Лукашанец С. А.
Лукашанец Сергей Александрович — доцент кафедры международных отношений факультета меж дународных отношений Белорусского государственного университета, кандидат исторических наук
Заканчэнне Другой сусветнай вайны прынесла значныя змены ў палітычны расклад сіл у Еўропе. Стварэнне савецкай зоны ўплыву, пачатак «халоднай вайны» — усё гэта аказвала ўздзеянне на грамадска-палітычнае, сацыяльна-эканамічнае і культурнае развіццё еўрапейскіх краін. Для Польшчы заканчэнне вайны прынесла яшчэ і вялікія тэрытарыяльныя змены. Далучэнне былых германскіх тэрыторый, узнікненне польска-нямецкай мяжы па лініі рэк Одэр — Ныса Лужыцкая, канчатковая адмова ад «крэсаў усходніх» — усё гэта кардынальна змяніла тэрытарыяльную структуру польскай дзяржавы. Істотна змяніўся і этнічны склад польскага грамадства. З краіны, дзе ў 1939 г. амаль кожны трэці належаў да іншых нацый, Польшча з заканчэннем Другой сусветнай вайны фактычна ператварылася ў маналітную ў этнічным сэнсе краіну. Такое становішча ўзнікла не само па сабе, а стала вынікам спецыяльных мер, якія ажыццяўляў польскі ўрад. Асаблівую значнасць для этнічнай структуры Польшчы мела палітыка ў адносінах да нямецкага насельніцтва. Менавіта немцы складалі ў 1945 г. самую вялікую пасля палякаў нацыянальную групу ў новых межах польскай дзяржавы. Гэта было звязана з далучэннем у 1945 г. да Польшчы так званых «заходніх земляў» — Ніжняй і Апольскай Сілезіі, Памор’я са Шчэцінам і Гданьскам, паўднёвай часткі Усходняй Прусіі, якія да вайны, акрамя Гданьска, уваходзілі ў склад Германіі. У польскай гістарыяграфіі і грамадска-палітычнай думцы дадзеныя тэрыторыі атрымалі назву «вернутыя землі», што адлюстроўвала імкненне паказаць гістарычную абумоўленасць тэрытарыяльных прырашчэнняў (у дадзеным артыкуле тэрміны «заходнія землі» і «вернутыя землі» будуць ужывацца паралельна). Такім чынам, польскія ўлады ў 1945 г. сутыкнуліся з сітуацыяй, калі ў яе межах апынуліся тэрыторыі з пераважна нямецкім насельніцтвам. Таму тая палітыка, якая ўсяго за 6 год (да 1950 г.) прывяла да шматразовага змяншэння колькасці нямецкага насельніцтва, на працягу ўжо некалькіх дзесяцігоддзяў прыцягвае ўвагу даследчыкаў.
Фарміраванне тэорыі і практыкі польскай палітыкі. Палітыка ў адносінах да нямецкага насельніцтва не была поўнасцю хаатычнай і казуальнай. Яна абапіралася на комплекс уяўленняў і ідэй, якія фарміраваліся ў свядомасці польскай эліты ў часы вайны. Яна імкнуліся асэнсаваць прычыны імклівага паражэння сваёй дзяржавы ў вераснёўскай кампаніі 1939 г. і зрабіць з гэтага высновы: што трэба будзе змяніць у Польшчы, каб трагедыя не паўтарылася зноў? З чым Польшча павінна выйсці з вайны? Якія яе мэты ў гэтым супрацьстаянні?
Першая канцэпцыя, якую падзялялі і прадстаўнікі эмігранцкага ўрада ў Лондане, і польскія камуністы, заключалася ў неабходнасці пашырэння Польшчы на захад. Немагчыма было ўявіць, што пасля паражэння Германіі польска-нямецкая мяжа пройдзе там жа, дзе і 31 жніўня 1939 г. Для «лонданцаў» анексія германскіх земляў стала б «ваенным прызам» за страты ў час акупацыі (пры гэтым эмігранцкі ўрад лічыў неабходным аднаўленне савецка-польскай мяжы 1939 г.) [2, s. 32]. Дакладны памер кампенсацый быў аб’ектам дыскусій, але іх аснову павінны былі скласці этнічна польскія землі Германіі (Памор’е, Верхняя Сілезія) [3, s. 306].
У сваю чаргу прамаскоўскія палякі гатовы былі пад ціскам СССР адмовіцца ад Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. Але і іх тэрытарыяльныя прэтэнзіі да Германіі былі значна павялічаны, каб кампенсаваць страты на ўсходзе. Гэта пазіцыя спадабалася заходнім саюзнікам (асабліва прэм’ер-міністру Вялікабрытаніі У. Чэрчылю) [3, s. 318]. На Захадзе ў той час баяліся рызыкаваць адносінамі з Масквой, але не маглі ігнараваць і патрабаванні польскага ўрада. Заходнім саюзнікам здавалася, што далучэнне да Польшчы пасля вайны нямецкіх тэрыторый Германіі будзе дастатковай «платай» за страту Вільні, Львова і Гродна.
