Электронная версия белорусского научного исторического журнала “Российские и славянские исследования”

Главная

О журнале

Правила публикации статей

Новый номер!


Тэндэнцыі гаспадарчай дзейнасці ў парэформенным маёнтку на Палессі

Кахновіч В. А.

Кохнович Виктор Адамович — аспирант кафедры истории Росии Белорусского государственного университета

Ужо ў ХІХ ст. Палессе лічылася унікальным і асаблівым краем на захадзе Расійскай імперыі. Кіраўнік Заходняй экспедыцыі па асушэнні балот у 1873—1898 гг. генерал І. І. Жылінскі вызначаў Палессе ў межах 19 паветаў Мінскай, Гродзенскай, Валынскай, Магілёўскай і Кіеўскай губерань. Рэгіён ахопліваў басейн ракі Прыпяць і налічваў 8 млн дзесяцін або ў 3 разы пераўзыходзіў па памерах такую еўрапейскую краіну, як Бельгія. Асаблівы інтарэс выклікае прадпрымальніцтва і адаптацыя мясцовых памешчыкаў да капіталістычных рынкавых умоў развіцця з улікам рэгіянальнай спецыфікі.

У 1960—1970-я гг. пад уплывам эканамічных тэорый Й. Шумпетэра, Э. Пенроуза і амерыканскай прагматычнай «школы бізнэса» Н. Граса сфарміравалася «business history». Для нацыянальных гістарыяграфій постсавецкай прасторы накірунак стаў актуальным толькі ў 1990-я гг. [44]. Паводле аўстрыйскага эканаміста Йозэфа Алоіза Шумпетэра (1883—1950), «прадпрымальніцтва» — гэта ажыццяўленне ў змяніўшыхся гістарычных абставінах «новых камбінацый вытворчасці», што магчыма праз увядзенне інавацый у сродках і арганізацыі вытворчасці, а таксама праз змяненне сацыяльных стасункаў у сэнсе ўсталявання асаблівага тыпу паводзін — навацый у практыкцы гаспадарання [55, c. 149—173, 183, 199, 306]. Апошняе можна разумець як мадэрнізацыю наяўных і пошук, вынаходніцтва, засваенне і інтрадукцыю новых тэхналогій. Важна тое, што, паводле Шумпетэра, прадпрымальніцтва ёсць якасць спадкаемная, перадаецца праз выхаванне, навучане і ўплыў грамадства [55, c. 179].

Памешчыцкая гаспадарка — значна менш даследаваная, чым гаспадарка сялянская — мае на сучасны момант характар зніклай сацыяльнай і гаспадарчай формы. У той жа час сялянская гаспадарка, яе традыцыі і практыка, захавалася з пэўнымі папраўкамі (прыватная, падсобная і фермерская гаспадарка). У апошні час даследчыкі (В. М. Мікулін, П. І. Савельеў, Н. А. Праскуракава, К. П. Барынава, А. П. Жытко, В. П. Панюціч, А. Л. Кіштымаў, Н. Р. Цямірава, А. М. Донік) сталі актыўна распрацоўваць праблемы развіцця менавіта дваранскага прадпрымальніцкага гаспадарання: узровень тэхнічнай і тэхналагічнай арганізацыі гаспадаркі, яе рынкавую (таварную) зарыентаванасць, параметры прадуктыўнасці, ступень незалежнасці ад «сялянскіх» спосабаў апрацоўкі зямлі (наяўнасць ці адсутнасць у спектры гаспадарчых практык адпрацовак і іспольшчыны) і інш. Рознабаковыя аспекты дадзенай навуковай праблемы магчыма даследаваць праз матэрыялы дваранскіх фамільных фондаў Беларусі і Украіны, землеўладанне якіх датычылася рэгіёна Палесся. Некаторыя з іх (напрыклад, Цярлецкія) упершыню ў гістарыяграфіі закранаюцца ў межах дадзенага артыкула.

Былі вылучаны асноўныя функцыянальныя тыпы гаспадарчай дзейнасці: тып а — атрыманне даходу ад пасэсараў — арандатараў фальваркаў і прадпрыемстваў; б — ад уласніцкай сельскай гаспадаркі; в — арэнды сялянамі ўгоддзяў за грошы; г — іздольгага гаспадарання сялян на зямлі ўласніка; д — продажу зямлі маёнткаў; е — драпежнага вынішчэння лясоў; ж — арганізаванай лясной гаспадаркі і лесаперапрацоўкі; з — прамысловай дзейнасці, засяроджанай на перапрацоўцы ўласнай сыравіны землеўласніка; і — прамысловай дзейнасці, што выходзіла за межы лакальнага рынку; к — гаспадаранне, паядноўваючае прыкметы некалькіх тыпаў, з перавагай даходаў ад арэндных трыманняў; л — тое ж з перавагай прамысловай дзейнасці; м-е — тое ж з перавагай даходаў ад дзейнасці тыпу е; м-ж — тое ж з перавагай даходаў ад дзейнасці тыпу ж. Мяркуецца, што тыпы нязмешанага характару былі найбольш уласцівыя для дробных і сярэдніх маёнткаў. Для буйных жа латыфундый, што ўтваралі якасную асаблівасць на Палессі, былі ўласцівыя менавіта змешаныя формы.

