Электронная версия белорусского научного исторического журнала “Российские и славянские исследования”

Главная

О журнале

Правила публикации статей

Новый номер!

Главная » Статьи по теме 'Великое Княжество Литовское'

Статьи по теме ‘Великое Княжество Литовское’

Міжнародны круглы стол, прысвечаны юбілею Грунвальдскай бітвы (Мінск, 15 красавіка 2010 г.)

Ноябрь 5, 2010 | Комментарии отключены

На гістарычным факультэце Беларускага дзяржаўнага універсітэта 15 красавіка 2010 г. адбыўся міжнародны круглы стол «…И на весь свет знаменитую славу осягнувши…», прысвечаны 600-й гадавіне Грунвальдскай бітвы. У круглым стале прынялі ўдзел гісторыкі з Беларусі і Польшчы. Праблемнае поле навуковай сустрэчы было акрэслена чатырма тэмамі: Грунвальдская эпапея ў гістарычных крыніцах і навуковых даследаваннях; ваенна-палітычнае супрацьстаянне крыжакоў са славянамі і балтамі; вынікі Вялікай вайны як фактар станаўлення сістэмы міжнародных адносін у краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы; Грунвальдская бітва ў гістарычнай памяці народаў Усходняй і Цэнтральнай Еўропы.

Было зроблена 16 дакладаў і паведамленняў, шэраг важных заўваг паступіў у ходзе дыскусіі. Ю. М. Бохан засяродзіў увагу на крыніцазнаўчых аспектах даследаванняў па гісторыі Грунвальдскай бітвы. Згодна з яго меркаваннем ніводная з ключавых праблем, якія сёння дыскутуюцца ў навуцы, не можа быць здавальняюча вырашана без скрупулёзнага вывучэння і супастаўлення крыніц. Да ліку такіх праблем аўтар аднёс у першую чаргу колькасны склад саюзніцкага войска ў цэлым і асобных яго харугваў, у прыватнасці, узбраенне ваяроў, дакладную лакалізацыю месца бітвы. Асаблівая ўвага ў дакладзе была звернута на адну з самых ранніх крыніц па гісторыі бітвы — «Хроніку канфлікту польскага караля Уладзіслава з крыжакамі». П. А. Лойка прасачыў перадгісторыю грунвальдскай перамогі, адзначыўшы як удалы, так і няўдалы вопыт ранейшых бітваў войска Вялікага княства Літоўскага, які быў выкарыстаны на грунвальдскіх палях. У дакладзе Ю. Л. Казакова была разгледжана ацэнка міжнароднага значэння Грунвальскай бітвы, якую даў Ян Длугаш у сваёй славутай хроніцы. Выступленне А. Р. Дзянісавай было прысвечана ўплыву Грунвальдскай бітвы на канфесійную палітыку вялікага князя літоўскага Вітаўта. Асаблівы акцэнт у выступленні быў зроблены на спробы Вітаўта вырашыць праблемы ва ўзаемаадносінах паміж рымска-каталіцкай і ўсходне-праваслаўнай канфесіямі праз заключэнне царкоўнай уніі. М. А. Плавінскі зрабіў спробу ахарактарызаваць узбраенне ваяроў беларускіх зямель у эпоху Грунвальдскай бітвы. Адзначыўшы недастатковую вывучанасць пытання і рэдкасць адпаведных матэрыялаў, дакладчык акрэсліў XV ст. як «цёмнае» стагоддзе ў гісторыі беларускай зброі.

Шэраг дакладаў быў прысвечаны месцу Грунвальдскай бітвы ў кантэксце агульнаеўрапейскай гісторыі. Так, І. А. Еўтухоў звярнуў увагу на блізкія паралелі паміж апісаннем паво­дзінаў караля Польшчы Уладзіслава ІІ Ягайлы напярэдадні бітвы, зафіксаваным у хроніцы Яна Длугаша, і падобнымі сюжэтамі ў заходнееўрапейскіх хроніках эпохі сярэдневякоўя.

Важным пытаннем стала гістарычная памяць аб Грунвальдскай бітве. Прадстаўнікі Вроцлаўскага універсітэта выступілі з дакладамі аб святкаванні 500-годдзя і 550-годдзя Грунвальда ў Польшчы. Б. Рок разгледзеў юбілейныя ўрачыстасці стогадовай даўніны і падкрэсліў, што ва ўмовах падзеленасці Польшчы асаблівы размах у 1910 г. святкаванне набыло ў Кракаве, які тады знаходзіўся ў складзе Аўстра-Венгрыі. У.  А. Сосна (БДУ) прасачыў, як мянялася прадстаўленне Грунвальдскай бітвы ў школьных падручніках па гісторыі Беларусі. У савецкія часы ўдзел беларускіх ваяроў у бітве нават не згадваўся, і толькі ў апошнія 20 гадоў Грунвальдская бітва заняла месца адной з самых важных бітваў у гісторыі, у тым ліку і беларускага народа.

Круглы стол стаў падзеяй у навуковым жыцці гістарычнага факультэта БДУ. Ён паказаў перспектыўнасць далейшага вывучэння праблемы як з пункту гледжання айчыннай гісторыі, так і ў шырэйшым еўрапейскім кантэксце.

В. А. Варонін, дацэнт кафедры гісторыі Беларусі старажытнага часу і сярэдніх вякоў БДУ, кандыдат гістарычных навук

Шляхецкасялянскія міжсаслоўныя адносіны на беларускіх землях другой палове XVI — першай палове XVII cт.

Декабрь 21, 2009 | Комментарии отключены

Лойка П. А.

Лойко Павел Олегович — доцент кафедры истории Беларуси древнего времени и средних веков Белорусского государственного университета, кандидат исторических наук

Праблема міжсаслоўных стасункаў падчас росквіту на беларускіх землях феадальнага ладу ў поўным аб’ёме практычна абыйдзена ўвагай сучаснай ды й папярэдняй айчынна-замежнай гістарыяграфіі. Але зусім быць некранутай яна не магла, бо без асэнсавання саслоўных узаемадачыненняў проста немажліва даць поўную, дакладную характарыстыку стану і развіццю грамадства на землях Беларусі ў другой палове XVI — першай палове XVII ст. Магчыма, гэта акалічнасць вымушала даследчыкаў пры разглядзе розных праблем дзяржаўна-палітычнай, сацыяльна-эканамічнай, этна-культурнай гісторыі Беларусі волей-няволей кідаць позірк на адносіны паміж станамі тагачаснага грамадства.

Безумоўна, прашляхецкая палітыка дзяржавы ў XVI—XVIII ст. вызначала ініцыятыўную ролю ў міжсаслоўных стасунках у гэты час менавіта вышэйшага саслоўя. Але трэба аддаць даніну эпосе, калі распачаліся даследаванні праблемы. А гэта 30—80-я гг. ХХ ст., бо савецкі перыяд быў эпохай марксісцка-класавай ідэалогіі, у якой прыярытэт аддаваўся вывучэнню становішча «людзей простага стану», большасць з якіх складала сялянства. Прычым адносіны паміж землеўласнікамі і землекарыстальнікамі вызначаліся, на погляд даследчыкаў савецкага часу, як выключна канфрантацыйныя. Яркім сведчаннем таму назвы раздзелаў у абагульняючых і спецыяльных працах па гісторыі Беларусі другой паловы XVI — першай паловы XVII ст.: «Барацьба народных мас супраць феадальнага і нацыянальна-рэлігійнага прыгнёту»; «Антыфеадальная барацьба насельніцтва прыватнаўласніцкіх гарадоў. Паўстанні»; «Дакументы аб барацьбе сялян» [1, c. 51, 112, 242]. Безумоўна, медэевісты 50—70-х гг. ХХ ст. засноўвалі свае даследаванні на арыгінальных крыніцах, у якіх, відавочна, паўставалі неадназначныя, супярэчлівыя адносіны паміж панамі і падданымі. Залежалі яны ад матэрыяльнага стану ўладальніка зямлі і яго прыгонных, геаграфічнага месца знаходжання маёнтка, палітычнай сітуацыі, ды ўрэшце асабістых якасцей прадстаўніка элітарнага саслоўя. Але ўсебакова прааналізаваць дакументальны матэрыял гісторыкі савецкай эпохі не мелі магчымасці з прычыны дзяржаўна-ідэалагічнай абмежаванасці.

Крыніцы, якія адзначаюць складаныя грамадскія адносіны паміж шляхтай і сялянствам, утрымліваюцца ў штогадовых актавых кнігах гродскіх і земскіх судоў, дзе былі зафіксаваны шляхецкія звароты ў павятовыя суды на супрацьпраўныя дзеянні прыгонных падданых (уцёкі, парубку лесу, патравы сенажацяў, адмовы ад выканання павіннасцей, крадзяжы, адкрытыя ўзброенныя канфлікты); таксама скаргі (суплікі) сялян землеўладальнікам, што канстатуюць прэтэнзіі землекарыстальнікаў да арандатараў і адміністратараў маёнткаў. Асаблівая каштоўнасць і непаўторнасць скаргаў у тым, што яны зыходзілі непасрэдна ад прыгонных і перадавалі іх настроі, адносіны да гаспадароў, погляды земляробаў на эканамічныя і сацыяльныя навацыі ў метадах гаспадарання і пабытовыя зрухі ў паўсядзённым жыцці. У дадатак да азначанага гэтыя дакументы ў некаторых выпадках утрымлівалі паметкі і разгонутыя заўвагі землеўладальнікаў, якія выяўляюць рэакцыю феадалаў на крыўды сваіх падданых. Дакументы ўлікова-гаспадарчага, а таксама юрыдычнага характару — інвентары, рэгулявалі адносіны паміж шляхтай і сялянствам, а таксама паміж землеўласнікамі і арандатарамі. Тым самым яны абаранялі ўладальніцкія правы і інтарэсы шляхецкага саслоўя ды фіксавалі сялянскую зямельную маёмасць, наяўнасць рабочай жывёлы і павіннасці, якія павінны быць непарушнымі. У інструкцыях пераважна магнатаў сваёй адміністрацыі ў маёнтках змяшчаўся матэрыял па кіраванні фальваркавай гаспадаркай. Ішла гаворка аб парадку выплаты сялянскага чыншу, выкананні паншчыны, іншых павіннасцей, пералічваюцца абавязкі розных катэгорый залежнага сялянства.

Канфліктнасць саслоўяў. Менавіта да сярэдзіны XVI ст. праз фільтры заканадаўчых актаў, у першую чаргу Статута Вялікага княства Літоўскага, судовых пастаноў, аграрнай рэформы, усталяваўся асабовы склад вышэйшага прывілеяванага саслоўя — шляхты, якая рэзка была аддзелена ад мяшчанства і сялянства: «Простых людей на шляхту гаспадар не маеть повышати» [2, c. 75]. Сялянскае саслоўе, якое канчаткова сфарміравалася да канца XVI ст., было найшматлікім (больш за 80 % насельніцтва [3, c. 164—165]), і папаўнялася, дарэчы, часцяком за кошт збяднелай шляхты і «галоты».

Палярнасць юрыдычна-матэрыяльнага становішча пана і падданага, з аднаго боку, выклікала значныя міжсаслоўныя канфлікты, якія зыходзілі ад уседазволенасці шляхты ў распараджэнні сваімі прыгоннымі і абароны, часта супрацьпраўнай, сялянамі сваіх інтарэсаў і гонару. Праўда, з другога боку, землеўласнік не мог падтрымліваць сваё высокаматэрыяльнае становішча без добра арганізаванай, найлепш заможнай, сялянскай гаспадаркі. Таму быў вымушаны яе падтрымліваць, а часам абараняць.

Так, безумоўна, лёс селяніна і яго сям’і цалкам залежаў ад волі ўладальніка. Гэта відавочна з права шляхціца-гаспадара прадаваць сваіх прыгонных. Дастаткова згадаць запіс 1610 г. у актавай кнізе Браслаўскага земскага суда аб прадажы Б. Коваля земянінам С. Лавейка свайму брату Б. Лавейка: «Постановившысе очевисто у суду земелии господарский повету Браславского пан Станислав Янович Ловейко сознал то пры листе своём, иж он, которог подданого мел спольного з братею своею на име Беняша Петюлевича Коваля, тогды телер часть свою ему межи братею належочую, того подданого, жоны и детей и всяких пожытков от него прыходячых продал брату своему пану Вацлаву Ловейку за дванадцать копгрошей литовских» [4, арк. 18].

З крыніц вынікаюць акты адкрытага гвалту шляхецкіх асоб супраць сялянскага асяродку. Так, у кнізе Слонімскага гродскага суда прысутнічае запіс за 1560 г. аб разрабаванні сялянскай маёмасці і вывадзе дваццаці сямей з вёскі Валковічы князем Палубенскім: «Княгиня Федоровая Полубенская … месяца июня 12, у середу, в недитности князя малжонка…у выменьи Котчице князь Андрей Иванович Полубенский, брат его милости, наехавшими квалтовне на село Котчишьское Валковичи, з многими слугами, поддаными своими, и всих подданых князя малжонка моего того села Валкович, чоловеков дванадцати самих, з домов, повезавши побрали, и нет ведома, где их подел. При котором ден наехали его квалтовном немало ся тым подданым князя, малжонка моего, шкод стало»[5, c. 58—59].

