлетку таго ж года былі вернуты Асманскай імперыі. Перадусім мелася на ўвазе Македонія. Гэтую мэту атрымалася рэалізаваць толькі часткова. У 1912—1913 гг. Балгарыя разам з Сербіяй, Грэцыяй і Чарнагорыяй перамаглі туркаў у першай балканскай вайне і захапілі частку фракійскага ўзбярэжжа каля Эгейскага мора, але Македоніі не здабылі. Пасля гэтага ўзнік канфлікт паміж былымі саюзнікамі — Балгарыяй і Сербіяй з Грэцыяй, да якіх далучыліся таксама Румынія і Турцыя. Вынікам была нядоўгая другая балканская вайна ўлетку 1913 г., у якой Балгарыя пацярпела паражэнне. Паводле Бухарэсцкага міру 10 жніўня 1913 г.3 да Румыніі адышла Паўднёвая Добруджа, а ад Македоніі Балгарыя атрымала толькі невялікую частку ў горным масіве Пірын (так званая Пірынская Македонія). Самую значную частку атрымалі Сербія (Вардарская Македонія) і Грэцыя (Эгейская Македонія). Паколькі Сербія (а пазней і Грэцыя з Румыніяй) у Першай сусветнай вайне выступіла на баку Антанты, Балгарыя, кіруючыся жаданнем перагляду Бухарэсцкага міру, уступіла ў ваенны канфлікт на баку гегемонаў — Германіі, Аўстра-Венгрыі і Турцыі. Балгарская армія на пачатку 1915 г. брала ўдзел у паходзе супраць Сербіі, а пазней, у 1916, — супраць Румыніі і ўрэшце супраць Грэцыі. З гледзішча стратэгічнага рабіўся лёсавызначальны выбар і вялікая памылка балгарскай палітыкі. Аб’яднанне з нямецка-аўстрыйскім блокам дало магчымасць займець на некаторы час землі, страчаныя ў 1913 г., але тым большыя тэрытарыяльныя страты былі потым, у выніку паражэння дзяржаў-гегемонаў. Сусветным пагадненнем у Нёі-сюр-Сэн, падпісаным 27 лістапада 1919 г., былі не толькі пацверджаны межы Румыніі, усталяваныя Бухарэсцкім мірам, але да таго ж Балгарыя страціла яшчэ большую частку фракійскага ўзбярэжжа Эгейскага мора на карысць Грэцыі, а на карысць Сербіі, або будучай Югаславіі (тады Каралеўства СХС, г. зн. Kraljevina Srba, Hrvata i Slovinaca), — так званыя заходнія ўскраіны (вобласць паблізу Царыброда і Басілеграда) і ў Пірынскай Македоніі вобласць Струміца. У міжваенны перыяд балгарская палітыка была скіравана на выкарыстанне супярэчнасцей паміж дзяржавамі і дасягненне такім чынам прынамсі частковага перагляду Нёіскага міру. Гэта збліжала Балгарыю з Венгрыяй, якая таксама была зацікаўлена ў пераглядзе мірных пагадненняў і тагачасных межаў. У канцы міжваеннага перыяду Балгарыя паступова зблізілася з нацыянал-сацыялісцкай Германіяй, у якой бачыла галоўную рэвізіянісцкую сілу. Знешняя палітыка Чэхаславакіі ў дачыненні да Сафіі ў сувязі з гэтым мела выразны характар: Балгарыя мусіла адмовіцца ад патрабавання перагляду мірных дамоў і прызнаць статус-кво Македоніі. Унутранае палітычнае развіццё Балгарыі, дзе ў 1930-х гг. канчаткова ўсталявалася царская4 дыктатура Барыса III (1918—1943), названая «рэжымам без палітычных партый», нягледзячы на гэта, ва ўзаемадачыненнях паміж Прагай і Сафіяй адыгрывала нязначную ролю5.
Мюнхенскае пагадненне 30 верасня 1938 г. Балгарыя сустрэла як першую праяву перагляду версальскай сістэмы. Удзел Балгарыі ў яго падрыхтоўцы ў Мюнхене быў не толькі пасіўным: Барыс ІІІ наведаў 22 верасня Берлін, дзе меў размову з Гітлерам. 25 верасня Барыс звярнуўся з лістом да брытанскіх улад з «рэкамендацыяй» прымусіць Чэхаславакію ў мэтах «захавання міру» саступіць Германіі памежныя землі. З вялікай прыязнасцю быў сустрэты праз месяц венскі арбітраж, паводле якога другая Чэхаславацкая рэспубліка мусіла аддаць Венгрыі поўдзень Славакіі і Падкарпацкай Русі. Балгарская ўлада на чале з царскім чыноўнікам і дыпламатам Георгіем Кёсеіванавым не хавала сваёй упэўненасці, што з дапамогай Германіі зможа змяніць межы на Балканах на карысць Балгарыі [7, s. 392—396].
Але ўзнікненне Славацкай дзяржавы 14 сакавіка 1939 г. і далучэнне рэштак Чэхіі і Маравіі да Германіі ў форме так званага пратэктарату былі прыняты ў Сафіі без вялікага энтузіязму. У парушэнні Германіяй мюнхенскай дамовы балгарская ўлада бачыла небяспечны прэцэдэнт, які мог быць выкарыстаны і не на карысць Балгарыі. З іншага боку, Сафія не мела ні магчымасці, ні зацікаўленасці супрацьстаяць гэтаму кроку. Адразу ж пасля ўзнікнення пратэктарату Балгарыя змяніла сваю амбасаду ў Празе на генеральнае консульства, падначаленае амбасадзе ў Берліне, і папрасіла ў Auswärtigesamt (міністэрства замежных спраў імперыі) экзекватуру для свайго консула. Адначасова балгарскае Міністэрства замежных спраў паведаміла апошняму чэхаславацкаму амбасадару ў Сафіі Пракопу Максу, што царская ўлада не можа надалей прызнаваць яго дыпламатычны статус. Акрамя таго, кіраўнік сафійскай паліцыі палкоўнік Пантэў, вядомы як вялікі германафіл, даў зразумець Максу, што яго далейшае знаходжанне ў Балгарыіі наогул непажаданае. Невядома, ці была гэта асабістая ініцыятыва Пантэва, або кіраўнік паліцыі выконваў загад міністра ўнутраных спраў генерала Ніколы Нэдэва, а магчыма, і непасрэдны загад міністэрскага старшыні Кёсеіванава, які тады быў і міністрам замежных спраў. У любым выпадку Макса вырашыў пакінуць Сафію і з’ехаў у Парыж, дзе пазней стаў сябрам Чэхаславацкага народнага камітэта (ЧСНК). У выніковым рапарце чэхаславацкай тайнай службы пра абстаноўку ў Балгарыі для Эдварда Бэнэша адзначана, што балгарская ўлада не мае намеру памяркоўна ставіцца на сваёй тэрыторыі да любых дзеянняў, скіраваных на аднаўленне Чэхаславакіі, і што абстаноўка тут — у адрозненне ад Бялграда — неспрыяльная і для інфармацыйнай дзейнасці [8, c. 125—129].
Пытанне пра наладжванне дыпламатычных кантактаў паміж Славакіяй і Балгарыяй з’явілася ўжо ўвесну 1939 г. у сувязі з праблемай прызначэння балгарскага ганаровага консула ў Браціславе. Ганаровае консульства Балгарыі ў Браціславе было створана ў 1937 г. Пасаду ганаровага консула займаў павераны Францішак Міхера, прадпрымальнік чэшскага паходжання, родам з Костэлца-над-Лабай. Міхера валодаў фабрыкай у Старой Туры, дзе выраблялі цыстэрны, і меў шырокія гандлёвыя сувязі з Балгарыяй, куды, апрача сваіх вырабаў, пастаўляў таксама розныя машыны і тэхнічнае абсталяванне. Яго консульскі патэнт быў, зразумела, выдадзены яшчэ для чэхаславацкага ўрада, таму ў Славакіі ўзнікла пытанне, ці мае яшчэ гэты патэнт сілу. У існаванні консульства ў Славакіі, дзе жыло шмат балгарскіх садоўнікаў (градзінараў), балгарская ўлада была вельмі зацікаўлена. 2 жніўня 1939 г. балгарскае Міністэрства замежных спраў пастанавіла прызначыць Міхеру генеральным ганаровым консулам у Славацкай рэспубліцы са сталай сядзібай у Браціславе [9]. Таму Міхера 5 жніўня 1939 г. папрасіў міністра замежных спраў Фердынанда Дзюрчанскага аб прызнанні яго пасады балгарскага консула з умовай, што балгарская ўлада выдасць дадаткова новы консульскі патэнт [10]. Праз тры дні — 8 жніўня 1939 г. — Міхера паведаміў Дзюрчанскаму, што царская балгарская ўлада пастанавіла прызнаць Славацкую Рэспубліку дэ-факта і дэ-юрэ, пачынаючы ад 5 жніўня6 [11].
