Электронная версия белорусского научного исторического журнала “Российские и славянские исследования”

Главная

О журнале

Правила публикации статей

Новый номер!


У. Ф. Ладысеў, П. І. Брыгадзін. Паміж Усходам і Захадам: Станаўленне дзяржаўнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі (1917—1939 гг.). Мінск, 2003

Каваленя А. А., Даніловіч В. В.

А. А. Каваленя, дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі, доктар гістарычных навук, прафесар,
В. В. Даніловіч, намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт

У наш час, калі Беларусь стала сапраўды незалежнай дзяржавай, узрасла цікавасць да праблемы палітычна-дзяржаўнага вызначэння беларускага народа. Станаўленне ж дзяржаўнасці Беларусі і фарміраванне яе тэрыторыі праходзілі ў выключна складаных гістарычных абставінах. Таму дадзеная праблема, безумоўна, патрабуе грунтоўнага навуковага разгляду і аб’ектыўнага аналізу.

Манаграфічнае даследаванне У. Ф. Ладысева і П. І. Брыгадзіна якраз і адпавядае гэтай патрэбе. Яно прысвечана малавядомым старонкам нашага нядаўняга мінулага. Аўтары звярнуліся да праблемы дзяржаўнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі ў складаны перыяд яе гісторыі, калі завяршаўся працэс этнапалітычнай кансалідацыі беларускай нацыі. У выніку навукоўцамі быў праведзены глыбокі і абгрунтаваны аналіз гістарычных падзей гэтага перыяду з выкарыстаннем мноства раней невядомых дакументальных крыніц з архіваў Беларусі, Польшчы, Расіі і Украіны. Акрамя таго, праблема станаўлення дзяржаўнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі ў 1917—1939 гг. разгледжана даследчыкамі ў кантэксце геапалітычных інтарэсаў Усходу і Захаду.

У першым раздзеле кнігі — «Беларускі нацыянальны рух у перыяд лютага — кастрычніка 1917 г.» — падрабязна прасочваецца складаны працэс узнікнення і развіцця беларускіх палітычных партый і арганізацый, даследуецца працэс фарміравання ідэі нацыянальнага самавызначэння ў беларускім грамадстве і яе эвалюцыя. Аўтары слушна адзначаюць, што на дадзеным этапе ў беларускай грамадска-палітычнай думцы пераважала ідэя нацыянальнай дзяржаўнасці ў форме шырокай аўтаноміі ў складзе Расіі. На грунце гэтай ідэі праходзіла кансалідацыя беларускага нацыянальна-вызваленчага руху. У той жа час на працэсе яго развіцця негатыўна адбіўся нізкі стан нацыянальнай свядомасці большасці беларусаў, ігнараванне беларускага пытання з боку Часовага ўрада Расіі, а таксама рэвалюцыйнай апазіцыі ў выглядзе бальшавіцкай партыі. Не ўдалося сумясціць у рамках адзінага нацыянальнага каардынуючага цэнтра эвалюцыйны і радыкальны напрамкі беларускага нацыянальнага руху. Грунтоўны аналіз, зроблены аўтарамі, пераканаўча сведчыць, што бальшавікі імкнуліся падтрымаць левыя плыні ў беларускім нацыянальным руху, каб накіраваць яго ў рэчышча рэвалюцыйнай барацьбы, і непрыязна ставіліся да беларускай нацыянальнай ідэі. Таксама негатыўна адносіліся да гэтай лёсавызначальнай ідэі і меншавікі з эсэрамі. Але збліжэння пазіцый і практычных дзеянняў у беларускіх нацыянальных леварадыкальных партыях з РСДРП(б) не адбылося з-за недастатковай выніковасці дзеянняў Беларускага нацыянальнага камітэта. Яны праходзілі ў рэчышчы палітыкі Часовага ўрада і сутыкаліся з вялікадзяржаўным засіллем на Беларусі, правадніком якога былі мясцовыя арганізацыі ўсерасійскіх партый і групоўкі, што стаялі на пазіцыях заходнерусізму.