Істотную праблему стварае тое, што дакументальнае асвятленне большасці гаспадарак у значнай ступені выпадковае. Так, да адносна паспяховых гаспадарак тыпу б можна аднесці асобныя гаспадаркі на паўднёвай ускраіне Палесся: Марыі і Эдуарда Серачынскіх, Марыі Грахольскай у фальварку Севярыны (конны завод, малочная ферма, фруктовы сад у 5 дзесяцін у 1915 г.) і Астрапольскім маёнтку Патоцкіх (прагрэсуючая зерневая гаспадарка ў 1868—1871 гг.) у Ноўгарад-Валынскім павеце [46, л. 3 зв. — 57; 47, л. 1 зв. — 8; 48, л. 1 зв. — 5 зв.]. Заўважым датычна апошняга, што сітуацыя гаспадарчага поспеху адпавядае высокай якасці бухгалтарскага ўліку ў маёнтку. Тыпу ж адпавядае гаспадарка Сямёна Гіжыцкага ў Гарадніцкай лясной дачы (12 тыс. дзес., 1893 г.) Ноўгарад-Валынскага павета [49, л. 1 зв. — 10]. Да тыпу і належала гаспадарка Г. А. Скірмунта ў маёнтку Моладава Кобрынскага павета, з матэрыялаў якога захаваўся толькі адзін дакумент [5, л. 1—7]. Сапраўды, да тыпу е дакументы дазваляюць аднесці гаспадаранне ў Чачэрскім маёнтку графіні Соф’і Чарнышовай-Безабразавай [36, л. 11—22 зв.], хоць яшчэ ў 1847 г. маёнтак (першы маярат у Расійскай імперыі з 5 лютага 1774 г.) атрымліваў даходы пераважна ад прамысловай дзейнасці [35, л. 22.]. Тып гаспадарання г, што затым пераходзіць да тыпу е, фіксуецца ў маёнтках Прывітаўка і Рэчыца (Пінскі павет), якія належалі Цярлецкім [53, л. 1—19; 54, л. 1—2 зв.].

Многія гаспадаркі (Радзівілаў, Вітгінштэйнаў — Гогенлоэ, Паскевічаў, Горватаў, Еленскіх, Цярэшчанка) матэрыялы фамільных архіваў дазваляюць разглядзець больш сістэмна і цэласна. Сярод валоданняў ардынацкай лініі князёў Радзівілаў асаблівую цікавасць прадстаўляюць менавіта маёнткі ў рэгіёне Палесся. Гэта Олыцкая ардынацыя на поўдні Луцкага (Цуманьскі ключ) і поўначы Дубенскага паветаў Валынскай губерні, фальваркі Манькавічы, Альмяны і Вялікія Арлы ў Пінскім павеце; маёнтак Дзяніскавічы на поўдні Слуцкага павета з Клецкай ардынацыі; Давыд-Гарадоцкая ардынацыя ў Мазырскім і Пінскім паветах (яна не заўжды ўключала ў свой склад маёнткі Радзівілаў у Пінскім павеце); некаторыя маёнткі і лясніцтвы на поўдні Слуцкага павета з Нясвіжскай ардынацыі.

У 1513 г. Олыка стала ўласнасцю Радзівілаў. Заўважана, што асноўныя рысы гаспадаркі ў ардынацыі склаліся ў XVIII ст. — яе можна аднесці да тыпу а. З падрабязнай прыходна-расходнай ведамасці па Олыцкай ардынацыі за 1850 г. выяўляецца, што менавіта чынш ад шляхты (пасэсары Казакевічы і Капраўкевіч) складаў 72 % паступленняў [24, л. 178 зв., 215]. Гэтая гаспадарка, што адлюстроўваюць прыходна-расходныя касавыя кнігі 1864 — 1873 гг., пасля 1861 г. схілілася да тыпу к пры некаторым зруху з 1870-х гг. да тыпу м-ж [9, л. 28—49 зв.; 11, л. 1 зв. — 38]. Асноўную крыніцу даходаў утварала арэнднае трыманне фальваркаў і прамысловых прадпрыемстваў (ад 1/3 да 3/5 агульнага даходу па ардынацыі). З 1865 па 1873 г. агульныя даходы лясніцтва выраслі болей як у 2,5 разы і пачалі складаць значную частку ад усіх паступленняў ардынацыі. Заўважана, што справаздачнасць па лясной касе была больш дакладная. Чысты даход за 1867—1873 гг. узрос у 15,7 разоў, дзякуючы росту прадажы дрэва ў 3,2 разы, а таксама росту паступленняў ад здачы ў арэнду лясных паш у 2 разы [10, л. 1 зв. — 11 зв.]. Безумоўна, лясная галіна была самай прагрэсуючай у гаспадарчай практыцы Олыцкай ардынацыі. Таму стала выключным значэнне лясной адміністрацыі, у ведамства якой былі перададзены ўсе гаспадарчыя справы ардынацыі.

