З успамінаў і перапіскі старшыні польскай дэлегацыі на Рыжскай мірнай канферэнцыі Я. Домбскага аб тайных перагаворах са старшынёй расійска-ўкраінскай дэлегацыі А. А. Іофе наконт мяжы паміж Польшчай і Беларуссю
Апублікаваныя ў савецкай і постсавецкай гісторыка-дакументальнай літаратуры матэрыялы змяшчаюць даволі мала звестак аб ходзе савецка-польскіх мірных перагавораў у Мінску і Рызе па пытаннях усталявання польскай усходняй мяжы, у тым ліку мяжы паміж Беларуссю і Польшчай1. Па сённяшні дзень не апублікаваны цалкам пратаколы гэтых перагавораў. Шырэй гэта пытанне адлюстравана ў польскай гістарычнай і мемуарнай літаратуры. Шэраг членаў польскай дэлегацыі, уключаючы яе старшыню Яна Домбскага, пакінулі ўспаміны пра мірныя перагаворы, якія паявіліся ўжо ў пачатку 1930-х гг. (у прыватнасці, Станіслаў Грабскі і Аляксандар Ладось)2.
Чытачу прапануюцца вытрымкі з успамінаў і перапіскі старшыні польскай дэлегацыі на Рыжскай мірнай канферэнцыі Я. Домбскага аб тайных перагаворах са старшынёй расійска-ўкраінскай дэлегацыі Адольфам Абрамавічам Іофе наконт мяжы паміж Польшчай і Беларуссю, якія змешчаны ў кнізе Я. Домбскага «Рыжскі мір. Успаміны, перагаворы, тайныя дамовы з Іофе, лісты з 15 ілюстрацыямі і 1 мапай», што выйшла ў Варшаве ў 1931 г. у сувязі з 10-й гадавінай Рыжскага мірнага дагавора. Кніга Я.Домбскага не перакладзена ні на беларускую, ні на рускую мовы. Урыўкі з яе змешчаны ў выданні зборніка дакументаў і матэрыялаў «Беларусь у палітыцы суседніх і заходніх дзяржаў». Т. 1 (1 жніўня 1914 г. — 18 сакавіка 1921 г), які падрыхтаваны да публікацыі беларускімі гісторыкамі, але яшчэ не выйшаў з друку.
У прыведзеных матэрыялах гаворыцца пра падвойныя (паралельныя афіцыйным дыскусіям на пленарных пасяджэннях і пасяджэннях Галоўнай камісіі) і тайныя перагаворы паміж Я. Домбскім і А. Іофе, якія, па словах Я. Домбскага, прапанаваў праводзіць А. Іофе для вырашэння найбольш важных і спрэчных спраў. Паводле Я. Домбскага, першая канфідэнцыяльная канферэнцыя з А. Іофе адбылася 1 кастрычніка 1920 г. у прысутнасці сакратароў дэлегацый: А. Ладася з польскага і І. Лорэнца з савецкага бакоў. Потым адбыліся яшчэ чатыры такія размовы, пакуль пытанне аб усходняй мяжы Польшчы і іншыя спрэчныя пытанні не былі канчаткова вырашаны (дак. № 1).
Цікава, што на факт правядзення Я. Домбскім тайных перагавораў з кіраўніком расійска-ўкраінскай дэлегацыі адмоўна рэагаваў польскі міністр замежных спраў Е. Сапега і польскія нацыянальныя партыі, аб чым Е. Сапега пісаў Я. Домбскаму ў лісце ад 10 кастрычніка 1920 г., дзе казаў, што Савет абароны дзяржавы не даваў апошняму пазітыўных інструкцый у гэтых адносінах. Міністр замежных спраў таксама лічыў, што Я. Домбскі паспяшыў з падпісаннем прэлімінарнага мірнага дагавора з Савецкай Расіяй, у выніку чаго гэты дагавор мае недахопы з пункту гледжання інтарэсаў Польшчы3.
У пачатку кастрычніка сярод польскай дэлегацыі адбылася грунтоўная дыскусія над канчатковым удакладненнем усходняй мяжы Польшчы. Як адзначае Я. Домбскі: «Пасля доўгіх дэбатаў, нарэшце, згадзіліся на лінію мяжы, пададзеную старшынёй польскай дэлегацыі ў другой канфідэнцыйнай размове старшыні расійскай дэлегацыі, г. зн. на памежную лінію Збруч, Роўна, Сарны, Лунінец, на захад ад Мінска, Вілейка, Дзісна да Дзвіны» (дак. № 1). Ён таксама канстатаваў, што сярод польскай дэлегацыі былі вельмі значныя разыходжанні ў пазіцыях. Некалькі членаў дэлегацыі выступілі за федэратыўнае вырашэнне, але гэтую думку не падзяляла большасць членаў дэлегацыі. Далей польскі дыпламат піша: «Адносна мяжы на паўночным адрэзку ўзнікла пытанне, уключаць Мінск у Польшчу ці не. Думкі падзяліліся з прычыны розных пазіцый па беларускім пытанні. Пры галасаванні большасць дэлегатаў выказалася за тое, каб пакінуць Мінск па-за межамі Польшчы» (дак. № 1).
Пра рознагалоссі сярод членаў польскай мірнай дэлегацыі наконт таго, ці ўключаць у тэрытарыяльныя патрабаванні Мінск і Мінскую губерню, пісаў таксама С. Грабскі. Ён абгрунтоўваў сваю адмоўную пазіцыю па гэтым пытанні тым, што пераважна праваслаўнае насельніцтва гэтай тэрыторыі складала б чужародную масу ў польскай дзяржаве, якую было б цяжка асіміліраваць4.
На канфідэнцыяльным пасяджэнні старшынь дэлегацый 2 кастрычніка Я. Домбскі ўдакладніў лінію праходжання мяжы, паводле якой лінія Роўна, Сарны, Лунінец, Баранавічы павінна была б цалкам належаць Польшчы і быць забяспечана пасам па меншай меры ад 30 да 40 км на ўсход. Далей на поўнач мяжа ішла б уздоўж мяжы Вілейскага і Дзісненскага паветаў так, каб Польшча атрымала калідор і агульную мяжу з Латвіяй. На пытанне А. Іофе, дзе больш-менш павінна была б праходзіць мяжа пад Мінскам, ён згадаў Койданава, як прапанаваны памежны пункт (дак. № 1). Як вядома, Койданава заставалася памежным пунктам паміж Беларуссю і Польшчай да 1939 г.