Відавочна, пастанову балгарскай улады Славакія прывітала. Некаторыя сумневы наконт прыдатнасці Міхеры да пасады ганаровага консула ў Славакіі на славацкім баку ўсё ж спараджала яго чэшская нацыянальнасць, пра якую ён адкрыта заяўляў. У сувязі з гэтым міністр замежных спраў Фердынанд Дзюрчанскі звярнуўся ў гандлёвую і прамысловую палату з просьбай выдаць інфармацыю пра Міхеру, а таксама ў паліцэйскую ўправу для высвятлення, ці прымальная гэтая асоба з пункту гледжання нацыянальных і дзяржаўных інтарэсаў Славацкай Рэспублікі. Адказ у гандлёвай і прамысловай палаце быў станоўчым, падкрэсліваліся найперш заслугі Міхеры ў экспарце славацкіх вырабаў на Балканы. У паліцэйскай управе таксама не мелі прынцыповых пярэчанняў [1, s. 21].
Аднак насуперак першапачатковаму абяцанню балгарскае Міністэрства замежных спраў урэшце адклала выдачу консульскага патэнту. Да таго ж сітуацыя ўскладнілася ў сувязі з пачаткам Другой сусветнай вайны. Славакія, звязаная з Германіяй так званай абарончай дамовай, уступіла ў вайну на баку Германіі і ўзяла ўдзел у ваеннай кампаніі супраць Польшчы. Таму месца Славакіі ў нямецкім блоку было відавочным і ніякіх сумненняў наконт яго быць не магло. Вялікабрытанія і Францыя, саюзнікі Польшчы, перапынілі ўсе сувязі са Славакіяй і адазвалі з Браціславы сваіх консулаў. Пазіцыя Балгарыі такой пэўнай не была. Спачатку, 15 верасня, Сафія абвясціла пра свой нейтралітэт у вайне паміж Германіяй і Польшчай, дакладней кажучы, паміж Германіяй і саюзнікамі Польшчы — Вялікабрытаніяй і Францыяй [14, c. 170]. Праз два дні СССР на падставе таемнай дамовы з нацыянал-сацыялісцкай Германіяй распачаў наступленне на Польшчу з усходу, вызначыўшы такім чынам яе лёс. Кіраўніцтва Балгарыі прыйшло да меркавання, што перавага на баку Германіі. У сувязі з гэтым у таемнай дырэктыве балгарскага Міністэрства замежных спраў ад 19 верасня адзначаецца, што, беручы пад увагу свае эканамічныя і палітычныя інтарэсы, Балгарыя не толькі не можа далучыцца да заходніх дэмакратычных дзяржаў у ваенных дзеяннях, але не будзе падтрымліваць іх палітычна ў балканскім пытанні. Балгарскі нейтралітэт, такім чынам, на будучыню выявіўся прыязным да Германіі. Гэтая дырэктыва мусіла ўмацаваць сувязі паміж Балгарыяй, Германіяй і яе саюзнікамі і, наадварот, абмежаваць балгарскія ўзаемадачыненні з англійска-французскім блокам, але так, каб Балгарыя мела магчымасць рэалізаваць свае даўнія мэты без непасрэднага ўдзелу ў вайне на нямецкім баку. Таму балгарская ўлада не толькі падтрымлівала дыпламатычныя кантакты з Лонданам і Парыжам, але, насуперак нямецкім пратэстам, пацвердзіла дыпламатычны статус польскага амбасадара ў Сафіі Адама Тарноўскага. З восені 1939 да пачатку 1941 г. ён узначальваў польскі эмігранцкі ўрад [15, p.185—186. 194]. Тут таксама варта шукаць тлумачэнне таго, што выдача консульскага патэнта была адкладзена. Паколькі консульскі патэнт не быў атрыманы, міністэрства Дзюрчанскага 9 лістапада 1939 г. паведаміла Міхеру, што ён будзе прызнаны толькі як часовы консул [16]. Для балгарскага міністэрства гэта сітуацыя была непрымальнай, і таму яно нарэшце згадзілася з прызначэннем Францішка Міхеры. 28 снежня 1939 г. ён нарэшце падаў консульскі патэнт з акрэдытацыяй для Славацкай рэспублікі і яму выдалі экзекватуру [17].
Адначасова з перамовамі наконт пасады Міхеры распачаліся і перамовы наконт наладжвання трывалых дыпламатычных кантактаў. 9 лістапада 1939 г. афіцыйная Сафія паведаміла, што ў будучым плануе заснаваць у Браціславе дыпламатычную місію [18]. Праз два тыдні — 23 лістапада — балгарскае міністэрства скіравала Дзюрчанскаму ноту, у якой паведамлялася пра намер стварыць у Браціславе балгарскую амбасаду. Але разам з тым у ноце звярталася ўвага на тое, што ў дзяржаўным бюджэце на 1940 г. не было вылучана ніякіх сродкаў на новае дыпламатычнае прадстаўніцтва, а паколькі менавіта ў той час у Балгарыі адбываліся парламенцкія выбары, меркаваць пра дадатковыя бюджэтныя змены не выпадала. Таму рэальнае адкрыццё амбасады было перанесена на больш спрыяльны час [19]. Пра магчымасць стварыць славацкае дыпламатычнае прадстаўніцтва ў Сафіі ў ноце не паведамлялася, таму славацкі бок успрыняў гэта як ціхую згоду. На пасаду славацкага амбасадара быў прызначаны д-р Ян Спіш’як, славацкі амбасадар у Будапешце. 25 лістапада балгарскі ўрад надаў Спіш’яку агрэман, і 9 снежня адбылася яго чарговая аўдыенцыя ў цара Барыса ІІІ. Пасля аўдыенцыі Спіш’як вярнуўся ў Будапешт. Правадзейным дыпламатычным прадстаўніком у Балгарыі 22 лютага 1940 г. стаў д-р Багуміл Піско, які заняў пасаду паверанага. Кар’еру дыпламата Багуміл Піско пачаў з 1932 г. ў пражскім Міністэрстве замежных спраў [1, s. 22—23]. Праз два месяцы — 12 красавіка 1940 г. — славацкая амбасада папрасіла экзекватуру для свайго ганаровага консула, якім быў Хрыста Ёкаў, балгарскі прадпрымальнік у Сафіі [20]. Балгарская ўлада задаволіла запыт і 16 мая 1940 г. выдала яму экзекватуру [21].
З балгарскага боку да прызначэння амбасадара не дайшло. Нягледзячы на тое, што Славакія і Балгарыя дыпламатычна прызнавалі адна адну, пасада балгарскага амбасадара ў Славакіі засталася вольнай. Балгарскія інтарэсы і надалей абараняў Міхера, які меў кантакты з балгарскай амбасадай у Будапешце і з генеральным консульствам у Празе. Толькі 22 жніўня ў Славакію прыбыў д-р Канстанцін Шышманаў, прафесійны дыпламат, які ў 1936—1938 гг. працаваў у балгарскай амбасадзе ў Празе і быў даволі добра знаёмы са славацкімі рэаліямі.Аднак на той час Шышманаў не меў дыпламатычнай пасады і фармальна быў прыватнай асобай. Пасаду консульскага сакратара заняў дыпламат д-р Кірыл Цонзараў7.