Давыд-Гарадоцкая ардынацыя ўяўляла сабой суцэльную паласу, што цягнулася ад р. Прыпяць (на поўначы) да мяжы з Валынскай губерняй (на поўдні) уздоўж рэк Гарынь, Маства, Сцвіга, і ўключала 3 акругі: Давыд-Гарадоцкую, Манькавічскую, Альмянскую [19, л. 5]. Цэнтр упраўлення ардынацыяй знаходзіўся ў с. Манькавічы. Выяўлена пазямельная ведамасць ардынацыі канца ХІХ ст.: толькі ў Мазырскім павеце было 126,5 тыс. дзес., але 73 % плошчы складалі няўдобіцы [6, л. 1 зв. — 2]. З квітанцый сялян маёнтка Вялікія Арлы па выплаце чыншу бачна, што ў Давыд-Гарадоцкай ардынацыі, прынамсі ў 1850-я гг., назіралася тое ж ачыншаванне прыгонных павіннасцей, якое было ў Олыцкай ардынацыі, хоць у абмежаваных маштабах захоўвалася і паншчына [12, л. 489—498]. У цэлым гаспадаранне ардынацыі адпавядала тыпу к з цягаценнем да тыпу е. Досыць хутка гаспадарка занепадала: зніклі піўны бровар і сад, у 1870 г. пасевы ў чатырох фальварках (Давід-Гарадок, Манькавічы, Вялікія Арлы, Высокае) складалі 283,1 дзесяціны, а ў 1877 г. засявалася ўсяго 33,85 дзесяціны [8, л. 6, 259—259 зв.; 23, л. 52]. Апошняе адбывалася нягледзячы на ўвядзенне ў гаспадарчую практыку новых сродкаў вытворчасці (малацілка ў фальварку Вялікія Арлы ў 1865 г., двуконная сеялка, конныя граблі Говарда ў фальварку Манькавічы ў 1873 г.) [8, л. 1—3; 13, л. 2]. Вельмі нізкай яшчэ ў 1870-я гг. была ўраджайнасць: у 1870 г. сярэдні ўраджай зерневых па 4-х фальварках эканоміі складаў усяго сам-1,9, а на землях, што апрацоўваліся іздольна, — сам-1 [22, л. 141]. Эканамічныяй кнігі па фальварках Давід-Гарадок, Лізовічы, Добрынь за 1869—1870 гг. сведчаць, што болей за 2/3 пасеваў у іх апрацоўваліся сялянамі на 1/3. Да 1903 г. пасевы скараціліся ў 2 разы [7, л. 18; 22, л. 6—7].

Вядома, што гаспадарка эканоміі ў межах Нясвіжскай і Клецкай ардынацый існавала толькі ў Альбе, Цімкавічах і Радзівілмонтах. Пры гэтых жа фальварках знаходзіліся вінакурні, даход ад якіх скараціўся за 1912—1914 гг. аж у 7 разоў (з 90,5 да 12,9 тыс. руб.) [14, л. 4 зв.; 15, л. 1 зв. — 16]. У цэлым у найбольшай ступені выяўляецца залежнасць даходаў ад паступленняў ад лясной гаспадаркі, досыць хісткіх з году ў год. Напрыклад, у ліпені 1881 г. павераны ў справах Радзівілаў пісаў аб атрыманні за цякучы гаспадарчы год усяго 4360 руб. даходаў ад продажу дрэва з-за таго, што да Беліцы была пракладзена чыгунка і адтуль «у Прусы» сталі шмат вывозіць дрэва з лясоў князя Вітгінштэйна, з чым сплаў радзівілаўскага лесу па рэках не мог канкурыраваць [20, л. 9 зв.]. Гаспадарчыя выдаткі па лясніцтвам былі нязначныя, і гаспадарку можна аднесці да тыпу е. Выключнае значэнне ў павелічэнні лясных даходаў Радзівілаў мела чыгуначная лінія «Ганцавічы — Дзяніскавічы» (уведзена ў эксплуатацыю ў снежні 1910 г. У 1913 і 1914 гг. абарот лініі дасягаў амаль 1 млн пудоў лесаматэрыялаў у год. Ажыццяўленне маштабных капіталаўкладанняў змусіла Альбрэхта Радзівіла ўзяць крэдыт у 430 тыс. руб. у Віленскім і Маскоўскім банках, у той час як усе яго даходы ў гаспадарчым 1913/1914 г. складалі 350 тыс. руб. [15, л. 2].

Прынята лічыць, што землеўладанне Вітгінштэйна ахоплівала да 1,2—1,3 млн дзесяцін з 40—120 тыс. душамі сялян («Энцыклапедыя гісторыі Беларусі». Т. 2). З крыніц вядома, што князю П. Л. Вітгінштэйну (сакавік 1863 г.) належала ў колішняй Радзівілаўскай спадчыне 1, 18 млн. дзесяцін, і палову гэтай плошчы займалі лясы, да 80 тыс. дзесяцін — балоты [16, л. 44]. Супастаўляючы, можна ўбачыць у ім другога, пасля графа С. А. Строганава з яго 1,5 млн дзесяцін латыфундыста ў Расіі [1, с. 385]. Гаспадаранне латыфундыі Вітгінштэйна адпавядала тыпу а. Так, ліст паверанага ў справах князя да генерал-губернатара ў Вільні ад 27 чэрвеня 1863 г. сведчыць: «Все имения князя Витгинштейна, за исключением лесных дач, состоят в арендном содержании и безотчетном административном управлении», «…доходы от других статей едва покрывали подати в нормальном их размере» [17, л. 18 зв. — 19]. Характэрна, што менавіта арандатары першымі (з данясення аднаго з эканомаў Вітгінштэйну ў 1857 г.) пачалі вынішчэнне лясоў у маёнтках [25, л. 354—360].