У лісце Я. Домбскага міністру замежных спраў Польшчы Е. Сапегу, датаваным сярэдзінай снежня 1920 г., гаварылася аб перагаворах з А. Іофе па пытанні рэктыфікацыі мяжы паміж Польшчай і Беларуссю. А. А. Іофе пагаджаўся ўступіць «частку або цэлую Тураўскую пушчу», а таксама «прызнаць за Польшчай больш за тое, што ёсць у прэлімінарным трактаце, яшчэ каля 3000 кв. вёрст» (дак. № 2).
У лісце Я. Домбскага старшыні Савета Міністраў Польшчы В. Вітосу ад 8 лютага 1921 г. гаварылася аб тэрытарыяльных уступках з боку А. Іофе. Як піша Я. Домбскі: «Масква згадзілася на аддачу Польшчы яшчэ трох тысяч квадратных вёрстаў. Гэтыя тэрытарыяльныя ўступкі дадзены перш за ўсё на Палессі, у сувязі з чым польская лінія мяжы даходзіла б да Турава, аднак Тураў застаўся б у расійскіх руках». Расійская дыпламатыя таксама пагаджалася аддаць Польшчы Радашковічы, Батурын і ахову для берагоў Віліі (дак. № 3). Чаму савецкае кіраўніцтва, волю якога выконваў А. Іофе, праяўляла гатоўнасць да значных тэрытарыяльных уступак? Паводле сакратара польскай дэлегацыі А. Ладося, у беларускім пытанні «былі адкрытыя розныя магчымасці і рашэнне залежала амаль выключна ад волі польскай дэлегацыі, бо Саветы пад націскам ваенных дзеянняў былі гатовыя на любыя ўступкі»5.
У апошнім дакуменце падборкі, лісце Я. Домбскага міністру замежных спраў Е. Сапегу ад 9 сакавіка 1921 г., звярталася ўвага на новы паварот у расійскай пазіцыі на перагаворах, які заключаўся ў тым, што расійскія дыпламаты падкрэслівалі факт агульнай мяжы паміж РСФСР і Польшчай, «паколькі Беларуская Рэспубліка ахоплівае толькі 6 паветаў Мінскай губерні». У сувязі з гэтым Я. Домбскі не бачыў для Польшчы небяспекі, калі б у арт. ІІ дагавора было б сказана, што Польшча мяжуе з Украінай, Беларуссю і Расіяй. Ён нават прадбачыў пазітыўныя наступствы ад гэтага ў будучым, калі далей пісаў: «Такая формула магла б нам нават калісьці ў будучыні спатрэбіцца. Савецкая Украіна і Беларусь — гэта фікцыі, створаныя бальшавікамі для маскіравання іх агульнасавецкага імперыялізму. Бальшавікі, магчыма, маюць намер калісьці ліквідаваць гэтыя ўкраінскія і беларускія фікцыі. У выпадку ж знішчэння незалежнасці Украіны і Беларусі і ліквідацыі саміх іх назваў наша мяжа павісла б нібы ў паветры. Адзіным трывалым быў бы адрэзак, які мяжуе з Расіяй, які потым можна было б аўтаматычна падоўжыць на поўдзень, бо Расія была б, несумненна, тады спадкаемцам Беларусі і Украіны. Маю ўражанне, што апошняя бальшавіцкая прапанова можа змяшчаць у сабе менавіта прадказанне ліквідацыі Беларусі, якую бальшавікі ў лісце Квірынга звялі да смешных памераў» (дак. № 4).
Прыведеныя дакументы з’яўляюцца яшчэ адным відавочным сведчаннем таго, як цэнтральная расійска-савецкая дыпламатыя літаральна гандлявала беларускімі тэрыторыямі ў інтарэсах захавання бальшавіцкай улады падчас цяжкіх і складаных мірных перагавораў з Польшчай. Шырэйшы комплекс дакументаў і матэрыялаў па гэтым пытанні прадстаўлены ва ўжо згаданым выданні «Беларусь у палітыцы суседніх і заходніх дзяржаў». Т. 1 (1 жніўня 1914 г. — 18 сакавіка 1921г).
Складальнік і аўтар каментарыяў прафесар кафедры міжнародных адносін БДУ, доктар гістарычных навук У. Е. Снапкоўскі. Пераклад прыведзеных тэкстаў з польскай мовы на беларускую выкананы А. В. Кузьмічом і У. Е. Снапкоўскім.
№ 1. З КНІГІ СТАРШЫНІ ПОЛЬСКАЙ ДЭЛЕГАЦЫІ НА РЫЖСКАЙ МІРНАЙ КАНФЕРЭНЦЫІ Я. ДОМБСКАГА6 АБ ТАЙНЫХ ПЕРАГАВОРАХ СА СТАРШЫНЁЙ РАСІЙСКА-ЎКРАІНСКАЙ ДЭЛЕГАЦЫІ А. А. ІОФЕ7 Ў ПАЧАТКУ КАСТРЫЧНІКА 1920 г.
Падвойныя перагаворы
Паколькі працы над прэлімінарным мірным трактатам ішлі вельмі павольна не толькі на пленарных канферэнцыях, але нават на галоўнай камісіі, Іофе на канфідэнцыйных пасяджэннях старшынь дэлегацый прапанаваў іншую сістэму працы, а менавіта вырашэнне найбольш важных і спрэчных спраў на канфідэнцыйных канферэнцыях старшынь, пасля чаго гэтыя справы павінны былі дэталёва фармулявацца на адпаведных камісіях.
Першая такая канфідэнцыйная размова з Іофе адбылася 1 кастрычніка 1920 г. у прысутнасці сакратароў, п. Ладося8 з польскага, і п. Лорэнца9 з расійскага боку. Затым адбыліся далейшыя чатыры размовы аж да поўнага паразумення ў справе ўсходняй мяжы Польшчы і іншых спрэчных пытаннях.
…[На пасяджэнні галоўнай камісіі 4 кастрычніка Домбскі казаў]:
…У той час, калі ў праекце, складзеным на першым пасяджэнні галоўнай камісіі, расійская дэлегацыя сапраўды назвала памежную лінію, але пра мяжу паміж Польшчай і Расіяй не кажа, затое патрабуе прызнання Польшчай палітычнага ладу, які Савецкая Расія ўсталявала на беларускіх і ўкраінскіх землях.