Летам 1940 г. ў Зальцбургу адбыліся славацка-германскія перамовы (28 ліпеня 1940 г.), якія прывялі да германскага ўмяшальніцтва ў славацкую палітыку. Прэм’ер-міністрам і міністрам замежных спраў Славакіі стаў Войцех Тука, прадстаўнік пранямецкай і нацысцкай палітычнай лініі. На яго думку, толькі беспярэчнае супрацоўніцтва з Германіяй было гарантыяй існавання Славацкай дзяржавы і абаронай ад далейшых тэрытарыяльных прэтэнзій з боку Венгрыі. Тука таксама быў упэўнены, што толькі нямецкая палітыка давала надзею на перагляд Венскага арбітражу і вяртанне прынамсі часткі паўднёвай Славакіі. Курс на супрацоўніцтва з Германіяй выявіўся таксама і ў далучэнні Славакіі да Пакта трох 24 лістапада 1940 г. Балгарыя таксама ў той час выразна схілялася на бок Германіі. Напрыканцы лета 1940 г. Сафія дасягнула першага вялікага поспеху. З дапамогай Германіі і СССР, пры ціхай згодзе заходніх саюзнікаў, 7 верасня 1940 г. у Краёве была падпісана дамова, паводле якой Балгарыі вярталася Паўднёвая Добруджа, страчаная пасля Бухарэсцкага міру ў 1913 г. Падчас перамоў паміж Балгарыяй і Румыніяй летам 1940 г. Румынія знаходзілася ў нявыгадным становішчы. 26 чэрвеня 1940 г. СССР змусіў Румынію саступіць Бесарабію і Букавіну, а 30 верасня арбітражнай пастановай Германіі і Італіі («другі венскі арбітраж») да Венгрыі адышла Паўночная Трансільванія. Хоць з фармальнага гледзішча Румынія аддавала Паўднёвую Добруджу добраахвотна, усё ж было зразумела, што гэтага не адбылося б без ціску Германіі. У балгарскай палітыцы дзякуючы гэтаму ўмацавалася пазіцыя германафільскіх колаў, набліжаных да прэм’ер-міністра прафесара Багдана Філава8, а таксама паглыбілася перакананне, што толькі з дапамогай Германіі магчыма рэалізаваць наступную частку рэвізіянісцкай праграмы — вяртанне выхаду да Эгейскага мора. Адначасова відавочна зблізіліся Балгарыя і Венгрыя, бо гэтыя краіны ў межах нямецкай сферы ўплыву дбалі пра вяртанне страчаных пасля Першай сусветнай вайны земляў, і гэта пры дапамозе Германіі часткова атрымалася. Славакія разам з Румыніяй, наадварот, у гэтай сферы належалі да пацярпелых краін, якія ў выніку падтрымкі Германіяй Балгарыі і Венгрыі страцілі частку сваёй тэрыторыі. Таму яны дбалі пра максімальна магчымае захаванне межаў часоў Першай сусветнай вайны, а там, дзе ўжо адбыліся змены ў выніку нямецкага ўмяшальніцтва, — пра «рэвізію гэтай рэвізіі», гэта значыць пра вяртанне страчанай тэрыторыі [3, s. 348]. Балгарыя, апрача таго, захоўвала яшчэ пэўную незалежнасць у дачыненні да Германіі. У той час як Венгрыя, Румынія і Славакія 20—24 лістапада 1940 г. далучыліся да Пакта трох, Балгарыя, якой быў прапанаваны ўдзел у ім яшчэ 16 кастрычніка, адмаўляла сваю непасрэдную прыналежнасць да гэтай дамовы. Балгарыя схілялася да далучэння да Пакта, але толькі пры спецыфічных умовах [14, с. 258].
Збліжэнне Балгарыі і Германіі пры захаванні пэўнай дыстанцыі выявілася і ў пазнейшых перамовах наконт адкрыцця балгарскай амбасады ў Браціславе. 10 снежня 1940 г. Сафія паведаміла, што Канстанцін Шышманаў будзе прызначаны на пасаду часовага ўпаўнаважанага з мэтай падрыхтаваць амбасаду да працы [22]. Аднак славацкае Міністэрства замежных спраў успрыняла балгарскую ноту ад 10 снежня як новую спробу Балгарыі не акрэсліваць выразна свайго стаўлення да Славакіі як да дзяржавы, якую не прызнаў англійска-французскі бок. Ацэнка была слушнай: гэта быў працяг тактыкі леташняга прызначэння Міхеры консулам. Славацкі адказ на балгарскую ноту ў сувязі з гэтым выражаў сумненне наконт таго, ці можна наогул, беручы пад увагу такія акалічнасці, прызнаваць Шышманава афіцыйным прадстаўніком і надаваць яму дыпламатычную недатыкальнасць. Таму Шышманаў і надалей уважаўся за прыватную асобу9. 3 студзеня 1941 г. Шышманаў прыбыў да Войцеха Тукі і паведаміў, што балгарскі ўрад пастанавіў высветліць яго статус. Шышманаў мусіў займаць пасаду часовага паверанага ў справах, што Тука акцэптаваў [23].
28 кастрычніка 1940 г. Італія з акупіраванай Албаніі ўступіла ў вайну супраць Грэцыі. Вайна не мела для Італіі паспяховага развіцця, бо грэцкія аддзелы перайшлі да контратакі. Германія, хоць і не ўхваляла авантуры Мусаліні, была вымушана прадставіць Італіі ваенную дапамогу. Для плённай вайны супраць Грэцыі, аднак, было неабходна стварыць базы ў Балгарыі. Ужо 18 лістапада 1940 г. цар Барыс ІІІ таемна наведаў Гітлера ў Бергофе ў Альпах, дзе папярэдне даў згоду на далучэнне Балгарыі да Пакта трох увесну 1941 г. і дазвол на ўступленне Вермахту на тэрыторыю Балгарыі, але пры ўмове, што Балгарыя не будзе змушана да ўступлення ў актыўную вайну і яе ўдзел будзе ўзнагароджаны выхадам да Эгейскага мора за кошт Грэцыі [14, с. 261]. Германія прыняла такія ўмовы. 1 сакавіка 1941 г. Філаў падпісаў у Вене пратакол аб далучэнні Балгарыі да Пакта трох. У той жа час нямецкая армія ўступіла на тэрыторыю Балгарыі. 8 сакавіка нямецкія войскі дасягнулі мяжы Грэцыі [14, с. 292—293]. Лондан 5 сакавіка адрэагаваў на гэта спыненнем дыпламатычных зносін. Адначасова было паведамлена, што, калі напад на Грэцыю будзе ажыццёўлены з тэрыторыі Балгарыі, Вялікабрытанія будзе ўважаць Балгарыю за варожую краіну [24, c. 212].
Першапачатковы нямецкі план быў разлічаны на тое, што Югаславія далучыцца да Пакта трох, як гэта зрабіла 1 сакавіка Балгарыя з аналагічных прычын. Германія гарантавала Югаславіі цэласнасць тэрыторыі, не патрабавала актыўнага ўдзелу ў ваенных дзеяннях, а пасля паражэння Грэцыі да Югаславіі мусіла адысці Салунь. Пратакол аб далучэнні Югаславіі да Пакта трох сапраўды быў падпісаны ў Вене 25 сакавіка, і, як паведамляў Шышманаў у Сафію, у Славакіі далучэнне Югаславіі было прынята «з сапраўднай палёгкай, бо меркавалася, што гэта забяспечыць мір на Балканах»[25, l. 11]. Але вестка пра далучэнне Югаславіі выклікала хвалю дэманстрацый пратэсту ў Сербіі, і ўночы з 26 на 27 сакавіка ў Бялградзе адбыўся дзяржаўны пераварот англафільскіх афіцэраў, а пры новым урадзе на чале з генералам Сімавічам удзел Югаславіі ў Пакце стаў практычна беспрадметным. Вынікам гэтага быў нямецка-венгерска-італьянскі напад на Югаславію 6 красавіка 1941 г. Нягледзячы на тое, што балгарская армія не брала непасрэднага ўдзелу ў ваенных дзеяннях, нямецкія войскі наступалі і з тэрыторыі Балгарыі, таму Югаславія спачатку разглядала яе як варожую дзяржаву. Пасля паражэння Югаславіі і Грэцыі зусім неспадзявана Балгарыя атрымала не толькі выхад да Эгейскага мора за кошт тэрыторыі Грэцыі, але і ўсходнюю частку сербскай (Вардарскай) Македоніі, у тым ліку Скоп’е. Гэта было вызначана на нямецка-італьянскіх перамовах на ўзроўні міністраў замежных спраў і замацавана ў выніковым пратаколе, падпісаным у Вене 24 красавіка 1941 г. Заходняя частка адыходзіла да Італіі, якая далучыла яе да свайго албанскага пратэктарату як так званую Вялікую Албанію [26, c. 295—296].