Цярпелі неаднаразова сяляне-земляробы адкрытае грабежніцтва з боку шляхты, якая была не ўнутры маёнтка, а ў стопрацэнтнай фіксаванасці суседская. Прычым шляхціцы-грабежнікі былі не ўладальнікамі зямельнай уласнасці, а служачымі адміністрацыі ці арандатарамі памешчыцкіх маёнткаў. Яркі прыклад таму — запіс у кнізе Слонімскага гродскага суда за 16 жніўня 1560 г. аб разрабаванні цівуном пана А. Валовіча сялян значнай уласнасці Дзярэчын. Так, служачы дзярэчынскага ўладання, якое належала на той час князям Адзінцэвічам, скардзіўся на суседскага «пана Василья Чалыга, иж ден в тот понеделок пршлый месяца августа двенадцатого дня… з многими помочниками… наехавши моцно и квалтовным обычаем по домах подданных князя его милости пана его деречинских: у Евхима Сидоровича взял волт и з сохою и з парогами, две сермяги, тридцать локот сукна, а в дицы пара полтрете локот сукна, двадцать локот полотна, кужелю, сорочек тонких девять, простиц синих чотыри, и чорных простиц две, намедцов девять, поес и з ытолииком, у выголиику копа грошей, меду пресного ведри пинских… У Станюковича две сохи волов, кляча, сермяга, топор. У Федьца Соболевича два волы з сохою и з парогами, сермягу. У Трохима Нацевича волы два, кляча» [5, c. 66].

Грабежніцтва сялян, галоўным чынам магнацкіх уладанняў, з боку мясцовай шляхты ў XVI—XVII ст. не перапынялася. Так, у 1610 г. кніга Браслаўскага земскага суда сведчыць аб разрабаванні земянінам М. Рачкам падданых вёскі Перабродскай, якая належала старасце браслаўскаму Я. Тышкевічу. Ён (М. Рачка) «учинившисе жолнером и маючы пры собе оршак люди не мало, чоловек двадцат, наехавшы моцно квалтом на тое село…, прозываемое Перебродское… А подвиявши замки у клете взял и моцно квалтал, погрэбил папервей у Орешко Кожедуба полотна тонкого кужельного, домовое работы локтей пятнадцать…, кожухов бараних женских два, сермягу одну, купленную за сорок грошей, куров две, сыров углястых два» [6, арк. 63—64]. Шляхціцы-землеўладальнікі неаднойчы практыкавалі адкрыты гвалт супраць сваіх залежных падданых, а часцей супраць прыгонных свайго феадала-суседа. Прыклад таму запіс у кнізе ваўкавыскага земскага суда за 1610 г. аб тым, што «пан Александр Жин, будучи на кгрунте того подданого его милости пана Масалского Андрея Фёдоровича без для ему жадное причины кием збил и нилитостиве зранил» [7, арк. 113].

Практыкавалася і адкрытае самадурства землеўладальніка супраць падданага сялянства. Так, у 1628 г., як вынікае са справы суда Слонімскага павета, «пан Крыштов талко… в ден Святого Юря святаруского, выехавши з двора своего новопобудованего, названного Порече в повете Слонимском лежачого. А, едучи через село его милости середнее, заставши Боярку его милости именя Порецкого Татияну Борздиловну Адамовую Голосковую, перед вороты дому её стоячую, и там на том месцу и врочыщу, невинне без дане прычыны, менованую Голосковую шаблей в руку правую шкодливе ранил и обухом секиркою збил» [8, арк. 234].

Аб самавольствах і перавышэнні сваёй улады, у першую чаргу адміністратарамі і арандатарамі маёнткаў, сведчаць скаргі сялян. Ім было забаронена пісаць аб парушэннях вызначаных норм павіннасцей ды іншых злоўжываннях на сваіх гаспадароў-уладальнікаў. Але на арандатараў ды адміністрацыю прыгонныя мелі права скардзіцца. Што яны і выкарыстоўвалі, бо цярпелі найбольш за ўсё ад пасрэднікаў паміж землеўласнікамі і землекарыстальнікамі. Прыкладам таму мноства дакументальных крыніц. Адна з іх чалабітныя. У XVI ст. жонцы віленскага ваяводы Сафіі Гаштольдаўне валожынскія падданыя пісалі: «Жалуем государыни нашой милостивой на вжедника воложинского Дмитра Игнатовича. Государыня, нет ведома за што взял на нас безвинне сорок грошей, а тепер, милостивая государыня, такеж нет ведома за што выдал на вини копу грошей, а мы… ни вчомся не провинили… И на вины на нас узнимает, на толоки гонит с сохою и в сторону ходити кажет, а мы тое службы, но повинновати служити. То пак есть на том воли вашей милости, государыни нашей милостивое» [9, арк. 1]. Найбольш яскравым дакументам, які адлюстроўвае самавольства прадстаўнікоў адміністрацыі маёнтка, жорсткае іх абыходжанне з прыгоннымі сялянамі, з’яўляецца скарга жыхароў вёскі Стракожы Горацкай воласці (сучасныя Горы-Горкі), што была звернута ў 20-х гг. XVII cт. да сваіх уладальнікаў князёў Сапегаў. Напісана яна каларытнай старабеларускай мовай: «Мы убоже подданные волости Горские з села Сторокожи, ускаржаемося вашим милостям нашим милостивым панам на лавника сторокожского на име Рома Беззубца, который нам великие и незносние кривды чинит от колко лет. А не маючы перед ким кривд нашых переложит, толко пред вашею милостю: без винне на грабит, и грабежи у него чинуть. А коли почнем у него грабежов просит, тогды нас бьёт, мардует нас самих и детей наших. До пана нас удаёт и обмовляет, пахлебует и измовит на нас брать пану, то сам берёт во двое того. Суды несправедливы судит: хто даст болей, то тот прав. Не одного нас, наредив калекою, з маётности зсадивши. А грабежы, которые у него погинули, готовы вашим милостям показат на реестре. Ябедник лихий, присяжник, лихвяр. С пугою железною ходит, што кат, нас самих, детей наших и псов бьёть. Дети, скоро обачывшы его с пугою идучого, то от него утекают, а псы и духу его боятся. А затым кланяемся и домовляемся у ваших милостей наших милостивых панов, абы справедливост тае была учынена з него нам, а его з лавництва зложыли, а нам иного датъ рачыли. А мы за щасливое мешкане и доброе здоровее ваших милостев, наших милостивых панов повини Пана Бога просит и за такую учынность нагородит» [10, арк. 6].

Як вынікае з тэксту згаданых двух дакументальных сведчанняў, што прадстаўляюць адпаведную шырокую крыніцазнаўчую базу, у скаргах XVI — першай паловы XVII ст. выяўляецца заўважная рыса тагачаснай сялянскай псіхалогіі: усе спадзяванні на паляпшэнне свайго становішча яны ўскладалі на пана-ўладальніка. На тое былі важкія прычыны, бо абараніць ад самавольстваў адміністрацыі і арандатараў маёнткаў меў магчымасць толькі землеўласнік, што неаднакроць рабіў. Ад яго волі залежала працаздольнасць і заможнасць сялянскай гаспадаркі. А землеўласніку неабходны былі забяспечаныя моцным гаспадарчым патэнцыялам сялянскія дымы. Таму і практыкавалася шляхецкая падтрымка стану працаздольнасці прыгонных падданых.

Адносіны пана і падданага. Безумоўна, найвышэйшую каштоўнасць ва ўсе эпохі, асабліва ў сярэднявечны час, уяўляла сабой зямельная ўласнасць. У другой палове XVI — першай палове XVII ст. зямля належала вышэйшым колам феадальнага грамадства: вялікаму князю, дзяржаве, шляхце, царкве, часткова гарадам. Непасрэдныя земляробы права ўласнасці на зямлю не мелі. Тым не менш у XVI—XVII ст. селянін не быў адасоблены ад свайго надзела. Ён з’яўляўся фактычна яго ўладальнікам, ва ўсялякім выпадку трымальнікам, распарадчыкам. Практычна ў гэты перыяд адсутнічаюць дакументальныя запісы аб падараваннях ці продажы сялян без зямлі, якраз наадварот, рабілася гэта з іх «землямі пашнымі і бортнымі, і з сенажацямі, з лясы і бары» [11, c. 24]. Што характэрна для часоў ВКЛ і Рэчы Паспалітай, зямельны надзел падданага прыгоннага замацоўваўся за ім дакументальна (інвентары) і перадаваўся дзецям ці бліжэйшай радні па спадчыне. Акрамя таго, у разглядаемы час сяляне ў шэрагу выпадкаў мелі магчымасць здзейсніць акт яе продажу ці залогу [11, c. 25].

У сваёй падтрымцы сялянскай гаспадаркі землеўладальнікі не абмяжоўваліся толькі сямейнай індывідуалізацыяй зямельнага надзелу. У агульным карыстанні цэлага сяла, ці лепш вызначыць сялянскай грамады, знаходзіліся сенажаці, лугі, выганы, лясныя «ўваходы», рыбныя ловы [12, c. 219]. Прадстаўлялася землеўласнікамі таксама як грашовая, так і прадуктовая пазыка. Напрыклад, у 80-х гг. XVI ст. «Юргкел Юревич Дегтерович, подданый его милости пана Богуша Коптя, подкоморего его кролевской милости Браславского…, взял есми грошей готовых монеты литовское осмдесят грошей, которы пенязя рок отдат на ден Пречистое Богородицы последний, у пана Стефана Петревича и пани Марины Иваноное. Я (Ю. Дзегцярэвіч. — П. Л.) маю за тые пенязи им на каждый недели служити по два дни» [13, арк. 1].

Праўда, неабходна адзначыць, што не заўсёды сяляне-пазычальнікі былі дакладнымі і спраўнымі ў звароце свайго доўгу. Так, падданыя вёскі Бусяш Слонімскага павета Мялешка Сцепановіч, Васіль Шерупа, Стась Мыслівец, Стась Цімушкевіч, Занец Масюковіч, якія належалі пану А. Траццяку, увесну 1599 г. запазычалі ў пана Юндзіла «ку потребу на выжывенье» розную колькасць бочак жыта, ячменю, грэчкі. Пры гэтым абяцалі ўвосень вярнуць і за кожную пазычаную бочку аддзячыць чатырма каплунамі (пеўнямі, якіх адкормлівалі на мяса). Але прайшло тры гады (скарга ў суд пададзена ў студзені 1602 г.), сяляне пану Крыштафу Юндзілу, які ахвяраваў пазыку, «до сего часу… збожа, грошей и поклону не учтилися и не поотдовали» [14, арк. 92]. У той жа Слонімскі земскі суд у 1604 г. звярнуўся пан Мурза са скаргай, што ў 1602 г. да яго звярнуліся з просьбай аб ахвяраванні ў пазыку жыта «полтрети бочки меры косовское» сем падданых пана Кандароўскага з вёскі Ладзейніцы. Яны абяцалі, што гэтае пазычэнне ў тым жа годзе вернуць, «на поле вывезшы рассеют и заволочат», але прайшло больш за два гады, і доўг «до сего часу не отдали и отдати не хочуть» [15, арк. 150].

Судовыя кнігі запоўнены запісамі аб невяртанні пазык, што браліся сялянамі часцей за ўсё ў паноў суседніх уладанняў. Так, у 1601 г. была пададзена ў Слонімскі земскі суд скарга земянкі Дароты Янаўны, уладальніцы маёнтка Радвіловічы, аб тым, што падданы пана Лукаша Гарабурды Малафей Грынковіч з вёскі Сяргеевічы ў 1600 г. «на руки свое при людях добрых» пазычыў у яе брата Станіслава Яновіча сем бочак жыта, пяць аўса, аднаго вала. Пры гэтым пазычальнік абяцаў за кожную бочку «в гостинцу за почеканье» здарыць па гусю і «по дню з волами робити». Але брат пані Дароты не дачакаўся звароту доўгу — загінуў. Родная сястра нябожчыка была занепакоена, што пазыка будзе незваротнай, а прыгонны Малафей Грынковіч, «хотечы то собе скорыстовать, …пожыток себе прывлащает ку кривде и шкоде её немалой» [14, арк. 246—246 адв.].

Са зместу пададзенных дакументаў яскрава паўстае тыповы для сярэдневечнай беларускай вёскі факт. А менавіта: нягледзячы на тое, што пазыку ў суседняга пана браў падданы шляхціца-суседа, ён аддаваць яе не збіраўся ў большасці выпадкаў. Гэта вынікала з таго, што скаржнік выкладаў свае прэтэнзіі не да непасрэднага прыгоннага, а да яго ўладальніка. Такім чынам, шляхта судзілася, а сяляне-парушальнікі стаялі ў баку. Такое недабрачыннае неўмяшальніцтва з боку падданых у судовыя справы землеўласнікаў было для іх як бы лепшым варыянтам. Падобнае становішча выкарыстоўвалі таксама самыя ўладальнікі маёнткаў. Спрэчкі паміж суседнімі панамі часцяком вырашаліся ўдзелам падданых прыгонных. Так, у ліпені 1602 г. сяляне маёнтка Дзераўная Слонімскага павета атрымалі ад свайго пана Яраша Цямрука загад аб гвалтоўным збіранні ўраджаю з земляў суседняга пана. Гвалтаўнікі-прыгонныя «пожали…. бочок семдесят чотыри, …до двора их милости пана Немерина Шитовицкого в повете Слонимском лежачого отвезти мели, а иншого Дей чого немогли за тые два дни пожит, якобы побит и потоптат мели» [16, арк. 30—30 адв.].