…Польская Рэч Паспалітая шмат разоў заяўляла, што прызнае права кожнага народа самастойна вырашаць свой лёс. Аднак яна не можа прызнаць сапраўдным і свабодным волевыяўленнем народа ўладу, навязаную сілай расійскіх савецкіх войскаў, забяспечанай прызначанымі з Масквы камісарамі, якія неаднаразова фігуруюць перш-наперш як упаўнаважаныя Савецкай Расіі, а потым фігуруюць як прадстаўнікі волі мясцовага насельніцтва.
Пад гэтым вылучэннем расійскай дэлегацыяй нібыта самастойных, а на самай справе цалкам залежных ад Савецкай Расіі савецкіх тэрытарыяльных арганізацый, калі гаворка ідзе пра дзяржаўную мяжу, пры адначасовай размове толькі аб расійскіх войсках, калі гаворка ідзе пра перамір’е, выразна крыецца жаданне замаскіравацца пад новай формай былых захопаў.
І сапраўды, тая ж Савецкая Беларусь не мае ніякіх аб’ектыўных рысаў самастойнасці і дзяржаўнай незалежнасці. Па меншай меры таксама выклікае сумнеў, ці такія рысы мае і Савецкая Украіна.
Не магу тут не згадаць, што паводле ўласных заяў урада Расійскіх Саветаў, зробленых перад намі ў Мінску, справа адносін паміж Савецкай Расіяй і Савецкай Украінай яшчэ не вызначана. Таксама нельга не заўважыць, што Савецкая Расія распарадзілася Віленскай і Гродзенскай землямі, дзе несумненна пражывае польская большасць, нібыта сваёй законнай уласнасцю, не пытаючыся наогул волі мясцовага насельніцтва. Аднак тут я не хачу пра гэта казаць, паколькі справа гэтых зямель павінна належаць непасрэднаму ўрэгуляванню паміж Польшчай і Літвой.
Польская Рэч Паспалітая, не чакаючы ініцыятывы з боку Расіі, прызнала незалежнасць Літвы, Украіны і Белай Русі. Аднак польская дэлегацыя сцвярджае, што Расія не дала рэальнай гарантыі незалежнасці Белай Русі і Украіны, як і акрэслення іх усходніх і паўночных межаў, свабоднага сабрання — пасля адыходу расійскіх войскаў — канстытуантаў * гэтых краёў, выбраных роўным, тайным, усеагульным, прамым, прапарцыянальным галасаваннем і спыненнем рэпрэзентацыі гэтых дзяржаў Расіяй і г. д.
…[На гэту дэкларацыю п. Іофе адказаў]:
…Расійска-ўкраінская мірная дэлегацыя таксама прымае да ведама, што Польшча прызнала ўжо незалежнасць Украіны, Літвы і Белай Русі, але не можа не нагадаць, што гэта прызнанне незалежнасці ў перыяд польскай акупацыі не перашкаджала кіраваць гэтымі землямі прызначанымі з Варшавы камісарамі і шляхам тэрору…
Усходняя мяжа Польшчы
Прыведзеная вышэй размова была дакладна прадстаўлена польскай мірнай дэлегацыі, а таксама ўрада ў Варшаве. Перад наступнай канфідэнцыйнай канферэнцыяй сярод польскай дэлегацыі была праведзена грунтоўная дыскусія над канчатковым удакладненнем усходняй мяжы Польшчы. Пасля доўгіх дэбатаў, нарэшце, згадзіліся на лінію мяжы, пададзеную старшынёй польскай дэлегацыі ў другой канфідэнцыйнай размове старшыні расійскай дэлегацыі, г.зн. на памежную лінію Збруч, Роўна, Сарны, Лунінец, на захад ад Мінска, Вілейка, Дзісна да Дзвіны. Натуральна, што гэтая лінія павінна была б дастаткова ахоўвацца ад усходу.
Не варта ўкрываць, што сярод польскай дэлегацыі былі вельмі значныя разыходжанні ў пазіцыях. Некалькі членаў дэлегацыі выступілі за федэратыўнае вырашэнне, але гэтую думку не падзяляла большасць членаў дэлегацыі. Наконт мяжы на паўднёвым адрэзку, уся дэлегацыя была за тое, каб не пераходзіць лініі Збруча з прычыны дамовы з Пятлюрай10 і захоўваць тую самую мяжу, якая была вызначана ў дамове з Украінскай Народнай Рэспублікай11. Адносна мяжы на паўночным адрэзку ўзнікла пытанне, уключаць Мінск у Польшчу ці не. Думкі падзяліліся з прычыны розных пазіцый па беларускім пытанні. Пры галасаванні большасць дэлегатаў выказалася за тое, каб пакінуць Мінск па-за межамі Польшчы. Такім чынам, усходняя мяжа Польшчы была дакладна акрэсленая і пададзеная да ведама старшыні расійска-ўкраінскай дэлегацыі на канфідэнцыйнай канферэнцыі, якая адбылася 2 кастрычніка 1920 г., а гадзіне 6-й вечарам.
Ход гэтай канферэнцыі быў наступны:
Іофе ў працягу папярэдняй размовы прапаноўвае перайсці адразу да абмеркавання пытання межаў.
Домбскі: Не хачу паступаць так, як гэта звычайна робіцца, і падаваць межы, значна далей прасунутыя на ўсход, а потым шляхам гандлю сысці да той лініі, якая з’яўляецца максімумам нашых уступак. Лепш я адразу прапаную тую лінію, ад якой ні ў якім разе я не мог бы ўжо адступіць. Гэтая лінія (раскручваючы карту і паказваючы на ёй) праходзіла б больш-менш наступным чынам: Збруч, Роўна, Сарны, Лунінец, на захад ад Мінска, Дзісна і Вілейка да Дзвіны. Натуральна, чыгуначная лінія мусіла б ахоўвацца належным чынам.
Іофе просіць удакладніць гэтую лінію, а таксама высветліць, што трэба разумець пад аховай чыгуначнай лініі Роўна, Сарны, Лунінец. Ён уяўляе сабе, што забеспячэнне лініі азначае некалькі, 3, 4 ці 5 кіламетраў.
Домбскі: лінія Роўна, Сарны, Лунінец, Баранавічы павінна была б цалкам належаць Польшчы і быць забяспечаная пасам па меншай меры ад 30 да 40 км на ўсход. Дэталёвы ход мяжы быў бы пададзены, натуральна, ужо ў мірных прэлімінарыях. Далей на поўнач мяжа ішла б уздоўж мяжы паветаў Вілейка і Дзісна так, каб Польшча атрымала калідор і агульную мяжу з Латвіяй.
Іофе просіць удакладніць, дзе больш-менш павінна была б праходзіць мяжа пад Мінскам.