Пасля 1861 г. дадзенае гаспадаранне ў цэлым захоўвала характар тыпу а, але з тэндэнцыяй развіцця да тыпу е. На 1888 г. даходы ад арэнды фальваркаў, млыноў, участкаў зямлі, дробных прадпрыемстваў складалі 50,6 % агульнага даходу маёнткаў Гогенлоэ (625,4 тыс. руб.), затое даходы ад продажу лесу — ўжо 49,4 %. У той жа час выдаткаў было на 1/5 больш (742, 2 тыс. руб.), чым даходаў, з якіх выдаткі на ўтрыманне вотчыннай адміністрацыі складалі 1/3, іншыя ж — розныя неэканамічныя расходы князя [26, л. 6 зв. — 9 зв.]. Пашыранай з’явай былі нядоімкі па плацяжах арандатараў. Яшчэ ў 1865 г. галоўнаўпраўляючы Мельхіор Івашкевіч напісаў П. Л. Вітгінштэйну ў Парыж аб тым, што адзіным выйсцем з фінансавых цяжкасцей князя з’яўляецца «пашыраная рубка лясоў» на 150—300 тыс. дзесяцін [18, л. 1—2 зв.]. З перапіскі лясной адміністрацыі князя вынікае, што ў 1863 г. рэзка ўзраслі аб’ёмы лясной вырубкі, хоць яшчэ ў 1860 г. галоўнай задачай лясной адміністрацыі было задавальненне ўнутранных патрэб маёнткаў Вітгінштэйна [21, л. 18—19, 166—168.]. У 1888 г. лес даваў да 308 тыс. руб. даходу і быў «ужо спустошаным» на больш чым 500 тыс. дзесяцін [26, л. 5].

Пасля смерці П. Л. Вітгінштэйна (1887) яго землеўладанне адышло да княгіні Марыі Львоўны Гогенлоэ. Наўрад ці яе варта лічыць «маці ляснога бума» ў заходняй частцы Расійскай імперыі, як тое робіцца часам у публіцыстыцы, бо, як паказана вышэй, у асноўным лясныя багацці былі вычарпаны яшчэ папярэднікам. Падобнага вынішчэння лясоў трымаліся найбуйнейшыя ў Расіі землеўласнікі-дваране на Урале [45, с. 29—30]. М. Гогенлоэ, а затым яе муж імперскі канцлер Германіі князь Хлодвіг Гогенлоэ-Шылінгфюрст і іх дзеці дзеля спадчыны Вітгінштэйна не змянілі германскае падданства на расійскае і абавязаны былі (па закону 1887 г.) да красавіка 1893 г. прадаць землі. Затым расійскі ўрад двойчы працягваў гэты тэрмін — да 1903 г. За гэты час гаспадарчая практыка набыла выразныя рысы тыпу д. Для ўласнікаў была толькі адна мэта: «…деньги получить как можно скорее» [27, л. 27 зв.]. Таму кошты на зямлю, асабліва на Палессі, былі вельмі нізкія. Так, найбуйнейшыя маёнткі на Палессі (Лахва, Ленін, Юрэвічы, інш.) набыў за бясцэнак у сярэдзіне 1890-х гг. стацкі саветнік С. Ф. Агаркаў — лесапрамысловец. Аб гэтым напісаў, напрыклад, у свой час Антон Кеневіч у сваіх успамінах («Nad Prypecią, dawno temu…»).

Род Паскевічаў не належаў да сямей старадаўняй арыстакратычнай знаці, а сваім ўзвышэннем быў абавязаны вайсковаму і службоваму поспеху І. Ф. Паскевіча-Эрыванскага. Між тым сярод найбольш значных памешчыкаў Расійскай імперыі яго сын — князь Ф. І. Паскевіч — з 20 380 душамі займаў 6-ю пазіцыю [3, с. 64]. Па рэформе 1861 г. сяляне Гомельскай вотчыны атрымалі 143,1 тыс. дзесяцін — 54,2 % ад агульнай плошчы ў 264,1 тыс. дзесяцін. Назіралася і надалей (1867—1873) скарачэнне зямельнай плошчы вотчыны (да 121, а затым і 106, 6 тыс. дзес.), сярод угоддзяў якой усё большую ўдзельную вагу набывалі лясы (60 % плошчы) [38, л. 2 зв. — 40]. На мяжы 1870—1880-х гг. гаспадарка Гомельскай вотчыны прыйшла да вострага крызісу. Звыш за 112 тыс. руб. склала запазычанасць вотчыне розных асоб, найперш арандатараў і пакупнікоў зямлі і лесу ў вотчыне. Вотчына сама мела запазычанасць на 92,3 тыс. руб. [40, л. 5—46]. У 1877 г. справа дайшла нават да спагнання нядоімкі па дзяржаўных падатках (2,8 тыс. руб.) праз паліцыю. Спыніў працу цукровы завод у Гомелі, які не вытрымліваў канкурэнцыі на рынку [39, л. 27—27 зв., 112].

Выхад з крызіснай сітуацыі быў ўласнікам знойдзены: апроч меліярацыі за дзяржаўны кошт, былі зроблены істотныя капіталаўкладанні ў прамысловую дзейнасць і лясную гаспадарку. Нельга адмовіць князю ў праяўленні яркіх прадпрымальніцкіх здольнасцей. Так, у снежні 1896 г. па ініцыятыве менавіта князя, якому давялося пераадольваць нерашучасць свайго галоўнаўпраўляючага (той баяўся адсутнасці заказаў для арміі), ва ўрочышчы Глушэц быў арганізаваны сенапрэсавальны завод, які ў 1905 г. пастаўляў да 155 тыс. пудоў сена інтэнданцтву [41, л. 7 зв. — 88]. Як вынік, ужо ў 1913/1914 гаспадарчым годзе прыбытак Гомельскага вотчыннага лясніцтва складаў 400,9 тыс. руб., а валавы даход — 559,65 тыс. руб., або каля 80 % ад усіх даходаў [42, л. 1—14 зв.]. Лясная гаспадарка Гомельскай вотчыны была не толькі галоўнай галіной гаспадарання, але яшчэ і самай дынамічнай, рэнтабельнай. Пралічана, што ў 1913—1914 гг. рэнтабельнасць Гомельскага лясніцтва складала 71,6 % і некалькі прырасла ў адносінах да 1912—1913 гг. (71,4 %) ад продажу лясных матэрыялаў і павышэння кошту на іх (у параўнанні ж з пачаткам ХХ ст. — амаль у 2 разы). У той жа час лясная гаспадарка самой эканоміі захавалася толькі ў двух фальварках (Багуслаўскім і Новікаўскім). Даволі актуальнай была праблема карумпаванасці: амаль палова прыбытку скрадалася вотчыннай адміністрацыяй [2].