У другім раздзеле працы — «Працэс фарміравання дзяржаўнасці Беларусі пасля кастрычніцкіх падзей 1917 г.» — навукоўцы ўважліва і крытычна разглядаюць падзеі, звязаныя з самавызначэннем Беларусі ў першыя месяцы пасля ўсталявання Савецкай улады. Даследчыкі асэнсоўваюць ход, рашэнні і вынікі І Усебеларускага з’езда, які засведчыў пачатак усведамлення беларускім народам сваіх палітычных інтарэсаў, а таксама дзейнасць устаноў БНР. У выніку аўтары робяць пераканаўчую выснову, што ў беларускім нацыянальным руху на гэтым этапе ўсё большую ролю адыгрываў знешнепалітычны фактар. Развіццё падзей было дэтэрмінавана асаблівым геапалітычным становішчам Беларусі, якая апынулася ў фокусе знешнепалітычных і тэрытарыяльных інтарэсаў Германіі, Савецкай Расіі, а пазней і Польшчы. Значную ролю адыгрывала незавершанасць фарміравання беларускай нацыі, слабасць яе пазіцый у свеце. Аўтары выразна акрэсліваюць два напрамкі ў беларускім нацыянальным руху: леварадыкальны, які выяўляў настрой асноўнай масы насельніцтва і імкнуўся да самавызначэння Беларусі ў складзе РСФСР на савецкай аснове; нацыянальна-дэмакратычны, які выступаў за стварэнне незалежнай беларускай дзяржавы. Прыведзеныя ў манаграфіі крыніцы паказваюць, што сацыяльная база, на якой магла грунтавацца ідэя дзяржаўнасці Беларусі, была даволі вузкая. На гэта рабілі акцэнт у практычнай дзейнасці кіраўнікі Паўночна-Заходняга абласнога камітэта РКП (б) і Аблвыкамзаха, якія адмаўлялі неабходнасць стварэння беларускай дзяржаўнасці. Пасля разгону бальшавікамі І Усебеларускага з’езда кіраўніцтва беларускага нацыянальнага руху спадзявалася рэалізаваць планы адраджэння беларускай дзяржаўнасці з дапамогай Германіі, якая пазіцыянавала сябе абаронцай прыгнечаных народаў Расіі. Аднак Германія, маючы свае карысныя інтарэсы ў Беларусі, не пайшла на прызнанне незалежнасці БНР. Тым не менш неаспрэчнай з’яўляецца выснова навукоўцаў, што сам факт утварэння БНР паставіў пытанне аб праве беларускай нацыі на самавызначэнне. Абвяшчэнне БНР, дзейнасць яе ўрадавых структур сталі першымі крокамі на шляху да дзяржаўнасці Беларусі. БНР была дзяржаўным утварэннем у стадыі фарміравання. Абвяшчэнне незалежнасці БНР садзейнічала актывізацыі беларускага дзяржаваўтваральнага працэсу на савецкай аснове, які стаў рэальнасцю пасля вызвалення тэрыторыі Беларусі ад германскіх войск.

У трэцім раздзеле манаграфіі — «Беларуская дзяржаўнасць на савецкай аснове» — скрупулёзна прасочваецца пазіцыя кіраўніцтва Савецкай Расіі ў беларускім пытанні і ўтварэнні Сацыялістычнай совецкай рэспублікі Беларусь, а таксама раскол беларускага адраджэнскага руху ў час польска-савецкай вайны. Даследчыкі аргументавана сцвярджаюць, што рашэнне аб прызначэнні беларускага савецкага ўрада прымалася не ў Беларусі, а ў Маскве, якая пагадзілася на абвяшчэнне ССРБ, зыходзячы не з права беларускага народа на самавызначэнне, а з бягучых палітычных меркаванняў. Таму невыпадкова валюнтарысцкім шляхам вызначалася і тэрыторыя ССРБ. Гэта праявілася ў адарванні ад ССРБ Магілёўскай, Віцебскай і Смаленскай губерняў і ўключэнні іх у склад РСФСР, у перадачы Літве Віленскай і Гродзенскай губерняў. Але ў канчатковым выніку, як сцвярджаюць аўтары, стварэнне ССРБ стала непасрэдным вынікам працяглай і ўпартай барацьбы левага крыла беларускага нацыянальна-вызваленчага руху. Станаўленне ССРБ праходзіла ва ўмовах канфрантацыі РСФСР з толькі што адроджанай Польшчай, якая адразу ж заявіла «гістарычныя правы» на этнічныя беларускія землі. Асэнсоўваючы падзеі польска-савецкай вайны, іх уплыў на практычнае ажыццяўленне беларускай нацыянальнай ідэі, аўтары сцвярджаюць, што польская ваенная інтэрвенцыя паскорыла раскол у беларускім адраджэнскім руху. Пасля вайны беларускае пытанне трывала выйшла на міжнародную арэну. Нельга не пагадзіцца з навукоўцамі, што пасля заключэння Рыжскага міра вырашэнне беларускай тэрытарыяльнай праблемы заганялася ўглыб, супярэчыла аб’ектыўнаму працэсу развіцця нашай нацыі, дзяржаўнаўтваральным працэсам, якія адбываліся ў краінах Усходняй Еўропы. Аднак, нягледзячы на тэрытарыяльныя страты, была ўтворана і юрыдычна прызнана міжнароднай супольнасцю беларуская савецкая дзяржаўнасць.