Домбскі згадвае Койданава, як прапанаваны памежны пункт.
Іофе: Канчатковая памежная лінія, якую згодна з маімі інструкцыямі магу сфармуляваць, праходзіць наступным чынам: ад літоўскай мяжы, устаноўленай у трактаце з Расіяй *, далей па цячэнні рэк: Шчары, каналам Агінскага, Ясельдай і Стырам аж да былой галіцыйскай мяжы, пасля ўздоўж гэтай мяжы да Днястра да мяжы Румыніі. Адрозненні, на жаль, вельмі вялікія. Мая інструкцыя не дазваляе мне пераступіць за гэтую лінію. Польскую прапанову я перадам свайму ўраду і спадзяюся, што на працягу двух-трох дзён атрымаю дакладны адказ. Павінен звярнуць увагу, што для Расіі будзе вельмі цяжка прыняць польскую прапанову, паколькі Расія павінна лічыцца з прынцыпамі, якія абвяшчае, а польская прапанова не мае ніякага абгрунтавання. Вельмі дрэнна, калі, заключаючы мір, гаворыцца ўжо пра стратэгічныя неабходнасці, што, здаецца, указвае на далейшыя канфлікты. Для Расіі са стратэгічнага пункту гледжання кожная мяжа дрэнная.
Домбскі ўказвае на тое, што калідор на поўначы абавязкова патрэбны Польшчы, як доступ да Латвіі, а праз яе — да мора.
Іофе (з усмешкай) выказвае здзіўленне, што Польшча мае такую любоў да калідораў.
Ладось: Гэта не любоў, гэта неабходнасць.
…Наступная канфідэнцыйная размова з Іофе адбылася 4 кастрычніка і праходзіла наступным чынам:
Домбскі пытаецца, ці прыйшло ўжо з Масквы рашэнне па справе межаў.
Іофе адказвае, што такога адказу яшчэ не атрымаў. У Маскве і Харкаве праводзяцца інтэнсіўныя дыскусіі наконт гэтай справы, сутыкаюцца розныя погляды і яшчэ нельга прадбачыць, хто пераможа.
…Пасля таго як былі ўстаноўлены тэрмін і парадак пасяджэння камісіі з тых жа самых абодвух старшынствуючых бакоў, Іофе, зноў падкрэсліўшы таемнасць і прыватны характар далейшых пасяджэнняў, закранае пытанне межаў.
Іофе заяўляе, што, хоць яшчэ не атрымаў з Масквы канчатковага адказу, асабіста мае ўражанне, што прыйдзе згода на ўступку Польшчы чыгуначнай лініі Роўна — Сарны — Лунінец з адпаведным забеспячэннем. Затое ён не бачыць неабходнасці даваць Польшчы калідор да Латвіі і таму мяркуе, што Расія на гэта не згодзіцца, тым больш, што гэта было б парушэннем трактату з Літвой, дзе гаворка ідзе пра агульную мяжу Расіі з Літвой уласна на гэтай тэрыторыі.
Домбскі: Я не магу ад гэтага адступіць. Для Польшчы гэта эканамічная неабходнасць — атрыманне доступу да мора. Не бачыць у аддачы гэтай тэрыторыі Расіяй Польшчы парушэння трактату з Літвой…
Іофе: …Зрэшты, калі Польшча атрымае ад Літвы аддачу Польшчы Віленскай губерні, то гэтым шляхам атрымае злучэнне з Латвіяй і не будзе мець патрэбы ў калідоры, пра які гаворыцца.
Ладось пытаецца, ці ў сувязі з папярэдняй пазіцыяй па гэтай справе Расія не прызнавала б аддачы Віленшчыны Польшчы парушэннем трактату. Бо і ў гэтым выпадку не было б агульнай мяжы паміж Расіяй і Літвой.
Іофе: Гэта было б парушэннем трактату, але не з нашага боку.
Домбскі заяўляе, што польскія патрабаванні зусім не з’яўляюцца вынікам французскіх уплываў, але вынікаюць з польскай эканамічнай неабходнасці і таму ён абсалютна не мог бы ад іх адступіць.
Jan Dąbski. Pokуj ryski. Wspomnienia, pertraktacje, tajne układy z Joffem, listy z 15 ilustracjami i 1 mapą. Warszawa, 1931. S. 98—115.
№ 2. З ЛІСТА СТАРШЫНІ ПОЛЬСКАЙ ДЭЛЕГАЦЫІ НА РЫЖСКАЙ МІРНАЙ КАНФЕРЭНЦЫІ Я. ДОМБСКАГА МІНІСТРУ ЗАМЕЖНЫХ СПРАЎ ПОЛЬШЧЫ Е. САПЕГУ12 АБ ПЕРАГАВОРАХ ПА ПЫТАННІ РЭКТЫФІКАЦЫІ МЯЖЫ ПАМІЖ ПОЛЬШЧАЙ І БЕЛАРУССЮ
г. Рыга Сярэдзіна снежня 1920 г.
Што датычыць рэктыфікацыі межаў, то толькі ўчора гэта пытанне было ўскосна закранута. Я спытаўся ў Іофе, ці атрымаў ён інструкцыю ўрада па пытанні запатрабаваных намі рэктыфікацый. Ён адказаў, што атрымаў, але адкрые іх толькі пасля вырашэння эканамічных пытанняў. Я маю ўражанне, што ён хацеў бы пагандлявацца рэктыфікацыямі межаў за эканамічныя ўступкі. Я спытаўся ў яго, як выглядаюць дэталі рэктыфікацыі, з якімі згадзілася Масква? Ён адказаў, што на поўначы не могуць нічога ўступіць з палітычных і стратэгічных меркаванняў. Ён меў тут на ўвазе акружэнне Мінска. Затое пагаджаюцца ўступіць на поўдні, здаецца, частку або цэлую Тураўскую пушчу. Такім чынам, не ўдалася б рэктыфікацыя на поўначы, г. зн. Радашковічы, а таксама бераг Віліі.
Я адразу падкрэсліў, што з такімі ўсходнімі межамі Польшчы на ўсход ад Мінска, якія пакрываліся б з мяжой б[ылой] Віленскай губерні, згадзіліся абодва бакі ўжо ў час прэлімінарыяў і толькі праз недагляд наша мяжа не ідзе туды. Ён адказаў мне, што гэта яго абсалютна не хвалюе, тым больш, што мы забралі кавалак Віцебскай губерні, зусім не лічачыся з тым, што гэта не пакрываецца з усходняй мяжой Віленскай губерні. Па гэтым пытанні не было доўгай дыскусіі. Я не прымаў невыразнага, зрэшты, праекта Іофе і маю ўражанне, што ён яго не пакажа, пакуль артыкулы аб рээвакуацыі і рэстытуцыі * не будуць уладжаныя. Аднак ён ускосна згадаў, што яны згаджаюцца прызнаць за Польшчай больш за тое, што ёсць у прэлімінарным трактаце, яшчэ каля 3000 кв. вёрст. Гэтае пытанне я буду абмяркоўваць з ім на адной з наступных размоў.