Памер кампенсацый рэгулярна абмяркоўваўся на сустрэчах лідэраў вялікіх дзяржаў, якія так і не змаглі да канца вайны з Германіяй прыйсці да паразумення па гэтым пытанні [5, s. 31]. Але ў савецкім кіраўніцтве з 1944 г. пачалі схіляцца да думкі, што аптымальным варыянтам будзе польска-нямецкая мяжа па лініі рэк Одэр і Ныса-Лужыцкая (Заходняя Нейсе) [6, c. 74]. Пры гэтым у склад Польшчы павінны былі ўвайсці землі з пераважна нямецкім насельніцтвам. Нягледзячы на пэўныя спрэчкі, Савецкі Саюз здолеў навязаць сваё рашэнне на Пастдамскай канферэнцыі 1945 г. Польскія камуністы цалкам падтрымлівалі пазіцыю Масквы. Менавіта яны забяспечылі шырокае распаўсюджванне тэрміна «вернутыя землі», што павінна было адлюстроўваць гістарычную справядлівасць далучэння.
Пашырэнне Польшчы на захад, якое шырока абмяркоўвалася ў час Другой сусветнай вайны, уступала ў сур’ёзную супярэчнасць з іншай ідэяй, якая імпаніравала польскім палітыкам як «лонданскага», так і «маскоўскага» лагераў. Гэта ідэя заключалася ў немагчымасці для немцаў і палякаў суіснаваць разам у межах адной дзяржавы [7; 5, s. 48; 8, s. 17]. Нямецкая акупацыя забяспечыла для польскага грамадства поўную нецярпімасць у гэтым пытанні [2, s. 26; 6, c. 70; 9, s. 7]. Па меркаванні польскіх палітыкаў у Лондане, у пасляваенны час Польшча павінна атрымаць толькі этнічна польскія землі Германіі, але пры абавязковым захаванні «крэсаў усходніх» [4, c. 319]. Прамаскоўскія лідэры не маглі заняць па «крэсах усходніх» пазіцыю, адрозную ад савецкай, і ім нічога не заставалася, як патрабаваць максімальнага пашырэння на захад. Для вырашэння лёсу нямецкага насельніцтва, якое павінна было ў такім выпадку апынуцца ў Польшчы ў велізарнай колькасці, была рэаніміравана канцэпцыя швейцарскага антраполага Ж. Мантандона, выказаная яшчэ ў час Першай сусветнай вайны. Мантандон меркаваў, што трывалы мір у Еўропе магчымы толькі ў тым выпадку, калі дзяржавы стануць этнічна гамагеннымі, што выключыць падставы для ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы іншых краін нібыта для абароны сваіх супляменнікаў. У 1920-я гг. па рацэптах Мантандона паспрабавалі дзейнічаць Турцыя і Грэцыя, але іх вопыт быў абвешчаны непрымальным для цывілізаванай Еўропы [10, s. 127]. У 1939 г. прэм’ер-міністр Чэхаславакіі Э. Бенеш (ужо пасля пераезду ў Лондан) абвясціў, што пасля вайны ўсе немцы з яго краіны будуць выселены, каб гарантаваць, што мюнхенская змова больш не паўтарыцца. Для польскай палітычнай эліты гэта ідэя аказалася вельмі прыцягальнай [5, s. 34; 11, s. 178—190]. Сапраўды, навошта баяцца далучэння германскіх земляў, калі ўсіх немцаў адтуль можна будзе потым дэпарціраваць у Германію? Ідэя высялення немцаў была ўзята на ўзбраенне прамаскоўскімі польскімі коламі, кіраўніцтвам СССР і Вялікабрытаніяй (У. Чэрчыль імкнуўся тым самым схіліць польскі ўрад у Лондане да супрацоўніцтва з Масквой) [5, s. 46; 11, s. 194—196; 4, c. 292]. Ды і самі эмігранты лічылі дэпартацыю немцаў з Польшчы неабходнай [5, s. 34]. Такім чынам, яшчэ да завяршэння Другой сусветнай вайны ўдзельнікі антыгітлераўскай кааліцыі прыйшлі да кансэнсусу адносна: 1) пашырэння Польшчы на захадзе (як кампенсацыя за «крэсы ўсходнія»); 2) высялення з Польшчы немцаў. Менавіта гэтыя два палажэнні новы прамаскоўскі ўрад Польшчы паклаў у аснову сваёй палітыкі ў адносінах да нямецкага насельніцтва пасля вызвалення краіны ад нямецкай акупацыі [4, c. 142; 12, s. 120].
На іх карысць іграў той факт, што ў апошнія месяцы вайны (канец 1944 — пачатак 1945 г.) «вернутыя землі» сталі арэнай сапраўднай дэмаграфічнай катастрофы. Наступленне савецкіх войск і гіпербалізаваныя чуткі аб зверствах «рускіх» выклікалі масавыя ўцёкі мірнага насельніцтва на захад [5, s. 68]. Эвакуацыя, якую спрабавалі ажыццявіць гітлераўскія ўлады, была праведзена неэфектыўна. Ва ўмовах баявых дзеянняў і надзвычай халоднай зімы гэта выклікала шматлікія ахвяры. Па падліках даследчыкаў, да сакавіка 1945 г. з 12 млн жыхароў «вернутых земляў» (немцы сярод іх складалі да 90 %) ад 5 да 7,5 млн адышлі за Одэр. Для новых польскіх улад гэта азначала, што вайна значна спрасціла іх работу. Можна смела сцвярджаць, што менавіта масавыя ўцёкі нямецкага насельніцтва «вернутых земляў» у апошнія месяцы вайны зрабілі наступную дэпартацыю тэхнічна магчымай.