Пасля далучэння Балгарыі да Пакта трох Балгарыя і Славакія фактычна сталі саюзнікамі. Невялікая Славакія не мела ніякага ўплыву на вайну ў Югаславіі і не ўдзельнічала ў ёй, але з гэтага не вынікала, што славацкую палітыку не цікавіла тая праблема. У агрэсіі супраць Югаславіі была задзейнічана і Венгрыя, якая атрымала сербскую Ваяводзіну. Гэты крок быў успрыняты ў Славакіі з вялікім неспакоем. Такім чынам пад венгерскае панаванне траплялі ваяводзінскія славакі, але, акрамя гэтага, адбылося новае ўзбуйненне Венгрыі, абсалютна слушна зразуметае як наступны крок да аднаўлення ранейшай Вугоршчыны ў межах 1918 г. 10 красавіка 1941 г. нямецкія войскі ўступілі ў харвацкі Заграб, дзе ў гэты дзень усташоўскімінацыяналістамі была абвешчана незалежная харвацкая дзяржава (Nezavisna država Hrvatska — NDH: Незалежная дзяржава Харватыя — НДХ). Славакія перапыніла дыпламатычныя кантакты з Югаславіяй і выказала жаданне прызнаць Харватыю [27]. У гэты ж дзень Шышманаў наведаў Туку. Фармальнай нагодай была перадача асабістага ліста ад прэм’ера Філава, але насамрэч Шышманаў хацеў высветліць погляд славацкага боку на развіццё падзей у Югаславіі. Тука выказаў задавальненне ў сувязі з утварэннем харвацкай дзяржавы і сваё разуменне балгарскіх прэтэнзій на Македонію. Разам з тым ён патлумачыў, што Славакія павінна актыўна выступаць у Пакце трох на баку Германіі, бо ў адваротным выпадку Германія магла б прызнаць статус-кво як канчатковы. Шышманаў зразумеў з тлумачэння, што Тука асцерагаецца пацверджання венскай мяжы Паўднёвай Славакіі. У дакладзе аб размове з Тукам для міністра замежных спраў Івана Попава ён справядліва адзначаў, што Славакія хоча заслужыць удзячнасць Германіі, імкнучыся такім чынам вярнуць сабе частку страчанай тэрыторыі [25, l. 14; 5, s. 276]. У слушнасці свайго меркавання балгарскі дыпламат меў магчымасць пераканацца пасля таго, як 22 чэрвеня разгарэлася савецка-нямецкая вайна, у якую у адрозненне ад Славакіі Балгарыя не ўступіла. У паведамленні ад 19 ліпеня Шышманаў канстатаваў, што гэтая вайна не мела папулярнасці ў Славакіі і што славацкія палітыкі далучыліся да яе толькі таму, што разлічвалі як узнагароду за свой удзел займець падтрымку Германіі пры канчатковым зацверджанні межаў з Венгрыяй пасля вайны [25, l. 26—27; 5, s. 281].
Абодва назіранні Шышманава былі больш-менш слушнымі. Разгром Югаславіі, з аднаго боку, умацаваў пазіцыі Венгрыі, з іншага — да пакуль яшчэ толькі ўяўнага румынска-славацкага саюзу далучылася Харватыя, якая страціла на карысць Венгрыі тэрыторыю каля ракі Мура (Мур), так званае Міжмур’е. Славакія фармальна прызнала НДХ дэ-факта і дэ-юрэ 15 красавіка 1941 г. [28]. Былі абвешчаны планы пра больш цеснае супрацоўніцтва Славакіі, Румыніі і Харватыі, скіраванае супраць венгерскага рэвізіянізму. Аднак яны не былі рэалізаваны ні для адпору Германіі, якой венгры скардзіліся на «аднаўлене духу Малой антанты», ні для ўзмацнення НДХ [29—32], але антаганізм паміж славацка-румынскім і балгарска-венгерскім блокам выявіўся толькі ў 1941 г. Славакія была зацікаўлена таксама ў наладжванні больш шчыльных сувязей з Балгарыяй, бо меркавала, што такім чынам здолее парушыць венгерска-балгарскае супрацоўніцтва і ўмацаваць сваё становішча ў нямецкім блоку. Гэтыя спробы больш цеснага супрацоўніцтва не выходзілі па-за межы звычайных кантактаў паміж дзяржавамі, якія не маюць паміж сабой спрэчных пытанняў. Ініцыятыва амаль заўжды зыходзіла ад Славакіі, у той час як Балгарыя рэагавала на гэта стрымана. Спроба наладзіць больш шчыльнае славацка-балгарскае супрацоўніцтва ўпершыню была зроблена ў канцы мая 1941 г., калі ў Славакію прыбылі балгарскі цар Барыс ІІІ і яго брат князь Кірыл Прэслаўскі [33, 34]. Іх прыезд быў выключна прыватным: у Мурані і ў замку Святы Антол каля Зволена жыў у эміграцыі іх бацька Фердынанд І, які ў 1918 г. быў адхілены ад улады і высланы з Балгарыі. Афіцыйнай прычынай візіту Барыса былі імяніны яго бацькі, якія прыпадалі на 31 мая. Але калі візіт і быў прыватным, ён разам з тым паслужыў нагодай для абмеркавання пэўных спраў і супольных інтарэсаў. Ціса і Тука сустрэліся з Барысам у Мурані 30 мая [34]. Невядома ніякіх падрабязнасцей размовы цара і Ціса ў Мурані, але відавочна, што Ціса запрасіў Барыса на афіцыйную сустрэчу ў Славакіі. Гэтая сустрэча сапраўды адбылася, хоць фармальна і не мела афіцыйнага характару. Барыс прыехаў у Браціславу з Вены 19 чэрвеня ў суправаджэнні начальніка царскай канцылярыі амбасадара Георгія Ханджыева. Змест перамоў, у якіх бралі ўдзел таксама Тука, ад’ютант Ціса падпалкоўнік Бардань і часткова кіраўнік пратакола Бэлай, не быў паведамлены і ў мяне не атрымалася знайсці з яго пратакол. Паводле небагатай інфармацыі, атрыманай ад консульскага сакратара Кірыла Цонзарава, размова перадусім датычылася прызначэння сапраўднага паўнамоцнага балгарскага амбасадара і ратыфікацыі славацка-балгарскай гандлёвай дамовы10. Яе падпісаў кіраўнік консульскага і эканамічнага аддзела Міністэрства замежных спраў Ян Орсаг ужо 12 жніўня 1940 г., але між тым дэ-юрэ яна ў сілу не ўступіла [3, s. 351; 1, s. 32]. Напрыканцы сустрэчы Ціса ўзнагародзіў Барыса ІІІ ордэнам князя Прыбіны на залатым ланцужку, а Ханджыева Вялікім Славацкім Крыжам 1 ступені11 [35—37].