Jan Dąbski. Pokуj ryski. Wspomnienia, pertraktacje, tajne układy z Joffem, listy z 15 ilustracjami i 1 mapą. Warszawa, 1931. S. 152—153.
№ 3. З ЛІСТА СТАРШЫНІ ПОЛЬСКАЙ ДЭЛЕГАЦЫІ НА РЫЖСКАЙ МІРНАЙ КАНФЕРЭНЦЫІ Я. ДОМБСКАГА СТАРШЫНІ САВЕТА МІНІСТРАЎ ПОЛЬШЧЫ В. ВІТОСУ13 АБ ТЭРЫТАРЫЯЛЬНЫХ УСТУПКАХ З БОКУ СТАРШЫНІ РАСІЙСКА-ЎКРАІНСКАЙ ДЭЛЕГАЦЫІ А. А. ІОФЕ
г. Рыга 8 лютага 1921 г.
…Я павінен яшчэ праінфармаваць пана Прэзідэнта, як сабе Іофе ўяўляе сукупнасць спраў трактатаў і палітычную сітуацыю. Ён цалкам выразна сфармуляваў яе на канфідэнцыйнай канферэнцыі са мной і паўтарыў гэта зноў з пропускам некалькіх дэталяў на канферэнцыі старшыняў у прысутнасці п. Страсбургера14 і Абаленскага15. Змест яго высноў быў наступны:
…Ён пайшоў на далёка ідучыя ўступкі польскаму боку, каб аблегчыць сітуацыю цяперашняму старшыні польскай мірнай дэлегацыі. Для яго важна, што на чале гэтай дэлегацыі стаіць прадстаўнік Стронніцтва людовега (народнай партыі) і з гэтага пункту гледжання Іофе фармулюе ўмовы міру. Цяперашняй мірнай дэлегацыі Іофе гатовы даць яшчэ пэўныя тэрытарыяльныя ўступкі. Ён акрэслівае гэтыя ўступкі наступным чынам: Масква згадзілася на аддачу Польшчы яшчэ трох тысяч квадратных вёрстаў. Гэтыя тэрытарыяльныя ўступкі дадзены перш за ўсё на Палессі, у сувязі з чым польская лінія мяжы даходзіла б да Турава, аднак Тураў застаўся б у расійскіх руках. Акрамя таго, Расія дае шматок тэрыторыі на Валыні ў тым месцы, дзе ёсць моцнае заглыбленне польскай мяжы на захад. Гэты трохкутнік ён гатовы выраўняць. Нарэшце, што было новага ў прапанове Іофе, дык гэта гатоўнасць аддаць Польшчы Радашковічы, Батурын і ахову для берагоў Віліі, гэта значыць, польская мяжа больш-менш зайшла б у гэтым месцы да межаў б[ылой] Віленскай губерні так, як гэта было абумоўлена яшчэ ў час маіх размоў на мірных прэлімінарыях, і што потым, на жаль, прагледзела памежная камісія.
Гэтыя звесткі Іофе падаў мне цалкам прыватна, агаворваючыся, што афіцыйна гэтага не можа цяпер адкрыць, паколькі павінен пачакаць, як уладзяцца эканамічныя справы. Ён, Іофе, павінен, аднак, загадзя адзначыць, што калі польская мірная дэлегацыя ці яе старшыня ўступяць, то ні пра якія тэрытарыяльныя ўступкі, акрамя прэлімінарыяў, абсалютна не можа быць і гаворкі. Іофе некалькі разоў падкрэсліў, што «тэрытарыяльныя ўступкі — гэта асабісты падарунак пану Домбскаму» і таму ніякі іншы старшыня польскай мірнай дэлегацыі гэтага не атрымае. Іофе пры гэтым заявіў, што за маёй уступкай і ён мусіў бы ўступіць. Іофе дастаткова добра ўсведамляе, што яго дыпламатычная кар’ера была б гэтым фактам аслаблена, калі не назаўсёды скончана. На яго месца ў выпадку ўступкі прыйшоў бы нехта іншы, хто б павінен быў даць большую цану, чым Іофе, і прадставіць Польшчы горшыя ўмовы, чым тыя, якія дае ён. Прыйшоў бы, праўдападобна, хтосьці больш непрыхільны да Польшчы і тады магла б пайсці гаворка не толькі пра скасаванне ўсялякіх уступак, але нават пра змену прэлімінарнага трактата *…
Jan Dąbski. Pokуj ryski. Wspomnienia, pertraktacje, tajne układy z Joffem, listy z 15 ilustracjami i 1 mapą. Warszawa, 1931. S. 170—171.
№ 4. З ЛІСТА СТАРШЫНІ ПОЛЬСКАЙ ДЭЛЕГАЦЫІ НА РЫЖСКАЙ МІРНАЙ КАНФЕРЭНЦЫІ Я. ДОМБСКАГА МІНІСТРУ ЗАМЕЖНЫХ СПРАЎ ПОЛЬШЧЫ Е. САПЕЗЕ АБ ПЕРАГАВОРАХ ПА ПЫТАННІ АГУЛЬНАЙ МЯЖЫ ПОЛЬШЧЫ З РАСІЯЙ
г. Рыга 9 сакавіка 1921 г.
…Сукупнасць спраў трактата ўяўляецца такім чынам, што больш-менш з трактата цалкам гатовыя і ўзгодненыя з бальшавікамі на рэдакцыйнай камісіі. Гэта артыкулы, гатовыя да друку. Канчаткова вырашаны наступныя пытанні: 1. Уступ. 2. Спыненне ваеннага становішча. 3. Прызнанне Украіны і Беларусі. 4. Апісанне межаў. 5. Узаемная адмова ад тэрыторый і desinteressement ** наконт пытання Літвы. 6. Палітычныя і ваенныя гарантыі. 7. Пытанне нацыянальных і культурных меншасцей [і інш.].