Вышэйшая ўлада, безумоўна, выступала супраць канфліктнасці ў асяродку вышэйшага дзяржававызначальнага шляхецкага саслоўя. Пацверджаннем таму вытрымка з ліста караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта ІІІ насельніцтву і кіраўніцтву Крэўскай воласці ў 1601 г.: «абы стан шляхетский в панствах нашых межы собою покой посполитый заховал» [17, арк. 51 адв.].

Але паміж шляхтай узаемасупрацьстаянне не спынялася, а шырылася не толькі за кошт велічыні землеўладання, але і з-за колькасці высокапрацаздольнай рабочай сілы. Таму за валоданне сялянскім працоўным патэнцыялам ішла напружаная барацьба паміж землеўласнікамі. Гэта дакладна зафіксавана ў дакументальных крыніцах, якія сведчаць аб арганізацыі ўцёкаў дзеля адстойвання сваіх інтарэсаў і недапушчэння гвалтаўніцтва з боку панскіх служачых і арандатараў.

Аб вывадзе падданых аднаго пана ў маёнтак другога, што былі арганізаваны землеўласнікамі, сведчаць канкрэтныя факты. Так, у 1636 г. з маёмасці Жаркоўскі Мінскага ваяводства, які належаў М. Валовічу, ва ўладанне Лозава Рэчыцкага павета панам Т. Біснікам была вывезена сялянская сям’я Андрэя Супэльца «и сына его Миколая Пастуховича з их жонами, детми и зо всею маёнтностью их рухомою, з быдлом рогатым и нерогатым». Трэба заўважыць, што падданы Валовіча быў далёка не бедным. Трымаў ён каня, двух валоў, столькі ж кароў, тры цёлкі, чатыры авечкі, пяць свіней, восем бочак збожжа, «при том одежды розное, то ест сермяги, кожухи, простицы, так же начыне и посуде домовой вшельское» [18, арк. 26 адв.].

Землеўладальнікі ўсялякімі захадамі імкнуліся ўтрымаць сялян у сваіх маёнтках. Яны выкарыстоўвалі практыку пазанадзельнага землекарыстання, гэта значыць, што падданым перадаваліся для апрацоўкі дадатковыя зямельныя ўгоддзі, за якія яны сплачвалі грашовую рэнту — паменшаны чынш. Земляробы бралі ў так званы «прыём» часам цэлыя валокі. У прынцыпе памер прыёмных зямель не абмяжоўваўся. Гаспадарка селяніна колькі магла апрацаваць зямлі, столькі магла браць [12, с. 63—64]. Дакументальна зафіксаваны сведчанні, калі сяляне пагражалі ўцёкамі сваім уладальнікам, калі яны не спыняць самавольствы. Так, у 20-я гг. XVII ст. сяляне вёскі Крукава Горацкай воласці скардзіліся Сапегам, што «если ласкваное милостивое панове, не будет, и полги (палягчэння) якое, тогды не могчемо вытерпеть так и великих незносных кривд…, то куды може разойдемсе» [19, с . 14].

Прычым прыгонныя падданыя не толькі пагражалі, але і на практыцы выконвалі свае абяцанні. Часам гэта абарочвалася для жорсткага ўладара значнымі стратамі. Напрыклад, у 1573 г. з маёнтка Высокае Слонімскага павета ад пана Хатылеўскага збеглі 11 гаспадароў, 7 з якіх мелі сем’і. Пры гэтым зніклі яны «со всеми маёнтностями и зо всими статки домовыми, збожьем вшеляким, конми, быдлом великим и малым, землей не засеявши и хоромы опалившы и в пусте покинувши, плату врочистого не заплативши, многие шкоды починивши». Збеглі яны ў маёнтак Дзеравенскі Слонімскага павета ў вёску Харашэвічы [20, арк. 102]. У 1598 г. з маёнтка Васевіцкага Слонімскага павета ад пана Войцеха Талко ўцяклі гаспадар Леконец Дайліда з сынамі Ермолам і Піліпам. Уцёкі суправаджаліся натуральным рабаўніцтвам уладара. Па-першае, Дайліда застаўся вінен Талко 8 коп (480) грошаў. Па-другое, яго сын Піліп, які служыў у двары шляхціца, у час, калі той спаў, «положил па едвабни сятковый з мешкем у светлице стола узял, у которым мешку было грошей монеты коп чотыри (240), а червоных злотых тридцат узял, теж пас жоны… обруч серебрянный, который стоял коп грошей двадцати трёх (1380) взял, теж шапку аксамитную, которая стоила коп грошей двох (120). То всё поравше утекли…» [21, арк. 328—328 адв.].

Часамі сяляне звярталіся да больш актыўных форм сацыяльнага пратэсту. А менавіта да адкрытых узброенных выступленняў супраць сваіх прыгнятальнікаў. Прыклад таму ўзбунтаванне падданых вёскі Гарыздычы Берасцейскага павета ў 1589 г. супраць свайго пана Беняша Бухавецкага. Шляхціц сведчыў у гродскім судзе, што «або з намовы людское, чили по своей доброволи, взявши перед себе злый умысл и огурившися послушенства водлуг денное повинности свое мне, пану своему, не чынят, на работу не идуть и росказаня моего николи послушни бытии не хочуть». Калі ж уладальнік маёнтка разам з падзельнікамі вырашыў прымусам павыганяць сялян на паншчыну, яны, «зобравшися до купы, пану Буховецкому поведили…: дей ещё собе не посеяли, а кгды собе посием, тогды тобе на работу пойдем… иж тобе дило заслужыли водлуг повинности своее». Іх адказу землеўласнік не сцярпеў і з пагрозай «иж дей не в тот час, коли вы хочете, але коли я кажу, тогды мне служите» загадаў закаваць у ланцугі двух падданых. Тады гарыздычане пачалі заклікаць: «киёв дей на пана киёв». Бухавецкі не ўстрымаўся і нагайкаю ўдарыў мужыка. Сяляне не супакоіліся і, «допадши киёв и колья», пачали дубасіць слуг панскіх і самаго пана. Жорсткі «розрух стал межи» імі. Двух падданых, ініцыятараў пратэсту Юрку і Андрэя, да вязніцы ўзялі, а на Бухавецкім і яго людзях «ран синих» было незлічона. Канфлікт скончыўся безвынікова як для сялян, так і для шляхты [22, арк. 391—191адв.]. Распачаўся ён, безумоўна, з прычыны панскай уседазволенасці і самадурства. Але не бязгрэшнымі былі і сяляне.

Усведамляючы той факт, што ў канфліктных міжмаёмасных справах адказнасць неслі, галоўным чынам землеўладальнікі, прыгонныя дзеля ўмацавання сваіх гаспадарак паглядалі на багацці суседніх уласнікаў і рабілі наезды якраз на іх землі. Прыкладаў таму мноства. Прывядзём найбольш тыповыя.

У 1606 г. Слонімскі земскі суд зафіксаваў скаргу пана Станіслава Рамбескага на падданых вёскі Косценева, якая належала шляхціцу Яну Жырноўскаму, што яны «уехавши в гай мой… Буйновский…, дерево на будоване годного личбою всего семдесят пят…, порубили и до домов своих села Костенева отвозили и отпровадили» [23, арк. 180 адв.]. У тую ж судовую установу г. Слоніма ў 1639 г. была пададзена скарга ад адміністратара маёнтка Шылавічы Станіслава Ілхіна (уладанне належала Казіміру Сапегу) на падданых вёскі Петралевічы, уласнікам якой з’яўляўся Аляксандр Радзівіл. Сяляне «громадне забравшыся злодейским обычаем в час… въехавшы, потаемне вырубали дерева на будоване згожоного двесте самых пнёв переличыв, на жерде порубанного дерева пнёв трыста, на коле дерева порубанного и зличыт трудно, однако трыдцат могло быт, и до домов своих (падкрэслена аўтарам — П. Л.) выпровожали и вывезли». Наўздагон ім накіраваліся сапежанскія ляснічыя і нагналі лесарубаў у Петралевічах ды ўбачылі нарабаванае дрэва, адно ўжо скінутае, а другое яшчэ на вазах. Пераследнікі запыталіся ў сялян, навошта яны гэта зрабілі, учыніўшы іх пану найвялікшую шкоду. Але петралеўцы ляснічых у вёску «для шуканя ревидованя не пустивши, и з села выгнали» [24, арк. 280—280 адв.].

Берасцейскі гродскі суд у 1589 г. атрымаў скаргу ад адміністратара Андрэя, які служыў пані Гаркоўскай у маёнтку Лысчычы, аб тым, што «видел есми сеножат на врочищу Хребутыховищине покашоно на воз сена, которую сеножат подданый пана Лысчинского покосил своволне Ивашко»[25, арк. 505—505 адв.]. У 1566 г. князь Фёдар Палубенскі скардзіўся на падданых Бродзенскіх князя Канстанціна Вішнявецкага, якія, «нагнавши быдло своё (падкрэслена аўтарам. — П. Л.): кони, волы и иншие на властивую сеножат мою под двором Усемирским выставили и вытравили» [26, арк. 214—214 адв.]. Гродскі суд г. Бярэсця ўнёс у актавую кнігу скаргу пана Васіля Калечыцкага аб тым, што падданы шляхціца Міхаіла Сасноўскага Марцін Скрыплевіч «на кгрунце… властным… во именью Здитовецком…. Куропатов семеро обычаем злодейским половил и… собе побрал» [27, арк. 115].

Як вынікае з запісу ў сектавай кнізе Слонімскага земскага суда 1608 г., у папярэднім 1607 г. двое падданых маёнтка Палонка пана Бруханскага «сами зо злого, а свовольного умыслу своего прышедши с огнём до пущы их милости панов Веселинов Деревенское, на урочыщо Добрушино, змову пущу… огнём попалили и немалую шкоду у той пущы пожаром учынили» [28, арк. 184—184 адв.]. Зыхозячы з вышэйпрыведзеных цытат, неабходна падкрэсліць (гэта і зроблена), што ўсё набытае сялянамі супрацьпраўным шляхам звозілася да «дамоў сваіх» ці здзяйснялася паводле «сваіх умыслаў». Тое азначае, што яны, калі рабілі гэтыя практычна грабежніцкія наезды на чужыя маёнткі, былі ўпэўнены ў беспакаранасці, бо разборкі паміж сабой у судовых установах вялі іх гаспадары-землеўласнікі, а выканаўцы незаконных учынкаў знахозіліся збоку. Гэта, на самой справе, атрымлівалася ў болшасці выпадкаў.

Такім чынам, са згаданых дакументальных крыніц, кола якіх можна значна пашырыць, вынікае, што шляхецка-сялянскія ўзаемаадносіны не былі адназначна канфрантацыйнымі. Яны паўстаюць як шматузроўневыя. Калі прыгонныя з’яўляліся падданымі магнатаў ці заможнага набілітэта, то яны траплялі пераважна пад уладу адміністратараў маёнткаў ці арандатараў, якія за пэўную грашовую суму атрымлівалі ва ўладанне частку зямельнай уласнасці значных землеўладальнікаў. Часовых гаспадароў, сярод якіх у большасці выпадкаў адзначаліся служачыя ці сярэдняй рукі шляхта, зусім не турбавала, што сабой будзе ўяўляць па сваёй працаздольнасці сялянская гаспадарка праз 3—5 гадоў. Таму практычна ўсе гвалтаўніцка-грабежніцкія акты ў адносінах да падданых здзяйсняліся адміністрацыяй і арандатарамі маёнткаў, супраць якіх у першую чаргу накіраваны быў сялянскі пратэст. Да непасрэднага ўладара адносіны прыгонных былі спагадлівыя, бо той мог абараніць маёмасць падданых і забяспечыць трывалую моцнасць сялянскай гаспадаркі. Рэдкія самавольствы ў дачыненні да сваіх падданых з боку гаспадароў-уладальнікаў адбываліся ў большасці выпадкаў з прычыны неадэкватнасці з боку шляхціца.

Тым не менш матэрыялы земскіх і гродскіх павятовых судоў другой паловы XVI — першай паловы XVII ст. утрымліваюць звесткі аб жорсткіх адносінах прадстаўнікоў вышэйшага саслоўя да падданых сялян. Але гвалтаўніцтва над прыгоннымі, грабежніцтва іх маёмасці ажыццяўлялі галоўным чынам землеўласнікі суседніх уладанняў.

З другога боку, тыя ж дакументальныя крыніцы змяшчаюць матэрыял аб супрацьпраўных паводзінах сялян у дачыненні да шляхты. Праўда, да сваіх непасрэдных гаспадароў прыгонныя адносіліся, як правіла, лаяльна, пратэсты супраць іх былі рэдкімі, адзінкавымі выпадкамі. Незаконныя акты парубак, пакосаў, патраваў ды прамога грабежніцтва ўчыняліся галоўным чынам на тэрыторыях суседніх землеўладальнікаў. Тлумачыцца гэтае становішча тым, што судовыя разборкі па канкрэтных фактах правапарушэнняў адбываліся часцей за ўсё паміж шляхтай.