Аднак высяленне немцаў з Польшчы не магло быць аднабаковай акцыяй і патрабавала ўзгаднення з іншымі дзяржавамі, якія ажыццяўлялі акупацыю Германіі. Праблема нямецкага насельніцтва ў Польшчы абмяркоўвалася на Патсдамскай канферэнцыі [13, c. 113; 5, s. 46—51]. Пры актыўнай падтрымцы СССР ў тэкст рашэнняў і было ўключана палажэнне аб высяленні немцаў з Польшчы (а таксама з Чэхаславакіі і Венгрыі) [13, c. 400]. Вялікія дзяржавы павінны былі аказаць усім тром неабходнае садзеянне. Такім чынам, менавіта Патсдам санкцыяніраваў мэту і генеральны кірунак польскай палітыкі ў адносінах да нямецкага насельніцтва. Усе астатнія мерапрыемствы лагічна вынікалі з агучаных планаў і задач.
Ажыццяўленне польскай палітыкі: асноўныя накірункі. На самой справе, нягледзячы на дамоўленасці з вялікімі дзяржавамі, задачы перад польскім урадам стаялі вельмі складаныя. Ім патрэбна было падрыхтаваць немцаў да высялення, а для гэтага — дакладна вызначыць, хто будзе дэпарціраваны, а хто не [14, s. 251]. Сітуацыя ўскладнялася тым, што сярод жыхароў «вернутых земляў» было вельмі шмат людзей, якія не мелі акрэсленай этнічнай прыналежнасці. Яны валодалі польскай мовай і былі славянскага паходжання, але больш з Польшчай іх нічога не аб’ядноўвала. Значыць, існавала небяспека, што пэўная іх колькасць можа быць выслана разам з немцамі. Гэтага польскія ўлады дапусціць не жадалі: «аўтахтоны» (згодна з тагачаснымі ідэалагічнымі ўяўленнямі — германізаваныя за доўгія стагоддзі нямецкага панавання палякі) павінны былі стаць жывым сведчаннем справядлівасці далучэння «вернутых земляў» да Польшчы. Другой праблемнай групай насельніцтва былі «фальксдойчэ» — былыя грамадзяне Польшчы, якія ў час акупацыі абвясцілі аб сваёй нямецкай нацыянальнасці і атрымалі прывілеяванае становішча ў параўнанні з астатнімі палякамі. Польскае грамадства схілялася да разгляду іх у якасці здраднікаў, але ў асобных рэгіёнах акупіраванай Польшчы гітлераўцы запісвалі ў «фальксдойчэ» прымусова. Усё гэта азначала, што перад тым як выселіць немцаў з Польшчы, неабходна было правесці немалую работу па іх сегрэгацыі.
У якасці галоўнага крытэрыю «нямецкасці» новая польская адміністрацыя выбрала фармальна-прававы: 1) усе жыхары «вернутых земляў» (якія да 1945 г. мелі нямецкае грамадзянства) абвяшчаліся немцамі, пакуль не ў стане былі даказаць адваротнае; 2) усе «фальксдойчэ» таксама абвяшчаліся немцамі і захоўвалі даваеннае польскае грамадзянства толькі ў тым выпадку, калі маглі даказаць, што патрапілі ў спіс «фальксдойчэ» супраць уласнай волі. Такім чынам, калі нехта хацеў пазбегнуць высялення, то павінен быў сам дбаць аб гэтым. Спецыфіка сітуацыі заключалася ў тым, што палякі трактавалі былых грамадзян Германіі як «апатрыдаў», а Германія пасля капітуляцыі перастала існаваць як суб’ект права. Адпаведна ўсё нямецкае насельніцтва рабілася «грамадзянамі былой Германскай імперыі» [15, s. 10; 12, s. 197—198]. Гэта значна пагаршала яго фармальна-прававы і сацыяльны статус.
Ужо ў маі 1945 г. польскія ўлады прыблізна ўстанавілі колькасць нямецкага насельніцтва ў краіне. Згодна з ацэнкай лічба складала каля 2 млн чалавек (наступныя падзеі паказалі, што лічба была заніжана ў 2—2,5 разы) [12, s. 136—138]. Недакладная статыстыка была натхняльнай, і ў выніку ўлады ў Варшаве ў чэрвені — ліпені 1945 г. паспрабавалі (па прыкладу Чэхаславакіі) правесці дэпартацыю немцаў у Германію. Момант быў абраны зручны: у Патсдаме вырашаўся лёс «вернутых земляў» і польска-нямецкай мяжы. Палякі спадзяваліся, што знікненне нямецкага насельніцтва на ўсход ад рэк Одэр і Ныса-Лужыцкая будзе садзейнічаць таму, што заходнія саюзнікі пагодзяцца з такім абрысам заходняй мяжы Польшчы.