…Што датычыць пытання межаў, пра якое я ўжо інфармаваў Х’юджасам *** пана Міністра, то гэта пытанне ўсплыло зусім выпадкова на памежнай камісіі, на якой прысутнічалі я і Іофе. Іофе зусім не закранаў гэтае пытанне. Ён прыняў апісанне межаў у такой фармулёўцы, у якой я падаў яго Міністэрству Х’юджасам, а палітычныя палажэнні ў гэтым артыкуле былі такія самыя, як у прэлімінарыях. Таксама на пасяджэннях рэдакцыйнай камісіі Іофе нічога не згадаў аб рэвізіі формулы адносна межаў. Ён прыняў цэлы гэты параграф у рэдакцыі, устаноўленай памежнай камісіяй. Потым ён прыняў цэлы шэраг дадатковых параграфаў, звязаных з памежнымі пытаннямі. І калі ўжо ўсё гэта было прынята, Іофе па падказцы свайго сакратара Шамякіна16 згадаў зусім нявінна: «Трэба будзе вырашыць яшчэ адно пытанне, а менавіта, мне здаецца, што Польшча на паўночным адрэзку мяжуе на кароткай прасторы з Расіяй. Можа, добра было б правесці гэтую карэктуру».
Я адказаў на гэта, што пра агульную мяжу паміж Польшчай і Расіяй не можа быць і гаворкі, паколькі Польшча на ўсёй гэтай лініі мяжуе толькі з Беларуссю. На гэтым увесь інцыдэнт закончыўся.
Пасля некалькіх дзён Квірынг17, старшыня памежнай камісіі з боку расійска-ўкраінскай дэлегацыі, накіраваў ліст міністру Васілеўскаму18, старшыні памежнай камісіі з нашага боку, у якім растлумачваў размежаванне паміж Беларуссю і Украінай, а ў канцы гэтага ліста згадаў, што на малым адрэзку Польшча мяжуе з Расійскай Рэспублікай, паколькі Беларуская Рэспубліка ахоплівае толькі 6 паветаў Мінскай губерні. Такім чынам, праблема, выпадкова закранутая Іофе, была пастаўлена афіцыйна, пра што я ўжо дакладаў пану Міністру. На ліст Квірынга Васілеўскі зусім не адказаў, не жадаючы правакаваць далейшага абмену думкамі па гэтай справе. Затое сёння адбылася вельмі паказальная сцэна на падкамісіі сакратароў, на якой было патрэбна ўстанавіць канчатковы тэкст трактата для друку. З нашага боку там прысутнічалі мін. Васілеўскі і сакратар Пазнаньскі19; з таго боку быў Шамякін і хтосьці яшчэ. Пан Васілеўскі павінен быў устанавіць аўтэнтычнасць украінскага тэксту. Калі пачалося апісанне мяжы, Шамякін заявіў, што добра было б пры гэтай нагодзе скарэкціраваць апісанне мяжы, паколькі, як ужо адзначаў Іофе, на паўночным адрэзку Польшча мяжуе не з Беларуссю, а з Расіяй. Васілеўскі і Пазнаньскі заявілі, што не ведаюць пра гэта, і што наогул не хочуць займацца гэтай справай, бо яны не ўпаўнаважаныя вырашаць палітычныя пытанні, а толькі павінны ўстанавіць аўтэнтычнасць тэкстаў, прынятых на рэдакцыйнай камісіі. На гэта Шамякін адказаў, што ўсё ж Іофе пра гэта ўспамінаў. Аднак з нашага боку не хацелі над гэтым больш дыскутаваць. Акрамя таго, Іофе пра межы наогул дагэтуль са мной не гаварыў.
…Сутнасць гэтай справы, на маю думку, заключаецца ў неабходнасці адрозніваць два пытанні: Па-першае — пытанне арт. ІІ, у якім абодва бакі прызналі незалежнасць Украіны і Беларусі і «вырашылі, што ўсходняя мяжа Польшчы, г. зн. мяжа паміж Украінай і Беларуссю і Польшчай, з’яўляецца наступнай мяжой» (далей ідзе апісанне мяжы). Па-другое, пытанне арт. ІІІ, які гаворыць пра адмову ад правоў на тэрыторыі на захад ад гэтай мяжы Расіяй і Украінай на карысць Польшчы і Польшчай на карысць Украіны і Беларусі. Замена ў арт. ІІ упамінання, што Польшча мяжуе таксама з Расіяй, можа выклікаць таксама змену арт. ІІІ аб адмове Польшчай ад правоў на тэрыторыі таксама на карысць Расіі. Пытанне артыкула ІІ не ўяўляецца небяспечным. Не бачу ў гэтым небяспекі для Польшчы, калі было б сказана, што Польшча мяжуе з Украінай, Беларуссю і Расіяй. Такая формула магла б нам нават калісьці ў будучыні спатрэбіцца. Савецкая Украіна і Беларусь — гэта фікцыі, створаныя бальшавікамі для маскіравання іх агульнасавецкага імперыялізму. Бальшавікі, магчыма, маюць намер калісьці ліквідаваць гэтыя ўкраінскія і беларускія фікцыі. У выпадку ж знішчэння незалежнасці Украіны і Беларусі і ліквідацыі саміх іх назваў наша мяжа павісла б нібы ў паветры. Адзіным трывалым быў бы адрэзак, які мяжуе з Расіяй, які потым можна было б аўтаматычна падоўжыць на поўдзень, бо Расія была б, несумненна, тады спадкаемцам Беларусі і Украіны. Маю ўражанне, што апошняя бальшавіцкая прапанова можа змяшчаць у сабе менавіта прадказанне ліквідацыі Беларусі, якую бальшавікі ў лісце Квірынга звялі да смешных памераў 20.
Jan Dąbski. Pokуj ryski. Wspomnienia, pertraktacje, tajne układy z Joffem, listy z 15 ilustracjami i 1 mapą. Warszawa, 1931. S. 183—185.
ПРИМЕЧАНИЯ
1 Гл.: Документы внешней политики СССР: Документы и материалы по истории советско-польских отношений. Т. 3 (апрель 1920 г. — март 1921 г.). М., 1965; Польско-советская война, 1919—1920: (Ранее неопубл. документы и материалы). В 2 ч. М., 1994; Знешняя палітыка Беларусі: Зборнік дакументаў і матэрыялаў. Т. 1 (1917—1922 гг.). Мінск, 1997.