Литература

1. Гісторыя Беларускай ССР: у 5 т. / рэдкал.: К. І. Шабуня (гал. рэд.) [і інш.]. Мінск : Навука і тэхніка. 1972. Т. 1. 631 с.
2. Первый Литовский статут / редкол.: С. Лазутка (отв. ред.). Вильнюс : Минтис, 1985. Т. 1. 670 с.
3. Спиридонов М. Ф. Закрепощение крестьянства Беларуси XV—XVI вв. / М. Ф. Спиридонов. Минск : Наука и техника, 1993. 223 с.
4. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (далей — НГАБ). Ф. 1747. Воп. 1. Спр. 2 — Браслаўскі земскі суд.
5. Социально-политическая борьба народных масс Белоруссии. Конец XIV в. — 1648 г.: сб. документов и материалов: в 3 т. / Гл. арх. упр. при СМ БССР и др.; сост. З. Ю. Копысский [и др.]; редкол.: А. М. Мелешко [и др.]. Минск : Наука и техника, 1988. Т. 1. 304с.
6. НГАБ. Ф. 1747. Воп. 1. Спр. 2 — Браслаўскі земскі суд.
7. НГАБ. Ф. 1710. Воп. 1. Спр. 1 — Ваўкавыскі гродскі суд.
8. НГАБ. Ф. 1785. Воп. 1. Спр. 30.
9. Архіў Санкт-Пецярбургскага аддзялення інстытута гісторыі РАН. Калекцыя 124. Воп. 1. Спр. 119.
10. Бібліятэка Акадэміі навук Літвы. Аддзел рукапісаў. Ф. 17. Спр. 104.
11. Голубеў, В. Ф. Сялянскае землеўладанне і землекарыстанне на Беларусі: XVI—XVIII ст. / В. Ф. Голубеў. Мінск : Навука і тэхніка . 1992. 176 с.
12. Голубеў, В. Ф. Сельская абшчына ў Беларусі XVI—XVIII стст. / В. Ф. Голубеў. Мінск : Беларуская навука, 2008. 407с.
13. Дзяржаўная рэспубліканская бібліятэка Літвы. Ф. 93. Спр. 1930. Аддзел рукапісаў.
14. НГАБ, Ф 1785. Воп. 1. Спр. 18 — Слонімскі земскі суд.
15. НГАБ. Ф. 1785. Воп. 1. Спр. 20 — Слонімскі земскі суд.
16. НГАБ. Ф. 1785. Воп. 1. Спр. 19 — Слонімскі земскі суд.
17. Расійскі дзяржаўны архіў старажытных актаў. Ф. 389. Воп. 1. Спр. 289 — Метрыка ВКЛ.
18. НГАБ. Ф. 694. Воп. 5. Спр 97 — Фонд Радзівілаў.
19. Лойка, П. А. «Ускаржаемся вашым милостям» / П. А. Лойка // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1986. № 3. С. 13—14.
20. НГАБ. Ф. 1785. Воп. 1. Спр. 9 — Слонімскі земскі суд.
21. НГАБ. Ф. 1737. Воп. 1. Спр. 4 — Слонімскі гродскі суд.
22. НГАБ. Ф. 1705. Воп. 1. Спр. 2 — Брэсцкі гродскі суд; акты, издаваемые Виленской археографической комиссией для разбора древних актов. Вильно, 1872. Т. 6.
23. НГАБ. Ф. 1785. Воп. 1. Спр. 21 — Слонімскі земскі суд.
24. НГАБ. Ф. 1785. Воп. 1. Спр. 34 — Слонімскі земскі суд.
25. НГАБ. Ф. 1705. Воп. 1. Спр. 2 — Брэсцкі гродскі суд.
26. НГАБ. Ф. 1785. Воп. 1. Спр. 1 — Слонімскі земскі суд.
27. НГАБ. Ф. 1705. Воп. 1. Спр. 1 — Брэсцкі гродскі суд.
28. НГАБ. Ф. 1785. Воп. 1. Спр. 22 — Слонімскі земскі суд.

Наверх

Рэгуляванне ўнутранага гандлю на беларускіх землях у XVI — першай палове XVII ст.

Декабрь 17, 2009 | Комментарии отключены

Кісялёў А. В.

Киселев Александр Васильевич — аспирант кафедры истории Беларуси древнего времени и сред них веков Белорусского государственного университета

Эканамічная гісторыя Еўропы ў ХVI ст. выразна адрозніваецца ад папярэдніх. Вялікія геаграфічныя адкрыцці і каланізацыя Амерыкі прывялі да значнага пашырэння гандлю, які ператвараецца ў сусветны. Вялікая колькасць каштоўных металаў, у першую чаргу золата і срэбра, пачынае трапляць у Еўропу, шматразова павялічваючы грашовую масу. Гэта прывяло да значнай для таго часу інфляцыі, якая ў гістарыяграфіі атрымала назву «рэвалюцыя цэн».

Гандаль паміж горадам і вёскай. На розныя катэгорыі тавараў цэны раслі рознымі тэмпамі. Напрыклад, на прадукты харчавання цэны раслі ў два разы хутчэй, чым грашовая маса [3, с. 36]. Гэта было выклікана ў першую чаргу хуткім дэмаграфічным ростам і паскарэннем урбанізацыйных працэсаў у Еўропе [2, с. 125], апярэджвалі рост прадукцыйнасці сельскай гаспадаркі. Агратэхналогія ў многіх рэгіёнах Еўропы захоўвалася на ўзроўні Сярэдневечча, напрыклад у Міжземнамор’і на працягу XVI i значнай часткі XVII ст. працягвала панаваць двухпольная сістэма севазваротаў [6, с. 203]. Паколькі збожжа з’яўлялася прадуктам першай неабходнасці, то Заходняя Еўропа вымушана была экспартаваць яго ва ўсё больш і больш узрастаючай колькасці, што прыводзіла да апераджальнага ў параўнанні з шэрагам іншых груп тавараў росту цэн. Як ужо адзначалася вышэй, пры тагачасным узроўні агратэхналогій у Заходняй Еўропе не хапала ні ўласных пашанных угоддзяў, ні патэнцыялу свабодных зямель для іх пашырэння. Таму пасевы пад збожжа пачалі пашыраць ва Усходняй Еўропе, дзе шчыльнасць насельніцтва была ніжэйшай і існавалі вялікія абшары лясоў і балот, якія можна было выкарыстаць для патрэб сельскай гаспадаркі. Мела месца таксама і паляпшэнне агратэхналогіі. На працягу XV—XVI ст. значнае распаўсюджванне тут атымліваюць замест двухпольных трохпольныя севазвароты, што дазволіла на 1/3 павялічыць прадукцыйнасць пасяўных плошчаў[5, с. 309]. У гарадскім жыцці XVI — першай паловы XVII ст., асабліва ва ўсходнім рэгіёне, быў моцна развіты аграрны накірунак. Нізкі ўзровень развіцця сельскай гаспадаркі, дробная таварнасць большасці феадальных маёнткаў (не гаворачы пра сялянскую гаспадарку), шматлікія бедствы: войны, дрэнныя ўраджаі, эпідэміі — усё гэта прымушала гараджан займацца сельскай гаспадаркай. Аднак, нягледзячы на гэта, горад не меў магчымасці цалкам забяспечыць сябе сельскагаспадарчай прадукцыяй. Гэта абумовіла тую вялікую ролю, якую займала гандлёвая сувязь паміж горадам і вёскай у сістэме гандлёва-эканамічных адносін таго часу.

У шэрагу гарадоў ВКЛ заняткі сельскай гаспадаркай не мелі вялікага распаўсюджання. Так, напрыклад, насельніцтва Бярэсця ў XVI ст., якое займалася азначанай справай, складала ўсяго 6, 2 % ад агульнай колькасці жыхароў горада, у Пінску — 9, 8 %, у Гародні — 6 %. [11, с. 157]. Але рост цэн на збожжа апярэджваў рост цэн на многія рамесныя вырабы і вымушаў многіх мяшчан, асабліва не заможных, займацца земляробствам. Пры пабочных сельскагаспадарчых занятках гарадскога насельніцтва абвастраліся міжсаслоўныя супярэчнасці. Мяшчане цікавіліся зямлёй, што не падабалася шляхце, бо яна падняла на сойме пытанне аб утварэнні ўмоў, якія перашкаджалі б пераходу шляхоцкіх маёнткаў у рукі мяшчан Гандаль прадуктамі сельскай гаспадаркі быў даволі прыбытковай справай, за якую ўзяліся многія станы тагачаснага грамадства. Сярод іншых вылучаліся прадпрымальніцкія памкненні шляхты. На соймах сярэдзіны XVI ст. яна настойвала на бяспошлінным продажы збожжа і іншых прадуктаў, на ўвядзенні ў гарадах адзінай уніфікаванай меры вагі на зерне і іншыя прадукты сельскай гаспадаркі. [4, с. 117]

З’яўленне сялян, якія вялі рэгулярны гандаль у горадзе (так званыя «гандлёвыя людзі»), і рэальна мажлівы варыянт іх аселасці тут непакоілі вярхоўную ўладу. Аб гэтым сведчыць рэскрыпт Жыгімонта I гарадзенскаму старасце, у якім «Кароль Сігізмундь I приписываеть старосте отсылать вь деревни крестьян, перешедших на жительство в городь и займающихся торговлею»[13, с. 23]. Не выключаны быў удзел у гандлі і вясковых рамеснікаў. Але невялікае распаўсюджанне гэтай з’явы было абумоўлена існаваннем у гарадах жорсткай цэхавай рэгламентацыі на гандаль таварамі рамяства.

Асноўным таварам, які вёз селянін на гарадскі рынак, было збожжа. У горада не было вялікіх плошчаў пад вырошчванне сельскагаспадарчых культур. Ён выкарыстоўваў любую магчымасць дзеля папаўнення сваіх сховішчаў. Да таго ж зерне адыгрывала значную ролю і ў замежным гандлі. Гарады з’яўляліся і павінны былі заставацца тым месцам, дзе канцэнтраваліся тавары, у тым ліку і збожжа, перад тым як іх перапраўлялі за мяжу. Дзеля гэтага нават ствараліся спецыяльныя рынкі ў Магілёве, Мсціславе, Гародні. Дарэчы, адносна месца хлеба ў экспарце краіны ў беларускай гістарыяграфіі існуе некалькі пунктаў гледжання. Аб значнай ролі гэтага тавара ў замежным гандлі пісалі У. Пічэта, М. В. Доўнар-Запольскі [9, с. 57]. З. Ю. Капыскі сцвярджаў аб меньшай ролі збожжа ў гэтым працэссе. У сваіх даследаваннях ён абапіраўся на мытныя кнігі Бярэсця (1583 г.), Гародні (1600 г.), Коўна (1600 г.), Віцебска (1605 г.) і Полацка (1616 г.) [11, с. 17]. Азначаная праблема з’яўляецца прынцыповай пры разглядзе пытанняў развіцця ўнутранага рынку краіны. Замежны гандаль зернем, непасрэдным чынам уплываў на рынкавыя сувязі горада і вёскі. Бо дзякуючы экспарту ў краіну ішоў паток грошай з Еўропы, а гэта дазваляла пашыраць унутраны рынак.

Набывалі сяляне ў горадзе ў асноўным прадукцыю рамёстваў: косы, сякеры, вазы, адзенне і інш. Нягледзячы на панаванне ў той час натуральнай гаспадаркі, пры якой сяляне выраблялі для сябе ўсё самі, колькасці вясковых рамеснікаў было відавочна недастаткова, каб цалкам забяспечыць вёску рамеснымі вырабамі. Да таго ж, як мне падаецца, сялянскія рамесныя вырабы не маглі канкурыраваць з вырабамі гарадскіх майстроў ні па кошту, ні па якасці. Але ж месца на рынку мог мець і селянін. Праўда, часцей ён тут з’яўляўся, каб набыць нейкую рэч непасрэдна пасля продажу свайго тавару. Гэта значыць, што гандлёвая аперацыя насіла хуткатэрміновы характар. Але былі і выключэнні. Напрыклад, ва ўставе Стрэшынскай воласці 1618 г. гаворыцца аб трывалым гандлі сялян на рынку; яны захоўвалі свае прадукты ў арэндаваных мяшчанамі каморах» [1, с. 19].

З тавараў, якія прывозілі іншагароднія гандляры у горад, браўся падатак на карысць магістрата. Акрамя гэтага былі і іншыя падаткі. Так, у прывілеі мястэчку Ліпску мы сустракаем «тарговае меснае» — грошы, што ішлі дзяржаве, і ад уплаты якіх былі вызвалены толькі мяшчане. У прывілеі магілёўскім мяшчанам 1536 г. вярхоўная ўлада дае наступнае вызначэнне гэтаму падатку: «А торговое такь уставуемь… мають они, подданые наши могилёвцы, на торгу купячи на месте, давати торговое оть коня по грошу… оть вола, або оть яловицы по полгроша узкого, а оть иншого быдла забитого мають давати по тому, яко и передь тымь здавна давали» [2, с. 45].