Горваты лічыліся выхадцамі з Сербіі або Харватыі. Матэрыялы дазваляюць цэльна прасачыць гаспадаранне толькі ў маёнтку Нароўля. З ведамасці 1900 г. вынікае, што валавы даход складаў 8,27 тыс. руб.; ад арэнды сялянамі ўгоддзяў — 16 % усіх даходаў, гаспадарка эканоміі давала 44,2 %, а выдаткі складалі 4,7 тыс. руб. [28, л. 13—16 зв.]. Вядома, што ў 1877 г. у Артура Горвата, апроч вінакурні, былі млын, цагельны завод, бандарная майстэрня, разводзіліся свінні і птушка, але пасевы складалі ўсяго 30 дзес., з якіх увесь ураджай ішоў на ўнутраннае спажыванне маёнтка [29, л. 26—37 зв.]. Агульную сітуацыю як бы адлюстроўвае няўдалы вопыт гаспадарання ў маёнтку ў 1876—1877 гг. арандатара Франца Кеневіча і латышскай калоніі ў фальварку Каралін: балоцістая мясцовасць была знішчальнай для гаспадаркі [30, л. 1—18 зв.]. У 1910 г. Эдвард Артуравіч Горват арганізаваў (па прапанове Паўднёва-Рускага таварыства сельскіх гаспадароў) невялікі Міхноўскі сенапрэсавальны завод і ажыццяўляў пастаўкі (50 тыс. пудоў на 17 тыс. руб.) сена Кіеўскай ваеннай акрузе [32, л. 57—144]. Вялікі даход меў уласнік і ад гандлю лесам, але мізэрную частку накіроўваў на гаспадарчыя патрэбы і пры гэтым меў нядоімку па падатках. Лясны гандаль моцна залежаў ад выпадковых кантрактаў: з 1891 па 1899 гг. па 10 дамовах з 7 лесапрамыслоўцамі было прададзена не менш за 140 тыс. дрэў на суму ў 300 тыс. руб. Пры гэтым заўжды у дамовах фігуравала, услед за вызначэннем аб’ёмаў лесанарыхтоўкі, агаворка «…и более, сколько будет вырублено» [31, л. 1—44 зв.]. Такім чынам, у найбольшай ступені гаспадарка Горватаў адпавядала тыпу e.

Выразным чынам адлюстроўваецца заняпад памешчыцкай гаспадаркі на прыкладзе Яленскіх. Вядома, што Напалеону Яленскаму належала ў Рэчыцкім павеце ў 1858 г. 34 маёнткі з 65 вёскамі і 5691 рэвізскай душой [33, л. 19—20 зв.]. Пры эксплуатацыі сваіх сялян ён ігнараваў усе інвентарныя нормы. У той жа час умовы мясцовасці былі выключна цяжкімі, сяляне часта галадалі пасля неўраджаяў, як тое мела месца, напрыклад, у 1863—1864 гг. Вядома, што Н. Еленскі ашукваў не толькі сваіх сялян, але і прадпрымальнікаў-габрэяў. У выніку з-за накопленай запазычанасці (яшчэ ў 1844 г. Еленскія былі прызнаны банкрутамі) амаль усе маёнткі былі прададзены з публічных таргоў у 1875 г. [34, л. 1]. Дадзеную гаспадарку ёсць усе падставы аднесці да тыпу г.

Заснавальнікам заможнай сям’і цукразаводчыкаў Цярэшчанка быў купец Арцёмій Якаўлевіч з с. Локаць Глухаўскага павета Чарнігаўскай губерні. Яго сын Мікалай разбагацеў падчас Крымскай вайны: ён падрадзіўся, не без злоўжыванняў, на пастаўку пораху з Шосткінскага завода ў армію. З 1861 г. М. Цярэшчанка разам з братамі Фёдарам і Сямёнам пачаў скупаць маёнткі. У 1870 г. яны атрымалі спадчыннае дваранства. У пачатку 1880-х гг. Андрушэўскі і Чэрвонскі заводы ў Жытомірскім павеце ўваходзілі ў чацвёрку найбуйнейшых цукровых заводаў імперыі. Несумненна, гаспадарка іх належала да тыпу і. На фоне іншых прадпрыемстваў «Таварыства братоў Цярэшчанка» цукровыя заводы ў Жытомірскім павеце адрозніваліся адноснай інтэнсіўнасцю, чаму ў немалой ступені «спрыяла» дрэнная якасць сыравіны [51, л. 1 зв. — 4]. Цукровыя заводы былі засяроджаннем гаспадарчага жыцця двух буйных маёнткаў Фёдара Цярэшчанкі: Каравінецкага (16,6 тыс. дзес., 9 эканомій) і Чэрвонскага (16,2 тыс. дзес., 17 эканомій) [43, с. 4]. Гаспадаранне ў эканоміях, што паказальна, засяроджвалася ў больш спрыяльным паўднёвым Чэрвонскім маёнтку. Наадварот — у паўночным Каравінецкім маёнтку 59 % плошчы займаў лес, а з планаў бачна, што сядзібы ў маёнтку былі аддалены ад раскіданых і цераспалосных угоддзяў. Там не хапала ворыва і пад яго распрацоўваліся сухадольныя сенакосы. У многіх эканоміях заставалася трохполле [43, с. 4, 17]. Пры Ф. Цярэшчанку ў Каравінецкім маёнтку трохполле было распаўсюджана на 80 %, у Чэрвонскім — на 64 % поля, а 7/10 ворыва здавалася ў арэнду сялянам [50, л. 43 зв. —46]. Пры ненадзейнасці паставак сыравіны сяляне Цярэшчанкі не здолелі стварыць уласнай сыравіннай базы. Але нават у абмежаваных маштабах (738 дзес. у 1889 г.) іх плантацыі цукровых буракоў разам з зерневай гаспадаркай былі важнейшым лакальным цэнтрам вытворчасці і прыцягнення рабочай сілы на Палессі (штогод болей 500 чал.) [43, с. 77].