2 Dąbski Jan. Pokуj ryski. Wspomnienia, pertraktacje, tajne ukіady z Joffem, listy z 15 ilustracjami i 1 mapą. Warszawa, 1931; Mieczysіaw Pruszyсski. Rozmowa historyczna ze St. Grabskim // Zeszyty Historyczne. № 36. Paryż, 1976. S. 46—47. Апублікавана ў часопісе «Bunt Młodych». Listopad 1935; Stanisław Grabski. Pamiętniki. T. 2. Warszawa, 1989. S. 158—178; Meczysław Pruszyński. Jak straciliśmy Miсsk i federacjк z Białą Rusią // Zeszyty historyczne. № 36 (1976). Paryż. S. 50—58. Апублікавана ў часопісе «Bunt Młodych». 25 stycznja 1936; Јadoś A. Wasilewski w rokowaniach ryskich. (Wspomnienia osobiste) // Niepodlegіość. 1937. T. XVI. Zesz. 1. S. 236—238.
3 Документы и материалы по истории советско-польских отношений. Т. 3 (апрель 1920 г.—март 1921 г.). С. 425—426.
4 Stanisіaw Grabski. Pamietniki. T. 2. Warszawa, 1989. S. 158—178.
5 Јadoњ A. Wasilewski w rokowaniach ryskich. (Wspomnienia osobiste) // Niepodlegіoњж. 1937. T. XVI. Zesz. 1. S. 236—238.
6 Домбскі Ян (Dąbski, Jan) (1880—1931), польскі дзяржаўны і палітычны дзеяч, дыпламат. У 1919 г. дэпутат сейма, у 1920—1921 гг. віцэ-міністр замежных спраў, старшыня польскай дэлегацыі на мірнай канферэнцыі ў Мінску і Рызе, у 1928—1930 гг. віцэ-старшыня сейма.
7 Iофе Адольф Абрамавіч (1883—1927), савецкi дзяржаўны і партыйны дзеяч, дыпламат. У 1918 г. старшыня, потым член дэлегацыі РСФСР на перагаворах у Брэст-Літоўску, паўпрэд РСФСР у Германіі. У 1919 г. прымаў удзел у стварэннi i арганiзацыi Лiтоўска-Беларускай ССР. У 1920 г. старшыня савецкіх дэлегацый на мірных перагаворах з Эстоніяй, Латвіяй, Літвой, Польшчай, у 1922 г. член савецкай дэлегацыi на Генуэзскай канферэнцыi. У наступныя гады на дыпламатычнай рабоце ў Кiтаi, Аўстрыi. Пакончыў жыццё самагубствам.
8 Ладось А. (Јadoś, A.) (1891—1963), польскі дыпламат і журналіст, дзеяч Стронніцтва людовега, у 1920 г. начальнік бюро друку і прапаганды польскага МЗС, сакратар польскай дэлегацыі на мірных перагаворах у Мінску і Рызе, у 1923—1926 гг. пасланнік Польшчы ў Рызе.
9 Лорэнц Іван Леапольдавіч (1890—1941), савецкі дыпламат. На дыпламатычнай працы з 1917 г. У снежні 1917 г. прыкамандзіраваны да дэлегацыі РСФСР на перагаворах у Брэст-Літоўску. У 1918 г. упаўнаважаны НКЗС РСФСР у Петраградзе, саветнік паўпрэдства РСФСР у Германіі, супрацоўнік цэнтральнага апарата расійскага НКЗС. У 1919—1920 гг. на палітычнай працы на Заходнім фронце. У 1920—1921 гг. супрацоўнік цэнтральнага апарата расійскага НКЗС, у 1920 г. старшы сакратар дэлегацый РСФСР на перагаворах з Літвой, Латвіяй, Польшчай і Фінляндыяй; у 1921—1923 гг. першы сакратар, саветнік паўпрэдства РСФСР у Польшчы; у 1923—1925 гг. паўпрэд СССР у Літве; у 1925—1927 гг. паўпрэд СССР у Фінляндыі; у 1927—1929 гг. паўпрэд СССР у Латвіі; у 1930—1935 гг. на адказных пасадах у Наркамаце знешняга гандлю СССР; у 1935—1938 гг. паўпрэд СССР у Аўстрыі.
10 Пятлюра Сымон Васільевіч (1879—1926), украінскі палітычны, ваенны і дзяржаўны дзеяч. Вучыўся ў духоўнай семінарыі, адкуль выключаны за ўдзел у нацыянальна-вызваленчым руху. Эмігрыраваў у г. Львоў (тады ў Аўстра-Венгрыі). З 1900 г. член Рэвалюцыйнай украінскай партыі, потым Украінскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі. З 1914 г. у арміі. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі кіраўнік Украінскага франтавога камітэта; член, старшыня Усеўкраінскага вайсковага камітэта пры Цэнтральнай радзе, потым сакратар (міністр) Генеральнага сакратарыята Цэнтральнай рады па ваенных справах.У час гетманшчыны старшыня Кіеўскага губернскага земства і Усеўкраінскага саюза земстваў. З лістапада 1918 г. член Украінскай дырэкторыі ўрада і галоўны атаман войскаў Украінскай народнай рэспублікі, з 10 лістапада 1919 г. старшыня ўрада. Пасля разгрому войскаў Дырэкторыі войскамі Дзянікіна і Чырвонай Арміяй уступіў у саюз з Польшчай. Летам 1920 г. эмігрыраваў, з 1924 г. жыў у Парыжы, дзе забіты Ш. Шварцбардам, які помсціў яму за яўрэйскія пагромы на Украіне.
11 Украінская Народная Рэспубліка — дзяржаўнае ўтварэнне, абвешчана Цэнтральнай радай Украіны 7 (20) лістапада 1917 г. у складзе Расіі. Пасля таго, як I Усеўкраінскі з’езд Саветаў (Харкаў) абвясціў 12 (25) снежня 1917 г. УССР, Цэнтральная рада абвясціла 11 (24) студзеня 1918 г. УНР незалежнай ад Расіі. Пасля заключэння Брэсцкага міру амаль уся тэрыторыя Украіны была акупіравана нямецкімі і аўстрыйскімі войскамі. 29 красавіка 1918 г. нямецкае камандаванне разагнала Цэнтральную раду і замяніла яе ўрадам гетмана П. Скарападскага, які ліквідаваў УНР і ўвёў адзінаасобнае дыктатарскае праўленнне (гетманства). 14 снежня 1918 г. уладу гетмана змяніў усталяваны Пятлюрам рэжым Украінскай Дырэкторыі. У студзені 1919 г. Дырэкторыя злучылася з Заходне-Украінскай Народнай Рэспублікай. Пасля заканчэння савецка-польскай вайны ўрад УНР перайшоў на эмігранцкае становішча. У дадзеным выпадку маецца на ўвазе дагавор украінскай Дырэкторыі з урадам Польшчы ад 21 красавіка 1920 г.