Правесці летнія высяленні было даручана арміі, таму і атрымалі назву «вайсковых» [12, s. 144; 16, s. 65]. Аператыўныя групы ваеннаслужачых акружалі нямецкія вёскі, збіралі жыхароў і гналі іх да мяжы [12, s. 146]. Польскія салдаты рабавалі нямецкую маёмасць, была зафіксавана вялікая колькасць крымінальных злачынстваў пры ажыццяўленні дэпартацыі [17, s. 138]. Аднак пастаўленыя мэты не былі дасягнуты. Савецкія пагранічнікі, якія патрулявалі мяжу паміж Польшчай і савецкай зонай акупацыі, не дазволілі большай частцы немцаў перайсці Одэр [12, s. 147, 166—167]. У выніку насельніцтва вярнулася ў свае дамы, у той час як польскія аператыўныя групы адрапартавалі аб выкананні плана. Гэта стала прычынай значных разыходжанняў паміж афіцыйнай статыстыкай па ваенных высяленнях (1,2 млн) і рэтраспектыўнай ацэнкай (300—500 тыс.) [16, s. 73, 75; 17, s. 147]. Пры гэтым перамовы ў Патсдаме ўсё роўна скончыліся для Польшчы станоўча, але вялікія дзяржавы, уражаныя абставінамі летняй дэпартацыі, пастанавілі забараніць высяленні да атрымання адпаведнага дазволу. Па іх меркаванні, зафіксаванаму ў рашэннях Патсдамскай канферэнцыі, перамяшчэнне немцаў павінна адбывацца ў гуманных абставінах, каб пазбегнуць ахвяр сярод іх.
Той факт, што дэпартацыя немцаў была адцягнута на невядомы тэрмін, паставіў польскія ўлады перад неабходнасцю выпрацаваць асновы палітыкі ў адносінах да нямецкага насельніцтва. Задачай гэтай палітыкі было: падрыхтаваць нямецкае насельніцтва да дэпартацыі і максімальна выкарыстаць усе выгады ад яго часовага знаходжання ў Польшчы. Больш за тое, гэта палітыка павінна была знаходзіцца ў рэчышчы «рэпаланізацыі» «вернутых земляў» — працэсу «сцірання» ўсіх прыкмет, што гэтыя тэрыторыі калісьці ўваходзілі ў склад Германіі [12, s. 314—316]. Гэта дзяржаўная палітыка праявілася ў замене ўсіх нямецкіх надпісаў на польскія, забароне публічнага карыстання нямецкай мовай, перайменаванні геаграфічных назваў і г. д. [12, s. 142; 14, s. 358]. Нямецкае насельніцтва па сваёй сутнасці было галоўнай перашкодай на шляху «рэпаланізацыі». Неабходна было паставіць яго ў такое становішча, пры якім дэпартацыя стала б для немцаў найлепшым, найбольш жаданым выхадам.
Абмеркаванне палітыкі ў адносінах да немцаў ішло на працягу ўсяго лета 1945 г. Вялікую ролю адыгрываў Польскі заходні саюз — грамадская арганізацыя на «вернутых землях». Адзначым, што ў пытанні лёсу нямецкага насельніцтва польскае грамадства дасягнула поўнага ўзаемаразумення. Агульнае стаўленне да немцаў было выразна негатыўным. Рэпрэсіўныя дзеянні ўлад выклікалі пратэсты фактычна толькі з боку часткі духавенства (напрыклад, катавіцкі біскуп К. Адамскі) [19, s. 134]. Фактычна, польскія камуністы выкарысталі антынямецкія настроі для кансалідацыі вакол новай улады. Неабходна адразу адзначыць, што вастрыня польскай палітыкі ў адносінах да немцаў з цягам часу змяншалася. Пакуль варшаўскія ўлады адчувалі сябе на «вернутых землях» не вельмі ўпэўнена, яны былі схільны праяўляць жорсткасць. Потым, у 1947—1948 гг., калі колькасць немцаў зменшылася, а сітуацыя ў Польшчы стабілізавалася, з’явілася магчымасць стварыць для немцаў, што яшчэ заставаліся ў краіне, больш-менш нармальныя ўмовы жыцця [12, s. 109—111; 17, s. 77; 20, s. 49].
Адасабленне нямецкага насельніцтва. Яно набывала самыя разнастайныя формы. Вясной і летам 1945 г. на рэгіянальным узроўні існавалі планы па стварэнні спецыяльных гета для немцаў у буйных гарадах «вернутых земляў» (Гданьск, Вроцлаў) [17, s. 69; 20, s. 267]. Другая форма — прымусовае нашэнне павязак з літарай «N» [12, s. 131—132; 14, s. 237, 368]. Гэта таксама была ініцыятыва мясцовых улад, якая не атрымала падтрымкі ў Варшаве з-за свайго падабенства да гітлераўскай практыкі [12, s. 173]. Немцам забаранялася мяняць сваё месца жыхарства, існавалі канцэнтрацыйныя лагеры [12, s. 127—131]. Першапачаткова яны прызначаліся для гітлераўскіх злачынцаў, але там у вялікай колькасці ўтрымлівалася і цывільнае насельніцтва (напрыклад, «фальксдойчэ»). Колькасць такіх устаноў ацэньвалася ў перыяд 1945—1950 гг. ў 1255 чалавек. Найбольш вядомыя лагеры: Свентлаховічы і Ламбіновічы, дзе адбываліся здзекі з арыштантаў, збіццё [12, s. 295]. Смяротнасць у лагерах для нямецкага насельніцтва, згодна з данымі нямецкіх гісторыкаў, складала 25—50 % [17, s. 92]. Але найбольшай жорсткасцю адносіны паміж надзіральнікамі і зняволенымі вызначаліся ў першай палове 1945 г., а ў наступным агрэсія стала зніжацца [14, s. 117; 16, s. 323; 20, s. 192].