У пытанні аб прызначэнні балгарскага амбасадара славацкая ініцыятыва мела поспех. Амбасадарам стаў Ёрдан Страціеў, прафесійны дыпламат. Яго ўступная аўдыенцыя ў прэзідэнта Ёзэфа Ціса праходзіла 29 жніўня ў прысутнасці Тукі. Пасля аўдыенцыі ў прэзідэнта адбыўся ўрачысты абед, на якім Тука разважаў пра нейтралітэт Турцыі, які нібыта быў нявыгадным для краін «восі». Ён выказаў спадзяванне на тое, што Германія запатрабуе ад Турцыі тлумачэння сваіх дзеянняў. Страціеў на гэты конт не выказваўся, бо Балгарыя была звязана з Турцыяй дамовай аб ненападзенні. Ціса закрануў эканамічныя пытанні. Ён выказаў надзею на ўмацаванне эканамічных сувязей і сфармуляваў канкрэтныя пажаданні наконт паставак кукурузы і вотруб’я. Страціеў паабяцаў разгледзець гэтыя пажаданні і ў паведамленні міністру Попаву раіў даць на іх станоўчы адказ [25, l. 30—31; 5, s. 282—283].
Апошні лёсавызначальны крок Балгарыя зрабіла 13 снежня 1941 г., калі фармальна абвясціла вайну ЗША і Вялікабрытаніі. Калі з Вялікабрытаніяй Балгарыя фактычна знаходзілася ў стане вайны яшчэ раней, то выступленне супраць ЗША цалкам было вынікам далучэння Балгарыі да Пакта трох. У фармальным абвяшчэнні вайны была зацікаўлена Германія, якая пасля нападу Японіі на Пёрл-Харбар абвясціла вайну ЗША і жадала, каб гэтак жа рэагавалі і яе саюзнікі — Румынія, Балгарыя, Венгрыя і Славакія12. У інструкцыі балгарскага ўрада для амбасадара ў Вашынгтоне было адзначана, што ён пры перадачы ноты аб абвяшчэнні вайны мусіць падкрэсліць фармальны характар гэтай справы, але ЗША ўспрынялі ўсё вельмі сур’ёзна і не разглядалі ваеннае становішча як фармальнае13. Балгарыя, такім чынам, канчаткова падначалілася Германіі, але нягледзячы на гэта, пазней яна не абвясціла вайну СССР і падтрымлівала з ім дыпламатычныя кантакты. У будучым гэта магло паўплываць і на чэхаславацка-балгарскія ўзаемадачыненні. 16 снежня 1941 г. пытанне пра Балгарыю трапіла ў праграму абмеркавання 42-га пазачарговага пасяджэння эмігранцкага чэхаславацкага ўрада, дзе разглядалася пытанне абвяшчэння вайны краінам, якія ваявалі з саюзнікамі. У паседжанні браў удзел і прэзідэнт Эдвард Бэнэш. Ён прапанаваў праект пастановы, згодна з якой дзейнічаць у дачыненні да Германіі і Венгрыі трэба іначай, чым да астатніх краін «восі». У пастанове чэхаславацкі ўрад канстатаваў, што з Германіяй і Венгрыяй знаходзіцца ў стане вайны з моманту, калі гэтыя дзяржавы распачалі непрыяцельскія акцыі супраць ЧСР, у той час як з астатнімі краінамі «восі» пачаткам вайны прызнае час, калі яны ўступілі ў вайну з некаторымі Саюзнікамі. Разам з тым Бэнэш падкрэсліў, што гэта не датычыцца Славакіі і Харватыі, бо Саюзнікі наогул гэтых дзяржаў не прызнаюць, а таму немагчыма знаходзіцца з імі ў стане вайны. Праект быў абгрунтаваны міністрам Губэртам Рыпкам, які таксама патлумачыў, чаму ў пастанове канкрэтна не названы астатнія краіны: калі ў дачыненні да Германіі і Венгрыі існуе пытанне межаў, то з іншымі краінамі «восі» Чэхаславакія не мае ніякіх праблем. Абраная фармулёўка, такім чынам, з аднаго боку, дэманструе лаяльнасць і салідарнасць з Саюзнікамі, але з іншага, — не стварае лішніх перашкодаў для сяброўскіх зносін з былымі краінамі «восі» ў будучым. Бэнэш да гэтага яшчэ дадаў: «Мы ўступаем у вайну з тымі, хто ваюе сёння, калі б у вайну ўступіла Балгарыя, мы б мусілі выдаць новую пастанову» [39, s. 258—260]. У той час Бэнэш яшчэ не быў інфармаваны пра тое, што Балгарыя яшчэ 13 снежня абвясціла вайну ЗША і Вялікабрытаніі, што пазней толькі пасіўна было ўзята пад увагу. Пастанова 42-га пасяджэння была абвешчана саюзнікам [40, s. 466—473].
У 1939—1944 гг. балгарска-славацкія ўзаемадачыненні вельмі паспяхова развіваліся, хоць іх інтэнсіўнасць не апраўдвала спадзяванняў Славакіі. Перадусім яшчэ ў 1939 г. было створана часовае плацёжнае пагадненне [41], якое замяніла ранейшую чэхаславацка-балгарскую дамову 1938 г. [42]. Дамова дзейнічала да 1944 г. [43]. 2 верасня 1941 г. пачала дзейнічаць славацка-балгарская гандлёвая дамова, падпісаная ў Сафіі яшчэ 12 жніўня 1940 г. Гандаль адбываўся паводле прынцыпу бартэрнага кантракту, а дамова штогод абнаўлялася і дапаўняла належны кантынгент [1, s. 32—37]. Паводле гэтай дамовы грамадзяне адной краіны маглі займацца гандлёвай і прадпрымальніцкай дзейнасцю на тэрыторыі другой краіны на аднолькавых з айчыннымі грамадзянамі ўмовах, і пры гэтым ім гарантавалася права свабоднага перамяшчэння і права на ўвоз узораў тавараў14 [44]. 22 кастрычніка 1941 г. намеснік міністра замежных спраў дзяржаўны сакратар Штэфан Поляк і тагачасны міністр адукацыі і народнай асветы Багдан Філаў падпісалі ў Сафіі дамову ў сферы культуры, у якой Славакія была вельмі зацікаўлена, бо мела свае папулярызацыйныя матывы. У дамове было пастаноўлена заснаваць лектарат славацкай мовы ва універсітэце ў Сафіі і адпаведна балгарскі лектарат у Браціславе, прапагандаваць культуру другога народа і вылучаць дзве дзяржаўныя стыпендыі штогод для кожнага з бакоў15 [45; 1, s. 43—49]. 11 снежня 1942 г. міністр юстыцыі Гейза Фрыц са сваім ведамасным калегам Канстанцінам Партавым падпісаў дамову аб юрыдычнай дапамозе і грамадзянска-прававых справах [46]. Пазней Партаў наведаў Браціславу, дзе 2 сакавіка 1943 г. падпісаў дамову аб юрыдычнай дапамозе і справах пакарання [1, s. 40]. У 1940 г. было таксама створана славацка-балгарскае таварыства, мэтай якога было рупіцца пра лепшае ўзаемаспазнанне краін [1, s. 48—49].
З іншага боку, нельга не заўважыць, што ў сувязі з ваенным становішчам узаемадачыненні былі непазбежна абмежаваныя. Перадусім — даволі парадаксальна — менавіта славацкі бок, наколькі было магчыма, абмяжоўваў перамяшчэнне грамадзян паміж дзвюма краінамі. Піско было адназначна забаронена выдаваць славацкія візы на балгарскія пашпарты без папярэдняй згоды Міністэрства замежных спраў у Браціславе, прычым ён мусіў загадзя папярэджваць усіх заяўнікаў, што для звычайных выездаў з турыстычнымі або асабістымі мэтамі візы наогул выдавацца не будуць. Прычына гэтага палягала ў тым, што вялікая колькасць наведвальнікаў магла адмоўным чынам паўплываць на харчовыя запасы Славакіі, якія ў параўнанні з балгарскімі былі на даволі высокім узроўні. Насуперак умовам дагавору ў сферы культуры балгарскае Міністэрства адукацыі скараціла колькасць балгарскіх студэнтаў у славацкіх ВНУ. Гэта было звязана з тым, што Славакія разумела, што Балгарыя, дзе на той час не было магчымасці вывучаць некаторыя дысцыпліны, была зацікаўлена ў навучанні сваіх студэнтаў за мяжой. Афіцыйным абгрунтаваннем было тое, што славацкія ВНУ ўжо не маюць месцаў, а, апрача таго, немалая частка балгарскіх студэнтаў, схільная да камуністычных поглядаў, не вучыцца належным чынам і таму не з’яўляецца пажаданай у Славакіі. Са Славакіі былі адкліканы непаспяховыя студэнты, але супраць гэтага пратэставала Балгарыя, і такім чынам урэшце ўся справа не была рэалізавана [1, s. 51]. Праз два гады выявілася, што магчымасці славацка-балгарскага супрацоўніцтва параўнальна абмежаваныя.