Наданы мястэчку ці гораду прывілей на вызваленне ад гандлёвых падаткаў яшчэ не даваў яго жыхарам поўнай упэўненасці ў атрыманні палёгкі. Часам дзяржаўца мог, нягледзячы на загад канцылярыі князя, працягваць спаганяць падаткі. Так, напрыклад, атрымалася ў мястэчку Філіпава, дзе дзяржаўца Аляксандр Гвагнін незаконна браў «торговое» і «померное». Да таго ж мяшчане абураліся : «Нежь кгды до торгу продованю збожя приедеть, тогды у того, хто приедеть, беруть по шелегу, того дей мы не повинны платити были, а ино зь людей прыеждчыхь если беруть, тогды дей се то чинить ку знишченю того местечка, бо до торгу не ездять». У гэтым жа акце ўтрымліваецца і азначэнне паняцця «торговое»: «Што ся дотычеть торгового, то есть одь быдла вшелякого, оть статковь потребныхь, бочокь, кадей, рыб солоных на возехь прывезеныхь» [6, с. 43]. «Торговое», згодна ранейшым прывілеем дзяржавы гэтаму мястэчку, павінна было ісці на будоўлю ратушы і хрысціянскай школы [12, с. 243]. У Оршы напрыканцы XVI ст. «торговое» бралася з усялякага «збожья» і солада бочкі — па 4 пенезі, ад корца — па пенезю. Калі памеры не дасягалі вышэйпамянёных, падатак браўся «да вряда» [9, с. 56].

У схеме гандлёвых адносін горад — вёска адну з галоўных роляў адыгрывалі прасолы. Трохі падрабязней разгледзім, чым займалася азначаная група асоб. Ва ўставе магілёўскага купецкага брацтва даецца наступнае вызначэнне гэтаму паняццю: «это тот, кто не ездит по ярмаркам с иноземными товарами и здесь, в КП и ВКЛ, ими не торгует, а, покупая в городе товары, вывозит их продавать за город, на расстояние не свыше 10 миль» [9, с. 74]. Лавачны гандаль, як і гандаль з купецтвам, прасолам забараняўся. Перакупшчыкі і прасолы былі ў кожным горадзе і мястэчке. Іх абавязкі рэгламентаваліся прывілеямі каралеўскай улады, пастановамі магістратаў, уставамі брацтваў [12, с. 341].

Узрастала гандлёвая канкурэнцыя ў горадзе, сюды ехалі сяляне — патэнцыяльныя кліенты прасолаў. Каралеўская ўлада адказвала лістамі аб забароне сялянам збягаць у горад. Аб гэтым сведчыць рэскрыпт Жыгімонта I гарадзенскаму старасце Юрыю Мікалаевічу Радзівілу, у якім кароль загадвае старасце адсылаць на вёску сялян, што перайшлі у горад на жыхарства і займаліся гандлем [5, с. 202]. Кошт сыравіны і рамесных вырабаў на гарадскім рынку і ў вёсцы не быў аднолькавым. Гэтую розніцу і імкнуліся скарыстаць як прасолы у сваёй прафесійнай дзейнасці, так і феадалы-прадпрымальнікі, калі выкупалі гарадскую зямлю.

Акрамя мытных пабораў, дзяржава, магістраты гарадоў уносілі абмежаванні ў форму і характар гандлю селяніна ці мешчаніна. Звычайна сяляне ехалі ў горад на штотыднёвыя таргі, або кірмашы, дзе дазваляўся рознічны гандаль. У звычайныя дні сяляне маглі прадаваць свае тавары толькі оптам. Пры гэтым сялян тычылася значна меньшая колькасць абмежаванняў у гандлі, чым купцоў. Пашырэнню ўнутранага і знешняга гандлю садзейнічаў хуткі дэмаграфічны рост у ВКЛ. Такую зручную кан’юнктуру выкарыстоўвала дзяржава. Для сярэдневечнага грамадства было характэрным стварэнне ўнутраных, рэгіянальных мытняў, даходы ад якіх былі адной з асноўных крыніц фарміравання казны.

Міжрэгіянальны гандаль. У XVI ст. павялічваецца колькасць мытных камораў і прыкаморкаў (філіялаў камор ) на гандлёвых шляхах Вялікага княства. Назву гэтыя каморы звычайна бралі па гораду, ля якога будаваліся. Так, у першай палове XVI ст. у актах вярхоўнай улады можна сустрэць згадкі пра Віленскую, Полацкую, Смаленскую, Дарагіцкую, Бельскую, Менскую, Берасцейскую, Уладзімірскую, Віцебскую і шэраг іншых камор [13, с. 5]. Узрастанне іх колькасці сведчыла, з аднаго боку, аб пашырэнні ўнутраннага і транзітнага рынку, узрастанні гандлёвай актыўнасці (будаваць ці арандаваць камору на дарозе, па якой праязджала некалькі чалавек у месяц, ніхто, безумоўна, не стаў), з іншага боку — павялічвала колькасць бар’ераў, існаванне якіх значна замаруджвала дынаміку ўнутрыгандлёвага жыцця. Мытнік павінен быў выконваць наступныя абавязкі. Па-першае, ён павінен быў весці справаздачную дакументацыю, якая афармлялася ў мытныя кнігі. Па-другое, арандатар мыта штогод (ці ў іншы тэрмін згодна кантракту) прадстаўляў вярхоўнай уладзе «лічбу» — дакумент, у якім адлюстроўваўся грашовы баланс мытнай каморы. Іншая справа была з фіксаваннем партый дзяржаўных тавараў, якія праходзілі праз камору.

Наданне права арэнды на мыта магло быць вынікам задавальнення ініцыятывы прадпрымальніцка настоеных колаў грамадства. З іншага боку, нярэдка здаралася, што дзяржава такім чынам разлічвалася па пазыках, умовы якіх своечасова выканаць не магла. Так, напрыклад, здарылася ў 1518 г., калі Аўрааму Езафовічу за 4 тыс. коп грошай было нададзена права карыстацца берасцейскім мытам тэрмінам 8 год. Ён іх раней пазычыў скарбу. Мыта ўключала каморы ў Дарагічыне, Гародні, Бельску, Камянцы, Мельніку і берасцейскія васкавыя і саляныя каморы. Каралеўская ўлада абяцала не турбаваць арандатара, не даваць безмытных лістоў гандлярам. А ў выпадку з’яўлення так званых «жалезных» лістоў кароль дазваляў складаць лічбу і дасылаць яе ў скарб. Прывядзём тыповы прыклад безмытнага ліста, які быў наданы Азярышчыцкаму мешчаніну Ігнату Герасімовічу: «Товарами тыми, которыи за сто коп грошей стоили, торговати сухим путем и водным ездаючи, по всему тамошнему паньству нашому великому княству литовскому не даючи того мыта звыклаго и побору новоставленого и не платити торгового, подужного, важного от пописованых товаров его» [11, с. 61].

Але не прайшло і чатыры месяцы, і гэтае мыта атрымаў іншы арандатар — Міхел Шпіс. Апошні звярнуўся разам з Аўраамам Езафовічам да караля, каб той дазволіў каморы берасцейскія «сполом держати» (гэта значыць сумесна з Аўраамам плаціць за арэнду). Пры гэтым Міхел прапанаваў каралю павысіць арэндную плату на 300 коп грошай штогодна. Вярхоўная ўлада перадала права арэнды Шпісу. Грошы, якія дзяржава была павінна Аўрааму, павінен быў заплаціць Міхел Шпіс [10, с. 213].

Калі гандляр меў азначаны вышэй ліст, то грошы тут не браліся, але ж партыя усё ж фіксавалася. Складалася спецыяльная «квітанцыя». Мытнік павінен быў яе прадставіць у скарб дзеля запісу ў агульны разлік. У прыведзеным вышэй прывілеі ёсць яшчэ адзін цікавы факт. Згодна нададзенай арандатарам вольнасці суд над мытнікамі належаў толькі каралю [8, с. 87]. Мытныя каморы і прыкормкі былі не адзінымі месцамі за межамі гарадоў і мястэчак, дзе браліся падаткі на гандаль. У шэрагу дакументаў мы сустракаемся з «месцами звыклыми мытными». У беларускай гістарыяграфіі гэтаму паняццю вызначэння не даецца. У дакументах XVI — першай паловы XVII ст. яно толькі ўзгадваецца. Што гэта былі за ўстановы, хто ў іх працаваў — вызначыць цяжка. Але ж, хутчэй за ўсё, прынцыповай розніцы паміж імі і прыкормкамі не існавала. Аб гэтым сведчыць слова «звыклыя», гэта значыць — спрадвечныя, традыцыйныя, не маючыя якіх-небудзь навацый.

Вазы гандляроў маглі ехаць не па кожнай дарозе. Свабода абрання імі аптымальнага шляху была абмежавана існаваўшымі нормамі звычаёвага права і спецыяльнымі пастановамі вышэйшай улады. Апошнія вызначалі, хто з купцоў якімі дарогамі павінен карыстацца. Рабілася гэта дзеля рэгулявання колькасці гандляроў, што праязджалі праз мытныя каморы (а значыць і пакідалі тут грошы) і штучнага падтрымання «старых» дарог. Яны з пабудовай новых, больш зручных шляхоў гублялі сваю значнасць. Гэта, у сваю чаргу, прыносіла значныя страты арандатарам камор, якія знаходзіліся тут, а значыць і дзяржаве. На сойме 1551 г. была нават прынята пастанова аб забароне гандлярам ездзіць па новых дарогах (жыхарам асобных гарадоў і мястэчак былі вызначаны «рэкамендаваныя» для гандлёвых паездак шляхі) [4, с. 99].

У XVI ст. з’явіліся шляхі, якія злучалі Ліду і Вільна, Усвяты і Віцебск. У 1546 г. ёсць згадкі пра дарогу Бярэсце — Вітва — Ратна — Уладзімір — Луцк. Дастаткова было тры дні, каб даехаць ад Полацка да Невеля. У Баркулабаўскім летапісе ўзгадваецца дарога, якая злучала Магілёў і Шклоў: «И князь Иван Чарторыйский заехал от Шупень, дорогой великою шкловскою до Магилева тягнул» [9, с. 134]. На карце Беларусі канца XVI ст., якая складзена З. Ю. Капысскім, можна заўважыць ўжо добра разгалінаваную транспартную сетку. Асабліва добра відаць гэта ва ўсходняй, паўднёва-ўсходняй і заходняй частках. Адносна менш дарог было ў цэнтры і на поўдні. Але ж і тут былі буйныя тракты і дробныя рэчкі, якія садзейнічалі развіццю ўнутранага гандлю [11, с. 67]. Мытныя каморы мелі за мэту ажыццяўленне мытных збораў. Рэканструяваць гэты працэс нам дапамогуць мытныя кнігі, якія вяліся арандатарамі камор, ды вялікая колькасць вялікакняжацкіх прывілеяў, якія ўсталёўвалі ўмовы «гаспадарскае ласкі».

Купец, калі праязджаў праз камору, то павінен быў выканаць наступныя дзеянні. Па-першае, гандляр называў сваё імя, месца пражывання, маршрут паездкі (пункт адпраўкі і прызначэння), назву тавара і яго колькасць. Мытнік таксама запісваў назвы і колькасць транспартных сродкаў, якімі карыстаўся купец. Пасля гэтага апошні атрымліваў «квіт» — пісьмовае сведчанне аб тым, што гандляр прайшоў камору. I толькі цяпер яму было дазволена працягваць сваю вандроўку [12, с. 65]. Але так адбывалася не заўсёды. Здараліся непаразуменні ці проста падман паміж бакамі. Купец мог аб’ехаць камору іншай дарогай (штраф за аб’езд камор ці ўхіл ад уплаты падатку называўся «прамыта»), схаваць частку тавара ад мытніка і г. д. Гэтай тэме прысвечана шмат судовых актаў, пастаноў вялікакняжацкай канцылярыі, соймаў, у якіх апісаны санкцыі адносна нядобрасумленных гандляроў [7, с. 54].

Такім чынам, хуткі рост унутранага гандлю на землях ВКЛ у XVI — першай палове XVII ст. меў за першапрычыну павышаны попыт на збожжа ў краінах Заходняй Еўропы. За экспартаваны на Захад хлеб у зваротным накірунку на Усход ішоў паток грошай, у выніку чаго павялічвалася рэзка манетызацыя ўнутранага рынку ВКЛ. Прысутнасць вялікай колькасці наяўных грошай паскорыла развіццё ўнутрыдзяржаўных таварна-грашовых адносін, гэта знайшло сваё адлюстраванне у значным пашырэнні аб’ёмаў гандлёвых аперацый. Такі стан спраў выкарыстоўвала дзяржава ў сваіх фіскальных мэтах. Таму мы можам назіраць у гэты час рост колькасці мытных камор, але адсутнасць цэнтралізаванага бюракратычнага аппарату і сістэмы паліцэйскага прымусу ў краіне дазваляла многім гандлярам ухіляцца ад выплат мытных збораў. Асабліва гэта тычылася шляхты, якая ў той час была прывілеяваным саслоўем і кантралявала механізмы ўлады ў краіне, што дазваляла ёй заканадаўчымі сродкамі ўплываць на палітыку дзяржавы ў галіне гандлю і выкарыстоўваць яе ў сваіх саслоўных інтарэсах.