Мерапрыемствы ў галіне эканомікі. Па-першае, канфіскацыя нямецкай маёмасці. Па-другое, прымусовая праца, якой падлягала ўсё нямецкае насельніцтва ва ўзросце ад 14 да 65 гадоў [17, s. 77; 20, s. 49]. Пры гэтым умовы працы былі значна горшыя за аналагічныя для палякаў. Частка заробку ішла ў цэнтралізаваныя фонды, практычна адсутнічала сацыяльная абарона [17, s. 70]. Праўда, тыя немцы, што мелі працу, знаходзіліся ў адносна лепшым становішчы, чым тыя, хто яе не меў. Апошнія вымушаны былі распрадаваць свае рэчы, якія скупліваліся польскімі спекулянтамі за бясцэнак (курс абмену маркі на злоты таксама быў дыскрымінацыйны) [14, s. 161; 20, s. 106]. Асобна стаяла праблема нямецкіх спецыялістаў. Ва ўмовах пасляваеннай разрухі і амаль поўнай адсутнасці польскага насельніцтва на «вернутых землях», іх эканамічнае развіццё залежала выключна ад групы нямецкіх кваліфікаваных працаўнікоў, замену якім знайсці ў хуткім часе было немагчыма. Асабліва актуальна гэта было ў 1945—1946 гг., калі польскае асадніцтва толькі пачыналася, прычым першыя асаднікі былі зацікаўлены не столькі ў працы, колькі ў захопе нямецкай маёмасці. У наступным, калі пачнецца дэпартацыя, нямецкія спецыялісты атрымаюць спецыяльную броню — так званыя рэкламацыйныя карткі трох колераў (белага, блакітнага і чырвонага) [9, s. 110; 12, s. 193—194]. Тыя, хто меў такую картку, часова выключаўся са спісу прызначаных да высялення.
Рэабілітацыя і верыфікацыя. Мэтамі гэтых акцый было аддзяленне ад асноўнай масы немцаў асоб польскай нацыянальнасці альбо польскага паходжання. Верыфікацыя праходзіла на «вернутых землях» і датычылася «былых грамадзян Германскай імперыі» славянскага паходжання («аўтахтонаў») [8, s. 38]. Былі створаны спецыяльныя верыфікацыйныя камісіі, у задачы якіх уваходзіла прыманне заяў ад «аўтахтонаў». Калі заяўнік мог пацвердзіць, што належыць да польскай нацыі, ён атрымліваў польскае грамадзянства (і, адпаведна, вызваляўся ад дэпартацыі ў Германію) [12, s. 142; 20, s. 56—57; 17, s. 96]. На працягу 1945—1950 гг. гэту працэдуру прайшлі амаль 1 млн сілезцаў, мазураў, кашубаў. Але гэтыя лічбы маглі б быць яшчэ больш высокімі (агульная колькасць аўтахтонаў ацэньвалася ў 2 млн), калі б не перагібы мясцовай польскай адміністрацыі, якая кожнага аўтахтона ўспрымала як немца [21, s. 165]. Аўтахтоны сутыкаліся з неталерантным стаўленнем з боку міліцыі, бюракратыі, асаднікаў, у выніку чаго многія патэнцыяльныя польскія грамадзяне палічылі за лепшае прамаўчаць аб сваім паходжанні і падзяліць лёс астатніх немцаў, каб пачаць новае жыццё ў Германіі [21, s. 63]. Што датычыцца рэабілітацыі, то гэта працэдура прызначалася да «фальксдойчэ», якія трапілі ў акупацыйны спіс асоб нямецкага паходжання прымусова [14, s. 96]. На пабытовым узроўні яны ўспрымаліся як здраднікі польскага народа, але на працягу 1945—1950 гг. амаль 200 тыс. «фальскдойчэ» здолелі вярнуць сабе польскае грамадзянства [14, s. 103].
Палітыка польскіх улад у адносінах да нямецкага насельніцтва насіла выразна дыскрымінацыйны характар, была часткай рэпаланізацыі «вернутых земляў». Адным з яе вынікаў сталі масавыя добраахвотныя выезды немцаў з Польшчы ў канцы 1945 г. Для палякаў гэта быў найлепшы варыянт: дэпартацыі былі часова забаронены ў Патсдаме, а тут нават не трэба было несці фінансавыя выдаткі. Нямецкае насельніцтва, асабліва ў Ніжняй Сілезіі, бачачы бесперспектыўнасць свайго знаходжання ў Польшчы, схілялася да арганізацыі сваго выезду ў Германію самастойна. Да таго ж, умовы добраахвотных выездаў былі больш спрыяльныя, чым падчас наступнай дэпартацыі. Немцы бралі з сабой вялікую колькасць багажу, самі выбіралі спосаб і маршрут перамяшчэння. Польскія ўлады ахвотна выдавалі індывідуальныя дазволы немцам на выезд і нават згаджаліся дапамагчы ім у арганізацыі транспарту [14, s. 371]. Для прыкладу, у Памор’і Гданьскім улады абяцалі немцам бясплатны праезд да мяжы (праўда, у выніку недахопу транспартных сродкаў абяцанне не было выканана) [17, s. 157]. З другога боку, падчас такога перамяшчэння не ажыццяўляўся кантроль за нацыянальнай прыналежнасцю: сярод тых, хто выехаў, было нямала аўтахтонаў [22, s. 33]. Колькасць немцаў, якія пераехалі ў Германію пасля Патсдама («добраахвотныя выезды»), ацэньваецца нямецкімі гісторыкамі ў 400 тыс. асоб. Гэта лічба ўяўляецца і заніжанай. Яна заснавана на польскай чыгуначнай статыстыцы, згодна з якой чыгункай скарысталася 366 тыс. немцаў [12, s. 181]. Больш верагодна, што ў другой палове 1945 г. Польшчу пакінула 600 тыс. чал.