12 Сапега (Sapieha, E.) Еўстахі (1881—1963), князь, буйны землеўладальнік, польскі палітычны дзеяч, дыпламат; у 1917 г. ад імя Рэгенцкага савета вёў у Берне перагаворы з прадстаўнікамі Польскага нацыянальнага камітэта; 5 лістапада 1918 г. прызначаны Рэгенцкім саветам прэм’ерам; адзін з арганізатараў дзяржаўнага перавароту 5 студзеня 1919 г.; у 1919—1920 гг. польскі пасланнік у Лондане; у 1922 г. міністр замежных спраў, дэпутат сейма ад Беспартыйнага блоку супрацоўніцтва з урадам.
13 Вітос (Witos, W.) Вінцэнты (1874—1945), польскі палітык, заснавальнік Польскага «Стронніцтва людовега» — «Пяст», дэпутат аўстрыйскага парламента. У 1919—1930 гг. дэпутат польскага сейма. У 1920—1921, 1923 і 1926 гг. прэм’ер-міністр. У 1933—1939 гг. быў у апазіцыі да рэжыму «санацыі» і знаходзіўся ў эміграцыі. У 1945 г. віцэ-старшыня Краёвай Рады Народавай.
14 Страсбургер (Strasburger, H) Г. (1887—1951), польскі палітычны дзеяч, дыпламат. У 1921—1923 гг. віцэ-міністр прамысловасці і гандлю, член польскай дэлегацыі на мірных перагаворах у Рызе і на гандлёвых перагаворах з СССР, у 1923 г. віцэ-міністр замежных спраў, у 1924—1932 гг. генеральны камісар Польшчы ў Гданьску.
15 Абаленскі Леанід Леанідавіч (1873—?), савецкі дыпламат, член расійска-ўкраінскай дэлегацыі на мірных перагаворах у Мінску і Рызе, у 1921 г. саветнік паўпрэдства РСФСР у Варшаве, 1923—1924 гг. паўпрэд СССР у Варшаве.
16 Шамякін І. М. (1896—?), саевецкі дыпламат, сакратар расійска-ўкраінскай дэлегацыі на мірных перагаворах у Мінску і Рызе, у 1921—1924 гг. сакратар савецкай дэлегацыі ў змешанай разліковай камісіі, намеснік загадчыка консульскай часткай паўпрэдства СССР у Польшчы.
17 Квірынг Эмануіл Іонавіч (1888—1937), савецкі дзяржаўны і партыйны дзеяч, дыпламат. У 1918—1919 гг. старшыня Кацярынаслаўскага камітэта РСДРП(б) і Савета. У 1918—1919 гг. сакратар ЦК РК(б)Украіны, у 1919 г. старшыня Савета народнай гаспадаркі Украіны. З 1920 г. сакратар Кацярынаслаўскага і Данецкага губкомаў партыі. У 1920—1921 гг. член украінскай дэлегацыі на мірных перагаворах з Польшчай. У 1923—1925 гг. першы сакратар ЦК КП(б)Украіны. У 1925 г. інструктар ЦК РКП(б). З 1925 г. намеснік старшыні ВСНГ СССР. З 1927 г. намеснік старшыні Дзяржплана СССР.З 1931 г. намеснік наркома шляхоў зносін СССР. У 1932—1934 гг. намснік старшыні Камітэта таварных фондаў СССР. З 1934 г. першы намеснік старшыні Дзяржплана СССР. Член УЦВК і ЦВК. Рэпрэсіраваны ў 1937 г., расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956 г.
18 Васілеўскі (Wasilewski, L.) Леон (1870—1936), польскі публіцыст, гісторык, дыпламат. З 1896 г. дзеяч Польскай сацыялістычнай партыі. Пасля яе расколу ў 1906 г. кіраўнік рэвалюцыйнай фракцыі. Рэдактар партыйных выданняў «Przedswit» («Зара»), «Robotnica» («Работніца»). Друкаваўся пад псеўданімам Л. Плахоцкі. У 1918—1919 гг. міністр замежных спраў Польшчы. З 1924 г. узначальваў Інстытут вывучэння найноўшай гісторыі Польшчы, з 1929 г. рэдактар часопіса «Niepodleglość» («Незалежнасць»). З 1931 г. старшыня Інстытута вывучэння нацыянальна-вызваленчых спраў. У працах «Літва і яе народы» (1907), «Літва і Беларусь» (1912) і інш. даследаваў развіццё культуры і асветы, гісторыю беларускага і літоўскага нацыянальна-вызваленчага руху ў XIX — пачатку XX ст.
19 Пазнаньскі (Poznanski, K.) К., польскі дыпламат, член польскай дэлегацыі на мірных перагаворах у Мінску і Рызе, дырэктар консульскага дэпартамента польскага МЗС, у 1922 г. член польскай дэлегацыі на гандлёвых перагаворах з СССР.
20 Я. Домбскі пісаў у сваіх успамінах пра канчатковую фазу Рыжскай мірнай канферэнцыі: «У самым канцы мірных перагавораў бальшавіцкай дэлегацыяй было ўзнята вельмі цікавае і вельмі знамянальнае пытанне, а менавіта пытанне пра агульную мяжу Польскай Рэчы Паспалітай з Расіяй, якой ва ўступным мірным трактаце няма». … Пытанне памежнай формулы было канчаткова вырашана такім спосабам, што ў артыкуле ІІ было сказана, што Польшча мяжуе «з Расіяй, Украінай і Беларуссю», а ў арт. ІІІ сказана, што «Польшча адмаўляецца на карысць Украіны і Беларусі ад усіх правоў і прэтэнзій на землі, размешчаныя на ўсход ад гэтай мяжы». У прэлімінарным мірным трактаце няма ніякай згадкі пра тое, што Польшча мяжуе з Расіяй, а згадана толькі Украіна і Беларусь. Формула наконт узаемнай адмовы гучыць у прэлімінарыях (арт. І) наступным чынам: «Расія і Украіна адмаўляюцца ад усіх правоў і прэтэнзій на землі, размешчаныя на захад ад гэтых зямель. Са свайго боку Польшча адмаўляецца на карысць Украіны і Беларусі ад усіх правоў і прэтэнзій на землі, размешчаныя на ўсход ад гэтай мяжы». Гэтая формула ідэнтычная формуле ў канчатковым трактаце». S. 181, 186.