Литература

1. Акты, издаваемые Виленской комиссиею для разбора древних актов. Вильно, 1865—1915: в 39 т. Т. 5: Акты Витебской и Брестской магдебургии.
2. Акты издаваемые Виленской комиссиею для разбора древних актов. Вильно, 1865—1915: в 39 т. Т. 7: Акты Могилёвского магістрата.
3. Архив Юго-Западной России, издаваемый временной комиссиею для разбора древних актов высочайше учреждённою при Киевском военном, Подольском и Волынском генерал-губернаторе. Киев, 1859. Т. 1. 555 с.
4. Беларускія летапісы і хронікі. Мінск : Беларускі кнігазбор, 1997. 431 с.
5. Бершадский, С. А. Русско-Еврейский архив / С. А. Бершадский. СПб., 1872. Т. 2.
6. Бродель, Ф. Средиземноморье в эпоху Филиппа II / Ф. Бродель. Москва : Любомудр, 2002. Т. 2. 2689 с.
7. Бурдзейка, А. Нарыс сацыяльна-эканамічнага жыцця места Наваградку ў 16 ст. / А. Бурдзейка. Мінск, 1927. 181 с.
8. Владимирский-Буданов. Немецкое право в Польше и Литве. СПб., 1866. 304 с.
9. Довнар-Запольский, М. В. Очерки по организации западно-русского крестьянства в XVI в. / М. В. Довнар-Запольский. Киев : 1-я артель печатного дела, 1905. 492 с.
10. Ілюстраваная храналогія гісторыі Беларусі. Мінск : Беларуская энцыклапедыя, 1995. Т. 1. 219 с.
11. Копысский, З. Ю. Социально-экономическое развитие городов Белоруссии в 16 — пер. пол. 17 в. / З. Ю. Копысский. Мінск : Наука и техника. 1966. 226 с.
12. Литовская Метрика. Мінск : Беларуская навука. 1997. 440 с.
13. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (НГАБ) у Мінску. Ф. 1705. Воп. 2. Спр. 7—9 — Брэсцкі гродскі суд.
14. Риер, Я. Г. Аграрный мир / Я. Г. Риер. Мінск : Беларуская навука. 2002. 442 с.

Наверх

Творчасць Грыгорыя Цамблака ў Вялікім княстве Літоўскім традыцыі ўсходнеславянскага красамоўства

Ноябрь 29, 2009 | Комментарии отключены

Казакова Т. П.

Казакова Татьяна Петровна — доцент кафедры истории белорусской литературы Белорусского государственного университета, кандидат филологических наук

Літаратурная спадчына мітрапаліта Вялікага княства Літоўскага Грыгорыя Цамблака арганічна ўвайшла ў кантэкст беларускай літаратуры XV ст. і значна ўзбагаціла наша прыгожае пісьменства яркімі творамі ўрачыстага красамоўства. На працягу XV—XІX ст. яго «Словы» на царкоўныя святы перапісвалі кніжнікі беларускіх манастыроў, мастацкі свет пісьменніка фарміраваўся на аснове паўднёваславянскай і ўсходнеславянскай літаратурных традыцый, якія ўваходзілі ў сферу візантыйскага ўплыву. З глыбокай старажытнасці творы візантыйскіх рытараў (Іаана Златавуста, Іаана Дамаскіна) і выдатных славянскіх прапаведнікаў (Іларыёна, Кірылы Тураўскага, Клімента Ахрыдскага) шырока распаўсюджваліся на землях усходніх і паўднёвых славян, у манастырах Афона і Канстанцінопаля.

У працах Бушміна А. С., Каваленкі В. А., Ліхачова Дз. С., Мальдзіса А. І. глыбока асэнсаваны шматбаковы характар праблемы традыцый і пераемнасці ў літаратуры. А. С. Бушмін піша: Сэнс <…> духоўнага ўзаемаабмену заключаецца не ў накапленні аднародных з’яў, а ў імкненні да багацця і разнастайнасці, да яднання дасягненняў, да стварэння новага, якое арганічна ўключае лепшае з таго, што было створана раней» [8, с. 14].

У XІ ст. мітрапаліт Іларыён напісаў «Слово о Законе и Благодати», якому ўласціва «адзінства патрыятычнай ідэі і шырокага агульначалавечага універсалізму» (Дз. С. Ліхачоў), у XІІ ст. тураўскі епіскап Кірыла стварыў каля сямідзесяці твораў, якія прынеслі яму славу «другога Златавуста». Літаратурная дзейнасць Грыгорыя Цамблака на беларускіх землях адбывалася ў перыяд росквіту Вялікага княства Літоўскага. Князь Вітаўт выношваў ідэю разрыву дыпламатычнай уніі з Польшчай, у яго абвастрыліся адносіны з Маскоўскім князем Васілём і мітрапалітам Фоціем, таму ён і вырашыў паставіць Грыгорыя Цамблака на мітраполію «Кіева і ўсёй Літоўскай дзяржавы». І. Б. Грэкаў прыводзіць цікавае пісьмо лівонскага магістра, у якім той піша, што «Вітаўт абраў <…> патрыярха ў Літве і разлічвае прывесці ў паслушэнства гэтаму патрыярху масквіцянаў, наўгародцаў, пскавічоў, адным словам, усе рускія землі» [10, с. 295]. Вядома і тое, што ў гэты час будуецца шмат цэркваў і манастыроў у Брэсце, Слоніме, Слуцку, а ў сталіцы дзяржавы — Вільні — цэрквы пераважалі над касцёламі [11, с. 92—95].

На пачатку 1414 г. князь Вітаўт склікаў сабор іерархаў Вялікага княства Літоўскага, на якім прапанаваў адасобіцца ад маскоўскай мітраполіі і прызначыць свайго мітрапаліта, бо Фоцій, «седяху на столе митропольстьвием всея Руси», не займаецца манастырамі, цэрквы разбураюцца і бяднеюць, «много чиниша не по правилом апостолским и отеческим» [3, с. 33]. Князь Вітаўт накіраваў у Канстанцінопаль дэлегацыю на чале з Г. Цамблакам за блаславеннем, але канстанцінопальскія патрыярхі не пажадалі падзелу ўсходнеславянскай царквы і не задаволілі просьбу беларуска-літоўскага князя.

15 лістапада 1415 г. па прапанове князя Вітаўта ў Навагародку быў скліканы спецыяльны сабор праваслаўных іерархаў, на якім без згоды Канстанцінопаля на мітраполію Кіева і «всея Руси» быў пастаўлены Грыгорый Цамблак. Князь Вітаўт разаслаў «Акруговую грамату», дзе афіцыйна паведаміў пра «поставление въ санъ Киевского митрополита Григория Цамблака» [4, с. 35]. Прымаючы пастанаўленне, Цамблак выявіў мужнасць і самаахвярнасць, бо яго аддалі анафеме і канстанцінопальскія патрыярхі, і Фоцій, які назваў Кіеўска-Літоўскага мітрапаліта «мятежником, поставленным от неправедного сборища», «отлученным і проклятым».

Мітрапаліцкая кафедра спачатку знаходзілася ў Кіеве, але пасля 1416 г., калі Кіеў быў разбураны ханам Эдыгеем, Грыгорый Цамблак перанёс яе ў Вільню, а сваёй рэзідэнцыяй зрабіў Наваградак. Прамое дачыненне да асобы Цамблака мае думка М. Бярдзяева: «Чалавек па сваёй унутранай прыродзе ёсць нейкі вялікі свет — мікракосмас, у якім адлюстроўваецца і знаходзіцца ўвесь рэальны сусвет і ўсе вялікія гістарычныя эпохі» [6, с. 19].

Творчая дзейнасць Грыгорыя Цамблака ў Вялікім княстве Літоўскім была надзвычай плённай. На беларускіх землях ён напісаў шэраг твораў розных жанраў: пахвалы святым і гістарычным асобам («Слова пахвальнае Дзімітрыю», «Слова пахвальнае Яўфімію»), пропаведзі («Слова на Узнясенне Ісуса Хрыста», «Слова на Успенне Багародзіцы», «Слова на адсячэнне галавы святога і слаўнага прарока і папярэдніка і Хрысціцеля Іаана», «Слова ў тыдзень кветканосся», «Слова на Уздвіжанне», «Слова на Праабражэнне»), палемічны твор «Слова як трымаюць веру немцы», прамовы («Сповед веры», «Слова пахвальнае айцам Канстанцкага сабора», «Прывітальная прамова Марціну V»), духоўны верш «На Успенне Багародзіцы», справавыя дакументы «Акруговае пасланне літоўскага вялікага князя Вітаўта», «Саборная грамата літоўскіх епіскапаў».

Чалавек і сусвет у творчасці мітрапаліта Іларыёна, тураўскага епіскапа Кірылы і мітрапаліта Грыгорыя Цамблака. Асэнсаванне гістарычнасці быцця і праблема зямнога прызначэння чалавека знаходзіць мастацкае афармленне ў «Слове о Законе и Благодати» мітрапаліта Іларыёна, у прытчах Кірылы Тураўскага, у «Слове пахвальным Яўфімію» Грыгорыя Цамблака.

Мітрапаліт Іларыён, услаўляючы хрысціянства, «зрабіў прадметам свайго разгляду лёс усяго чалавецтва» [9, с. 39]. Таленавіта выкарыстоўваючы прынцып лагічнай дэдукцыі, ад агульнафіласофскай праблемы (узаемаадносіны Старога і Новага Запаветаў) ён пераходзіць да тэмы Русі, ухваляе яе першахрысціцеля князя Уладзіміра. Услаўляючы Русь як роўную сярод іншых хрысціянскіх народаў, Іларыён надае пропаведзі патрыятычнае гучанне: «И донележ стоит мир, изми ны от руку чужих; и да не нарекутся людие твои: людие пагубнии, и стадо твое: пришельцы в земли не своея; да не рекут страны: где есть Бог их? И не попущают на ны скорби и гладу и напрасных смертий, огня и потопления, да не отьются малодушнии милости твоя?» [12, с. 105]. У «Слове пахвальным Яўфімію» Грыгорый Цамблак з горыччу згадвае сваю спакутаваную радзіму — Балгарыю, падкрэслівае, што тырнаўскі патрыярх «от въсех предпочтено судив отчьство, к тому пакы възвращает ся» [22, с. 160]. Думкі пра лёс радзімы яднаюць гэтыя творы і робяць іх актуальнымі для ўсіх народаў у розныя часы.

Будучыню свайго народа мітрапаліт Іларыён бачыць шчаслівай і радаснай. У пахвале князю Уладзіміру ён кажа: «Виждь и град величьством сияющь, виждь церкви цветущеи, виждь христианство растуще, виждь град иконами святых освящаем блистающеся, и тимианом объухаемь, и хвалами и божествеными пении святыми оглашаем?» [12, с. 96]. Пачуццё трывогі за свой народ, які знаходзіўся ў турэцкай няволі, працінае творчасць Грыгорыя Цамблака. Пісьменнік, таленавіта аздабляючы свае творы элементамі драматычнага эфекту, выкарыстоўваючы біблейскую сімволіку, абвінавачвае шматлікіх ворагаў хрысціян. Абарона роднай веры і культуры, услаўленне нацыянальна-культурных дзеячаў ва ўмовах турэцкага нашэсця былі глыбока патрыятычным актам Цамблака. На фоне падзей біблейскай гісторыі, спалучаючы прыёмы абстрагавання і псіхалагічнай пранікнёнасці, пісьменнік паказвае «унутраны» свет Яўфімія Тырнаўскага, яго хрысціянскія дабрачыннасці і грамадзянскую пазіцыю.

У «Слове пахвальным Дзімітрыю» мітрапаліт ВКЛ закранае праблему ўзаемаадносін царкоўнай і свецкай улады. Ён абвінавачвае уладароў, якія жорстка ставяцца да падначаленых і непаслядоўныя ў веры. Асабліва ўхваляе подзвіг Дзімітрыя Салунскага, які ахвяруе жыццём у імя хрысціянскіх ідэалаў. Пісьменнік, выкарыстоўваючы прынцып «двайнога адлюстравання» [24, с. 29], прыёмы «извития» слоў, сцвярджае, што насілле — праява бездухоўнасці.

З пазіцыі хрысціянскай маралі прапаведнік намагаецца раскрыць псіхалогію забойцы ў «Слове на адсячэнне галавы Іаана Хрысціцеля»: «Коима очима възре на небесного онаго и пустыннаго мужа, сьдя в благоленне устроени? Како приступи, како извлече меч? Како не утьрпе нечистаа рука, наносима на святую шею?»[47, с. 259]. Сінтаксічны паралелізм з яскравай тэндэнцыяй да ізахроннасці коланаў узмацняе экспрэсіўнасць пропаведзі.

Значнае месца ў творчасці сярэднявечных рытараў займала праблема маральнага ўдасканалення чалавека. М. Бярдзяеў пісаў, што «хрысціянства ўпершыню прызнала бясконцую каштоўнасць чалавечай духоўнасці» [6, с. 92]. Кірыла Тураўскі ў «Прытчы пра душу і цела», у «Слове пра чалавека і пра нябесныя сілы» і ў «Слове святога Кірыла», разважаючы пра духоўнае і цялеснае, нябеснае і зямное, паказваючы дваццаць «мытарств» чалавека, абапіраючыся на аўтарытэты евангеліста Мацвея, Іаана Багаслова і апостала Паўла, сцвярджае, што «высотою и величеством невозможно изглаголить усты человеческими» [23, с. 388]. У творах тураўскага епіскапа праз багатую біблейскую вобразнасць і цытацыю тэкстаў Свяшчэннага Пісання, твораў візантыйскіх рытараў яскрава адчуваецца прыярытэт духоўнага над цялесным, ён верыў у магчымасці чалавечай душы дасягнуць нябеснага Царства. У гэтай сувязі А. А. Кожынава слушна заўважае: «… комплексны воблік свету ў свядомасці чалавека складваецца як за кошт рэальнай рэчаіснасці, так і за кошт рэчаіснасці ідэальнай, якая канцэнтруецца ў свядомасці чалавека ў асноўным пад ўздзеяннем тэкстаў» [14, с. 21].