Дэпартацыя немцаў з Польшчы і яе вынікі. Кульмінацыяй польскай палітыкі ў адносінах да нямецкага насельніцтва стала дэпартацыя немцаў у Германію. Запланаваная і ўхваленая яшчэ ў Патсдаме, яна пачалася толькі ў першай палове 1946 г., калі польскія ўлады і кіраўніцтва акупацыйных зон Германіі здолелі прыйсці да паразумення па шэрагу арганізацыйных пытанняў. Дакладны разгляд дэпартацыі выходзіць за межы артыкула. Трэба адзначыць толькі, што менавіта дэпартацыя немцаў была лагічным завяршэннем усіх тых мерапрыемстваў, якія ажыццяўляліся ў адносінах да немцаў з канца вайны. За перыяд да студзеня 1950 г. з Польшчы ў рамках арганізаваных высяленняў выехала каля 2 млн немцаў. Завяршэнне дэпартацыі мела месца ў студзені 1950 г., калі было заключана пагадненне паміж Часовым урадам ГДР і Польшчай аб «уз’яднанні сем’яў» (прычым для нямецкага насельніцтва захоўвалася магчымасць пасля гэтага пераехаць да сваякоў у ФРГ) [20, s. 451]. Праблема нямецкага насельніцтва была пераведзена ў сферу двухбаковых польска-нямецкіх адносін.
Вынікі дэпартацыі немцаў з Польшчы ў 1945—1950 гг. неабходна разгледзець у некалькіх кантэкстах. З пункту гледжання статыстыкі за 1946—1949 гг. было выселена 2,3 млн асоб нямецкай нацыянальнасці, а падчас «вайсковых высяленняў» 1945 г. — каля 300—400 тыс. чалавек. Калі да гэтага дадаць прыкладна 600 тыс. немцаў, якія выехалі добраахвотна, то атрымліваецца, што пасля заканчэння вайны з Польшчы выехала да 3,3 млн немцаў, з якіх большая частка — менавіта ў ходзе акцыі, арганізаванай згодна з патсдамскім рашэннем. Нельга не адзначыць, што ў тэхнічным аспекце польскія ўлады, нягледзячы на шэраг сур’ёзных недахопаў, здолелі наладзіць дастаткова эфектыўны механізм высялення немцаў. Перасяленне такой значнай колькасці насельніцтва ва ўмовах рэпатрыяцыі палякаў і пасляваеннай разрухі з’яўляецца несумненным поспехам польскіх улад.
З пункту гледжання польска-нямецкіх адносін высяленне немцаў мела значныя наступствы. Многія з выселеных жыхароў выкарысталі сваё становішча дэпарціраваных у палітычных мэтах, што мела значнасць ва ўмовах «халоднай вайны». Так, у 1947 г. узнік «Гданьскі ўрад у выгнанні», у Кёльне — Савет па справах бежанцаў. У заходнегерманскай прэсе панавала негатыўнае стаўленне да дэпартацыі, якое пераносілася на ўсю ПНР [11, s. 129—133]. Ідэалагічная блізкасць рэжымаў ГДР і ПНР выключала напружанасць у гэтым кантэксце. Тым не менш фактар дэпарціраваных немцаў працягвае адыгрываць пэўную ролю ў польска-нямецкіх адносінах і сёння, уводзячы элемент варожасці і рэвізіянісцкіх настрояў.
Як вядома, высяленне немцаў было выклікана імкненнем вырашыць супярэчнасць паміж жаданнем далучыць «вернутыя землі» і пабудаваць гамагенную ў этнічным сэнсе дзяржаву, існаванне ў якой нямецкай меншасці было немагчыма. У гэтым кантэксце дэпартацыя сваёй мэты не дасягнула. Сам факт заключэння дамовы «аб уз’яднанні сем’яў» сведчыць аб гэтым. Пераезд немцаў з Польшчы ў ГДР і ФРГ быў характэрнай з’явай да 1980-х гг. У 1950 г. выехала 47 417 чалавек у ГДР і 13 257 чалавек у ФРГ [24, s. 58]. У 1951 г. — 11 212 чалавек у абедзве нямецкія рэспублікі. Усяго за 1950—1954 гг. з Польшчы ў Германію выехала каля 100 тыс. немцаў, а ў 1955—1959 гг. — яшчэ 160 тыс. чалавек. Згодна са статыстычнымі данымі ФРГ усяго за 1950—1990 гг. з Польшчы ў ФРГ выехала каля 1 млн чалавек нямецкага паходжання. Але пры ўсім гэтым нямецкая меншасць у Польшчы захавалася, пераважна ў Верхняй Сілезіі. Так, напрыклад, падчас анкетавання ў 1952 г. 130 тыс. аўтахтонаў выказалі нямецкую нацыянальную свядомасць. У 1950 г. былі адкрыты нямецкія школы. Гэта значыць, што польскія ўлады неафіцыйна прызналі існаванне ў Польшчы нямецкай меншасці. Афіцыйна ж яны прызнавалі існаванне ў краіне невялікай колькасці немцаў-спецыялістаў, якія пры гэтым не мелі польскага грамадзянства. Усё гэта было звязана са зменай агульнай накіраванасці польскай ідэалогіі, якая ад пасляваеннага «нацыяналізму» перайшла да ідэі «інтэрнацыянальнага класавага супрацоўніцтва» [25, s. 121]. У 1954 г. у Польшчы пражывала 200 тыс. немцаў. З другога боку, у ФРГ у 1950—1979 гг. 605 тыс. чалавек, што пераехалі з Польшчы, атрымалі нямецкае грамадзянства. Гэта сведчыць аб тым, што, нягледзячы на прыкладзеныя намаганні з боку Польшчы, адміністрацый брытанскай і савецкай акупацыйных зон, высяленне немцаў усіх да аднаго так і засталося недасягнутым. Такім чынам, фармальная мэта польскай палітыкі — пазбаўленне ад нямецкага насельніцтва — не была выканана.