У 1943 г. адбылася змена амбасадараў. 25 сакавіка 1943 г. з Браціславы быў адкліканы Ёрдан Страціеў [47, 48], а 2 красавіка на яго месца быў прызначаны Ілья Белінаў [49]. 10 верасня 1943 г., праз два тыдні пасля смерці цара Барыса ІІІ (28.08.194316), з Сафіі быў адкліканы і Піско, які ад’ехаў 28 верасня і стаў славацкім консулам у Стакгольме [50—52]. На яго месца ў Сафію быў пасланы д-р Багуслаў Галванек [53]. Уступная аўдыенцыя ў рэгенцкай радзе, якая часова кіравала дзяржавай замест малалетняга цара Сімяона ІІ17, адбылася 3 снежня 1943 г. На аўдыенцыі Галванека прыняў старшыня рэгенцкай рады князь Кірыл Прэслаўскі [1, s. 27]. Аднак рэальна дзейнасць Галванека працягвалася нядоўга. З пачатку 1944 г. Сафія ў шэрагу іншых гарадоў стала мішэнню працяглага бамбардзіравання саюзніцкай авіяцыяй, таму царскі двор і некаторыя ўстановы былі эвакуіраваныя ў горны курорт Чамт-Курыя (сённяшні Боравец) у горным масіве Рыла. У Чамт-Курыю ад’ехаў і Галванек, які такім чынам часова страціў магчымасць сачыць за падзеямі ў Сафіі [54].
З 1943 г. паступова рабілася зразумелым, што Германія не зможа перамагчы ў вайне, і таму нямецкія саюзнікі паволі пачыналі праводзіць палітыку дыстанцыравання ад Германіі. Гэта імкненне заўважалася яшчэ пры ўладзе Добры Бажылава (1943—1944), але асабліва відавочным зрабілася пры кабінеце Івана Багранава, які прыняў паўнамоцтвы 1 ліпеня 1944 г. [55, c. 75—77]. У Славакіі таксама ўсім было зразумела, што саюз з Германіяй абяцае катастрофу. Галванек занепакоена чакаў, ці не мае Балгарыя намеру «саскочыць» з нямецкага цягніка. У рапарце ад 15 жніўня 1944 г. ён мусіў канстатаваць, што «балгары нібыта паслалі ў Анкару да балгарскага амбасадара Балабанава нейкую асобу для перамоў з Саюзнікамі» [56]. Інфармацыя была слушнай, бо ў Анкару з таемнай згоды некаторых міністраў і сапраўды быў выпраўлены прадстаўнік так званай легальнай апазіцыі Стойча Мушанаў, які праз Балабанава мусіў выйсці на сувязь з англічанамі і амерыканцамі [57]. Але і ў Славакіі, на думку балгарскіх дыпламатаў, сітуацыя не была спрыяльнай. Ужо 23 студзеня 1944 г. Белінаў паведамляў у Сафію пра рэакцыю на бамбардзіраванне Сафіі: «Шырокія масы славацкага грамадства, якія маюць славянафільскія і англа-чэхафільскія настроі, не толькі не спачуваюць нашаму болю, але, наадварот, выказваюць сапраўднае задавальненне, а некаторыя — перапрашаю за моцнае слова — злараднасць з таго, што найлепшыя сябры Германіі перажылі атаку саюзнікаў» [58, л. 1; 6, s. 518]. У наступных паведамленнях таксама гаворыцца пра тое, што ў перамогу Германіі ў Славакіі ўжо практычна ніхто не верыць: немцаў славацкае насельніцтва ненавідзіць, адкрыта пашыраецца панславізм і русафільства. Частка інтэлігенцыі чакае аднаўлення Чэхаславакіі, іншыя з надзеяй чакаюць прыходу рускіх, а некаторыя нават бачаць сваю будучыню ў бальшавізме [58, л. 3—6, 37—40; 6, s. 532].
Становішча Балгарыі і Славакіі летам 1944 г. было, тым не менш, адрозным. У той час як Балгарыя без сумнення заставалася фармальна самастойнай дзяржавай і пасля вайны, хоць, зразумела, страціўшы ўсе тэрытарыяльныя набыткі і стаўшы залежнай ад СССР, Славакія, якая перад вайной не існавала, па заканчэнні вайны павінна была знікнуць і зноў стаць часткай Чэхаславакіі. Гэта, у адрозненне ад балгарскай сітуацыі, не дазваляла славацкім урадавым палітыкам шукаць шлях да саюзнікаў18. Выразны сігнал таго, што з самастойнай Славакіяй саюзнікі ва ўсялякім выпадку лічыцца не будуць, прыйшоў у Славакію ад былога балгарскага прэм’ер-міністра Кёсэіванава, які ў пачатку 1940 г. быў прызначаны балгарскім амбасадарам у Швейцарыі і ў Берне пасябраваў з павераным у справах Славакіі Ёзэфам М. Кіршбаўмам. Магчыма, іх зблізіў агульны лёс, бо абодва мусілі адысці ад вялікай палітыкі на радзіме дзеля таго, каб вызваліць месца радыкальным германафілам. Кёсэіванаў меў добрыя сувязі сярод дыпламатычных прадстаўнікоў заходніх саюзнікаў і інфармаваў Кіршбаўма пра іх настроі19. Пра размову з Кёсэінавым (а таксама з іншымі дыпламатамі) Кіршбаўм 4 жніўня 1944 г. асабіста інфармаваў Ціса [59, p. 81, 84]. Аднак гэтая дыпламатычная місія не мела ніякага выніку, бо Ціса не ведаў, як яму належыць рэагаваць.
Спыненне славацка-балгарскіх узаемадачыненняў было непасрэдна звязана з падзеямі, што адбыліся ў абедзвюх краінах у канцы жніўня — пачатку верасня 1944 г. У Славакіі 29 жніўня разгарэлася паўстанне. Славацкая народная рада ў Банскай Быстрыцы прызнавала чэхаславцкі эмігранцкі ўрад у Лондане і ўжо з гэтай прычыны не магла падтрымліваць ніякіх зносін з балгарскім урадам. Не захаваліся таксама кантакты са славацкім урадам у Браціславе, які з 5 верасня ўзначальваў стрыечны брат прэзідэнта Штэфан Ціса. 2 верасня ў Балгарыі таксама быў абвешчаны новы кааліцыйны ўрад так званай легальнай апазіцыі на чале з Канстанцінам Муравіевым. Імкнучыся як мага хутчэй заключыць мірнае пагадненне з саюзнікамі, яна перапыніла ўсе дыпламатычныя кантакты з Германіяй і пастанавіла абвясціць ёй вайну. Адначасова былі перапынены дыпламатычныя кантакты і з былымі саюзнікамі Германіі, што пашыралася і на Славакію. Дыпламатычныя дачыненні паміж Сафіяй і Браціславай фармальна былі спынены 7 верасня. Белінаў склаў свае паўнамоцтвы і адмовіўся надалей браць удзел у падзеях. Галванек ад’ехаў з Балгарыі прыкладна ў гэты ж час з нямецкай місіяй і пазней стаў славацкім амбасадарам у Берліне20.