Чацвёрты раздзел кнігі — «Аднаўленне тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі» — асвятляе крокі савецкіх улад і вядомых беларускіх дзеячаў на шляху тэрытарыяльнага пашырэння БССР, вяртання ёй усходніх беларускіх этнічных зямель, што стала магчымым з утварэннем на дэклараваных прынцыпах федэратыўнасці і роўнасці саюзнай дзяржавы — СССР. Заслугоўвае ўвагі выснова даследчыкаў, што пашырэнне тэрыторыі БССР праходзіла пры адсутнасці выразнай ініцыятывы знізу, без масавай падтрымкі мясцовага насельніцтва і нават пры моцным супрацьдзеянні мясцовых улад. Але мэтанакіраваная дзейнасць нацыянальна арыентаванай часткі кіраўніцтва БССР дазволіла паспяхова вырашыць гэту праблему, што стала важным этапам у складаным працэсе аб’яднання беларускай нацыі, значна павялічыла вагу БССР у эканоміцы і грамадска-палітычным жыцці СССР, а таксама яе міжнародны аўтарытэт. У. Ф. Ладысеў і П. І. Брыгадзін слушна адзначаюць, што па сваёй значнасці тэрытарыяльнае ўзбуйненне БССР у 1924 і 1926 гг. стаіць у адным шэрагу з абвяшчэннем беларускай дзяржаўнасці.

Пяты раздзел працы — «На завяршаючым этапе кансалідацыі беларускай нацыі» — прысвечаны аналізу беларускага пытання ў Заходняй Беларусі, якая трапіла ў склад Польшчы. Значная ўвага ў ім адведзена адлюстраванню намаганняў мясцовых патрыётаў па ўз’яднанню заходнебеларускіх зямель з БССР. Нельга не пагадзіцца з думкай аўтараў, што прыняты амаль усімі тагачаснымі польскімі ўрадамі тэзіс аб адмаўленні існавання беларусаў як палітычнага фактару, аказаўся згубным для польскай дзяржавы. Гэта яскрава выявілася ў падзеях верасня 1939 г. Далучэнне Заходняй Беларусі да БССР адбылося ў абставінах змяніўшайся геапалітычнай сітуацыі ў Еўропе, у сувязі з падзеямі Другой сусветнай вайны. Большасцю насельніцтва краю гэта акцыя была ўспрынята як аднаўленне гістарычнай справядлівасці. Аднак навукоўцы абгрунтавана адзначаюць складанасць і, у многіх выпадках, трагічнасць для дзесяткаў тысяч людзей аб’яднальнага працэсу беларускага народа, які на працягу дваццаці гадоў функцыянаваў у рамках дыяметральна супрацьлеглых сацыяльна-палітычных сістэм. Разам з тым даследчыкі справядліва канстатуюць, што далучэнне Заходняй Беларусі да БССР адпавядала жыццёвым інтарэсам беларускага народа і садзейнічала кансалідацыі беларускай нацыі. Аднак і пасля гэтага этнічная тэрыторыя Беларусі станавілася «разменнай манетай» у рэалізацыі палітычных планаў кіраўніцтва СССР. Нельга не пагадзіцца і з абагульняючай высновай аўтараў, што менавіта БССР як нацыянальна-дзяржаўнае ўтварэнне ў складзе СССР стала цэнтрам, вакол якога збіраліся этнічныя беларускія землі на Усходзе і Захадзе, з’явілася апорнай канструкцыяй беларускай нацыі.

Безумоўнай заслугай аўтараў грунтоўнага даследавання з’яўляецца не шаблоннае, а ўзважанае стаўленне да складаных пытанняў станаўлення беларускай дзяржаўнасці. Навукоўцы перагледзелі мноства існаваўшых раней у беларускай гістарыяграфіі штампаў адносна падзей станаўлення беларускай дзяржаўнасці. Вынікі гэтага сур’ёзнага даследавання дазваляюць больш поўна ўявіць і асэнсаваць неадназначныя падзеі і працэсы станаўлення беларускай дзяржаўнасці ў 1917—1939 гг., разгледзець шэраг спрэчных пытанняў таго часу ў кантэксце геапалітычных інтарэсаў суседніх краін, звярнуць увагу на праблемы, якія да сённяшняга часу не знайшлі адпаведнага адлюстравання ў гістарычнай літаратуры.

Выданне лагічна дапаўняе грунтоўны інфармацыйна-даведачны матэрыял у выглядзе дадатку, які ўключае біяграфічныя даведкі аб 41 палітычным дзеячы Беларусі, звязаным з падзеямі станаўлення беларускай дзяржаўнасці ў 1917—1939 гг., і 40 цікавых, у асноўным упершыню апублікаваных архіўных крыніц, на аснове якіх чытачы могуць зрабіць уласныя высновы аб гістарычных падзеях разглядаемага перыяду. Навуковай каштоўнасцю працы з’яўляюцца змешчаныя ў дадатку дакументы і матэрыялы. Відавочна, манаграфія У. Ф. Ладысева і П. І. Брыгадзіна — прыклад комплекснага даследавання адной са складаных праблем беларускай гісторыі. Іх праца з’яўляецца каштоўным укладам у беларускую гістарыяграфію.

Наверх

Tags: , , , ,

Comments are closed.

-->