Цікавай прадстаўляецца мадэль арганізацыі менеджменту ў маёнтках Ф. Цярэшчанкі. Так, для Каравінецкага і Чэрвонскага маёнткаў мелася агульная кантора ўпраўлення (яна знаходзілася ў апошнім), якая, у сваю чаргу, падпарадкоўвалася галоўнай канторы ў Кіеве. Вялася строгая і разгалінаваная (табелі рабочых, падзёншчыкаў, нарад працам, прыходаў і расходаў, інш.) бухгалтарская справаздачнаць [43, с. 35—36]. Нават продаж і набыццё ўсіх тавараў у маёнтках павінна была санкцыянаваць менавіта Галоўная кантора ў Кіеве [51, л. 10]. Пры нашчадках Ф. Цярэшчанкі магчымасці манапольна атрымоўваемага прыбытку спыніў прагрэс у палявой гаспадарцы іх маёнткаў. Бюджэтная ведамасць па Галоўнаму ўпраўленню за 1911 г. паказвае, што менавіта цукровыя заводы прыносілі ў Каравінецкім і Чэрвонскім маёнтках 50—74 % даходаў уласнікам, у той час як у Каравінецкай эканоміі ўласная гаспадарка ўжо адсутнічала. Характэрна, што выдаткі (1,34 млн руб.) у 3 разы пераўзыходзілі даходы (436,8 тыс. руб.) менавіта з-за асабістых расходаў дзяцей Ф. А. Цярэшчанкі (Фёдара, Надзеі і Наталлі) і Надзеі Уладзіміраўны Хлопавай (другой яго жонкі) — 1,06 млн руб., без якіх бы гаспадарка мела рэнтабельнасць у 53 % [52, л. 1 зв. — 10]. Па «інерцыі» ад часоў Фёдара Арцем’евіча гаспадарка захоўвала яшчэ паступальны рух, але нельга гаварыць ужо аб прадпрымальніках — яго нашчадках. Ад тыпу і гаспадарка схілілася да тыпу л яшчэ з пераўтварэннем Ф. Цярэшчанкі ў буйнога латыфундыста (1880—1890-я гг.). Затым, пры яго нашчадках, назіраўся дрэйф гаспадаркі да тыпу к.

Наша даследаванне дазваляе канстатаваць, што найбольш тыповай для буйных маёнткаў палескага рэгіёна з’явай была эвалюцыя гаспадарання ад пераважнага атрымання даходу ад пасэсараў да пераважнага атрымання даходу ад нерацыянальнай эксплуатацыі лясных багаццяў. Арэнднае трыманне зямлі як сялянамі, так і, за некаторым выключэннем, пасэсарамі вяло (на прыкладзе гаспадарак Радзівілаў, П. Л. Вітгінштэйна, Ф. І. Паскевіча) да гаспадарчага ўпадку. Характэрна, што тыя ж працэсы у цэлым характарызавалі і маёнткі Патоцкіх у Падольскай губерні, дзе глебы — не раўня палескім — былі сапраўды добрымі [4, с. 134].

Выяўлены працэс «урастання» маёнткаў на Палессі ў капіталістычную паўсядзённасць. Разгледжаныя прыклады сведчаць, што ва ўмовах капіталізму ў палескім рэгіёне ўстойлівы гаспадарчы поспех асобным памешчыкам забяспечылі менавіта доўгатэрміновыя капіталаўкладанні ў прамысловасць і лясную гаспадарку, меліярацыю і шляхі камунікацый. Арганізацыя ж гаспадаркі ўзрастаючага тыпу вытворчасці ў адсталай аграрнай супольнасці Расійскай імперыі сутыкалася найперш з праблемай дэфіцыту капіталу, назапашванню якога перашкаджала адсутнасць розных неабходных умоў (інвестыцый, тэхнікі і тэхналогій, ведаў, кваліфікаванай рабочай сілы, спрыяльных геаграфічных умоў). Заўважым, што рэгіянальныя асаблівасці рабілі ўмовы гаспадарання на Палессі яшчэ менш спрыяльнымі, таму вопыт гаспадарання ў маёнтках краю мае асаблівую каштоўнасць.