Пісьменнік-ісіхаст Грыгорый Цамблак успрымае чалавека як вышэйшую разумную істоту, дзеля якой Бог стварыў свет. Філасофія ісіхастаў пабуджала да ўнутранай духоўнай актыўнасці, дынамічнага самазасяроджвання ў малітве, да самаўдасканалення асобы, бо ісіхасты разглядалі чалавека як «адзіную псіхасаматычную істоту» [20, с. 291]. Таленавіта і прыгожа паказаў пісьменнік значэнне для ўсіх хрысціянскіх народаў творчай дзейнасці Кіпрыяна: «… в нем беаше любовь нелицемерна, яже закону и пророкам глава, благодаць во устну излианна, смиренномудриа крайний предел, Авраамово странноприимство или наче богоприимство, целомудрие Иосифово, Моисеова благодать, и своеплеменником милование, Иово терпение, Аароново священнолепие, Самаилова твёрдость, Давидова кротость, Соломонова премудрость, Илиина ревность, Данилово разсуждение» [27, с. 31]. З новазапаветных герояў ён параўноўвае Кіпрыяна з апосталам Паўлам, які распаўсюджваў хрысціянства ў многіх краінах. Спалучаючы элементы мастацкага абстрагавання і канкрэтызацыі, пісьменнік уключае асобу Кіпрыяна ў кантэкст сусветнай гісторыі. Вобраз героя набывае рысы звышзямнога чалавека. Градацыя думкі Грыгорыя Цамблака прасочваецца ў арганічным пераходзе ад дзейнасці герояў біблейскай гісторыі да асабістых перажыванняў і пачуццяў. Адбываецца «выхад» на вертыкаль славеснага пляцення, што дазваляе пераадолець абмежаванні лінейнага члянення традыцыйных формул» [15, с. 94].

Адной з цэнтральных ідэй усходняй патрыстыкі М. Бярдзяеў лічыў ідэю тэозіса, ператварэння сусвету [7]. Так, тэма ператварэння была ўласціва і для ўсходнеславянскіх рытараў XІ—XІІ ст., і для творчасці Цамблака. На думку мітрапаліта Іларыёна, прыняцце хрысціянства, «веры благодатной», ператварыла Русь: «Бывъшем намъ слепомь и истиньнааго света не видящемь, нъ въ льсти идольстии блудящемъ, къ сему же и глухомъ отъ съпасенааго учения помилова ны Бог — и въсия и въ насъ светъ розума» [12, с. 64]. Шматлікія цытаты з кнігі прарока Ісайі пераконваюць у неабходнасці і абумоўленасці ператварэння. С. Ф. Кузьміна заўважае: «… значны Біблейскі цытатны фонд, які акумулюе універсальныя сэнсы, выкарыстоўваецца аўтарам у пэўнай і выпрацаванай выключна ім сістэме» [17, с. 125].

Цэнтральнай ідэяй творчасці Кірылы Тураўскага з’яўляецца духоўнае ператварэнне чалавека пры дапамозе кніжнай асветы. У «Прытчы пра душу і цела» тураўскі епіскап сцвярджае: «Добро убо, братье, и зело полезно еже разумевати нам божественных писаний ученье: се и целомудрену душю стваряет, и к смирению прилагает ум, и сердце на реть добродетели възъстряет, и всего благодарствена створяет человека, и на небеса к горним обещанием мысль приводит, и к духовным трудом тело укрепляет, и преобидити сего настоящаго житья, славы и богатства творит, и всея житийскоя света сего печали отводит» [23, с. 429]. Шматлікія гомеатэлеўты ўзмацняюць уражанне велічнасці і значнасці гэтага працэсу.

Для Грыгорыя Цамблака ідэя ператварэння з’яўляецца дамінантнай, бо ў аснове яго светапогляду было ўяўленне пра разумовую малітву і фаворскі свет, свет ператварэння, які папярэднічаў царству Бога. Згодна з тэорыяй ісіхастаў, чалавек пры дасягненні вышэйшай ступені духоўнай дасканаласці мог убачыць фаворскае святло, водбліскі якога маглі адбіцца і на ім. Вучэнне ісіхастаў аб ператварэнні чалавека — гэта, па сутнасці, тэорыя творчага працэсу. Тэарэтык ісіхазму Грыгорый Палама вучыў, што менавіта дар творчасці вылучае чалавека і надае яму асаблівае месца ў сусвеце. Вядомыя царкоўныя і культурныя дзеячы адрозніваюцца харызматычнымі талентамі, бо творчасць — гэта кеносіс, патрабуе ад чалавека напружання фізічных і духоўных сіл: «Не бо токмо уча, или вещаа, но и зримъ, просто достоин бе всякоа добродетели учение въ зрящихъ душах вселити»[27; 28].

Прамоўніцкае майстэрства Грыгорыя Цамблака. Сярод твораў, якія Цамблак напісаў у Новагародку і Вільні, вылучаецца «Слова на Ператварэнне Госпада Бога Ісуса Хрыста», якое захавалася ў шматлікіх рукапісных зборніках [28—33; 35—43; 45— 46]. Пропаведзь уражвае эмацыянальнасцю, духоўнай глыбінёй, імкненнем паказаць евангельскія падзеі ў кантэксце хрысціянскай гісторыі (Ев. Мцв. 17. 1—9). Менавіта ў гэтым творы прапаведнік вызначае свой мастацкі стыль: «певец издалеча плетя песнь» [26, с. 200]. На аснове псалома (Псалтыр 67. 16) Грыгорый Цамблак стварае гімн Фаворскай гары, дзе адбылося духоўнае Ператварэнне Ісуса Хрыста: «гора божия, гора усыреная, гора тучна, гора, яже благовали Бог жити в нея» [26, с. 200 зв.]. Аўтар асэнсоўвае біблейскія падзеі, супастаўляе гару Фавор са старазапаветнымі гарамі — Сінаем, Харывам і Араратам, — як святло і цемру, падкрэслівае, што Фавор — гэта месца над гэтым светам, «уединенно и пусто». Сведкамі падзеі, якая адбывалася на гары Фавор, з’яўляюцца старазапаветныя героі — Майсей і Ілля: «Моисеи на гору возшед, во облак вниде, закон приемля, но мрачен и темен … тамо убо сень бяше закона … зде же самая истинная благодать простираше…» [26, с. 206 зв.]. Новазапаветныя апосталы Пётр, Іаан і Іякаў асэнсоўваюць Ператварэнне Ісуса Хрыста як перамогу святла над цемрай, ператварэнне рэчыўнага ў духоўнае: «адамова лица стыдъ очисти хотя» [26, с. 208]. Грыгорый Цамблак уключае ў пропаведзь і палеміку з Грыгорыем Акіндзіным (візантыйскі царкоўны пісьменнік, філосаф, прыхільнік вучэння Варлаама, лічыў, што толькі веды і вопыт даюць чалавеку ісціну) : «Зриши ли, како от преумножениа евангелисты скверная еретиком, яко же некоторые пуще мечеви, языки пресецают?» [26, с. 201 зв.]. Манументальнасць падзеі, эмацыянальнае напружанне ў фінале пропаведзі дасягаецца шматлікімі анафарычнымі паўторамі: «сей прекланяются горы, сей дароносят холми, сию чтут острови, сию ублажают поля, сию послушают юдоли, сию хвалят пустыня, сию превозносят вертепе, сию орошают облацы, сию прохлаждают ветри, сию воспевают птицы, сию желают иноци» [26, с. 207]. У цэнтры ўзвышаецца Ісус Хрыстос у промнях святла.

Безумоўна, ў пропаведзі Грыгорыя Цамблака, як і ў пропаведзях Кірылы Тураўскага, асноўным прынцыпам арганізацыі тэксту з’яўляецца экзегезіс. Пры гэтым ён таленавіта пераплятае біблейскія цытаты, алюзіі з Бібліі, выкарыстоўвае шматлікія тропы і фігуры, каб асэнсаваць асноўную ідэю ісіхастаў — прыроду фаворскага святла.

Дарэчы, першыя даследчыкі творчасці Грыгорыя Цамблака адзначалі, што стыль пропаведзяў мітрапаліта ВКЛ вельмі блізкі да пропаведзяў тураўскага епіскапа Кірылы [19].

Магчыма, меў рацыю І. І. Каліганаў, які выказаў думку, што «пры пераездзе з адной славянскай краіны ў другую ў межах праваслаўнага рэгіёна кніжнікі даволі тонка адчувалі гэтыя адрозненні і чуйна на іх рэагавалі» [13, с. 200]. Ю. К. Бегуноў дастаткова пераканаўча паказаў тыпалагічную агульнасць твораў урачыстага красамоўства ў паўднёвых і ўсходніх славян [5, с. 38—51]. Пропаведзям Кірылы Тураўскага ўласціва стройная кампазіцыя, шматлікія дыялогі, ампліфікацыя тропаў і стылістычных фігур. «Для сярэдневяковай медытатыўнай літаратуры, — адзначаў С. С. Аверынцаў, — асабліва шмат дала тэхніка рытарычнай ампліфікацыі — майстэрства рабіць прамову пашыранай і тым павышаць сілу яе ўздзеяння» [2, с. 115]. У пропаведзях Грыгорыя Цамблака шырока выкарыстоўваецца цытацыя і метафарычная ампліфікацыя, думка часта паўтараецца, выкарыстоўваюцца розныя прыёмы elocutio — рытарычныя пытанні, воклічы, звароты і г. д. Напрыклад, у «Слове на Успенне Багародзіцы» матыў смутку ўзмацняюць шматлікія пытальныя канструкцыі: «Почто отлете от нас, своих рабов, голубица неблазненная? Почто удалися от нас горлица сладкогласная? На кого возрим прочие? Кто нам провещаеть? Кто же отъ навет Июдейских печаль нашу утешит?» [48, с. 430]. У выказванні пачуцця адчуваецца «пераадольванне слова» [18, с. 11], што дазваляе прапаведніку выказаць дадатковы «звышсэнс»: матыў смутку спалучаецца з ідэяй вялікасці Багародзіцы. Грыгорый Цамблак выкарыстоўвае ўсе прыёмы экспрэсіўна-эмацыянальнага стылю, пераконвае інтанацыяй, рытмам, рытмічныя варыяцыі дазваляюць вяртацца да асноўнай тэмы, якая пры гэтым падкрэсліваецца і набывае мастацкую экспрэсію. Адметнымі асаблівасцямі пропаведзяў Грыгорыя Цамблака з’яўляецца несуразмернасць частак (экзордыум, нарацыя, канклюзія), непаслядоўнасць развіцця сюжэта, вар’іраванне думкі.

У творах Кірылы Тураўскага кніжная асвета з’яўляецца сродкам дасягнення духоўнай прыгажосці і выратавання чалавека. У «Прытчы пра душу і цела» прапаведнік канкрэтызуе гэтую думку: «Тако обретый божественых книг скровища — пророчьскых же и псаломьскых и апостольскых и самого Спаса Христа спасеных словес истинный с рассужением разум, — уже не собе единому есть на спасение, но инем многым послушающим его» [23, с. 429]. Цамблак адзначае рэлігійна-асветніцкую дзейнасць свайго настаўніка: «пастырь Христова стада» Яўфімій перадаў царкве новыя кнігі — «скрижали истинно небесного съкровища» [22, с. 196]. Пісьменнік лічыць нявыпраўленыя тэксты крыніцай шматлікіх ерасей, падрабязна распавядае пра працу тырнаўскага патрыярха па выпраўленні богаслужэбных тэкстаў.

У «Слове на Узнясенне Ісуса Хрыста» цытаты з біблейскіх кніг таксама выконваюць ролю стылістычнага цэнтра, пропаведзь складаецца з рытмічна пабудаваных стылістычных перыядаў, уражанне велічнасці свята ствараецца чаргаваннем анафар і эпіфар:

Достояше бо престаревшамуся
От новаго обновитися
И недужному от врача исъцелитися,
И оумершему от живота воскреситися,
И осужденному подъ грехомъ
От безгрешного свободитися,
И тленному от нетленного обезтленитися,
И земному от небесного вознесетися [26, с. 304 адв.].

Канструкцыю «тленный — нетленный» аўтар абнаўляе і пашырае. Стварае паліптотан (стылістычная фігура, ад грэч. polyptotan — назапашванне) «тленному от нетленного обезтленитися», які надае пропаведзі экспрэсіўнасць. Выказванні біблейскіх герояў ствараюць аснову твора і выклікаюць розныя аналогіі. Напрыклад, псалом «Восшел Бог при восклицаниях, господь при звуке трубном» [46, с. 6] творца абагульняў і пашыраў у адносінах да свету:

Взыде богъ в воскликновении,
Господь во гласе трубне,
И паче въ лепоту,
Достояше бо цареви съ воскликновениемъ
Всходъ имети,
Воскликновение бо воспроведание и
Возношение народное есть
На царъхъ бываемо и победителехъ [26, с. 306 адв.].

