Электронная версия белорусского научного исторического журнала “Российские и славянские исследования”

Главная

О журнале

Правила публикации статей

Новый номер!


Wojciech Śleszyński. Bezpieczeństwo wewnętrzne w polityce państwa polskiego na ziemiach północno-wschodnich II Rzeczypospolitej. Warszawa, Instytut Studiów Politycznych PAN, Instytut Historii Uniwersytetu w Białymstoku, Oficyna Wydawnicza Rytm, 2007. 400 s.

Польскі гісторык В. Сляшыньскі — аўтар некалькіх кніжак, прысвечаных гісторыі Беласточчыны ў пачатковы перыяд Другой сусветнай вайны (1939—1941 гг.), канцэнтрацыйнага лагера ў Бярозе Картузскай, барацьбе польскіх улад з беларускім дыверсійным рухам. У яго новай рабоце «Унутраная бяспека ў палітыцы польскай дзяржавы на паўночна-ўсходніх землях II Рэспублікі» зроблена спроба паглядзець на падзеі не з пункта гледжання нацыянальных меншасцей, а з пазіцыі афіційных польскіх дзяржаўных улад. Мэта аўтара — прадстаўленне палітычных і арганізацыйных праблем службы бяспекі і характарыстыка паэтапных змен у стане ўнутранай бяспекі ў 1919—1939 гг.

Даследаванне складаецца з уводзін, трох частак, якія маюць асобныя раздзелы, эпілога, заканчэння, паказчыка крыніц і літаратуры. Асобна хацелася б адзначыць крыніцы, на падставе якіх напісана манаграфія. Яны паходзяць са шматлікіх архіваў, аддзелаў рукапісаў бібліятэк на тэрыторыі Польшчы і ў Лондане, Літоўскага цэнтральнага дзяржаўнага архіва, Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, дзяржаўных архіваў Брэсцкай, Гродзенскай і Мінскай абласцей. Не менш прадстаўнічым выглядае і спіс выкарыстанай літаратуры.

В. Сляшыньскі дае тлумачэнне выкарыстанай тэрміналогіі («унутраная бяспека», «дыверсія», «антыдзяржаўная дзейнасць», «паўночна-ўсходнія землі II Рэспублікі»). Манаграфія пабудавана на праблемна-храналагічным прынцыпе і складаецца з трох частак. Першая прысвечана разгляду палітычных канцэпцый польскіх улад па пытанні ўнутранай бяспекі ў 1919—1939 гг., якая разумеецца як бачанне будучага палітычна-прававога и нацыянальна-этнічнага ладу дзяржавы.

У другой частцы — «Фарміраванне адміністрацыйных структур і апарату бяспекі на паўночна-ўсходніх землях II Рэспублікі» — прадстаўлены этапы фарміравання польскай адміністрацыі і змены ў яе структуры, паказана роля мясцовых органаў, а таксама дзяржаўнай паліцыі і войска.

Трэцяя глава «Рэалізацыя асноў дзяржаўнай палітыкі і дзейнасць апарату бяспекі на паўночна-ўсходніх землях II Рэспублікі» раскрывае чарговыя этапы дзейнасці службы бяспекі па рэалізацыі палітычных канцэпцый. Тут вызначаюцца этапы нацыянальнай палітыкі, праблемы асветы, рэлігіі, абазначана канцэпцыя асадніцтва, ахарактарызавана дзейнасць грамадска-палітычных арганізацый і тых устаноў, якія іх кантралявалі.

Апошнюю частку састаўляе эпілог «У час выпрабавання — захаванне ўнутранай бяспекі ў верасні 1939 г.». Сляшыньскі паказвае прыгатаванне да ўзброеных аперацый, апісвае стан бяспекі ў першыя дні вайны. Аўтар адзначае, што характэрнай рысай гэтага перыяду быў адносны спакой на паўночна-ўсходніх землях да 17 верасня 1939 г. і выразная актывізацыя антыпольскіх груповак пасля ўступлення войск Чырвонай Арміі.

Правёўшы даследаванне, аўтар вылучыў пяць этапаў фарміравання палітыкі ўнутранай бяспекі і арганізацыі службы бяспекі на паўночна-ўсходніх тэрыторыях. Першы прыйшоўся на 1919—1920 гг. — час фарміравання польскай дзяржаўнасці і барацьбы паміж федэралісцкай і інкарпарацыйнай канцэпцыямі. Другі этап (1921—1925) быў найбольш складаным з пункту гледжання задач унутранай бяспекі. Важную ролю адыгрываў знешні фактар у выглядзе бальшавіцкай Расіі і Літоўскай Рэспублікі, што прывяло да пошуку аптымальнай палітычнай канцэпцыі, фарміравання дзяржаўнай структуры ўлады і рэарганізацыі службы бяспекі ў бок пасілення ролі ваяводскіх і павятовых органаў.

Трэці этап — 1926—1929 гг. — характарызуецца пераасэнсаваннем палітычнага жыцця, што было звязана як з унутраным (дзяржаўны пераварот Ю. Пілсудскага), так і знешнім (змена ў палітыцы СССР) фактарамі. Аднак спадзяванні прадстаўнікоў нацыянальных меншасцей на перамены да лепшага не спраўдзіліся. Улады па-ранейшаму рабілі акцэнт на эканамічных і культурных патрабаваннях польскага насельніцтва. Гэта прывяло да таго, што ў 1930—1934 гг. (чацвёрты этап) яны ўвогуле перасталі шукаць паразумення з прадстаўнікамі нацыянальных меншасцей.

Пачатак пятага этапа звязваецца з прыняццем Канстытуцыі 1935 г. і смерцю Пілсудскага. Унутраная палітыка дзяржавы стала больш жорсткай, а стаўленне да апанентаў усё больш нецярплівым. Пра гэта сведчыць актывізацыя паланізацыйных працэсаў у 1935—1939 гг. Важную ролю ў гэтым адыграў эканамічны фактар, бо з другой паловы 1930-х гг. на паўночна-ўсходніх землях пачаў назірацца невялікі, але ўстойлівы эканамічны рост. Акрамя гэтага, роспуск у 1938 г. Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі прывёў да змяншэння колькасці антыдзяржаўных груп на гэтых землях. Сітуацыя кардынальна змянілася ў пачатку Другой сусветнай вайны, асабліва пасля ўступлення Чырвонай Арміі, што прывяло польскія ўлады да разумення, што яны так і не стварылі дзяржаву, якая была б прываблівай для нацыянальных меншасцей.

У заключэнне хацелася б адзначыць высокі навуковы ўзрост даследавання В. Сляшыньскага, якое прадстаўляецца вельмі ўзважаным і аб’ектыўна адлюстроўваючым сітуацыю на паўночна-ўсходняй тэрыторыі польскай дзяржавы ў міжваенны перыяд.

Л.А. Козік

Tags: , ,

Comments are closed.

-->