Электронная версия белорусского научного исторического журнала “Российские и славянские исследования”

Главная

О журнале

Правила публикации статей

Новый номер!


Wolfgang Curilla. Die deutsche Ordnungspolizei und der Holocaust im Baltikum und in Weissrussland 1941—1944

/ Ferdinand Schöningh : Paderborn; München; Wien; Zürich : 2006. 1041 s.

Аўтар працы «Германская паліцыя парадку і халакост у Прыбалтыцы і на Беларусі» Вольфганг Курыла, юрыст па адукацыі, які з канца 1970-х і да пачатку 1990-х гг. выконваў абавязкі сенатара ў магістраце свабоднага горада Гамбурга. У пачатку 2006 г. выйшла ў свет яго грунтоўная праца, прысвечаная ахвярам Халакосту на тэрыторыі Прыбалтыкі і Беларусі ў 1941—1944 гг.

Пачынаючы сваё даследаванне, якое складаецца з трох частак (Ч. І: Асновы і перадумовы, S. 23—124; Ч. ІІ: Дзеянні, S. 125—836; Ч. ІІІ: Злачынцы, S. 837—944), нямецкі аўтар вызначае наступную мэту — паглыбіць веды аб гісторыі Халакосту, выканаўцамі якога на тэрыторыі Прыбалтыкі і Беларусі з’яўляліся канкрэтныя падраздзяленні германскай паліцыі парадку.

Навуковы характар працы вызначаецца вылучэннем спецыяльных даследчыцкіх праблем: 1) ці лічацца ўсе факты забойстваў яўрэяў, асабліва на перыферыйным (да рэйха) узроўні, праявамі халакосту; 2) ці з’яўлялася паліцыя парадку толькі дапаможнай сілай для паліцыі бяспекі і службы бяспекі (СД) пры акцыях вынішчэння; 3) ці выконвала паліцыя парадку ролю толькі тых, хто шляхам выгнання яўрэяў з іх дамоў і нясення службы ў ачапленні забяспечваў правядзенне масавых катаванняў яўрэяў? Апрача таго, аўтар дае адказы і на такія пытанні: паліцыя парадку толькі далучалася да правядзення акцый, або праводзіла самастойна расстрэлы (без удзелу паліцыі бяспекі і СД)? У працы беларускі чытач знойдзе адказы і на пытанні аб агульнай колькасці паліцыі парадку, якая ўдзельнічала ў Халакосце: складала паліцыя парадку пры выкананні пакаранняў толькі дзесятую частку, трэць ці можа палову ад тых злачынцаў, хто знішчаў яўрэяў? Аўтар адразу ж зазначае, што адказ на гэтыя патанні дае пераканаўчыя доказы аб удзеле паліцыі парадку ў масавых забойствах яўрэйскага і іншага насельніцтва.

Прадметам даследавання В. Курыла ў першую чаргу вылучае гісторыю пераследу і вынішчэння яўрэяў. Закранаюцца і іншыя групы мясцовага насельніцтва, якое стала ахвярай злачыннай дзейнасці германскай паліцыі парадку. З улікам асабліва значных страт, панесеных не толькі яўрэямі, нямецкі даследчык лічыць, што нельга забываць пра іншых ахвяр масавага генацыду на акупаванай савецкай тэрыторыі (S. 22).

У беларускага чытача інтарэс выкліча другая частка працы, у якой паказана злачынная дзейнасць 17 асобных (у тым ліку рэзервовых) паліцэйскіх батальёнаў (13, 32, 69, 91, 131, 306—310, 313, 315—317, 320, 322, 323), двух паліцэйскіх палкоў (26, 34), двух конных падраздзяленняў паліцыі і рэзервовай роты «Нюрнберг» — удзельнікаў злачынстваў у дачыненні да яўрэяў на акупаванай тэрыторыі Беларусі.

Важнай адметнасцю даследавання В. Курыла з’яўляецца выкарыстанне вялікай колькасці розных, у тым ліку унікальных дакументальных матэрыялаў, сярод якіх: арыгінальныя дакументы; дзённікі баявых дзеянняў асобных паліцэйскіх батальёнаў, зводкі паведамленняў, загады і справаздачы розных падраздзяленняў; а таксам дзённікі ахвяр і ўспаміны відавочцаў; афіцыйныя прысуды і неапублікаваныя судовыя абвінавачванні; пратаколы допытаў; падрыхтоўчыя следчыя матэрыялы і судовыя рашэнні; пасляваенныя судовыя працэсы, аснову якіх апрача дакументальных доказаў складалі тысячы асабістых сведчанняў ахвяр, злачынцаў і відавочцаў; навуковыя крыніцы; працы гісторыкаў і тых, хто спецыяльна займаецца праблемамі Халакосту і рэгіянальнай гісторыяй на прыкладзе Прыбалтыкі і Беларусі. Пры гэтым нямецкі даследчык зазначае, што «ў асобных выпадках адсутнічаюць патрэбныя дакументы», часам быў неабходны пошук «дадатковых крыніц». Паводле перакананняў В.Курылы, «дакументы нельга выкарыстоўваць некрытычна» у дачыненні да раскрыцця злачыннай дзейнасці кожнага падраздзялення ахоўнай паліцыі, паліцыі бяспекі, службы бяспекі, а таксама вайсковых часцей вермахта і часцей СС (S. 18).

Асаблівую важнасць працы надае статыстычны матэрыял, які паказвае канкрэтныя факты ўдзелу германскай паліцыі парадку ў злачынствах на акупаванай усходняй тэрыторыі, у тым ліку ў Беларусі. Паводле падлікаў В.Курылы атрымліваецца, што з удзелам толькі паліцыі парадку на акупаванай тэрыторыі СССР была знішчана наступная колькасць яўрэяў: у Прыбалтыцы — амаль 270 тыс., з яякіх каля 35 % — з удзелам падраздзяленняў паліцыі парадку; у Беларусі — ад 500 да 550 тыс., з якіх амаль 300 тыс., ці 57 % (самы вялікі паказчык. — С. Н.) — з удзелам паліцыі парадку; ва Усходняй Галіцыі — 530 тыс., з іх 260 тыс., ці 49,3 % — з удзелам паліцыі парадку; у Украіне, дзе агульная лічба яўрэйскіх ахвяр складае 900 тыс., на долю немцаў прыпадае каля 650 тыс., з якіх 300 тыс., ці 46,5 % прыпадае на паліцыю парадку, астатнія 250 тыс. — на часці румынскай арміі і паліцыі; у Расіі — 107 тыс., з якіх 17153 яўрэяў былі вынішчаны паліцыяй парадку (S. 827—836).

Агульнае знаёмства з працай В. Курылы пераконвае ў тым, што грунтоўнае даследаванне мае высокую навуковую значнасць, ўзбагачае не толькі германскую, але і беларускую гістарыяграфію новымі арыгінальнымі дакументамі, унікальнымі фактамі і абгрунтаванымі высновамі. У той жа час праца ставіць перад айчыннымі гісторыкамі задачу па крытычным аналізе як маштабных падзей, фактаў і лічбаў Халакосту, так і малавядомых аспектаў гісторыі Беларусі перыяду Вялікай Айчыннай вайны.

С. Я. Новікаў (МДЛУ)

Tags: , ,

Comments are closed.

-->