Стрыжнявое слова перыяду «воскликновение» ў інтэрпрэтацыі Грыгорыя Цамблака з’яўляецца сродкам вар’іравання сэнсавага комплексу: псаломнае прароцтва — зямное прызнанне Хрыста. Спалучаючы па прынцыпе градацыі ў вобразе Хрыста цара і пераможцу, прапаведнік сцвярджае яго Боскую існасць, а потым паказвае яго ўзнясенне на неба: «мыслены силы славяхоу, воспеваху, хваляху т рисотую песнь, приношаху дароношение, дивляхуся толикому восхождению, и с плотию владычески восходяша от земля, и трепетомъ одержими, горнешамъ силамъ врата взятии повелеваху» [26, с. 306 адв.].

Пісьменнік акцэнтуе ўвагу слухачоў на тым, што Хрыстос пакутуе дзеля выратавання чалавецтва: «Но почто окровавлены и пронзены оуды носиши, бесстрастный божеством? Точило, — глаголаше, — истоптахъ единъ, кровь свою излияхъ единъ за всехъ» [26, с. 307]. Выкарыстоўваючы сінанімічную, цытатную і метафарычную ампліфікацыю, Г. Цамблак знаходзіў «агульнае, абсалютнае і вечнае ў прыватным, канкрэтным і чалавечым <…> хрысціянскія ісціны ва ўсіх з’явах жыцця. Пропаведзі Грыгорыя Цамблака ўражваюць веліччу духоўнага сэнсу, глыбінёй пазнання і прыгажосцю выказвання».

Даследчыкі царкоўнай музыкі адзначаюць, што Грыгорый Цамблак увёў у беларускіх храмах балгарскі распеў. Захаваўся адзіны духоўны верш-гімн Цамблака «На Успенне Багародзіцы» — сінтэз слова і музыкі. Пачынаецца верш традыцыйным зачынам:

Днесь владычица и Богородица,
Пресвятая Дева царица,
Преходит от земных к премирным,
ко царю царствующему,
к сыну своему и Богу [49, с. 4].

Урачыстасць і глыбокі сэнс падзеі перадаюць рытарычныя воклічы і хайрэтызмы (услаўленні), чаргаванне ікасаў і кандакаў — строф акафіста:

Радуйся двере жизни,
Радуйся горо присенная,
Радуйся мосте приводяй всех,
Иже верою Твое представление чтущая
Къ вечному.
Подобаеть бот и матери Божии,
Яко царице, царъскими добротами дароноситися [49, с. 6].

У заключнай частцы верша зварот да Багародзіцы прасякнуты зямнымі клопатамі:

Царице небесная и многопетая Владычице!
Сродна писвоения не забуди и не оскудеи
Назирающся,
Не забуди царя и град, и люди,
Иноци и прости [49, с. 6].

Безумоўна, пры стварэнні верша Г. Цамблак абапіраўся на багаты вопыт антычных рытараў — Рамана Сладкапеўца, Грыгорыя Вялікага, Іаана Дамаскіна, Іаана Златавуста [гл. 1].

Думку Іларыёна пра раўнапраўе ўсіх народаў, якія далучыліся да хрысціянства, Цамблак творча развівае. Іх гістарычны лёс прапаведнік бачыць у праваслаўным адзінстве. На Канстанцкім саборы ён кажа: «Христос съедини нае крещением и ко волным страсти грядым» [21, с. 151]. У. М. Конан адзначае, што ў той час барацьба за праваслаўе была канкрэтна-гістарычнай формай барацьбы за палітычную незалежнасць і нацыянальна-культурную самастойнасць беларускага народа [гл. 16]. Такім чынам, канцэптасфера мітрапаліта Іларыёна, епіскапа Кірылы і мітрапаліта Грыгорыя Цамблака вельмі блізкая, прапаведнікі ў традыцыйныя сюжэты ўключалі найбольш значныя праблемы грамадска-палітычнага жыцця, таленавіта развівалі грэка-славянскую традыцыю ўрачыстага красамоўства. Творчасць Грыгорыя Цамблака, красамоўная і экспрэсіўная, адпавядала зменам у духоўным жыцці беларускай народнасці, сведчыла аб плённасці міжславянскіх літаратурных сувязей і традыцый.

Литература

1. Аверинцев, С. С. Поэтика ранневизантийской литературы / С. С. Аверинцев. М., 1977. 320 с.
2. Аверинцев, С. С. Поэты / С. С. Аверинцев. М. : Языки русской культуры, 1996. 364 с.
3. Акты, относящиеся к истории Западной России. Т. 1. 1340—1506. СПб., 1846. № 23.
4. Акты, относящиеся к истории Западной России. Т. 1. 1340—1506. СПб., 1846. № 25.
5. Бегунов, Ю. К. Ораторская проза Киевской Руси в типологическом сопоставлении с ораторской прозой Болгарии / Ю. К. Бегунов // Славянские литературы. ІX Международный съезд славистов. Доклады советской делегации. М., 1983. С. 38—51.
6. Бердяев, Н. Смысл истории / Н. Бердяев. М. : Мысль, 1990. 173 с.
7. Бердяев, Н. А. Философия творчества, культуры и искусства: в 2 т. / вступ. ст., сост., примеч. Р. А. Гальцевой. М. : Искусство: ИЧП «Лига», 1994. Т. 1.
8. Бушмин, А. С. Межлитературные связи и преемственность-закономерность литературного развития / А. с. Бушмін // Литературные связи и литературный процесс: из опыта славянских литератур. М., 1986. С. 14—34.
9. Горский, В. С. Образ истории в «Слове о законе и благодати» Иллариона / В. С. Горский // Человек и история в средневековой философской мысли русского, украинского и белорусского народов: сб. науч. трудов. Киев : Наукова думка, 1987. С. 39—50.
10. Греков, И. Б. Восточная Европа и упадок Золотой Орды (на рубеже XІV—XV вв.) / И. Б. Греков М. : Наука, 1975. 521 с.
11. Грицкевич, А. П. Положение православной церкви в Белоруссии в XІV—XVІ веках (до Люблинской унии 1569 г.) / А. П. Грицкевич // Христианизация Руси и белорусская культура: материалы конференции. Минск : Минское епархиальное управление, 1988. С. 90—113.
12. Иларион. Слово о Законе и Благодати / Иларион / сост., вступ. ст., пер. В. Я. Дерягина, реконстр. древнерус. текста Л. П. Жуковской. М. : Столица, Скрипторий, 1994.
13. Калиганов, И. И. Некоторые черты литературного общения болгар, русских и сербов в эпоху средневековья / И. И. Калиганов // Литературные связи и литературный процесс: из опыта славянских литератур. М., 1986.
14. Кожинова, А. А. Интровертированный образ мира в текстах Кирилла Туровского / А. А. Кожинова. Минск : БГУ, 1999. — 201 с.
15. Колесов, В. В. Средневековый текст как единство поэтических средств языка / В. В. Колесов // Труды отдела древнерусской литературы / РАН; Институт русской литературы (Пушкинский Дом); редкол.: А. А. Алексеев [и др.]. СПб. : Дмитрий Буланин, 1996. Т. 50. С. 92—99.
16. Конон, В. М. Становление и развитие эстетической мысли Белоруссии (X в. — 1917 г.): автореф. дис. … д-ра филос. наук / В. М. Конон. Минск, 1981. 33 с.
17. Кузьмина, С. Ф. «Слово о законе и благодати» митрополита Илариона: новые аспекты изучения (тысячелетняя традиция восточнославянскай книжной культуры) / С. Ф. Кузьмина // Славянскія літаратуры ў кантэксце сусветнай. Ч. 1. Минск, 2000.
18. Лихачев, Д. С. Стилът на Тырновска литературна школа и неготово значение и развитие на староруска литература / Д. С. Лихачев // Език и литература. 1976. № 5.
19. Макарий. О Григории Цамблаке, митрополите Киевском, как писателе / Макарий // Известия Императорской Академии наук. Отделение русского языка и словесности. Т. 6. 1875. С. 97—153; Вадковский, А. Древнеруская проповедь и проповедники в период домонгольский / А. Вадковский // Православное обозрение. М., 1881. С. 73—101.
20. Мейендорф, И. Ф. О византийском исихазме и его роли в культурном и историческом развитии Восточной Европы в XІV в. / И. Ф. Мейендорф // Труды Отдела древнерусской литературы / АН СССР; Институт русской литературы / отв. ред. Д. С. Лихачев. Т. 29: Вопросы истории русской средневековой литературы. Памяти В. П. Адриановой-Перетц. Л. : Наука, 1974. С. 291—306.
21. Никольский, Н. К. Материалы для истории древнерусской духовной письменности / Н. К. Никольский // Сб. отделения русского языка и словесности. СПб., 1907. Т. 82. № 1—8. С. 148—152.
22. Русев, П. Похвално слово за Евтимий от Григорий Цамблак / П. Русев, И. Гълъбов, А. Давидов, Г. Данчев. София, 1971.
23. Слово святого Кирилла // Мельнiкаў, А. А. Кiрыл, епiскап Тураўскi: Жыццё. Спадчына. Светапогляд / А. А. Мельнікаў. Мінск : Беларуская навука, 1997. 462 с.
24. Станчев, Кр. Поетика на старобългарска литература / Красимир Станчев. София, 1982.
25. Цамблак, Григорий. Слово на Преображение Господа Бога и Спасителя нашего Иисуса Христа // Бібліятэка Расійскай Акадэміі Навук (БРАН). Аддзел рукапісаў і старадрукаў. № 214. Торжественник, XVІІІ ст., С. 200 зв.
26. Цамблак, Григорий. Слово на Вознесение Иисуса Христа // БРАН. Адзел рукапісаў і старадрукаў. № 214. Торжественник, XVІІІ ст. С. 304 адв.
27. Чтения в обществе истории и древностей российских. М., 1872. Кн. 1.
28. БРАН, Збор таварыства старавераў, № 37. Торжественник, XVІІІ ст., 284 л. Л. 236—244 зв.
29. БРАН. Архангельскі збор, № 24. Зборнік жыцій, казанняў і павучанняў, XVІІ ст., паўустаў, 298 л., сл. 274 зв. 282 зв.
30. БРАН. Асноўны збор, Пралог, XVІІ ст., паўустаў, 741 л. С. 169—177.
31. БРАН. Асноўны збор. Торжественник, XVІІІ ст., скорапіс і паўустаў. 414 м. Л. 351—357.
32. БРАН. Збор В. Т. Дружыніна, № 337. Торжественник, XVІІІ ст., скорапіс, 425 л. Л. 359—369 зв.
33. Дзяржаўная бібліятэка РФ (ДзБРФ). Збор Тройца-Сергіевай лаўры, ф. 304, № 680. Мінея Чэцця, жнівень, XVІІ ст., паўустаў, 444 л. Л. 185 зв. — 199 зв.
34. ДзБРФ. Збор Рагожаскіх могілак, ф. 247, № 724. Торжественник, XІX ст., паўустаў, 246 л. Л.198—212.
35. ДзБРФ. Збор Строева, ф. 292, № 24. Мінея Чэцця, жнівень, XVІІ ст., паўустаў, 415 л. Л. 51—60 зв.
36. Дзяржаўны гістарычны музей Расіі (ДзГМР). Збор Уварава, № 854. Зборнік, XVІІ ст., паўустаў, Л. 18 зв. — 26 зв.
37. ДзГМР. Сінадальны збор, № 996. Мінея Чэцця, ліпень, паўустаў, 1144 л. Л. 908—910.
38. ДзГМР. Сінадальны збор, № 997. Мінея Чэцця, жнівень, паўустаў, 1569 л. Л. 85—94 зв.
39. ДзГМР. Чудаўскі збор, № 317. Мінея Чэцця, жнівень, паўустаў, 678 л. Л. 168—177 зв.
40. Расійская Нацыянальная бібліятэка (Санкт-Пецярбург) (РНБ). Волкаўскі збор. № 20. Торжественник, XІX ст., паўустаў, 574 л. Л. 338—346 зв.
41. РНБ. Збор А. А. Цітова, № 1322 399. Зборнік, XVІІ ст., паўустаў і скорапіс, 39 л. Л. 3—9.
42. РНБ. Збор Салавецкага манастыра, № 370. Торжественник, XVІІІ ст., паўустаў, 394 л. Л. 237—248 зв.
43. РНБ. Збор таварыства старавераў, № 2. Торжественник, XІX ст., паўустаў, 275 л. Л. 232—240.
44. РНБ. Новы збор рукапісных кніг, 1928. 74, Торжественник, XVІІІ ст., паўустаў, 311 л. Л. 169—178 зв.
45. РНБ. Новы збор рукапісных кніг, 1948. 100, Торжественник, XІX ст., паўустаў, 679 л. Л. 469—478 зв.
46. РНБ. Ф. А. Талстога, № 205. Зборнік, XVІІ ст. беларускі скорапіс, 306 л. Л. 223—227.
47. Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Аддзел рукапісаў і старадрукаў. № 214. Торжественник, XVІІІ ст., 419 л. Л. 200—207 зв.
48. Цэнтральная Акадэмічная бібліятэка Літвы. Вільнюскі збор. № 105/199/ Жыція святых.
49. Ундольский, В. М. Замечания для истории церковного пения в России / В. М. Ундольский // Чтения в обществе истории и древностей Российских. 1846. № 3. С. 4—6.

Наверх

Главная » Статьи по теме 'Великое Княжество Литовское'