5 верасня Савецкі Саюз абвясціў вайну Балгарыі. Масква пастанавіла абапірацца ў будучым на Патрыятычны фронт, нелегальную арганізацыю, якой кіравалі камуністы і якая ўжо доўгі час рыхтавала дзяржаўны пераварот. 8 верасня Савецкая армія пачала наступленне з Румыніі на Балгарыю і на наступны дзень — 9 верасня — Муравіеў быў скінуты ў выніку перавароту Патрыятычнага фронту. Новы ўрад Кімана Геаргіева21 быў зацікаўлены — таксама як і Муравіеў да таго — у хуткім прымірэнні і прызнанні з боку саюзнікаў вернутага з Лондана эмігранцкага чэхаславацкага ўрада. Балгарская дэлегацыя, якая ў Маскве вяла перамовы аб міры, наладзіла сувязь з чэхаславацкім амбасадарам у Маскве Здэнькам Фэрлінгерам, які мусіў патлумачыць Бэнэшу пра зацікаўленасць новай балгарскай улады ў хуткім наладжванні нармальных узаемадачыненняў [61, s. 21]. Адначасова ў Вене пад апекай немцаў Аляксандр Цанкаў стварыў эмігранцкі балгарскі ўрад пад нямецкай абаронай. Яму быў падначалены сакратар балгарскай амбасады Крум Куцараў. Фармальна, такім чынам, у далейшым існавалі кантакты паміж Славацкай Рэспублікай і эмігранцкім балгарскім урадам. Аднак гэта толькі фармальная справа. Пасля вайны балгарская амбасада ў Браціславе была заменена на балгарскае генеральнае консульства.
Ацэнка славацка-балгарскіх узаемадачыненняў у 1939—1945 гг. даволі складаная. Абедзве краіны ў гэты перыяд трапілі пад магутны ўплыў Германіі, што пэўным чынам іх збліжала. Разам з тым кожная з дзвюх дзяржаў мела свае інтарэсы, якія часта былі цяжка спалучальнымі. Зразумела таксама, што падчас вайны ўзаемадачыненні не былі такімі інтэнсіўнымі, якімі маглі б быць у мірны час.
1 Сёння 3 сакавіка з’яўляецца балгарскім дзяржаўным святам — Днём Незалежнасці. Маецца на ўвазе дата паводле сучаснага (грыгарыянскага) календара. Да 1916 г. у Балгарыі выкарыстоўваўся юліянскі (так званы стары) каляндар. Розніца паміж грыгарыянскім і юліянскім календарамі ў XIX ст. складала 12 дзён, у XX ст. — 13. Паводле юліянскага календара Сан-стэфанская мірная дамова была падпісана 19 лютага 1878 г.
2 Сан-Стэфана — пашыраная ў Еўропе назва для турэцкай вёскі Ешылькёй (Iesilkцy). Цяпер яна знаходзіцца на ўскраіне Стамбула.
3 Паводле юліянскага календара Бухарэсцкі мір быў падпісаны 28 ліпеня 1913 г.
4 5 кастрычніка 1908 г. (паводле юліянскага календара 22 верасня 1908 г.) Барысаў бацька Фердынанд I (1887—1918) прызнаў фармальную васальскую залежнасць ад султана Абдулхаміда II і прыняў тытул «Цара ўсіх балгараў» (Цар на българите). Назва дзяржавы была зменена з «Балгарскага княства» на «Балгарскае царства» (Царство България). У дачыненнях з замежнымі краінамі Фердынанд (а пасля яго і Барыс) выкарыстоўваў тытул «кароль» (le roi, the king), а дзяржава называлася каралеўствам. У гэтым даследаванні я выкарыстоўваю балгарскі тытул цар.
5 19 мая 1934 г. група афіцэраў з так званай Ваеннай лігі, звязаных з палітычнай групай «Звяно», ажыццявіла дзяржаўны пераварот. Дзеянне канстытуцыі было спынена, Народны сход распушчаны, а ўсе палітычныя партыі забаронены. Барыс ІІІ у 1935 г. выкарыстаў гэту сітуацыю, разагнаў Ваенную лігу і «Звяно» і ўсталяваў асабістую ўладу. Міністры падначальваліся толькі цару, які прызначаў і адклікаў іх па сваёй волі. У 1938 г. было ўзноўлена толькі фармальнае дзеянне канстытуцыі, але палітычныя партыі не аднавіліся і вырашальная сіла па-ранейшаму заставалася ў руках цара.
6 Мілан С. Дзюрыка адзначае, што Балгарыя прызнала славацкую дзяржаву толькі 16.09.1939. Дзюрыка не ўказвае, з якой крыніцы ўзяў гэтую дату. Верагодна, гэта памылка [11; 12, p. 172; 13, s. 151].
7 Д-р Кірыл Конзараў пасля вайны (1947) сышоў з дыпламатычнай службы і застаўся ў Браціславе, дзе і жыў па стану на 2002 г.
8 Багдана Філава на пасаду прэм’ер-міністра прызначыў цар 22.02.1940. Таксама 11.04.1942 Філаў стаў міністрам замежных спраў. Непасрэдным прадстаўніком нямецкага нацызму ў балгарскім урадзе быў міністр унутраных спраў Пэтэр Габроўскі, сябра краёвага балгарскага фашысцкага і антысеміцкага руху так званых ратнікаў (Ратници за напредака на българштината), гэта значыць «Змагары за развіццё балгарызму»).
9 Размова аўтара з Кірылам Цонзаравым у 1999 г.
10 Размова аўтара з Кірылам Цонзаравым у 1999 г. Цонзараў быў часткова паінфармаваны Белаем, з якім меў добрыя зносіны.
11 Барыс ІІІ 03.10.1942 узнагародзіў Цісо Ордэнам крыжа Св. Кірыла і Мяфодзія, які яму асабіста перадаў Хаджыеў як асабісты пасланец цара. Апрача таго, 05.10.1942 цар узнагародзіў старшыню парламента Марціна Сокала Вялікім крыжом Св. Аляксандра.
12 Абвяшчэнне вайны Славакіяй часам ставіцца пад сумненне, але яно сапраўды мела месца. Адрозна ад Венгрыі, Румыніі і Балгарыі Славацкую рэспубліку ЗША не прызнавалі, а таму не прынялі ад яе абвяшчэння вайны наогул. Чыста юрыдычная праблема, ці могуць дэ-юрэ знаходзіцца ў стане вайны дзяржавы, якія не прызнаюць адна адну, — справа зусім іншая.
13 З тэксту інструкцыі: «Зразумела, гаворка ідзе не пра сапраўдную вайну, а толькі пра фармальнае выкананне абавязкаў, што вынікаюць з артыкула 3 Пакта трох». Гэткім жа чынам абгрунтавала ў прэсе абвяшчэнне вайны ЗША і Вялікабрытаніі і славацкая ўлада [38, l. 59]. 14 Дзеянне было толькі часовым, бо дамова не была ратыфікавана. Канчаткова дамова пачала дзейнічаць толькі пасля ратыфікацыі ў 1943 г.
15 Ратыфікацыя гэтай дамовы доўжылася ажно да 1943 г.
16 На пахаванні прысутнічаў прадстаўнік славацкага ўрада — міністр д-р Гейза Фрытз, які адначасова з’яўляўся старшынёй Славацка-балгарскага таварыства.
17 Рэгенцкую раду складалі брат Барыса ІІІ князь Кірыл Прэслаўскі, былы прэм’ер-міністр праф. Багдан Філаў і генерал Міхаў. Сімяон ІІ (нар. у 1937 г.) фармальна быў царом аж да абвяшчэння рэспублікі ў 1946 г. Пасля выбараў у 2001 г. ён стаў прэм’ер-міністрам Балгарскай рэспублікі як Сімяон Сакс-Кабургоцкі.
18 Адзіную спробу, як вядома, зрабіў міністр абароны генерал Фердынанд Чатлаш.
19 Аднаўляю на аснове размовы з Ё. М. Кіршбаўмам у 1993 г.
20 Указанне Мікуша на тое, што Галванек быў амбасадарам у Рыме, адначасова акрэдытаваным для Сафіі, падобна як і яго сцверджанне, што першапачаткова для Сафіі быў акрэдытаваны славацкі амбасадар Іван Мілеч, няправільныя [60, c. 129].