Литература

1. Анфимов, А. М. Крупное помещичье хозяйство Европейской России. (Конец XIX — начало ХХ века) / А. М. Анфимов. М. : Наука, 1969. 396 с.
2. Кахновіч, В. А. Матэрыялы «вотчынных архіваў» Беларусі як крыніца для вывучэння эканамічнага развіцця панскай гаспадаркі ў другой пал. ХІХ — пач. ХХ ст. / В. А. Кахновіч // Архівы і справаводства. 2008. № 6. С. 108—113.
3. Ливен, Доминик. Аристократия в Европе. 1815—1914 / Доминик Ливен; пер. с англ. под ред. М. А. Шерешевской. СПб. : Академический проект, 2000. 364 с.
4. Лобко, О. О. Посесія у Російській імперії (на прикладі оренди землі в Теплицько-Бубновецько-Ситковецькому маєтку родини Потоцьких, серед. ХІХ — початок ХХ ст.) / О. О. Лобко // Проблеми історії України ХІХ — початку ХХ ст. / Ін-т історії України НАН України. Вип. ХІV. 2008. С. 125—138.
5. Нацыянальны гістарычны архів Беларусі ў Гродна. Ф. 1325 (Павераны ў справах памешчыка Г. Скірмунта). Воп. 1. Спр. 1 — Копии податных свидетельств на имение Молодово на 1 августа 1887 г.
6. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (НГАБ). Ф. 694 (Радзівілы). Воп. 2. Спр. 1949 — Ведомости имений, составляющих Давид-Городоцкую ординацию кн. Радзивиллов. Конец ХІХ ст.
7. НГАБ. Ф. 694. Воп. 2. Спр. 1955 — Описание Давид-Городоцкой ординации в 1903—1904 гг.
8. НГАБ. Ф. 694. Воп. 2. Спр. 2196 — Давид-Городоцкая ординация. Приказы Главного управления имениями. 1815—1913 гг.
9. НГАБ. Ф. 694. Воп. 2. Спр. 6018 — Приходно-расходные кассовые книги. Имение Олыка. 1844—1866 гг.
10. НГАБ. Ф. 694. Воп. 2. Спр. 6022 — Олыцкое лесничество: приходно-расходная кассовая книга. 1867—1868 гг.
11. НГАБ. Ф. 694. Воп. 2. Спр. 6029 — Олыцкая ординация: приходно-расходная книга за 1872—1873 гг.
12. НГАБ. Ф. 694. Воп. 2. Спр. 6068 — Приходно-расходные книги учета зерна, др. Имение Великие Орлы. 1858—1875 гг.
13. НГАБ. Ф. 694. Воп. 2. Спр. 6078 — Инвентарное описание фольварка Великие Орлы Давид-Городоцкая ординация кн. Льва Радзивилла. 11 апреля 1865 г.
14. НГАБ. Ф. 694. Воп. 2. Спр. 10655 — Касса расходов и приходов кн. Юрия Радзивилла. 1911—1912.
15. НГАБ. Ф. 694. Воп. 2. Спр. 10666 — Главная касса Несвижской, Клецкой ординации и владений кн. Юрия Радзивилла. 1913—1914 гг.
16. НГАБ. Ф. 694. Воп. 3. Спр. 796 — Циркуляры губернаторов Виленского, Ковенского, Гроденского, Минского. Протоколы поверочных комиссий. Доклады о ходе выкупной операции, Управление кн. П. Л. Витгинштейна. 1863—1871 гг.
17. НГАБ. Ф. 694. Воп. 3. Спр. 803 — Прошения и переписка Управления с Виленским и Минским губернаторами о 10 %-м сборе контрибуции с дохода от земель, что находятся в пользовании дворян. 1863 г.
18. НГАБ. Ф. 694. Воп. 3. Спр. 836 — Проект организации лотереи в имениях кн. Витгинштейна. 1865 г.
19. НГАБ. Ф. 694. Воп. 3. Спр. 1122 — Административный устав Несвижской ординации. Начало ХІХ ст.
20. НГАБ. Ф. 694. Воп. 3. Спр. 1153 — Сообщения о имениях и государственные запросы. 1901—1903 гг.
21. НГАБ. Ф. 694. Воп. 3. Спр. 2014 — Переписка о выделке товарного леса, рапорты, др. 1858—1868 гг.
22. НГАБ. Ф. 694. Воп. 3. Спр. 2251 — Давид-Городоцкая ординация. Балансы расходов-приходов, рапорты, др. 1870—1871 гг.
23. НГАБ. Ф. 694. Воп. 7. Спр. 270 — Отчеты о состоянии Давид-Городоцкой ординации, оценка стоимости имений. 1740—1913 гг.
24. НГАБ. Ф. 694. Воп. 7. Спр. 383 — Доклады и сведения о имениях Несвиж и Олыка и стеклянной фабрике в имении Олыка. 1854 г.
25. НГАБ. Ф. 694. Воп. 7. Спр. 567 — Письма администраторов кн. Витгинштейна. 1857—1863 гг.
26. НГАБ. Ф. 694. Воп. 15. Спр. 3 — Записка помощника главного администратора имений К. Милевича о состоянии наследственных ценностей, оставшихся после смерти кн. П. Л. Витгинштейна. 1889 г.
27. НГАБ. Ф. 694. Воп. 15. Спр. 12 — Переписка управляющего П. К. Кнорре с разными лицами по вопросам ликвидации имений. 1900—1902 гг. 28. НГАБ. Ф. 986 (Горваты). Воп. 1. Спр. 17 — Ведомость расчетов с батраками. 1900 г.