Але вынікі высялення немцаў з Польшчы неабходна таксама разгледзець і ў кантэксце інтэграцыі «вернутых земляў», якая атрымала форму рэпаланізацыі апошніх. Уся палітыка Варшавы ў адносінах да нямецкага насельніцтва мела рэпаланізацыйны характар, дэпартацыя немцаў характарызавалася тым жа. Відавочна, што існаванне нямецкага насельніцтва на «заходніх землях» было галоўнай перашкодай на шляху іх інтэграцыі ў склад Польшчы. Меры па забеспячэнні дэпартацыі (адасабленне, эканамічная эксплуатацыя, верыфкацыя, рэабілітацыя) падрыхтавалі правядзенне высялення (а ўскосным чынам — справакавалі добраахвотныя выезды). У сваю чаргу, высяленне немцаў з Польшчы дазволіла стварыць неабходныя ўмовы для інтэграцыі «вернутых земляў». Прычым прынцыповым адрозненнем паміж стварэннем маналітнай у этнічным сэнсе дзяржавы і інтэграцыяй «заходніх земляў» было тое, што для інтэграцыі не патрабавалася пазбаўленне ад усіх немцаў: трэба было толькі зменшыць колькасць нямецкага насельніцтва да такой меры, у якой яны б не аказвалі істотнага ўплыву на жыццё рэгіёна. На карысць гэтай думкі сведчыць храналагічная блізкасць дзвюх характэрных падзей — ліквідацыі ў 1949 г. Міністэрства «вернутых земляў» (што азначала фактычнае завяршэнне іх інтэграцыі) і адкрыццё нямецкіх школ (што азначала фактычны адыход ад уяўленняў аб часовасці знаходжання нямецкага насельніцтва на тэрыторыі Польшчы). Усё гэта пацвярджае тую думку, што галоўнай мэтай высялення немцаў (хоць і не выказанай адкрыта) было забеспячэнне паспяховай інтэграцыі «заходніх земляў». Звернем увагу на той факт, што ў 1990-я гг. Польшча пазбегла канфліктаў на нацыянальнай глебе паміж палякамі і немцамі, што таксама з’яўляецца ўскосным станоўчым вынікам дэпартацыі. З іншага боку, відавочна, што дэпартацыя немцаў супярэчыла агульнапрынятым правам і свабодам чалавека. Менавіта па гэтай прычыне не можа ісці размовы аб выкарыстанні польскага вопыту ў рашэнні сучасных нацыянальных канфліктаў. Дэпартацыі насельніцтва па нацыянальнай прыкмеце ўвогуле і высяленне немцаў з Польшчы ў прыватнасці не могуць быць параўнаны з генацыдам, які адбываўся ў ХХ ст. у адносінах да яўрэяў, армян альбо тутсі, ці этнічнымі чысткамі, якія мелі месца ў краінах былой Югаславіі, аднак гэта не можа быць апраўданнем для польскіх ўлад. Сучасная навуковая і грамадска-прававая думка рашуча адмаўляе дэпартацыю ў якасці сродку дасягнення міру паміж народамі.
Литература
1. Archiwum Akt Nowych. Ministerstwo Ziem Odzyskanych. Sygn. 68А — Ludnoścc autochtoniczna. Uchwały Kongresu Polaków-autochtonew z Ziem Odzuskanych. 9.09.1946.
2. Jankowiak, S. Wysiedlenie i emigracja ludnośći niemieckiej w polityce władz polskich w latach 1945—1970 / S. Jankowiak. Warzsawa : Instytut Pamięci Narodowej, 2005. 555 s.
3. Duraczyński, E. Granice Polski w polityce koalicji antyhitlerowkiej i w polityce polskiej / E. Duraczyński // Kompleks wypędzenia: pr. zbior. / W. Borodziej, A. Hajnicz. Kraków : Znak, 1998. S. 299—327.
4. Документы и материалы по истории советско-польских отношений / редкол.: И. А. Хренов, В. Т. Ковальский (отв. ред.) [и др.]. М. : Политиздат, 1963—1986. Т. 8. 1974. 680 с.