21 Патрыятычны фронт першапачаткова быў параўнальна неаднароднай арганізацыяй, у аснове якой было закладзена супрацьстаянне германафільскай палітыцы Багдана Філава. Кіман Геаргіеў быў старшынём клуба «Звяно», які і арганізаваў правы фашысцкі пераварот 19.05.1934. Яшчэ да гэтага Геаргіеў быў актыўным удзельнікам правага дзяржаўнага перавароту 09.06.1923, на чале якога стаяў фашысцкі палітык Аляксандр Цанкаў.
Литература
1. Baráth, M. Vzţahy Slovenska a Bulharska v rokoch 1939—1944. Diplomová práca, strojopis / M. Baráth. Bratislava : FiF UK, 1998.
2. Bystrický, V. V spoločnom boji: revolučná činnost’ bulharských s’tudentov na Slovensku v období druhej svetovej vojny / V. Bystrický, J. Hrozienčík. Bratislava, 1978. 160 s.
3. Amort, Č. Dějiny československo-bulharských vztahů / Č. Amort, V. Bystrický, R. Havránková, J. Hrozienčík, J. Kolář, M. Kudělka. Praha : Academia, 1980. 394 s.
4. Rychlík, J. Politický vývoj na Slovensku v rokoch 1940—1941 v správach bulharského diplomata Konstantina Űižmanova / J. Rychlík // Historický časopis. 43. 1995. Č. 3. S. 540—559.
5. Rychlík, J. Politická situácia v Eurуpe a na Slovensku v rokoch 1943—1943 v správach bulharských diplomatov / J. Rychlík // Historický časopis. 47. 1999. Č. 2. S. 265—305.
6. Rychlík, J. Obdobie pred Slovenským národným povstaním v správach bulharských diplomatov / J. Rychlík // Historický časopis. 49. 2001. Č. 3. S. 515—534.
7. Rychlík, J. Dějiny Bulharska / J. Rychlík. 2. vyd. Praha : Lidové noviny, 2002. 516 s.
8. Рихлик, Я. България от 1939 г. в информаците на чехословашките тайни служби / Я. Рихлик // Чехи в България — история и типология на една цивилизаторска роля / Съст. В. С. Тодоров. София : Унив. изд. Св. Климент Охридски, 1995. Ч. 1. Кн. 3.
9. Slovenský národní archiv (SNA). F. MZV SR. K. 219. Č. 1286/39.
10. SNA. F. MZV SR. K. 219. Č. 13454/39, Michera Ďučianskému Č. 1114/39.
11. SNA. F. MZV SR. K. 219. Č. 1118/39.
12. Ďurica, M. S. Slovakia during World War II. The Slovak Republic / M. S. Ďurica // Slovakia in the 19th and 20th Centuries / ed. J. M. Kirschbaum. Toronto : Slovak World Congress, 1973. 368 p.
13. Ďurica, M. S. Dejiny Slovenska a Slovákov / M. S. Ďurica. 2. vyd. Bratislava : Slovenské pedagogické nakladateĺstvo, 1996. 274 s.
14. Сирков, Д. Външна политика на България 1938—1941 / Д. Сирков. София : Наука и изкуство, 1979. 343 c.
15. Rendel, G. The Sword and the Olive. Recollection of Diplomacy and the Foreign Service 1913—1954 / G. Rendel. London: John Murray, 1957. 348 p.
16. SNA. F. MZV SR. K. 219. Č. 14.093/39.
17. SNA. F. MZV SR. K. 219. Č. 1375/39.
18. SNA. F. MZV SR. K. 219. Fasc. 14706/39.
19. SNA. F. MZV SR. K. 219. Č. 27325—14-II.
20. Централен Държавен Архив (ЦДA). F. 176. Op. 19. A.E. 1466. Verbálna nóta č. 125/40.
21. ЦДA. F. 176. Op. 19. A.E. 1508.
22. SNA. F. MZV SR. K. 219. Č. 122/41, nóta bulh. č. 1593/40.
23. SNA. F. MZV SR. K. 219. Č. 13169/41.
24. Димитров, И. Англия и България 1938—1941 / И. Димитров. 2-е. изд. София, 1996.
25. ЦДA. F. 176. Op. 8. A. E. 1029.
26. Документи за борбата на македонскиот народ за самостатност и за национална държава. Скопие 1981. Т. 2.
27. SNA. F. MZV SR. K. 340. Č. 3452/41.
28. Slovák. 16.04.1941. S. 1.
29. Rychlík, J. Slovensko-chorvatské vztahy v letech 1941—1945 / J. Rychlík // Slovanské historické studie. 2000. Č. 26. S. 265—283.
30. Tkáč, J. Slovensko-chorvátske vzţahy počas druhej svetovej vojny. Diplomová práca / J. Tkáč. Bratislava : FiF UK, 1995.
31. Lipták, Ĺ. Maďarsko v slovenskej politike za druhej svetovej vojny / Ĺ. Lipták // Príspevky k dejinám fažizmu v Československu a v Maďarsku. Bratislava, 1969. S. 189—283.
32. Tejchman, M. Slovensko-rumunsko-chorvatská spolupráce v letech druhé světové války / M. Tejchman // Slovanský přehled. 1992. Č. 2. S. 158—170.
33. ЦДA. F. 176. Op. 8. A. E. 859, Č. 14480.
34. Slovák. 31.05.1941. S. 1.
35. Slovák. 21.06.1941. S. 1.
36. Slovák. 04.10.1941. S. 1 a.
37. Slovák. 06.10.1942. S. 2.
38. ЦДA. F. 176. Op. 21. A. E. 2614.
39. Dokumenty z historie československé politiky / ed. L. Otáhalová, M. Červinková. Praha : Academia, 1966. Díl 1. S. 1—416.
40. Benež, E. Űest let exilu a druhé světové války / E. Benež. Praha : Orbis, 1946. 493 s.
41. Opatrenie Slovenskej národnej banky (SNB) č. 13 zo dтa 15. 11. 1939, uverejnené vyhlážkou ministerstva financií č. 290/1939 Sl. z.
42. Opatření Národní banky československé (NBČS) z 31. 3. 1938 uveřejněné vyhlážkou ministra financí č. 95 (text pozri pod č. 64/1938 Zb.)
43. Opatrenie SNB č. 48 zo dтa 30. 12. 1943 uverejnené vyhlážkou ministerstva financií č. 6/1944 Sl. z. z 12. 1. 1944.
44. Vyhlážka č. 193/1942 Sl. z.; vyhl. MZV č. 23/1943 Sl. z.
45. Vyhl. č. 101/1943 Sl. z. z 30. 6. 1943.
46. Slovák. 18.12.1942. S. 3.
47. Slovák. 24.03.1943. S. 3.
48. Slovák. 26.03.1943. S. 3.
49. Slovák. 03.04.1943. S. 3.
50. SNA. F. MZV SR. K. 207. Telegram 8829-90 z 28. 9. 1943.
51. Слово (Сафія). 25.09.1943.
52. Днес (Сафія). 29.09.1943.
53. SNA. F. MZV SR. K. 207. Č. 4215/43.
54. SNA. F. MZV SR. K. 206. Pol. 1/44.
55. Димитров, И. Иван Багрянов — царедворец, политик, държавник. Исторический очерк / И. Димитров. София: Акад. изд-во «Проф. Марин Дринов», 1995. 88 с.
56. SNA. F. MZV SR. K. 206. Pol. 3/44.
57. Мушанов, С. Моято мисия в Кайро / C. Мушанов. Софиа, 1995.
58. Дипломатиически архив на Министерство на ваншните работи (ДА МВнР). Oп. 1 а-п. A. Е. 511. Д. 37.
59. Kirschbaum, J. M. My last diplomatic report to the President of Slovakia / J. M. Kirschbaum // Furdek, Jednota Annual, 1972.
60. Mikuž, J. A. Pamдti slovenského diplomata / J. A. Mikuž. 2 vyd. Martin : Matica slovenská, 1998. 294 s.
61. Amortová, B. Českoslovesko-bulharské vztahy 1944/5—1948. Nepublikovaná doktorská disertace. Strojopis / B. Amortová. Praha, [bez data].
Наверх