29. НГАБ. Ф. 986. Воп. 1. Спр. 43 — Инвентарь фольварка Наровля. 1877—1910 гг.
30. НГАБ. Ф. 986. Воп. 1. Спр. 44 — Дело о невыполнении Ф. Ю. Кеневичем контракта на аренду фольварка Наровля Речицкого уезда. 1877—1878 гг.
31. НГАБ. Ф. 986. Воп. 1. Спр. 47 — Контракты с купцами на продажу леса из имений Наровля и Головчицы Речицкого уезда. 1877—1898 гг.
32. НГАБ. Ф. 986. Воп. 1. Спр. 66 — Ведомости, счета, др. по экономии Наровля. 1906—1914 гг.
33. НГАБ. Ф. 1636 (Яленскі). Воп. 1. Спр. 44 — Список имений в Мозырском уезде. 1858 г.
34. НГАБ. Ф. 1636. Воп. 1. Спр. 115 — Сообщение Волынской учетной палаты о задолженности Еленских. 1873—1877 гг.
35. НГАБ. Ф. 2461 (Чачэрская вотчынная кантора). Воп. 1. Спр. 1 — Ведомости о денежных суммах и разные документы об экономии, денежные недоимки, сообщения о доходе Чечерского имения, о выдаче жалования, др. 1847 г.
36. НГАБ. Ф. 3030 (Чачэрскі маёнтак графіні Чарнышовай-Безабразавай). Воп. 1. Спр. 1а — Описание лесов имения Чечерск гр. С. И. Чернышевой-Безобразовой. 1910 г.
37. НГАБ. Ф. 3013 (Гомельскае вотчыннае ўпраўленне Паскевічаў). Воп. 1. Спр. 462 — О запасных и оставшихся у крестьян землях в деревнях Гомельского имения. 1863—1864 гг.
38. НГАБ. Ф. 3013. Воп. 1. Спр. 626 — Поземельные ведомости Гомельского имения по 1—3-му участкам. 1867—1883 гг.
39. НГАБ. Ф. 3013. Воп. 1. Спр. 774 — Книга для записи протоколов и постановлений по Гомельскому имению. Октябрь 1874 — июнь 1882 г.
40. НГАБ. Ф. 3013. Воп. 1. Спр. 1114 — Опись наличного имущества вотчинного управления Гомельского имения кн. Паскевича на 1 апреля 1883 г.
41. НГАБ. Ф. 3013. Воп. 1. Спр. 1662 — Дело об открытии Глушецкого сенопрессовального завода. 1896—1906 гг.
42. НГАБ. Ф. 3013. Воп. 1. Спр. 2414 — Бухгалтерский отчет Гомельского имения за 1913—1914 гг.
43. Описание имений наследников Ф. А. Терещенко. Киев : Тип. Петра Барского, 1900. 91 с.
44. Поткина, И. В. История предпринимательства в ХХ веке: становление научной дисциплины / И. В. Поткина // Отечественная история. 2000. № 2. С. 124—134.
45. Сапоговская, Л. В. «Старые» владельцы уральских горнозаводских округов второй пол. ХХ — начала ХХ в.: опыт хозяйствования / Л. В. Сапоговская // Вопросы истории. 2006. № 3. С. 19—34.
46. Центральний дэржавний історічни архів (Київ) (ЦДІАК). Ф. 49 (Потоцькіє). Воп. 3. Спр. 234 — Приходно-расходная книга кассы Остропольского им. Новгород-Волынського уезда. 1868 г.
47. ЦДІАК. Ф. 49. Воп. 3. Спр. 237 — Приходно-расходная книга Остропольского им. Новгород-Волынского уезда Волинськой губ. 1871 г.
48. ЦДІАК. Ф. 239 (Грохольскіє). Воп. 1. Спр. 75 — Опис рухомого майна в маєтку М. та Я. Серечиньских Северини Вороб’ївсьскої вол. Новгород-Волинского пов. Волинської губ. 1915 р.
49. ЦДІАК. Ф. 249 (Гіжицькіє). Воп. 1. Спр. 15 — Описание Городницкой лесной дачи Семена Гижицкого. 1893 г.
50. ЦДІАК. Ф. 830 (Терещенко). Воп. 1. Спр. 370 — Правила ведения делопроизводства и хозяйства в имениях и заводах Терещенко Ф. А. 1886—1887 гг.
51. ЦДІАК. Ф. 830. Воп. 1. Спр. 834 — Описание заводов и имений Терещенко Н. А. и наследников Ф. А. Терещенко. 1894—1903 гг.
52. ЦДІАК. Ф. 830. Воп. 1. Спр. 978 — Счет прибыли и убытка имений, заводов и контор наследников Терещенко Ф. А. за 1911 г.
53. ЦДІАК. Ф. 2216 (Терлецькіє). Воп. 1. Спр. 37 — Трактати Терлецького з купцамі та підрядчиками на поруб и продаж лису в маєтках у с. Річиця і Привітівка Пінського пов. Брестського воєводства. 1759—1891 рр.
54. ЦДІАК. Ф. 2216. Воп. 1. Спр. 79 — Матеріали (відомість, плани земель) про сплату викупних платежів та викуп земель селянами с. Привітівка Пінського пов. Мінської губ. бувшими кріпаками Франца Терлецького. 1864—1868 рр.
55. Шумпетер, Йозеф. Теория экономического развития. (Исследование предпринимательской прибыли, капитала, кредита, процента и цикла конъюнктуры) / Йозеф Шумпетер / редкол.: Н. Н. Иноземцев, В. С. Афанасьев, В. В. Голосов [и др.]. М. : Прогресс. 1982. 456 с.

Наверх

Tags: , ,

Comments are closed.

-->