5. Podlasek, M. Wypędzenie Niemców z terenów na wschod od Odry i Nysy Łużyckiej. Relacje świadków / M. Podlasek. Warszawa : PAN, 1995. 294 s.
6. Советский фактор в Восточной Европе 1944—1953: в 2 т. / РАН, Инст-т славяноведения; сост., научн. коммент. Т. В. Волокитиной. М. : РОССПЭН, 1999. Т. 1: 1944—948. 480 c.
7. Милякова, Л. Б. Польша на пути к моноэтническому государству / Л. Б. Милякова // Международный исторический журнал [Электронный ресурс]. 2003. Режим доступа: www.hrono.ru/statii/2003/1918_47polon.html. Дата доступа: 14.01.2007.
8. Madajczyk, P. Niemcy polscy. 1944—1989 / P. Madajczyk. Warszawa : Oficyna naukowa, 2001. 371 s.
9. AAN. Ministerstwo Ziem Odzyskanych. Sygn. 527 — Repatriacja ludności niemieckiej. Płanownik i przebieg, postawa spoleczennstwa polskiego i ludności niemieckiej oraz władz okupacyjnych. 1946 r.
10. AAN. Ministerstwo Ziem Odzyskanych. Sygn. 527ń — Repatriacja ludności niemieckiej. 1946—1947.
11. Lippóczy, P. Przesiedlenie ludności niemieckiej z Polski po II wojne światowej w świetle documentów / P. Lippóczy, T. Walichnowski. Warszawa; Łodź : PWN, 1982. 348 s.
12. Niemcy w Polscе 1945—1950. Wybór documentów: w 4 t./ redkol.: W. Borodziej, H. Lemberg. Warszawa: Neriton, 2000—2001. Т. 1: Władze i istitucje centralne. Wojewódstvo olstyńskie / W. Borodziej, C. Kraft. 2000. 615 s.
13. Советский Союз на международных конференциях периода Великой Отечественных войны. 1941—1945: в 6 т. / МИД СССР; редкол.: А. А. Громыко (гл. ред.) [и др.]. М. : Политиздат, 1984. Т. 6: Берлинская (Потсдамская) конференция руководителей трех союзных держав. 17 июля — 2 августа 1945 года. 511 с.
14. Niemcy w Polscе 1945—1950. Wybór documentów: w 4 t. / redkol.: W. Borodziej, H. Lemberg. Warszawa : Neriton, 2000—2001. Т. 2: Polska Centralna. Wojewódstwo śląskie / I. Eser, J, Kochanowski. 2000. 590 s.
15. AAN. Ministerstwo Ziem Odzyskanych. Sygn. 529 — Repatriacja ludności niemieckiej z Polski: planowanie i przebeg. 1947 r.
16. Niemcy w Polscе 1945—1950. Wybór documentów: w 4 t. / redkol.: W. Borodziej, H. Lemberg. Warszawa : Neriton, 2000—2001. T. 3: Wojewódstwa poznańskie i szczecińskie / S. Jankowiak, K. Steffen. 2001. 497 s.
17. Nitschke, B. Wysiedlenie czy wypędzenie? Ludność niemiecka w Polsce w latach 1945—1949 / B. Nitschke. Toruń : Adam Marszalek, 2000. 306 s.
18. AAN. Ministerstwo Administracji Publiczney. Sygn. 2402 — Repolonizacja nazw.
19. Wysiedlenie Niemców i osadnictwo ludności polskiej na obszarze Krzyżowa — Świdnica (Kreisau — Schweidnitz) w latach 1945—1949. Wybór dokumentów / M. Maciejewski [i in.]; pod red. K. Joncy. Wrocław : Leopoldinum, 1997. 632 s.
20. Niemcy w Polscе 1945—1950. Wybór documentów: w 4 t. / redkol.: W. Borodziej, H. Lemberg. Warszawa : Neriton, 2000—2001. Т. 4: Pomorze Gdańskie i Dolny Śląsk / I. Eser [i in]; pod og. red. D. Boćkowskiego. 2001. 496 s.
21. Strauchold, G. Autochtoni — polscy, niemieccy, czy… Od nacjonalizmu do komunizmu / G. Strauchold. Toruń: Adam Marszalek, 2001. 259 s.
22. Romanow, Z. Polityka władz polskich wobec ludbności rodzimej ziem zachodnich i północnych w latach 1945—1960 / Z. Romanow. Słupsk : Wyższa Szkoła Pedagog, 1999. 343 s.
23. Banasiak, S. Przesiedlenie Niemców z Polski w latach 1945—1950 / S. Banasiak. Łodź: Un-t Łódzki, 1968. 258 s.
24. Jankowiak, S. «Akcja łączenia rodzin» między Polską a Niemiecką Republiką Demokratyczną w latach 1949—1954 / S. Jankowiak // Przegląd Zachodni. 1995. № 3. S. 51—74.
25. Mironowicz, E. Polityka narodowościowa PRL / E. Mironowicz. Białystok : Białoruskie Towarzystwo Historyczne, 2000. 285 s.
26. AAN. Ministerstwo Ziem Odzyskanych. Sygn. 525А — Dane statystyczne, datyczący weryfikacji ludności rodzimej Ziem Odzyskanych. Statystyka repatriacji ludności niemieckiej. 1947 r.
Наверх